Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля пра Фаму

(Яан. 20, 19-31)

Першая нядзеля пасьля Вялікадня называецца Фаміной або Антыпасхай. У гэты дзень чытаецца ўрывак з 20-га разьдзелу Евангельля паводле Яана, у якім гаворыцца пра нявер’е аднаго з апосталаў — Фамы, які адсутнічаў, калі Хрыстос упершыню зьявіўся перад вучнямі пасьля свайго уваскрэсеньня. „Калі ня ўбачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў і не ўлажу рукі маёй у бок Яго, не паверу”, — сказаў Фама ў адказ на сьвядоцтва апосталаў. Праз восем дзён Ісус паўторна стаў перад вучнямі і, ведаючы пра нявер’е Фамы, паказаў яму Свае раны і разьвеяў ягоны скептыцызм. Прыняўшы ягонае вызнаньне веры Настаўнік адначасова папракнуў Фаму кажучы: „Ты паверыў, бо ўбачыў, але шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі”. Мы наагул верым у тысячы рэчаў і зьяваў, якіх ня бачым і не адчуваем. Інакш і ня можа быць. Нашу веру можна ўзмоцніць разумовымі высновамі, гістарычнымі фактамі, лягічнымі прадпасылкамі, каб вера, паводле апостала Паўла, была разумнай, але ўсё вымераць, пацьвердзіць і праверыць нельга, бо на гэта ня хопіць ні магчымасьцяў, ні часу. Даўно зразумеў гэта блажэнны Аўгусьцін, які пісаў: „Ты, Госпадзе, найлагаднейшай і найміласэрнейшай Сваёй рукою гладзячы і суцішаючы маё сэрца, дазволіў мне ўсьведаміць, у сколькі рэчаў я верыў, якіх ня бачыў і ня быў пры іхным узьнікненьні... колькі верыў я сябрам, лекарам ды іншым людзям. Бо калі-б мы ня верылі ва ўсё гэта, дык наагул у гэтым жыцьці не маглі-б нічога рабіць” („Вызнаньні”). Мы можам ніколі ня быць на Паўночным полюсе, аднак верым, што ён існуе. Калі пад’язджаем на аўтамабілі да ўзгорку, не затрымоўваемся, бо верым, што дарога працягваецца і далей. Вера ў Бога — вышэйшая ступень даверу. Хрыстос сказаў, што мы павінны стацца бы дзеці, якія бязьмежна давяраюць сваім маці. З гэтага даверу выцякае цудоўная ўпэўненасьць, што мы не безабаронныя, што нехта рупіцца пра нас.

Фама стаўся сынонімам чалавека, які сумняваецца і патрабуе доказаў, аднак Царква ў ягоным выпадку гаворыць пра „добрае нявер’е”. Справа ў тым, што калі-б ягоны скептыцызм выплываў з грубага матэрыялізму і адчувальнай відавочнасьці, дык пераканаўшыся дотыкам у тым, што Хрыстос сапраўды ўваскрос, ён знайшоў-бы для гэтага нейкае рацыянальнае вытлумачэньне. Фанатычнае, прадузятае нявер’е наагул не падатлівае на аргуманты, бо на кожную спробу перакананьня знаходзіць свой контраргумант. Задзірліва правакуе палеміку той, хто ведае сваё і хто нават ня мае намеру адмаўляцца ад сваіх поглядаў. Раны ў ніякім выпадку не даказвалі Боскасьці Хрыста. Нявер’е Фамы не выплывала таксама з варожасьці да праўды. Якраз любоў да праўды, жаданьне дакрануцца, каб раз і назаўсёды паверыць, прывяла яго да Хрыста. Ён не хацеў верыць сьлепа, але з поўным перакананьнем у слушнасьці сваёй веры. Упэўніўшыся ў гэтым ён выявіў тую бязьмежную любоў і адданасьць, якія былі ў ім ужо раней, калі перад сьмерцяй Хрыста ён мужна заявіў: „Давайце пойдзем і мы, памрэм зь Ім”. „Часам, — пісаў выдатны філёзаф Уладзімір Салаўёў, — маем дачыненьне з чыста чалавечым, добрасумленным нявер’ем, якое жадае толькі поўнага і канчатковага перакананьня у праўдзе. Калі мы ня можам гэтак як Хрыстос разьвеяць сумненьні некаторых людзей, дык не павінны і асуджаць іх”.

