Некаторыя сьвяты быццам іконы гавораць нам аб унутраных падзеях, хаця іх гістарычная абстаноўка няясная. Такім зьяўляецца адно з дванаццаці вялікіх сьвятаў Праваслаўнай Царквы — Увядзеньне ў Храм Прасьвятой Багародзіцы. На аснове апокрыфу „Протаевангельле Якуба” і твораў сьв.сьв. Рыгора Ніскага, Амвросія Медыяланскага, Кірылы Александрыйскага ды іншых Айцоў Царквы зьявіўся „Аповед пра ахвяраваньне Прасьвятой Багародзіцы ў храм”.
Згодна гэтаму твору, Яакім і Анна прысягнулі, што калі Бог ашчасьлівіць іх дзіцём, ахвяруюць яго Богу. Іхныя гарачыя малітвы былі выслуханы і ў іх нарадзілася дачка, якую назвалі Марыяй. Калі Марыя мела тры гады, бацькі ўрачыста з равесьнікамі і сваякамі ўвялі яе ў ерусалімскі храм. Насустрач Марыі выйшлі сьвятары на чале з Захарыем. На дзіва трохгадовая дзяўчынка безь нічыёй дапамогі сама паднялася па пятнаццаці высокіх ступенях. Незвычайнае ў гэтай падзеі было і тое, што галоўны сьвятар блаславіў Марыю і ўвёў яе ў найсьвяцейшае месца храму, куды ў вялікі Дзень Ачышчэньня мог увайсьці ён сам адзін раз у год.
Пакінуўшы дачку ў храме Яакім і Анна даручылі апеку над ёю ўдовам і дзевам. На самай справе гэта было разьвітаньне старых бацькоў зь дзіцём, ахвяра зь іхнай бацькоўскай любові. Гэтаму самавырачэньню бацькоў спадарожнічала і першая ахвяра дзіцячай любові Марыі. Ёй не было дадзена цешыцца бесклапотным дзяцінствам і звычайнымі забавамі сярод равесьнікаў. Яна пагадзілася зь непрывабным спосабам жыцьця. Як гаворыцца ў згаданым творы, сярод малітваў, чытаньня Сьвятога Пісаньня, рукадзельля і добрых учынкаў яна ўмацоўвалася „ў розуме і ласцы”.
Царква ўслаўляе ў дзень сьвята Марыю Дзеву як „адухоўлены Божы Каўчэг”, называе Яе „памяшканьнем Божага Слова”, „сьвятой скарбніцай Славы Божай”. У трапары сьвята выказваецца думка, што ахвяраваньне Марыі ў храм зьяўляецца прадвесьцем Божага пляну збаўленьня. У храме яна павінна была рыхтавацца да будучай ролі Божай Маці. Час прабываньня ў храме быў чарговым этапам узрастаньня ў сьвятасьці. Ейнае нявіннае дзяцінства засталося чыстае і беззаганнае. Гэта вынік ласкі і асабістага намаганьня, на першы погляд недасягальны, аднак магчымы для іншых.
Адсюль вынікае вялікае значэньне храму як выключнай духоўнай школы. Уся атмасфэра храму зь ягоным багацьцем розуму, набожнасьці і містычнага дасьведчаньня пакідае адчувальны сьлед у кожным чульлівым сэрцы. Усё, што мы атрымалі ў спадчыну ад мінулых пакаленьняў, сьвятасьць адных і натхнёнасьць іншых дапамагаюць нам у нашых асабістых дылемах і вернік даручае сябе Богу і атрымоўвае падтрымку ў выглядзе ласкі, якая „заўсёды ўмацоўвае тых, хто слабее і дапаўняе тых, каму не хапае”. Вернік жыве сьвятасьцяй храму і яна нябачным чынам ператварае яго самога. Адбываецца гэтак таму, што ў храме жыве цудадзейная моц, а струмень ласкі плыве невычэрпна, асьвячаючы кожнага чалавека.
Шлях чалавека да Бога вядзе праз храм і яго сьвятасьць: гісторыя храму — гэта гісторыя Божага Правіду. Храмы сталі неабходныя тады, калі сам чалавек перастаў быць храмам Бога. Архіепіскап Херсанескі Інакенцій пытае: „Ці быў нейкі храм у раі? Не было, таму што ўсё жыцьцё першых людзей было і ахвярай, і сьвятарствам, і храмам”. Ня будзе таксама храму ў „новай зямлі”, паколькі Сам Бог будзе храмам у Нябесным Ерусаліме.
Пакуль аднак працягваецца зямное пілігрымства, у нашым штодзённым жыцьці храм будзе неабходны. З часу гэтак званага ўводу, калі за прыкладам саракадзённага Хрыста мы былі прадстаўлены Богу, асьвячэньне ў царкоўных таінствах і малітвах будзе нам спадарожнічаць да канца нашых дзён.
