Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра суцішэньне буры

(Мацьв. 14, 22-34)

Апавяданьне пра суцішэньне буры і выратаваньне апостала Пятра — адно з найбольш глыбоказьмястоўных і сымбалічных. Пётр захацеў ісьці па вадзе і некаторы час ішоў, аднак спалохаўся буры і ветру ды пачаў тануць. Хрыстос выратаваў яго, аднак папракнуў за малавернасьць: „Чаму ты сумняваўся”, — сказаў Пятру.

Сымбалічнасьць гэтага апавяданьня заключаецца ў тым, што само чалавечае жыцьцьё можна прыраўняць да мора. Яно прыносіць навальніцы і вецер, спакусы і небясьпекі. Гэты цяжкі жыцьцёвы шлях патрабуе перш за ўсё веры. Для чалавека — гэта фундамантальнае пытаньне непараўнальнае зь нічым іншым. У штодзённым жыцьці назіраем, што наш лёс і быт шмат у чым акрэсьліла прафэсія, або тое, якія нам трапіліся муж або жонка. Вера ахоплівае ўсе сфэры жыцьця. Яна вызначае наша стаўленьне да сямейнага жыцьця, да працы, акрэсьлівае нашы ідэалы і сьветапогляд. Вось таму гэта справа выключнай важнасьці гэтак для паасобнага чалавека, як і для ўсяго грамадзтва.

Сьвятое Пісаньне вучыць, што вера абсалютна неабходная і нічым яе немагчыма замяніць. Гэта акт даверу і самааддачы, калі адчыняем Богу дзьверы свайго сэрца. „Вер у Госпада Ісуса, а збавішся ты і дом твой”, — чытаем у Дзеях Апостальскіх. У Евангельлі часта гучаць словы „вера твая збавіць цябе... калі будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, нічога ня будзе немагчымага для вас”. Сьвятое Пісаньне падкрэсьлівае, што вера — гэта „Божы дар, які неабходна разьвіваць і рупіцца пра ягоны рост”. Яна ніколі не бывае статычнай, але ўмацоўваецца або слабее на працягу жыцьця. Людзі — гэтак як і апостал Пётр — сумняваюцца, расчароўваюцца, аглядаюцца назад. Ім не хапае рашучасьці, каб свой лёс цалкам скласьці ў Божыя рукі...

Шмат стагодзьдзяў таму, калі крылы рымскага арла кідалі цень на ўвесь тагачасны сьвет, мужныя ваяры кесара накіраваліся пакарыць Брытанію. Калі на гарызонце зьявіліся рымскія караблі, абарыгены згуртаваліся, каб бараніць сваю Радзіму. На іх вялікае дзіва, першае, што рымляне зрабілі, гэта спалілі свае караблі. Яны засталіся без магчымасьці адступленьня. З такім непераможным духам і ўпэўненасьцяй у сваёй перамозе яны мусілі перамагчы і перамаглі. Нічога дзіўнага, што з часам малая вёска на беразе Тэмзы стала валадаркай усяго сьвету.

Ступіць на шлях веры значыць поўнасьцю падпарадкаваць сябе Богу. Гэтак зрабіў Аўраам, калі выбраў беспрытульнасьць і прынёс ахвяру са свайго асабістага шчасьця дзеля вышэйшаша дабра. Падобна паступіў і Майсей, калі адмовіўся ад раскошнага жыцьця ў Егіпце, каб сярод нягодаў і цяжкасьцяў выканаць Божы плян.

Веру дэкляруюць многія, бо дэклярацыя нічога не каштуе. Горш бывае з тым, каб паводзіць сябе ў адпаведнасьці са сваімі дэклярацыямі. Неаднойчы з сорамам ловім сябе на разладзе паміж абяцаньнямі і фактамі. Многія людзі рэгулярна ходзяць у свае цэрквы, прытрымоўваюцца традыцыяў і абрадаў, аднак у штодзённым жыцьці жывуць нягодна. Крывадушная пабожнасьць бачная, напрыклад, у вядомым кінафільме Франсіса Копалі „Бацька хросны”. Проста не ўмяшчаецца ў галаве, як можна сумясьціць мафіёзную, злачынную дзейнасьць з сур’ёзным, акуратным удзельніцтвам у касьцельным жыцьці.

Бадай асноўная праблема не ў тым, што існуе адкрытае нявер’е і нават ваяўнічы атэізм. Для Царквы, мабыць, большай праблемай зьяўляецца факт, што ў той самай краіне, дзе пераважная большасьць насельніцтва дэкляруе сваю прыналежнасьць да нейкай канфэсіі, не зьмяншаецца колькасьць абортаў, разводаў, забойстваў, крадзяжоў і іншых злачынстваў. Калі вера не выяўляецца ў жыцьці, калі яна не выклікае добрых учынкаў, дык яна мёртвая. У часе вялікай справаздачы апошняга Суду і мы можам пачуць дакор: „Вы толькі называліся хрысьціянамі, але ніколі імі не былі”.