Ёсьць адна малітва, якая заслугоўвае на асаблівую ўвагу. Яе навучыў сам Ісус Хрыстос у адказ на просьбу вучняў: „Навучы нас маліцца” (Лук. 11, 1). Настаўнік адказаў ім: „Калі моліцеся, кажэце: „Ойча наш, які ў нябёсах; няхай сьвяціцца Імя Тваё; няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як у небе, так і на зямлі; хлеб наш штодзённы дай нам сёньня і даруй нам грахі нашы, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і ня ўводзь нас у спакусу, але захавай нас ад ліхога”.
Гэта сапраўдная карона ўсіх малітваў ды іхны зьмест, сынтэз Евангельля і хрысьціянскіх праўдаў веры. Кароткі зьмест малітвы дайшоў да нас праз стагодзьдзі ў нязьменнай форме, аднак ейны зьмест інакш успрымае дзіця, інакш юнак, а яшчэ інакш дарослы чалавек. Тымі-ж словамі розныя людзі ў розныя эпохі выказваюць розныя свае патрэбы. Малітва „Ойча наш” — унівэрсальная і звышчасовая. У ёй скандэнсаваны і нашы сёньняшнія галоўныя пытаньні і праблемы, і таму малітва заслугоўвае на глыбейшы аналіз.
Перш за ўсё ў якасьці пралогу варта адзначыць адзін істотны факт. Менавіта чалавецтва ганарыцца вялікім прагрэсам у шматлікіх галінах навукі і тэхнікі, аднак не адчувае сябе шчасьлівейшым, значыць, чагосьці істотнага ўсё роўна яму не хапае.
Згаданы прагрэс сапраўды ашаламляючы. Мы ірвемся ўперад, увысь, уніз, як найхутчэй, найвышэй, найвыгадней і гэтак далей. Безупынна працягваецца спаборніцтва, мітусьня, рух, бы ў мурашніку, аднак калісьці мусіць узьнікнуць пытаньне: А навошта ўсё гэта? Дзеля чаго? А што потым? Над гэтым застанаўляемся зрэдку і неахвоча, аднак усё роўна мэта будзе для ўсіх адна. Раней ці пазьней, хто ў ракеце, хто ў самалёце, а хто пехатою — усе дабягуць да аднаго месца, да магілы. Спрабавалі пакарыць космас, але атрымалася, што дастаткова двух квадратных мэтраў зямлі. Кінуліся адкрываць тайны быцьця і сусьвету, аднак, многае дасягнуўшы, ні спакою, ні задавальненьня, ні шчасьця не знайшлі... Ужо амаль дзьве тысячы гадоў таму амаль няведамы тады Настаўнік з Назарэту сказаў: „Якая карысьць чалавеку, калі заваюе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?”
Сучасны чалавек сапраўды карыстаецца тым, аб чым нашы дзяды нават не маглі марыць. З другога боку, няма амаль ніводнага вынаходзтва, якое акрамя станоўчага ня мела б свайго адмоўнага аблічча. Сучасная авіяцыя зблізіла краіны і народы, але адначасова дазволіла бамбардаваць адлеглыя гарады і краіны. Атамная энэргія выкарыстоўваецца ў мірных мэтах, але адначасова прымяняецца для вытворчасці ядзерных ракетаў і бомбаў, а што такое радыяцыя, пераканаўся на сабе самім наш беларускі народ. Навука і тэхніка выявіліся двухбаковавострым мячом — прынесьлі і карысьць, і шкоду. У гэтым, бадай, заключаецца асноўны парадокс сучаснасьці, што ўсе да гэтай пары зьдзейсьненыя посьпехі не загарантавалі чалавецтву ні паўсюднага дабрабыту, ні спакою, ні справядлівасьці. У часе найбольшага разгулу матэрыялізму ў Францыі гучэў лёзунг: „Хочам толькі зямлю, а неба ўступаем вераб’ям”. Аднак войны, рэвалюцыі, гвалты і забойствы далей бушуюць на гэтай-жа зямлі. Насуперак усім спробам на ёй таксама далей лютуюць невылечныя хваробы, голад і катаклізмы, а чалавек — напалоханы і бездапаможны так сама, як тысячы гадоў таму.
