Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра скрыўленую жанчыну

(Лук. 13,10-17)

У адной з бажніцаў Настаўнік сустрэў жанчыну, якая васемнаццаць гадоў была скурчаная. „Ты вызваляешся ад недалужнасьці сваёй”, — сказаў ёй Ісус, паклаўшы рукі на яе і жанчына выпрасталася славячы Бога.

Згорбленая жанчына зьяўляецца вобразам шматлікіх жанчын і мужчынаў, якія больш чым васемнаццаць гадоў ходзяць схіленыя і загледжаныя на зямлю. Яны глядзяць пад ногі прынамсі па двух прычынах: або з прычыны сумнай неабходнасьці або з уласнага выбару. Жанчына вельмі часта нахіляецца над шыцьцём, прыбіраньнем хаты, гатаваньнем, зьгінаецца пад цяжарам сумак з пакупкамі або полючы агарод. Мужчына не па сваёй волі горбіцца над сваім варштатам, машынай, станком або пісьмовым сталом. Для адных — гэта нармальнае, гэта ўсё жыцьцё і не зьбіраюцца нічога папраўляць, для іншых — толькі неабходны спосаб здабыць хлеб надзённы.

Аднак раней і ці пазьней прыходзіць час, калі позірк чалавека і задаволенага, і прыгнечанага ўсё часьцей выбягае ўдалеч, дзе мусяць кончыцца і пакуты, і зямныя асалоды. Калі гэта чалавек веруючы, яго позірк накіроўваецца ў будучыню, уверх. У апошнім сказе Сымбалю Веры гаворыцца: „спадзяюся жыць у будучым сьвеце”. Гэты будучы сьвет названы Небам і яно мае заспакоіць усе высакародныя прагі і спадзяваньні. На чалавечай мове немагчыма выказаць, у чым заключаецца шчасьце збаўленых істотаў: у цяперашнім жыцьці таксама бываюць шчасьлівыя хвіліны, хаця і ня ўмеем вытлумачыць, чаму мы шчасьлівыя. Месцам поўнага шчасьця мусіць быць Неба, бо гэта стан прабываньня з Богам, які зьяўляецца крыніцай і паўнатой усякага дабра, праўды і прыгажосьці. Усё, што сапраўднай любоўю пакахаў на Зямлі, чым шчыра цешыўся, там ён знойдзе памножаным. Мабыць таму вялікі французскі фізык Андрэ Мары Ампэр загадаў высячы на сваім помніку словы „Нарэшце шчасьлівы”.

Неба пачынаецца ў нас ужо цяпер: праз пазнаньне і любоў да ўсяго, што праўдзівае, прыгожае і добрае, праз усё, што вядзе нас да Бога, праз змаганьне са злом у нас саміх. У 6-м разьдзеле Лісту Паўла да эфэсянаў, фрагмэнт якога таксама чытаецца ў гэтую нядзелю, зьмешчаны гарачы заклік апостала да барацьбы зь сіламі зла. „Мацуйцеся ў Госпадзе і ў магутнасьці сілы Ягонай, адзеньцеся ў поўную зброю Божую, бо наша барацьба не з крывёю і целам, але... з духоўнай сілай нягоднасьці”. Паводле апостала барацьба паміж Небам і сіламі Пекла праходзіць у душы кожнага чалавека. Нашы грахоўныя цягі ўзбуджаюцца ў нас духамі зла. Мы часта гаворым: „Ён мне вораг”, але забываем, што сапраўдны вораг унутры нас і зь ім неабходна змагацца. „Няма большага ворага чалавеку як ён сам сабе. Лягчэй перамагчы зьнешняга ворага, чымсьці пераадолець сябе” (Марк Падзьвіжнік). Гэтую думку ў розныя часы паўтарылі філёзаф Сэнэка і пісьменьнік Талстой. Не звонку, але знутры сэрца „выходзяць дрэнныя думкі, распуста, забойствы, крадзяжы, злоба, каварства, зайздрасьць, блюзьнерствы, ганарыстасьць і шаленства” (Мацьв. 15, 19). Каб супрацьстаяць ім, хрысьціянін павінен надзець на сябе рыштунак ваяра, Божую зброю. Яго пояс — праўда, яго панцыр — праведнасьць, яго рыцарскі абутак — воля пашыраць дабравесьце, яго шлем — апраўданьне Гасподняе, шчыт — вера, а яго меч — слова Божае.

Гэтая нябачная барацьба пачынаецца з пазнаньня самога сябе. „Я кожны дзень, — гаварыў Цыцэрон, — станаўлюся для сябе абвінаваўцам і судзьдзёю. Калі дагасае мая сьвечка, я прыступаю да перагляду ўсяго прайшоўшага дня, прыгадваю ўсе мае словы і дзеяньні, ня ўтойваю перад сабою і не выбачаю сабе нічога”. „Пазнаньне самога сябе” было лёзунгам старажытных грэкаў і да сёньняшняга дня зьяўляецца найлепшым выхаваўчым сродкам. Можна быць хворым і ня ведаць пра гэта. Ведаючы пра хваробу чалавек пачынае лячыцца. Тое самае тычыцца духоўных недамаганьняў. Як гаварыў Фама Кэмпійскі: „Хто пазнаў свае недахопы, той ужо ў палове дарогі да іх выпраўленьня”.