Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Вінаграднік і вінаградары

(Мацьв. 21, 33-42)

Прытча пра вінаграднік і вінаградараў мусіла прагучэць пагражальна. Слухачы напэўна лёгка зразумелі, што ў ёй у пераносным сэнсе гаворыцца пра суадносіны паміж Богам і яўрэйскім народам. Уласьнік вінаградніка —Бог, вінаградары — яўрэйскі народ, агароджа — азначала Божыя запаветы. Вінаградары былі абавязаны аддаваць уласьніку акрэсьленую частку плёну, аднак гаспадаровых пасланцоў яны білі або нават забівалі, не пабяўшыся забіць гаспадаровага сына. Бог пасылаў сваіх прарокаў для апавяшчэньня Сваёй волі і заклікаў свой народ да раскаяньня, аднак яўрэі не прымалі іх і ня слухалі. Урэшце, ва ўлюбёным Сыне слухачы выразна зразумелі намёк на Хрыста, Які пасланы быў дзеля апамятаньня людзей і якому яны ўжо рыхтавалі сьмерць. Гледзячы са спачуваньнем на Сваіх прасьледавацеляў Хрыстос сказаў: „Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: камень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаўся галавою вугла. Гэта сталася ад Госпада і ў вачах нашых дзіва”.

Выбіраючы прароцтва пра адкінуты камень Хрыстос меў на думцы сапраўднае здарэньне. Будаўнікам Саламонавага храму даставілі аднойчы камень незвычайнай велічыні і формы. Закінуты як непрыдатны ён валяўся, пакуль спатрэбілася выканаць навугольнік. Будаўнікі тады зразумелі, што дзеля стабільнасьці ўсёй будоўлі патрэбны камень выключнай моцы і ўстойлівасьці. Яны ўжылі камень, які пратрываў дзеяньне сонца, ветру і дажджу ды дакладна пасаваў на сваё месца.

Гэтае прароцтва Ісаіі Хрыстос адносіў да Сябе. Для адных Ён заўсёды быў краевугольным каменем, а для іншых — каменем спатыкненьня. „Вы збудаваны на фундаманце апосталаў і прарокаў, маючы краевугольным каменем самога Ісуса Хрыста, на Якім уся пабудова разам змацаваная расьце ў сьвяты храм у Госпадзе, на якім і вы разам будуецеся на жыльлё Божае духам”, — пісаў апостал Павал (Эфэс. 2, 21-22).

Аб тым, што Хрыстос зьяўляецца краевугольным каменем нашага жыцьця найлепш сьведчылі прыгожыя звычаі сялянскага побыту, на жаль, цяпер амаль забытыя. Калісьці, перад тым як сесьці за стол, дамачадцы маліліся. Знакам крыжа пачыналі кожную працу, а маці рабілі знак крыжа на падушцы дзіцяці і на кожнай буханцы хлеба. Каплічкі ля дарогаў, крыжы, іконы, сьвечкі і сьвячоная вада ў хатах паказвалі, што нашы продкі лепш разумелі важную праўду: Хрыстос сапраўды зьяўляецца краевугольным каменем усіх сфэраў жыцьця. Працай, адпачынкам, ежай, сном і нават забавай яны шанавалі Бога і намагаліся жыць у гармоніі зь Ім.

Некалі філёзаф Фрыдрых Шэлінг, выклаўшы сваю тэорыю, заявіў студэнтам: „Зараз і я магу як Хрыстос сказаць пра сябе: я — праўда, дарога і жыцьцё”. Сфармуляваная ганарыстым вучоным тэорыя выклікала тады толькі кпіны, а зараз нават пра самога Шэлінга, ня кажучы пра яго тэорыі, ведаюць толькі спэцыялісты. У мінулым наагул узьнікалі шматлікія тэорыі, якія ў свой час лічыліся неаспрэчнымі і дасканалымі, за якія фанатыкі гатовы былі аддаць сваё жыцьцё, аднак з часам яны выявіліся памылковымі і нявартымі ўвагі. Егіпецкія фараоны ўвекавечвалі свае імёны грандыёзнымі пірамідамі, каралі засноўвалі дынастыі, вучоныя выпісалі мора чарніла, аднак будоўлі рассыпаліся, імпэрыі разваліліся, поўныя мудрагельстваў кніжкі спарахнелі, а пра іхных аўтараў мала хто і памятае. Час паказаў, чаго яны былі вартыя на самай справе.

Калі трываласьць ідэі, ейны ўплыў на лёс чалавецтва і памяць пра стваральніка ідэі зьяўляюцца прыкметай ейнай вартасьці, дык Хрыста трэба прызнаць сапраўдным краевугольным каменем новай гісторыі. Год Ягоных народзін невыпадкова лічыцца пераломнай датай і пачаткам нашай эры. Ужо дваццаць стагодзьдзяў жывём пад уплывам хрысьціянскай культуры і Хрыстовай думкі. Ніхто іншы не паўплываў у такой ступені на лёс чалавецтва, на заканадаўства, асьвету, мараль і штодзённае жыцьцё, як Настаўнік з Назарэту.

Некалі на пытаньне азлобленых праціўнікаў першых хрысьціян адзін зь яўрэйскіх старэйшын — Гамаліель заявіў: „Калі ад людзей гэта, само змарнее, а калі ад Бога — ня здолееце зьнішчыць яго” (Дзеі. 5, 38-39). На фундаманце чалавечых аўтарытэтаў немагчыма пабудаваць нічога трывалага. Ёсьць аднак Імя, якое, не зважаючы на ўсё супрацьдзеяньне і прасьлед, надалей застаецца на вуснах мільёнаў людзей. Яго кахаюць або ненавідзяць, аднак дзьве тысячы гадоў гісторыі, паўтара мільярда вернікаў па ўсім сьвеце, сучасны стан нашай цывілізацыі, гавораць самі за сябе. Гэта і ёсьць той „адкінуты будаўнікамі камень, які стаўся галавою вугла”.