(Марк. 10, 32-45)
„Хто хоча быць першым між вамі, хай будзе вашым нявольнікам. Хто хоча быць вышэйшым за іншых, хай будзе ім слугою... бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на выкупленьне многіх”. Гэтак Хрыстос адказаў братам Зевядзеевым на іхную славалюбную просьбу „дай нам сесьці ля Цябе аднаму з правага, а другому зь левага боку ў Славе Тваёй”. Напярэдадні Сваіх пакутаў і сьмерці Хрыстос унутрана рыхтаваўся да гэтага Сам і падрыхтоўваў вучняў. „Вось мы ўваходзім у Ерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць і выдадуць Яго паганцам і назьдзекуюцца над Ім, і будуць біць Яго і пляваць на Яго, ды заб’юць яго і на трэці дзень уваскрэсьне”. Ня толькі браты Зевядзеі, але і ўсе астатнія апосталы выявілі крайняе незразуменьне Хрыстовай місіі. Яны думалі зямнымі катэгорыямі. За невыгоды і рызыку спадарожніцтва Настаўніку спадзяваліся ўзнагароды і належнай кампэнсацыі.
Аўтарытэт і ўлада ў ніякім выпадку не асацыяваліся апосталам са службай і наагул рэдка бывае, каб гэтак разумелі сваё заданьне кіраўнікі і начальнікі. Міністры пераважна ня памятаюць, што сам назоў іхнай функцыі азначае „службу”. У сьвецкім паняцьці ўлада і багацьце — гэта дзьве асноўныя мары і мэты, і мала каго хвалюе, што посьпех і кар’ера псуюць чалавека. Яны прывабныя і жаданыя, але з хрысьціянскімі ідэаламі і пакліканьнем ня маюць нічога супольнага. Перанясеньне націску на служэньне, а ня толькі на загледжанасьць унутр сябе відавочнае ва ўсім Сьвятым Пісаньні. Хрыстос вучыў, што мы павінны адной рукой трымацца духоўнага адраджэньня, а другой падаваць кубак халоднай вады свайму бліжняму. „Любоўю служыце адзін аднаму” (Гал. 5, 13); „Хай кожны рупіцца ня толькі пра сябе, але і пра іншых” (Піліп. 2, 4).
Біблія заклікае: „Ахвяроўвайце на патрэбы бліжніх, будзьце гасьцінныя, прымайце вандроўнікаў, не забывайце пра тых, што пакутуюць”. Чалавек зьяўляецца часткай грамадзтва. Хрысьціяне не павінны адмяжоўвацца ад грамадзтва дзеля асабістага збаўленьня. Абмежаваньне малітвай, постам, багаслужбамі і абрадамі, замкнуўшыся ў сабе — гэта толькі палова посьпеху. Чалавек пазнаецца ня ў тым, што ён гаворыць, але што робіць. Некалі жонка Чан Кай-шы заўважыла: „Рэлігія Канфуцыя вучыць абагаўляць продкаў, але не паспрыяла пабудове ніводнага прытулку для старых”. У старажытнасьці наагул любілі філязофію, але не будавалі шпіталяў. Хрысьціянства —наадварот. Яно не дэкляратыўнае, але дзейнае. Хрысьціяне першыя заняліся сацыяльнымі праблемамі.
