Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля пасьля Калядаў

(Мацьв. 2 разьдзел)

У другім разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея гаворыцца пра ўцёкі сьвятой сям’і ў Егіпет, пра спробы Ірада забіць Ісуса і перабіцьцё малалетніх дзетак у Віфлееме. Такім чынам ад самога свайго нараджэньня Хрыстос сустрэўся зь небясьпекай і ненавісьцяй. З часу, калі праведны Сімяон прадказаў: „Вось ляжыць Ён на ўпадак і паўстаньне многіх... і на знак Якому працівіцца будуць”, Хрыстос сапраўды зьяўляецца аб’ектам любові і ненавісьці, спрэчак і рознагалосьсяў. Ягонай місіі спрабавала перашкодзіць зямная ўлада, афіцыйныя ўстановы і чалавечая зайздрасьць. Аднак Божая воля і пляны выканаліся насуперак чалавечым меркаваньням . Хрыстос пасяліўся у Назарэце, дзе, як гаворыцца ў Евангельлі, „рос розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзей” .

Пасьля Калядаў, калі яшчэ захоўваецца ўзьнёслы, сьвяточны настрой, выпадала-б задумацца: якое значэньне мае ня толькі для нас, але і для ўсяго сьвету Раство Хрыстовае? Якім быў сьвет да Хрыста, якім стаўся пасьля яго і якім быў-бы без Хрыста?

Да Хрыста чалавецтва ня ведала, якая сапраўдная мэта чалавека і якія яго заданьні. Апісваючы тагачасны быт апостал Павал заявіў: „Аб тым-жа, што яны робяць тайна, проста сорамна гаварыць”. Распуста была ня толькі ўзаконена, але і ўсхвалялася. Сёньня цяжка сабе ўявіць, што грэкі і рымляне шанавалі агонь, душы продкаў і статуі кесараў. Культурныя егіпцяне шанавалі быка і ката, а гіндусы — агонь. Выдатныя людзі старажытнасьці: Арыстоцель, Платон, Сафокл, Гарацый і Вергілій усьведамлялі тупіковасьць сытуацыі. Платону прыпісваюцца словы: „Ня ведаю, адкуль іду, ня ведаю, хто я, ня ведаю, куды іду. Ты, Няведамая Істота, зьлітуйся нада мною”. Ці-ж не адчуваецца ў гэтых поўных роспачы словах журба людзкой душы за Хрыстом? Калі ўсьведамім сабе гэты стан бязвыхаднасьці і суму, тады зразумеем, якое значэньне для сьвету мела нараджэньне Хрыста. Каб пералічыць, які ўплыў мела хрысьціянства на лёсы ўсяго чалавецтва, трэба было-б напісаць некалькі тамоў. Уплыў на мараль, эканоміку, мастацтва і асьвету немагчыма не заўважыць.

Зерне шматлікіх дабрадзейнасьцей засеяла толькі хрысьціянства. Яно ўзвяло на п’едэстал унутраную чысьціню, братэрскую любоў, растлумачыла сэнс пакутаў і вартасьць жыцьця, а таксама сэнс беднасьці, унесла лад у сямейнае жыцьцё, вярнула раўнапраўе жанчынам і прынамсі тэарэтычна асудзіла нявольніцтва.

Для хрысьціяніна не было „грэка і яўрэя, нявольніка і свабоднага, мужчыны і жанчыны”. З прыходам хрысьціянства зьмяніліся адносіны да пераможаных ворагаў, да даўжнікоў, старых, інвалідаў і невылечна хворых. Хрысьціянства прынесла ў быт небывалую дагэтуль чалавечнасьць, спагаду, міласэрнасьць і дбайнасьць пра іншага чалавека. Хрысьціянству заўдзячваем асноўныя падставы дзяржаўнага ладу: сумленнасьць, мараль і пачуцьцё абавязку, якіх дзяржава ня ўмее навучыць, бо яна толькі ўмее караць злачынствы. Хрыстос стаўся чалавекам, каб мы маглі стаць падобнымі на Яго. Бог стаўся чалавекам, каб чалавек дзякуючы ласцы стаўся богам...

Назіраючы за сучасным чалавецтвам і падзеямі ў сьвеце мы вымушаны канстатаваць, што хрысьціянства ня поўнасьцю адабратварыла сьвет і яго запаветы не заўсёды выконваюцца.

Аднак ці хрысьціянства ў чым-небудзь вінаватае, калі на працягу доўгай гісторыі намінальнага, спадчыннага хрысьціянства Хрыстос як Збавіцель быў сьведама выціснуты з грамадзкага і сямейнага жыцьця, а таксама адкінуты чалавечай адзінкай. Сымбалем гэтага можа быць паказальны факт, што ў Амэрыцы ўсё часьцей сьвяточны перыяд перад і пасьля Раства Хрыстовага называецца „сізон аф грітінгс” — сэзонам віншаваньняў. Ці-ж можна вінаваціць лекара за пашырэньне і паскарэньне хваробы, калі сам хворы ня лічыць сябе хворым і адмаўляецца прымаць прадпісанае яму лякарства? Ці можна абвінавачваць мыла ў тым, што не зважаючы на яго дабратворнае ўзьдзеяньне большасьць людзей усё яшчэ ходзіць бруднымі? Калі мы бачым у сабе саміх і вакол сябе мноства зла, варта памятаць, што без Хрыста і хрысьціянства напэўна было-б яшчэ горш. У гэтым асноўнае значэньне для сьвету віфлеемскага цуду — нараджэньня Ісуса Хрыста.

Ён далей збаўляе ня цэлымі нацыямі і краінамі, але аддзельнымі душамі, якія зьвяртаюцца да Яго за дараваньнем правінаў. Хрыстос далей здольны сустракаць нас на жыцьцёвым шляху, закранаць наша сумленьне, памяць, розум, волю і пачуцьці. Ён далей застаецца адзіным шляхам да Айца і божым жыцьцём у верніках. Ён і сёньня верны свайму абяцаньню: „Хто выконвае запаветы Мае і любіць Мяне, таго ўзьлюбіць і Айцец Мой, і Я ўзьлюблю яго і зьяўлюся яму Сам”.