Нэп і беларусізацыя краіны
Адзін з пунктаў Рыжскага мірнага дагавора, падпісанага Польшчай і Расіяй 18 сакавіка 1921 г., прадугледжваў прызнанне абодвума бакамі “незалежнасці Беларусі і Украіны”. Тэрыторыя “незалежнай Беларусі” абымала 59,6 тыс. квадратных кіламетраў. Састаўлялі яе 6 паветаў Мінскай губерні — Бабруйскі, Мазырскі, Слуцкі, Ігуменскі, Барысаўскі і Мінскі. На гэтым абшары пражывала 1,6 млн. людзей. Абрэзаная з усходу і захаду Беларусь была своеасаблівым дзяржаўным тварэннем. Хаця яна поўнасцю палітычна і гаспадарча апынулася ў залежнасці ад Расіі, аднак фармальна з’яўлялася суб’ектам міжнароднага права.
Назначаны сакратаром Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі Вільгельм Кнорын імкнуўся быць галавой беларускай савецкай дзяржавы ў значна шырэйшых межах, чым Мінская губерня. У лістападзе 1920 г. прабаваў ён у Маскве дабіцца вяртання тых паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў, у якіх пражывалі беларусы. Рашучая адмова цэнтральных улад бальшавіцкай партыі весці размовы на гэтую тэму рабіла беспадстаўнымі далейшыя захады расійскіх камуністаў, якія кіравалі БССР, наконт пашырэння межаў гэтай дзяржавы. Дыскусія на гэту тэму стала магчымай на пачатку 1921 г., калі быў падпісаны Саюзны рабочасялянскі дагавор паміж Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікай (РСФСР) і Беларускай ССР. Абодва бакі “зыходзячы з права народаў на самавызначэнне, (...) усведамляючы неабходнасць аб’яднаць свае сілы ў мэтах абароны, а таксама ў інтарэсе іх гаспадарчага будаўніцтва, рашылі заключыць саюзны рабочасялянскі дагавор”. Пагадненне ўводзіла супольныя для абедзвюх дзяржаў народныя камісарыяты (міністэрствы): ваенных і марскіх спраў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, поштаў і тэлеграфа. На практыцы абазначала гэта, што адміністрацыя на тэрыторыі Беларускай ССР апынулася ў залежнасці ад цэнтральных улад у Маскве яшчэ да ўзнікнення Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе адкрываў, аднак, кіруючым у Мінску камуністам магчымасць патрабаваць пашырыць граніцы рэспублікі на населеныя беларусамі землі, якія знаходзіліся ў межах Расіі. Масква, перасоўваючы расійскабеларускую мяжу на ўсход, не траціла кантролю над усёй тэрыторыяй і магла прытым здабыць давер беларускай інтэлігенцыі і эміграцыйных палітыкаў, якія падвяргалі сумненню як сапраўднасць беларускай дзяржавы, так і верагоднасць савецкай нацыянальнай палітыкі.
У кастрычніку 1922 г. Пленум Цэнтральнага Камітэта Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) прыняў рашэнне аб стварэнні СССР. 30 снежня З’езд Саветаў савецкіх рэспублік Беларусі, Украіны, Расіі і Закаўказзя абвясціў адпаведную дэкларацыю — юрыдычны акт, які спрыяў аднаўленню расійскай імперыі з новым ідэалагічным фасадам.
У сакавіку 1923 г. VII З’езд КП(б)Б прыняў пастанову, у якой было сказана, што для адраджэння Беларусі неабходным з’яўляецца ўключэнне ў яе састаў суседніх раёнаў “згодна іх гістарычнай, эканамічнай і нацыянальнакультурнай спецыфіцы”. Змест гэтага дакумента раней быў узгоднены з ЦК РКП(б). Адпаведныя пастановы перадалі ў ЦК РКП(б) таксама з’езды Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Гомеля і Віцебска. Надаванне верагоднасці інтэрнацыяналістычнаму характару бальшавіцкай улады здзяйснялася, між іншым, шляхам аб’ядноўвання беларускіх зямель, якія знаходзіліся на ўсходнім баку рыжскай мяжы. 7 сакавіка 1924 г. Прэзідыум Усесаюзнага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта выдаў дэкрэт аб перадачы Беларусі 15 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам. У выніку тэрыторыя рэспублікі падвоілася і пасля ўзбуйнення складала 110,5 тыс. квадратных кіламетраў. Лік насельніцтва перавысіў 4 млн.
У снежні 1926 г. да БССР былі далучаны яшчэ Гомельскі і Рэчыцкі паветы, якія да гэтай пары знаходзіліся ў складзе Украінскай ССР. Такім чынам Беларусь павялічылася да 125 тыс. квадратных кіламетраў, а лік насельніцтва ўзрос да 5 млн. Паводле перапісу 1926 г. беларусы складалі 80,6% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны, яўрэі — 8,2%, расіяне — 7,7%, палякі — 2,0%, іншыя нацыянальнасці — 1,5%.
Саюзны дагавор ад 30 снежня 1922 г. уводзіў супольнае грамадзянства для жыхароў усіх рэспублік. 31 студзеня 1924 г. З’езд Саветаў СССР устанавіў канстытуцыю, якая сталася асноўным законам на гэтай тэрыторыі. З гэтай пары юрыдычныя акты паасобных рэспублік не маглі стаяць у супярэчнасці з канстытуцыяй СССР.
