(Лук. 16, 19-31)
„ Быў-жа аднойчы багаты чалавек, які апранаўся ў шкарлат і цянюсеньнкае палатно ды кожны дзень гучна банкетаваў і ўбогі, імя якому Лазар”, — такую прытчу расказаў Хрыстос сваім слухачам. Багач разам са сваімі братамі жыў бестурботна і раскошна, а Лазар ляжаў ля варотаў багацея, разьлічваючы прынамсі на рэшткі зь ягонага стала, але не давалі яму нават гэтага. У свой час памерлі абодва і Лазар апынуўся на лоне Аўраамавым, а багач — у пекле. На просьбу багача аблегчыць ягоныя пакуты яму было сказана: „Прыгадай, што ў жыцьці тваім ты спазнаў добрае, а Лазар — благое; цяпер-жа ён пацяшаецца, а ты — пакутуеш”. Калі багач прасіў прынамсі папярэдзіць сваіх жывых братоў, каб не паўтарылі ягонай памылкі і пазьбеглі ягонага лёсу, багач пачуў строгі адказ: „У іх ёсьць Майсей і прарокі, хай іх слухаюць, а калі ня слухаюць, дык нават калі-б хто і з памерлых уваскрэс, не павераць”.
Багач і Лазар — адзін з найбольш яркіх, звышчасовых сюжэтаў Евангельля. Падобныя ім людзі жылі і жывуць у кожную эпоху.
Перанасычанасьць адных і галаданьне іншых, роскаш і нястачы — адвечная зьява. „Бедных заўсёды будзеце мець сярод сябе”, — прадказаў Хрыстос дваццаць стагодзьдзяў таму і сапраўды сьвет нават цяпер ёсць падзелены на багатых і бедных. Багатыя пераважна адгароджваюцца ад прыкрай карціны чужога гора, насалоджваюцца жыцьцём і багацеюць яшчэ больш. Бедныя з надзеяй, з зайздрасьцяй або з азлабленьнем глядзяць на багацеяў і пераважна яшчэ больш бяднеюць. Аднак непазьбежна прыходзіць час, калі заслона ападае і працяг наступае ўжо ў іншым сьвеце, перад абліччам Бога, да Якога належыць суд і апошняе слова. На гэтым сьвеце няма справядлівасьці, але раней ці пазьней зло будзе пакаранае, а крыўды — кампэнсаваныя. Людзі могуць бы евангельскі багач разьлічваць і спадзявацца толькі на зямное жыцьцё, але яны расчаруюцца. Бог аддасьць кожнаму паводле заслугаў, калі не ў гэтым дык у будучым жыцьці...
Евангельле ставіць націск не на безумоўнае ўстанаўленьне роўнасьці, але на ейны духоўны аспэкт. Не было заслугай багача, што нарадзіўся ў палацы, ні віною Лазара, што быў бяздомны і галодны. Багач быў асуджаны ня проста за сваё багацьце, але за самалюбнае карыстаньне ім. „Я не супраць твайго багацьця, але супраць тваёй скупасьці”, — гаварыў Яан Залатавусны. Лазар таксама быў збаўлены не за сваю беднасьць, але за тое, што пакорліва пераносіў сваё гора, нікому ня скардзіўся і нікога не праклінаў. Калі аднак багачу сумленьне дазваляла банкетаваць на вачах зьмізарнелага, галоднага Лазара, дык ён перабраў меру. Евангельле ня хваліць няроўнасьці, але канстатуе той сумны факт, што гэтак як няроўныя дрэвы ў лесе, у любым грамадзтве таксама будуць дыспрапорцыі. Іх не зьліквідуе ніякая грамадзкая сыстэма, ніякія сацыяльныя праграмы. Евангельле вучыць, што прычына кантрастаў, збытку адных і галечы другіх ня толькі матэрыяльная, але і духоўная: эгаізм і няўвага да праблемаў іншага чалавека, адвечны дэфіцыт дабра і міласэрнасьці. Калі нават камуністы не ажыцьцявілі сваёй праграмы паўсюднай роўнасьці, дык справа прынамсі ў зьмякчэньні праблемы. Наш прэзыдэнт расчульваецца над лёсам пэнсіянераў і вэтэранаў, шчодра раздае абяцаньні, якія нічога не каштуюць, але людзям ад іх не жывецца лягчэй. У акружэньні сьвіты ён вяртаецца ў свой палац, а іншыя застаюцца зь нічым... Што з таго, што згодна абяцаньням магчыма праз пару месяцаў бедным людзям падбавяць на некалькі рублёў пэнсіі або стыпэндыі, але есьці трэба ўжо сёньня. Вось тут і ёсьць месца на хрысьціянскую дабрыню і міласэрнасьць, якой нішто не заменіць.
Евангельскі сюжэт з багачом і Лазарам будзе праўдападобна бясконца паўтарацца ва ўсе часы і людзі будуць бясконца намагацца арганізаваным шляхам справіцца з гэтай ненармальнасьцяй. Для вернікаў чаканьне гэтага — дарэмнае. Для іх ідэальнай зьяўляецца сытуацыя выказаная ў Евангельлі, каб „ня меў лішняга той, хто мае многа і той, хто мае мала, не адчуваў недастатку”.