Навейшая гісторыя Беларусі

Мірановіч Яўген


Суверэнная Беларусь

Дэмакратычная апазіцыя і нацыянальнае адраджэнне

Вялікае хваляванне сярод беларускай інтэлектуальнай эліты выклікала “Пісьмо рускаму другу”, напісанае ў 1976 годзе ананімным аўтарам і перадаваемае з рук у рукі ў шматтысячных копіях. У той час партыйная адміністрацыя ажыццяўляла хрушчоўскі тэзіс: чым хутчэй перастанем размаўляць пабеларуску, тым хутчэй пабудуем камунізм, распаўсюджваючы адначасна лозунг аб раўнапраўнасці беларускай і рускай моў. Ананімны аўтар прадставіў тады катастрафічны стан беларускай культуры і школьніцтва, якія служылі дэнацыяналізацыі беларусаў і параўнаў гэтае становішча да роўнасці шанцаў Чырвонай Шапачкі і Шэрага Ваўка.

Адліга ў СССР, якая пачалася з прыходам да ўлады Міхаіла Гарбачова, найхутчэй паўплывала на змены ў Прыбалтыцы і самой Расіі. У Беларусі партыйны і адміністрацыйны апарат з вялікай рашучасцю абараняў ідэалы камуністычнай дзяржавы. Дадатковай псіхалагічнай перашкодай, якая замінала правядзенню палітычных змен у Беларусі, была глыбокая русіфікацыя беларускіх партыйных і інтэлектуальных элітаў. Рэформы па ўзору тых, якія адбываліся ў прыбалтыйскіх рэспубліках, патрабавалі прынамсі ўвядзення беларускай мовы і культуры ў публічны ўжытак. Лозунгі аб беларусізацыі, якія нясмела выносіліся ў палове васьмідзесятых гадоў нешматлікімі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, работнікамі партыйнага апарату ўспрымаліся як абвінавачанні ў здрадніцтве. Тое, што яны, як функцыянеры савецкай дзяржавы, учынілі ў галіне русіфікацыі асветы, культуры і публічнага жыцця было жахлівым сведчаннем іх адносін да беларускага нацыянальнага пытання. Беларусь стала адной з нешматлікіх савецкіх рэспублік, да якой ідэі гарбачоўскай перабудовы даходзілі з вялікім спазненнем.

Першым прадвесцем таго, што грамадства ўсумнілася ў савецкім ладзе, было наладжанне ў красавіку 1986 г. у старажытным квартале Мінска абраду гукання вясны. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства былі выкладчыкі Мінскага мастацкага вучылішча Аляксей Марачкін і Мікола Купава разам са студэнтамі. Абрад адклікаўся да старадаўніх буларускіх традыцый, аднак насычаны быў сучасным кантэкстам і шматлікімі палітычнымі намёкамі. У ходзе інсцэнізацыі студэнты і гледачы былі разагнаны ветэранамі афганскай вайны і баявымі дружынамі камсамольцаў.

У другой палове васьмідзесятых гадоў дэманстраванне апазіцыйнасці ў адносінах да рэжыму стала моднай формай паводзін у інтэлігенцкіх асяроддзях. Аднак справядлівасці шукалі яны ў Маскве. Нават скаргі на русіфікатарскую палітыку мясцовых камуністычных правадыроў накіроўваліся І сакратару Цэнтральнага Камітэта КПСС. “Пісьмо 28-мі” ад снежня 1986 г., адрасаванае Міхаілу Гарбачову, падпісанае мастакамі, акцёрамі і вучонымі было ў прынцпе просьбай спыніць хрушчоўскую нацыянальную палітыку ў Беларусі. Са зместу пісьма вынікае, што ягоныя аўтары чакалі ад Крамля загаду савецкай адміністрацыі і партапарату адмяніць сваё стаўленне да беларускай мовы і культуры. Патрабавалі яны ад Гарбачова прысвоіць беларускай мове статус асноўнай у рабоце партыйнай і дзяржаўнай адміністрацыі, беларусізаваць школьніцтва, кінематаграфію і сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі. Да “Пісьма” на сямі старонках аўтарамі прыкладзены быў рапарт аб стане беларускай асветы і культуры.

Зварот беларускіх інтэлектуалаў, на здзіў саміх зацікаўленых, сустрэўся са станоўчым водгукам ЦК КПСС. У Мінск падалася адмысловая камісія для вывучэння справы. Аднак вынікі яе працы, прадстаўленыя пазней І сакратаром ЦК КПБ Яфрэмам Сакаловым, сведчылі аб адваротным — у БССР панавала поўная свабода развіцця беларускай мовы і культуры. У якасці прыкладу Сакалоў прывёў выданне 35-томнай Энцыклапедыі народнай творчасці і 10 тамоў твораў Леніна на беларускай мове.

“Пісьмо 28-мі” было аднак істотным крокам, які адкрыў магчымасць дыскусіі аб становішчы беларускай культуры і мовы ў БССР. І хаця з партыйных трыбун аўтары “Пісьма” падвяргаліся розным абвінавачанням, якія пасля распаўсюджваліся сродкамі масавай інфармацыі, аднак ужо справу нельга было вырашыць на ўзроўні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Аўтары “Пісьма” не мусілі ўжо баяцца ні грамадскага, ні сяброўскага астракізму.

4 чэрвеня 1987 г. з Беларусі было выслана чарговае “Пісьмо” Гарбачову, пад якім падпісаліся 134 грамадзяніны рэспублікі — прадстаўнікі розных грамадскіх і прафесійных асяроддзяў. Хаця копіі гэтага “Пісьма” былі разасланы ўладам і партыйным газетам у Беларусі, не выклікала яно ніякай рэакцыі з боку адрасатаў.

Некалькі месяцаў пазней у цэнтры Мінска прайшла першая дэманстрацыя пад лозунгам асуджэння віноўнікаў сталінскага генацыду і спынення русіфікацыі рэспублікі. Нагодай для выступленняў стала святкаванне Дзядоў. Дэманстрацыя ад 30 кастрычніка, у якой удзельнічала некалькі соцень студэнцкай моладзі і падчас якой злачынствы Сталіна ўпершыню былі параўнаны з генацыдам Гітлера, пераламала нейкі псіхалагічны бар’ер, што стрымліваў людзей ад шчырых выказванняў на тэму цёмных бакоў эпохі камунізму.

У другой палове 1987 г. у Беларусі паўстала некалькі соцень нефармальных маладзёжных суполак. Хаця большая частка іх не мела палітычнага характару, аднак у нейкай ступені змяншалі яны манаполію патрыі на арганізаванне грамадскага жыцця. Больш 60% студэнтаў мінскіх вышэйшых навучальных устаноў было членамі нефармальных суполак, якія дзейнічалі ў сталіцы Беларусі. Таксама дынамічна актывізаваліся інтэлігенцкія асяроддзі ў іншых абласных гарадах. Неўзабаве малалікія групы пачалі аб’ядноўвацца ў большыя арганізацыі, якія ў 1988 г. налічвалі па некалькі соцень членаў. Былі гэта перш за ўсё інтэлігенцкія дыскусійныя згуртаванні. Падчас арганізацыйных сустрэч панавала сапраўдная эйфарыя з прычыны раптоўна атрыманай свабоды слова. Тысячы чалавек хацелі папраўляць камуністычны свет, не аспрэчваючы, аднак, яго фундаментальныя асновы. Толькі некаторыя маладзёжныя суполкі — мінская “Талака”, гродзенская “Паходня” — выступалі за вяртанне беларускай нацыянальнай сімволікі, стварэнне беларускай нацыянальнай арміі і ўвядзенне беларускага грамадзянства. Паколькі гэтыя пастулаты заклікалі ігнараваць канстытуцыю СССР, не атрымалі яны, аднак, шырэйшай грамадскай падтрымкі.

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі наладзілі шэраг кантактаў з асяроддзямі Вільні, Львова, Масквы, Кіева, Пецярбурга, якія аспрэчвалі савецкі лад. Быў гэта нізавы рух, які імкнуўся рэфармаваць савецкую рэчаіснасць. Меў ён выключна элітны характар і таму паза яго ўздзеяннем апынулася большасць жыхароў рэспублікі.

Несумненна пачаткам палітычнага пералому ў Беларусі было апублікаванне ў чэрвені 1988 г. рэдакцыяй элітнага штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” артукула археолага Зянона Пазьняка і інжынера Яўгена Шмыгалёва Курапаты. Дарога смерці. Рэдакцыйны калектыў рашыўся, насуперак пазіцыі ЦК КПБ, надрукаваць матэрыял аб злачынствах НКУС у Беларусі ў канцы трыццатых гадоў. Змест артыкула ў штотыднёвіку, які выйшаў 8-тысячным тыражом, на працягу некалькіх дзён стаў у Беларусі агульнавядомым. З’явіліся перадрукі ў замежных перыядычных выданнях. Беларускія ўлады былі вымушаны стварыць спецыяльную камісію для праверкі сапраўднасці фактаў прыведзеных Пазьняком і Шмыгалёвым. У камісію ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, пракуратуры, Акадэміі навук, і грамадскіх арганізацый. Больш года спатрэбілася камісіі для сцвярджэння, што дзесяткі тысяч шкілетаў зарытых у лесе каля Курапатаў — гэта астанкі ахвяр НКУС і што з курапацкіх магіл пасля вайны неакрэсленая іх колькасць была вывезена ў невядомым напрамку. На думку Пазьняка, у 1937—1940 гадах у Курапатах загінула амаль чвэрць мільёна жыхароў Беларусі.

Два месяцы пасля апублікавання вышэйзгаданага артыкула ў Мінску заснавалася група з назвай Камітэт58, якая мела заняцца падрыхтоўкай да стварэння рэспубліканскай арганізацыі па збору інфармацыі і дакументацыі ўсіх злачынстваў, учыненых камуністычным рэжымам на беларускім народзе. Узначалілі Камітэт Зянон Пазьняк і вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. 19 кастрычніка 1988 г. адбыўся з’езд, на якім 350 дзеячаў ператварылі арганізацыю ў Беларускае гісторыкаасветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралог Беларусі” і выбралі яго ўлады з Зянонам Пазьняком на чале. Удзельнікі з’езда сфармулявалі палітычныя пастулаты, патрабуючы “асуджэння палітычнай сістэмы сталінізму і сталіншчыны, гвалтоўных і недэмакратычных метадаў вырашэння сацыяльных, палітычных і эканамічных праблемаў”. Адначасна на гэтым жа з’ездзе “Мартыралога Беларусі”, па ўзору прыбалтыйскіх краін, створаны быў арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту за перабудову “Адраджэньне” (далей: БНФ). У сувязі з тым, што народныя франты Літвы, Латвіі і Эстоніі прад’яўлялі пастулаты дэмакратычнанезалежніцкага характару, ход падзей у Мінску насцярожваў Маскву і правячых у Беларусі камуністаў. Некалькі месяцаў раней І сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў запэўніваў у Маскве цэнтральныя савецкія ўлады, што ў Беларусі народны фронт не ўзнікне. У жніўні 1988 г. у ходзе падрыхтоўкі дзеячаў Камітэта58 да з’езда камуністычныя ўлады вырашылі стварыць сваю арганізацыю з назвай Беларускі народны фронт, кіраўніцтва якога было даручана І сакратару Мінскага гарадскога камітэта КПБ Пятру Краўчанку. Створаны камуністамі фронт не знайшоў прыхільнікаў і не апраўдаў сябе. Затое расло значэнне арганізацыі Пазьняка. У рады БНФ уступала перш за ўсё інтэлігенцыя, сімпатызавала з ім частка членаў партыі, якія ў гэтай арганізацыі бачылі сілу здольную адрадзіць нацыянальную ідэю.

30 кастрычніка 1988 г. у дзень святкавання Дзядоў у Мінску адбылася вялікая дэманстрацыя. Дзесяткі тысяч людзей пад нацыянальнымі сцягамі рушылі ў напрамку Курапатаў ушанаваць памяць ахвяр сталінізму. Жорсткая атака міліцыі на дэманстрантаў толькі замацавала ў грамадстве адмоўны вобраз улад. У канцы 1988 г. групы падтрымкі ідэі БНФ узніклі амаль ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. БНФ пачаў выдаваць часопіс “Навіны”, аднак друкаваць яго вымушаны быў у Літве. Бээнэфаўская прапаганда адклікалася да беларускіх дзяржаўных традыцый Вялікага княства Літоўскага, барацьбы за незалежнасць, якой увасабленнем былі Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі. Дзеячы БНФ легітымнасць беларускай дзяржаўнасці лічылі ад 25 сакавіка 1918 г., а ўсе дзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі, якія існавалі пасля падзення Беларускай Народнай Рэспублікі, прызнавалі формамі акупацыйнай улады.

Лозунгі БНФ адначасна абвінавачвалі беларускія эліты ў нацыянальным здрадніцтве, прадстаўлянні інтарэсаў чужой дзяржавы, паклонніцтве ідэалогіі, якая загубіла мільёны людзей. З другога боку, у кантраляваных камуністычнай партыяй сродках масавай інфармацыі БНФ паказваўся як экстрэмісцкая нацыяналістычная арганізацыя, якая намагаецца парваць сувязі паміж Беларуссю і Расіяй, і рэлікт калабарацыянісцкіх рухаў перыяду ІІ сусветнай вайны.

