Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра сотніка

(Мацьв. 8, 5-13)

У 8-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея зьмешчана вельмі павучальнае апавяданьне пра аздараўленьне Хрыстом слугі рымскага сотніка. З гісторыі вядома, што да нявольнікаў рымляне ставіліся бязьлітасна і жорстка, іх прадавалі і куплялі быццам жывёлу. Аднак евангельскі сотнік, надзіва, быў іншы. Ён шчыра любіў свайго слугу і ў хваробе жадаў ягонага аздараўленьня. Сотнік дагэтуль ня бачыў Хрыста, аднак тое, што пра яго чуў, натхніла яго верай у Ягоную моц. Не зважаючы на відавочны фармалізм яўрэяў, ён быў перакананы аб перавазе рэлігіі гэтага зьняволенага народу над уласнай. Сотнік пераадолеў бар’еры і ненавісьць, якая аддзяляла рымлян ад заваяваных народаў. Ён з павагай ставіўся да мясцовай рэлігіі і народу. Адчуваючы сваю нягоднасьць, каб асабіста зьвярнуцца да Хрыста, ён папрасіў хадайніцтва ў яўрэйскіх старэйшын. Яны перадалі сотнікаву просьбу і падкрэсьлілі, што гэты паганец заслугоўвае ўвагі, „бо любіць наш народ і нават збудаваў нам сынагогу”. Сотнік паслаў слугаў да Хрыста і тыя перадалі ягоныя словы: „Спадару, я ня годны, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова і ачуняе слуга мой. Бо і я чалавек падуладны і маю пад сабою вояў і калі кажу аднаму: пайдзі — той ідзе, ды іншаму — прыйдзі і прыходзіць, ды слугу свайму — зрабі гэтае і робіць”. Сотнік быў перакананы, што гэтак як ён прадстаўляе магутнасьць Рыму і для сваіх жаўнераў зьяўляецца найвышэйшым аўтарытэтам, так Ісус прадстаўляе Бога і Ягоную моц. Вось таму хопіць аднаго слова і слуга будзе аздароўлены. Дабрыня і міласэрнасьць у чалавека, ад якога можна было-б спадзявацца цалкам іншага, і які прасіў нават не за сябе, узрушыла і прыемна зьдзівіла Хрыста. „У нікім, — сказаў ён прысутным, — нават у Ізраілі Я не знайшоў такой веры... Ідзі і як ты паверыў, няхай будзе табе”. „Кажу вам, — з дакорам і глыбокім смуткам прадставіў Ён вынік адмаўленьня ад Ягонай ласкі, — што многія прыйдуць з Усходу і з Захаду і засядуць з Аўраамам, Ісаакам ды Якубам у валадарстве нябесным, а сыны валадарства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, дзе будзе плач і скрыгат зубоў”. Гісторыя прынесла зьдзяйсьненьне ня толькі гэтага прадказаньня. Да сёньняшняга дня многія паганцы з радасьцяй прымаюць Хрыстовую навуку і ласку, а многія намінальныя хрысьціяне адкідаюць тое, што ўжо ім дадзена...

Паводзіны сотніка паказваюць, што сапраўды „душа чалавека па сваёй натуры — хрысьціянка”, што дабрыня і спагада маюць Боскую радаслоўную. Яны заложаны у найглыбейшых закавулках душы і патэнцыяльна існуюць у чалавеку незалежна ад засвоенай сыстэмы каштоўнасьцяў. Сотнік паступіў высакародна, ня ведаючы Божых запаветаў, але ідучы за голасам свайго прыроднага пачуцьця дабра. Аб гэтым расейскі тэоляг а. Аляксей Талмачоў гаварыў, што „пад нікчэмнай вопраткай неаднойчы хаваецца высакародная душа і што калі мы не памагаем іншаму, таму што ён — яўрэй, турак або іншаверац, дык мы не хрысьціяне”. Яўрэйскія старэйшыны, якія хадайнічалі перад Хрыстом з прычыны заслугаў сотніка перад іхным народам, не разумелі духа Евангельля. Тым часам сотнік, хаця і паганец, міжвольна раскрыў адну важную, тэалягічную праўду. Ён не разьлічваў на свае заслугі; яго адзіным аргумантам была вялікая патрэба і гэтак можа зьвярнуцца да Хрыста кожны грэшнік. Мы ня маем нічога, што ўпаўнаважвала-б нас да атрыманьня ласкі. Быў час, калі кожны, хто хацеў быць упэўненым у сваім будучым збаўленьні, ішоў у манастыр, накідаў сабе жорсткі рэжым, самабічаваўся, але ніколі ня мог мець упэўненасьці, ці ўсе яго заслугі перавышаюць колькасьць заганаў.

Для сучасных вернікаў, якія замкнуліся ў энклавах сваіх канфэсіяў і адгарадзіліся ад іншых бар’ерамі сваёй адметнасьці, прыклад евангельскага сотніка павінен быць асабліва павучальны. Мы павінны памятаць, што „вера бяз добрых учынкаў — мёртвая”, але і з другога боку, як пісаў апостал Павал у Лісьце да эфэсянаў, „ласкаю вы збаўлены праз веру і гэта не ад вас, — гэта Божы дар: не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся” (Эфэс. 2, 8). Гэтак-жа ён пераконваў свайго вучня Ціта, калі пісаў, што Хрыстос збавіў нас „не з учынкаў справядлівасьці, але паводле міласэрнасьці сваёй” (Ціт. 3, 5).