Атрымоўваецца так, што ў якімсьці месцы чалавецтва памылілася. Толькі дзе, у чым заключаецца прычына зла? Трэба ведаць прычыны недамаганьняў, каб іх вылечыць. Мабыць, галоўная прычына хаваецца ў тым, што чалавек паўторна вырашыў пабудаваць вавілонскую вежу, аднак вынік будзе той-жа, што і ў першы раз. Уся матэрыяльная культура не ашчасьлівіла чалавека, які, апрача цела, мае таксама душу. Тэхнічны прагрэс запаланіў і прывязаў людзей да зямлі, учыняючы зямнымі нашы намеры і памкненьні. На трансатлянтычным судне „Тытанік”, які загінуў пры сутыкненні з айсбергам, віднеў надпіс: „Няма Бога, які здолеў бы яго затапіць”. На драўляным крыжы ля возера ў Татрах зьмешчаны надпіс: „Вышэй Бога няма нічога”. Супастаўце гэтыя два надпісы і тады зразумееце, у чым заключаецца чалавечая памылка.
Падчас французскай рэвалюцыі ў шпіталі апынуўся акалечаны жаўнер бяз рук і ног. „Спачуваю табе, сябра”, — прашаптаў усхваляваны капэлян. „Не заслугоўваю на спачуваньне, — адказаў жаўнер. — Мы зь сябрамі апаганілі прыдарожны крыж і я першы шабляй адсёк Хрысту рукі і ногі... У часе першай-жа атакі я ўпаў першы і прыйшлося адрэзаць мне рукі і ногі... Засталіся толькі вочы і я бачу ўсю агіднасьць майго ўчынку”. Падумайма, колькі ў нас, на Бацькаўшчыне, апаганена крыжоў і храмаў, колькі іх зьнішчана, перабудавана на склады, архівы або канцэртныя залы. Няўжо ў гэтым сьвятатацтве ўдзельнічалі толькі адзінкі з кіруючых колаў? Гэты грэх кладзецца на сумленьні тысячаў людзей: тых, хто ахвоча выконваў злачынныя загады і тых, хто маўкліва ўхваляў іх або не прабаваў нават сымбалічна ім супрацьпастаўляцца.
Іроніяй лёсу нашага народу зьяўляецца факт, што ён пайшоў за фальшывымі настаўнікамі і самазванымі пастырамі. Яны вырвалі з сэрцаў нябеснае, але не запэўнілі і зямнога. Прапаведавалі ваяўнічы матэрыялізм, але давялі да матэрыяльнай галечы. Вось менавіта таму трэба зноў вяртацца да крыніцаў, да адвечнага фундаманту, да правераных ідэяў, прызнаць пяршынства і найвышэйшую вартасьць чалавека і яго душы. Хай Божая сіла будзе нашым лякарствам, хай Яго воля станецца нашай воляй, хай Яго запаветы будуць нам законам.
* * *
„Ойча наш” — гэтак гучаць першыя словы малітвы Гасподняй і ўсьлед за імі адразу ўзьнікае пытаньне аб існаваньні Бога. Гэта вельмі натуральнае. Нельга шчыра сказаць „Ойча наш” бязь веры ў Бога. Аднак, калі мы паспрабуем належна маліцца, дык неабходна нам усьведаміць на аснове чаго гэтак кажам і чаму мы верым у Бога. Дзесяцігодзьдзямі ў нас, на Бацькаўшчыне, само падазрэньне ў рэлігійнасьці дыскваліфікавала чалавека як адсталага прасьцяка, ненадзейнага і непрыгоднага для адказных пасадаў у сацыялістычным грамадзтве. Тым часам адказ на пытаньне, чаму верым у Бога — вельмі просты! Веру, бо гэтак мне падказваюць розум і сэрца. Веру ў Бога, бо маю розум, які падказвае мне, што безь існаваньня Бога нельга вытлумачыць ні існаваньня сьвету, ні самога жыцьця на зямлі. Розум ня ў змозе даследаваць Бога, і няздольны нават зразумець усяго, што тычыцца чалавека. „Зь цяжкасьцю дадумваемся рэчаў што на зямлі і тое, што перад нашымі вачыма зь цяжкасьцю знаходзім; дык тое, што ў небе, хто дасьледуе”, — гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні (Мудр. 9, 16). Сутнасці Бога сапраўды ніколі не зразумеем, але аб тым, што Бог існуе, выразна гаворыць наш розум.