Евангельле наагул заклікае задавальняцца сваім паходжаньнем, статусам і пазыцыяй у грамадзтве. Веліч Яана Хрысьціцеля заключалася ня толькі ў ягонай бескампраміснай барацьбе са злом, але і ў ягоных словах: „Яму расьці, а мне — малець” (Яан. 3, 30). „Я найменшы з апосталаў”, — заявіў пра сябе апостал Павал, які як мала хто меў падставу ганарыцца вынікамі сваёй працы. „Гэта ня я працаваў, але ласка Божая, якая ўва мне” (1 Кар. 15, 10), — сьціпла падкрэсьліў ён і заявіў: „Што маеш, чаго не атрымаў-бы... калі ты думаеш, што нешта ведаеш, дык ты яшчэ нічога ня ведаеш гэтак, як павінен ведаць”. Напрыканцы свайго плённага жыцьця ён сказаў: „Хрыстос Ісус прыйшоў на сьвет збавіць грэшнікаў, зь якіх я першы” (1 Цім. 1, 15). Калі-б задумацца, сапраўды розум, прыгажосьць, таленты мы атрымоўваем дарам. Кветка ня можа хваліцца сваім пахам і слуга ня можа хваліцца маёмасьцю свайго гаспадара. Высокія пасады даюцца ня толькі ў выніку аб’ектыўных, асабістых заслугаў. Хто пераацэньвае іх, той павінен зрабіць сумленны падлік, каб сьцьвердзіць, ці сапраўды ён зрабіў нешта добрае звыш таго, што павінен быў зрабіць. „Агідны Богу кожны напышлівы сэрцам”, — гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні (Прытчы. 16, 5). Гэта тычыцца ўсіх „культаў асобы”, усіх лідэраў і кіраўнікоў, якія з асалодай прымаюць „мнагалецьці” і дыфірамбы, якія любяць, каб ім ставілі помнікі і насілі на руках.
Калі аднаго выдатнага місіянера (Оляфа Скефсруда) надзвычай урачыста прымалі і ўшаноўвалі ў Эўропе і Амэрыцы, той склаў толькі рукі і пачаў маліцца: „Госпадзе, абарані мяне ад самаспакусы”. І адразу яму міжвольна прыгадалася, як некалі за вельмі непахвальны ўчынак ён трапіў у турму і падзякаваў Богу за ўспамін, які прадухіліў самазахапленьне. „Калі нехта лічыць мяне вялікім, — пісаў іншы выдатны ерарх, —дык Госпад у дабрыні Сваёй дапамагае мне ўсьведаміць, што безь Яго я абсалютны нуль. Ён карыстаецца мною як прыладай і я рады гэтай ролі. Сякера ня можа пахваліцца дрэвамі, якія яна высекла... Без дрывасека, які зрабіў і адтачыў яе, яна нічога не магла-б зрабіць. Калі дрывасек адкіне сякеру, яна будзе толькі марным кавалкам металу. Я ніколі не павінен забываць пра гэтае” (Самуіл Брэнгле).
Ёсьць яшчэ адна форма служэньня — адказнасьць за бліжніх і добры прыклад. Калі Бог спытаўся ў Каіна, што сталася зь ягоным брам, той адказаў: „А ці-ж я стораж майму брату?” Ён не разумеў, што сапраўды зьяўляемся ахоўнікамі сваіх братоў у веры, нясем адказнасьць за іх. Мы маем таксама магчымасьць паслужыць добрым або дрэнным прыкладам. Біблія перасьцерагае перад спакушэньнем іншых і дэмаралізацыяй іх. Яна заклікае даваць толькі добры прыклад, рабіць бліжніх больш высакароднымі. „Будзьце прыкладам для іншых у гутарцы, у паводзінах, у любові, у веры, у чысьціні” (1 Цім. 4, 12). Гэта нават не жаданьне, але загад, не парада, але абавязак. Выканалі яго ня толькі сьвятыя, як Марыя Егіпецкая, якой памяць Царква ўшаноўвае ў 5-ю нядзелю Вялікага Посту. Кожны на сваім месцы і ў свой час мае магчымасьць зрабіць нешта карыснае і добрае. У людзей, праўда, неаднолькавыя магчымасьці і здольнасьці. Галоўнае, каб кожны Божы дар: слова, таленавітасьць, духоўнае або матэрыяльнае багацьце паслужылі іншым людзям.
Народная пагаворка кажа: „Ня месца чалавека ўпрыгожвае, але чалавек месца”. Ведаючы пра нездаровыя амбіцыі і адвечны дэфіцыт пакоры Царква, асабліва ў перыяд Вялікага Посту, нагадвае, што „кожны, хто сябе ўзвышае, будзе прыніжаны, а хто сябе прыніжае, будзе ўзвышаны”.