Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля перад Богаяўленьнем

(Марк. 1, 1-8)

Згодна з храналёгіяй падзеяў, у 1-м разьдзеле Евангельля ад Марка гаворыцца пра Яана Хрысьціцеля. „І выходзіла да яго ўся краіна юдэйская і ерусалімцы, і хрысьціліся ад яго ў рацэ Ярдан, спавядаючыся з грахоў сваіх... і заклікаў народ: рыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце сьцежкі Яго... І прапаведаваў кажучы: ідзе за мною Дужэйшы за мяне, у Якога я няварты нахіліўшыся разьвязаць рамень абутку Яго. Я хрышчу вас вадою, а Ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым”.

У царкоўнаславянскай мове Яан называецца Прадцечам — папярэднікам. У 15-ы год імпэратара Тыверыя — як чытаем у Евангельлі — на зялёных берагах Ярдану зьявіўся аскет званы „дзікім чалавекам”. Ён ня стрыгся і адзяваўся ў зьвярыныя скуры. Ягоны голас гучэў над натоўпам: ён заклікаў да раскаяньня, асуджаў заганы і дамагаўся справядлівасьці. „Ужо і сякера ля караня дрэва ляжыць: усякае дрэва, якое не прыносіць плоду добрага, зрубаецца і кідаецца ў агонь”. Плодам ён называў карэнную зьмену жыцьця: мытнікам раіў ня браць зь людзей звыш таго, што прызначана ім, жаўнерам — нікога ня крыўдзіць і задавальняцца сваёю платай, а таму, хто мае дзьве вопраткі — хай адну дасьць таму, хто ня мае ніводнай. Маральнае перараджэньне ён аб’явіў шляхам да свабоды. Прадстаўнікам афіцыйнай рэлігіі ён мужна заявіў: „Плод ехідніны: хто перасьцярог вас, каб уцякаць ад будучага гневу?” Бязьлітасная сякера была паднятая над рэлігійным нацыяналізмам і пачуцьцём выключнасьці. Ніхто ня можа сябе лічыць абранцам Божым, калі ягонае жыцьцё і характар нязгодны з Божымі законамі. Яан не паўстрымаўся нават ад крытыкі цара Ірада Антыпы за ягоную жаніцьбу з жонкай свайго брата. Бог не пасылае сваіх пасланьнікаў, каб лісьлівілі і паддобрываліся людзям, умацоўваючы іх у фальшывым перакананьні аб сваёй правільнасьці. Празь некалькі гадоў, калі сінедрыён забараніў ім прапаведаваць, у такім-жа духу Пётр ды іншыя апосталы заявілі: „Больш трэба слухацца Бога, чымсьці людзей” (Дзеі. 5, 29).

У гісторыі Царквы вядомы людзі, якія пайшлі за іхным прыкладам. Сумленьне і вернасьць праўдзе не дазволілі ім пайсьці на кампраміс са злом нават пад пагрозай сьмерці. Мужнасьць можа быць этычная або фізычная, але заўсёды гэта нейкая якасьць духу, якая спрычыняе, што чалавек сустракае небясьпеку і цяжкасьці рашуча і бяз боязі. Несумненна такім быў сьв. Яан Залатавусны, які мужна змагаўся з немаральнасьцяй, не пабаяўшыся нават асудзіць разбэшчанасьць імпэратарскага дому.

Калі Марцін Лютэр прадпрымаў сваю важную паездку ў Вормс, ён сказаў сваім аднадумцам: „Вы можаце ад мяне спадзявацца ўсяго акрамя страху і адрачэньня... Я ня буду ўцякаць і не адмоўлюся ад сваіх слоў”. Калі ён апынуўся перад імпэратарам і ад яго сталі патрабаваць адмовіцца ад сваіх поглядаў, Лютэр, склаўшы рукі, заявіў: „Я не магу пакарыцца перад кансыліумам або папам, бо яны часта памыляліся. Маё сумленьне —палоньнік Божага Слова... на гэтым я стаю і не магу інакш... Памажы мне, Госпадзе”. Гэты рэфарматар выступіў супраць папы, а біскуп Фішэр і канцлер Томас Мор — наадварот. Яны мужна супрацівіліся каралю Генрыху і яго разрыву з Ватыканам і за тое, што засталіся вернымі сваім перакананьням, прынялі пакутніцкую сьмерць. За тое, што ня быў „трасьцінай, што хістаецца на ветры”, за сваю бескампраміснасьць у барацьбе са злом, раней за іх заплаціў пакутніцкай канчынай Яан Хрысьціцель.

Кампрамісам наагул называецца частковае адмаўленьне ад прынцыпу дзеля дасягненьня дамоўленасьці і згоды. На гэтым асноўваецца дыпляматыя, якая патрабуе элястычнасьці і ў другарадных справах можа быць пахвальная. Людзей здольных на кампраміс паважаецца як дальнабачных палітыкаў, але з другога боку не заўсёды і не ва ўсім можна пайсьці на кампраміс. Евангельскае тлумачэньне кампрамісу ў справах веры адназначнае — гэта духоўная здрада: „Хай слова вашае будзе так — так, не — не, а што звыш гэтага — ад д’ябла”. Бескампрамісныя людзі не выклікаюць і ня могуць выклікаць прыхільнасьці да сябе. Лепш і спакайней жывецца тым, хто ўмее своечасова зьмяніць партыйны білет на малітоўнік, хто дзеля карысьці і кар’еры гатовы ня толькі зьмяніць погляды ды ідэалы, але гатовы на любы кампраміс, аднак усё роўна пашана належыцца тым, што маюць непахісныя ідэалы і перакананьні. Гераічнае спаборніцтва Майсея з фараонам дае нам клясычны прыклад спакусы, зьвязанай з дасягненьнем кампрамісу. Фараон гатовы быў адпусьціць яўрэйскі народ, аднак зь некаторымі агаворкамі, напрыклад, пакінуць у Егіпце іхныя статкі. Майсей разгадаў спакусьлівыя прапановы фараона і яго адказ быў кароткі і рашучы: „Не застанецца ні капыта”. Толькі прынцыповыя, стойкія людзі гатовы супрацьстаяць асяродзьдзю. Маюць яны ворагаў і пагражае ім небясьпека, аднак ня дбаюць пра пахвалу з боку іншых і блізарукую карысьць ад падтакваньня людзям магутным і ўплывовым. Толькі такія людзі здольныя ажыцыцявіць сваё пасланьніцтва і адстаяць ідэю, у якую вераць.

Царква шануе Яана, як апошняга старазапаветнага пророка, Папярэдніка і Хрысьціцеля Гасподняга. Адначасова перад сьвятам Богаяўленьня напамінае вернікам жывыя, заўсёды актуальныя рысы ягонага характару, як тое, чаго не хапае нам і чаго можна ў Яана Хрысьціцеля павучыцца.