Канстытуцыя БССР была ўхваленая з некаторым спазненнем у параўнанні з астатнімі саюзнымі рэспублікамі, бо толькі ў 1927 г. Беларускія камуністы, падбадзёраныя адносна ліберальнай нацыянальнай палітыкай цэнтральных улад, хацелі пазбегнуць запісу аб дыктатуры пралетарыяту, прызнаючы такую фармулёўку нелагічнай у рэспубліцы, дзе звыш 80% насельніцтва складалі сяляне. Неўзабаве іх сталі дакараць за гэты грэх у ходзе расправы над гэтак званай нацдэмаўшчынай.
Канстытуцыя БССР фармальна перадавала ўладу саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Права выбіраць у саветы — дзейнае і пасіўнае — мелі рабочыя, сяляне і салдаты. Гэтых правоў былі пазбаўлены духоўныя, прыватныя гандляры, прадпрымальнікі, якія наймалі рабочую сілу, колішнія чыноўнікі і паліцыянты, асобы, якія прымалі ўдзел у палітычнай дзейнасці ў 1917—1921 гадах на баку праціўнікаў бальшавіцкага рэжыму.
У пачатку 20-х гадоў у Беларусі ўвесь час дзейнічала некалькі партый сацыялістычнага напрамку, якія звычайна адабралі бальшавіцкі парадак. Самай уплывовай і мнагалікай — звыш 20 тыс. членаў — была Беларуская партыя сацыялістаўрэвалюцыянераў. Варта прыгадаць, што Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі напрыканцы 1921 г. налічвала ўсяго 1,5 тыс. членаў, а чатыры гады пазней — 6,6 тыс. БПСР мела свае структуры перш за ўсё ў сялянскім асяроддзі, дзе ўплывы камуністаў былі нязначныя. Да таго лідэры гэтай партыі ўдзельнічалі ў эміграцыйным урадзе ў Коўне, арганізавалі партызанскі рух на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай. Другой партыяй, якая карысталася сапраўднай грамадскай падтрымкай, быў Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз (Бунд). Па ліку членаў Бунд перавышаў нават БПСР. Юрыдычны парадак СССР не прадугледжваў існавання — паза бальшавіцкай партыяй — ніякіх іншых палітычных арганізацый, нягледзячы на іх характар, ідэалогію і грамадскую падтрымку. Найхутчэй распушчаны быў Бунд. 25 сакавіка 1921 г. нечарговы з’езд гэтай партыі вырашыў аб самароспуску. Згодна з заклікам улад Бунду частка яўрэйскіх сацыялістаў папоўніла шэрагі КП(б)Б.
У выніку рашэнняў Цэнтральнага Бюро ЦК КП(б)Б на пачатку 1921 г. былі праведзены масавыя арышты дзеячаў БПСР. У турмах апынулася 860 самых актыўных членаў партыі. У такі менавіта спосаб бальшавікі вызваліліся ад апошняй добра арганізаванай палітычнай канкурэнцыі ў Беларусі. Аднак фармальна БПСР падвяргнулася “самароспуску” ў ходзе легальнага з’езда партыі ў Мінску 8 чэрвеня 1924 г. Апошні з’езд беларускіх эсэраў прызнаў, што існаванне іхняй партыі расколвае супольны фронт працоўных мас, тармозіць развіццё сацыяльнай рэвалюцыі, перашкаджае ўмацаванню савецкага ладу і спрыяе контррэвалюцыі. З’езд выявіў волю, ад імя ўсіх членаў партыі, уступіць у рады бальшавіцкай арганізацыі і далей супольна весці барацьбу з капіталізмам за сацыяльныя і нацыянальныя правы люду Беларусі. Змест пастаноў апошняга з’езда БПСР з’яўляецца доказам таго, што былі яны напісаны калі не Цэнтральным Бюро ЦК КП(б)Б, дык пад кантролем гэтай установы.
У ліпені 1923 г. была аб’яўлена амністыя для дзеячаў і членаў небальшавіцкіх арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі ў 1918—1921 гадах. Гэта дазволіла зарэгістраваць усіх магчымых праціўнікаў савецкай улады, каб некалькі гадоў пазней падвяргнуць іх фізічнай ліквідацыі. Паколькі аднак у 1923 і наступных гадах ніхто не быў арыштаваны, нават за ўдзел у антысавецкіх узброеных фарміраваннях, расло перакананне аб паступовай дэмакратызацыі камуністычнай сістэмы.
Пасля шасці гадоў нямецкарасійскай і польскарасійскай войнаў, у выніку шматлікіх акупацый гаспадарка Беларусі ляжала ў руінах. Многія прадрыемствы разам з працоўнымі калектывамі ў 1915 г. былі вывезены ў глыб Расіі. Рэквізіцыі коней, быдла, свіней і збожжа, якія праводзіліся ўсімі змагаючыміся арміямі, даводзілі да ўзнікнення ачагаў голаду ў некалькіх раёнах Беларусі. Несумненна, ратункам для сельскай гаспадаркі, якая дамінавала ў гэтай краіне, быў адыход бальшавікоў ад ваеннага камунізму і абвяшчэнне Леніным у сакавіку 1923 г. новай эканамічнай палітыкі (нэп). У прамысловасці лібералізацыя метадаў гаспадарання выклікала толькі хаос. Некампетэнтнасць новых улад у галіне гаспадаркі стала прычынай таго, што частка заводаў вырабляла акурат непатрэбныя рынку артыкулы або бяздзейнічала ў чаканні сыравіны і паліва. Увядзенне прынцыпу калектыўнага кіравання, якое мела прадухіліць карупцыю і раскраданне маёмасці, давяло да паўсюднай безадказнасці кадраў, якія ўпраўлялі казённай уласнасцю. Каб прадухіліць далейшую дэзарганізацыю прамысловага сектара, былі спробы прышчапіць сацыялістычнай форме ўласнасці элементы капіталістычных прынцыпаў гаспадарання. Паасобныя прадпрыемствы атрымалі аўтаномію ў справах кіравання, падборкі віду вытворчасці і збыту. Нерэнтабельныя малыя дзяржаўныя прадпрыемствы закрываліся або здаваліся ў арэнду прыватным асобам.
