(Мацьв. 10, 32-33, 37-38; 19, 27-30)
Сьвятое Пісаньне гаворыць, што ў дзень Пяцідзесятніцы на сабраных у Ерусаліме апосталаў зышоў Сьвяты Дух. У выніку гэтага яны духоўна падмацаваліся і сталі гатовыя да місіянерскай працы. Адначасова, пад узьдзеяньнем і кіраўніцтвам Духа ўзьнікла Хрыстовая Царква, а ў ёй быццам ад дажджу зазелянеў цудоўны агарод выдатных, сьвятых людзей. Вось іхную памяць Царква ўшаноўвае ў першую нядзелю пасьля Пяцідзесятніцы.
У царкоўным календары кожны дзень прысьвечаны памяці аднаго або некалькіх сьвятых. Усе яны ўвасабляюць неаднолькавы тып сьвятасьці. У залежнасьці ад таго кім былі і чым уславіліся, Царква клясыфікуе іх паводле гэтага прынцыпу. І так: прарокі ўшаноўваюцца за тое, што мужна і самаахвярна даносілі да народу Божую волю. Апосталы і роўнаапостальныя заслужыліся сваім місіянерствам, прапаведніцтвам і самаахвярным пашырэньнем веры. Пакутнікі пацьвердзілі сваю вернасьць Хрысту пакутніцкай канчынай. Найпадобныя — па-царкоўнаславянску: прападобныя, будучы манахамі, пустэльнікамі або аскетамі дасягнулі шляхам барацьбы з чалавечымі заганамі ўнутраную дасканаласьць. Сьвяціцелі ўшаноўваюцца за тое, што будучы епіскапамі выявіліся разумнымі, дбайнымі пастырамі; бяссрэбранікі шануюцца за бескарысьлівае скарыстоўванъне дару аздараўленьня, а справядлівыя — за тое, што зьяўляюцца прыкладам беззаганнага, пабожнага жыцьця.
Калі людзі зьяўляюцца вянцом стварэньня, дык святыя — вянцом і гордасьцяй чалавецтва. Хрыстос сам назваў іх „сольлю зямлі” і „сьвятлом свету”. Адначасова — што варта памятаць — усе яны былі звычайнымі людзьмі з характэрнымі для чалавека слабасьцямі, спакусамі, недахопамі і клопатамі. Яны жылі ў канкрэтных абставінах і эпосе, сярод унутраных і вонкавых перашкодаў. Тое, за што зараз іх шануем як сьвятых, таксама не прыйшлося ім без намаганьня. У іх проста была жывая, значыць дзейная, вера, высакародныя памкненьні, прага ўзьняцца па?над пошласьць і разбэшчанасьць свайго асяродзьдзя. Усе яны былі афіцыйна прызнаныя сьвятымі дзякуючы трываламу і шчыраму народнаму шанаваньню. Гісторыя ведае шмат людзей, якіх у свой час абагаўлялі і ставілі ім помнікі. Аднак менавіта „ў свой час”, бо зараз пра іх ведаюць хіба толькі гісторыкі, а калі згадваюцца іхныя імёны, дык абыякава або нават з агідай. У адрозьненьні ад такіх людзей, памяць пра святых, наадварот, жыве ў сьвядомасьці людзей стагодзьдзямі, іхнае жыцьцё і дзейнасьць натхняюць і знаходзяць пасьлядоўнікаў у кожную эпоху. Імёны сьвятых даюцца пры хрышчэньні як знак таго, што хрысьціянін разам зь імем сьвятога лічыць яго сваім нябесным ахоўнікам, узорам і аўтарытэтам.
Для складання жыцьцяапісаньня сьвятых, званага агіяграфіяй, у мінулым іх аўтары вельмі часта ўжывалі гатовых трафарэтаў. У выніку атрымоўваліся малапераканаўчыя панэгірыкі, якія толькі зьнеахвочваюць сучаснага, скептычнага чытача сваёй штучнасьцяй. Ідэалізаваны і рэтушаваны вобраз сьвятога можа падабацца як казка для дзяцей, але гэта цалкам непатрэбнае. У біяграфіі сьв. Уладзіміра Вялікага ёсьць вельмі непахвальны эпізод з Полацкам і Рагнедай. Нядаўна кананізаваныя каталіцкім Касьцёлам Ян Саркандр, каралева Ядвіга або Максымільян Кольбэ шмат за што крытыкуюцца. Кольбэ ня першы і не адзіны аддаў сваё жыцьцё ў канцлагеры за іншага вязьня. Саркандр жорстка вяртаў пратэстантаў у каталіцтва і яго мэтады сёньня лічыліся-б злачыннымі. Добра вядома, што ня ўсім героям вайны ставяць помнікі. Таксама і сьвятыя выбраны як увасабленьне ня ўсіх, але некаторых цнотаў, тых, якія Царква лічыць важнымі, годнымі павагі і вылучэньня ў якасьці павучальнага прыкладу.
У наш сэкулярызаваны час пра сьвятасьць наагул гаварыць нялёгка. Сучаснаму чалавеку яна асацыюецца зь нечым далёкім і нерэальным. Дасягненьне яе мяжуе зь немагчымасьцяй і цудам. Інакш кажучы, у стаўленьні да сьвятасьці назіраецца непаразуменьне.Тым часам святасць — ідэал, заданьне і мэта хрысьціянскага жыцьця. У кожную эпоху былі і ёсьць людзі, якія намагаюцца пражыць сваё жыцьцё як мага годна, плённа і сумленна. Ёсьць і сярод нас людзі, якія ціха і без рэклямы твораць дабро, якія без высакамоўных слоў пацьвярджаюць сваю веру добрымі ўчынкамі. Аб гэтым так сказана ў Сьвятым Пісаньні: „Гэтак няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўславілі Айца вашага, Які ў нябёсах”. Хай сабе няма ў гэтым нічога надзвычайнага, але вялікае таксама складаецца з малога. Нават сумленнасцяй у выконваньні сваіх штодзённых абавязкаў, узорным сямейным жыцьцём, добрым выхаваньнем дзяцей людзі ўжо ажыцьцяўляюць нейкую рысу хрысьціянскай дасканаласьці. Можна намагацца зрабіць і дасягнуць нечага надзвычайнага, але пачаць варта прынамсі з малога.
Безумоўна, сьвет становіцца лепшым дзякуючы добрым, высакародным, сьвятым людзям. Іх няшмат, але яны адабратвараюць асяродзьдзе, у якім жывуць, і ўвесь разбэшчаны сьвет. Яны кампэнсуюць паўсюдную наяўнасьць зла, дазваляюць верыць у канчатковую перамогу дабра. Можа і мы становімся крыху лепшымі дзякуючы ажыўляючаму струменю, які плыве ад даўніх і ад сучасных сьвятых. Можа дзякуючы ім свет наагул яшчэ існуе і іхнае заступніцтва быццам громаадвод прадухіляе Божы гнеў...