Спасылаючыся на розум і навуку дзесяцігодзьдзямі праводзілася змаганьне зь вераю ў Бога. Але-ж як узьнік навакольны сьвет? Назіраем, што ўсё знаходзіцца ў безупынным руху, але што гэты рух выклікала? У неабсяжных галактыках і ў паасобным атаме пануе парадак і гармонія, але чалавеку не пад сілу загарантаваць пунктуальныя і бескалізыйныя ад’езды і прыезды некалькіх цягнікоў. Калі зь зямлі бачым сонечнае сьвятло, мы ўпэўнены, што мусіць быць і сонца. Калі бачым машыну, не сумняваемся, што нехта яе спраектаваў і выканаў. Такія прыклады можна даваць бясконца, але хопіць працытаваць вялікага вучонага Аляксандра Флемінга: „Для нас, для нашых навуковых досьледаў сусьвет і наагул жыцьцё не зьяўляюцца тым, чым уяўляе матэрыялізм. Сумленнае дасьледаваньнне пытаньняў быцьця прыводзіць да высновы, што існуе вышэйшая істота. Фізычны сьвет пацьвярджае, што ён быў створаны і сам зь сябе ня мог узьнікнуць. Асноўнаю тэзай матэрыялізму зьяўляецца сьцьверджаньне, што разьвіцьцё адбывалася паступова і эвалюцыйна і сьвет узьнік у выніку выпадковага злучэньня хімічных элемэнтаў, дзеяньня сьляпых сілаў прыроды... Погляд, што жыцьцё паўстала зь неажыўленай матэрыі, пярэчыць аднак вынікам дасьледчай навукі. Вытлумачэньне гэтых зьяваў магчымае толькі тады, калі мы прызнаем існаваньне Стваральніка”, — пісаў гэты вялікі ангельскі вучоны, ляўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны.
Для тых, хто паверыў, што рэлігія — гэта цемната і забабоны, працытую некалькі выказваньняў спэцыяліста ў галіне тэхнікі Вэрнэра Зімэнса. „Чым далей мы, — гаварыў ён, — пранікаем у сфэру гарманічных сілаў прыроды, якія рэгулююцца вечнымі, непахіснымі законамі, закрытымі ад нас цяжкою заслонаю, тым болей мы прымушаны да сьціпласьці з прычыны абмежаванасьці нашых ведаў і тым болей мацнее наша прага піць з гэтай невычэрпнай крыніцы навукі і пазнаньня. Разам з гэтым узрастае і наша захапленьне ўпарадкаванай разумнасьцяй, што пранізвае ўсё тварэньне”.
Можна было б яшчэ цытаваць Эйнштэйна, Ньютана, Ламарка, Паскаля, Дарвіна, Паўлава, шэраг вялікіх біёлягаў, матэматыкаў, фізыкаў, мастакоў, філёзафаў і пісьменьнікаў, якіх сапраўдныя погляды ўтойваліся ад савецкіх людзей, але хопіць і гэтага. Варта толькі памятаць, што абсалютная большасьць вялікіх вучоных была веруючай, а гэта значыць, што мы, як веруючыя, можам сябе залічваць да нядрэннай кампаніі. Сапраўды вялікія вучоныя, хаця і не члены савецкіх акадэміяў навук, не маглі не дайсьці да таго, аб чым гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні: „Неразумныя тыя людзі, што ня ведаюць Бога і з усіх выяваў Ягонай дабрыні не змаглі пазнаць Таго, які ёсьць” (Прамудр. 13, 1). Шматпакутны Іаў, не зважаючы на свае незаслужаныя пакуты, заявіў: „Спытай у жывёлы і навучыць цябе і птушкі... і пакажа... Гавары да зямлі і адкажа табе ды будуць табе сьведчыць марскія рыбы... Хто-ж ня ведае, што ўсё гэтае рука Гасподняя стварыла” (Іаў. 12, 7—9).
Вось адказ на першую частку пытаньня, але трэба яшчэ дадаць, што бязь існаваньня Бога нельга вытлумачыць жыцьцё на зямлі. Адна з асноўных догмаў атэізму гучыць: „Адвечна існавала матэрыя, якая знаходзіцца ў безупынным руху і якая стварыла жыцьцё”. Выдатны ангельскі астраном Эдмунд Гальлей даказаў аднак цалкам адваротнае. „Прызнаць, што матэрыяльны сьвет існуе вечна нельга з практычных меркаваньняў, паколькі на сьвеце не было-б ужо двухвокісу вугалю, які безупынна ператвараецца ў гэлій. Якім жа чынам сьвет дагэтуль складаецца пераважна з двухвокісу вугалю?” — пытае вялікі вучоны.
Пытаньня стварэння сьвету нельга абысьці маўчаньнем. Вакол сябе назіраем мноства выяваў жыцьця, але-ж ведаючы, што жывое паўстае толькі з жывога, трэба падумаць адкуль узялося першае зерне, першае яйка, першая клетка арганізму. Адзіным разумным вытлумачэньнем ёсьць прызнаньне стваральнага акту Бога. Мы існуем у Ім як мільярды клетак, кожная з усімі функцыямі жыцьця існуе ў нашым целе. Мы жывём як часткі вышэйшай рэальнасьці — жывём у Богу.
