(Мацьв.10, 26-33)
Калі Хрыстос гаварыў гэтыя словы, Ён зьвяртаўся да невялікай групы сваіх вучняў і прыхільнікаў, запалоханых варожым асяродзьдзем. Ніякая статыстыка ня зьменіць таго факту, што мы — таксама „малы статак” і ў сьвеце, і ў нашым грамадзтве. „Ня бойцеся” — гэта рэфрэн, які гучэў у словах Хрыста і зараз накіроўваецца да нас.
Мы ўсе нечага баімся. Дзеці баяцца цемры, монстраў, якімі іх палохаюць дарослыя. А дарослыя? Яны таксама перажываюць найгоршы зь відаў страху: паралізуючую трывогу. Жывём, бясконца баючыся будучыні, сьмерці, баімся нават заўтрашняга дня.
Хрыстос Сам выявіў аднойчы нашы ўнутраныя хваляваньні і сказаў, што хвалюемся аб тым, „што будзем есьці, што будзем піць, у што апранацца”.
У Старым Запавеце і затым у Евангельлі шэраг разоў паўтараюцца словы „ня бойцеся, будзьце мужныя”. Аўрааму Бог гаворыць гэта ў момант, калі загадвае яму пакінуць Радзіму і накіравацца ў чужую краіну. Прарокам Бог гаварыў: „Ня бойцеся, Я з вамі”. Марыі было сказана: „Ня бойся, ты знайшла ласку ў Бога”. Пасылаючы апосталаў на місіянерскую працу Хрыстос кажа ім: „Ня бойцеся судоў і намесьнікаў”. Да ўсіх сваіх тагачасных і сучасных вучняў гаворыць: „Ня бойся, малы статак”.
Нават людзі падбадзёрваюць адзін аднаго, толькі чалавечыя словы — слабое суцяшэньне. Гэта ўсё роўна, што нехта дрыжучы ад страху казаў-бы іншаму: чаго баішся?
У Евангельлі ўказаны прычыны, дзеля якіх мы павінны перастаць баяцца. Хрыстос гаворыць: „Ня бойцеся тых, што забіваюць цела, бо яны ня ў змозе забіць душу... Вы важнейшыя за пару вераб’ёў, а нават ніводзін зь іх ня падае бяз волі Айца вашага”. Інакш кажучы, мы, як дзеці Божыя, можам разьлічваць на большае. Аб’яўленьне Божага бацькоўства і затым жыцьця пасьля сьмерці зьяўляецца падставай Хрыстовага закліку пазбыцца боязі. Кожная боязь набірае іншага вымярэньня з часу, калі Хрыстос вызначыў і выявіў плян, паводле якога павінна праходзіць чалавечае жыцьцё. Калі будзем прытрымоўвацца гэтага пляну, нішто ня зможа зашкодзіць нам, нават забойца. „Можаце нас забіць, — гаварыў сьв. пакутнік Юсьцін, — але ня можаце нам зашкодзіць” (1 Апалёгія 1, 2). Хрыстос даў у Евангельлі яшчэ мацнейшы аргумант дзеля таго, каб пазбыцца ўсякага хваляваньня: „Ня бойцеся, Я перамог сьвет”. Ён ужо перамог якраз гэты варожы нам і сапсаваны чалавечым грахом сьвет і на гэтым грунтуецца наша надзея і наша канчатковая перамога. „Сьмерць! дзе джала тваё? Пекла! дзе твая перамога? — гаварыў апостал Павал. — А джала сьмерці — грэх; а сіла грэху — Закон. Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста” (1 Кар.15, 55-57).
Мы можам пайменна назваць дрэнную крыніцу кожнай чалавечай боязі: гэта сьмерць — плён грэху. Ісус перамог яе, пакутуючы за грэх усяго сьвету. Ён перамог сьмерць, спазнаўшы яе на сабе і выпіваючы ўсю яе атруту. Сьмерць і Ўваскрэсеньне — гарантыя нашай перамогі, крыніца нашай надзеі і нашай мужнасьці: „Калі Бог з намі — хто супроць нас? Хто адлучыць нас ад любові Божай: клопаты, прыгнёт ці прасьлед, голад ці галеча, небясьпека ці меч? Ва ўсім гэтым перамагаем праз Таго, Хто ўзьлюбіў нас” (Рым. 8, 31-37). Сьвятое Пісаньне называе нашы асноўныя праблемы, але адначасова паказвае, як іх вырашаць, дае нам надзею на перамогу, дзякуючы Ісусу Хрысту, Які ўзьлюбіў нас і Сам Сябе выдаў за нас (Гал. 2, 20).
Словы „ня бойся, малы статак” накіроўваюцца і да нас, нашай парафіі, епархіі, Царквы. Хрыстос заклікае нас да сьмелага вызнаваньня сваіх рэлігійных перакананьняў і сваёй прыналежнасьці да Праваслаўнай Царквы. Мы павінны перастаць паводзіць сябе, як акружаная, закрытая крэпасьць. Толькі нашая віна ў гэтым, што бясконца жывём з пачуцьцём аблогі, бясконца адчуваем сябе атакаванымі і пад пагрозай з боку то каталікоў, то баптыстаў, то егавістаў, то камуністаў, масонаў, лібэралаў ды іншых незычліўцаў. Мы-ж атрымалі запэўненьне, што „брамы пякельныя не перамогуць нас”. Пагрозу можа адчуваць толькі слабы, а мы не слабыя і мы ня самі. Найлепшай абаронай, калі ўжо адчуваем сябе пад пагрозай, гэта пазытыўна даваць сьведчаньне сваёй веры словам і жыцьцём. Мы ня можам стаць агрэсыўным бокам, але ў адпаведнасьці з Хрыстовымі словамі мы павінны быць гатовыя „паўтараць завідна і абвяшчаць на дахах” аб’яўленыя нам праўды. Мы вучні Таго, Хто перамог сьвет.