Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Цудоўны ўлоў рыбы

(Лук. 5, 1-11)

Пасьля зьняволеньня Яана Хрысьціцеля вучні ня бачылі сэнсу ісьці за Настаўнікам, што нават ставалася небясьпечным. Зьнявераныя яны з палёгкай вярнуліся да сваіх звычайных заняткаў. Пасьля няўдачнай лоўлі рыб Настаўнік загадаў ім яшчэ раз закінуць сетку і тады яны злавілі вялікае мноства рыб. Для Пятра цуд быў неаспрэчным доказам Боскасьці Ісуса. „Ён прыпаў да Ягоных каленяў і ўсклікнуў: выйдзі ад мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны”. „Ня бойся, — адказаў яму Хрыстос, — ад сёньняшняга дня будзеш лавіць людзей”.

Перш чым Ісус загадаў апосталам ісьці за Ім, зьвязаць свой лёс зь Ягоным лёсам, Настаўнік даказаў, што Бог заспакоіць усе іхныя патрэбы. Пакліканьне наступіла ў той момант, калі Пётр усьведаміў сваю нягоднасьць і Божую ўсемагутнасьць, калі дайшоў да самавырачэньня і падпарадкаваньня Божай моцы. Галілейскія рыбакі былі простымі, неадукаванымі людзьмі, аднак Хрыстос меў моц абдараваньня іх усім неабходным дзеля місіі, якую ім даручыў. Жыцьцё гэтых людзей і аграмаднасьць выкананай зь іхнай дапамогай працы сьведчаць пра магутнасьць ласкі, якой можа дасягнуць кожны, хто падпарадкуецца Богу і гатовы будзе стаць прыладай у Ягоных руках. Бог прымае людзей такімі, якімі яны ёсьць і фармуе іх для службы, калі толькі яны выяўляюць жаданьне служыць. Гісторыя Царквы паказвае, што ў момант поўнай самааддачы чалавека, Дух Сьвяты адкрывае ў ім такія магчымасьці і здольнасьці, якія доўга былі ўтоеныя і нескарыстаныя. „Каго наперад прызначыў, тых і паклікаў, а каго паклікаў, тых і апраўдаў, а каго апраўдаў, тых і ўславіў”, — чытаем у Лісьце апостала Паўла да рымлянаў (8, 30).

Хрыстос правільна ацэньваў значэньне адукацыі. Асьвета і культура, уцягнутыя ў сапраўдную службу Божую, могуць быць карысныя, аднак вядома, што з самых навуковых званьняў мала карысьці. Ісус абыякава праходзіў міма вучоных сваёй эпохі, якіх зазнайства прывяло да парваньня лучнасьці з рэчаіснасьцяй і сапраўднымі праблемамі людзей. Хрыстос даручыў заданьне евангелізацыі людзям не прасякнутым фальшывымі ідэямі і скрыўленьнямі сваёй эпохі. Яны былі падатлівыя на вучобу, без балясту ўкаранелых стэрэатыпаў. Хрыстос ня выбраў ганарлівых фарызэяў і кніжнікаў, але якраз простых рыбакоў, бо новае можна будаваць толькі з новымі людзьмі. Невыпадкова Майсей вадзіў народ па пустыні поўныя сорак гадоў. За гэты час вырасьлі новыя пакаленьні народжаныя на волі, свабодныя ад нявольніцкага мэнталітэту.

Бог паклікае людзей на службу ведаючы пра іх магчымасьці нават калі спачатку яны ня вераць у сваю прыдатнасьць. Гэтак было з Майсеем, Давідам, прарокамі і са шматлікімі ерархамі. Адзін з выдатных кіраўнікоў мэтадысцкай Царквы ў Англіі Уільям Сангстэр пасьля свайго прызначэньня сказаў: „Для мяне — гэта воля Божая. Я не жадаў гэтай пасады і спрабаваў ухіліцца ад яе. Аднак усё роўна яе даручылі мне і разам з гэтым узьнікла пачуцьцё, што Бог хоча бачыць мяне ня толькі прапаведнікам, але і кіраўніком”.

Некалі брат Масэо зьдзіўляўся папулярнасьці Францыска Асізскага. „Ты непрыгожы, неадукаваны і не з дваран... Чаму якраз за табою ідзе гэтулькі людзей?” — „Бог выбраў мяне, — адказаў Францыск, — бо не знайшоў нікога больш за мяне нявартага. Ён хацеў зьвесьці на нішто высакародства і ўзвышанасьць, сілу, прыгажосьць і мудрасьць гэтага сьвету”.

Як бы мы не разумелі лодку, зь якой апосталы закідалі сетку, ці будзе гэта Царква, парафія, сям’я, урэшце асобнае чалавечае сэрца, трэба ўлічыць, што гэта не Хрыстос вяслуе, што вяслуюць людзі. Ісус, стоячы ў лодцы, дае ўказаньні, але стырно, вёслы, парусы ён з даверам перадаў у рукі чалавека. І пакуль марак слухае ўказаньняў Хрыста, лодка бясьпечная і плыве ў адпаведным напрамку.

Бывае, аднак, што не зважаючы на ўказаньні Хрыста чалавек можа сабе абраць іншы накірунак, паплыць на свае воды, на хвалі сваіх імкненьняў і мэтаў. Тады Хрыстос пакідае лодку і яна пачынае дрэйфаваць.

Хрыстос даручае Пятру: „Плыві на глыбіню” і гэта азначае заданьне для сьмелых людзей. На глыбіню плыве толькі той, хто ставіць перад сабою ўсё цяжэйшыя заданьні, паглыбляе сваё ўнутранае жыцьцё насуперак хваляў і схільнасьцяў сьвету. На такой глыбіні ў нашай лодцы прысутнічае Хрыстос, які вядзе нас да паўнаты дасканалага жыцьця, дзе „ўсякіх дабрадзейнасьцяў бяздонная глыбіня”.