(Мацьв. 18, 23-35)
„Колькі разоў я павінен прабачаць? Ці ажно сем разоў?” — пацікавіўся аднойчы апостал Пётр. Ён напэўна лічыў, што існуе нейкі абмежаваны кантынгент цярплівасьці, аднак Хрыстос адказаў яму, што прабачаць трэба бясконца.
Аднойчы цар вырашыў разьлічыцца са сваімі падданымі. Выявілася, што адзін зь іх запазычыўся ў цара на дзесяць тысяч тагачасных талентаў, суму практычна немагчымую да выплаты. У адказ на благаньні слугі прынамсі пачакаць пакуль даўжнік зьбярэ патрэбную суму, цар велікадушна дараваў яму ўвесь доўг. Памілаваны даўжнік сустрэў чалавека, які быў яму вінаваты невялікую суму і катэгарычна стаў патрабаваць вярнуць гэты доўг.Той прасіў і благаў адтэрміноўкі, але надарэмна. Крэдытор, якому цар дараваў вялізны доўг, падаў свайго даўжніка ў суд. Даведаўшыся пра гэтае цар паклікаў няўдзячнага слугу і заявіў яму: „Ці-ж не належала табе зьмілавацца над сябрам сваім, як я зьлітаваўся над табою?” І разгневаны цар аддаў яго катам, пакуль ня верне ўсяго даўгу. „Гэтак і Айцец ваш нябесны зробіць з вамі, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму правінаў ягоных”, — закончыў Хрыстос сваю прытчу.
Гэтая прытча настолькі зразумелая, што не патрабуе ніякіх тлумачэньняў. Яна вядомая, але ўся праблема заключаецца ў тым, што яе лягчэй зразумець чымсьці выканаць. Прабачэньне, дараваньне людзям іхных правінаў патрабуе пераадоленьня нашай чульлівай амбіцыі і неаднойчы пярэчыць паняцьцю справядлівасьці. Гэта прыкмета ня толькі велікадушнасьці, але і розуму. Красамоўны прыклад знаходзім у Старым Запавеце. Цар Саул зайздросьціў Давіду славы і спрабаваў яго забіць. Калі аднойчы Давід засьпеў сьпячага Саула, ён не забіў яго, але толькі адрэзаў кавалак вопраткі, каб даць яму зразумець, што быў там, аднак не скарыстаў нагоду, каб адпомсьціць свайму праціўніку. Пасьля гэтага Саул раскаяўся перад Давідам і ненавісьць паміж імі ператварылася ў сяброўства.
Прытча вобразна адлюстроўвае праўду, выказаную ў шматлікіх месцах Евангелыля. Напрыклад: „Якою мераю вы будзеце мераць, такой адмерыцца і вам” ці „Блажэнны міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць”. Бадай наймацней гэта выказана ў словах малітвы Гасподняй „Ойча наш”, якія паўтараем штодзённа: „І адпусьці нам грахі нашы гэтак як і мы адпускаем даўжнікам нашым”. Людзі, якія ня ўмеюць дараваць правінаў — сухія, ганарыстыя і няшчасныя; хрысьціянін, які ня ўмее прабачаць — гэта два несумяшчальныя паняцьці. Хрысьціянін павінен умець выбачаць, таму што такая прырода яго абноўленай душы. Не дароўваючы іншым іхных правінаў ён перш за ўсё шкодзіць сабе і сваёй душы, бо, паводле слоў блажэннага Аўгусьціна, „хто жыве ў разладзе зь людзьмі, той ня можа быць у еднасьці з Хрыстом”. Некаторыя кажуць: „Чаму я павінен дараваць, калі вінаваты ён, а не я?” Аднак уся справа ў тым, што прабачаць можна толькі вінаватым, а невінаватыя не патрабуюць прабачэньня. Мы ўсе ў нечым вінаватыя. Невінаватыя толькі памерлыя і тыя, што яшчэ не нарадзіліся!
Клясычны прыклад таго, да чаго прыводзіць заўзятасьць, знаходзім у Гогаля ў „Аповесьці аб тым, як паспрачаўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам”. Аднойчы адзін зь іх сказаў другому: „А вы, Іван Іванавіч, сапраўдны гусак” і з прычыны гэтай дробязі разгарэлася такая варажнеча, што дайшло да суду. Нават судзьдзя прасіў Івана Іванавіча махнуць рукой і дараваць гэтую дробную зьнявагу, але той дваранін і хрысьціянін ня ўмеў прабачыць свайму суседу. Калі дванаццаць гадоў пазьней Гогаль ехаў празь Міргарад, сустрэўся зь Іванам Нікіфаравічам і не пазнаў яго, бо такі быў ён худы, сівы і паморшчаны. Судовая цяжба ўсё яшчэ працягвалася і Гогаль канчае сваю аповесьць словамі: „Маркотна на гэтым сьвеце, спадары”. Калі-б усе пайшлі за прыкладам гэтых двух людзей, на сьвеце было-б проста ня сумна, але жахліва!
Шчасьлівы той, хто можа паўтарыць за сьвятым Рыгорам Ніскім (4 стагодзьдзе): „Госпадзе, рабі са мною тое, што я раблю. Я мог-бы адпомсьціць за сябе, аднак паўстрымоўваюся, і Ты не рабі гэтага. Я апярэдзіў майго сябру прымірэньнем зь ім, апярэджвай мяне і Ты сваёю ласкай. Я забыўся пра спрычыненае мне зло, забудзь і Ты пра мае грахі. Я люблю майго сябру як і раней перад тым, як ён пакрыўдзіў мяне, любі мяне і Ты, Божа, калі я ўгняўлю Цябе. Паступай са мною гэтак, як я паступіў са сваім сябрам. Я зрабіў тое, што Ты загадаў, рабі і Ты, як абяцаў: адпускайце і будзе адпушчана вам”.
Такім чынам евангельская прытча пра неміласэрнага даўжніка кожны раз нагадвае вядомую, але ня цалкам усьвядомленую праўду: суд над намі Бог аддаў — так бы мовіць — у нашы рукі. Ад нас залежыць, ці яшчэ пры жыцьці запэўнім канчатковы прысуд над сабою. Як мы паступім са сваімі бліжнімі, гэтак і Бог паступіць з намі. Калі прабачым, тады самі атрымаем прабачэньне. Празь Сьвятое Пісаньне гэтак сказаў сам Бог і не адмовіцца ад Свайго слова.