(Мацьв. 22, 1-14)
Атрымаць запросіны пераважна прыемна, асабліва калі гэта запросіны на вясельле. Бываюць запросіны, якія трэба ўспрымаць яшчэ як гонар. Банкет, сумесны стол становіцца знакам блізкіх, асабістых кантактаў, умацоўваюць лучнасьць і сяброўства. Ці ўсьведамляем мы, што нас таксама ўпаткаў такі гонар?
22-гі разьдзел Евангельля паводле Мацьвея пачынаецца прытчай пра пакліканьне на банкет каралеўскага сына. Аднак кліканыя на вясельле пагрэбавалі запросінамі. Яны „пайшлі — хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю... Другія-ж, схапіўшы каралеўскіх слугаў, зьняважылі іх і забілі”. Гаспадар пакараў забойцаў і на месца раней запрошаных загадаў паклікаць выпадковых людзей. Сярод іх кароль убачыў чалавека безь вясельнай вопраткі. За гэтую зьнявагу ён выкінуў яго і пакараў кажучы: „Шмат пазваных, але мала абраных”.
На прыкладзе гасьціннасьці, на пункце якой усходнія народы былі вельмі чульлівыя, Хрыстос сымбалічна паказаў суадносіны паміж Богам і людзьмі. Вясельны банкет — гэта нябеснае Царства, гаспадар — гэта Бог Айцец, а Жаніх — Ісус Хрыстос. Мець адпаведную вопратку — значыць быць апранутым у добрыя ўчынкі, у плашч добрай волі і міласэрнасьці, які прыкрые галізну нашай натуры.
Вясельная вопратка — гэта адкрытасьць нашага сэрца на Божую любоў, пакора і сьвядомасьць сваіх заганаў, чыстае сэрца, шчырасьць намераў і братэрская любоў. Біблейскае паняцьце баляваньня наагул мае глыбейшае значэньне. Банкетаваць — гэта значыць зьведаць радасьць прабываньня ў супольнасьці, спазнаць радасьць братэрства і еднасьці. Запрасіць каго-небудзь на банкет — гэта значыць вылучыць каго-небудзь і ўключыць яго ў лік тых, хто выбраны і хто сьвяткуе. У прытчы адмова перш пакліканых зьяўляецца намёкам на непрызнаньне яўрэямі Хрыста і яго навукі. На голас прарокаў яўрэйскі народ адказваў глухатой і зьняважлівасьцяй. Бог не раз дапускаў вынішчэньне яўрэйскага народу. Здавалася, вось яшчэ адзін катаклізм і ён наагул перастане існаваць. Аднак нават у крытычныя моманты народ не хацеў апамятацца і ня каяўся перад Богам. „Чаму маеце быць бітыя за сваю ўпартасьць”, — пытаў прарок Ісаія. Ён смуткаваў бачучы людзей, якія акуратна прыносілі ахвяры, займаліся ўсім: гандлем, жаніцьбамі, жывёлай і палямі, толькі ня думалі пра ачышчэньне сваіх душаў. Адначасова працягвалі акуратна адзначаць сьвяты і ганарыліся сваёй набожнасьцяй. „На што мне безьліч вашых ахвяраў, — гаварыў прарок ад Імя Божага, — не прыносьце больш дарэмных падарункаў... сьвяточных зборышчаў вашых не пераношу: беззаконьне — і сьвяткаваньне. Новамесяччы вашыя і сьвяты ненавідзіць душа мая... яны ярмо для мяне... ачысьцьцеся, абмыйцеся” (Ісаія. 1, 11-16).
