Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пяцідзесятніца

(Яан. 7, 37-52; 8, 12)

Мы ізноў адзначаем вялікае сьвята Сасланьня Сьвятога Духа, інакш дзень Сьвятой Тройцы, званае таксама Пяцідзесятніцай або Сёмухай. Яно было ўстаноўленае ў памяць пасланьня апосталам сабраным у Ерусаліме ў яўрэйскае сьвята Пяцідзесятніцы абяцанага раней Духа. Назоў Сёмуха азначае, што гэтае сьвята адзначаецца сем тыдняў пасьля Вялікадня, дакладна на пяцідзесяты дзень. Пяцідзесятніца была ў яўрэяў адным з трох вялікіх сьвятаў. У гэты дзень, напрыканцы жніва, у храм прыносілі ахвяры зь першых пладоў зямлі, а таксама згадвалі аб атрыманьні Майсеевага Закону пасьля выхаду зь Егіпту. Пра падзею, якая непасрэдна паслужыла ўстанаўленьню хрысьціянскага сьвята, у Дзеях Апостальскіх чытаем наступнае: „І як канчаўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі аднадушна разам. І раптам пачуўся гук зь неба быццам бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. І паказаліся ім падзеленыя языкі быццам бы вогненыя ды паселі на кожным зь іх. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, ды пачалі гутарыць на іншых мовах, як Дух даў ім прамаўляць” (Дзеі. 2, 1-4).

У сьвята Сасланьня Сьвятога Духа на апосталаў вернікі ўпрыгожваюць храмы зеленьню і кветкамі. Гэта нагадвае той старазапаветны звычай ахвяроўваньня першых зямных пладоў, а таксама мамрыйскі дуб, пад якім Аўраам прыняў Сьвятую Тройцу ў асобах трох вандроўцаў. Зелень — гэта таксама знак вясны і Царквы, якая быццам сад расьцьвіла пад дажджом ласкі і прынесла багаты духоўны плён. Для хрысьціян Сасланьне Сьвятога Духа зьяўляецца днём народзін Царквы. Першае натхнёнае выступленьне Пятра, знакі і цуды, місійны энтузыязм і масавыя павярненьні да веры былі вынікам ласкі. Невялікую групу запалоханых вызнаўцаў Дух ператварыў у дынамічны арганізм, напоўніў дарамі неабходнымі для евангелізацыі сьвету, ажывіў і да сёньняшняга дня кіруе ейнай дзейнасьцяй. Дух, якога просім, каб „прыйшоў і пасяліўся ў нас” быццам бы паветра напаўняе сьвет і гэтак для нас неабходны як паветра зьяўляецца невычэрпнай крыніцай ласкі дзеля ўсякай высакароднай дзейнасьці. У Лісьце да карынфянаў апостал Павал пісаў: „Аднаму даецца слова мудрасьці, іншаму веды, іншаму вера, іншаму дар аздараўленьня, прароцтва або веданьне моваў. Усё гэта спрычыняе адзін і той-жа Дух” (1 Кар. 12, 8-11). Пяцідзесятніца прынесла дар процілеглы да біблейскай драмы пабудовы вавілонскай вежы. Моўная адметнасьць ужо ня дзеліць і не перашкаджае. Дар гутаркі на розных мовах быў практычнай падрыхтоўкай да заданьня „ісьці і навучыць усе народы” на іхнай, а не на чужой мове.

Пяцідзесятніца зьяўляецца таксама днём Сьвятой Тройцы.

У адной з малітваў Васіля Вялікага, у часе якіх вернікі ўпершыню ад Вялікадня становяцца на калені, гучаць словы: „У гэты апошні, вялікі і збавіцельны дзень Госпад выявіў нам тайну Сьвятой Тройцы”. Царква дзякуе Богу Айцу, Які паслаў Духа, дзякуе Адкупіцелю, Які выпрасіў сасланьне Духа і самому Суцяшальніку, Які зышоў на апосталаў, напаўняючы іх сваёй ласкай.

Тройца зьяўляецца фундамантам веры, першапрычынаю чалавечага існаваньня, прататыпам і канчатковаю мэтаю. За кожнай Літургіяй паўтараюцца словы: „Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста і любоў Бога ды Айца і супольнасьць Сьвятога Духа хай будуць з усімі вамі”.

Усё наша хрысьціянскае жыцьцё, як нялёгкае але магчымае да ажыцьцяўленьня пакліканьне, павінна быць знакам і сьведчаньнем Бога ў Тройцы. Мы ня можам сказаць пра сябе, што дасягнулі дасканаласьць, але што імкнемся да яе. Таксама як ня бачна ветру, аднак бачны вынікі ягонага подыху, гэтак Духам Сьвятым адбываецца паступовае ператварэньне сьвету. На першы погляд гэтага ня бачна, але працэс ачышчэньня і асьвячэньня сьвету працягваецца і сьвет безупынна накіроўваецца да свайго прадвызначэньня.