У 1989 г. партыя страціла магчымасць кантраляваць увесь друк. Некаторыя газеты і часопісы, асабліва беларускамоўныя — “Звязда”, “Крыніца”, “Настаўніцкая газета”, “Полымя”, “Маладосць” — часта прапанавалі свае старонкі звязаным з БНФам людзям. Ідэя нацыянальнага адраджэння ставалася штораз больш папулярнай, асабліва сярод інтэлігенцыі. Большасць грамадства заставалася, аднак, пад уплывам камуністычнай прапаганды, распаўсюджваемай праз пасрэдніцтва тэлебачання, радыёвяшчання і рускамоўнага друку.

Атмасфера, якая спадарожнічала свабодзе слова, вельмі хутка дала вынікі ў выглядзе новых распрацовак па гісторыі Беларусі. Узніклыя новыя перыядычныя выданні — “Спадчына”, “Беларускі гістарычны часопіс”, “Беларуская мінуўшчына”, “Беларускі гістарычны агляд” — пераважна змяшчалі публікацыі, якія аспрэчвалі савецкія навуковыя дасягненні ў галіне гісторыі Беларусі. Гісторыкі пановаму пачалі прадстаўляць адносіны Беларусі з усімі суседзямі. З савецкага забыцця пачаў вяртацца вобраз народа, у якога ёсць свая гісторыя, культура, юрыдычныя і дзяржаўныя традыцыі. Аднак беларускім элітам не ўдалося новыя разумовыя плыні прышчапіць масам.

Пераважная большасць беларускага савецкага грамадства гатова была падтрымоўваць якія—небудзь палітычныя змены пад умовай, што паправяць яны эканамічнае становішча. Лозунг “дэмакратыя” пачынаў грамадзянам Беларусі асацыявацца з анархіяй у інфармацыйнай сферы, развалам камуністычнай сістэмы каштоўнасцей, да якой былі яны прызвычаены і якая цяпер аспрэчвалася на кожным кроку. Для 2 мільёнаў ветэранаў ІІ сусветнай вайны, якія з гонарам і пры кожнай нагодзе дэманстравалі ордэны, прысвоеныя ім за мужнасць і адвагу ў абароне Савецкага Саюза, неўспрымальнымі аказаліся тлумачэнні, якія давалі зразумець, што змагаліся яны за іншую форму акупацыі. Так прынамсі большасць іх успрымала тон антысталінскай і антыкамуністычнай рыторыкі некаторых публіцыстаў і апазіцыйных дзеячаў. Настойлівыя патрабаванні неадкладна правесці беларусізацыю насцярожвалі сотні тысяч лекараў, чыноўнікаў, інжынераў, настаўнікаў, якія баяліся стаць непрыдатнымі ў публічным жыцці па прычыне няведання беларускай мовы. Усе іхныя веды заснаваны былі на базе рускай тэрміналогіі. Выразна адмоўную пазіцыю ў справе нацыянальнага адраджэння заняла большасць амаль паўтарамільённай расійскай меншасці. Расіяне баяліся страціць ранейшае прывілеяванае становішча ў жыцці рэспублікі.

У пачатку 1989 г. у Беларусі вырысаваліся дзве выразныя палітычныя плыні — савецкая і нацыянальная. Паміж інтэлігенцкімі групоўкамі, якія выказаваліся за адну або другую плынь, знаходзілася дэзарыентаванае грамадства. Нарастанне гаспадарчага крызісу выклікала ў грамадстве рост апатыі і абыякавасці да ўсялякіх лозунгаў аб дэмакратыі і нацыянальным адраджэнні.

14 студзеня 1989 г. у Вільні адбыўся з’езд дэлегатаў 66 беларускіх маладзёжных арганізацый. Улады Беларусі не дазволілі правесці гэтае мерапрыемства ў Мінску. З’езд заснаваў Канфедэрацыю беларускіх маладзёжных суполак і падтрымаў ініцыятыву стварыць палітычную, некамуністычную і ўсенародную арганізацыю ў выглядзе Беларускага народнага фронту. Дэманстрацыя ў Мінску, арганізаваная Канфедэрацыяй і Аргкамітэтам БНФ, прыцягнула 40 тыс. чалавек. Упершыню ў такой форме ставіліся патрабаванні ліквідаваць запіс аб кіруючай ролі кампартыі, стварыць беларускія ваенныя фарміраванні, прысвоіць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы на тэрыторыі БССР.

Заснавальніцкі з’езд БНФ, у якім удзельнічала 400 дэлегатаў, адбыўся 24-25 чэрвеня 1989 г. у Вільні. Правесці яго на тэрыторыі Беларусі, як і раней для маладзёжных арганізацый, улады не дазволілі. Першапланавай мэтай БНФ з’езд назначыў адраджэнне мовы, культуры і беларускай нацыянальнай свядомасці. У прынятым статуце арганізацыі гаварылася аб пабудове адкрытага грамадства ў духу дэмакратычных і гуманістычных каштоўнасцей, з пашанаваннем правоў нацыянальных меншасцей. У праграму БНФ занесены быў нават пастулат аб “адраджэнні ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі”. З’езд прыняў таксама пастанову, што БНФ будзе прытрымоўвацца канстытуцыі і заканадаўства БССР, аднак звярнуў увагу, што згодна канстытуцыі Беларусь — суверэнная дзяржава. Гэтую суверэннасць — на думку дэлегатаў — гарантаваў запіс аб вяршэнстве рэспубліканскага заканадаўства над саюзным. Аднак не быў гэта пастулат адлучэння Беларусі ад СССР, а толькі патрабаванне, каб савецкія ўлады прызналі, гарантаваную дзеючым правам, палітычную аўтаномію Беларусі ў складзе савецкай дзяржавы. Неадкладнай справай у рэспубліцы дэлегаты прызналі ліквідацыю паслядоўнасцей катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Узначалілі БНФ, апрача Пазьняка, прафесары Міхась Ткачоў і Юры Хадыка.

Летам 1989 г. дзеячы БНФ паспрабавалі стварыць незалежныя ад кампартыі беларускія прафсаюзы. У верасні прадстаўнікі 72 прадпрыемстваў заснавалі Арганізацыйны камітэт Рабочага саюза Беларусі, у склад якога ўвайшлі дзеячы БНФ Віктар Івашкевіч, Міхал Собаль і Сяргей Мухін. Абыякавае стаўленне рабочых да дэмакратычных і нацыянальных лозунгаў не дазволіла паўтарыць польскі сцэнарый. Незалежныя прафсаюзы згуртавалі ўсяго некалькі працэнтаў занятага насельніцтва і абмежавалі сваю дзейнасць выключна да сацыяльнай сферы.

У 1989 г. Камуністычная партыя Беларусі налічвала больш 700 тыс. членаў, у ліку якіх 71% складалі беларусы. Многія з іх у новай сітуацыі сталі шчырымі прыхільнікамі ідэі нацыянальнага адраджэння. Большасць членаў БНФ у момант заснавання арганізацыі былі камуністамі. Многія не ведалі беларускай мовы. З другога боку, сярод прадстаўнікоў кіруючых колаў КПБ былі шматлікія прыхільнікі беларусізацыі партыйных і дзяржаўных структур. Адным з іх быў І сакратар Мінскага гарадскога камітэта КПБ Пятро Краўчанка. Ад партыйнай інтэлігенцыі выйшла прапанова заснаваць Таварыства беларускай мовы (ТБМ), якога старшынёй стаў камуніст, вядомы абаронца роднай мовы, паэт Ніл Гілевіч. Таварыства адыграла вялікую ролю ў падрыхтоўцы законапраектаў аб статусе беларускай мовы ў БССР, якая ў студзені 1990 г. рашэннем Вярхоўнага Савета стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. Аднак значна часцей з боку партыйнай наменклатуры можна было пачуць нескрываную пагарду да дзяржаўнай мовы.

Змены ў БССР праходзілі галоўным чынам пад уплывам падзей, якія адбываліся ў суседніх савецкіх рэспубліках, асабліва ў Літве, Латвіі і Украіне. На вуліцах беларускіх гарадоў, у адміністрацыі, школах, культурных установах і дамах большасці беларусаў паўсюднай была руская мова. Палітычная сітуацыя вакол Беларусі прымушала ствараць рэспубліканскае заканадаўства, якога ўжо само існаванне ўмацоўвала палітычную адасобленасць рэспублікі. У першай палове ліпеня 1990 г. незалежнасць абвясцілі Літва, Латвія, Эстонія, Украіна, а нават Расія. Беларускаму Вярхоўнаму Савету не выпадала рабіць нічога іншага, як толькі таксама абвясціць “Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”. “Закон аб мовах у Беларускай ССР”, які беларускай мове прысвойваў статус адзінай дзяржаўнай мовы, быў прыняты Вярхоўным Саветам, 80% дэпутатаў якога складалі камуністы. Пераважная іх большасць нават не карысталася роднай мовай. Аднак раней такія законы прынялі парламенты суседніх савецкіх рэспублік.

“Закон аб мовах” меў уступіць у сілу ў верасні 1990 г. Па прычыне няведання дзяржаўнымі чыноўнікамі беларускай мовы ажыццяўленне гэтага закона было адтэрмінавана. Паасобным ведамствам вызначаны былі тэрміны падрыхтоўкі да працы на аснове беларускай мовы. Да канца 2000 г. усе ўстановы, апрача школьніцтва нацыянальных меншасцей, мелі быць пераведзены на “дзяржаўную мову”. Аднак на практыцы нямнога было зроблена для выканання гэтага закона. Дзяржаўныя чыноўнікі і партыйны апарат паўсюдна ігнаравалі абавязак беларусізацыі сваіх устаноў. З боку рускамоўных у сваёй большасці беларусаў таксама не было ціску на наменклатуру. Нават дзеячы новаствораных арганізацый, якія ўключыліся ў дэмакратызацыю палітычнага жыцця рэспублікі, не праяўлялі вялікага энтузіязму да нацыянальнай мовы. Часта яны самі не ўмелі сфармуляваць свае пастулаты на гэтай мове.

У атмасферы станаўлення незалежных дзяржаў на руінах Савецкага Саюза ў свядомасці грамадзян Беларусі расло значэнне беларускай мовы ў якасці асноўнага сродка зносін у сваёй дзяржаве. У выніку ціску інтэлігенцкіх асяроддзяў, дзеячаў БНФ, ТБМ і новаствораных палітычных партый Вярхоўны Савет ухваліў чарговыя законы, якія спрыялі ўмацаванню значэння роднай мовы. У чэрвені 1991 г. прыняты быў “Закон аб культуры”, а ў кастрычніку — “Закон аб адукацыі”. Абодва законы садзейнічалі беларусізацыі жыцця ў рэспубліцы. У 1991/1992 акадэмічным годзе ўсе педагагічныя інстытуты заняткі са студэнтамі пачалі весці на беларускай мове. Таксама першакласнікі, якія ў гэтым жа годзе пачалі навуку, мелі атрымоўваць веды на роднай мове. Старшакласнікам радыкальна павялічана была колькасць урокаў “дзяржаўнай мовы”.

У 1989—1991 гадах паўсталі ўсе інстытуцкаправавыя формы, якія рабілі магчымым адраджэнне беларускіх нацыянальных каштоўнасцей — мовы, культуры, гістарычнай і нацыянальнай свядомасці. Гэты працэс, нягледзячы на перашкоды з боку прыхільнікаў старога ладу, ахопліваў штораз шырэйшыя грамадскія колы. Большасць грамадзян даходзіла да вываду, што будучыня ў сваёй дзяржаве патрабуе засваення дзяцьмі роднай мовы.

Структурныя перамены 1989—1995 гадоў

Адсутнасць дэмакратычных традыцый і нізкі ўзровень палітычнай культуры грамадства сталі прычынай таго, што змены пасля 1989 г. адбываліся дзякуючы інтэлектуальным і палітычным элітам. Камунізм у людзях, якія мелі дачыненне да ўлады, укараніў дрэнныя прывычкі. Характэрныя ім перш за ўсё былі адмаўленне прынцыпу партнёрства ўлады і грамадзяніна, прысваенне першаму з гэтых фактараў дамінуючай пазіцыі, бюракратычная сістэма выдачы рашэнняў, якая выяўлялася ў шматлікіх дазволах, спраўках, пропусках. Сістэму, якая прыгаворвала людзей на пастаяннае чаканне, пакору і ўступчывасць у адносінах да ўладных структур, грамадства наогул лічыла нормай публічнага жыцця. У такім становішчы якоенебудзь самакіраванне, якое з’яўляецца асновай дэмакратыі, не магло існаваць. Змяніць гэты менталітэт магла толькі такая сіла, якая распараджалася поўнай уладай, шляхам яе паступовага самаабмежавання і перадачы кампетэнцый розным грамадскім арганізацыям і прадстаўнічым структурам. Ні з боку апазіцыі, а тым больш з боку рэжыму, не з’явіліся прапановы ўчыніць грамадства суб’ектам, уключыць яго ў працэс перабудовы грамадскапалітычнай сістэмы. Вялікі ўрок дэмакратыі, які пачаўся ў Беларусі ў пачатку дзевяностых гадоў, у прынцыпе абышоў бокам пераважную большасць грамадства. У далейшым заставалася яно аб’ектам уздзеяння з боку розных палітычных груповак, падатлівым на маніпуляцыю і некрытычнае стаўленне да дэмагогіі. Механізмы дэмакратыі паказаліся надта складанымі і чужымі, таму паўсюдна лічыліся яны не надта спраўным інструментам устанаўлівання ўлады.

У Беларусі адсутнічала грамадская перакананасць у тым, што воля народа можа ўплываць на ход палітычных працэсаў. Паўсюдна чакалася такая ўлада, якая забяспечыць справядлівасць і адносны дабрабыт. У грамадскім адчуванні формы ўстанаўлівання гэтай улады і метады яе выконвання мелі другараднае значэнне.