Верым у гэтае, бо так падказвае нам ня толькі розум, але і сэрца. Калі б не было Бога, дык сьвет ня меў бы сэнсу, мы былі-б быццам лодка без руля. Бяз Бога наша душа ня мела?б сваёй Айчыны, а наша існаваньне — карэнняў. Вакол нас усё недаўгавечнае і яно ня мела-б сэнсу, калі-б не існавала Бясконцасьць. Калі-б не было Бога, адкуль загарэўся-б факел нашага духа, калі не ад вечнага Сонца ўсіх душаў, якое называем „Ойча наш” і які сваёй магутнасьцяй кіруе сьветам абдараваным Яго гармоніяй і парадкам.
На гэтым нядоўгатрывалым сьвеце мы зьяўляемся толькі прахожымі. Абцяжараныя незьлічонымі турботамі мы вандруем да нашай ціхай прыстані, нашай Айчыны, якая ў небе і таму не перастанем клікаць „Ойча наш”.
Чаму некаторыя ня вераць у Бога?
Вера ў Бога мае сваю крыніцу ў розуме і ў сэрцы. Такім чынам і пачуцьці, і халодная дэдукцыя ў аднолькавай ступені прыводзяць да прызнаньня Тварца. Чаму-ж аднак некаторыя ня вераць?
У першыя месяцы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны, пасьля некалькіх гадоў адноснай свабоды пры г.зв. перабудове адзін зь дзеячоў апазыцыі заявіў, што зараз семдзесят працэнтаў насельніцтва Беларусі знаходзіцца па?за ўсякай формай рэлігіі. Пры гэтым рэлігійнасьць астатніх трыццаці працэнтаў вельмі павярхоўная і фармальная. Некаторыя аспрэчваюць гэта і ўказваюць на перапоўненыя храмы, але, мабыць, ня лічаць колькі ў дадзеным горадзе насельніцтва, а колькі ў ім храмаў! Агулам можна сьмела прызнаць, што пасьля краху бязбожнага камунізму людзі ня хлынулі ў храмы. Назіраецца значнае ажыўленьне рэлігійнасьці, але вядома і выразна бачна, што дзесяцігодзьдзі праграмнай атэізацыі сваё зрабілі. Вось таму і ўзьнікае пытаньне: чаму людзі ня вераць у Бога? Адкажам гэтак! Па-першае: таму, што некрытычна паддаліся бязбожнай прапагандзе; па-другое: забыліся пра Бога і па-трэцяе: супрацівіліся Богу.
Як вядома, пачынаючы ад кастрычніцкага путчу 1917 года ў Савецкім Саюзе праводзілася небывалая дагэтуль у такіх маштабах антырэлігійная прапаганда. Спасылаючыся на сваіх папярэднікаў: Маркса, Энгельса, Гэгеля, Фэербаха і Шапэнгаўэра, Ленін аб’явіў вайну ўсялякім формам рэлігійнасьці. „Мы павінны змагацца з рэлігіяй... Гэта род духоўнай гарэлкі... Мільёны грахоў, сьвінстваў, гвалтаў і ўсякай фізычнай заразы менш небясьпечныя за ўдасканаленую адухоўленую, прыадзетую ў найпрыгажэйшую вопратку ідэю бозі”, — пісаў „вечна жывы” Максіму Горкаму. З часам дзеля будучага шчасьця народных масаў былі разбураны дзесяткі тысяч храмаў і манастыроў, расстраляны тысячы сьвятароў і за ўпартае падтрымоўваньне веры, якую бальшавікі назвалі опіумам для народу, былі сасланы ў лягеры або фізычна зьнішчаны некалькі мільёнаў людзей. У трэцяй пяцігодцы, згодна дэкрэту партыі, мела замоўкнуць у межах Савецкага Саюзу ўсякая гутарка пра Бога. Аднак партыйнага загаду не хапіла. Спатрэбіліся мільёны атэістычных кніжак, кінафільмаў, п’есаў. Напорыста, навыперадкі працавалі тысячы агітатараў, літаратараў і палітрукоў. Гэтак з энтузыязмам годным лепшай справы, пры наяўнасьці тысячаў важнейшых праблемаў, эканамічнай галечы, культурным варварстве і тэхнічнай адсталасці працягвалася барацьба з тым, чаго нібыта няма.
У свой час гітлераўскі міністар прапаганды Гэбэльс гаварыў, што „тысячы разоў паўтораная хлусьня станецца праўдай” і не памыліўся, аб чым добра ведаюць спэцыялісты па сучаснай рэкляме. Узброеная ва ўсе тэхнічныя і фінансавыя сродкі атэістычная прапаганда ў значнай ступені дасягнула сваёй мэты. Мільёны спустошаных душаў, страта вышэйшых ідэалаў, глыбокая расчараванасьць сярод моладзі, бездухоўнасьць, злачынствы, аборты і разводы — гэта плён таго шаленства. У Сьвятым Пісаньні ясна сказана: „Што пасеш, тое і будзеш жаць”, а народная прымаўка кажа: „За што баролісь, на то і напаролісь”. Вось таму пара сеяць іншыя зярняты...
