Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Раство Хрыстовае — Каляды

Штогод Праваслаўная Царква і ўсе хрысьціяне адзначаюць вялікае, радаснае сьвята Раства Хрыстовага — Каляды. У гэтыя сьвяточныя дні ўсіх нас ахоплівае атмасфэра здарэньня поўнага невыказнай і незвычайнай чароўнасьці, узьнёслай дабрыні, настрой задуменнасьці над жыцьцём і нядоўгавечнасьцю. Больш чымсьці калі-небудзь адчуваем блізкасьць Бога, Яго прысутнасьць сярод нас, нашу еднасьць з Хрыстом і з усімі людзьмі. Яшчэ раз маем магчымасьць перажыць тайну зьяўленьня Бога ў целе, бо ў гэтым здарэньні ўсё таямнічае: Бясконцы нараджаецца, Вечны ўвасабляецца, Усемагутны зьніжаецца да вобразу слугі...

Чаму-ж гэтак нас хвалюе евангельскае апавяданьне пра Дзіця, якое нарадзілася ў ясьлях у халодную віфлеемскую ноч? Чаму асабліва блізкія чалавечаму сэрцу якраз Каляды? Мабыць між іншым таму, што ў гэты асаблівы дзень прабуджаюцца ў нас успаміны бесклапотнага дзяцінства. Ажываюць знаёмыя, але інакш успрыманыя вобразы: ёлка, запах сена на стале, скрыпеньне сьнегу пад палазамі саняў па дарозе ў царкву, непаўторны смак куцьці згатаванай рукою маці, якой у многіх ужо няма. Звычайнымі словамі цяжка выказаць настрой вячэры і калядных дзён. Вось таму гэта перш за усё сьвята дзяцей і тых, у каго захавалася чульлівае, добрае сэрца.

У гэтую непаўторную ноч, калі ўдзельнічаем у каляднай багаслужбе, усім нам патрэбна перш за ўсё прастата. Толькі той, хто мае вочы дзіцяці, здольны штогод захапляцца і радавацца Віфлеемскім Цудам і зразумець тайну, перад якой бясьсільнее розум і якая даступная толькі веры. Чым мы павінны радавацца? Тым, што як гаворыць прарок Ісаія „дзіця нарадзілася і Сын дадзены нам”. Але ці-ж ня кожны дзень, ня кожную мінуту родзяцца дзеці? Так, кожныя народзіны — гэта прычына радасьці і надзеі перш за ўсё для бацькоў, але таксама кожнае народжанае на зямлі дзіцё зьяўляецца знакам таго, што Бог яшчэ канчаткова не ўсумніўся ў чалавека. Аднак Дзіцё, якога народзіны ўспамінаем у гэтую ноч, выклікае асаблівую надзею і радасьць, бо, як гаворыць апостал, „зьявілася ласка, якая нясе збаўленьне ўсім людзям”. Усе гэтыя прычыны для радасьці выказаны ў першым калядным пасланьні накіраваным да пастухоў: „Ня бойцеся! Вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсім людзям. Бо цяпер нарадзіўся ў горадзе Давідавым Збавіцель, Які ёсьць Хрыстос Госпад. І вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялёнках лежачага ў ясьлях” (Мацьв. 2, 10-12). У гэтых словах зьмешчаны ўвесь парадокс Раства Хрыстовага! Чаго толькі не спадзяваліся ад гэтых народзін: радасьці, міру, справядлівасьці, збаўленьня. І раптам стаем перад Дзіцём у ясьлях, перад слабасьцяй і беднатой, якой ніхто ня мог сабе ўявіць. Мір і справядлівасьць сьвету прынёс той, каму нават не знайшлося месца пад дахам. „Бог, — пісаў апостал Павал, — абраў дурноту гэтага сьвету, каб засароміць мудрых, абраў млявае гэтага сьвету, каб засароміць дужасьць” (1 Кар. 1, 27). Што для сьвету можа быць большым глупствам за бед- насьць і бездапаможнасьць дзіцяці?