Гістарычныя этапы Ізраіля і ягонае дасьведчаньне могуць быць урокам і перасьцярогай таксама для „новага Ізраіля” — новазапаветнай Царквы. Бог дае магчымасьць сучасным хрысьціянам заглянуць у сваё духоўнае люстра — Евангельле, каб убачыць у ім адбітак сваёй сутнасьці. На вялікі жаль, людзі пераважна Евангельле цалуюць, мала чытаюць і яшчэ менш выконваюць. Традыцыйна яны прытрымоўваюцца сьвятаў і пастоў, удзельнічаюць у багаслужбах і даюць на ўтрыманьне сваёй Царквы, але ў сэрцах — далёкія ад Бога.
Выбраны народ, той хто павінен быць першым, адкінуўшы Божыя запросіны, стаўся апошнім. Ягонае месца занялі паганцы, якія паступова далучаліся да Царквы. Сярод іх у 9 —10?м стагодзьдзях да хрысьціянскай сям’і далучыліся і нашы продкі. Працэс евангелізацыі сьвету страціў аднак сваю дынаміку, ён нагадвае сытуацыю, калі войска здолее пакарыць нейкую краіну, але ня зможа падпарадкаваць сабе тылы. Разам зь індыфэрэнтнасьцяй і рэлігійнай непісьменнасьцяй зьявілася патрэба паўторнай евангелізацыі. Гэта тычыцца і нашай Бацькаўшчыны. З аднаго боку працягваецца працэс рэлійнага ўздыму і духоўнага адраджэньня, а з другога — у наяўнасьці паталягічныя зьявы: злачыннасьць, расклад сям’і, разводы, аборты, самагубствы... Заклікаючы вернікаў да дзейнага прапаведніцтва Царква нагадвае, што поле сучаснай місіі вельмі блізка, побач нас. Формамі гэтай місіі могуць быць і пропаведзь, і катэхізацыя, і выдавецкая дзейнасьць, і шчырае служэньне тым, хто абяздолены і пакутуе. Да кожнага чалавека трэба знайсьці адпаведны падыход... Такім чынам пытаньне евангельскага гаспадара накіраванае да чалавека ў неадпаведнай вопратцы накіроўваецца да ўсіх вернікаў. Усе мы павінны застанавіцца над тым, якія мы хрысьціяне і ўзгадаць, што аддаючы пашану Богу мы „павінны пакланяцца Яму ў духу і праўдзе”. Справа тут ва ўнутраным стаўленьні чалавека, у дэманстраваньні сваёй веры ўчынкамі, а не традыцыяй і словамі. У штодзённым жыцьці назіраецца вялікая прывязанасьць чалавека да яго дробязных справаў ды імкненьняў. Нядбайнасьць або блізарукасьць схіляе людзей паехаць на дачу, калі адбываюцца важныя для будучыні асобнага грамадзяніна і для ўсёй краіны выбары, заняцца другарадным і занядбаць першараднае, паляжаць перад тэлевізарам заміж пайсьці ў Царкву. Атрымоўваецца, што нават Бог няварты таго, каб пасьвяціць Яму кавалак сваёй зямлі, бытавыя турботы або імгненьне прыемнасьці. На зямлі мы бясконца знаходзім справы і заняткі настолькі важныя і неадкладныя, што для Бога і сваёй душы ўжо не застаецца часу...
Божыя запросіны накіроўваюцца да нас, гэтак як і ў прытчы, у індывідуальным пляне. „Вось стаю ля дзьвярэй сэрца і грукаю”, — гаворыцца ў Евангельлі. Бог кліча нас самымі рознымі спосабамі і ў самых розных абставінах. Часам прамаўляе да нас голасам нашага сумленьня, раптоўным прасьвятленьнем, нават праз трагедыі і гора. Калі гонімся за прывідам зямных каштоўнасьцяў, выклікае пачуцьцё ненасытнасьці і расчараваньня...
Паводле слоў блажэннага Аўгусьціна, „неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не супачыне ў Богу”.
Евангельская прытча пра кліканых на банкет нагадвае нам адну асноўную праўду і адначасова дакор: мала выбраных не таму, што Бог пераборліва выбірае, але таму, што мала каго знаходзіць годным.