Нават калі злачынствы камунізму набылі шырокую вядомасць, помнікі Леніну, Дзяржынскаму і іншым бальшавіцкім героям не зніклі з цэнтральных плошчаў беларускіх гарадоў. Імёны вінаватых у генацыдзе бальшавікоў засталіся таксама ў назвах вуліц, калгасаў, прадпрыемстваў.

У 1990 г. упершыню адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет, падчас якіх кандыдытаў у дэпутаты маглі вылучаць г.зв. сходы жыхароў. У сітуацыі, калі адзінай арганізаванай сілай была КПБ, яе функцынеры перанялі ініцыятыву ладзіць сходы для вылучэння кандыдатаў. Пяцьдзесят месц у Вярхоўным Савеце, у якім засядала 360 дэпутатаў, атрымалі падкантрольныя КПБ грамадскія арганізацыі — Беларускі саюз ветэранаў вайны і працы, Беларускае таварыства інвалідаў, Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, Беларускае таварыства глухіх.

Апазіцыя пайшла на выбары арганізуючы Дэмакратычны блок, аснову якога складалі дзеячы БНФ. Апанаваны камуністамі Цэнтральны выбарчы камітэт месяц да выбараў адкінуў усіх кандыдатаў Дэмакратчынага блока. Толькі дэманстрацыя БНФ ад 25 лютага 1990 г., падчас якой прад’яўлены былі патрабаванні распусціць Цэнтрвыбаркам і КПБ, пасадзейнічала зарэгістраванню кандыдатаў ад апазіцыі на выбарчых спісках.

У першым туры галасавання 4 сакавіка 1990 г. выбраных было толькі 98 дэпутатаў, з ліку якіх 50 было дэлегаваных г.зв. грамадскімі арганізацыямі. Згодна палажэнню аб выбарах, дэпутацкі мандат атрымоўваў той кандыдат, які ў сваёй акрузе набраў 50% галасоў пры 50-працэнтнай прысутнасці грамадзян на выбарчых участках. У двух чарговых турах галасавання, да 10 мая 1990 г. агулам выбраных было 327 дэпутатаў. Амаль 86% народных дэпутатаў складалі члены КПБ. Дэмакратычны блок займеў 67 мандатаў, з таго ліку 26 месц атрымалі дэпутаты ад БНФ. Пасля некалькіх месяцаў фракцыя БНФ павялічылася да 36 дэпутатаў. Найбольшую падтрымку апазіцыя атрымала ў Мінску, у якім пражывала пятая частка ўсяго электарату Беларусі.

Першым старшынёю Вярхоўнага Савета стаў член Палітбюро ЦК КПБ Мікалай Дземянцей, а яго першым намеснікам — старшыня Дэмакратычнага блока Станіслаў Шушкевіч. Зянон Пазьняк узначаліў нешматлікую але кампактную фракцыю БНФ у складзе Дэмакратычнага блока. Старшынёю Савета Міністраў БССР назначаны быў Вячаслаў Кебіч.

Паўсюдныя выпадкі парушэння палажэння аб выбарах, а нават фальшаванне вынікаў выбараў, асабліва на правінцыі, давялі да далейшай радыкалізацыі адносін паміж дзеячамі БНФ і камуністычныі ўладамі. 11 мая Сойм БНФ, вярхоўны орган гэтай арганізацыі паміж з’ездамі, увёў змяненні ў праграму. З гэтай пары мэтай БНФ стала дасягненне поўнай незалежнасці рэспублікі і вывад яе са складу СССР. Частка дзеячаў падтрымоўвала праект стварэння БалтыйскаЧарнаморскай федэрацыі, у якой апрача Беларусі апынуліся б Украіна, Літва і Латвія. Аднак аўтары гэтай ідэі не ўлічвалі ні пазіцыі партнёраў, ні эканамічных магчымасцей такога саюза. Канферэнцыя БНФ (форма нечарговага з’езда), якая адбылася ў Мінску 30 чэрвеня, адназначна выказалася за незалежнасць, перагледзела сваё стаўленне да “ленінскай нацыянальнай палітыкі”, якая цяпер прызнавалася антынацыянальнай і антыгуманнай. Дэлегаты прад’явілі пастулат нацыяналізацыі маёмасці КПСС і камсамола ў Беларусі, адмены партыйнага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі, судаводствам, арміяй, асветай і прадпрыемствамі. Ад сябраў БНФ, якія адначасна былі членамі КПБ, патрабавалася выступіць з партыі.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет мінімальнай большасцю галасоў абвясціў “Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” у складзе савецкай федэрацыі. Гэты крок вымусіла вонкавая сітуацыя, асабліва абвяшчэнне незалежнасці Расіяй. Згаданае рашэнне, хаця не вынікала з пераканання і волі большасці дэпутатаў, адкрыла Беларусі шлях да сапраўднай незалежнасці. Аднак суверэнітэтам не была зацікаўлена таксама большасць беларускага грамадства.

У 12 артыкуле “Дэкларацыі” сцвярджалася, што “любыя гвалтоўныя дзеянні супраць нацыянальнай дзяржаўнасці Беларускай ССР з боку палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў ці асоб праследуюцца па закону”. Выступаць ад імя народа “Дэкларацыя” дазваляла выключна Вярхоўнаму Савету БССР (арт. 2). На тэрыторыі Беларусі ўстаноўлена вяршэнства Канстытуцыі і законаў (арт. 7). Пацвярджалася выключнасць беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай на тэрыторыі рэспублікі. “Дэкларацыя” давала ўраду права стварыць нацыянальную армію, рэспубліканскую міліцыю і службы бяспекі (арт.10). Камуністы прагаласавалі таксама за 11 артыкул аб неабходнасці падпісання новай саюзнай дамовы паміж рэспублікамі, якія ўваходзілі ў састаў Савецкага Саюза. Дэпутаты ад БНФ, якія выступалі супраць якіх—небудзь новых саюзаў з Расіяй, не ўдзельнічалі ў гэтай частцы пасяджэння.

Галоўным штуршком, які паўздзейнічаў на ход падзей у Беларусі, былі змены ў Расіі. Дэманстратыўнае выступленне Барыса Ельцына з КПСС выклікала ў Беларусі масавую здачу партыйных білетаў. У многіх заводскіх і мясцовых структурах КПБ засталіся толькі штатныя работнікі. Падчас апошняга ХХХІ З’езда КПБ яе лідэр Яфрэм Сакалоў падняў трывогу, што калектывізм і інтэрнацыяналізм у Беларусі выцясняюцца сепаратызмам і нацыяналізмам. Партыя, калі перастала быць галоўным элементам дзяржаўнага апарату, а членства ў ёй — неабходнай умовай навуковай, прафесійнай або палітычнай кар’еры, сапраўды апынулася ў становішчы развалу.

Апрача КПБ і БНФ у 1990—1992 гадах у Беларусі з’явілася многа арганізацй, якія імкнуліся стаць палітычнымі партыямі. БНФ — на думку яго кіраўніцтва — не быў партыяй, а толькі грамадскім рухам, у якім дзейнічаць маглі прадстаўнікі розных палітычных плыняў — прыхільнікі незалежнасці Беларусі. Заснавальнікамі новых партый найчасцей былі колішнія дзеячы КПБ.

У чэрвені 1990 г. узнікла Нацыянальнадэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ). Была гэта нацыяналістычная арганізацыя, якая супраціўлялася якомунебудзь супрацоўніцтву з камуністамі. Членства ў НДПБ абумоўлена было даказаннем прыналежнасці да беларускага народа і веданнем роднай мовы. Галоўнай мэтай партыі было змаганне за поўную незалежнасць і нацыянальнае адраджэнне. Яе кіраўнікі Аляксандр Емяльянаў і Віктар Навуменка засяроджваліся галоўным чынам на прыцягненні моладзі. Пасля некалькіх гадоў мала прыкметнай дзейнасці партыя знікла з палітычнай карты Беларусі.

Намнога большую ролю мела адыграць Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), якая паўстала ў лістападзе 1990 г. у выніку аб’яднання некалькіх арганізацый ліберальнага ўхілу з Гродна, Мінска і Віцебска. АДПБ у сваёй дзейнасці кіравалася прынцыпам першаснасці інтарэсаў адзінкі над інтарэсамі грамадскіх і нацыянальных груп. Партыя падтрымоўвала працэс беларусізацыі, аднак супраціўлялася парушэнню інтарэсаў рускамоўнага насельніцтва. У гаспадарчай галіне лібералы ад АДПБ прапанавалі магчыма хуткую і ўсеагульную прыватызацыю ўсёй нацыянальнай маёмасці. Пераважную групу ў партыі складала тэхнічная інтэлігенцыя, юрысты і чыноўнікі. На ІІ З’ездзе АДПБ у лістападзе 1991 г. падтрыманы былі тыя дзеянні, якія вялі да ўмацавання незалежнасці дзяржавы. Новым старшынёй стаў народны дэпутат, член Сойму БНФ Аляксандр Дабравольскі.

Дзеячы БНФ Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Мікалай Крыжаноўскі выступілі ініцыятарамі стварэння вясной 1991 г. левацэнтрысцкай Беларускай сацыялдэмакратычнай грамады (БСДГ). На думку заснавальнікаў, партыя мела быць платформай прыбліжэння і супрацоўніцтва для нацыянальных дзеячаў і прыхільнікаў рэформ у камуністычным лагеры. БСДГ выказвалася за незалежнасць Беларусі, аднак не выключала магчымасці стварэння нейкай формы федэрацыі з іншымі краінамі, якія належаць да СССР. Грамадская і гаспадарчая праграма прадугледжвала магчымасць паступовай прыватызацыі нацыянальнай маёмасці, аднак пры ўмове забеспячэння бясплатнасці аховы здароўя і адукацыі, а таксама стварэння прыстойных умоў для пенсіянераў і маламаёмаснага насельніцтва. Першым старшынёю БСДГ стаў Міхась Ткачоў, а пасля ягонай смерці ў лістападзе 1993 г. — Алег Трусаў.

Заснавальнікам Беларускай сялянскай партыі (БСП) быў адстаўны палкоўнік Савецкай Арміі Яўген Лугін. БСП патрабавала вяртання зямельнай уласнасці і такой дзяржаўнай палітыкі, якая спрыяла б станаўленню фермерскіх гаспадарак, выказвалася за незалежнасць, прафесійную армію і захаванне нейтральнасці беларускай дзяржавы. Слабасцю гэтай партыі было тое, што большасць яе членаў не мела дачынення да сялянскага асяроддзя. Да яе праграмы не праявілі цікавасці ні калгаснікі, ні калгасная наменклатура. Гэтая апошняя, якая распараджалася гаспадаркамі ў некалькі тысяч гектараў, бюджэтнымі датацыямі, вялікімі ўплывамі ў мясцовых уладных структурах і амаль дармовай рабочай сілай, не мусілі баяцца банкруцтва. А калгаснікі ў сваю чаргу не ўмелі ўжо і не хацелі працаваць на ўласных гаспадарках. Не распараджаліся яны адпаведнай інфраструктурай — будынкамі, прыладамі, машынамі, цяглавай сілай — неабходнай для аднаасобніцкага гаспадарання. Прапагандаваная БСП ідэя сямейнафермерскіх гаспадарак не знаходзіла прыхільнікаў.

Створаная ў чэрвені 1991 г. Беларуская хрысціянскадэмакратычная злучнасць (БХДЗ) абвясціла сябе пераемніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая дзейнічала ў ІІ Рэчы Паспалітай. У злучнасці пераважала інтэлігенцыя каталіцкага веравызнання, хаця ва ўладах былі прадстаўнікі праваслаўных і пратэстанцкіх асяроддзяў. Мэтай БЗХД была пабудова хрысціянскай мадэлі грамадскага жыцця, якая характарызавалася дэмакратычным спосабам станаўлення ўлады, павагай да прыватнай уласнасці, палітычным плюралізмам і сацыяльным забеспячэннем маламаёмасных.

У канцы 1991 г. у Беларусі існавала 20 арганізацый, якія лічылі сябе палітычнымі партыямі. Па словах лідэраў, налічвалі яны па некалькі соцень членаў. У сапраўднасці ў большасці гэтых арганізацый дзейнічала па некалькі дзесяткаў асоб. У палове 1993 г. адбылася фармальная рэгістрацыя палітычных партый. Неабходныя дакументы — статут, праграму і дэкларацыі мінімум 50 членаў — здолелі прад’явіць 12 арганізацый. У іх ліку былі экалагічныя рухі, напрыклад Партыя зялёных, і згуртаванні рускіх нацыяналістаў, напрыклад Славянскі сабор “Белая Русь”.

Большасць лідэраў беларускіх апазіцыйных партый найважнейшай справай незалежнай дзяржавы лічылі стварэнне нацыянальнай арміі. Толькі 20% афіцэраў размешчанай у Беларусі Савецкай Арміі было беларусамі. Больш паловы афіцэрскага корпуса складалі расіяне, 20% — украінцы. Тым часам некалькі тысяч беларускіх афіцэраў служыла ў гарнізонах па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. У кастрычніку 1991 г. па ініцыятыве БНФ і БСДГ дайшло да склікання І З’езда беларускіх вайскоўцаў, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі большасці савецкіх гарнізонаў. З’езд заснаваў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ), якое ўзначаліў сацыялдэмакратычны дзеяч палкоўнік Мікола Статкевіч. Мэтай БЗВ было стварэнне беларускага нацыянальнага войска і абарона суверэнітэту Беларусі.

