(Мацьв. 17, 14-23)
Звычайна гаворыцца, што нельга брацца за тое, чаго чалавек ня ўмее. Аб нечым падобным гаворыцца ў 17-м разьделе Евангельля паводле Мацьвея. Апосталы спрабавалі, аднак ня здолелі аздаравіць апантанага хлопца, за якога сьлёзна прасіў ягоны бацька. Хрыстос зьлітаваўся над нешчасьліўцам, але адначасова папракнуў сваіх вучняў у нявер’і. „О, родзе няверны і крывадушны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас?” — сказаў Ён. Адначасова патлумачыў апосталам, чаму яны ня здолелі зьдзейсьніць цуду. „З прычыны няверы вашай, бо запраўды кажу вам, што калі будзеце мець веру як гарчычнае зерне, нічога ня будзе немагчымага вам”. Гэта быў павучальны ўрок на будучыню.
Вера апосталаў павінна была ўмацоўвацца цераз пост, малітву і пакорлівасьць сэрца. Пры гэтым яны павінны былі адмовіцца ад усякага славалюбства, каб стацца толькі прыладай у Божых руках.
Абяцаньне, што калі будзем мець прынамсі крыху веры, тады нічога ня будзе немагчымага нам прымаем зь недаверам. Няўжо наша вера была-б здольная зьдзейсьніць цуды, як гэта здаралася зь вялікімі цудатворцамі? Няўжо мае малітвы былі?б здольныя аздараўляць, памнажаць хлеб, суцішаць буры? Аднак факт, што абяцаньне Хрыстовае ўспрымаем зь недаверам азначае, што і наша вера меншая нават за гарчычнае зерне. Мы нават ня просім цуду. Няма веры і няма цудаў.
У сувязі з гэтым евангельскім апавяданьнем могуць узьнікнуць думкі пра службу, сьціпласьць і адказнасьць. Кожны чалавек павінен ведаць сваё месца, належна ацэньнваць свае магчымасьці і адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. Адпаведная ацэнка свайго пакліканьня шмат каму дазволіла-б пазьбегнуць асабістага расчараваньня і шкоды нанесенай грамадзтву. Людзі часта бяруцца за працу, да якой яны непакліканы. Нездаровыя амбіцыі і славалюбства часта бяруць верх над цьвярозай ацэнкай сваіх магчымасьцяў.
У Лісьце да карынфянаў апостал Павал пісаў: „Ці-ж усе апосталы, ці-ж усе прарокі, ці-ж усе настаўнікі, ці-ж усе маюць уладу аздараўляць?” Не зважаючы на свае бясспрэчныя здольнасьці і посьпехі ён сьціпла падкрэсьліваў: „Я найменшы з апосталаў... я нават нягодны называцца ім”. Сваю службу ён разумеў гэтак, як трэба. „Будучы вольным ад усіх, — пісаў ён, — я падняволіў сябе ўсім, каб больш прыдбаць... не шукаючы ўласнай карысьці, але рупячыся пра многіх, каб усе былі збаўлены”.
Кожны чалавек можа адносна добра выконваць некалькі працаў, аднак найлепш можна выконваць толькі нейкую адну. Кожны атрымаў нейкі спэцыфічны дар, нейкую здольнасьць, якая ня дадзена ўсім і гэтую здольнасьць ён павінен успрымаць як заданьне. Некаторыя бацькі прымушаюць сваіх дзяцей вучыцца на юрыстаў, лекараў, бо гэта прэстыжныя і пераважна добра аплачваныя прафэсіі. Бывае, што цалкам пазбаўленае музычнага слыху або мастацкага таленту дзіця бацькі пасылаюць у адпаведныя школы, бо гэта іхная ўласная, нязьдзейсьненая мара. Такія дзеці, насуперак сваім зацікаўленьням і здольнасьцям, ніколі ня будуць добрымі адвакатамі, лекарамі ці мастакамі, але маглі-б быць, напрыклад, добрымі рамесьнікамі.
З другога боку, кожная здольнасьць даецца чалавеку зь нейкай мэтай: не дзеля таго, каб хваліцца ёю, або карыстацца выключна дзеля сваёй выгады. Некаторыя людзі вераць у сваю незаменнасьць. Яны лічаць, што для дабра справы нельга ім уступаць зь нейкай пасады, бо бязь іх усё разваліцца. У сваіх старэчых руках зайздросна трымаюць стырно кіраваньня дзяржавай, Царквой або нейкай іншай установай. Яны ня хочуць зразумець, што такім чынам магчыма служаць свайму дабру, але справе несумненна шкодзяць. На сьвеце, праўда, усё менш дыктатараў, аднак застаецца дастаткова людзей на высокіх пасадах, якія лічаць, што не яны павінны служыць народу, але народ ім. Інакш разумеў сваё пакліканьне слаўны брытанскі фэльдмаршал Бэрнард Мантгомэры. Гэты дасьведчаны камандзір гаварыў, што якраз штаб і камандзіры павінны служыць арміі, а не наадварот. Каб гэтак лічыць, трэба быць ня толькі добрым камандзірам, але перш за усё разумным чалавекам. Пераацэньнваючы свае заслугі чалавек непазьбежна трапляе ў сетку свайго зазнайства.
У часе сваёй апошняй паездкі ў Эўропу вядомы гіндускі палітык і духоўны правадыр народу Махатма Гандзі сустрэўся са студэнтамі. У адказ на іхнае цёплае прывітаньне ён сказаў: „Сёньня я адчуваю сябе сярод вас студэнтам нават болей, чымсьці вы. Менавіта таму, што лепш за вас усьведамляю, колькі рэчаў яшчэ ня ведаю і колькі яшчэ мне трэба вучыцца”.
Амаль дзьве тысячы гадоў таму апостал Павал напісаў: „Калі камусьці здаецца, што ён нешта ведае, дык ён яшчэ нічога ня ведае гэтак, як павінен ведаць”. Усьведамленьне сабе таго, што ўсё зьяўляецца Божым дарам, а чалавек толькі прыладаю ў Божых руках схіляе нас і апавяданьне пра аздараўленьне апантанага хлопца.