Калі Міхаіл Гарбачоў увёў свой несумненна слушны, але нерэалістычны сухі закон, у Чэлябінску здарыўся наступны інцыдэнт. Не дачакаўшыся дастаўкі гарэлкі, разьюшаны натоўп рушыў разбуральнай хваляй праз горад, выкрыкваючы лёзунг: „Хлеба і мяса!”. Вось якія патрэбы меў перадавы ў свеце, найбольш прагрэсыўны савецкі народ. Ён ня толькі не апярэдзіў Амэрыку, але рад быў-бы задаволіцца мясам і гарэлкай, якіх не хапала, не гаворачы пра жыльлё, лякарствы, аўтамабілі, пра нейкі мінімальны камфорт годны не то што савецкага, а проста звычайнага грамадства. Заўсёды хапала ім сродкаў толькі на бязбожную прапаганду і ракеты...
Але-ж акрамя прапаганды ёсьць і іншая прычына нявер’я. Найагульней можна сказаць, што ёсьць людзі, якія забыліся пра Бога ды супрацівіліся Яму. Слова „забыцьцё” ў дачыненьні да Бога можа гучэць дзіўна, але гэта факт. У мноства людзей апрача асабістых, матэрыяльных справаў няма ніякіх іншых. Яны імкнуцца да багацьця, да славы, да выгодаў, не зважаючы на ніякія абмежаваньні ні маральныя тармазы. Пра такіх у Сьвятым Пісаньні сказана, што „клопаты веку гэтага і прывабнасьць багацьця заглушаюць слова” (Мацьв. 13, 22).
Ёсьць яшчэ людзі, якія яўна супрацівіліся Богу. Яны, быццам фарызэі, маюць памылковыя ўяўленьні аб Богу і хацелі-б дапасаваць іх да сваіх патрэбаў. Калі спатыкае іх хвароба, беднасьць, калі памірае, напрыклад, нявіннае дзіця, калі бачаць яўную несправядлівасьць, тады бунтуюцца супраць Бога. „Калі-б ён быў, — кажуць, — ніколі не дапусьціў-бы да гэтага”. Вось таму, што Бог не такі, як хацелася-б, многія адварочваюцца ад Яго і нават выступаюць супраць Яго.
У нейкім сэнсе можна гэта зразумець, але бываюць людзі, якія страцілі веру ў выніку амаральнага жыцьця. Яны ня хочуць закладаць на сябе маральную вуздэчку, ня хочуць зьмяняць свой неабмежаваны спосаб жыцця... Адна настаўніца зь Беларусі заявіла, што яна супраць рэлігійнага выхаваньня дзіцяці, паколькі гэткім чынам адбіраецца радасьць жыцьця, бесклапотнасьць і свабода. На жаль, шмат такіх настаўнікаў. Такія людзі павінны зразумець, што нават прыналежнасьць да камуністычнай партыі патрабавала ўхваленьня ейнай лініі і ляяльнасьці, гэта значыць, што апрача прывілеяў былі і абавязкі. Царква таксама патрабуе ня толькі фармальнай прыналежнасьці да яе, але і жыцьця паводле ейнай навукі. Калі апостал Павал прапаведаваў грэцкім філёзафам у Афінах аб уваскрэсеньні, „адны насьміхаліся, а іншыя казалі: пра гэта паслухаем цябе іншым разам” (Дзеі. 17, 32). Зразумела, яны ніколі больш не паклікалі апостала. Гэтак-жа было і з намеснікам Фэліксам. Калі апостал загаварыў „пра праўду, пра ўстрыманасьць і будучы суд, дык Фэлікс вельмі перапалохаўся і адказваў: цяпер ідзі, а калі выберу час, паклічу цябе” (Дзеі. 24, 25). Вядома, ён больш ніколі не паклікаў Паўла, бо слухаць яго было непрыемна. Фэлікс проста меў нячыстае сумленьне.
Гэтак — на жаль — паступаюць многія сучасныя людзі. Яны ня вераць у Бога не таму, што гэта непрымальна з разумовых меркаваньняў, але таму, што трэба было-б перагледзець і зьмяніць усё сваё грэшнае жыцьцё. Для многіх гэта празьмернае патрабаваньне і для іх выгадней ня думаць, ня ведаць пра Бога. Для іх лепш, каб Бога не было.