Рэальная ўлада ў арміі, якая дыслацыравалася на тэрыторыі Беларусі, заставалася ў руках савецкіх генералаў, часта расійскіх патрыётаў. Генералы прысягу давалі Савецкаму Саюзу і з новай дзяржавай не мелі яны нічога супольнага. Канфлікт паміж БЗВ і расійскімі генераламі быў непазбежны. У выніку прыдзірлівасці начальства частка сябраў БЗВ была вымушана пакінуць ваенную службу. Толькі ў лютым 1992 г., па прапанове дэпутатаў ад БНФ і Дэмакратычнага блока, Вярхоўны Савет, невялікай перавагай галасоў, прыняў пастанову аб падпарадкаванні размешчанага на тэрыторыі Беларусі войска ўраду рэспублікі. Парламент адобрыў таксама тэкст новай прысягі, якая адгэтуль давалася на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Расійскія афіцэры, якія адмовіліся даць новую прысягу, не былі звольнены з вайсковай службы, хаця гэтага дамагаліся дэпутаты ад БНФ.

Палітычным пераломам на тэрыторыі СССР, у тым ліку і ў Беларусі, стала няўдалая спроба ваеннага путчу ў Маскве ў жніўні 1991 г. Партыйны апарат імкнуўся вярнуць камуністычны лад, які панаваў да гарбачоўскай перабудовы. Атрымаў ён падтрымку часткі беларускай наменклатуры, у тым ліку камандзіраў Беларускай ваеннай акругі, генералаў Анатоля Кастэнкі і Паўла Казлоўскага. На баку путчыстаў аказаліся таксама старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей, новы І сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, міністр юстыцыі Леанід Лашук і намеснік міністра ўнутраных спраў Віктар Кавалёў. Палітыку чакання прымянілі шэф беларускага КДБ Эдуард Шыркоўскі і прэм’ерміністр Вячаслаў Кебіч. 20 жніўня, калі вырашаліся лёсы старога ладу, а таксама Гарбачова, Ельцына і Савецкага Саюза, Кебіч загадаў падначаленым сабе чыноўнікам стрымацца ад выконвання загадаў Масквы.

На дэманстрацыі некалькіх тысяч людзей, якія ў днях 19-21 жніўня арганізавалі БНФ, сацыялдэмакраты і лібералы ў абарону незалежнасці і дэмакратыі, войска, міліцыя і КДБ не адрэагавалі. Паведамленні з Масквы аб перамозе прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына над путчыстамі і прыпыненне дзейнасці КПСС выклікалі паніку сярод беларускай наменклатуры. Камуністы, апасаючыся рэпрэсій з боку лагера Ельцына, адобрывалі ўсе незалежніцкія прапановы, якія прад’яўляў БНФ.

Скліканая 24 жніўня па жаданню дэпутатаў ад БНФ нечарговая сесія Вярхоўнага Савета, па прапанове камуністычных парламентарыяў Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Ганчара, адклікала з пасады старшыні ВС Мікалая Дземянцея. На другі дзень парламентарыі прынялі пастанову аб выхадзе Беларусі са складу СССР і абвясцілі незалежнасць дзяржавы. Галасаваць за незалежнасць заклікаў з парламенцкай трыбуны І сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў. Вярхоўны Савет забараніў дзейнасць палітычных партый на прадпрыемствах, у войску і адміністрацыі ды загадаў беларускаму МУС парваць усялякія сувязі з усесаюзным ведамствам.

28 жніўня 1991 г. прэм’ерміністр Вячаслаў Кебіч асудзіў падтрымку аказаную беларускімі камуністамі правадырам маскоўскага путчу і разам з членамі свайго кабінета абвясціў выступленне з партыі. Дзень пазней Вярхоўны Савет прыпыніў дзейнасць КПСС на тэрыторыі Беларусі. За гэтую пастанову прагаласавалі таксама камуністычныя дэпутаты. Кароткі час БНФ быў самай вялікай арганізаванай і легальнай палітычнай сілай у Беларусі.

Падчас другой нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета, якая адбылася 17—19 верасня, старшынёй і заадно кіраўніком дзяржавы выбраны быў падтрымоўваны БНФам Станіслаў Шушкевіч. Парламент памяняў назву дзяржавы на Рэспубліку Беларусь, вярнуў старажытную нацыянальную сімволіку — герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Апазіцыйныя групоўкі аказаліся надта кволымі, каб паспрабаваць пераняць выканаўчую ўладу. Пазбаўленыя магчымасці дзеяння камуністы рабілі ўступкі на кожным кроку. Аднак дэмакратычным партыям неўзабаве прыйшлося заплаціць высокую цану за брак волі кіравання дзяржавай.

На працягу некалькіх месяцаў пасля жнівеньскіх падзей у Маскве палітычная сітуацыя ў Беларусі стабілізавалася. Колішняя наменклатура, якая пераўтварылася ў калектыў беспартыйных спецыялістаў, пачала ствараць “рэгуляваную рыначную эканоміку”. Так як і ў Расіі, хутка павялічвалася маёмасць асоб звязаных з уладнымі элітамі. Сістэма канцэсій, дазволаў, мытных льгот, фіктыўных кантрактаў стварала заблытаны вузел нефармальных сувязей на стыку гаспадаркі і палітыкі. “Рэгуляваная рыначная эканоміка” давала магчымасць удзельніцтва ў станаўленні гаспадарчых працэсаў адносна невялікай колькасці грамадзян, галоўным чынам звязаных з лагерам улады. Залежнасць гаспадарчых суб’ектаў у Беларусі ад расійскіх сыравінных і паліўных рэсурсаў ды расійскіх рынкаў збыту прымушала ўрад Кебіча вярнуць нядаўна парваныя сувязі з Масквой.

Былыя члены КПСС сталі цяпер шчырымі прыхільнікамі дэмакратыі і палітычнага плюралізму. Дэмакратыі ў Беларусі — на іх думку — пагражала сур’ёзная небяспека з прычыны прыпынення дзейнасці камуністычнай партыі і патрабаванняў нацыяналізацыі партыйнай і камсамольскай маёмасці. Заўзятым абаронцам маёмасных правоў арганізацыі камуністычнай моладзі аказаўся дэпутат Аляксандр Лукашэнка. У выніку яго намаганняў Ленінскі Камуністычны саюз моладзі Беларусі, перайменаваны ў Саюз моладзі Беларусі (СМБ), збярог свае структуры, памяшканні, бюджэтныя датацыі і вялікую маёмасць. Некалькі гадоў пазней СМБ стане моцным звяном выбарчага штаба Лукашэнкі падчас ягонай прэзідэнцкай кампаніі.

Кантроль урада Кебіча за гаспадаркай і сродкамі масавай інфармацыі ставіў апазіцыю, асабліва БНФ, у выключна нявыгадным становішчы. Рэжымная прапаганда сістэматычна ўнушала грамадству, што пастаяннае пагоршванне матэрыяльнай сітуацыі гэта вынік дэмакратыі, парвання саюзных сувязей і нязгоды апазіцыі папраўляць гаспадарку. Восенню 1991 г. не было ўжо ніякіх шанцаў, каб урад Кебіча змяніць шляхам парламенцкіх дзеянняў. Вярхоўны Савет, з перавагай прадстаўнікоў намеклатуры, лічыў гэты ўрад фактарам, які стабілізуе эканамічнае і палітычнае становішча ў Беларусі.

8 снежня Станіслаў Шушкевіч разам з прэзідэнтамі Расіі Барысам Ельцыным і Украіны Леанідам Краўчуком падпісалі пагадненне аб фармальнай ліквідацыі СССР і стварэнні Супольнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Новая дамова давала Расіі права трымаць сваю армію на тэрыторыі Беларусі і абавязвала Беларусь каардынаваць замежную палітыку з Масквой. Гэта стала прычынай сур’ёзнага расколу ў самой апазіцыі. БНФ лічыў, што інтарэс Беларусі патрабуе пазбягаць якіх—небудзь палітычных і ваенных сувязей з Расіяй, а падпісанае Шушкевічам пагадненне абмяжоўвала суверэнітэт рэспублікі. БСДГ і АДПБ падтрымалі Шушкевіча і адначасна стварылі блок партый і арганізацый “Новая Беларусь”.

Сацыялдэмакраты і лібералы лічылі, што без удзелу БНФ будзе ім лягчэй паразумецца з наменклатурай і распрацаваць праграму рэформы, якая дазволіла б стрымаць лавінна нарастаючы гаспадарчы крызіс. Партыі, якія ўваходзілі ў склад “Новай Беларусі”, чакалі прапановы правядзення беларускага “круглага стала” і перадачы наменклатурай часткі ўлады і ўплываў апазіцыі. Аднак такое не адбылося і БСДГ ды АДПБ вярнуліся да супрацоўніцтва з БНФ і далучыліся да акцыі збору подпісаў пад патрабаваннем роспуску Вярхоўнага Савета і абвяшчэння новых парламенцкіх выбараў. Апазіцыйныя партыі меркавалі, што ў склаўшайся гаспадарчай сітуацыі лёгка будзе ім атрымаць перамогу на выбарах і затым адклікаць карумпіраваны ўрад Кебіча.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам для адклікання Вярхоўнага Савета трэба было сабраць 350 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. У красавіку 1992 г. апазіцыя даставіла ў Цэнтральную выбарчую камісію 450 тыс. подпісаў грамадзян, якія патрабавалі абвяшчэння новых парламенцкіх выбараў. Справа трапіла на разгляд у Вярхоўны Савет. Парламент незалежнай Беларусі, ігнаруючы ўстаноўленыя сабою законы, пераважнай большасцю галасоў адкінуў магчымасць скарачэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў. Супраць гэтай акцыі выступіў таксама старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч, які шукаў паразумення з прэм’ерміністрам Кебічам і падтрымоўваючымі яго камуністамі. Верыў ён, што парламент пад ягоным кіраўніцтвам — надзейны вартавы незалежнасці, здольны правесці структурныя рэформы.

29 кастрычніка 1992 г. Шушкевіч быў выбраны старшынёю Канстытуцыйнай камісіі, якая мела падрыхтаваць законапраект аб дзяржаўным ладзе Беларусі. Канфлікт паміж апазіцыяй і падтрымоўваючай Кебіча большасцю разыграўся вакол пытання прэзідэнцтва. Лагер улады, спадзеючыся перамогі Кебіча на прэзідэнцкіх выбарах, імкнуўся надзяліць кіраўніка дзяржавы як найбольшыі паўнамоцтвамі. Апазіцыя, баючыся вяртання камуністычнай дыктатуры, у якой пост І сакратара партыі заменены быў бы прэзідэнтурай, намагалася мінімалізаваць значэнне кіраўніка дзяржавы. На думку дэпутатаў ад БНФ, палітычная традыцыя Беларусі патрабавала парламенцкага кіравання. Апазіцыя прапанавала, каб прэзідэнт выбіраўся Вярхоўным Саветам. Праўрадавая большасць, аднак, прыняла такі варыянт канстытуцыі, у якой будучы прэідэнт надзяляўся правам поўнага кантролю за выканаўчай уладай, назначання членаў урада, старшынь Вярхоўнага суда, Канстытуцыйнага трыбунала і Нацыянальнага банка (арт. 100). Усе названыя пасады патрабавалі згоды парламента.

У чэрвені 1992 г. Вярхоўны суд зарэгістраваў Партыю камуністаў Беларусі і Аб’яднаную аграрнадэмакратычную партыю Беларусі. Гэтая апошняя прадстаўляла інтарэсы дырэктараў калгасаў і саўгасаў і выступала супраць якіх—небудзь форм раздзяржаўлення зямлі. У красавіку 1992 г. узнікла Партыя народнай згоды, якой членамі стала частка наменклатуры ніжэйшых інстанцый, зайцікаўленая і правядзеннем прыватызацыі, і ўзмацненнем беларускіх дзяржаўных структур. Вясною 1993 г. дырэктары вялікіх прадпрыемстваў заснавалі Беларускі навуковавытворчы кангрэс — партыю, якая, так як і прэм’ерміністр Кебіч, выказвалася за вяртанне шчыльных палітычных і гаспадарчых сувязей з Расіяй.

У 1992 г. былая партыйная і дзяржаўная намеклатура прадстаўляла даволі кансалідаваны лагер згуртаваны вакол прэм’ерміністра Кебіча. Кантралявала яна фінансы, гаспадарку, сродкі масавай інфармацыі, усе дзяржаўныя ўстановы, мела абсалютную большасць у Вярхоўным Савеце. У такой сітуацыі Кебіч мог дазволіць сабе поўнасцю ігнараваць апазіцыю. На кіруючыя пасты ў арміі вярнуліся генералы, якія раней абвінавачваліся ва ўдзеле ў загаворы супраць Гарбачова. Анатоль Кастэнка стаў камандзірам Беларускай ваеннай акругі, а Павел Казлоўскі — міністрам абароны. Казлоўскі замяніў на гэтай пасадзе генерала Пятра Чавуса, прыхільніка стварэння беларускай нацыянальнай арміі.

20 ліпеня 1992 г. Кебіч падпісаў з прэм’ерміністрам Расіі Ягорам Гайдарам шэраг ваенных дамоў, якія вярталі шчыльную мілітарную сувязь абедзвюх дзяржаў. Па гэтай прычыне дайшло да рознагалосся паміж Кебічам і старшынёю Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам. На думку Шушкевіча, падпісаныя прэм’ерміністрам пагадненні моцна абмяжоўвалі суверэнітэт Беларусі.

