Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Уваскрэшаньне дачкі Яіра

(Лук. 8, 41-56)

Дзьве незвычайныя падзеі — аздараўленьне кроватачывай жанчыны і ўваскрэшаньне дванаццацігадовай дачкі Яіра спляліся ў адну. Пераадолеўшы пачуцьцё сваёй нягоднасьці жанчына, якая з прычыны сваёй немачы лічылася нячыстай, употай дакранулася да акружанага натоўпам Хрыста і атрымала аздараўленьне. Гэтак-жа і начальнік сынагогі Яір быў вымушаны ня толькі пераадолець сваю ганарыстасьць, але і боязь перад рэакцыяй свайго асяродзьдзя. Гэтая сцэна цудоўна прадстаўлена на карціне Ільлі Рэпіна „Уваскрэшаньне дачкі Яіра”. Несумнена, перш чым зьвярнуцца да Ісуса бацька зрабіў усё магчымае, каб вылечыць дачку. Хворая шэраг гадоў жанчына таксама відавочна не зьмірылася з хваробай і напэўна ня раз зьвярталася да лекараў. Яны абое вычарпалі ўсе даступныя сродкі, але ніхто ня здолеў ім дапамагчы. Не губляючы рэштак надзеі, як да апошняй інстанцыі яны зьвярнуліся да Хрыста і той не расчараваў іх. Народная мудрасьць слушна адзначае, што „патанаючы хапаецца нават за брытву”.

Пытаньня хваробы і сьмерці не пазьбегнем і мы; яно ўзьнікае ці думаем пра яго ці не. На першы погляд на вуліцы, на працы маем уражаньне, што ўсе здаровыя і бодрыя, аднак дастаткова зазірнуць у любы шпіталь, каб пераканацца, што нямогласьць гэта зусім нярэдкая зьява. У хвіліны, калі нехта бесклапотна сьмяецца, нехта іншы скручваецца ад болю або памірае. Не зважаючы на вялікі прагрэс мэдыцыны далей ёсьць невылечныя хваробы і чалавек стаіць перад тымі самымі, адвечнымі праблемамі. Нашмат больш ведаючы і больш умеючы мы далей бездапаможныя: не можам прадухіліць хваробы, старасьць і сьмерць. Тры тысячы гадоў таму прарок Давід адзначыў, што „сярэдні век чалавека — 70 гадоў і толькі выняткава — 80”. Сёньня кожны бачыць, што нават лекары не жывуць даўжэй. Усьведамленьне крохкасьці і няўпэўненасьці жыцьця, на якое не маем ніякага ўплыву не павінна, аднак, адбіраць рэштак аптымізму і радасьці, якіх ніколі не зашмат. Для псыхічнай раўнавагі неахбходнае стаічнае прымірэньне з асноўнымі і непазьбежнымі элемэнтамі лёсу. „Памятай пра мінулае, спадзявайся на Бога ў будучым, разумна карыстайся цяперашнім”, — пісаў у мінулым стагодзьдзі маскоўскі мітрапаліт Філарэт. Можна крыху палепшыць якасьць жыцьця, але само існаваньне або небыцьцё проста залежаць ад кагосьці або чагосьці іншага. Можна назваць яго лёсам, фатумам, а можна і Богам. Вернікам лягчэй зьмірыцца з гэтым сумным фактам і яны за Евангельлем прызнаюць, што „кожнаму дню хопіць сваіх турботаў... ці жывем, ці паміраем — належым Госпаду”.

Літаральна разумеючы евангельскае апавяданьне можна прыйсьці да высновы, што ўсякае лячэньне безвыніковае і дарэмнае. Шмат хто бязьмежна верыць лекарам і мэдыцыне, а іншыя баяцца іх бы агняю Праўда — як гэта вельмі часта бывае — ляжыць пасярэдзіне. Ужо ў Кнізе Прамудрасьцяў Сіраха чытаем: „Бог стварыў на зямлі лячэньні, таму шануй лекара і карыстайся ім... І яго стварыў Бог, паколькі ён патрэбен” (38, 4-12). Аднак падкрэсьліваючы ад каго ў сапраўднасьці залежыць аздараўленьне Ісус Сірах казаў: „У хваробе тваёй не пападай у роспач, але маліся Госпаду і той аздаровіць цябе” (38, 9).

Вернікам важна памятаць, што трэба ратаваць здароўе і жыцьцё як бясцэнны дар, але таксама не забываць, што апошняе слова заўсёды належыць Богу. Ён надалей дакранаецца да нас сваёю ласкай у самых бязвыхадных сытуацыях, у самых безнадзейных абставінах, калі апускаюць рукі найлепшыя лекары. Цуды бясконца паўтараюцца там, дзе чалавек зь дзіцячым даверам складае свой лёс у Божыя рукі. Вера сапраўды немагчымае робіць магчымым...