(Яан. 5, 1-15)
У 5-м разьдзеле Евангельля ад Яана гаворыцца пра аздараўленьне Хрыстом расслабленага ля Авечай купальні. Раз у год вада ў ёй набывала вылячальную моц і кожны, хто першы ўваходзіў у яе, выходзіў адсюль здаровы. Адзін чалавек хварэў ужо трыццаць восем гадоў і, на жаль, не было каму апусьціць яго ў ваду; яго заўсёды нехта апярэджваў. „Ня маю чалавека, каб апусьціў мяне ў ваду”, — паскардзіўся хворы і Хрыстос аздаравіў яго адным уладным словам.
Калі-б углыбіцца ў сэнс гэтага евангельскага апавяданьня і спрабаваць аднесьці яго да сябе, можа ўзьнікнуць пытаньне: хто я? З аднаго боку я — той-жа бездапаможны чалавек, які ня ў змозе аздаравіць самога сябе нават зь фізычнай немачы, ня кажучы пра духоўную. Прага высакароднага і чыстага ёсьць, сьведамасьць сваіх заганаў і марнасьці — таксама, аднак паралізавана воля. Аб гэтым з сумам пісаў апостал: „Добрае, якога хачу — не раблю, а зло, якога ненавіджу — раблю”. З другога боку можна зразумець і іншых хворых, якія таксама хацелі аздаравіцца і першыя ўваходзілі ў ваду. Яны апярэджвалі паралізаванага чалавека, так як і нас заўсёды нехта ў нечым апярэджвае. На крык „пажар” людзі ў вялікіх аўдыторыях таксама стрымгалоў кідаюцца да выхаду, думаючы толькі пра сябе і пры тым топчучы адны адных насьмерць... З другога боку, колькі слушнай скаргі ў словах хворага: „Ня маю чалавека...” Дзіўна і крыўдна, што на працягу трыццаці васьмі гадоў не знайшлося нікога, хто працягнуў-бы нешчасьліўцу руку дапамогі і правёў-бы яго гэтых некалькі крокаў.
Хто з нас не адчуў патрэбу хаця-б невялікай паслугі, слова суцяшэньня або парады з боку іншага чалавека? Хто не пераканаўся, наколькі каштоўным падарункам можа стацца чалавеку іншы чалавек? У жыцьці бываюць выпадкі, калі мы адчуваем сябе бездапаможнымі бы дзеці. У такіх выпадках заўсёды праўдзівай аказваецца пагаворка: „Лепш мець сто сяброў, чымсьці сто рублёў”. На самай справе ў нас няма цалкам чужых людзей; мы адзін аднаму належым і адзін да аднаго маем права. „Гэтак як хваля ня можа існаваць сама для сябе, але саўдзельнічае ў хваляваньні акіяну, — пісаў Альбэрт Швайцэр, — гэтак і мы ня можам правесьці ўсё жыцьцё для саміх сябе, але заўсёды перажываючы яго разам зь іншымі”. Мабыць, лягчэй пагадзіцца з гэтым, калі самі нечага патрабуем, бо добра памятаем, што нам належыцца, але ці заўсёды памятаем аб сваіх абавязках? Спарадычны добры ўчынак нічога не даказвае! Гэткім чынам толькі лёгка ўсыпіць сваё сумленьне, захапіцца сваёй дабрынёю. Якраз такім быў фарызэй, які гаварыў: „Дзякую Табе, Божа, што я акуратны, рэгулярна даю міласціну, ня гэтак як іншыя людзі”. Сапраўднае служэньне толькі тады нешта вартае, калі жыве ў нас шчырая патрэба ахвяры і сьвядомасьць нявыплачанага доўгу. Усе нашы здольнасьці і магчымасьці трэба ўспрымаць як нявыплачаны доўг. Нам можа здавацца, што лёс нас пакрыўдзіў, што „Бог ня роўна дзеле”, але гэта памылковае. Калі нам здаецца, што мы бедныя, варта прыгадаць тых, якія цалкам ня маюць што пакласьці ў гаршчок; калі здарыцца хвароба, трэба памятаць, што некаторыя, як евангельскі расслаблены, гадамі прыкаваны да ложка або інваліднай каляскі. Мы можам адчуваць сябе нешчасьлівымі, але сапраўды заўсёды будуць людзі і шчасьлівейшыя, і больш няшчасныя за нас!
Дасканала ведаючы пра эгаізм і недахоп любові апостал Павал заклікаў: „Думайце ня толькі пра сябе, але і пра іншых”, „Насіце цяжары адзін аднаго”, „Любоўю адзін аднаму служыце”.
Любоў, паводле Евангельля, не павінна абмяжоўвацца ўрачыстымі дэклярацыямі і ўзьнёслымі парывамі душы. Яна „не шукае свайго”. Той, хто „шукае свайго” — чалавек скрытны, адасоблены, які ведае толькі сябе. Нават завязваючы новыя знаёмствы ён робіць гэта дзеля сяброўства, але разважае ў чым дадзены чалавек можа яму быць прыдатны. Чужая патрэба, небясьпека або гібель яго не датычаць і не хвалююць. Таму і ня дзіўна, што на крык „пажар” людзі ў вялікіх аўдыторыях стрымгалоў кідаюцца да выхаду, думаючы толькі пра сябе і па дарозе топчуць адны адных насьмерць... „Калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела сваё на ўсёспаленьне, а любові ня маю, ніякая карысьць ад гэтага”, — гаварыў апостал. Любоў шукае свайго выяўленьня ў практычным жыцьці і служэньні канкрэтным людзям. Гэтыя канкрэтныя, нешчасьлівыя людзі, якім мы можам і павінны дапамагчы, не ляжаць толькі ля Авечай купальні ў Ерусаліме. Яны літаральна побач нас!