Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра галоўныя запаветы

(Мацьв. 22, 35-46)

Аднойчы адзін з добра азнаёмленых з Законам людзей зьвярнуўся да Хрыста з пытаньнем: „Які запавет найважнейшы?” — „Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, з усяе душы тваёй і ўсяе думкі твае... Гэта ёсьць першая і найбольшая запаведзь, — адказаў яму Ісус. — Другая-ж падобная ёй: палюбі бліжняга свайго як самога сябе. На гэтых двух запаветах грунтуецца Закон і прарокі”. Невядома дакладна, якія запаветы Хрыстос меў на ўвазе: ці дзесяць запаветаў г.зв. Дэкалёгу, ці 613 наказаў і забаронаў, зьмешчаных у яўрэйскім Законе — Торы. Так ці інакш Ісус выразна ўказаў на два запаветы любові як найважнейшыя. Яны неадлучныя ад сябе: другі зьяўляецца працягам першага, любоў да бліжняга зьяўляецца дарогай, а любоў да Бога — мэтай. Абодва запаветы зьяўляюцца вядомым і блізкім кожнаму чалавеку натуральным законам не столькі запісаным у кодэксах, колькі вырытым у сэрцах. Зь іх вырастаюць і павінны на іх асноўвацца ўсе станоўчыя правілы, запаветы і нормы паводзін. „Ты сказаў праўду, — адказаў законьнік, — што адзін ёсьць Бог і няма іншага акрамя Яго. І любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёю душою і ўсёю сілаю і любіць бліжняга, як самога сябе — больш за ўсёспаленьні і ахвяры” (Марк. 12, 32-33).

Разумны адказ пераканаў законьніка. Ён ведаў, што яго ўласная рэлігія была здамінавана абраднасьцяй і вонкавай набожнасьцяй ня менш, як цяперашняе хрысьціянства. Ён быў сьведамы бясплённасьці ахвярных цырымоніяў і супраціўляўся дарэмнаму праліваньню крыві дзеля адкупленьня грахоў. Любоў і паслухмянасьць Богу ды пазбаўленае эгаізму стаўленьне да людзей здаваліся яму больш вартаснымі за ўвесь рытуал.

Запавет любові і міласэрнасьці вядомы быў ужо ў Старым Запавеце, аднак стасаваўся перш за ўсё ў дачыненьні да ўласнага народу. Праўда, гаварылася „не прасьледуй чужынца”, „ня крыўдзі ўдавы”, але на практыцы было інакш. Калі падчас Тайнай Вячэры прагучэў заклік да ўзаемнай любові як неабходнай перадумовы прыналежнасьці да Хрыстовых вучняў, Хрыстос назваў гэты запавет „новым”. У часе, калі Майсеяў Закон абмяжоўваўся фармальнымі прадпісаньнямі, Ісус заклікаў да поўнага ўнутранага перараджэньня чалавека. Калі Закон забараняў забойства, Хрыстос заклікаў да пераадоленьня нават гневу; калі Закон ухваляў старое правіла „вока за вока, зуб за зуб” — Хрыстос вучыў, што міласэрнасьць і спагада павінны перамагаць жаданьне помсты. Антычны сьвет ня ведаў міласэрнасьці ні літасьці для слабейшых. У Спарце хворых дзяцей кідалі ў прорву. У Рымскай Імпэрыі, не зважаючы на высокі ўзровень цывілізацыі, практыкавалася нявольніцтва. Сапраўдны хрысьціянін не павінен абмяжоўвацца любоўю да тых, хто яму блізкі або яго любіць, але ён пакліканы любіць нават ворагаў. Гэтае патрабаваньне было настолькі незразумелае, што герой аднаго зь фільмаў пра пошукі цела Хрыста, высокі, рымскі прадстаўнік заявіў: „Што за абсурд. Я ня ўпэўнены нават, ці люблю сваю сям’ю, а ворагаў трэба проста зьнішчаць”.

Сухое пытаньне зададзенае законьнікам Хрыстос зьвёў да паняцьцяў практычных, маральных. Любоў — гэта ня толькі пачуцьё, але прынцып, які ператвараецца ў дзеяньне. Калі галоўным запаветам зьяўляецца любоў да Бога, дык яна выяўляецца ў актах любові да бліжняга. „Як можаш любіць Бога, якога ня бачыш, калі ненавідзіш брата твайго, што перад табою?” — гаварыў апостал Яан. Справа тут ня толькі ў гэтак званых „добрых учынках”.

Іх можна зьбіраць, успрымаючы гэта як свайго роду спорт, але справа тут у нечым большым. Псыхолягі кажуць, што „любоў — гэта пачуцьцё, якое вынікае з жаданьня дабра іншаму без спадзяваньня на якую-небудзь выгаду для сябе”. Любіць не значыць зрабіць іншаму нешта добрае, але быць зь іншым чалавекам і падзяляць яго радасьці і гора, пераймацца яго лёсам і перажываць разам зь ім. Паводле аднаго з тэолягаў, „быць хрысьціянінам — значыць быць салідарным” (Бангэфэр).

Міжвольна ўзьнікае пытаньне: ці чалавек здольны ажыцьцявіць заклік да любові, ці не застаецца ён зьбітай фразай як „свабода, роўнасьць і братэрства”. Бачучы перад сабою ідэал чалавек не знаходзіць у сабе сілаў дасягнуць яго. Іншае, моцнае прыцяганьне нагінае яго да зямлі і ён бяжыць за ілюзіяй зямных каштоўнасьцяў, праводзіць кароткі час дадзены яму бы сьляпы. Ён гатовы задаволіцца „хлебам надзённым”, зьвяртаецца да Бога з сэрцам поўным эгаізму і неяк дзіўна гучыць заклік: „Будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш нябесны”.

Аж надта добра вядома, колькі рэлігійных войнаў, гвалтаў і зла адбылося з хрысьціянскімі лёзунгамі на вуснах. З другога боку колькі жыло самаахвярных людзей, якія заклік да хрысьціянскай любові ажыцьцявілі поўнасьцю. Гэтых людзей няшмат, але іх наяўнасьць дазваляе прынамсі верыць, што чалавек чалавеку ня мусіць „быць ваўком”.