Стаўка на дробную вытворчасць і дробны гандаль аказалася незвычайна паспяховым метадам ажыўлення гаспадаркі, асабліва наладжання эканамічных сувязей паміж горадам і вёскай. Ні прыватная дробная вытворчасць, ні такі ж гандаль не патрабавалі вялікіх дзяржаўных капіталаўкладанняў. Самае галоўнае заключалася ў тым, што гэтыя сектары маглі прапанаваць свае тавары вясковаму насельніцтву ўзамен за харчы. Гэта спрыяла зацікаўленасці сялян развіццём таварнаграшовых адносін і ўзнікненню рынку ўзаемных кантактаў розных сектараў гаспадаркі і рэгіёнаў краіны. Гэты стан не мог, аднак, існаваць надта доўга, бо эфектыўнасць працы і зарплаты ў прыватных прадпрыемствах пастаянна расла, калі на дзяржаўных наглядаліся акурат адваротныя тэндэнцыі, а колькасць забастовак на сацыяльнай глебе набывала некантраляваныя памеры. На некаторых фабрыках, асабліва тэкстыльных, рабочыя раскрадалі нават палову вытворчасці. Эканамічная рэчаіснасць стаяла ў выразнай супярэчнасці з ідэалогіяй, якую прапагандавалі новыя ўладары, выклікала пытанні пра сэнс бальшавіцкай рэвалюцыі.
У палове 1925 г. дзяржаўныя ўлады правялі карэктуру галоўных прадпасылак нэпа і ўзялі курс на г.зв. інтэнсіфікацыю працы. Дзяржаўным прадпрыемствам былі назначаны памеры тыднёвай, месячнай і гадавой вытворчасці. Паколькі прыбытак працоўных калектываў залежаў выключна ад велічыні вытворчасці, вельмі хутка ўпала якаснасць выпускаемай прадукцыі. Часта былі гэта машыны і абсталяванне, што ў канчатковым выніку рабіла гаспадарку нерэнтабельнай. Марнатраўства людской працы, сыравіны і паліва давяло да дэмаралізацыі работнікаў як у сферы вытворчасці, так і ўпраўлення.
Паводле даных за 1923 г. на тэрыторыі БССР дзейнічала 10 367 суб’ектаў паза сельскагаспадарчым сектарам, з ліку якіх 65% належалі прыватным асобам. Аднак прыватныя прадпрыемствы давалі працу напалову меншай колькасці чалавек, чым дзяржаўныя. Іх лічба пастаянна і хутка ўзрастала. У 1926 г. 58 тыс. прыватных прадпрыемстваў давала працу толькі 10 тыс. наёмных работнікаў. Уласнікі прадпрыемстваў разам з сем’ямі працавалі найчасцей у сваіх фірмах, а іхнія дамы і гаспадарчыя будынкі былі месцамі працы.
Буйнае развіццё прыватнага прадпрымальніцтва наступіла ў 1925 г., калі былі змякчаны падаткавыя тарыфы для ўласнікаў малых гандлёвых і вытворчых прадпрыемстваў. У верасні 1926 г. Савет Народных Камісараў СССР рашыў “максімальна абцяжарыць падаткамі прыватны капітал” і пачаць нацыяналізаваць прыватную вытворчасць і гандаль. У прынцыпе быў гэта канец нэпа і пачатак сталінскай палітыкі уніфікацыі гаспадарчага жыцця. У 1925 г. максімальнае падаткавае абцяжаранне ўласнікаў прыватных прадпрыемстваў складала 25% ад прыбытку. У канцы 1926 г. узрасло яно да 45% і разам з іншымі аплатамі дзяржава забірала ў рамеснікаў і дробных купцоў амаль 70% іх прыбытку. Вынікам гэтых захадаў было раптоўнае падзенне ўдзелу прыватнага сектара ў валавым прадукце краіны. У 1926 г. прыватны сектар дастаўляў 49% прамысловай вытворчасці БССР, а год пазней гэты паказчык скараціўся да 28%.
Адбудова сельскай гаспадаркі, якая давала занятак для амаль 80% жыхароў БССР, праходзіла намнога хутчэй, чым прамысловасці. Пра поспехі ў гэтай галіне вырашалі захаваныя індывідуальныя сялянскія гаспадаркі. Вялікія памешчыцкія маёнткі былі раздзелены паміж фальварковую службу і навакольных сялян. Агулам сялянскім гаспадаркам было перададзена звыш мільёна гектараў зямлі. Узбуйненне гаспадарак стала прычынай павелічэння сельгасвытворчасці, прызначанай на рынак. Нацыяналізацыя памешчыцкай зямлі ў 1919—1920 гг. заключалася ў перадачы яе ў карыстанне сялян і парабкаў. Абдораныя надзеламі зямлі не маглі аднак яе прадаваць, ні перадаваць у іншыя рукі, паколькі былі яны толькі яе карыстальнікамі. Зямля далей заставалася дзяржаўнай уласнасцю. Зямельны кодэкс БССР ад 1923 г. даваў права карыстацца зямлёю ўсім грамадзянам рэспублікі, за выключэннем асоб, якія прымалі на працу наёмную сілу. Згодна дзеючаму закону сяляне, аддаўшы дзяржаве абавязковыя падаткі, маглі свабодна распараджацца лішкамі сваёй вытворчасці. Нормы гэтых паставак да 1928 г. не былі надта высокімі і не абцяжарвалі празмерна сялянскіх гаспадарак.
