Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Вербная нядзеля

(Яан. 12, 1-18)

Тыдзень перад Вялікаднем Праваслаўная Царква адзначае старажытнае сьвята — Уваход Гасподні ў Ерусалім. Гэтую падзею пасьля ўваскрэшаньня Лазара апісалі ўсе чатыры евангелісты.

У гэты дзень у храмах асьвячаюцца ўпрыгожаныя галінкі, што сымбалізуюць пальмы, зь якімі народ сустракаў Хрыста ў Ерусаліме. На Ўсходзе — гэта пальмы, лаўр і вясеньнія кветкі, у нас — пераважна вярба, прадвесьніца вясны. Асьвячонай вярбе, асабліва ў сялянскім побыце, надавалася вялікае значэньне: лічылі яе засьцерагальніцай ад бедаў і хвробаў, ейнымі галінкамі ўпрыгожваліся хаты і клалі іх на магілы памерлых. Адгэтуль і сьвята называецца Вербніцай.

Акрамя сваёй абрадавай абалонкі Ўваход Гасподні ў Ерусалім — гістарычная падзея з глыбокім, тэалягічным зьместам. Свой урачысты, царскі ўезд у Ерусалім Хрыстос адбыў неўзабаве да сваіх пакутаў і сьмерці. Дагэтуль Ён утойваў сваю боскую веліч і толькі гэтым разам сьведама не супрацівіўся азнакам усенароднай пашаны. Людзі расьсьцілалі па дарозе кілімы з вопратак і вецьце пальмаў. „Асанна Сыну Давідаваму!”, „Дабраслоўлены, які прыходзіць у імя Гасподняе!” — раздаваліся радасныя воклічы натоўпу. Пяцьсот гадоў раней гэтую падзею прадказаў прарок Захарыя: „Весяліся дачка сыёнская: вось Цар твой прыходзіць да цябе справядлівы і збаўляючы, седзячы на асьліцы” (Зах. 9, 9). Тлумна сабраны народ быў перакананы, што наступіў доўгачаканы час вызваленьня, што цяпер нарэшце будуць выгнаны рымскія акупанты і ўсталюецца народная ўлада, аднак мэта пераможнага ўезду ў Ерусалім была іншая. У часе, калі перад сьвятам Пасхі ў сусьветным цэнтры яўрэйства да мясцовага насельніцтва далучаліся пілігрымы з усяго сьвету, Хрыстос вырашыў паказацца ў сапраўднай ролі. Ён упершыню пажадаў выступіць у ролі Адкупіцеля, зьярнуць увагу на ахвяру, якая павінна завершыць Ягоную місію. Царская годнасьць утоеная у Настаўніку, які „ня меў дзе галаву схіліць” павінна была выявіцца на Зямлі дзеля пасьведчаньня праўды. Услаўленьне Хрыста як Цара патрэбнае было таксама зьнявераным вучням. Іх чакаў экзамен па мужнасьці і веры. Неабходнае было разьвеяньне іхных сумненьняў, каб, як сьпяваецца ў царкоўнай песьні, „калі ўбачаць Хрыста ўкрыжаваным, яны зразумелі добраахвотнасьць пакутаў”. У гэтым сэнсе ёсьць падабенства з выяўленьнем выбраным вучням Сваёй Боскай велічы на гары Фавор. Перад тым, як народ меў традыцыйна спажываць пасхальнага Баранчыка, трэба было, каб увага людзей накіравалася на Яго і засяродзілася на Ягонай Ахвяры. Акружаны натоўпам, аднак самотны, Ён набліжаўся не да трону, але да Крыжа... Натоўп, які цяпер радасна сустракаў Яго воклічамі „Асанна!”, ужо праз некалькі дзён зь лютасьцю дамагаўся: „Разапні, разапні Яго!”...

Вялікія сьвяты, званыя па-царкоўнаславянску двунадзесятымі, маюць вартасьць ня толькі ўспаміну. Іхная моц захоўваецца і дзейнічае ў Царкве, як дзейнае і бачнае для абранцаў Фаворскае сьвятло, аб’яўленае ў час Праабражэньня. Хрысьціянства ведае на зямлі ня толькі прасьлед, але і перамогі ды посьпехі. Ці-ж не зьяўляецца пацьверджаньнем царскай улады Цара-Хрыста над гэтым сьветам павучальны, выхаваўчы і зьмякчаючы норавы ўплыў Царквы? Ці-ж не зьяўляецца выяўленьнем царскай улады незьлічоныя цуды, выратаваньні ад бедаў, аздараўленьні і апамятаньні? У сэнсе магчымасьці выбару — мы свабодныя; як кажа апостал: „Нам усё можна”, але Бог хоча, каб у сваім уласным інтарэсе мы выбралі дабро. Бог цікавіцца нашым лёсам і пануе над ім. Ён сапраўдны Цар, якога ня бачым, але яго ўлада і моц — несумненныя.

Вось таму і сьвята Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім павінна стаць крыніцай радаснай бадзёрасьці і хрысьціянскай надзеі на лепшы лёс, які Бог нарыхтаваў нам. Чакаем яго, бо верым, што Бог любіць нас, працуем, бо ведаем, што нашы справы не адбудуцца бяз нас. Глядзім у вечнасьць, але не забываем аб зямным, бо і Хрыстос прайшоў такі шлях і нам трэба ісьці за Ім.