(Мацьв. 9, 27-35)
Евангельле поўніцца апісаньнямі цудаў аздараўленьня хворых.
Вось у 9-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея чытаем пра аздараўленьне двух сьляпых і нямога. Трэба адзначыць, што кожнае аздараўленьне мела акрамя сваёй асноўнай мэты своесаблівы сэнс павучэньня народу. Пакуты паасобных людзей былі нагодай для ўсьведамленьня людзям прычыны хваробаў, раскрыцьця іхнага глыбейшага сэнсу. Звычайна ў Евангельлі хваробы і беды мелі сувязь з грахом, лічыліся пакараньнем за грэх. Аднойчы, аднак, на пытаньне, ці зграшыў сам хворы ці ягоныя бацькі Хрыстос адказаў: „Ні ён, ні бацькі ягоныя, але каб выявілася на ім моц Божая”.
Пытаньне пакутаў вечнае. Хваробы і гора, паражэньні і нястачы — сумная заканамернасьць чалавечага лёсу. Чалавек журыцца аб сваім незайздросным лёсе ня толькі таму, што ён невыносны. Ён успрымае свой боль як незаслужаны, несправядлівы і непатрэбны. „Чаму такое мусіла здарыцца са мною?” — бедавала Маргарыта, гераіня трагедыі „Фаўст” Гётэ. Раз за разам раздаецца скарга, чаму выбухаюць такія жахлівыя войны, трагедыі, катаклізмы? Чаму пакутуюць бездапаможныя, нявінныя дзеці? Дзе Бог, чаму Ён дапускае такое? Для некаторых людзей гэта асноўны аргумант, што Бога няма, бо калі-б быў, такія зьявы не маглі-б здарыцца.
Сапраўды, няверуючаму цяжка адказаць на такія пытаньні, бо лягічнага адказу на іх няма. Можна, аднак, паспрабаваць адказаць гэтак: баліць, каб гэткім чынам зьвярнуць увагу на небясьпечную хваробу і своечасова лячыць яе. Бываюць жахлівыя войны, каб іхныя жахі нарэшце ўсьведамілі людзям вартасьць міру. Ёсьць сьмерць, каб людзі тым болей навучыліся даражыць жыцьцём.
Гэта пераканаўчыя адказы, але хрысьціянін шукае адказу на такія пытаньні у глыбіні сваёй веры. Ён проста дапускае думку, што напэўна існуе нейкі Божы плян, можа ўсё непрыемнае служыць нейкай вышэйшай мэце?
У штодзённым жыцьці назіраем адну сумную зьяву. Пастаянны дабрабыт робіць чалавека нечульлівым на беднасьць іншых людзей, ды і высокія пасады выклікаюць пыху і нахабства. Бясконцыя посьпехі спрычыняюць зазнайства і самаўпэўненасьць. Беспакаранасьць асьмельвае і разбэшчвае яшчэ болей. Людзі здаровыя, маладыя, моцныя — пераважна легкадумныя і пустыя. Яны жывуць быццам бы сонца мела ніколі не зайсьці. Яны не задумваюцца, ня лічацца ні зь людзьмі, ні з Богам. Каб спакарнелі, патрэбны ім нейкі ўдар, няшчасьце, спазнаньне бяды, небясьпекі і нядолі. Толькі тады яны зразумеюць свае памылкі, у іх прабудзяцца вышэйшыя пачуцьці.
Шмат людзей прыйшло да веры ў цяжкіх абставінах, перад пагрозай сьмерці або ў часе цяжкой хваробы. Іхны боль і пакуты сталі пачаткам духоўнага адраджэньня, сталі блаславенствам для іх саміх і для іншых людзей.
Больш за 250 гадоў таму памёр Гэорг Фрыдрых Гэндэль. Папулярны кампазытар, якому жылося нядрэнна, раптам стаў часткова паралізаваным і да таго застаўся амаль бяз сродкаў для жыцьця. У гэтай незвычайнай для яго сытуацыі ён перадумаў сваё жыцьцё і зьвярнуўся думкамі да Бога. Гэндэль стварыў несьмяротную араторыю „Месія”, якая ўзрушвае мільёны сэрцаў, у якой людзі знаходзяць бальзам для душы. Гора, якое яго ўпаткала, сталася блаславенствам і для яго, і для ўсяго чалавецтва.
Вялікі ангельскі паэт Джон Мільтан напісаў сваю цудоўную паэму „Страчаны рай”, калі поўнасьцю асьлеп. Бяда адабратварыла ня толькі яго, але шэраг выдатных людзей.
„Сіла Божая выяўляецца ў немачы”, — гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні. Бачна, што там, дзе канчаецца чалавечая сіла і самаупэўненасьць, пачынае дзейнічаць Божая сіла. Мабыць і пакуты, індывідуальныя і агульныя, зьяўляюцца — як не парадаксальна — пасевам вышэйшых каштоўнасьцяў. Відаць, вялікае нараджаецца ў пакутах.