„Ойча наш, які ёсць у нябёсах”
З гэтых слоў малітвы Гасподняй вынікае, што неба, як духоўная Айчына, зьяўляецца для верніка яго адзінай і галоўнай Айчынай, што загледзеўшыся на нябесны рай ён няздольны будаваць і клапаціцца пра сваю зямную Айчыну. Гэты цалкам фальшывы погляд шырока выкарыстоўвала ў сваіх мэтах атэістычная прапаганда.
Фрыдрых Энгельс пісаў, што надзея хрысьціян у небе і ў вечным жыцьці, у сувязі з чым хрысьціяне не імкнуцца правесьці сацыльныя пераўтварэньні ў сьвеце. Евангельле, паводле Энгельса, „ухваляе пасыўны супраціў, бунт на каленях, фактычна апраўдваючы прыгнёт і галоўнае сацыяльнае зло старажытнасьці — нявольніцтва”.
Карл Маркс у падобным духу пісаў: „Сацыяльныя прынцыпы хрысьціянства апраўдвалі старажытнае нявольніцтва і ўслаўлялі сярэдневяковае падданства... Усякае выраўноваўньне крыўдаў яны пакідаюць небу... Неабходным лічаць існаваньне пануючага клясу і клясу ўцісканага, разьлічваючы толькі на велікадушную літасьцівасьць паноў”.
Уладзімір Ленін пісаў Максіму Горкаму, што „ідэя Бога была заўсёды ідэяй нявольніцтва... Яна зьвязвала ўцісканыя клясы аковамі веры ў боскасьць прыгнятальнікаў”.
Усе гэтыя мудрагельствы надта павярхоўныя і неаб’ектыўныя. Галоўная ідэя Евангельля заключаецца ў закліку браць прыклад з Хрыста, а ён Сам ніколі не пагаджаўся з сацыяльнай несправядлівасьцю. Усе евангельскія апісаньні жыцьця Ісуса згодна падкрэсьліваюць Ягонае спачуваньне для бедных, пакрыўджаных і прыніжаных. Ён вучыў, што „ўсякаму, хто просіць у цябе — дай” і сам меў фонд дапамогі бедным. Ведаючы як ніхто натуру чалавека, Хрыстос перасьцерагаў перад злоўжываньнем прывілеямі, уладай і багацьцем. Разумеючы чалавечыя слабасьці, схільнасьці і саму структуру агульначалавечых суадносінаў Ён ніколі не абяцаў раю на зямлі, як гэта рабілі шматлікія „дабрачынцы” чалавецтва ўключна з Уладзімірам Ільічом. „Гора вам, багацеі, бо вы ўжо атрымалі сваю радасьць”, — гаварыў Ён багатым і з сумам канстатаваў немагчымасьць устанаўленьня нават прыблізнай роўнасьці. „Убогіх заўсёды маеце ў сябе”, — гаварыў Ён, і сёньня, пасьля дваццацьці стагодзьдзяў назіраем, што бедных абсалютна не паменшала. Яны пераважна яшчэ больш бяднеюць, а багатыя яшчэ больш за кошт каго-небудзь нажываюцца.
Хрысьціянства, абвінавачванае ў „згодніцтве”, „пасыўным супраціўленьні” або „бунце на каленях”, прынесла і ў значнай ступені ажыцьцявіла праграму сацыяльнай перабудовы сьвету. Не была гэта, аднак, праграма пэрманэнтнай рэвалюцыі, да якой заклікаў Маркс, бо дзеля чаго пастаянны бунт і разбурэньне? Рэвалюцыя дзеля самой рэвалюцыі? Гэта-ж чысты садызм. „Гвалтоўныя, на мяжы катаклізму сацыяльныя зьмены, — пісаў польскі гісторык Стэфан Мэльлер, — заўсёды сасьлізгваюцца ў тэрор, выклікаюць трагэдыі і захлістваюцца крывёю тых, каго мелі ашчасьлівіць”.
Хрысьціяне не пагаджаюцца з крывавымі, рэвалюцыйнымі зьменамі. Сваё заданьне яны разумеюць як паступовае ўзьдзеяньне на працэсы сацыяльнай перабудовы ў духу гуманнасьці і стрыманасьці. У адпаведнасьці зь Евангельлем яны імкнуцца прадухіліць рэпрэсіі і жорсткасьць, каб барацьба са злом не спрычыніла яшчэ большага зла. Яны не выключаюць магчымасьці бунту супраць тыраніі, аднак толькі тады, калі спрыяльныя ўмовы дазваляюць замяніць тыранію лепшым грамадзкім ладам.
