(Мацьв. 25, 1-13)
„Ня ведаеце дня ні гадзіны, калі прыйдзе Сын Чалавечы”, — сказаў Хрыстос на заканчэньне прытчы пра дзесяць дзеваў. Хрыстос у прытчы пра дзевы, якія выйшлі насустрач жаніху, хацеў паказаць лёс сваіх вучняў у сьвеце і значэньне іхнага шляху праз жыцьцё. Ён хацеў дапамагчы нам адказаць на адно дакучлівае пытаньне: куды ідзем?
Чым-жа тады зьяўляецца жыцьцё ў сьвятле евангельскай прытчы? Гэта актыўнае чаканьне са сьвядомасьцяй, што і для яго прыйдзе вырашальны момант. Гэта не пасыўнае чаканьне, як было ў выпадку слугі, што закапаў атрыманы талент і чакаў вяртаньня гаспадара. Для дзеваў у прытчы чаканьне было перапоўненае асноўным клопатам, каб ня згасьлі лямпы і каб выйсьці насустрач жаніху. Гэта значыць, што наша жыцьцё павінна быць напоўнена безупыннай „пільнасьцю і вернасьцю”.
Хрыстос часта згадвае пра адметныя рысы сапраўднага вучня і прыраўноўвае яго да вернага слугі, якога гаспадар устанавіў сторажам дому. Слуга ня сьпіць, не напіваецца, не злоўжывае ўладай у дачыненьні да падобных яму слугаў, але заўсёды пільны, заўсёды гатовы адчыніць дзьверы, калі толькі вернецца гаспадар (параўнай: Лук. 12, 35). У Кнізе Адкрыцьця таксама падкрэсьліваецца гэтая рыса характару добрага слугі: „Будзь верны ажно да сьмерці, а дам табе вянок жыцьця” (2, 10).
Апостал Павал паясьняе што значыць быць верным. „Робячы дабро не спыняймася, бо калі прыйдзе час, будзем зьбіраць плён... пакуль-жа маем час, будзем рабіць дабро ўсім” (Гал. 6, 9-10).
Быць верным Богу — значыць быць цярплівым і няўступчывым нават тады, калі чаканьне працягваецца і абавязак становіцца ўсё цяжэйшым.
Ня ведалі гадзіны евангельскія дзевы і ня ведаем яе мы, таму пільнасьць і вернасьць трэба пачаць практыкаваць ужо цяпер. Ня ведалі яе напэўна нашы знаёмыя, якія сёньня выехалі на дарогі ўсёй краіны і ніколі ўжо не вярнуліся дамоў. Але калі-б добра застанавіцца, дык факт, што „мусім” памерці, толькі ня ведаем калі — гэта найбольш сур’ёзная справа ў жыцьці. Ад гэтай думкі немагчыма ўцячы: яна быццам Дамоклаў меч вісіць над галавою, не даючы бестурботна смакаваць банкет жыцья. З другога боку мы ня можам дзень і ноч жыць у трывозе, безупынна тэрарызаваныя думкай аб сьмерці. Мы павінны думаць аб жыцьці, аб тым, каб дзейнічаць і напоўніць жыцьцё канкрэтным зьместам. Некаторыя сьвятыя, думаючы пра непазьбежную сьмерць, падвойвалі дбайнасьць і энтузыязм у чыненьні дабра. Яны хацелі даць зь сябе ўсё, спадзеючыся, што калі выперадкі закончацца, ім дазволяць адпачыць.
Жыцьцё ў веры і паводле Евангельля ня можа быць пазбаўленае думак пра вечнасьць, ня можам перастаць чакаць Жаніха. Хто думае толькі пра жыцьцё, ён не разьлічвае на нічога болей.
Адна гістарычная падзея дакладна адлюстроўвае хрысьціянскае стаўленьне да вечнасьці. Аднойчы Моніка і ейны трыццацігадовы сын Аўгусьцін ажыўлена размаўлялі ў вакне адной з хатаў у Остыі аб узьнёслых справах. Яны гаварылі аб тым, „чаго вока ня бачыла, вуха ня чула і што сэрца чалавечае зразумець ня ў змозе” (1 Кар. 2, 9). Калі так гутарылі, здавалася, што сьвет як быццам зьнікаў зь іхных вачэй. У глыбокай цішыні, якая на імгненьне настала, маці ў экстазе адазвалася да Аўгусьціна: „Сын мой, гэты сьвет ужо для мяне непрывабны. Тое адно толькі стрымлівала мяне, што хацела перш чым памру бачыць цябе хрысьціянінам і Бог выслухаў мяне. На што мне больш заставацца тут?” Некалькі дзён пазьней, калі чакалі магчымасьці адплысьці ў Афрыку, Моніка захварэла на малярыю. „Тут пахавайце мяне”, — папрасіла яна сыноў, а бачачы іхны смутак, што пакідаюць яе на чужыне дадала: „Для Бога нідзе не задалёка і не баюся, што Ён забудзе, куды пайсьці, каб у свой час уваскрэсіць мяне. Аднаго толькі прашу: дзе-б вы не былі, згадвайце мяне ў сваіх малітвах”. Гэта сапраўды „разумная дзева”, якую Госпад засьпеў пільнай. Гэта дзякуючы ёй і ейным сьлязам Царква мае блажэннага Аўгусьціна, які расказаў аб гэтым у сваіх кранальных „Вызнаньнях”. Яна сьпяшалася за блудным сынам з роднай Афрыкі ў Мілан, не адступала і не пакідала яго самому сабе, пакуль не дала яго Царкве і нам усім, якія насалоджваемся цяпер яго пранікнёнымі словамі.
Пільныя, разумныя дзевы ў евангельскай прытчы ўвайшлі на вясельны банкет і дзьверы зачыніліся. Хай ніколі ня здарыцца з намі, што застанемся за дзьвярыма.