(Лук. 8, 5-15)
У 8-м разьдзеле Евангельля паводле Лукі цытуецца прытча пра сейбіта і пра тое, што сеенае ім зерне, падаючы на розны грунт, прыносіцъ неаднолькавы плён.
Сынонімам Божага Слова зьяўляецца Сьвятое Пісаньне званае Бібліяй. На працягу адзінаццаці стагодзъдзяў, звыш сарака боганатхнёных аўтараў перадалі ў пісьмовай форме ўнівэрсальнае настаўленьне, якое Бог накіроўвае да ўсіх людзей усіх часоў. Біблію разглядаюць і ўспрымаюць па-рознаму: некаторыя запярэчваюць боганатхнёнасьці і лічаць яе толькі выдатным помнікам літаратуры, але зь любога пункту гледжаньня — гэта незвычайны твор. Кожны, хто з малітвай углыбляецца ў Сьвятое Пісаньне і вывучае яго, пераконваецца, што Біблія — сапраўды Боскае Слова, пра якое Хрыстос аднойчы заявіў: „Неба і зямля пройдуць, але словы мае — ня пройдуць”.
Біблейскія прароцтвы збываюцца зь незвычайнай дакладнасьцю. Прасьледаваньне хрысьціян, разьвіцьцё Царквы, міжнародныя зрухі, перасяленьні і войны былі даўно прадказаны на старонках Бібліі. Для прыкладу возьмем прароцтва пра лёс Ерусаліму і ўласны прысуд натоўпу, які крычаў перад укрыжаваньнем Хрыста: „Кроў яго на дзецях нашых і на нас”. Яўрэй Леон Фэйхтвангэр, аўтар вядомых твораў пра імпэратара Нэрона і юдэйскую вайну прадставіў яркую карціну разбурэньня Ерусаліму. У 71 годзе, незадоўга да Сьвята Шатроў, рымскія легіёны спрабавалі здабыць горад, аднак, напаткаўшы супраціў, адступілі. Хрысьціяне ў Ерусаліме, якіх тады ўжо было шмат, прыгадалі словы Настаўніка, які сказаў: „Калі ўбачыце Ерусалім абложаны войскам, ведайце, што наблізілася яго спусташэньне. Тады ўцякайце ў горы і хто ў ваколіцы, не ўваходзь у горад, бо гэта дні помсты, каб выпаўнілася ўсё напісанае” (Лук. 21, 20-22). У неспадзяваным адступленьні войскаў Ціта хрысьціяне ўбачылі палец Божы. Яны пакінулі горад і гісторык Язэп Флавій пацьвердзіў, што жахлівага лёсу пазьбеглі „нямногія шчасьліўцы”. Пасьля адступленьня рымскіх легіёнаў Ерусалім пачаў жыць нармальным жыцьцём, але калі горад напоўніўся тысячамі паломнікаў перад сьвятам Пасхі, Ціт паўторна акружыў яго і захапіў жыхароў зьнянацку. У сталіцы не хапала харчоў і вады, даходзіда нават да людаедзтва, але фанатыкі не здаваліся. Урэшце горад быў здабыты. Рымскія жаўнеры дапускаліся неверагодных зьверстваў, забіваючы нават старых і дзяцей. Кроў літаральна струменьнямі цякла па мармуровых ступеньках храму і яўрэі крычалі: „Іхавод!” — ганьба. Ад цудоўнага храму, у адпаведнасьці з прароцтвам, не застаўся камень на камені.
Леон Фэйхтвангэр не сказаў ні слова, што разам са сьмерцю мільёна яўрэяў збылося грознае папярэджаньне Хрыста, але яно можа быць урокам для кожнага пакаленьня...
Біблія — сусьветная кніга, адзіная, якая перайшла ўсе нацыянальныя, клясавыя і царкоўныя межы. Яна перакладзена на звыш 1300 моваў і дыялектаў сьвету. Эўрапейская цывілізацыя зь ейнай культурай, заканадаўствам і маральлю — непасрэдна асноўваецца на Бібліі.
Незьлічоныя біблейскія сюжэты, паняцьці і вобразы натхнялі сусьветнае мастацтва, літаратуру і філязофію. Для прыкладу: Шэкспір зачэрпнуў са Сьвятога Пісаньня каля 500 думак і фразаў. Калі-б адкінуць біблейскую першакрыніцу — творы Мікэлянджэля, Рафаэля, да Вінчы і Рэмбранта, гэтак-жа як і Баха, Моцарта, Гэндэля, Брамса ды іншых, былі-б зусім незразумелыя.
Ад пачатку стварэньня сьвету да нашых дзён Біблія ніколі не зьмяняла свайго погляду на Бога і чалавека, на грэх і сьвятасьць, на жыцьцё зямное і пасьмяротнае, не зьмяніўся погляд Бібліі ў пытаньнях паходжаньня сусьвету, жыцьця, сьвятла, энэргіі, руху, прасторы. Бог адкрыў сваім слугам „навуковыя” праўды. Гэолягі гавораць, што ўнутры зямнога шару знаходзіцца распаленая лява. Шматпакутны Іаў ведаў аб гэтым раней і сказаў: „Зямля, на якой вырастае збожжа, унутры зрыта быццам агнём”. Біблія ніколі не гаварыла, што Зямля стаіць на вялізнай чарапасе. Іаў выказаў сапраўдны стан адной фразай: „Бог павесіў зямлю на нічым” (26 разъдзел). Перш чым Калумб і Магелан пацьвердзілі, што зямля круглая, прарок Ісаія 700 гадоў да нараджэньня Хрыста сказаў: „Бог ёсьць Тым, Хто засядае над зямным шарам” (40 разъдзел). Гэта толькі некаторыя прыклады...
Вось таму, незалежна ад асабістага стаўленьня, Біблію трэба калі ўжо не разважацъ дык прынамсі прачытаць і ведаць. У прытчы пра Слова Божае галоўнае тое, што яно, падаючы на ніву чалавечых сэрцаў, мае нязьменную аздараўляльную і адраджальную моц, валодае незьлічонымі духоўнымі каштоўнасьцямі і блаславенствамі для тых, хто вырашыў ісьці Хрыстовым шляхам. Чалавек павінен усьведаміцъ сабе каштоўнасьць Божага Слова, і, усьведаміўшы, належным чынам прымаць яго і паводле яго жыць.