Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля беларускіх сьвятых

(Мацьв. 6, 22-33)

Кожны народ ганарыцца імёнамі сваіх вялікіх патрыётаў, паэтаў, мастакоў, вучоных і сьвятых. Кожны рады далучыць іх да сваёй гістарычнай спадчыны і ахвоча падкрэсьлівае факт, што нейкі выдатны чалавек меў прынамсі нешта супольнае зь яго краінай і народам. „Гісторыя народу, — пісаў Ніл Гілевіч, — найбольш ярка ўвасоблена ў духоўных вобліках, справах і творчых плёнах яго лепшых сыноў і дачок... Мы ня толькі павінны, але мы абавязаны ведаць сваё мінулае, каб лепш убачыць сваё заўтра, каб ясьней уяўляць, як да яго ісьці. У грамадзтве цывілізаваным, культурным запаветы вялікіх людзей заўсёды значылі вельмі многа. Іх цэняць і шануюць, імі даражаць, на іх абапіраюцца ўсе тыя, хто хоча ісьці дарогай Праўды, Дабра і Чалавечнасьці”.

Сярод тых, якія жылі і працавалі для Беларусі, пакінуўшы выразны сьлед у жыцьці народу, былі таксама сьвятыя. Для Беларусі і нашага народу яны магчыма зрабілі нават болей за тых, каму выстаўлены помнікі, чые імёны памешчаны ў энцыклапэдыі. На працягу ўсёй нашай тысячагадовай гісторыі сьвятыя фармавалі духоўнае і культурнае аблічча народу. Народ без узьдзеяньня звонку і аніякага прымусу і кан’юнктурнасьці сам вылучыў і ўшанаваў імёны тых, якіх жыцьцё і заслугі найвышэй цаніў. Праваслаўная Царква, ідучы за голасам народу, некаторых зь іх далучыла да ліку сьвятых. У 1984 годзе Беларускі Экзархат афіцыйна ўстанавіў у трэцюю нядзелю пасьля Пяцідзесятніцы Дзень беларускіх сьвятых. У афіцыйным сьпіску беларускіх сьвятых апынулася чатырнаццаць імёнаў. Гэта сьвяціцелі Міна, Дзіянісій і Сімяон — епіскапы Полацкія , сьвяціцелі Кірыла і Лаўрэнцій — епіскапы Тураўскія, сьвяціцель Георгій Каніскі — архіепіскап Магілёускі і Беларускі, дабраверны князь Расьціслаў —заснавальнік гарадоў Расьціслаўля, Мсьціслаўля, Крычава і Слаўгарада, прападобны Апанас — ігумен Берасьцейскі, Макарый — ігумен Пінскі, прападобныя Марцін Тураўскі, Елісей Лаўрышаўскі, Эўфрасіньня —ігуменьня Полацкая, пакутнік-дзіцятка Гаўрыіл Заблудаўскі, праведная Юльянія — княгіня Альшанская і праведная Сафія — княгіня Слуцкая. Акрамя чатырнаццаці згаданых сьвятых Праваслаўная Царква ў замежжы залічае да беларускіх сьвятых віленскіх пакутнікаў Антона, Яана і Яўстафія і шэраг смаленскіх сьвятых. Беларуская дыяспара шануе як сьвятога архіепіскапа Мелхісэдэка (Паеўскага). У 1922 годзе ён склікаў у Менску сабор, на якім была абвешчана незалежная ад Масквы Беларуская Мітраполія з чатырма епархіямі. За сваю патрыятычную і рэлігійную дзейнасьць у 1930 годзе разам з усёй царкоўнай Радай ён быў вывезены ў Краснаярск, затым выліканы ў Маскву, дзе і закончылася жыцьцё гэтага пакутніка .

Немагчыма адным сказам ахарактарызаваць усіх беларускіх сьвятых. Няма сумневу, што Эўфрасіньня Полацкая слушна шануецца як нябесная ахоўніца беларускага народу і яго асьветніца. Хто ведае наколькі бяднейшая была-б наша сучасная літаратура без падмурку творчасьці „беларускага Залатавуснага” — сьвяціцеля Кірылы Тураўскага. Сімяон Полацкі мужна выступіў у абарону пакрыўджаных супраць самавольства князёў. Мэркурый Смаленскі, хаця і не належыць да афіцыйнага сьпісу, мужна выступіў у абарону Радзімы. Апанас Берасьцейскі сваёй пакутніцкай канчынай пацьвердзіў вернасьць праваслаўнай веры, якая апынулася пад пагрозай з боку інаслаўных. Гаўрыіл Заблудаўскі — шасцігадовае дзіцятка родам зь вёскі Зьверкі на Беласточчыне ўвасабляе дзіцячую бязгрэшнасьць і нявіннасьць, якія павінны быць хрысьціянскай нормай. Яго шанаваньне не спынялася на тэрыторыі Беласточчыны з 17-га стагодзьдзя і зараз перад мошчамі Гаўрыіла, перанесенымі з Гародні ў Беласток, служацца ўрачыстыя акафісты і ня зьмяншаецца паток вернікаў.

Неабходна адзначыць спэцыфічны характар беларускай сьвятасьці, якая ў значнай ступені адлюстроўвае і характар народу.

Незалежна ад таго, ці гутарка ідзе пра князёў, сьвяціцеляў, пакутнікаў або прападобных, іхная сьвятасьць была, як правіла, дзейная, накіраваная на грамадзкае, агульнае дабро. Аскетніцтва, якое прынцыпова пакліканае для ізаляванага, асабістага збаўленьня, у беларускіх сьвятых спалучалася з грамадзкім служэньнем. Яны не абмяжоўваліся закрыцьцём у манастырскіх кельлях, але ахвоча несьлі ў народ сьвятло сваіх ведаў, сваю высокую мараль і збаўчы прыклад. Дзякуючы гэтаму беларускія сьвятыя былі сапраўднымі сьветачамі, сольлю зямлі беларускай, ейным сьвятлом, розумам, гонарам і сумленьнем.

У трэцюю нядзелю пасьля Пяцідзесятніцы зьвяртаемся да беларускіх сьвятых як да нябесных ахоўнікаў і нацыянальных герояў. Яны заслугоўваюць пашаны і любоўі ня толькі за сваё малітоўнае хадайніцтва, але таксама за іхны патрыятызм, служэньне народу і дабратворнае ўзьдзеяньне на яго. Такім чынам яны паспрыялі фармаваньню душы нацыі. І ў наш складаны час, у народзе зьнявераным у сваёй паўнацэннасьці, беларускія сьвятыя могуць абудзіць пачуцьцё гонару за сваю слаўную мінуўшчыну, за сваю сапраўдную радаслоўную.