У 1925—1928 гг. у рэспубліцы праводзілася камасацыя сельскагаспадарчых грунтаў, якая ліквідавала раздробленасць гаспадарак, што перашкаджала рацыянальнай апрацоўцы зямлі. Узніклыя пасля гэтай рэформы кампактныя гаспадаркі велічынёю ў дзесяць і больш гектараў стваралі шанс зараджэння ў Беларусі сучаснай сельскай гаспадаркі. Аўтар гэтай рэформы, наркам па справах сельскай гаспадаркі Дзмітрый Прышчэпаў, будзе пасля абвінавачаны ў тварэнні кулацкіх гаспадарак.
Ва ўмовах гаспадарчага лібералізму эпохі нэпа некаторыя сялянскія гаспадаркі хутка ўзбуйняліся за кошт уласнасці тых сялян, якія не вытрымалі канкурэнцыі на рынку і, прадаўшы зямлю, пераязджалі ў гарады, дзе ўладкоўваліся на працу ў прамысловасці. У 1929 г. на тэрыторыі Беларусі 81 тыс. сельскагаспадарчых рабочых працавала ў якасці наёмнай сілы ў багатых сялян. Для 34% ад прыведзенага ліку гэтая праца была адзінай крыніцай утрымання. Уласнікі буйных гаспадарак (да некалькіх дзесяткаў гектараў), імкнучыся пазбегнуць нямілага ўладам найму рабочай сілы, часта здавалі ў арэнду мала або беззямельным сялянам частку сваёй зямлі ўзамен за арэндную плату натурай або грашыма, якая вылічалася прапарцыянальна да атрыманага плёну. Не была гэта масавая з’ява, бо сяляне, якія ў 1920-х гадах мелі буйныя гаспадаркі, складалі нязначны працэнт у структуры сельскагаспадарчай уласнасці БССР.
У дваццатых гадах беларускія камуністы вялі палітыку спрыяння развіццю буйных сялянскіх гаспадарак. Напрыклад, зніжалі падаткі з тых сялян, якія вырошчвалі сыравіну для прамысловасці — лён, каноплі, цукровыя буракі. Падаткавыя льготы выдзяляліся таксама сялянам, якія правялі меліярацыю і рабілі капіталаўкладанні дзеля паляпшэння якаснасці зямлі.
Росту заможнасці сялянскіх гаспадарак спадарожнічала ўзнікненне розных сельскагаспадарчых таварыстваў. Арганізаваліся яны нізамі і былі дазволены савецкімі законамі гэтай эпохі. У 1929 г. налічвалася звыш 3 тыс. розных таварыстваў, якія гуртавалі каля 340 тыс. членаў. Былі гэта крэдытныя, меліярацыйныя і машынныя таварыствы, якія ствараліся галоўным чынам дзеля накоплівання сродкаў для правядзення інвестыцый у сельскай гаспадарцы.
На базе сельскагаспадарчай вытворчасці хутка развівалася харчовая прамысловасць, у якой у 1929 г. працавала каля 30% занятых у пазасельскагаспадарчым сектары.
З 1918 г. праіснавалі таксама сельскагаспадарчыя камуны, якія ўзнікалі на базе ліквідаваных памешчыцкіх маёнткаў. Там, дзе ў 1919 г. дайшла польская армія, камуны былі распушчаны. На ўсходзе Беларусі існавалі яны ў якасці супольнасці фальварковай службы, дэмабілізаваных салдат, беззямельных і бяздомных сялян. Камуны аказаліся нерэнтабельнымі і для іх існавання неабходна была фінансавая падтрымка дзяржаўнага бюджэту.
У 1927 г. улады пачалі калектывізацыю, выкарыстоўваючы дзеля гэтага выключна эканамічныя элементы. Ствараліся саўгасы — дзяржаўныя гаспадаркі, якія мелі паказаць сялянам перавагу працы ва ўмовах сацыялістычнай эканомікі. Паўстала 277 саўгасаў, у якіх знайшло занятак 15 тыс. рабочых. Прынцыпова ўзнікалі яны на найбольш ураджайных землях, на базе былых памешчыцкіх маёнткаў, забяспечваліся трактарамі і самымі сучаснымі сельскагаспадарчымі машынамі, разбудоўвалася ўся інфраструктура гаспадаркі. Узроўнем жыцця і ўмовамі працы рабочых мелі яны заахвоціць сялян добраахвотна ствараць калектыўныя гаспадаркі. Некаторыя саўгасы ў першых гадах свайго існавання былі нават рэнтабельнымі гаспадаркамі. Аднак без адміністрацыйнапаліцэйскага прымусу правядзенне калектывізацыі аказалася немагчымае. Сяляне не былі зацікаўлены ліквідацыяй уласных гаспадарак.
У 1928 г. старшыня бальшавіцкай партыі і кіраўнік савецкай дзяржавы Іосіф Сталін вырашыў паскорыць працэс індустрыялізацыі краіны. Каб здабыць сродкі на інвестыцыі, павялічаны быў экспарт збожжа. Услед за гэтым узраслі нормы абавязковых паставак па намнога ніжэйшых, чым рынкавыя, цэнах. Супраціўленне вясковага насельніцтва, якое не хацела дарэмна аддаваць збожжа, падвяргнула іх новай хвалі рэпрэсій. Прапагандысцкая кампанія, якая клеймавала кулацтва, а асабліва эксплуатацыю вясковай бядоты, пачалася летам 1928 г. і была ўступам да калектывізацыі вёскі без уліку прынцыпу добраахвотнасці і рэнтабельнасці. Агітацыю праводзілі не толькі функцыянеры бальшавіцкай партыі і камсамола, але таксама калектывы рабочых, мастакоў, настаўнікаў і літаратараў. Селянін, у якога была добрая гаспадарка, ставаўся сімвалам зла, эксплуататарства і распусты.