На пачатку 1993 г. беларуская армія налічвала 130 тыс. салдат. Большасць каманднага саставу складалі расіяне. У той час 13 тыс. беларускіх афіцэраў, якія праходзілі службу на тэрыторыі Расіі і іншых былых савецкіх рэспублік, заявілі аб сваім жаданні служыць у беларускім нацыянальным войску. Прынятая ў снежні 1992 г. праграма рэарганізацыі ўзброеных сіл прадугледжвала скарачэнне колькасці салдат да 60 тыс. Абарончую сістэму Беларусі мела папаўняць 100-тысячная расійская армія, дыслацыраваная на тэрыторыі рэспублікі. Летам 1992 г. генерал Чавус спрабаваў падпарадкаваць расійскія гарнізоны беларускаму Міністэрству абароны, аднак гэтая акцыя закончылася яго адстаўкай.

У арміі, якой камандавалі Кастэнка і Казлоўскі, скора пачалася чыстка. У выніку войска развіталася з тымі афіцэрамі, якія выказваліся за незалежнасць і дэсаветызацыю. Членаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў масава пераводзілі на ніжэйшыя пасты, пазбаўлялі кантакатў з салдатамі або звычайна звальнялі са службы. У маі 1993 г. звальненне атрымаў старшыня БЗВ палкоўнік Мікола Статкевіч, якога абвінавацілі ў “дыскрэдытацыі афіцэрскага гонару”. Прычынай абвінавачання стала ўзлажэнне ім, супольна з лідэрамі апазіцыйных партый, вянкоў да помніка ахвярам мінскага гета ў той час, калі адбываліся афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды дня перамогі над фашызмам. Расійскія генералы не пераносілі беларускай мовы і нацыянальных сімвалаў у арміі. У снежні 1993 г. БЗВ было забаронена. Легальным застаўся Саюз афіцэраў Беларусі (САБ), заснаваны па ініцыятыве генерала Казлоўскага ў красавіку 1992 г. у процівагу БЗВ. САБ не пазбягаў палітыкі. Быў калектыўным членам новага посткамуністычнага палітычнага блока — Народнага руху Беларусі, патрабаваў змяніць у канстытуцыі запіс аб мовах і прысвоіць рускай мове статус дзяржаўнай.

26 сакавіка Вярхоўны Савет пачаў дэбаты па вызначэнні палітычнага статусу дзяржавы. Камуністычныя дэпутаты, аб’яднаныя ў дзвюх фракцыях “Саюз” і “Беларусь”, распараджаліся амаль 90% мандатаў і сталі моцным палітычным апірышчам для прэм’ерміністра Кебіча. Хаця старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч не згаджаўся з незалежніцкімі канцэпцыямі БНФ і выказваўся за канфедэрацыю былых савецкіх рэспублік, аднак супраціўляўся заключэнню ваеннапалітычнага дагавору з Расіяй, паколькі ішло гэта ўразрэз з ранейшымі пастановамі парламента аб нейтралітэце дзяржавы. Шушкевіч, намагаючыся замарудзіць ратыфікацыю падпісаных прэм’ерміністрам трактатаў з Расіяй, запрапанаваў усенародны рэферэндум па гэтай справе. Фракцыі “Саюз” і “Беларусь” адхілілі прапанову старшыні і абавязалі яго, як кіраўніка дзяржавы, распісацца пад ратыфікаванымі дакументамі.

Працэс інтэграцыі Беларусі і Расіі праходзіў незвычайна марудна, а тармозіў яго расійскі бок. Кіруючыя расійскімі фінансамі і гаспадаркай віцэпрэм’еры Сяргей Шахрай і Ягор Гайдар трактат з Беларуссю лічылі лішнім абцяжараннем Расіі. Расіяне, хаця не спяшаліся даваць датацыі для архаічнай беларускай гаспадаркі, аднак зацікаўленыя былі захаваннем палітычнага і мілітарнага кантролю за гэтай тэрыторыяй, пакідаючы за Кебічам поўную свабоду вырашання ўнутраных пытанняў. Па вядомых прычынах Расія не была зацікаўлена ростам значэння згуртаванай вакол Беларускага народнага фронту нацыянальнай і празаходняй апазіцыі. Інтэграцыйнаму працэсу не спрыялі таксама кастрычніцкія падзеі ў Маскве і драма вакол тамашняга парламента. Шушкевіч падтрымаў прэзідэнта Ельцына, а беларуская парламенцкая большасць — ягоных праціўнікаў Руцкога і Хазбулатава.

Восеньская сесія Вярхоўнага Савета, якая пачалася 9 лістапада 1993 г., завяршала перыяд застою і таптання на адным месцы беларускай палітыкі. Дэпутаты фракцыі “Саюз” і “Беларусь” паўторна запрапанавалі заключэнне пагадненняў з Расіяй, якія наблізілі б абедзве краіны ў палітычным і гаспадарчым плане. Апазіцыя заклікала парламент да самароспуску і правядзення дэмакратычных выбараў. Сімвалам працы Вярхоўнага Савета ў 1993 г. стала бясплённая дыскусія. У дзяржаве не вырашаліся наспелыя праблемы. Уся рэальная ўлада апынулася ў руках Кебіча, які аднак не прапанаваў ніякіх спосабаў вырашэння нагрувашчаных гаспадарчых пытанняў, апрача ўключэння беларускай фінансавай сістэмы ў расійскія структуры. За сабою пакідаў ён неабмежаваны кантроль на тэрыторыі фармальна незалежнай Беларусі. Усе сталі рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў.

9 верасня БСДГ, АДПБ і БСП падпісалі ідэйнапраграмнае пагадненне “Вясна94”. Новая кааліцыя ад пачатку карысталася падтрымкай Станіслава Шушкевіча, які сярод лібералаў і сацыялдэмакратаў шукаў палітычнай апоры на час прэзідэнцкіх выбараў. Да кааліцыі не далучыўся БНФ — фармальнай прычынай быў прыняты кааліцыяй прынцып вяршэнства інтарэсу адзінкі над інтарэсам народа. У сапраўднасці “Вясну94” і БНФ дзялілі розныя канцэпцыі змагання за ўладу, а таксама стратэгічныя мэты. На думку членаў “Вясны94”, прапагандаванне лозунгаў нацыянальнага адраджэння ва ўмовах невялікага зацікаўлення гэтымі пытаннямі з боку беларускага грамадства, не прадвяшчала поспеху на надыходзячых выбарах. Для БНФ адрачэнне ад асноўных мэт было б перакрэсліваннем сэнсу існавання гэтай арганізацыі і змірэннем з існуючым станам культуры і нацыянальнай свядомасці.

Пачатак 1994 г. у Беларусі быў незвычайна багаты ў палітычныя падзеі. Прэзідэнцкія выбары, прадугледжаныя на чэрвень, прымушалі паасобныя лагеры да ўзмоцненай актыўнасці, рэдкай на беларускай палітычнай сцэне. У пачатку студзеня БНФ і Свабодныя прафсаюзы Беларусі спрабавалі арганізаваць усеагульную забастоўку з патрабаваннем адстаўкі прэм’ерміністра Кебіча і хуткага правядзення гаспадарчых і структурных рэформ. Тым часам Кебіч аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх прыхільнікаў аднаўлення старога ладу ды інтэграцыі з Расіяй. Акружэнне прэм’ерміністра палічыла, што сур’ёзнай перашкодай на шляху да аб’яднання з Расіяй з’яўляецца старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. Фармальна ад яго подпісу залежала прыняццё або адхіленне ўсялякіх міждзяржаўных дакументаў. З асобай Шушкевіча звязаны былі міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў і шэф беларускага КДБ Эдуард Шыркоўскі. Прыхільнікі хуткай інтэграцыі з Расіяй працэдуру адхілення Шушкевіча ад пасады кіраўніка дзяржавы пачалі з адстаўкі абодвух сілавых міністраў. Зручнай прычынай для гэтага паслужыла г.зв. справа літоўскіх камуністаў — пражываючых у Мінску Нікаласа Буракявічуса і Юозаса Ермалавічуса, якіх шукалі літоўскія следчыя органы за здраду радзіме. Выдача літоўцам уцекачоў моцна абурыла камуністычных дэпутатаў, якія спешна прагаласавалі за адстаўку міністра ўнутраных спраў і шэфа КДБ. Дэпутат Аляксандр Лукашэнка патрабаваў яшчэ прагаласаваць за адстаўку Станіслава Шушкевіча, але яго прапанова не была прынята. Неўзабаве Аляксандр Лукашэнка, тады старшыня парламенцкай камісіі па барацьбе з карупцыяй, атрымаў магчымасць вынесці больш красамоўныя аргументы супраць старшыні Вярхоўнага Савета. Абвінаваціў ён Шушкевіча ў раскраданні дзяржаўнай маёмасці — шэф парламента не заплаціў рахункі вартасцю 100 долараў за матэрыялы пры будове дачы.

26 студзеня дэпутаты (209 галасоў за і 39 супраць) адклікалі Шушкевіча з займаемай пасады. Некалькі дзён пазней новым старшынёю ВС стаў генерал міліцыі Мячыслаў Грыб. 15 сакавіка Вярхоўны Савет ухваліў тэкст першай канстытуцыі незалежнай Беларусі.

Выступленне Аляксандра Лукашэнкі супраць Шушкевіча і некалькіх звязаных з ім дзяржаўных чыноўнікаў стала пачаткам маланкавай кар’еры гэтага палітыка. У якасці прызнання атрымаў ён магчымасць часта выступаць на кантраляваным урадам тэлебачанні. Лукашэнка скарыстаў гэты шанц і пры кожнай нагодзе гаварыў беларусам тое, што яны хацелі пачуць — аб карупцыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў, аб загаворы дэмакратаў, аб здрадніках, якія ў змове з замежнымі разведкамі разбурылі Савецкі Саюз. Нечакана ў посткамуністычным лагеры з’явіўся палітык, які ў рэйтынгах папулярнасці хутка абагнаў прэм’ерміністра Кебіча, хаця за ім стаяў увесь прапагандысцкі апарат дзяржавы. Лукашэнка раней доўгі час працаваў у сектары прапаганды камсамола, затым быў палітруком у пагранічных войсках. Пасля нейкі час узначальваў калгас, выконваючы адначасна абавязкі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. Падчас шматлікіх публічных выступленняў вясной 1994 г. удалося яму стварыць вакол сябе міф чалавека з народа, які смуткуе З—за дэмаралізацыі палітычнай эліты суверэннай Беларусі.

У ліку сур’ёзных кандыдатаў на прэзідэнцкае крэсла, апрача Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ерміністра Вячаслава Кебіча, апынуліся лідэр БНФ Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч, якога падтрымоўвалі сацыялдэмакраты, лібералы і свабодныя прафсаюзы. У першай палове 1994 г., у ходзе выбарчай кампаніі, беларуская гаспадарка апынулася ў катастрафічным становішчы. Усё гэта абцяжарвала самога Кебіча. Яго вобраз у вачах грамадства не змаглі паправіць сродкі масавай інфармацыі, якія безупынна паказвалі яго як пасланца лёсу, гаранта гаспадарчай інтэграцыі з Расіяй. Амаль тое ж, што і Кебіч, гаварыў Лукашэнка, але ён мог яшчэ ўказваць на віноўнікаў складанага матэрыяльнага становішча грамадства. Апрача дэмакратаў, на спіску абвінавачаных у давядзенні гаспадаркі да руіны былі таксама Кебіч і яго акружэнне. Станіслаў Шушкевіч, які выступаў з сацыялдэмакратычнай праграмай, лічыўся палітыкам хісткім і нерашучым. Мог ён перш за ўсё спадзявацца на падтрымку інтэлігенцыі і часткі чыноўнікаў. Шушкевіч адклікаўся да незалежніцкага электарату і такім чынам змяншаў Пазьняку шанцы перайсці ў другі тур галасавання. Свайго кандыдата вылучыла Партыя камуністаў Беларусі. Яе лідэр і заадно кандыдат у прэзідэнты Васіль Новікаў зыходзіў з такога пункту погляду, што Кебіч не надта выразна выказваўся за ліквідацыю прыватнай уласнасці і не меў адпаведнай праграмы грамадскай апекі.

Неаспрэчным пераможцам першага тура выбараў ад 19 чэрвеня стаў Аляксандр Лукашэнка, які набраў 45% галасоў. Фаварыта, прэм’ерміністра Вячаслава Кебіча, хаця перайшоў у другі тур, падтрымала толькі 17,4%. Кандыдаты дэмакратычнай апазіцыі Пазьняк і Шушкевіч агулам атрымалі 23% галасоў. На Пазьняка галасавала 13%, а на Шушкевіча — 10%. Васіль Новікаў атрымаў 5% галасоў. Трохі больш за 10 працэнтаў выбаршчыкаў прагаласавала за некалькіх іншых, менш значных кандыдатаў.

10 ліпеня амаль 80% выбаршчыкаў першым прэзідэнтам Беларусі выбрала Аляксандра Лукашэнку. Грамадзяне Беларусі выразна выказаліся за радыкальныя змены, якія ў ходзе выбарчай кампаніі абяцаў прэзідэнт — за сумленную дзяржаву, грамадскую справядліваць і супраць рыначнай гаспадаркі.

Куды вядзе Беларусь Аляксандр Лукашэнка?

Першыя месяцы прэзідэнтуры Лукашэнкі прайшлі пад знакам фарміравання апарату ўлады на аснове поўнасцю адданых новаму кіраўніку дзяржавы людзей. На кароткі час страцілі свае пасады некаторыя супрацоўнкі Кебіча. У кастрычніку, пад выглялам удасканальвання дзяржаўнага апарату, Лукашэнка атрымаў згоду Вярхоўнага Савета самастойна прызначаць кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі. Некалькі тыдняў пасля выбараў прэзідэнт падаўся ў першае замежнае падарожжа. У Маскве паўтарыў ён яшчэ раз тое, што гаварыў падчас выбарчыай кампаніі: яго палітычнай мэтай з’яўляецца палітычная, гаспадарчая і ваенная інтэграцыя з Расіяй. Адначасна першыя рашэнні ў гаспадарчай галіне паказалі, што прэідэнт, так як раней ягоны папярэднік прэм’ерміністр Кебіч, не меў ніякай ідэі выхаду з крызісу і здзяйснення перадвыбарчых абяцанняў.

