Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Узьнясеньне Гасподняе

(Лук. 24, 36-53)

Заўсёды ў чацьвер, у саракавы дзень пасьля Вялікаднья Царква адзначае вялікае сьвята Ўзьнясеньня Гасподняга. Згодна Сьвятому Пісаньню, Хрыстос у новым, адухоўленым Целе на працягу сарака дзён пасьля Ўваскрэсеньня зьяўляўся апосталам, умацоўваючы іхную веру і адначасова падрыхтоўваючы іх да хуткага разьвітаньня. Ён загадаў ім заставацца ў Ерусаліме і чакаць абяцанага Суцяшыцеля — Сьвятога Духа. У саракавы дзень Ён апошні раз узышоў з вучнямі на Аліўную Гару. Разьвітальныя словы былі поўныя турботы пра будучыню маладой грамады вернікаў. Асабліва ў той момант Ісус жадаў, каб плён Ягонага жыцьця, навукі і дзейнасьці жыў і разьвіваўся ў Ягоных пасьлядоўніках. Ён блаславіў іх і даручыў распаўсюджваць Евангельле: „Дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі... І так ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выпаўняць усё, што Я сказаў вам” (Мацьв. 28, 19-20). На плечы вучняў Настаўнік узлажыў увесь цяжар апостальства з усімі складанасьцямі і небясьпекамі: „Будзеце мне сьведкамі ў Ерусаліме, ва усёй Юдэі і Самарыі ды ажно па край зямлі”, — загадаў ім. Прадбачваючы пакуты і змаганьне з ворагамі хрысьціянства Хрыстос абяцаў апосталам і ўсім іхным вучням у будучыні пастаянную падтрымку і апеку: „Я буду з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку”.

Апосталы былі ўдзельнікамі і сьведкамі апошняй зь зямных тайнаў Богачалавека, Ягонага слаўнага ўзьнясеньня на неба. Сьвятое Пісаньне апісвае гэтую падзею бяз пафасу і хваляваньня, як нешта цалкам натуральнае і заразумелае. Для Хрыстовых вучняў, сьведкаў Ягонай дзейнасьці і жыцьцяпісальнікаў Узьнясеньне было лягічным эпілёгам жыцьця. Гэта было зьвянчэньне ўсёй зямной місіі, пераможнае вяртаньне пераможцы з поля бою. Хрыстос дасягнуў перамогі над галоўнымі ворагамі: грахом, целам і сьмерцю, перад якімі дагэтуль чалавек быў бездапаможны. Зараз-жа грэх адкуплены, грахоўнае цела расьпята, сьмерць зьнішчана, а людзі навекі збаўлены. Мэта зямнога пасланьніцтва Хрыста дасягнута. На зямлі не засталося больш нічога, што магло-б Яго затрымліваць. Вучні дакладна гэтак зразумелі Ўзьнясеньне Гасподняе. Зь некаторым смуткам, але і задавальненьнем, што ўдзельнічаюць у Божых плянах, яны пільна глядзелі на неба, пакуль два чалавекі ў белых вопратках не зьявіліся перад імі і сказалі: „Мужы галілейскія! Чаго стаіце, узіраючыся на неба? Гэты Хрыстос узяты ад вас на неба прыйдзе гэтак сама, як бачылі вы Яго ўзыходзячага на неба”.

Узьнясеньне Гасподняе зьяўляецца ня гэтулькі сьвятам адыходу Хрыста з гэтага сьвету, колькі Яго прысутнасьці сярод нас. Блажэнны Аўгусьцін пісаў: „Госпад наш не пакінуў неба, бо адтуль прыйшоў да нас. Не пакінуў таксама нас, калі зноў узышоў на неба. Аднак Ён пакутуе на зямлі ўсякі раз, калі мы, яго члены, пакутуем. Ён Сам пацьвярджае гэтае, калі кліча да Саўла: чаму Мяне прасьледуеш?”