(Мацьв. 22,15-21)
„Дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу”, — адказаў Хрыстос на каварную спробу ўлавіць Яго на слове, калі з пытаньнем наконт таго, ці трэба плаціць падаткі рымлянам зьвярнуліся да Яго і нацыяналісты, і прыхільнікі акупантаў. Гэта адзін з тых незабыўных адказаў, дзякуючы якім чалавечае сумленьне робіць вялікі крок наперад і якое разьвязвае асноўныя праблемы нашага жыцьця.
Зараз ужо бадай ніхто не цьвердзіць, што Евангельле забараняе вернікам умешвацца ў сацыяльныя справы і палітыку, але што яно наадварот —заклікае ў гэтых сфэрах жыцьця кіравацца евангельскімі ўказаньнямі. Найцяжэйшай справай зьяўляецца акрэсьленьне, як будаваць гэтае ўмяшаньне на Евангельлі, як спалучыць яго з пытаньнямі веры, каб не паўтарыўся трагічны разрыў паміж тэорыяй і практыкай, паміж тым, што трэба аддаць кесару, а тым, што належыцца Богу.
Яўрэі уяўлялі сабе Царства Божае, якое ўстановіць Месія, як тэакратыю, непасрэднае панаваньне Бога над усёй зямлёй. Аднак словы Хрыста выяўляюць наяўнасьць Царства Божага ў гісторыі, да якога ўжо могуць увайсьці ўсе, ня толькі яўрэі. Яно можа зьявіцца гэтак сярод паганцаў, як і ў тэакратычным асяродзьдзі, паколькі не атаясамліваецца ні з адным, ні з другім. Такім чынам выяўляюцца два якасна розныя спосабы Божага кіраваньня ў сьвеце. Адзін — гэта духоўная ўлада, якая абапіраецца на Царстве Божым і непасрэдна належыць Хрысту і другая — улада зямная або палітычная, якую Бог ажыцьцяўляе празь людзей адказных за свае дзеяньні перад Богам.
Такім чынам, у новым парадку аб’яўленым Хрыстом трэба плаціць падатак кесару, г.зн. прызнаць дзяржаву, уцягнуцца ў існаваньне і паляпшэньне існуючага парадку ў сьвеце. Аналіз стаўленьня Хрыста да палітычных зьяваў на першы погляд можа расчароўваць. Ён ясна выказваецца пра ўладу і выяўляе ейныя злоўжываньні (параўнай: Лук. 22, 25), аднак ня робіць нічога канкрэтнага, каб зьмяніць гэтае. Не арганізуе ніякага паўстаньня супраць Рыму, хаця мог да гэтага схіліць прыклад зілотаў. Не падахвочвае таксама беднякоў да бунту, не гаворыць выразна пра эмансіпацыю жанчын, хаця зь любоўю ставіцца і да адных, і да другіх.
Хрыстос цалкам зьмяніў паняцьце ўлады, замяніўшы яго паняцьцем службы. Што станецца з палітычнай уладай і як яна зможа нажывацца на падданых, калі пагодзіцца з тым, што начальнікі павінны служыць? (Лук. 22, 26). Ісус вызваляе чалавека перш за усё ад боязі перад тымі, якія могуць забіць цела, г.зн. перад людзьмі надзеленымі уладай. Чалавек вызвалены такім чынам зьяўляецца для ўлады вялікай пагрозай, паколькі гатовы заступіцца за братоў, а калі трэба, за праўду нават аддаць жыцьцё.
Палітычная і вайсковая ўлада сталася дзякуючы гэтаму незваротна ўмоўная. Першы ўсьведаміў гэта Пілат, калі спрабаваў вярнуць сабе страчаную пазыцыю: „Ці ведаеш, што маю ўладу вызваліць цябе і маю ўладу ўкрыжаваць?” (Яан. 19, 10). Ён хутка ўсьведаміў, што пагрозы ў адрас такога чалавека як Ісус — дарэмныя, паколькі Ён ужо „на свабодзе”.