1994 год быў перыядам далейшага скарачэння аб’ёмаў вытворчасці, раптоўнага росту цэн на тавары і паслугі, 50-працэнтнай інфляцыі штомесяц і зацягваючыхся прастояў на прадпрыемствах з прычыны недахопу сыравіны і паліва, а ў многіх выпадках таксама З—за браку збыту на выпушчаную прадукцыю. Беларускі ўрад, з прычыны ўдзелу прэм’ерміністра Кебіча ў прэзідэнцкай кампаніі, не прымаў непапулярных рашэнняў наконт структурных змен у прамысловасці. Не змяніўся профіль вытворчасці заводаўгігантаў, якія ў савецкі час працавалі на патрэбы імперыі. Замарожанне працоўнага саставу і ранейшых напрамкаў вытворчасці давяло гэтыя прадпрыемствы да грані банкруцтва. Кошты вытворчасці ва ўмовах імпарту сыравіны і паліва сталі прычынай таго, што вырабы гэтых заводаў страцілі канкурэнтаздольнасць нават на непераборлівым расійскім рынку. Апрача таго ў выніку адносна хуткай рэструктурызацыі расійскай прамысловасці айчынны рынак папоўніўся сваімі таварамі, якія раней завозіліся ў Расію з Беларусі. Па гэтай прычыне вытворчасць беларускай прамысловаці, асабліва машынабудаўнічай і хімічнай, заставалася ляжаць на складах. Напрыклад, Мінскі трактарны завод, які яшчэ ў 1993 г. дастаўляў на рынак 82 тыс. трактароў, у 1994 г. З—за недахопу вузлоў, энергіі і перш за ўсё збыту выпусціў толькі 43 тыс. машын. Па палітычных прычынах не абвяшчалася банкруцтва прадпрыемстваў, ані не праводзілася іх прыватызацыя, не скарачаліся аб’ёмы занятасці, а работнікі высылаліся на некалькі тыдняў або месяцаў у бясплатныя водпускі. Такім чынам колькасць беспрацоўных не павялічвалася.

Раптоўны рост цэн на энерганосьбіты выклікаў далейшае паступовае скарачэнне іх спажывання. У 1994 г. у выніку ўвядзення Расіяй свабодных цэн кошт аднаго кубаметра прыроднага газу вырас у 11, а нафты — у 16 разоў. Доля паліва ў агульных коштах вытворчасці з 13,5% у канцы 1993 г. у снежні 1994 г. павялічылася да 24,9%, а матэрыяльнага фактара з 69,7% да 80,2%. Паслядоўнасцю гэтага стала радыкальнае зніжэнне зарплат работнікаў занятых у вытворчай сферы. У снежні 1994 г. зарплаты складалі ўсяго 7% коштаў вытворчасці (у 1990 г. — 29%). У параўнанні з 1993 г. рэальныя заработныя платы панізіліся на 25 %.

На пачатку 1994 г. больш 90% вытворчасці выпускалі дзяржаўныя прадпрыемствы. Хаця ў 1993 г. пасля працяглых спрэчак Вярхоўны Савет прыняў закон, які дазваляў частковую прыватызацыю, аднак ні ўрад Кебіча, ні прызначаны Лукашэнкам кабінет Міхаіла Чыгіра не былі зацікаўлены скарачэннем “сацыялістычных форм уласнасці”. Кебіч, будучы прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост, баяўся грамадскіх паслядоўнасцей прыватызацыі. Лукашэнка супраціўляўся ёй па ідэалагічных прычынах, паколькі ў прыватнай уласнасці бачыў ён крыніцу дэмаралізацыі ўлады і грамадства. Прэзідэнт, бачачы неадабрэнне беларусамі рыначнай гаспадаркі, пачаў атакаваць яе прыхільнікаў. Уведзены быў строгі міліцыйначыноўніцкі кантроль за прыватнай гаспадарчай дзейнасцю. Амаль 300 тыс. малых гаспадарчых суб’ектаў было падпарадкаваных прэзідэнцкай гаспадарчай стратэгіі, якой эканамічная філасофія заключалася ў словах “рыначны сацыялізм”. Спосабам вырашэння ўсялякіх эканамічных пытанняў мела стаць дысцыпліна на ўсіх узроўнях вытворчасці. У выніку адміністрацыйныя метады замянілі рыначныя механізмы рэгулявання гаспадарчага жыцця.

Восенню 1995 г. апублікавана была прэзідэнцкая “Праграма грамадскагаспадарчага развіцця Беларусі да 2000 года”, якая прадугледжвала, між іншым, паляпшэнне фінансавага становішча дзяржавы, павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян, высокія дапамогі для беспрацоўных, поўнае забеспячэнне кватэрамі, датацыі для прамысловасці і сельскай гаспадаркі. “Праграма” была спісам нерэальных пажаданняў і служыла пашырэнню ўлады чыноўнікаў у сферы гаспадаркі, прычым стваралася ім магчымасць карыстацца маёмнымі выгадамі ад гэтага нагляду. У асноўным план Лукашэнкі прадугледжваў вяртанне мадыфікаванага сацыялістычнага ладу, з цэнтралізаваным кіраваннем гаспадаркай і элементамі капіталізму на яго абочынах.

У 1995 г. паглыбіліся адмоўныя тэндэнцыі ў беларускай гаспадарцы. Валавы нацыянальны прадукт знізіўся на 10%, а 18% прадпрыемстваў сталі нерэнтабельнымі. За дванаццаць месяцаў 1995 г. намінальная заработная плата павялічылася ў 6,3 раза, а цэны на тавары і паслугі — у 8,1 раза. На практыцы абазаначала гэта чарговае зніжэнне рэальнай зарплаты на 20,5%. Паслядоўнасцю адмоўных працэсаў у эканоміцы стаў хуткі рост ценявой гаспадаркі. Значная частка грамадзян Беларусі атрымоўвала даход ад кантрабанды тавараў, якія завозіліся ў суседнія краіны або вывозіліся з іх, асабліва з Польшчы і Расіі. Ва ўмовах маланкавай інфляцыі ашчаджанне страціла сэнс і таму людзі пачалі скупляць валюту, якая стала для іх своеасаблівым капіталаўкладаннем. У самым цяжкім становішчы апынуліся пенсіянеры, якія не маглі мець дадатковых крыніц даходу. Менавіта таму яны наймацней тужылі па Савецкім Саюзе і страчаным дабрабыце.

Сур’ёзнай крыніцай папаўнення хатняга бюджэту сталі для гараджан зямельныя ўчасткі, якія можна было купіць па даступнай цане ў суседнім калгасе. Калгаснікі на сваіх прысядзібных участках гадавалі свіней і хатніх птушак на свае патрэбы. Для хатніх бюджэтаў быў гэта незвычайна танны спосаб забеспячэння харчамі, тым больш што зямля апрацоўвалася амаль выключна пры дапамозе калгаснай сельгастэхнікі, а нефармальныя аплаты за паслугі былі намнога ніжэйшыя за сапраўдныя кошты. У Беларусі амаль 30% харчоў паходзіць з малых, пераважна аднагектарных гаспадарак.

Пераможаная на прэзідэнцкіх выбарах апазіцыя БНФ не адмовілася ад барацьбы за дзяржаўны лад. Нагодай для рэваншу сталі парламенцкія выбары, якія мелі адбыцца вясной 1995 г. У лістападзе 1994 г. арганізаваўся выбарчы блок незалежніцкіх і дэмакратычных партый, у які апрача БНФ увайшлі БСДГ, АДПБ, НДПБ і БСП. Паколькі палажэнне аб выбарах прадугледжвала падзел рэспублікі на аднамандатныя акругі, вырашана, што апазіцыя вылучыць па адным супольным кандыдаце ў кожнай акрузе.

Канец 1994 г. аказаўся вельмі багатым у падзеі. Дэпутат ад БНФ Сяргей Антончык, па ўзору колішняга дэпутата Лукашэнкі, абвінаваціў найбліжэйшых супрацоўнікаў прэзідэнта ў карупцыі, супрацоўніцтве з мафіяй і нелегальных гандлёвых здзелках. У адказ прэзідэнт выдаў распараджэнне аб забароне публікацыі выступлення Антончыка ў друку. Рэдактары газет, якія не падпарадкаваліся волі прэзідэнта, неўзабаве страцілі работу. Быў гэта адначасна канец ілюзій, што прэзідэнт з павагай будзе ставіцца да прынцыпаў дэмакратыі і законнасці.

Пасля некалькіх гадоў адноснай свабоды слова, у 1995 г. сродкі масавай інфармацыі паўторна сталі рупарам дзяржаўнай дактрыны. Красамоўным фактам было адкліканне прэзідэнтам Іосіфа Сярэдзіча з пасады галоўнага рэдактара “Народнай газеты”, якая фармальна была органам Вярхоўнага Савета. На практыцы аказалася, што парламенту не пад сілу запэўніць незалежнасць нават сваёй газеце. Пашырэнне ўлады прэзідэнта папярэдзіла грунтоўная змена кадраў у цэнтральных установах і зліццё кампетэнцый прэзідэнцкай і дзяржаўнай адміністрацый. Лукашэнка вельмі хутка пазбавіўся супрацоўнікаў, якія хаця і паспяхова павялі ягоную выбарчую кампанію, аднак прабавалі захаваць свае погляды на асноўныя пытанні дзяржаўнай палітыкі. Галоўным крытэрыем кадравай палітыкі стала павышэнне па службе людзей паслухмяных прэзідэнту. Непасрэднае ўмяшанне Лукашэнкі ў кадравыя справы не абмежавалася толькі да цэнтра, але датычыла таксама абласцей і раёнаў. У пачатку 1995 г. сфарміравалася г.зв. “вертыкальная ўлада” (“вертыкаль”) — сістэма дзяржаўнага кіравання па вайсковаму ўзору.

Кантралюючы сродкі масавай інфармацыі, войска, спецслужбы і адміністрацыю Лукашэнка мог ігнараваць заканадаўчыя органы і правасуддзе. У грамадскім уяўленні прэзідэнцкая ўлада стала сінонімам дзяржаўнай улады, а парламент — месцам пастаянных, незразумелых і бясконцых спрэчак. Дэмакратыя стала сінонімам дэструкцыі ў палітычнай і гаспадарчай сферах ды прычынай парушэння сацыяльнай бяспекі. У сапраўднасці савецкае беларускае грамадства гатовае было поўнасцю адобрыць сістэму, якую ствараў Лукашэнка. Была гэта добра вядомая грамадзянам Беларусі сістэма, прызнаваная імі па сацыяльных прычынах. Змаганне прэзідэнта з “дэмакратамі” не выклікала ніякага грамадскага абурэння. Нават збіванне на тэрыторыі парламента, па загаду Лукашэнкі, апазіцыйных дэпутатаў ад БНФ спецыяльнымі атрадамі міліцыі, не выклікала рэакцыі ўнутры краіны. Аб тым, што дзеялася ў сядзібе Вярхоўнага Савета 19 красавіка 1995 г., насельніцтва Беларусі магло даведвацца толькі з замежных сродкаў масавай інфармацыі або са шматгадзінных выступленняў прэзідэнта па тэлебачанні. Паслядоўная манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі, мінімалізацыя значэння палітычных партый і парламента замацоўвалі перакананне грамадзян у тым, што вось выбралі яны кагосьці, хто “зробіць парадак з дэмакратыяй” і верне — так як абяцаў — савецкі дабрабыт.

Разам з выбарамі ў Вярхоўны Савет, назначаных на 14 мая 1995 г., Лукашэнка запрапанаваў правядзенне рэферэндуму, які меў быць паказчыкам папулярнасці ягонай палітыкі. Грамадзяне павінны былі адказаць на чатыры пытанні: ці падтрымоўваюць палітыку прэзідэнта, напраўленую на шчыльнае супрацоўніцтва з Расіяй; ці хацелі б, каб руская мова, побач беларускай, стала дзяржаўнай мовай; ці акцэптуюць адмену беларускіх нацыянальных сімвалаў; ці даюць прэзідэнту згоду на роспуск Вярхоўнага Савета, калі б парламент парушыў канстытуцыю.

Напярэдадні выбараў прэзідэнт і людзі з яго акужэння адкрыта заклікалі байкатаваць выбары і прымаць удзел толькі ў рэферэндуме. Дзеля гэтага падрыхтаваны быў спецыяльны дакументальны фільм Нянавісць, які быццам бы па просьбе гледачоў да 14 мая дэманстраваўся па тэлебачанню двойчы. Фільм быў выдатным творам таталітарнай прапаганды, якая не нясе адказнасці ні за факты, ні за перадаваемы змест. Рэжысёр фільма Юрый Азаронак даказваў, што ў магілах у Курапатах ляжаць ахвяры беларускіх нацыяналістаў, якія падчас гітлераўскай акупацыі забівалі там савецкіх грамадзян і яўрэяў з усёй Еўропы. Нацыяналісты карысталіся такой жа сімволікай як незалежная беларуская дзяржава. У фільме Азаронка калабарацыяністы перыяду акупацыі прамаўлялі галасамі дэпутатаў — лідэраў БНФ. Апазіцыя не атрымала ніякіх магчымасцей абвяргнуць хлусню, якой на працягу некалькіх дзён кармілася грамадства.

