Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Розныя тэмы - Жыцьцё і сьмерць

„Ёсць адна сустрэча пэўная і непазьбежная: гэта сустрэча са сьмерцю, — пісаў сьвяціцель Філарэт. — Нішто так няпэўнае, як сьмерць і адначасова нішто гэтак няпэўнае, як час канчыны”. Гэтую праўду мы поўнасьцю ўсьведамляем толькі тады, калі сутыкаемся са сьмерцю блізкага чалавека. Такая сьмерць заўсёды здаецца нам заўчаснай, непатрэбнай, крыўднай. Дарагіх нам людзей мы хацелі-б заўсёды мець пры сабе. У такія моманты, у хвіліны роздуму або ў пераломныя хвіліны самі сабою напрошваюцца хвалюючыя пытаньні адносна жыцьця і сьмерці: чаму раптоўна адыходзяць каханыя, незаменныя людзі? Чаму сьмерць такая бязьлітасная, такая сьляпая, што не глядзіць, каго забірае? У наш час па ўсім сьвеце жывуць прыблізна сем мільярдаў чалавек. Праз сто гадоў амаль усе яны памруць. У кожную секунду паміраюць звыш ста чалавек. Усіх іх мы ня ведалі і таму мала нас хвалюе іхная сьмерць. Бываюць аднак людзі, якіх ведаў амаль увесь сьвет. Да такіх належаць уэльская прынцэса Дыяна і маці Тэрэза. Яны ўжо не былі звычайнымі, ананімнымі людзьмі, але іхныя асобы, жыцьцё і дзеяньні апісваліся на першых старонках газэт і былі на вуснах мільёнаў людзей. Бывае, што папулярнасьць некаторых людзей неабгрунтаваная, але іх кахалі за незвычайныя якасьці характару. Абедзьве, у меншай або большай ступені, займаліся дабрачыннасьцю, схіляліся над чалавечым горам, хаця іхнае жыцьцё, пазыцыя ў грамадзтве, само жыцьцё і затым сьмерць былі іншыя. Адна памерла ва ўзросце 87 гадоў, другая загінула ў аўтакатастрофе, у росквіце жыцьця, у 36 гадоў. У часе, калі ў Калькуце перад сядзібай Ордэну Місіянерак Любові плакалі тысячы беднякоў, у Лондане адбывалася пышная жалобная ўрачыстасьць, трансляваная на ўвесь сьвет, а на экранах тэлевізараў бачны былі шчырыя сьлёзы звычайных людзей. Журналісты, якія бессаромна сачылі за кожным крокам прынцэсы, нажываліся на ейным прыватным жыцьці, не далі спакойна жыць, ступіць кроку, цяпер сталі яе ўзвышаць, успамінаюць, каментаваць. Усе шкадуюць сіротаў-сыноў і гэта высакародна, бо акрамя таго, што яны каралевічы — яны і звычайныя хлопцы, якія страцілі сваю маці.

Перажываючы сьмерць выдатных людзей варта менавіта застанавіцца і над тым, што кожны чалавек, нават найменш значны, быў для кагосьці блізкім: незаменнай, каханай маці, жонкай, мужам, сястрою або братам. Кожная сьмерць з’яўляецца для кагосьці асабістай або сямейнай трагедыяй і тады ўзнікаюць пытаньні: Што далей? Няўжо гэта канец?

Сьвецкіх людзей сьмерць палохае і не дае таго суцяшэньня і надзеі, якія плывуць зь веры. Для верніка не бывае раптоўнай, заўчаснай, непатрэбнай сьмерці. Канчына чалавека можа быць паскорана алкаголем шафёра, нядбайнасьцю або неасьцярожнасьцю, але ўсё роўна тое, што для нас нечаканае — Богу загадзя вядомае, прадбачанае Ім і служыць Яму толькі вядомай мэце. Бог нікому не абяцаў доўгага жыцьця і не сказаў нікому — нават цару Давіду — колькі ён будзе жыць. Само жыцьцё зьяўляецца пачаткам паміраньня. Гэтым самым прадухіляецца роспач тых, каму засталося мала жыць і не дапускаецца да празьмернай упэўненасьці тых, каму адведзена больш гадоў на зямлі. Ня ведаючы пра тэрмін сваёй канчыны, мы павінны разумна, плённа жыць, рупліва выконваць свае абавязкі. Хрысьціянін ня можа жыць бестурботна, як быццам сонца мела ніколі не зайсьці! Мы павінны дзякаваць за кожны дзень адтэрміноўкі непазьбежнага прысуду. Сьмерць — балючае разьвітаньне з дарагім чалавекам і гэта праўда. Аднак мы не павінны забывацца, што празь сьмерць нябачна і таямніча адбываецца тое, за чым сумуе чалавечая душа: сустрэча з жывым Богам, з тым сэнсам, прыгажосьцю, паўнатой, да якой імкнемся, але якую дасягаюць толькі нешматлікія, сьвятыя людзі.

Царква вучыць, што на зямлі мы толькі ў гасьцях, а наш сапраўдны дом і айчына — у Небе. У адносінах да будучага жыцьця, да вечнасьці наша зямное пілігрымства нагадвае птушыны эмбрыён у яйку. Царква напамінае, што сьмерць — гэта сон, перасяленьне, а не страта, пераход ад горшага да лепшага.

Ведаючы, што не ад нас залежалі нашы народзіны і не ад нас залежыць сьмерць, варта памятаць словы Сьвятога Пісаньня: „Ці жывем, ці паміраем — належым да Госпада”. Паводле слоў шматпакутнага Іава: „Бог даў — Бог узяў. Хай імя Яго будзе бласлаўлёнае на векі”.