Вернікі ніколі не пагодзяцца зь Ленінам, які лічыў, што „тэрор і Чэка абсалютна неабходны”. Былі, праўда, рэлігійныя войны, шматлікія скрыўленьні, аднак хрысьціяне зь ідэалагічных меркаваньняў не засноўвалі канцлягераў і не праводзілі масавых расстрэлаў іншадумцаў.
Паводле Сьвятога Пісаньня, Сам Бог зьяўляецца адзіным крытэрыем дабра і справядлівасьці, заканадаўцам і судзьдзёю. Ён Сам, — як чытаем у Евангельлі, — „адбярэ ў моцных пасады, узьвялічыць пакорных, галодных насыціць дабром, а багатых адпусьціць зь нічым” (Лук. 1, 52). Розум і памяркоўнасьць схілялі Хрыстовых вучняў да цярплівасьці і пасыўнасьці, калі не было надзеі пасьпяхова супрацівіцца злу, але, калі зьяўлялася такая магчымасьць, яны змагаліся.
Калі сяляне падчас Рэфармацыі ў Нямеччыне паўсталі супраць памешчыкаў, іхныя дамаганьні асноўваліся перш за ўсё на Бібліі. У іхных гімнах гучэлі словы: „Калі Адам араў, а Ева прала — хто быў тады іх панам; наша магутна сіла — Госпад, яна непераможная”. Энгельс слушна заўважыў, што Марцін Лютэр, перакладаючы Біблію, „даў сялянству магутную зброю”.
Калі ў 19-м стагодзьдзі ў Англіі ўзьнік рух пралетарыяў, г.зв. чартыстаў, у адным са сваіх гімнаў яны сьпявалі: „Сыны Брытаніі, вы былі нявольнікамі; але-ж Бог, наш Тварэц, стварыў вас свабоднымі; Ён даў усім жыцьцё і свабоду, нікога ніколі не зрабіўшы нявольнікам”.
Першымі арганізатарамі дэманстрацыяў, якія папярэдзілі рэвалюцыю 1905 году ў Расеі, былі хрысьціянскія рабочыя са сьвятаром Георгіем Гапонам на чале. Вось толькі некаторыя прыклады стаўленьня хрысьціян да праблемаў сацыяльнай справядлівасьці і змаганьня за лепшую долю.
Вернікі болей чым хто-небудзь зацікаўлены ў зямным жыцьці. Яны перш за ўсё разумеюць зямное жыцьцё як прызначэньне стаць „сольлю зямлі” і „сьвятлом сьвету”, каб супольнае, чалавечае пілігрымства на зямлі хаця часткова адабратварыць.
Некалі выдатны астраном Урбэн Жан Жазэф Левэр’е, пасьля трыццаці пяці гадоў карпатлівай працы, у выніку якой вылічыў месцазнаходжаньне Юпітэра і Сатурна, напісаў у сваім завяшчаньні словы Сьвятога Пісаньня: „Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Госпадзе, паводле слова Твайго — зь мірам” (Лук. 2, 29).
Паколькі зямное жыцьцё зьяўляецца пасевам, пасьля якога прыйдзе жніво, вернікі тым болей намагаюцца пражыць яго як мага найлепш, выканаць даручаныя ім заданьні і ва ўзнагароду заслужыць вечнае жыцьцё. Дзеля гэтага яны, не занядбоўваючы сваіх зямных абавязкаў, імкнуцца ў нябесны рай, заклікаючы іншых далучыцца да іх, бо ў небе „Айцец наш”, а дзе наш Айцец — там і Айчына.
„Няхай сьвяціцца Імя Тваё”
У малітве Гасподняй просьба „няхай сьвяціцца Імя Тваё” пастаўлена на першым месцы і гэта азначае, што яна галоўная. Зь яе вынікае, што ўслаўленьне Бога — першы і асноўны абавязак кожнага хрысьціяніна.
Сьвятое Пісаньне гаворыць, што недастаткова толькі вуснамі сьвяціць Імя Божае, але неабходны таксама добрыя ўчынкі ў штодзённым жыцьці. „Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён”, — павучаў Хрыстос у Евангельлі (Яан. 15, 8). Апостал Павал таксама напамінаў: „Ці ясьце, ці п’яце, ці іншае што робіце — усё рабеце на славу Божую” (1 Кар. 10, 31). „Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых” (1 Кар. 6, 20).