Перыяд нэпа — гэта не толькі лібералізацыя ў гаспадарцы. Быў гэта час нябачанага раней, ні пазней, развіцця культуры, палітыкі беларусізацыі ўсіх галін публічнага жыцця, якая ішла зверху. Першапачаткова намаганні беларускіх камуністаў — Аляксандра Чарвякова, Зміцера Жылуновіча, Усевалада Ігнатоўскага — дзеля стварэння адукацыйнай сістэмы на роднай мове разбіваліся аб супраціў бальшавікоў з—паза Беларусі, якія пераважалі ў дзяржаўных структурах. Нешматлікія беларускія бальшавікі, якія займалі кіруючыя пасады ў Мінску, перамогу савецкай улады ўспрымалі як пачатак раўнапраўя культуры народаў расійскай імперыі. Іх праціўнікі не прызнавалі нацыянальнай адасобленасці беларусаў, выказваліся за захаванне цэласнасці Расіі і былі супраць стварання беларускай дзяржаўнасці. Беларусы, зрэшты, складалі толькі пад дваццаць працэнтаў членаў КП(б)Б. Канчаткова праблема вырашылася на Х З’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г., на якім Ленін абвясціў свой план новай эканамічнай палітыкі. У ходзе з’езда з трыбуны прагучэлі абвінавачанні, што ў Мінску мясцовыя камуністы штучна ствараюць беларускую нацыянальнасць. Нечакана за беларусамі заступіўся народны камісар па справах нацыянальнасцей Іосіф Сталін, які ад імя партыйных улад заявіў аб беспадстаўнасці абвінавачанняў, паколькі беларускі народ існуе і карыстаецца сваёй мовай, іншай ад рускай, і таму культура беларускага народа можа развівацца толькі на базе гэтай мовы. У такой сітуацыі нават ярыя праціўнікі якіх—небудзь канцэсій на карысць беларусаў сярод бальшавіцкага кіраўніцтва ў Мінску мусілі ўлічыць афіцыйную пазіцыю партыі, выкладзеную ў выступленні Сталіна на Х З’ездзе. Падчас чарговых канферэнцый і з’ездаў Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі не ставілася ўжо пытанне неабходнасці беларусізацыі, а толькі разглядаліся метады яе ажыццяўлення. У ходзе VII З’езда КП(б)Б у сакавіку 1923 г. старшыні Савета Народных Камісараў БССР Аляксандру Чарвякову ўдалося давесці да прыняцця рэзалюцыі, якая сцвярджала, што беларуская мова з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі рэспублікі. Школьныя, універсітэцкія, выдавецкія і навуковадаследчыя ўстановы мелі весці працу на базе беларускай мовы. Партыйны апарат, дзяржаўная адміністрацыя і часці Чырвонай Арміі, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Беларусі, мелі таксама перавесці сваю працу з рускай мовы на беларускую. Згодна рашэнню Пленума ЦК КП(б)Б, чыноўнікі дзяржаўнай адміністрацыі і работнікі партыйнага апарату павінны былі да грамадзян звяртацца на беларускай мове. Паколькі на практыцы выканаць гэтыя рашэнні было складана, у 1925 г. паасобным ведамствам вызначаны былі канчатковыя тэрміны ажыццяўлення пастаноў партыі. Савету Народных Камісараў, Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту ды ведамствам асветы і сельскай гаспадаркі было загадана поўнасцю перайсці на беларускую мову за год. Двухгадовы тэрмін вызначаны быў ведамствам унутраных спраў і юстыцыі, трохгадовы — аховы здароўя, фінансаў і ваенных спраў.
У выніку рашэнняў, прынятых беларускай секцыяй бальшавіцкай партыі, у БССР узнікла шчыльная сетка дзённых і вячэрніх курсаў па вывучэнні беларускай мовы. На гэтай мове працавалі школы, тэатры, выдаваліся кніжкі і газеты. У палове дваццатых гадоў беларуская мова паўсюдна гучэла на мітынгах, арганізаваных уладамі і на партыйных сходах.
Улады БССР прымалі шырокія меры па ліквідацыі непісьменнасці і развіцці школьніцтва ўсіх узроўняў. У 1921 г. у Мінску быў адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, у 1922 г. — Інстытут беларускай культуры, які ў 1926 г. быў ператвораны ў Акадэмію навук Беларускай ССР. Да 1932 г. узніклі 32 вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1926 г. палова грамадзян умела чытаць і пісаць, а да канца дэкады дваццатых гадоў непісьменныя складалі менш за 20 працэнтаў грамадства.
Змяніліся таксама адносіны грамадзян расійскай, яўрэйскай і польскай нацыянальнасцей да беларускай мовы і культуры. Беларуская мова перастала быць сялянскай гаворкай, стала мовай дзяржаўнай. Па практычных прычынах валоданне беларускай мовай ставалася неабходнасцю. Аднак згодна дзеючым законам грамадзяне маглі звяртацца да партыйных і адміністрацыйных улад на мовах ідыш, польскай і рускай. У 1926 г. на тэрыторыі рэспублікі працавала 146 школ з навучаннем на мове ідыш, 118 — на польскай мове і 118 — на рускай. Настаўнікаў для гэтых школ рыхтавалі Дзяржаўны універсітэт у Мінску і некалькі педагагічных інстытутаў.
