Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Розныя тэмы - Збаўленьне і свабода

(Мацьв. 21, 28-32)

Кожнае з гэтых двух паняцьцяў зьўяляецца для чалавека надзвычайнай каштоўнасьцю. Са Сьвятога Пісаньня вынікае, што наша збаўленьне зьяўляецца бескарысным Божым падарункам, але адначасова вынікам нашага супрацоўніцтва з ласкай і нашай свабоды. Блажэнны Аўгусьцін гаварыў: „Той, хто стварыў цябе безь цябе, ня можа аднак збавіць цябе без твайго ўдзелу”. Знакам гэтай свабоды зьяўляецца магчымасьць павярненьня да веры, адмаўленьня ад зла і выбару дабра, але таксама магчымасьць стацца вырадкам. Ніхто незваротна не прыпісаны да спосабу жыцьця, якое праводзіў.

У Старым Запавеце гэтую праўду тлумачыць прарок Езекііль, а ў Новым Запавеце — Ісус Хрыстос. Прарок робіць гэта бяручы пад увагу становішча сучасных яму людзей і выпраўляючы скажоныя ідэі грэху і збаўленьня. На месцы свайго выгнаньня людзі ўвесь час паўтараюць: „Нашы бацькі елі зялёны вінаград, а нам, іхным сынам, здранцьвелі зубы”, г.зн. „нашы бацькі грашылі, а мы павінны адказаць за гэтае”. Прарок рашуча супраціўляецца такім думкам: „Бог не карае сыноў за правіны бацькоў, або бацькоў за грахі сыноў” (Езек. 18, 20). Кожны можа дасягнуць збаўленьня, калі толькі захоча. Знакам гэтага зьяўляецца Божае прабачэньне, якое даецца шчодра любому, хто вырашыў пакінуць дарогу зла і павярнуцца да дабра.

Хрыстос прадстаўляе гэтую самую праўду з дапамогай прытчы пра двух сыноў, якіх бацька папрасіў пайсьці ў вінаграднік папрацаваць. Яўрэі, асабліва фарызэі, спадзяваліся, што Месія санкцыянуе існуючы парадак, установіць раз і назаўсёды пакліканьне чалавека. З аднаго боку знойдуцца прывілеяваныя, выбраны народ, сын, які сказаў бацьку „так”, якім прызначана збаўленьне без патрэбы адказваць за свае правіны. З другога боку будуць усе астатнія людзі, паганцы і грэшнікі зь Ізраілевага племя, мытнікі распусьніцы, якія бясконца гавораць Богу „не”. Аднак Хрыстос перавярнуў з ног на галаву гэтую выгадную схему. Недастаткова быць сынамі Аўраама, ня хопіць спасылацца на свае прывілеі зь мінулага, бо збаўленьне зьяўляецца асабістай справай, якая залежыць ад стаўленьня да Бога і Хрыстовай навукі. Да збаўленьня пакліканы ўсе, усе маюць прынамсі ў момант пакліканьня роўныя ўмовы. Бог можа аднавіць сыноў Аўраама нават з камянёў, г.зн. нават з найбольш закаранелых грэшнікаў. Вось таму мытнік выйшаў з храму апраўданы, а фарызэй — не.

Бог дароўвае збаўленьне ўсім людзям, аднак яно залежыць ад таго, як людзі адкажуць на Божую прапанову. У Евангельлі Хрыстос падкрэсьлівае, што адказ павінен быць добраахвотны, бо чым-жа было-б збаўленьне без свабоды? Калі чалавек вырашыць аб’яднацца з Богам, мусіць гэта зрабіць канкрэтна і дзейна. У Царства Божае ня увойдуць тыя, што толькі кажуць „Госпадзе, Госпадзе”, але тыя, хто выконвае Божую волю; не тыя, якія задавальняюцца пабожнымі ўздыхамі і словамі, але тыя, хто на практыцы выконвае Божую волю. Ісус падкрэсьлівае, што з тамтых двух сыноў у прытчы бліжэйшы яму той, што сьпярша адмовіў, аднак потым засароміўся і зрабіў тое, што прасіў бацька. Ён бліжэйшы Хрысту за таго, які папраўдзе сказаў „так”, але абяцаньня ня выканаў і ў вінаграднік не пайшоў.

Гэтая прытча павінна схіліць да роздуму і нас! У шмат чым мы нагадваем яўрэяў; мы — быццам той сын, да якога бацька зьвярнуўся ў першую чаргу, каб папрацаваў у вінаградніку, г.зн. у Царкве. Мы тады сказалі „так”. Першы раз зрабілі гэта падчас таінства Хрышчэньня, а потым шмат разоў паўтаралі абяцаньне.

Вельмі часта гэтае „так” зьяўляецца толькі формай адмовы і робіць нас крывадушнікамі. Мы выстаўлены на небясьпеку таму, што прасякнуты псыхалёгіяй збаўленых нібыта аўтаматычна, што нібыта збаўленьне належыцца нам таму, што мы — хрысьціяне. Гэта псыхалёгія старэйшага брата з прытчы пра блуднага сына, які застаўся дома і лічыў, што бацька павінен быць за гэта у даўгу перад ім да канца жыцьця.

Апостал Павал у Лісьце да піліпянаў падказвае, што мы павінны рабіць, каб нашае добраахвотнае далучэньне да Хрыстовага пляну збаўленьня мела адлюстраваньне ў фактах. „Не рабіце нічога для непатрэбнага спаборніцтва ні для марнай славы... хай кожны ацэньвае іншых вышэй за сябе... ня дбайце толькі пра ўласнае дабро, але і пра іншых”.

Зразумела, што гэтых парадаў самых у сабе недастаткова ў хвіліны выпрабаваньняў, калі не атрымаем дапамогі. Гэтая дапамога ў Богу, які „дае нам пазнаць Ягоныя дарогі, вучыць хадзіць Ягонымі сьцежкамі, вядзе нас у праўдзе паводле сваіх указаньняў і ў якім наша надзея”. Бог нашага збаўленьня, які стаўся чалавекам у Ісусе Хрысьце, прыходзіць да нас, каб паўторна ахвяраваць нам збаўленьне. Бог таксама спадзяецца, што з нашага боку мы Яму ахвяруем сваю свабоду.