(Лук. 7, 11-16)
Цяжка ўявіць сабе большае гора: памёр адзіны сын беднай самотнай жанчыны, адзіная надзея на апеку пад старасьць, адзіны ахоўнік і карміцель. У тагачасным рэлігійным пляне гэтая сьмерць азначала, што гэтая сям’я пазбаўлена ўсякага шанцу на тое, што ў ёй народзіцца чаканы Месія. Для ўдавы было гэта падвойнае гора і мноства людзей шчыра спачувала ёй. „Угледзіўшы яе, — чытаем у Евангельлі, — Хрыстос зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: ня плач! І падышоўшы дакрануўся да насілак... і сказаў: табе кажу, устань! Памерлы юнак падняўся, сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Ісус матцы ягонай. І ўсіх зьняў страх і славілі Бога кажучы: вялікі прарок паўстаў між намі і Бог наведаў народ свой” (Лук. 7, 11-16).
Уваскрэшаньне не належыць да лёгкавытлумачальных тэмаў. Для атэістаў яно абсалютна неверагоднае; для вернікаў гэтак рэальнае як само жыцьцё. Ужо ў Старым Запавеце вуснамі прарока Ісаіі Бог часткова адкрыў гэту вялікую тайну: „Жыць будуць памерлыя мае і пабітыя мае ўстануць” (Іс. 26, 19). Веру ў будучае ўваскрэсеньне пацьвердзілі нацыянальныя героі, арганізатары паўстаньня браты Макавеі. Адзін з братоў, зьверска катаваны перад сваёй сьмерцяй, заявіў: „Нас, што ўміраем за Ягоныя законы, Цар сьвету ўзбудзіць на ўваскрэсеньне жыцьця вечнага”. Іншы брат прамовіў да ката: „Лепш быць ад людзей выдадзеным на сьмерць і спадзявацца ад Бога ўваскрэсеньня, бо для цябе ўваскрэсеньня ня будзе” (2 Мак. 7, 9-15).
У Новым Запавеце навука пра ўваскрэсеньне належыць да асноўных праўдаў веры. Марфу, якая плакала над целам свайго брата, Хрыстос запэўніў, што „ён уваскрэсьне”. Як на „зерне і корань” будучага ўваскрэсеньня Збавіцель указваў на Эўхарыстыю: „Хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыцьцё вечнае і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Яан. 6, 55). На веры ў будучае ўваскрэсеньне асноўваў сваё дабравесьце апостал Павал, калі прапаведаваў філёзафам у Афінах (Дзеі. 17, 18), на судзе перад намесьнікам Фэліксам (24, 15) і перад каралём Агрыпам (26, 8).
Сваю навуку простым і вобразным спосабам ён тлумачыў карынфянам. Гэтак як зерне прыносіць плён толькі пасьля таго, як абамрэ ў зямлі, гэтак і зь целам чалавека. Паводле апостала ўваскрэсеньне надае сэнс годнаму спосабу зямнога жыцьця. Калі-б адзіным прадметам нашага спадзяваньня было толькі гэтае, зямное жыцьцё, дык вернікі былі-б з усіх людзей найбольш вартыя спачуваньня. У такім выпадку сапраўды можна было-б „есьці, піць бо заўтра і так памрэм” (1 Кар. 15, 32). Падобную думку выказаў Фёдар Дастаеўскі: „Калі няма Бога, тады ўсё дазволена”. Аднак „Хрыстос уваскрэс і мы ўваскрэсьнем”, — з упэўненасьцяй заявіў апостал Павал..
У першых хрысьціян вера ва ўваскрэсеньне была надзвычай моцная і жывая. Могілкі яны называлі „месцам сну” — па-грэцку: кімэтэр’ён або па-лаціне: дормітор’юм. Хрысьціяне рысавалі ў катакомбах сымбалі будучага паўстаньня зь мёртвых: дрэва, абуджанае ўвесну да новага жыцьця, фэнікса, які ўстае з попелу, яйка, зь якога выходзіць жывое птушаня. Адгэтуль, дарэчы, і ўзялося велікоднае яйка як сымбаль уваскрэсеньня. У першыя стагодзьдзі вернікі ахвоча прымалі імя Анастасія, што значыць: спадзяюся ўваскрэсеньня.
Мы жывём у час несуразмернага скептыцызму: для шмат каго зямное жыцьцё зьяўляецца адзінай рэальнасьцяй. Калі для некага яно ўдалае, бестурботнае і памыснае, тады яго шчасьце. Аднак канчаецца ўсё, нават найлепшае жыцьцё і перад абліччам непазьбежнай сьмерці стануць усе. Калі нават за раскошным жыцьцём мела-б ня быць нічога болей, дык гэта ўсё роўна што прысуджанаму на расстрэл запрапанаваць пышны банкет. Для некаторых сьмерць будзе сапраўднай трагедыяй, бо яны пазбаўлены нават той надзеі і суцяшэньня, якія дае вера. Якое можа быць суцяшэньне для чалавека, калі-б над магілай блізкага пачуў ён словы: „Ваш бацька, маці, сястра або брат памёр... іх целы расточаць чэрві... і гэта ўсё”.
Хрыстос запэўніў, што „кожны, хто верыць у Яго, будзе мець жыцьцё вечнае” і „што Ён уваскрэсіць чалавека ў апошні дзень”.
Як гэта не гучэла-б неверагодна, хрысьціяне вераць гэтаму абяцаньню. Яны вераць, што тая частка сутнасьці, якая думае, марыць, кахае і спадзяецца, ніколі не памрэ. Гэтая упэўненасьць дае сэнс усяму нашаму зямному пілігрымству і зь ёю нават лягчэй жыць...