З другога боку вера Фамы была-б Хрысту мілейшай, калі-б ён быў гатовы паверыць сьвядоцтву іншых. Калі-б сьвет пайшоў за прыкладам Фамы, усе патрабавалі-б бясконцых доказаў і пацьверджваньня, а гэта неразумна і немагчыма. Мы верым у тысячы рэчаў і зьяваў, якіх ня бачылі і не адчулі на сабе. Нашу веры часам можна ўмацаваць разумнымі высновамі, гістарычнымі фактамі, аналёгіямі або лягічнымі прадпасылкамі, каб вера, паводле слоў апостала Паўла, была разумнай, але каб усё даказаць, вымерыць і пацьвердзіць ня хопіць жыцьця...

Мы сапраўды верым камусьці або ў штосьці, у розныя зьявы ды ідэі, але вера ў Бога мае выключнае значэньне. Яна важная таму, што ўплывае на само жыцьцё, фармуе адносіны да іншага чалавека да грамадзтва і да сваіх абавязкаў. Яна выяўляецца ў маралі, у спосабе жыцьця, у тым, як жывем і як сябе паводзім. Паводле Сьвятога Пісаньня, вера абсалютна неабходная. „Вы збаўлены ласкай празь веру і гэта не ад вас, але Божы дар”, — пісаў у Лісьце да эфэсянаў апостал Павал (2, 8). Гэты дар чалавек павінен разьвіваць: ён бы зерне патрабуе шматлікіх намаганьняў і догляду. Баптысцкі прапаведнік Більлі Грэм у сваёй кніжцы „Мір з Богам” пісаў наступнае: „Я пераканаўся, што некаторыя людзі сьведама адкідаюць Хрыста як Госпада не таму, што хрысьціянская навука разумова неўспрымальная, але таму, што яны спрабуюць пазьбегнуць адказнасьці і абавязацельстваў, якія ўскладае на іх хрысьціянскае жыцьцё. Гэта іх слабое, самалюбнае сэрца, а ня розум ці асьвета стаяць паміж імі і Хрыстом. Яны проста няздольныя цалкавіта ва ўсім падпарадкавацца і ўступіць Хрысту”. У гэтым сэнсе клясычным прыкладам зьяўляецца Майсей. У сэнсе кар’еры і дабрабыту ён меў сапраўды ўсё. Ён выразна бачыў два шляхі: адзін вядомы яму праз сорак гадоў, дастатні і раскошны, і другі, у чалавечым разуменьні непрывабны, пакутны і гаротны. Майсей зрабіў неверагодны выбар. Ён прынёс вялікую ахвяру дзеля невымернай, але большай каштоўнасьці.

У Евангельлі напамінаецца: „Калі пачуеце голас Божы, не разьлютоўвайце сэрцаў сваіх... шукайце Госпада... клічце Яго, калі Ён блізка”. Сам Хрыстос гаворыць: „Вось стаю ля дзьвярэй сэрца і грукаю: калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго”. Гэтак як немагчыма пераканаць чалавека, засьлепленага ў сваім фанатызьме, так і веру немагчыма накінуць і без запросін яна не прыходзіць. Бог грукае ў дзьверы сэрца праз самыя розныя абставіны жыцьця, празь сьвядоцтва іншых, праз азарэньне і прыклад, празь няўдачы і расчараваньні, праз розум і здольнасьць ацэнкі. Мы заўсёды маем магчымасьць усё прааналізаваць і ўзважыць. Нам можа быць нават патрэбны дотык або іншыя доказы, аднак галоўнае, каб была гатоўнасьць паверыць. Ад гатоўнасьці пачынаецца дзеяньне.