(Гал. 6, 11-18)
Ліст апостала Паўла да галятаў напісаны быў праўдападобна ў 54 годзе ў Эфэсе і быў накіраваны да былых паганцаў у Малой Азіі. Зьвяртаючыся да сваіх духоўных дзяцей апостал засяроджвае ўвагу на непрыдатнасьці Майсеевага закону для збаўленьня. Пад уплывам яўрэяў, якія былі аднак меншасьцю, ахрышчаныя паганцы пачалі прымаць яўрэйскі рытуал абразаньня. Даведаўшыся аб гэтым апостал Павал пераконваў іх, што „ў Хрысьце Ісусе нічога ня значыць ні абразаньне, ні неабразаньне, але новае стварэньне, і хто паступае паводле гэтага — мір яму і зьмілаваньне” (Гал. 6, 15-16).
Біблія вельмі часта гаворыць пра зьмену жыцьця, якую Хрыстос меў на думцы ў часе гутаркі зь Нікадзімам. Словамі прарока Езекііля Бог абяцаў: „Я дам вам новае сэрца і духа новага дам вам у вашае нутро” (36, 26). У кнізе Дзеяў Апостальскіх Пётр называе гэту зьмену „ператварэньнем”. У Лісьце да рымлянаў апостал Павал называе яе „ажыўленьнем мёртвых”, а ў Лісьце да каласянаў — „сьцягваньнем зь сябе старога чалавека з учынкамі яго і апрананьнем у новага чалавека, які абнаўляецца ў пазнаньні на ўзор Стварыўшага яго” (Кал. 3, 9?10). У Лісьце да Ціта называе гэтую зьмену „купельлю адраджэньня і аднаўленьня Духам Сьвятым” (3, 5).
Новае нараджэньне — ня проста паправа жыцьця. Людзі ахвотна даюць абяцаньні, аднак пра іх забываюць. Сьвятое Пісаньне прадстаўляе зьмену вельмі рэльефна: гэта паварот ад пажадлівасьці да сьвятасьці, ад цемры да сьвятла, ад сьмерці да ўваскрэсеньня. Новыя народзіны спрычыняюць зьмену волі, пачуцьцяў, мэты жыцьця і ўнутраных схільнасьцяў. Такі чалавек атрымоўвае новую натуру і новае сэрца... Ён становіцца новай істотай.
Калі азірнуцца назад, у гістарычнае мінулае — бачна, што амаль кожная эпоха намагалася сфармаваць чалавека на свой лад, стварыць у свой час „новага” чалавека з новымі ідэямі, ідэаламі і маральлю. Возьмем для прыкладу вельмі рэальную зьяву — савецкага чалавека. Яго фармавалі дзесяцігодзьдзямі, перавыхоўвалі, дапасоўвалі да патрабаваньняў „новага грамадзтва”. Рабілася гэта жахліва ўпорыста, апантана і няўхільна, пачынаючы ад дзіцячага садзіка. Каб пераканаць, напрыклад, малых дзетак, што ніякага Бога няма, наўмысна даўжэйшы час не давалі ім есьці; потым зьедліва прапанавалі прасіць, каб Бог паслаў ежу. Абед, зразумела, не зьяўляўся і тады ўсе голасна прасілі есьці ў дзядзькі Леніна, пасьля чаго зараз-жа зьяўляўся смачны абед. Гэтак перавыхоўвалі дзяцей на прыкладзе Паўліка Марозава. Старэйшых перавыхоўвалі ў гулагах і на лесапавалах. Я сам чуў, як адзін беларускі афіцэр падчас дыскусіі аб сталінскіх рэпрэсіях спакойна заявіў: „Ничего страшного, перевоспитаем”. У выніку такога перавыхоўваньня сфармавалася хворае грамадзтва, зь бескантрольнай злачыннасьцяй, незьлічонымі разводамі, абортамі, узаемнай варожасьцю, падхалімствам, даносамі і кар’ерызмам.
Мікалай Ваднеўскі ў кніжцы „Ня хлебам адзіным” згадвае такі вось прыклад. Адзін чужаземец пабываючы ў Савецкім Саюзе спрабаваў засароміць юнака, які, упіхаючыся ў перапоўнены аўтобус, лаяўся нецэнзурнымі словамі і локцямі адштурхоўваў жанчын з пакупкамі. „Як вам не сорамна... Вы-ж адукаваны, рускі чалавек”, — заклікнуў на яго. „Я ня рускі — я савецкі”, — адказаў прадстаўнік „перадавога” ў сьвеце грамадзтва. Нядаўна адзін беларус, які спадзяецца атрымаць у Нямеччыне палітычнае прыстанішча, расказваў мне што чаўпуць гэтыя цяпер ужо былыя савецкія людзі ў інтэрнаце для ўцекачоў у маляўнічай баварскай вёсцы. Расказаўшы дэталі, ад якіх валасы дыбам становяцца на галаве, ён заявіў: „Мне сорамна за нашых”. Ён прынамсі захаваў пачуцьцё прыстойнасьці, чаго нельга сказаць пра ўсіх. Проста атрымалася дакладна так, як гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні: „Што пасееш, тое і зьбярэш”, або кажучы словамі народнай прымаўкі: „За што баролісь, на то і напаролісь”.
Сёньня зноў трэба выпраўляць скрыўлены мэнталітэт грамадзтва, але гэта карпатлівы працэс. Каб скінуць зь сябе старога, савецкага чалавека, спатрэбіцца ня менш часу як Майсею ў пустыні. Адно толькі пэўнае: чарговы паварот у нашай нялёгкай гісторыі патрабуе, мабыць, перш за ўсё аздараўленьня грамадзтва і ўнутранай зьмены чалавека. Царква менш ці больш пасьпяхова, нязьменна заклікае да такой зьмены і спрыяе ёй.