14 мая выбраных было толькі 18 дэпутатаў, хаця ў галасаванні ўдзельнічала 64,7% выбаршчыкаў. А сталася гэта так па прычыне палажэння аб выбарах, якое дэпутацкі мандат прысвойвала толькі тым кандыдатам, якія ў аднамандатных акругах набралі звыш 50% галасоў пры больш чым 50-працэнтнай прысутнасці выбаршчыкаў. Паколькі за кожны мандат змагалася некалькі, а нават больш дзесяці кандыдатаў, вылучэнне пераможцы аказалася вельмі складаным. У 42 акругах горада Мінска не выбраны быў ніводзін дэпутат. У сельскіх акругах адпаведную колькасць выбаршчыкаў зябяспечвалі старшыні калгасаў і кіраўнікі мясцовай адміністрацыі, якія пакарысталіся багатым арсеналам савецкіх метадаў мабілізацыі грамадства.

Затое рэферэндум завяршыўся вялікай перамогай Лукашэнкі. Больш 75% грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, станоўча адказалі на ўсе пытанні пастаўленыя прэзідэнтам. Такім чынам атрымаў ён грамадскую згоду на ўзмацненне сваёй улады, умацаванне сувязей з Расіяй і завяршэнне русіфікацыі краіны.

28 мая адбыўся другі тур выбараў. На выбарчыя ўчасткі прыйшло 56% выбаршчыкаў. Прадстаўнікі прэзідэнта зноў падказвалі, што найлепш было б, калі б парламент увогуле не быў выбраны. Апазіцыя не мела магчымасці прадставіць свой пункт гледжання на справу ці ў якінебудзь іншы спосаб запрэзентавацца грамадству. Пасля двух тураў галасавання выбраных было 119 дэпутатаў, галоўным чынам у сельскіх акругах. У адпаведнасці з канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь парламент, які налічваў 260 дэпутатаў, мог пачаць працу пры ўкамплектаванні 2/3 дэпутацкіх месцаў.

12 чэрвеня прэзідэнт Лукашэнка падпісаў указ аб новай дзяржаўнай сімволіцы, хаця ў адпаведнасці з законам вынікі рэферэндуму павінны раней быць зацверджаны парламентам. Існуючы Вярхоўны Савет Лукашэнка прызнаў нелегітымным, у якога няма права прымаць новыя законы. На яго думку, паўнамоцтвы парламента папярэдняга склікання скончыліся з момантам абвяшчэння новых выбараў. Аднак паводле канстытуцыі (арт. 91), паўнамоцтвы парламента папярэдняга склікання канчаюцца з момантам склікання першай сесіі новаабранага Вярхоўнага Савета. На практыцы прэзідэнт ігнараваў пастановы ВС, прызнаючы вяршэнства сваіх указаў. Прэзідэнцкіх указаў у сваю чаргу не прызнаваў Канстытуцыйны трыбунал, які стары ВС далей лічыў паўнамоцным. Чарговыя ўказы прэзідэнта аспрэчваліся Трыбуналам як неадпаведныя канстытуцыі. Паколькі Трыбунал станавіўся галоўным абаронцам дэмакратыі, прэзідэнт прыгразіў чарговым рэферэндумам, на якім грамадзяне мелі вырашыць аб яго кампетэнцыях.

Паражэнне апазіцыі ў абодвух турах галасавання давяло да глыбокай ператасоўкі на беларускай палітычнай сцэне. Невялікія партыі, якія да гэтай пары супрацоўнічалі з БНФ, пасля адыходу ад групоўкі Пазьняка змянялі лідэраў і стваралі новыя кааліцыі. Некалькі партый і груповак сацыялдэмакратычнага напрамку стварылі Сацыялдэмакратычны саюз, а тры ліберальныя групоўкі заснавалі Аб’яднаную грамадзянскую партыю, якую ўзначаліў Станіслаў Багданкевіч, звольнены з пасады старшыні праўлення Нацыянальнага банка. На чарговы тур дапаўняльных выбараў, назначаных на 29 лістапада, апазіцыйныя групоўкі пайшлі аслабленыя партыйнымі міжусобіцамі і ўнутранымі спрэчкамі. Апрача калгаснага лобі, якое прадстаўляла Аб’яднаная аграрнадэмакратычная партыя Беларусі (30 мандатаў пасля майскіх выбараў), другой сілай у парламенце была Камуністычная партыя Беларусі (27 мандатаў). Хаця КПБ прапагандавала тыя ж лозунгі, што і прэзідэнт, аднак ніколі не дайшло да фармальнага паразумення паміж гэтымі абедзвюма сіламі. Прычынай гэтаму было нежаданне Лукашэнкі дзяліцца з кімнебудзь уладай. Апрача таго лідэры добра арганізаванай і ўплывовай камуністычнай партыі маглі перагнаць яго ў прапагандаванні лозунгаў аб вяртанні ў савецкую рэчаіснасць. Праграмы шматлікіх арганізацый, якія ўдзельнічалі ў выбарах, напрыклад, Славянскага сабора “Белая Русь”, Саюза афіцэраў Беларусі, Патрыятычнага руху Беларусі ці беларускай фракцыі Ліберальнадэмакратычнай партыі Уладзіміра Жырыноўскага, у прынцыпе абмяжоўваліся да падтрымкі палітыкі прэзідэнта.

29 лістапада да змагання за 141 дэпутацкае месца прыступіла 826 кандыдатаў. Лукашэнку залежала на самым нізкім удзеле выбаршчкаў у галасаванні, паколькі ў выпадку невылучэння парламента стварыліся б законныя падставы для ўвядзення г.зв. “прамога прэзідэнцкага кіравання”. Па гэтай прычыне ў беларускіх сродках масавай інфармацыі, так як і ў маі, паведамленні аб маючых адбыцца выбарах паяўляліся спарадчына. Прэзідэнт публічна заявіў, што нават калі і пойдзе на выбарчы ўчастак, абавязкова скрэсліць усіх кандыдатаў. У дзень выбараў звычайна нуднае беларускае тэлебачанне амаль безупынна дэманстравала выдатныя творы сусветнай кінематаграфіі.

Нягледзячы на інфармацыйную блакаду і пастаяннае кампраметаванне інстытута парламентарызму грамадзяне Беларусі ўсётакі пайшлі на выбарчыя ўчасткі і ў двух турах дапаўняльных выбараў — 29 лістапада і 10 снежня — выбралі 79 дэпутатаў, у большасці беспартыйных, падтрымоўваных адміністрацыяй, камуністаў і кандыдатаў партыі аграрыяў. У гарадах большасць выбашчыкаў прагаласавала за апазіцыю, але З—за нізкай прысутнасці не атрымалі яны дэпутацкіх мандатаў. У новым парламенце дэпутаты, які называлі сябе незалежнымі, распараджаліся 96 мандатамі. На першай сесіі 60 незалежных дэпутатаў стварылі фракцыю “Згода” для падтрымкі прэзідэнта.

Састаў парламента ствараў шанц наладзіць гарманічныя адносіны з прэзідэнтам на прынцыпе паслухмянай акцэптацыі ягонай палітыкі і спосабу кіравання. Прыхільнікі незалежніцкай плыні складалі нязначны адсотак дэпутатаў. Вярхоўны Савет без супраціву адобрываў чарговыя, падпісваныя Лукашэнкам, дакументы аб інтэграцыі з Расіяй. Выбраны старшынёю ВС прадстаўнік калгаснага лобі Сямён Шарэцкі, як і пераважная большасць парламента згаджаліся з асноўным кірункам палітыкі прэзідэнта, напраўленым на аднаўленне сувязей з рэспублікамі былога Савецкага Саюза. Не было таксама істотных разыходжанняў паміж парламенцкай большасцю і прэзідэнтам у справах унутранай палітыкі. Аднак канфлікт паміж імі нарастаў з месяца ў месяц.

Галоўнай крыніцай супярэчнасцей паміж парламентам і прэзідэнтам стала лукашэнкаўская філасофія ўлады. Усе дзяржаўныя органы прызнаў ён дапаможнымі ўстановамі сваёй адміністрацыі. Даказваў таксама, што выбрала яго 5 млн. грамадзян, калі за паасобных дэпутатаў прагаласавала па некалькі тысяч выбаршчыкаў. На яго думку, гэта яму па волі народа належаць большыя заканадаўчыя паўнамоцтвы, а не парламенту. У адпаведнасці з канстытуцыяй 1994 г. раўнапраўнай з прэзідэнтам уладай надзелены былі парламент, Канстытуцыйны трыбунал і Вярхоўны суд. Апрача таго парламент, у выпадку сцвярджэння антыканстытуцыйных дзеянняў прэзідэнта, мог адклікаць яго з займаемай пасады (арт. 104). Не адпавядаючыя асноўным законам рашэнні прэзідэнта мог таксама аспрэчваць Канстытуцыйны трыбунал. Менавіта таму кожны з гэтых уладных цэнтраў мог пагражаць прагнаму неабмежаванай улады Лукашэнку.

Затое канстытуцыя цалкам і поўнасцю аддавала прэзідэнту кантроль за выканаўчым сектарам — адміністрацыяй, міліцыяй, спецслужбамі, арміяй, замежнай палітыкай. Прэзідэнцкія ўстановы — Сакратарыят Савета бяспекі і Адміністрацыя Прэзідэнта — былі вышэйстаячымі органамі для Савета Міністраў. Таму ўказы Лукашэнкі, часта нязгодныя з канстытуцыяй і аспрэчаныя Канстытуцыйным трыбуналам, на практыцы набывалі законную сілу. У 1996 г. ігнараванне пастаноў Трыбунала стала нормай паводзін прэзідэнта. У Беларусі не было ніводнай сілы, ніводнага цэнтра ўлады, які змог бы прымусіць Лукашэнку шанаваць законы. Толькі адзін парламент большасцю галасоў мог яго адклікаць з прэзідэнцкага крэсла.

Ад самога пачатку Лукашэнку Вярхоўны Савет не быў патрэбны. Вельмі добра разумела гэта частка дэпутатаў і думка аб адкліканні прэзідэнта, хаця выразна не фармулявалася, з вясны 1996 г. знаходзіла штораз больш прыхільнікаў. Выкананне гэтага плана ўскладняў яшчэ факт, што большасць дэпутатаў новаабранага Вярхоўнага Савета складалі былыя функцыянеры савецкай дзяржавы, прызвычаеныя да парламенцкіх звычаяў папярэдняй эпохі, калі парламенты служылі фігавым лістком усемагутнасці партыйнага апарату. Лукашэнка вярнуў добра вядомы парламентарыям спосаб выконвання ўлады. Навізной было прыніжанне і высмейванне дэпутатаў у прэзідэнцкіх сродках масавай інфармацыі. Падвергнутыя нападкам не мелі шанцаў абараняцца.

Да бунту супраць прэзідэнта заахвочвалі дэпутатаў дэманстрацыі на вуліцах Мінска вясною 1996 г. Заява аб маючым адбыцца 2 красавіка ў Маскве падпісанні чарговых дакументаў аб стварэнні дзяржаўнай супольнасці Расіі і Беларусі стала прычынай 40-тысячнай дэманстрацыі перад прэзідэнцкім палацам у Мінску. Арганізатарамі дэманстрацыі, у ходзе якой гучэлі патрабаванні адстаўкі Лукашэнкі, была пазапарламенцкая апазіцыя — БНФ, сацыялдэмакраты і лібералы. Яшчэ больш людзей выйшла на сталічныя вуліцы 26 красавіка, у дзесятую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Атрады спецназа і КДБ арыштавалі тады сотні чалавек, а ў выніку вулічных сутычак сотні ўдзельнікаў дэманстрацыі атрымалі цялесныя пашкоджанні.

Май 1996 г. стаў месяцам дэманстрацый пратэсту, якія адбыліся ў большасці абласных гарадоў рэспублікі. Прычынай гэтаму стала пагаршэнне матэрыяльнага становішча большасці насельніцтва. Змаганне з дробнымі прыватнымі прадпрымальнікамі давяло да заняпаду большасці фірм, якіх уласнікі не здолелі дамовіцца з прадстаўнікамі прэзідэнцкай вертыкалі. У адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 24 мая 1996 г. аб гаспадарчым кантролю пачалася абавязковая перарэгістрацыя ўсіх прыватных прадпрыемстваў. Атрыманне ліцэнзіі на далейшае вядзенне гаспадарчай дзейнасці звычайна патрабавала ўнясення неафіцыйнай аплаты ў карысць адміністрацыі прэзідэнта. Указ ствараў асабліва выгадныя ўмовы для карупцыі, стварання няясных суадносін на стыку ўлады і гаспадаркі.

У 1995 г. у Беларусі ўзнікла яшчэ адна форма ўласнасці — прэзідэнцкая, якая ахапіла найбольш прыбытковыя прадпрыемствы, рэстараны, будынкі. Адміністратар прэзідэнцкай уласнасці Іван Ціцянкоў, пад выглядам забеспячэння патрэб адміністрацыі прэзідэнта, пераймаў чарговыя будынкі ў Мінску, якія пасля здаваліся ў арэнду фірмам на офісы.