У гэтым парадоксе, поўнай пераацэнцы чалавечых каштоўнасьцяў і лёгікі тым болей выяўляецца рэальная і немінучая сіла Раства Хрыстовага. Прадказаны прарокамі і выгляданы стагодзьдзямі прыход Збавіцеля — гэта гістарычны факт. Ён наступіў тады , „калі наступіла паўната часу” (Гал. 4, 4), калі дасьпела ў людзях неадольная прага вызваленьня ад грахоў і сьмерці. Сын Божы, „адбітак Хвалы Айца і адлюстраваньне Ягонай Істоты” (Яўр. 1, 3), прыходзіць да тых, якіх стварыў на свой вобраз і падабенства. Прыйшоў, як сапраўднае сьвятло, да людзей „акунутых у цемру і змрок” (Пс. 106, 10). Свой лёс пажадаў Ён спалучыць зь лёсам кожнага з нас, асабліва прыніжаных, пакрыўджаных і загубленых у сьвеце. Зьніжаючыся да чалавечай меркі Ён стаўся бачным знакам Божай любові да стварэньня, знакам чалавечай велічы і велічы яго пакліканьня. Прыйшоў, каб ачысьціць і падняць да Сваёй меры тое чалавечае падабенства, прыпадабняючыся да нас ва ўсім, акрамя грэху. Інакш кажучы: выйшаў насупраць нас, нашай нязначнасьці, каб вярнуць боскую годнасьць чалавеку.

У сьвеце, дзе панавалі грэх і сьмерць, Ён пастанавіў абясшкодзіць джала сьмерці. Быў Царом Славы, аднак стаўся падданым імпэратара, каб паказаць, што наша сапраўдная Айчына — у небе. Навучаў у невялікай Палесціне , але Ягоная навука ператварыла ўвесь сьвет. Увасабляў ідэал чалавечай годнасьці, аднак спазнаў прыніжэньне, няславу і ганебную сьмерць. У непраўдападобным спалучэньні супярэчнасьцяў: у царскай годнасьці і ў вобразе слугі, у прыняцьці на сябе грахоў сьвету і ў добраахвотнай канчыне з рук тых, каго ўзьлюбіў, мы ў Хрысьце бачым і ясьней разьмяжоўваем праўду і беззаконнасьць, годнасьць і прыніжэньне, жыцьцё і сьмерць. Таму гэтак блізкі і дарагі нашаму сэрцу чароўны вобраз увасобленага Сына Божага, што „дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня” стаўся безабаронным дзіцём, не перастаючы быць Богам.

Тым ня менш зараз, як і ў тую віфлеемскую ноч, сьвет ставіцца да Хрыста неаднолькава. Ёсьць людзі, якія шчыльна замыкаюць дзьверы сваіх сэрцаў, дзе духоўнае жыцьцё замерла. Ёсьць іншыя, якія зь дзіцячай верай, бяз доказаў і сумненьняў прымаюць радасную вестку пра Раство Хрыстовае. Яшчэ іншыя, бы магі з Усходу, ідуць насустрач Хрысту, паверыўшы ў выніку карпатлівых досьледаў. Бываюць таксама людзі быццам Ірад. Яны гатовы змагацца нават з Богам. Яны тайна вераць, але яўна ненавідзяць. Ёсьць яшчэ і такія, якіх, мабыць, усё больш: для іх абыякавае ўсё, акрамя зьнешняй традыцыі: акрамя падаркаў, ёлкі, сьвяточнага стала.

Хай для ўсіх будуць гэта блаславёныя дні, нагода да выяўленьня сямейных сувязяў, сьцішэньня заган, дні павагі і згоды. Хай сярод штодзённай мітусьні дойдзе да нашай сьвядомасьці адна асноўная, вялікая і збавіцельная праўда, што „так Бог узьлюбіў сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць, не памёр, але меў жыцьцё вечнае”. Амін.