Перш за ўсё мы ўслаўляем Бога, калі пастаянна ставім Яго ў цэнтры нашага жыцьця. Нас спатыкаюць шматлікія клопаты, прыкрасьці; увесь час чаргуюцца смуткі і радасьці, але над усім гэтым і незалежна ад усяго мы павінны адчуваць апякунскі, магутны позірк нашага Тварца. Апостал Павал пісаў: „Вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу, уцьверджаныя на фундаманце апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста краевугольным каменем” (Эфэс. 2, 19-20). Што гэта азначае? Несумненна, для сучаснага, маладога пакаленьня незразумела і абстрактна гучыць такая фраза. Старэйшыя людзі да сёньня яшчэ памятаюць мноства прыгожых, глыбоказьмястоўных звычаяў і абрадаў. Мабыць, шмат хто памятае супольную малітву ўсёй сям’і перад ежай, як маці рабіла знак крыжа на падушцы дзіцяці, як бацька-селянін хрысьціўся перад ворывам, як з апошняга снапа ставілася ў кутку пад іконамі жменя збожжа, а ў часе грымотаў запальвалася грамніца. Прыдарожныя каплічкі і крыжы, рытм сялянскіх працаў і заняткаў, прыведзеныя ў адпаведнасьць з традыцыямі і прыродай, акрэсьлівалі быцьцё нашых продкаў і надавалі ім глыбейшы сэнс. Нашы бацькі і дзяды лепш за нас разумелі і ўсьведамлялі, што Ісус Хрыстос сапраўды зьяўляецца краевугольным каменем іхнага жыцьця. Яны ўсім сваім жыцьцём, працай, адпачынкам а нават гульнямі шанавалі і ўслаўлялі Імя Божае.
Калі ўсё жыцьцё мае быць сьвячэньнем Імя Божага, дык нельга імкнуцца да збытку, разбэшчанай кампаніі, забароненых прыемнасьцяў, але рашуча адкінуць усё, што супрацьпастаўляецца Божым запаветам.
Вельмі важныя таксама адказнасьць за іншых людзей, пытаньне добрага прыкладу. Паводзіны аднаго чалавека часта абагульняюцца і пераносяцца на ўсю сям’ю, на асяродзьдзе або ўсю суполку людзей. Аб гэтым перасьцерагаў апостал Павал, калі папракаў нэафітаў: „Праз вас зьневажаецца Імя Божае сярод паганцаў” (Рым. 2, 24). У Евангельлі чытаем: „Гэтак няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўславілі Айца вашага, які ў нябёсах”. Прыкладнае жыцьцё — гэта сьвецкае апостальства і місіянерства, даступныя кожнаму чалавеку. Усе, хто цярпліва, не наракаючы выконваюць свае штодзённыя, няўдзячныя абавязкі, хто самаахвярна аддае свой час і працу для бедных, сіротаў, хворых або калекаў, хто ў распусным асяродзьдзі захоўвае чысьціню і не паддаецца спакусам або цярпліва і ціха пераносіць свой боль, самотнасьць або крыўду — той іншым дае добры прыклад.
Ахвярнасьць наагул зьяўляецца найбольш пераканаўчым доказам шчырасьці і глыбіні пачуцьцяў. Гісторыя хрысьціянства ведае незьлічоныя прыклады самаахвярнасьці аскетаў і пакутнікаў. Паўстанцы і жаўнеры ня раз гінулі за айчыну або веру, шэраг змагароў за высакародныя ідэалы дзеля іх ахвяроўвалі сваім асабістым шчасьцем або нават жыцьцём. Іхная ахвяра, калі нават не была належна ацэнена — не была дарэмнай. Апостал пісаў: „Прашу вас, браты, міласэрнасьцяй Божай, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу, на разумнае служэньне ваша” (Рым. 12, 1). Гэта ня толькі заклік да пакутніцтва, колькі да ўтаймоўваньня пажадлівасьцяў цялесных. „Калі вока тваё ня сплямілася грахом — ты прынёс яго ў ахвяру; калі язык твой не сказаў нічога гадкага, калі рукі твае не зрабілі нічога дрэннага — ты ахвярваў іх Богу”, — гаварыў сьв. Яан Залатавусны.
Магчыма, што для сучаснага чалавека гэта празьмерныя патрабаваньні. Ня кожны схоча абмяжоўваць сябе і муштраваць, адмовіўшыся ад прыемнасьцяў і бестурботнага жыцьця. Аднак без самаадрачэньня і намаганьняў адзінкавых энтузыястаў не было-б нават спартыўных рэкордаў і ляўраў. Гэты заклік — не прымус, і водгук на яго павінен быць выключна добраахвотным. Усё, што вартаснае і трывалае, дасягаецца ў выніку карпатлівай працы і поту, шляхам адмаўленьня ад другараднага, каб дасягнуць тое, што лічыцца першарадным. Мы прызваны сьвяціць імя Божае і павінны гэта рабіць найлепш як умеем. Гэты абавязак і вынікае са слоў малітвы Гасподняй.