У найбліжэйшым акружэнні прэзідэнта апынуліся работнікі савецкай разведкі, КДБ і партыйнага апарату — Уладзімір Замяталін, Сяргей Посахаў, Віктар Шэйман, Іван Антановіч. Замянілі яны “камсамольцаў” — Анатоля Майсеню, Аляксандра Фядуту, Дзмітрыя Булахава, якія спадарожнічалі Лукашэнку на ягоным шляху да прэзідэнтуры. Згуртаваны вакол прэзідэнта калектыў даволі паспяхова рэалізаваў усялякія канцэпцыі ўмацавання ўлады. Ва ўмовах нарастаючага гаспадарчага крызісу, ізаляцыі ў свеце і перспектывы імпічменту Лукашэнка яшчэ раз рашыўся параіцца з народам — правесці чарговы рэферэндум. Хацеў ён даказаць, што ўсе яго дзеянні з’яўляюцца ўсяго выкананнем волі народа.

20 чэрвеня 1996 г. прэзідэнт прад’явіў Вярхоўнаму Савету прапанову правядзення рэферэндуму ў справе ўнясення змяненняў у канстытуцыю і перанясення нацыянальнага свята з 27 ліпеня (дзень абвяшчэння суверэнітэту ў 1990 г.) на 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй у 1944 г.). Два чарговыя пытанні датычылі свабоднага абароту зямлёй і адмены смяротнага пакарання. Прапанаваныя Лукашэнкам змяненні ў канстытуцыі датычылі стварэння другой палаты парламента, якой частку саставу меў назначаць сам прэзідэнт, і прадаўжэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў.

Дэпутаты прабавалі давесці да склікання “круглага стала” з удзелам прэзідэнта і пазапарламенцкай апазіцыі, якой існаванне ўвесь час было відочнае на вуліцах Мінска. “Круглы стол”, праўда, адбыўся, але без удзелу прэзідэнта. Прадстаўнікі партый, ад камуністаў да БНФ, заклікалі Лукашэнку вярнуцца на шлях легалізму. У адказ адміністрацыя прэзідэнта і ўрад узмоцнілі прапагандысцкую кампанію, у ходзе якой тлумачылася грамадству, што на рэферэндуме трэба станоўча адказаць на вынесеныя Лукашэнкам пытанні.

На 19-20 кастрычніка прэзідэнт склікаў у Мінск г.зв. Нацыянальны сход, на які з’ехалася 5 тыс. ягоных прыхільнікаў. Сход, спасылаючыся на волю народа, аднадушна выказаўся за правядзенне планаванага рэферэндуму. У той самы час апазіцыя сарганізавала таксама прадстаўнічы Нацыянальны кангрэс, які вылучыў камісію для вывучэння злачынстваў рэжыму. Канстытуцыйны трыбунал прызнаў, што вынесеныя на рэферэндум пытанні парушаюць канстытуцыйны лад. Такім чынам Вярхоўны Савет атрымаў законную падставу пачаць працэдуру адхілення Лукашэнкі ад пасады прэзідэнта.

Запланаваны на 24 лістапада рэферэндум аказаўся датай яго завяршэння. Галасаванне цягнулася ад 9 лістапада. Грамадзяне маглі ўдзельнічаць у рэферэндуме праз пасрэдніцтва пошты. У многіх акругах зарэгістравана большую колькасць галасуючых чым было выбаршчыкаў. У сельскіх акругах выбарчыя камісіі вазілі урны па дамах, дапамагалі выбаршчыкам даваць “правільныя” адказы. Супраць такога фарса выступаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і ў выніку быў адкліканы з пасады.

17 лістапада Вярхоўны Савет пачаў працэдуру імпічменту, а прэм’ерміністр Міхаіл Чыгір разам з трыма іншымі членамі кабінета падалі ў адстаўку. Усё паказвала на тое, што кар’ера Лукашэнкі набліжаецца да канца. Нават журналісты прэзідэнцкага тэлебачання спынілі паклёпніцкую кампанію супраць апазіцыйных дэпутатаў. Прэзідэнт зацягваў гульню. Найбольш ярыя ягоныя прыхільнікі з фракцыі “Згода” 20 лістапада не з’явіліся ў парламенце. У гэты дзень мелі адбыцца дыскусія і галасаванне ў справе адклікання прэзідэнта. Адсутнасць дэпутатаў фракцыі “Згода” стала прычынай таго, што Вярхоўнаму Савету не хапіла патрэбнага для прыняцця правамоцных рашэнняў кворуму — 2/3 саставу парламента. Вярхоўны Савет карыстаўся ў гэтай справе падтрымкай пазапарламенцкай апазіцыі, якая ўвесь час на вуліцах Мінска арганізавала дэманстрацыі, пікеты, мітынгі. На бок парламента перайшлі некаторыя генералы войска і міліцыі, якім не адпавядалі пастаянныя змены на камандных пасадах і атмасфера даносаў, якой не было нават у час савецкага рабалепства.

У палітычных умовах Беларусі вырашальным фактарам з’яўляецца пазіцыя Масквы. Лукашэнку выратавалі расійскія “медыятары”, якіх узначальвалі старшыня Думы Генадзій Селязнёў і прэм’ерміністр Віктар Чарнамырдзін. 21 лістапада схілілі яны Шарэцкага на ўступкі, а ў сапраўднасці далі яны Лукашэнку блаславенства на далейшае працягванне місіі. Узбунтаваныя посткамуністычныя і камуністычныя дэпутаты з Шарэцкім, Карпенкам, Грыбам, Новікавым і Багданкевічам на чале не ўмелі дзейнічаць насуперак пазіцыі Масквы. На другі дзень пасля візіту расійскіх “медыятараў” Лукашэнка заявіў па тэлебачанні, што ў выніку пагаднення са старшынёю Вярхоўнага Савета праводжаны рэферэндум прызнаецца легітымным. Апазіцыя не мела магчымасцей публічна прадставіць грамадству сваю пазіцыю ў гэтай справе.

Паводле афіцыйных даных у рэферэндуме прыняло ўдзел 84,2% упаўнаважаных. Больш 70% удзельнікаў галасавання мелі выказацца за ўвядзенне прэзідэнцкіх паправак у канстытуцыю. Амаль 88% галасуючых падтрымала пастулат Лукашэнкі ў справе перанясення нацыянальнага свята на 3 ліпеня, 82,1% выказалася супраць адмены смяротнага пакарання, 84,7% не жадалі свабоднага абароту зямлёю.

Умацаванне пазіцыі Лукашэнкі стала прычынай таго, што большасць дэпутатаў, нават тых, якія раней гатовы былі галасаваць за адхіленне яго ад пасады прэзідэнта, перайшла ў новаствораны Нацыянальны Сход. Вярхоўны Савет, у якім засталося 85 парламентарыяў, не прызнаў законнасці рэферэндуму і працягваў працу. Аднак з прычыны браку кворуму ВС не мог прымаць правамоцных пастаноў. Неўзабавае пад выглядам рамонту ў будынку ВС адключаны былі электраток, ацяпленне тэлефоны і вада. Парламент, у якім пастаянна скарачалася колькасць дэпутатаў і якім верхаводзілі Сямён Шарэцкі, Станіслаў Шушкевіч і Станіслаў Багданкевіч, адзіным легальным нацыянальным прадстаўніцтвам Беларусі лічыўся толькі ў свеце, а ў сябе заставаўся ўсяго малазначнай установай, якая не мела ніякага рэальнага ўплыву на сітуацыю ў рэспубліцы. Лідэры Вярхоўнага Савета, так як іншыя грамадзяне, падвяргаліся адміністрацыйнаму пакаранню за ўдзел у нелегальных дэманстрацыях, траплялі ў следчыя ізалятары, плацілі вялікі штрафы за “парушэнне правапарадку”.

Новая ніжэйшая палата Нацыянальнага Сходу, званая Палатай Прадстаўнікоў, налічвала 110 дэпутатаў, якія перайшлі з Вярхоўнага Савета. Яе старшынёю выбраны быў адзін з лідэраў Партыі камуністаў Беларусі Анатоль Малафееў. Вышэйшая палата, Савет Рэспублікі, налічвала 64 асобы і, паводле новых законаў, увайшла ў яе частка дэпутатаў назначаных прэзідэнтам або выбраных абласнымі саветамі, у якіх пераважалі прэзідэнцкія “вертыкальшчыкі”.

Адсутнасць падтрымкі ў парламенце ўскладніла становішча Канстытуцыйнага трыбунала, які аспрэчваў большасць прэзідэнцкіх указаў. Скора, аднак, суддзі Трыбунала свае перакананні памянялі на апартунізм. Адмянілі яны ранейшыя свае пастановы, а таксама прызналі, што рэферэндум быў праведзены ў адпаведнасці з канстытуцыяй.

Рэферэндум, які надзяліў Лукашэнку амаль абсалютнай уладай, стаў прычынай ізаляцыі Беларусі ў свеце. Дзяржавы Заходняй Еўропы не прызналі ні вынікаў рэферэндуму, ні створанага прэзідэнтам Нацыянальнага Сходу. Адначасна ізаляцыя Беларусі ў Еўропе вяла яе да шчыльнейшага збліліжэння з Расіяй. Альтэрнатыўныя суадносіны прабаваў стварыць прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які рашуча выказваўся за стаўленне да Беларусі як да поўнасцю суверэннай дзяржавы. Хаця Лукашэнка ў сваіх доўгіх тэлевізійных прамовах часта гаварыў аб шматвектарнай замежнай палітыцы, на практыцы быў ён прыгавораны на пашыранне палітычных кантактаў з Расіяй, Югаславіяй, Малдовай, Балгарыяй, Кітаем, В’етнамам, Іранам, Іракам.

Ад пачатку свайго прэзідэнцтва Лукашэнка праявіўся як гарачы прыхільнік адзінства славянскіх народаў і неабходнасці іх інтэграцыі з прычыны пагрозы з боку НАТО. Паводле яго, славянскасць вызначалася не па этнічных прынцыпах, але прыналежнасцю да візантыйскай культурнай прасторы. У такім разуменні ў славянскасці не было месца для палякаў, чэхаў, затое было для армян і грузінаў, мардоўцаў. Арганізаваны штогод прэзідэнтам Беларусі фестываль славянскай культуры ў Віцебску стаў у прынцыпе аглядам творчасці народаў былога СССР.

У Расіі ідэя аб’яднання з Беларуссю знайшла многіх прыхільнікаў, асабліва ў камуністычных і нацыяналістычных колах. Нягледзячы на непрыхільнае стаўленне да Лукашэнкі расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, беларускі прэзідэнт карыстаўся вялікай папулярнасцю тамашняга грамадства. Быў ён проціпастаўленнем нямогламу Ельцыну, а ягоная антызаходняя рыторыка станоўча ўспрымалася таксама значнай часткай расійскай палітычнай сцэны. Аднак найбольш захапляліся яны Лукашэнкам за тэрміновую выплату пенсій і зарплат бюджэтнікам. Бачыўся ён людзям як правадыр, які здольны вярнуць савецкі дабрабыт. Крамлёўскім элітам прэзідэнт Беларусі быў гарантам бясплатнага доступу да транзітных шляхоў у Заходнюю Еўропу, забяспечваў магчымасць размяшчэння ваенных гарнізонаў.

Фармальнае далучэнне Беларусі да Расіі ў якасці адміністрацыйнай адзінкі Федэрацыі — як часта мяркуюць журналісты — здаецца малапраўдападобным. Такога вырашэння не хоча, па фінансавых прычынах, таксама Расія. А Лукашэнка часта паўтараў, што выказваецца за інтэграцыю “суверэнных” дзяржаў. “Суверэнітэт” разумее ён як свабоду мінскіх улад вырашаць унутраныя пытанні на тэрыторыі рэспублікі. На практыцы абазначае гэта захаванне асобнай юрыдычнапалітычнай сістэмы ў Беларусі і выключэнне ўнутраных спраў Беларусі з—пад кантролю крамлёўскіх правячых цэнтраў. Зрэшты, ніводзін палітычны лагер у Расіі не цікавіўся ні лёсамі дэмакратыі ў Беларусі, ні паважаннем правоў чалавека ў гэтай краіне. Калі ў чэрвені 1998 г. Захад канчаткова закрыў межы Лукашэнку і ягоным чыноўнікам, добрыя адносіны з Расіяй сталі адзіным козырам прэзідэнта Беларусі на міжнароднай арэне.

Фінансавы крызіс, які ў жніўні 1998 г. паралізаваў жыццё ў самой Расіі, з прычыны цесных гаспадарчых сувязей з усёй сілай абрынуўся на Беларусь. За склаўшаеся становішча ў Расіі Лукашэнка 25 жніўня 1998 г. падчас тэлевізійнага выступлення абвінаваціў расійскіх палітыкаў, якія прабавалі ажыццявіць у сваёй краіне заходнюю мадэль палітычнага і гаспадарчага развіцця. Заявіў ён, што самай лепшай канцэпцыяй арганізацыі грамадскага, палітычнага і гаспадарчага жыцця на постсавецкай прасторы з’яўляецца беларускі варыянт. Хаця ў Расіі за падобнымі вырашэннямі выказваецца значная частка грамадствва, малапраўдападобным, аднак, з’яўляецца экспарт “беларускай дэмакратыі” і “рыначнага сацыялізму” ў гэтую краіну. Назначэнне падтрымліванага камуністамі Яўгенія Прымакова на пасаду прэм’ерміністра Расіі ўспрымалася ў Беларусі як крок у правільным напрамку.

Праведзеныя апазіцыяй вясною 1999 г. прэзідэнцкія выбары закончыліся чарговым паражэннем антырэжымнага лагера. Узаемныя абвінавачанні абодвух кандыдатаў у прэзідэнты Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра звялі выбары да фарса. Пасвараная апазіцыя яшчэ раз паказала брак арганізаванасці і рашучасці ў захадах на звяржэнне дыктатуры. У палове 1999 г. Лукашэнка захоўваў уладу не маючы ў краіне ніякай сур’ёзнай палітычнай канкурэнцыі.