(Мацьв. 17, 1-9)
„Як добра нам тут!” — усклікнуў апостал Пётр у момант, калі на гары Фавор Хрыстос паказаўся ў зьзяньні Боскай Славы. Хрыстос, як чытаем у Евангельлі, узяў на гару толькі трох вучняў: Пятра, Якуба і Яана. Там „адмяніўся перад імі і зазьзяла аблічча Ягонае як Сонца і адзеньне стала белае як сьвятло... і паказаліся ім Майсей ды Ільля размаўляючыя зь Ім... І вось воблака яснае ахінула іх і голас з воблака прагучэў: Гэта Сын Мой Улюбёны, Якога Я вельмі ўпадабаў. Яго слухайце” (Мацьв. 17, 2-5).
Якое-ж значэньне мела гэтая падзея ў жыцьці Хрыста ды Ягоных вучняў і якое ў жыцьці сучаснай Царквы і нашым? У жыцьці Хрыста Праабражэньне было адначасова аб’яўленьнем і Айца, і Хрыста. Прыйшоўшы на сьвет і прыняўшы чалавечае цела Сын Божы заставаўся ахінуты заслонай. Звонку быў падобны на людзей і некаторыя пыталі: „Ці не сын цесьляра Ён? Яго маці звалі Марыяй. Ц-іж не жывуць сярод нас Яго сваякі?” Такім чынам Яго жыцьцё праходзіла сярод звычайных людзей. Ісус падрастаў, працаваў, адчуваў стомленасьць і натуральна маліўся. Аднак быў Богам. Праабражэньне неспадзявана выявіла праўду аб Ім. На адно імгненьне, пад узьдзеяньнем сьвятла, якое Павал называе „яснасьцяй сьвятла пазнаньня Славы Божай”, заслона Ягонага чалавецтва адхілілася. Да сьвятла далучыўся голас Айца нібыта паясьняючы значэньне таго, што здарылася: „Гэта Сын Мой Улюбёны... Яго слухайце”. Гэтым самым незадоўга да пакутаў і сьмерці Праабражэньне Хрыста на гары Фавор падбадзёрыла вучняў і ўмацавала іхную веру. Сэнс гэтай падзеі выказаны ў царкоўнай песьні: „Каб бачучы Цябе ўкрыжаваным, яны зразумелі добраахвотнасьць пакутаў”. Сьвяты Яан Залатавусны пісаў, што Хрыстос адмяніўся перад вучнямі „жадаючы павучыць іх і паказаць, у чым будзе заключацца тая Слава, у якой Ён прыйдзе. Ён ужо зараз, у гэтым жыцьці, аб’яўляе яе, каб усе яны, асабліва-ж прыгнечаны Пётр, не баяліся ні сваёй сьмерці, ні сьмерці свайго Госпада”. Праабражэньне было таксама прадвесьцем канчатковага часу, паўторнага Прыходу Хрыста ў Славе. Увесь матэрыяльны сьвет пакліканы стаць месцам усяленьня ласкі Божай, зазьзяць такой славай, якую было дадзена адчуць апосталам на гары Фавор.
Дзякуючы таму, што сам апостал Пётр убачыў, іншыя апосталы маглі з упэўненасьцяй прапаведаваць Евангельле. „Бо мы абвясьцілі вам сілу і прыход Спадара нашага Ісуса Хрыста не ідучы за хітравыдуманымі байкамі, але былі навочнымі сьведкамі Яго велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Айца чэсьць і славу... Гэты голас зь нябёс мы чулі будучы зь Ім на сьвятой гары” (2 Пятр. 1, 16-17). Іхны досьвед стаўся неаспрэчным доказам і дазволіў апосталам з упэўненасьцяй гаварыць, што „не марудзіць Госпад з выкананьнем абяцаньня”.
Жыцьцё неаднойчы выпрабоўвае вернікаў праз пакуты. Часта іх ахінае цемра нагэтулькі густая, што не відаць неба. Яны бачаць толькі рэчаіснасьць, якая дазваляе адчуць толькі горыч.
У такія хвіліны атакуюць пакуты: тыя, што зьведалі іх мінулыя пакаленьні, цяперашнія, пакуты грэшнікаў і справядлівых. Узьнікае пытаньне: чаму гэтак адбываецца, калі Бог добры, калі Ён Айцец? Згодна апосталу, ужо нават першыя хрысьціяне сумняваліся: „Дзе-ж абяцаньне Ягонага Прыходу? Ад часу, калі нашы бацькі паўміралі, усё адбываецца гэтак-жа як з пачатку сьвету.”
У гэтым выпрабаваньні веры Евангельле і Праабражэньне ясьнеюць як самы верагодны залог перамогі. Усе пакуты кончацца.
Аднойчы кожны з нас і ўвесь сусьвет пераменяцца, бо кожны будзе падобны на Хрыста і будзе зь Ім „адным Духам”. Цяперашнія пакуты — гэта боль родаў. Як пісаў апостал Павал: „Мы ведаем, што ўсё стварэньне разам стогне і ўздыхае ў болях родаў... і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела свайго” (Рым. 8, 22-23). Апостал, відавочна, завалоданы гэтай думкай: „Мы ўсе з адкрытым тварам углядаемся на сьвятло Гасподняе нібыта ў люстры: дзякуючы Духу ўсё мацней ясьнеем, адмяняючыся ў той самы Ягоны вобраз” (2 Кар. 3, 18).
Тым часам Хрыстос, гэтак сама як да Пятра, Якуба і Яана, прыходзіць да нас, кладзе руку на плячо і просіць зысьці з гары. Ён просіць, каб пайшлі мы зь Ім у Ерусалім, г.зн. да штодзённых заняткаў. У дзень сьвята мы асьвячаем у храме першыя плады, але ўсё над чым мы працуем, да чаго дакранаемся можа быць асьвячана, стаць часткай Царства Божага, калі яно ўнутры нас і будзе як зьзяньне Хрыстова пашырацца вакол нас.