Палітыка беларусізацыі БССР змяніла таксама стаўленне да гэтай дзяржавы палітыкаў, якія ўваходзілі ў састаў эміграцыйных структур Беларускай Народнай Рэспублікі і беларускіх дзеячаў у Польшчы. На савецкія пазіцыі перайшлі амаль усе айчынныя інтэлектуалы, якія раней удзельнічалі ў стварэнні БНР. Атрымалі яны прэстыжныя пасады — загадчыкаў кафедраў Белджяржуніверсітэта, Акадэміі навук, навуковых, выдавецкіх і літаратурных інстытутаў. Стваралі яны беларускую нацыянальную рэчаіснасць, рабілі тое, аб чым марылі, засноўваючы Беларускую сацыялістычную грамаду і іншыя партыі да 1920 г. Тыя, што засталіся ў эміграцыі ў Нямеччыне, Чэхаславакіі і Літве мелі толькі кіраўнічыя пасады ў неіснуючай дэфакта дзяржаўнасці і ніякіх перспектыў уздзеяння на сітуацыю ў краіне. Беларускія дзеячы, якія апынуліся на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, хутка пераканаліся, што атрыманне ад польскіх урадаў якіх—небудзь канцэсій на карысць беларускай культуры — немагчымае. У палітыкаў Беларускай сялянскаработніцкай грамады былі істотныя аргументы для таго, каб сваю партыю ўчыніць рухам на карысць аб’яднання беларускіх зямель у рамках савецкай дзяржаўнасці.
Беларускія камуністы дазвалялі эміграцыйным дзеячам, вядомым сваімі антысавецкімі поглядамі, публікаваць на старонках сваіх выданняў. У Мінску друкаваліся артыкулы аб здарэннях 1917—1920 гадоў, у якіх факты і іх інтэрпрэтацыя не супадалі з бальшавіцкім асвятленнем гэтых падзей. Улады БССР сістэматычна і ў рознай форме заахвочвалі эмігрантаў вярнуцца ў Беларусь і ўключыцца ў дзеянні на карысць айчыны і нацыянальнай культуры. Згаданы з’езд БПСР ад 1924 г., які прыняў рашэнне аб самароспуску партыі, быў таксама прапагандысцкім мерапрыемствам, якое мела пераканаць беларусаў у замежжы ў тым, што няма лепшай дарогі да ажыццяўлення нацыянальных мэтаў як цераз шэрагі бальшавіцкай партыі.
Сярод прыхільнікаў ліквідацыі структур БНР і далучэння да будовы беларускай савецкай дзяржавы апынуўся Аляксандр Цвікевіч, які з красавіка 1923 г. выконваў абавязкі прэм’ерміністра эміграцыйнага ўрада ў Коўне. Падчас Усебеларускай канферэнцыі, якая адбылася ў Берліне 12—16 кастрычніка 1925 г. з удзелам прадстаўніка беларускага савецкага ўрада Зміцера Жылуновіча, Цвікевіч выступіў з тэзісам аб неабходнасці трывалага замацавання Беларусі ў структурах СССР. Сітуацыя беларусаў, якія апынуліся ў межах Польшчы — гаварыў Цвікевіч — указвала, што для савецкай арыентацыі няма ніякай альтэрнатывы. А існаванне структур БНР аслабляла і падрывала аўтарытэт беларускага савецкага ўрада. Цвікевіч, разам з некалькімі прадстаўнікамі эміграцыйнага ўрада падаліся ў адстаўку і пераехалі ў Мінск. Экспрэм’ер быў прызначаны старшынёю Таварыства культурных сувязей Савецкай Беларусі з заграніцай.
Год пазней на навуковую канферэнцыю ў Мінск прыбыў Вацлаў Ластоўскі, які ў эміграцыйных асяроддзях карыстаўся велізарным аўтарытэтам. Улады БССР падрыхтавалі яму спецыяльную праграму пабыўкі на радзіме. Пад уражаннем перамен, якія здзяйсняліся ў краіне, Ластоўскі рашыў застацца на пастаяннае жыхарства ў Мінску. Спачатку быў ён прызначаны дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, а пасля працаваў неадменным сакратаром Беларускай Акадэміі навук. Прыклад Цвікевіча і Ластоўскага заахвоціў многіх беларускіх эмігрантаў вярнуцца на радзіму. Некалькі гадоў пазней, калі памянялася нацыянальная палітыка Сталіна, яны першымі былі абвінавачаны ў нацыяналізме, варожасці да народа і савецкай улады.
Барацьба супраць “нацыяналдэмакратызму”
У 1925 г. з’явіліся першыя спробы замарудзіць працэс нацыянальнага адраджэння. У кастрычніку гэтага ж года на пленуме ЦК КП(б)Б была прынята пастанова “Аб нацыянальнай палітыцы”, у якой далейшае працягванне палітыкі нэпа і звязанае з гэтым развіццё капіталізму ў гаспадарцы прызнавалася немэтазгодным, паколькі ўмацоўвае яно буржуазную ідэалогію, якая ў Беларусі выяўлялася ростам нацыяналдэмакратычных настрояў. Гэтая з’ява — сцвярджалася ў пастанове — ахапіла не толькі дробную буржуазію, інтэлігентаў і сялян, але і частку камуністаў. Пленум заклікаў партыю на барацьбу дзеля забеспячэння выканання “бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі”. У 1925 г. больш за палову партыйнага апарату складалі бальшавікі, якія прыбылі сюды з Расіі. Да гэтай пары, пакуль не было выразных указанняў з Масквы, яны самі не мелі магчымасці прынцыпова памяняць палітыку партыі ў нацыянальных пытаннях.
