Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Розныя тэмы - Міласэрнасьць і ахвяра

(Мацьв. 9, 9-13)

„Ідзіце, навучыцеся, што азначае: міласьці хачу, а не ахвяры, бо я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня”, — спакойна патлумачыў Хрыстос свае паводзіны, калі наведаў дом мытніка Мацьвея. Гэты пагарджаны ўсім грамадзтвам чалавек перш чым кінуць свой занятак наладзіў Хрысту банкет і запрасіў сваіх сяброў. Рэакацыя сьвятошаў была падобная як у выпадку Марыі Магдаліны: усе былі абураны гэтым яўным парушэньнем агульнапрынятых нормаў.

Рэлігіі фармалістычнай, зьнешняй, якая спрабуе ўсё зьвесьці да абрадаў і ахвяраў, Бог супрацьпаставіў сапраўдны культ, той, які плыве з сэрца, поўны любові да Бога і літасьці ды спагады ў дачыненьні да людзей. Гэта ўвесь час актуальны заклік пранікаць у сутнасьць, а не спадзявацца на вонкавую форму. Апостал Павал падкрэсьлівае гэта ў сваім Лісьце да рымлянаў (4, 18-25) на прыкладзе Аўраама, які быў апраўданы не з прычыны сваіх учынкаў, але таму, што паверыў Божаму Слову.

Сярод пачуцьцяў, якія Хрыстос ацаніў найвышэй, першае месца займае міласэрнасьць, зразуменьне, прыняцьце брата і шчырая дапамога яму. Хрыстос сеў за стол з грэшнікамі, гутарыў зь імі, не саромеўся іхнай кампаніі і ў гэтым для нас асноўнае ўказаньне. Аднак сказаныя Ім у той момант словы „міласьці хачу, а не ахвяры” нялёгка патлумачыць. Калі Бог сказаў, што ня хоча ахвяры і падкрэсьліў гэта Ісус Хрыстос, дык чаму Царква пасьлядоўна вучыць, што ахвяра неабходная для збаўленьня? Чаму-ж тады ахвяра займае гэтулькі месца ў хрысьціянскім аскетызьме і пропаведзі? Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба поўнасьцю ўсьведаміць, якой міласэрнасьці хоча Бог і якой ахвяры ня хоча. Бог ня хоча ахвяры ў якасьці фармальнага абраду і ня хоча міласэрнасьці для самой міласэрнасьці. Ён хоча міласэрнасьці і любові ў дачыненьні да бліжніх і ахвяры, гэта значыць патрабавальнасьці і бескампраміснасьці ў дачыненьні да сябе самога.

У Старым Запавеце быў вядомы толькі адзін від ахвяры: з жывёлаў — усёспаленьне або ахвяра з расьлінаў. Гэта былі ахвяры, якія закраналі хутчэй за ўсё маёмасьць чалавека чымсьці яго самога. Стары Запавет не дапускаў думкі, што чалавек павінен дабраахвотна сумаваць або ад нечага адмаўляцца ў выглядзе аскетызму: прыватная ўласнасьць, здароўе і дабрабыт лічыліся відавочнымі прыкметамі Божага блаславенства.

Хрыстос паклаў пачатак новай ахвяры, той, празь якую на алтары Божай волі „спальваецца” ўласнае цела, саміх сябе. Сабою, як сапраўдным Баранчыкам Божым, Ён замяніў пасхальнага баранчыка. Збаўленьне прынесла нам гэтая новая ахвяра (Яўр. 10, 10).

Сваю ахвяру Хрыстос прынёс раз і назаўсёды, аднак застаецца яшчэ да прынясеньня наша ахвяра, ахвяра Цела, якім зьяўляецца Царква, каб „дапоўніць недахоп сумаваньняў Хрыстовых за Яго цела” (Кал. 1, 24). Хрыстос ня толькі не скасоўвае гэту ахвяру, але падкрэсьлівае, што безь яе нельга ўвайсьці ў Божае Царства. Апостал Павал пісаў: „Прашу вас, браты, празь міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашы на ахвяру жывую, сьвятую, угодную Богу, на разумнае служэньне ваша” (Рым. 12, 1). Зараз ніхто нават не дапускае думкі пра бічаваньне свайго цела і зьнявольваньне яго, магчыма таму, што ў мінулым дапушчана ў гэтым шмат скажэньняў. Аднак мы павінны сказаць „не” некаторым ненасытным прыхамацям нашага цела, без чаго мы ня будзем „духоўнымі” людзьмі і застанемся цялеснымі.

Справа ня толькі ў целе. Найбольшай ахвярай зьяўляецца „выконваньне Божай волі”, ахвяра з нашага эгаістычнага „я”, што супраціўляецца Богу. Дасканалая ахвяра пачынаецца ад перамены сэрца. Такая ахвяра не пярэчыць любові і міласэрнасці, але пракладвае ім дарогу. Толькі той, хто ўмее супрацівіцца сабе самому, прызнацца да памылкі, сказаць самому сабе „не”, спрабуе зразумець свайго брата, прабачыць яму і выявіць у дачыненьні да яго міласэрнасьць. Хрысьціянін ніколі не ахвяроўвае сабою ў адарванасьці ад рэчаіснасьці, але заўсёды ахвяроўвае сябе для чыёгасьці дабра, дакладна як Хрыстос ахвяраваў сябе „за нас”. Сьвятыя, якія былі строгія ў дачыненьні да сябе, адначасова былі лагодныя і шчодрыя ў дачыненьні да іншых. Яны пайшлі за прыкладам Ісуса, які сорак дзён правёў на пустыні посьцячы, а пазьней задавальняўся вельмі сьціплым харчаваньнем. Аднак Ён накіраваўся на абед да мытніка Мацьвея, каб абрадаваць яго ды ягоных сяброў і абдараваць іх сваёй міласэрнасьцю.

Дзьве ахвяры: Хрыста і верніка, неразьдзельна зьвязаны з сабою. Калі-б яны маглі існаваць аддзельна, дык нашы ахвяры самі ў сабе добрыя, былі-б аднак толькі аскетычнымі практыкаваньнямі. Тым, што спалучае ахвяру Хрыста і Царквы зьяўляецца Сьвятая Эўхарыстыя. Каплі нашых ахвяраў аб’ядноўваюцца ў ёй з „кроўю пралітай на Крыжы” ў адну ахвяру прымірэньня. Хрыстос з нас робіць Эўхарыстыю для Айца і сьвету. Прыгадаем евангельскую сцэну: Хрыстос сядзіць за сталом разам з грэшнікамі, есьць і гутарыць зь імі. Гэта сцэна паўтараецца і ў кожнай парафіяльнай грамадзе. Ён сядзіць з намі, грэшнымі, за сталом гэтак як у мытніка Мацьвея. Ён дае нам Слова Жыцьця, а зараз ломіць для нас свой хлеб: Сваё Цела выдадзенае за нас.