(Яан. 3, 14-17)
„Як Майсей узьняў зьмяю на пустыні, гэтак Сын Чалавечы мае быць узьняты, каб кожны, хто паверыць у Яго, меў жыцьцё вечнае... бо не паслаў Бог Сына Свайго на сьвет каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены празь Яго”, — чытаем у 3-м разьдзеле Евангельля паводле Яана. Дзеля глыбейшага асэнсаваньня Крыжовай Ахвяры Хрыста, ажыўленьня традыцыйнага шанаваньня Крыжа і было ў 4-м стагодзьдзі ўстаноўлена Сьвята Ўзьвіжаньня Крыжа Хрыстовага.
Месцазнаходжаньне шанаванага хрысьціянамі Крыжа, на якім быў расьпяты Хрыстос доўгі час не было вядомае. У 326 годзе імпэратрыца Алена спэцыяльна прыбыла ў Ерусалім і адкапала яго. Затым у прысутнасьці патрыярха Макарыя ён быў падняты і паказаны натоўпу людзей на чатыры бакі сьвету. Знойдзеная рэліквія заставалася ў Ерусаліме да 614 году, да часу, калі пэрсы, разбурыўшы горад, вывезьлі яго. Чатырнаццаць гадоў пазьней, пасьля падпісаньня міру з пэрсамі, імпэратар Гераклій у зрэбнай вопратцы ўрачыста ўнёс Крыж у храм Уваскрэсеньня.
Гэтыя дзьве гістарычныя падзеі ажывілі шанаваньне Крыжа, якое і да таго выяўлялася ў пілігрымствах да Сьвятой Зямлі. Шматлікія рэлігійныя пісьменьнікі і гімнографы пачалі прысьвячаць свае творы крыжовай сьмерці Хрыста. Сьвяты Яан Залатавусны пісаў у адным са сваіх павучэньняў: „Калі нехта спытаецца ў мяне, што вялікае зьдзейсьніў Хрыстос, дык не згадаю стварэньня неба ні зямлі,уваскрэсеньня, цудаў памнажэньня хлеба і перамены вады ў віно, але адзначу толькі Крыж, які перавышае ўсё. Прыняць чалавечае цела і затым за людзей ад іх саміх прыняць такую сьмерць — гэта больш чымсьці сьвет стварыць зь небыцьця”.
У сьвята ў гонар Сьвятога Крыжа ў храмах практыкуецца яго падняцьце на чатыры бакі сьвету, як гэта зроблена было ўпершыню пры імпэратрыцы Алене. Жэст апусканьня і затым падыманьня Крыжа сымбалізуе зьніжэньне Хрыста да чалавечай марнасьці і вяртаньне да сваёй Боскай велічы. Адначасова гэта нагадвае верніку, што збаўленьне дасягаецца шляхам пакоры і самапрыніжэньня, што яны пакліканы да саўдзельніцтва ў Хрыстовым Крыжы і нясеньня свайго ўласнага крыжа жыцьцёвых цяжкасьцяў, бедаў і пакутаў.
Згодна прадказаньню Сімяона, крыж стаўся знакам „падзеньня і супраціву з боку адных і паўстаньня іншых”. Перад вырашальнай бітвай на Мальвійскім мосьце імпэратар Канстанцін убачыў Крыж і надпіс „Пад гэтым знакам пераможаш” і сапраўды перамог, апублікаваўшы затым указ аб легалізацыі хрысьціянства. Знакам крыжа дагэтуль ушаноўваюцца выявы найбольш высакародных дзеяньняў: мужнасьці, патрыятызму, заслугаў перад Бацькаўшчынай. Людзі з Арганізацыі Чырвонага Крыжа нясуць бескарысьлівую дапамогу ахвярам войнаў па ўсім сьвеце, ратуюць ад голаду, катаклізмаў і эпідэміяў. Знакам прыналежнасьці да хрысьціянскай Царквы зьяўляюцца выявы Крыжа на шчытах рыцараў і гербах, напрыклад, у старажытнай Пагоні, элементы якой знаходзіліся на гербах беларускіх гарадоў Магілёва, Віцебска, Полацка, Слуцка і Суража. Пад гэтым знакам беларускія рыцары грамілі крыжаносцаў пад Грунвальдам, у руках якіх чорны крыж быў блюзьнерствам, гэтак-жа як і „гакэнкройц” іхных фашысцкіх нашчадкаў. У наш час старажытны герб з 14-га стагодзьдзя з Пагоняй і еўфрасіньнеўскім крыжам зьнелюбіў беларускі прэзыдэнт, адвярнуўся ад яго і патаптаў, вяртаючыся да дарагога яго прадажнаму, янычарскаму сэрцу бээсэсэраўскага.
Знак крыжа дагэтуль зьяўляецца найкарацейшым і найбольш зьмястоўным вызнаньнем хрысьціянскай веры. Незалежна ад таго, на колькі глыбока асэнсоўваем увесь ягоны тэалягічны зьмест, мы жывём у цені і атмасфэры Крыжа. Ад моманту Хрышчэньня, калі нам упершыню павесілі на шыі крыжык, гэты знак спадарожнічае нам ля дарогаў, на купалах храмаў ажно па надмагільны крыж. Паводле Сьвятога Пісаньня гэты-ж знак Крыжа закончыць наша зямное пілігрымства і ўсю драму чалавечай гісторыі, калі знак Сына Чалавечага зьявіцца на небе.