Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Розныя тэмы - Добры пастыр

(Яан. 10, 1-16)

„Я — пастыр добры. Пастыр добры жыцьцё сваё аддае за авечкі, ...а найміт уцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечкі”. Гэтыя словы Хрыстос упершыню накіраваў да невялічкай групы людзей з цалкам іншага народу і зь іншым ад нашага мэнталітэтам, аднак у сапраўднасьці гэтыя словы накіраваны і да нас. Мы таксама гуртуемся ў царкве гэтак жа як натоўпы, што ішлі за Хрыстом на другі бераг Тыверыядзкага мора. Мы таксама прыходзім у храм прыгнечаныя, зь цяжарам штодзённых праблемаў і клопатаў. Хрыстос гаворыць надзвычай старую праўду: чалавецтва нагадвае статак авечак. Гэтае параўнаньне ня мае ў Сьвятым Пісаньні ніякай абразьлівай падаплёкі, яно поўнае любові да людзей. Статак заўсёды быў аб’ектам спрэчак і заваёўваньня супрацьлеглых сілаў, заўсёды быў паддадзены розным уплывам. Затрымаемся толькі на адным фрагмэнце евангельскага чытаньня: „Я — дзьверы авечыя. Усе, хто прыйшоў да Мяне — зладзеі і рабаўнікі. Я — брама: калі хто ўвойдзе празь Мяне, будзе збаўлены, увойдзе і выйдзе і знойдзе пашу... Я прыйшоў, каб авечкі мелі жыцьцё”.

У наш час таксама паўтараецца падобная сытуацыя. Многія прыходзяць да людзей, спыняюцца ля дзьвярэй аўчарні і грукаюць. Яны спрабуюць закрасьціся ў чалавечыя сэрцы, выклікаць давер да сябе. Паколькі іх шмат і кожны прапануе нешта іншае, нейкую іншую пашу, дык статак падзелены і стомлены. Кожны з гэтых псэўдапастыраў кажа: мяне слухайце, ідзіце за мною! Ёсьць і такія, што спакушаюць справядлівасьцю, дабрабытам і нават багацьцем. Ёсьць таксама ідэалёгіі і партыі, якія абяцаюць небывалыя дывідэнды, калі людзі падтрымаюць толькі іх. Сьвет поўны такіх пастыраў, але выпадала-б застанавіцца чаго яны на самай справе хочуць? Вельмі часта, сьведама або не, яны хочуць, каб гэта авечкі іх пасьвілі, ім даражэйшая за авечкі іхная воўна.

Гэта сапраўдныя зладзеі і разбойнікі, якіх не абыходзіць лёс авечак, ці яны сытыя, бясьпечныя і ў мінутыя небясьпекі такія „пастыры” ўцякаюць.

З другога боку бываюць і такія праваднікі, якія гуртуюць авечкі вакол сябе, ствараюць колы, партыі, арганізацыі, паколькі яны шчыра перакананы, што маюць што авечкам сказаць і запрапанаваць. Гэта заслугоўвае павагі. Аднак калі яны думаюць, што змогуць весьці авечкі толькі за сваім голасам і накарміць іх тым, што прыдбаюць, калі лічаць сябе збавіцелямі чалавецтва, дык памыляюцца. „Тыя, што прыйшлі перада Мною — зладзеі і рабаўнікі”, — кажа Госпад. Гэта авечкі, якія хочуць заняць месца Пастыра. Яны не гатовы аддаць жыцьцё сваё за авечкі і часта толькі нясуць разбурэньне. Гэта „сьляпыя праваднікі сьляпых”, — як Хрыстос назваў фарызэяў (Мацьв. 15, 14).

Хрыстос бароніць сваёй пазыцыі перад усімі такімі псэўдапастырамі. „Я — пастыр добры і ведаю свае авечкі і яны ведаюць Мяне”. Чаму Ён добры пастыр? Бо Ён — „дарога, праўда і жыцьцё”. Хто ідзе за Ім, ня крочыць у цемры. І тут справа цалкам ня ў тым, каб пайсьці за акрэсьленай канфэсіяй, хаця мы павінны даражыць сваім Праваслаўем. Мы павінны пайсьці за Хрыстом. Мы павінны навучыцца разьбірацца паміж тысячамі розных галасоў і распазнаваць голас нашага пастыра, які — як кажа Ісус — вядомы авечкам. Мы павінны вылавіць голас Хрыста з хору галасоў, ідэалёгіяў і тлумачэньняў, якія спрабуюць яго заглушыць.

„Мы блукалі бы авечкі, але цяпер павярнуліся да Пастыра, вартаўніка душаў нашых”, — гаворыць апостал Пётр. Мы ўвесь час, бы загубленыя авечкі і гэтае вяртаньне павінна бясконца паўтарацца. У сучасных умовах найбольш згуртаваныя абшчыны усё роўна жывуць нібыта ў дыяспары, назіраецца крызіс тоеснасьці, які некаторыя спрабуюць скарыстаць у сваіх мэтах. Яны намагаюцца расьцярушыць Хрыстовы статак і прыдбаць больш прыхільнікаў для сваёй мадэлі грамадзтва — пераважна сьвецкага і лібэральнага. У некаторым сэнсе паўтараецца сцэна з арыштам Хрыста: „Удару пастыра і разьбягуцца авечкі” (Мацьв. 26, 31).

Мы павінны вярнуцца да таго, каго Пётр называе „вартаўніком душаў нашых”, павінны ўпэўніцца ў тым, як Хрыстос бачыць і ацэньвае справы гэтага сьвету, павінны знайсьці праўду, каб яна нас вызваліла. „Калі выведзе авечкі, — казаў Ісус, — і стане на іх чале, авечкі ідуць за ім”. Наш выхад за Пастырам меў свой пачатак у Сьвятым Хрышчэньні і павінен працягвацца праз усё жыцьцё. Ісус адзіны, хто можа нас вывесьці „вонкі”, па?за клопаты, нястачы, няўпэўненасьць, цемру і несправядлівасьць. „Хто ўвойдзе празь Мяне, знойдзе пашу”, — гаворыць Хрыстос. Гэтая паша — Ён Сам.