Увядзеньне ў Храм Прасьвятой Багародзіцы павінна зьвярнуць нашу ўвагу на неабходнасьць давер’я Богу мацярынства і выхаваньня дзяцей. Дзева Марыя прыходзіць у храм, прыносіць Богу ахвяру са свайго нявіннага дзяцінства і кліча за сабою перш за ўсё дзяцей. Дзяцінства — гэта непаўторны час, калі даверлівыя дзіцячыя сэрцы гатовы засвоіць каштоўнасьці, якія зробяць дарослае жыцьцё больш годным і сьвятым. Таму і Хрыстос, указваючы на дзіцячыя сэрцы пазбаўленыя насьцярожанасьці і скептыцызму дарослых гаворыць, што „да такіх належыць Царства Божае”.
Сёньня ведаем, што сьвецкае навучаньне зьяўляецца бясконцым экспэрымэнтам і блуканьнем сярод усё новых праўдаў і аўтарытэтаў. Вучачы дзяцей школа сама няўпэўненая ў тым, што гаворыць. Некалі нямецкі паэт Гэнрых Гэйнэ, пабываючы ў Антвэрпэне і наведваючы цудоўны сабор, заявіў: „Так, тыя часы, у якіх будавалі гэты храм, мелі догматы, а зараз мы маем толькі здагадкі, а на іх немагчыма будаваць саборы”. Сапраўднае выхаваньне можа абапірацца толькі на трывалым фундаманце, на трывалым і неаспрэчным аўтарытэце настаўніка. Толькі пра Хрыста сказана ў Сьвятым Пісаньні, што Ён „учора і сёньня, і на векі Той самы” (Яўр. 13, 8). „Неба і зямля прамінуць, але Слова Маё не праміне” (Мацьв. 24, 35).
Глянем на сучасную сям’ю. Усе кажуць, што гэта „хатняя Царква”, „асноўная грамадзкая ячэйка”, „найлепшая школа”. На жаль, сям’я не заўсёды належна выконвае свае функцыі і не заўсёды бацькі годныя гэтага высокага імя. Тым часам, як гаварыў сьв. Яан Залатавусны, „бацькі будуць пакараныя ня толькі за свае грахі, але і за грахі дзяцей, калі ня выхаваюць іх у пабожнасьці”. „Першае слова пра Бога павінна сказаць дзіцяці тая, да якой першай накіравана першая ўсьмешка дзіцяці” (а. Ражджэственскі). „Як кроплю вады можна павесьці пальцам у любым напрамку, — пісаў сьв. Еранім, — гэтак і дзіця можна павесьці ў добрым або дрэнным напрамку”. Часам можна пачуць нараканьні бацькоў, што сучасныя дзеці разбэшчаныя, што не паважаюць бацькоў. Гэта напэўна так, але-ж нельга таксама забываць, што дзеці ня будць выконваць запавету аб павазе да бацькоў, калі бацькі самі ня выконваюць усіх дзесяці запаветаў. Мітрапаліт Філарэт слушна заўважыў, што „дзеці забытыя бацькамі ў часе выхаваньня забудуць пра бацькоў пасьля выхаваньня”.
Безумоўна, ніхто не прызнаецца, што хоча выхаваць сваё дзіцё на дрэннага грамадзяніна, дрэннага чалавека. Аднак усё роўна ня кожнае дзіця выносіць з бацькоўскага дому такія ўказаньні, якія некалі Тавіі даў ягоны бацька: „Сын мой. Прыгожа пахавай мяне. Паважай сваю маці і не забывайся пра яе праз усе дні жыцьця твайго... Не засмучай ейнай душы ніякім заганным учынкам. Прыгадай сабе, дзіця маё, на якія шматлікія небясьпекі яна была выстаўлена, калі насіла цябе пад сваім сэрцам. Не дапускайся сьведама ніякага грэху і не парушай запаветаў. Праз усе дні жыцьця твайго паступай міласэрна, не хадзі шляхамі няпраўды, бо толькі тыя, што паступаюць годна карыстаюцца посьпехамі. Не адвяртайся ад ніякага бедняка... пазьбягай распусты, любі сваіх братоў і ня будзь пыхлівым, бо ў гэтым шмат разбэшчанасьці і нягоднасьці. Чым сам пагарджаеш, не рабі гэтага іншаму. У кожную хвіліну шануй Бога і прасі Яго, каб жыцьцёвыя шляхі твае былі простыя і каб ажыцьцявіліся ўсе твае добрыя намеры”.
Гэтыя запаветы кахаючага бацькі, які жыў тысячы гадоў таму, не страцілі сваёй актуальнасьці і зараз, гэтак як багатае зьместам і сьвята Ўвядзеньня ў Храм Прасьвятой Багародзіцы. Над тым, чаго Бог чакае і ад бацькоў, і ад дзяцей, варта застанавіцца ня толькі з нагоды сьвята.