(1 Цім. 1, 4-15)
У часе свайго другога месіянерскага падарожжа апостал Павал наведаў горад Лістру Лікаонскую і пазнаёміўся з сынам юдэйкі і грэка — Цімафеем. Не зважаючы на ягоную маладосьць, апостал узяў Цімафея з сабою ў свае падарожжы, даруючы яму шэраг адказных функцыяў. Затым Павал пакінуў Цімафея епіскапам у Эфэсе і, ведаючы пра ягоную недасьведчанасьць, напісаў у 64 або 65 годзе Цімафею гэтыя радкі: „Слова гэтае вернае і ўсякага прыняцьця годнае... апавядай і навучай... Няхай ніхто не пагарджае маладосьцяй тваёй, але ўзорам будзь для верных у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні... займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем ... каб посьпехі твае для ўсіх былі яўныя... бо гэтак робячы і сябе збавіш, і тых, хто цябе слухае”.
Калі апостал Павал прызначаў Цімафея епіскапам у Эфэсе, хрысьціянская грамада існавала ўжо там шэраг гадоў і патрабаваньні ў дачыненьні да пастыра былі высокія. Вось таму апостал Павал настойваў на тым, каб малады епіскап быў беззаганны, каб падцягаўся да належнага духоўнага ды інтэлектуальнага ўзроўню. Галоўнае, чаго вучыў апостал свайго вучня — гэта асабісты прыклад, уласнае жыцьцё, якое прамаўляе да слухачоў лепш за любое красамоўства. Зьвяртаючыся да царкоўных старэйшын у Міліце той-жа апостал Павал заклікаў іх: „Пільнуйце-ж самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас епіскапамі” (Дзеі. 20, 28). У той час епіскапства не прыносіла ніякага прэстыжу і хутчэй за ўсё патрабавала самаахвярнасьці і рызыкі. Вось таму апостал у тых канкрэтных абставінах гаварыў, што „добрага жадае той, хто жадае епіскапства” (1 Цім. 3, 1), бо славалюбівыя людзі ад такіх пасадаў уцякалі-б. Ад царкоўных лідэраў у апостальскія часы патрабавалася болей чымсьці цяпер.
Высокія патрабаваньні, у рэлігійным пляне, тычацца перш за ўсё пастыраў, паколькі больш ім даручыўшы — больш ад іх і патрабуецца. Іхны аўтарытэт або яго недахоп зьяўляюцца ня іх прыватнай справай, але ідэі якой служаць і ўстановы, якую прадстаўляюць — у дадзеным выпадку — Царквы.
У некаторай ступені добры прыклад як абавязковая перадумова ўплыву на асяродзьдзе тычыцца кожнага сьвецкага верніка. Падкрэсьліваючы важнасць асабістага прыкладу, які людзі любяць абагульняць і на гэтай аснове шырэй меркаваць аб нашай веры, нацыянальнасьці ці асяродзьдзі, апостал Павал дакараў рымлян: „Дзеля вас імя Божае ганьбуецца ў паганцаў” (Рым. 2, 24). „Хто спакусіць аднаго зь веруючых у Мяне, таму лепей было-б, каб павесілі яму камень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской” (Мацьв. 18, 6).
Гэтая думка знайшла сваё разьвіцьцё ня толькі на старонках Сьвятога Пісаньня, але і ў шэрагу пазьнейшых працаў. „Слова праўды не пацьверджанае жыцьцём можа выклікаць сумнеў у саму праўду. Лепш маўчаць, чымсьці вучыць іншага таго, чаго ня робім самі”, — пісаў у сваім лісце іншы апостал — Якуб (3-ці разьдзел). Добры прыклад як неабходную перадумову пасьпяховасьці свайго ўплыву на іншых падкрэсьлівалі шматлікія царкоўныя мысьліцелі і ерархі. „Безгалосы ўчынак лепшы за нявыкананае слова, — пісаў сьв. Рыгор Багаслоў, — ласка даецца не таму, хто прыгожа гаворыць, але таму, хто належна жыве”. „Хто хоча вылечыць сябе, той сам павінен быць здаровым, каб не адносіліся да яго словы: «Лекару, аздараві сам сябе», — пісаў Касіян Рымлянін. „Жыві гэтак, каб твае паводзіны былі больш павучальныя за твае словы”, — у тым-жа духу пісаў маскоўскі мітрапаліт Філарэт.
Несумненна — асабісты прыклад мае значэньне ня толькі ў рэлігійным жыцьці. Наколькі важны асабісты прыклад, уласны аўтарытэт, ведаюць усе высокапастаўленыя людзі. Калі прэзыдэнт, міністар або дырэктар адно гавораць, а другое робяць, гэты кантраст паміж дэклярацыяй і практыкай у канцы пашкодзіць усім.
Некалі духоўны правадыр гіндусаў Махатма Гандзі падкрэсьліваў сваё захапленьне Евангельлем, але абураўся жыцьцём хрысьціян. Апостал Павал хацеў усьцерагчы ад гэтага свайго вучня Цімафея; ягоныя настаўленьні тычацца таксама і нас.