Якую-ж тады пазыцыю павінен заняць хрысьціянін у дачыненьні да дзяржавы і канстытуцыйнага парадку? На першы погляд маем дачыненьне з дзьвюма справамі, якія адна адну выключаюць. Са слоў Хрыста можна зрабіць выснову, што трэба падпарадкоўвацца дзяржаве і супрацоўнічаць зь ёю. Аднак гледзячы на канкрэтныя дзеяньні Хрыста можна прыйсьці да процілеглай высновы: дзяржаве трэба супраціўляцца і захоўваць аўтаномію ў адносінах да яе. Гэта асноўнае пытаньне. Новы Запавет дае ясны адказ на гэта: вучань Хрыстовы быў вызвалены ня толькі дзеля таго, каб супраціўляцца дзяржаве, але і каб падпарадкоўвацца ёй. Дзяржава ня мае ўжо абсалютнай улады. Хрысьціянін сутыкаецца зь ёю ў сьвецкім пляне і можа яе ўхваліць бяз боязі, што станецца ягоным ідалам. Прызнаньне дзяржавы і паслушэнста ў дачыненьні да яе зьяўляецца нават абавязкам, які выплывае з паслушэнства Богу (Рым. 13).
Калі хрысьціянін свабодны і можа адначасова выступаць супраць дзяржавы і быць ёй паслушным, дык зразумела, што ня можа кіравацца сваімі капрызамі ці прыватнымі інтарэсамі пры вырашэньні ці быць „за” ці „супраць” дзяржавы. Ён павінен ацаніць, ці дзяржаўны лад адпавядае волі Божай аб’яўленай у Хрысьце і ўпісанай у хрысьціянскае сумленьне, ці не. Такім чынам хрысьціянін пакліканы да крытычнай ацэнкі грамадзкай і палітычнай рэчаіснасьці і дзеяньня згоднага зь ягонай пазыцыяй і пакліканьнем так, каб гэтая рэчаіснасьць ставалася ўсё больш згодная з Божай воляй і служыла чалавеку.
Хрысьціянін можа адклікаць свой вотум даверу дзяржаве, сказаць уладзе „не” і перайсьці да апазыцыі, як гаворыць аб гэтым сьв. Яан Багаслоў (Адкрыцьцё. 13,10). Новы Запавет засяроджваецца на адным выпадку, які тычыцца пагрозы веры. Калі дзяржава хоча заняць месца Бога, хоча зноў мець абсалютную ўладу, як гэта было да Хрыста, і не дазваляе аддаць „Богу Божае”, хрысьціянін павінен выступіць супраць такой дзяржавы. На жаль, гэта ўвесь час актуальная праблема, бо надалей у сьвеце існуюць рэжымы, якія загадваюць Царкве маўчаць, калі вернікі прасьледуюцца.
Ёсьць яшчэ адзін выпадак, якога нельга прамаўчаць. Гэта тычыцца выконваньня правоў чалавека, калі дзяржава на словах не запярэчвае існаваньню Бога, але дзеяньнямі сваімі абражае Божы вобраз — чалавека. Вядомыя і такія дзяржавы. У такім выпадку хрысьціянін ня можа поўнасьцю падпарадкавацца існуючаму парадку. Ягоны „падатак кесару” мусіць быць крытычнай данінай, накіраванай на зьмену грамадзтва.
Гэтулькі гаворыць нам Евангельле. Застаецца аднак шмат нявырашаных праблемаў, шмат магчымых выбараў. Хрысьціянін павінен іх разьвязваць сумесна зь іншымі людзьмі, улічваючы пры гэтым магчымыя няпэўнасьці і драмы. Ён мусіць прымаць рашэньні, на якім баку стаць, за што канкрэтна змагацца, як паступіць у дачыненьні да страйку, барацьбы, рэфэрэндуму і гэтак далей. Пры гэтым таксама нельга забываць, што ў такія моманты Бог заўсёды зь ім. Слова, якога слухае ў Царкве, нябачная ласка, якая умацоўвае яго на жыцьцёвых шляхах дапамагаюць і ў гэтых дылемах заставацца верніку „крыніцай сьвятла ў сьвеце, трымаючыся моцна Слова Жыцьця”.