Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Хрышчэньне Гасподняе — Богаяўленьне

(Мацьв. 3, 13-17)

У памяць хрышчэньня Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан і дзеля падкрэсьленьня значнасьці гэтай падзеі, Праваслаўная Царква адзначае вялікае сьвята Богаяўленьня, Хрышчэньня Гасподняга, званае таксама Вадохрышчам. Сярод шматлюднага натоўпу, які з рук Яана прымаў абрад хрышчэньня ў знак раскаяньня і ачышчэньня, да прарока ціха наблізіўся Хрыстос. Гэтая сцэна цудоўна прадстаўлена на карціне Аляксандра Іванова „Яўленьне Хрыста народу”. Яан, які чуў пра Хрыста, але ніколі яго ня бачыў, адразу адчуў, што стаіць перад ім незвычайны чалавек. „Я павінен хрысьціцца ў Цябе”, — вырвалася зь ягоных вуснаў. Аднак Ісус не жадаў вылучацца сярод іншых і настойваў на хрышчэньні. Такім чынам ён, як бязгрэшны, паказаў грэшнікам шлях да Бога, які пачынаецца з ачышчальнага раскаяньня: „Гэтак трэба нам выканаць усякую праўду” і Яан з пачуцьцём уласнай нягоднасьці усё-ж ахрысьціў Хрыста. Гэта была адна з тых сымбалічных сустрэч, калі насустрач сябе сталі два сьветы. Пустэльнік у зьвярыных скурах, з пачарнелым ад сонца змораным тварам, зь ільвінай грывай валасоў увасабляў цярністы шлях пошукаў дахрысьціянскага чалавецтва. Новае-ж адкрыцьцё Бога прыносіў няведамы дасюль Цясьляр у простай вопратцы галілейскага рамесьніка. Апошні старазапаветны прарок працягнуў руку над заснавальнікам Новага Запавету. У той час Дух Сьвяты ў вобразе голуба апусьціўся зь нябёсаў і з вышыні прагучэў голас Айца: „Ты — Сын Мой улюбёны, Якому спагадаю”. Вось таму Хрышчэньне Гасподняе называецца Богаяўленьнем, аб’яўленьнем Сьвятой Тройцы.

Сьвятое Хрышчэньне — гэта сьвята ўцялесьненага Слова, якое прыняло чалавечае цела і натуру ва ўсёй праўдзе, не пазьбягаючы нічога. Сын Божы стаўся нашым братам бязь ніякіх прывілеяў. Ён прыняў звычайнае ў сваім народзе імя, выконваў звычайную прафэсію нічым не зьвяртаючы на сябе ўвагу. Хрышчэньне зьяўляецца аднак пачаткам новага этапу ў Ягоным жыцьці. У той дзень Ён быў прадстаўлены сьвету Айцом як Збавіцель, які выступае і дзейнічае ў імя Айца. Гэта пачатак Яго публічнай дзейнасьці.

Сьвята Богаяўленьня зьвяртае ўвагу на першае зь сямі таінстваў — Сьвятое Хрышчэньне. Вадзяное хрышчэньне зьяўляецца знакам прыналежнасьці да Царквы гэтак, як з часоў Аўраама абразаньне было знакам прыналежнасьці да выбранага Богам народу. Значэньне хрышчэньня падкрэсьліў сам Хрыстос у гутарцы зь Нікадзімам: „Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня ўвойдзе ў Царства Божае”. Паводле Сьвятога Пісаньня, хрышчэньне ачышчае з ранейшых грахоў, апраўдвае і асьвячае, духоўна адраджае і далучае да царкоўнага арганізму — Цела Хрыстовага. Праз гэтае таінства чалавек прышчапляецца да Хрыста, як ветка да пня дрэва. Гэтаму акту як неабходная ўмова спадарожнічае вера ў Хрыста, гатоўнасьць і рашучасьць жыць у дабрадзейнасьці і чысьціні. Факт духоўнага адраджэньня вельмі вобразна адлюстроўвалі старажытныя абрады хрышчэньня. Падыходзячы да хрысьцільні чалавек — кім бы ён ня быў — скідаў зь сябе вопратку, зброю і ўсе адзнакі сваёй пазыцыі ў грамадзтве. Такім чынам ён скідаў зь сябе „старога чалавека”, адракаўся ад усяго дрэннага ў ранейшым жыцьці. Акунаючыся ў ваду ён паміраў для грэху і выходзячы зь яе ўваскрасаў для новага жыцьця. З моманту хрышчэньня ішоў у жыцьцё, каб выканаць Яго запаветы і быць Яго сьведкам. Апрануўшыся ў белую кашулю, сымбаль чысьціні і нявіннасьці, чалавек браў на сябе абавязак сапраўды пачаць новае жыцьцё.

На жаль, вельмі часта хрышчэньне застаецца пустым знакам. Пры хрышчэньні немаўлятка хросныя бацькі фармальна бяруць на сябе абавязак укласьці веру ў душу дзіцяці, аднак вельмі часта яе ня маюць ні самі хросныя, ні родныя бацькі. Яны таксама некалі былі ахрышчаны, але хрышчэнская вада даўно высахла і белая кашуля даўно пачарнела.

У сьвята Богаяўленьня двойчы практыкуецца звычай асьвячэньня вады. Заклікаючы Сьвятога Духа сьвятар просіць ад імя ўсіх вернікаў, каб „зышло на ваду блаславенства Ярданава, каб яна паслужыла асьвячэньню, аздараўленьню душ і целаў і на ўсякую паасобную просьбу”. Звычай асьвячэньня ёю дамоў ператвараецца ў сямейную ўрачыстасьць.

Такім чынам у дзень Хрышчэньня Гасподняга ёсьць яшчэ адна нагода лепш асэнсаваць значэньне сьвята, значэньне нашага ўласнага хрышчэньня і ўсю глыбіню нашага богаадступніцтва.