Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля аб сьляпым

(Яан. 9, 1-36)

Адно з найбольш няясных месцаў Евангельля — гэта пачатак апавяданьня пра аздараўленьне Хрыстом сьляпога. „Хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што нарадзіўся сьляпым”, — пацікавіліся вучні, якія добра ведалі, што ўсякая хвароба зьяўляецца пакараньнем за грэх. Хрыстос таямніча адказаў: „Ні ён, ні бацькі ягоныя, але каб на ягоным прыкладзе выявілася Божая моц і слава”.

У чым-жа Божая слава? Няўжо ў тым, што чалавек пражыў гэтулькі гадоў з такім жудасным калецтвам толькі дзеля таго, каб пасьля яго бязьмежных пакутаў здарыўся цуд і людзі ўславілі Бога? Няўжо людзі не маглі-б уславіць Бога, калі-б бачылі шчасьлівага чалавека адоранага моцным здароўем?

На жаль, не; за такое людзі не ўслаўляюць Бога. Гэта можам убачыць на саміх сабе і людзях вакол нас. Сьв. Ціхан Задонскі наагул гаварыў, што „рэдка бывае, каб у здаровым целе здаровая душа жыла. Хутчэй за усё, амаль заўсёды ў хворай”. За добрае ня дзякуем, бо лічым гэта нармальным. Для пераважнай большасьці людзей здароўе, бясьпека, свабода, дабрабыт, бестурботнасьць — гэта поўнасьцю натуральныя, належныя і заслужаныя рэчы. „За ўсё дзякуйце...”(1 Фесал. 5, 18), — заклікаў апостал Павал, — бо „любячым Бога, пакліканым згодна Ягонай волі, усё дзеецца дзеля дабра” (Рым. 8, 28). Толькі адзінкі ўмеюць дзякаваць і разумеюць, што маглі ня мець нават таго, што маюць і што ёсьць людзі сапраўды нешчасьлівыя. Нават бясспрэчнае дабро мала хто ўспрымае як цудоўнае, незаслужанае дабрадзейства, Божы падарунак, які ў любы момант можа быць адняты.

Акрамя таго трэба адзначыць, што слава Божая выявілася ня толькі ў тым, што сьляпы стаў відушчым цялеснымі вачыма. Ён прасьвятлеў таксама самымі глыбінямі сваёй душы. Яго вочы адкрыліся на міласэрнасьць і ўсемагутнасьць Божую, сэрца адкрылася на тое, каб удзячнасьцю і верай адказаць на дар аздараўленьня. Якраз у гэтым выявілася Божая слава! Не ў гэтым сэнсе, што прысутныя пахвалілі Хрыста, бо наадварот, асудзілі за парушэньне бяздушнага правіла аб суботнім адпачынку. Бог праславіўся тым, што ў душы гэтага чалавека зазьзяла вечнае жыцьцё, засьвяцілася, заблішчэла нешта, што належыць Самому Богу. Гэтае меў на ўвазе апостал Павал, калі пісаў эфэсянам: „Прашу, каб Бог... асьвяціў сьвятлом вочы сэрца вашага, каб вы пазналі ў чым надзея вашага пакліканьня” (1, 17-18).

Неаднойчы ахопленыя горам, бачачы розныя трагедыі мы паддаемся роспачы і сумненьням, не ўсьведамляючы, што празь любыя абставіны, праз найбольш непрывабнае і прыкрае, можа наступіць цуд сустрэчы з Богам. „На колькі душа важнейшая за цела, на гэтулькі душэўнае здароўе важнейшае за цялеснае”, — гаварыў сьв. Яан Залатавусны. Нешта непараўнальна важнейшае, каштоўнейшае і больш значнае можа здарыцца ў выніку таго, чаго мы баяліся. Падумаем пра гэтае. Шляхі Божыя — строгія. Бог дае нам безьліч дабра, але калі ў шчасьці ня знойдзецца месца на ўдзячнасьць і вечнае жыцьцё, Ён ніколі не дазволіць нам загінуць ад памыснасьці.

Гэтую праўду выказаў ужо на сьвітанку хрысьціянства адзін з вучняў — апостал Ерма. „Бог міласэрны, — гаварыў ён, — Ён не пакіне цябе, пакуль ня скрушыць або тваё сэрца, або косьці...” Міласэрны таму, што праз нашу акамянеласьць, жорсткасьць і сьлепату павінен прарвацца ў нашае жыцьё цуд прасьвятленьня. Паколькі мы недастаткова чульлівыя, каб перажыць ціхі подых ласкі, Ён неаднойчы бурай урываецца ў наш лёс.