Рэзалюцыя ЦК КП(б)Б ад сакавіка 1926 г. “Аб працы сярод інтэлігенцыі” была чарговым дакументам, які прадвяшчаў рэвізію ранейшай палітыкі. У рэзалюцыі сцвярджалася, што далейшая крышталізацыя нацыяналдэмакратычных настрояў вядзе да адмаўлення інтэлігенцыяй тэорыі класавай барацьбы, зраўнання грамадскага значэння рабочага класа і сялян (кулакоў) ды росту беларускага нацыяналізму, асабліва ў адносінах да нацыянальных меншасцей. У дакуменце ўказвалася на непралетарскае паходжанне беларускай інтэлігенцыі і яе сямейныя сувязі з кулацкім асяроддзем. Асабліва небяспечнай для савецкай улады прызнавалася прысутнасць такой інтэлігенцыі ў кіруючых органах КП(б)Б.
У студзені і кастрычніку 1927 г. адбыліся два чарговыя з’езды КП(б)Б, якія далі пачатак адкрытаму змаганню з беларускай культурай і інтэлігенцыяй. На студзеньскім — Х З’ездзе — прыхільнікі г.зв. нацыяналдэмакратычнай плыні, якія выказваліся за захаванне беларускага культурнага вобліку рэспублікі, былі названы шавіністамі і контррэвалюцыянерамі, што ў бальшавіцкай тэрміналогіі абазначала абвінавачанне ў самым вялікім злачынстве супраць савецкай улады. Ярым прыхільнікам антыінтэлігенцкай акцыі быў І сакратар ЦК Аляксандр Крыніцкі, які пазней сам стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.
Да 1929 г. ствараліся толькі ідэалагічныя і прапагандысцкія падставы для расправы над беларускімі інстытутамі нацыянальнага жыцця і тварцамі беларускай культуры. У маі 1929 г. па загаду Сталіна ў Мінск прыбыла Цэнтральная камісія партыйнага кантролю Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў). Пасля двухмесячнага кантролю камісія абвінаваціла кіраўніцтва КП(б)Б у дапушчэнні да публічнага жыцця эміграцыйных палітыкаў і асоб, якія раней былі членамі “буржуазных” партый, а таксама ў адсутнасці рашучасці ў змаганні з “нацдэмаўшчынай”. Сталін не давяраў беларускім камуністам, якія, апрача дэкларацый аб асуджэнні інтэлігенцыі, на практыцы не рабілі амаль нічога, каб спыніць працэс развіцця нацыянальнага жыцця. Менавіта таму аб “небяспецы”, якая пагражала савецкай уладзе ў Беларусі, мусілі заяўляць прысланыя з Расіі і Украіны бальшавікі.
Рашэнні аб расправе над беларускім “нацыяналдэмакратызмам” былі прыняты ў Маскве на канферэнцыі Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) [ВКП(б)]. Тады быў сфармуляваны загад устараніць з шэрагаў КП(б)Б хісткіх і няпэўных асоб, прыхільнікаў дапушчэння да публічнага жыцця “нацыяналдэмакратызму”. Сталін, намагаючыся зрабіць гаспадарчае, палітычнае і ідэалагічнае жыццё на тэрыторыі ўсяго СССР аднародным, не мог дапусціць існавання якіх—небудзь істотных фактараў, якія б сведчылі аб беларускай адасобленасці. Было б гэта перашкодай на шляху да таталітарнай уніфікацыі, якая пачалася ў канцы дваццатых гадоў.
У палове 1929 г. пачалася нахабная і бязлітасная прапагандысцкая кампанія супраць беларускай інтэлігенцыі. Работнікі Беларускай Акадэміі навук і народных камісарыятаў сельскай гаспадаркі і асветы былі абвінавачаны ў прапагандаванні нацыяналізму. Многія былі адміністрацыйнымі метадамі прымушаны пакінуць работу і займаемыя кіруючыя дзяржаўныя пасты.
Арышты тварцоў беларускай культуры і арганізатараў нацыянальнага жыцця пачаліся пасля правядзення кадравых змен у кіруючых цэнтрах Мінска. У студзені 1930 г. І сакратаром ЦК КП(б)Б стаў Канстанцін Гей, які прыхільнікаў захавання нацыянальнага вобліку рэспублікі, сярод беларускіх камуністаў, абвінаваціў у імкненні да адбудовы капіталізму, удзельніцтве ў польскай агентуры і спробе штучнага супрацьпастаўлення культуры беларускай рускай культуры. У чэрвені Аддзел Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР, якім кіраваў прысланы з Масквы Пётр Рапапорт, “выкрыў” існаванне контррэвалюцыйнай, антысавецкай арганізацыі — Саюза вызвалення Беларусі. Была гэта першая вялікая правакацыя чэкістаў, накіраваная супраць беларускай інтэлігенцыі. Былі тады арыштаваны 108 чалавек, галоўным чынам прафесары Беларускай Акадэміі навук і Белдзяржуніверсітэта ў Мінску, загадчыкі ведамства асветы, літаратары, дырэктары навуковых і выдавецкіх таварыстваў, гісторыкі і дзеячы, якія ў 1918—1920 гадах удзельнічалі ў заснаванні Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама арганізатары беларускага нацыянальнага жыцця ў БССР у дваццатых гадах. У ліку арыштаваных апынуліся Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч, Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч, Іван Серада, Антон Баліцкі, Зміцер Жылуновіч, Усевалад Ігнатоўскі, самыя выдатныя прадстаўнікі беларускай літаратуры разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Купала, абвінавачаны ў кіраванні гэтай зрыхтаванай органамі дзяржбяспекі арганізацыі, прабаваў пакончыць жыццё самагубствам.
Цэнтр Саюза вызвалення Беларусі, паводле бальшавіцкай прапаганды, знаходзіўся ў Беларускай Акадэміі навук, а яе прэзідэнт Усевалад Ігнатоўскі быў абвінавачаны ў кіраванні адной з груп нацыяналдэмакратаў. Ігнатоўскі не перанёс прыніжэння і паклёпаў. 4 лютага 1931 г. пакончыў жыццё самагубствам.
У выніку працэсу, які доўжыўся са снежня 1930 г. да сакавіка 1931 г., найбольш жорстка былі пакараны камуністы — канструктары палітыкі нацыянальнага адраджэння ў дваццатых гадах: Зміцер Жылуновіч, Аляксей Адамовіч, Антон Баліцкі, Пётр Ільючонак, Дзмітрый Прышчэпаў. Былі яны прысуджаны да 10 гадоў ссылкі ў канцэнтрацыйныя лагеры. 86 абвінавачаных атрымалі па 3-5 гадоў турэмнага зняволення, а некалькі асоб часова былі апраўданы. У 1937 г., у выніку рэвізіі гэтых прысудаў, большасць абвінавачаных у прыналежнасці да Саюза вызвалення Беларусі была прыгаворана да пакарання смерцю.
Расправа над беларускай нацыянальнай элітай праводзілася пад непасрэдным наглядам Цэнтральнага Камітэта ВКП(б). Падобным чынам вялося таксама змаганне з украінскай інтэлігенцыяй. У той жа час савецкія органы “выкрылі” ў Харкаве Саюз вызвалення Украіны.
У наступных гадах барацьба з г.зв. нацыяналдэмакратызмам пераведзена была з Мінска на правінцыю, дзе спалучалі яе з уціхамірваннем процістаяння сялян супраць калектывізацыі. Прычынай арышту ў правіныйным мястэчку магла быць, напрыклад, кніжка Гісторыя Беларусі Усевалада Ігнатоўскага, выдадзеная некалькі гадоў таму, калі яе аўтар быў наркамам асветы БССР.
У рамках змагання з нацыяналдэмакратызмам новыя кадры Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук распрацавалі новыя прынцыпы правапісу беларускай мовы, зацверджаныя ў жніўні 1933 г. Саветам Народных Камісараў БССР. Пад выдуманай прычынай ачышчэння беларускай мовы ад “буржуазных вульгарызмаў” Акадэмія навук давяла да збліжэння яе марфалагічных і сінтаксічных прынцыпаў да тых, якія абавязваюць у рускай мове. Русіфікацыйным аблягчэнням служыць мела замена беларускіх паняццяў рускімі словамі. З пачатку трыццатых гадоў хутка пачала скарачацца колькасць школ з беларускай мовай навучання. У дзяржаўнай і партыйнай адміністрацыі беларуская мова паўсюдна замянялася рускай.
Калектывізацыя
У 1925 г. падчас XIV З’езда ВКП(б) Сталін заявіў, што для канчатковай перамогі сацыялізму ў свеце неабходнай з’яўляецца індустрыялізацыя Савецкага Саюза. Мілітарысцкія планы Сталіна вызначалі галоўныя напрамкі развіцця прамысловасці. У асноўным планавалася разбудова машынабудавання і металаапрацоўкі, неабходных для тэхнічнага абсталявання арміі, якая мела падтрымоўваць “пралетарскія рэвалюцыі” ў свеце. Планаваныя гіганцкія гаспадарчыя мерапрыемствы патрабавалі мабілізацыі сродкаў унутры СССР, паколькі немагчымымі былі крэдыты ад замежнага капіталу, супраць якога меў быць выкарыстаны гэты мілітарны патэнцыял. Падаткавая абцяжаранасць прыватных прадпрымальнікаў у 1926—1928 гадах хутка давяла да заняпаду гэтага сектара гаспадаркі. Шматкратнае павышэнне сялянам нормаў абавязковых паставак збожжа, якое экспартавалася дзеля атрымання валюты неабходнай для закупкі машын і абсталявання, давяло да змяншэння зацікаўлення сялян прадукцыйнасцю працы, а гэта ў сваю чаргу адмоўна паўплывала на валавую вытворчасць у сельскай гаспадарцы. Выкананне планаў Сталіна, значанае чарговымі пяцігодкамі, патрабавала ўвядзення прынцыпу дармовай працы, рабскай сістэмы, свабоднага перамяшчэння рабочай сілы па ўсёй тэрыторыі СССР па загаду кіруючых цэнтраў, якія каардынавалі бальшавіцкую гаспадарчую стратэгію. Вынікам гэтага была крайняя аб’ектывацыя грамадства і чалавечай адзінкі.
У 1930—1940 гадах у Беларусі паўстала звыш тысячы новых прадпрыемстваў, з ліку якіх каля 400 працавала на карысць ваеннапрамысловага комплексу Савецкага Саюза. Вытворчасць астатніх толькі часткова прызначана была для спажывецкіх мэт. Большасць накіроўвалася на рэалізацыю чарговых інвестыцый або замарожваліся ў якасці мілітарных рэзерваў.
Другой мэтай індустрыялізацыі, апрача будовы ваеннапрамысловага комплексу, была змена структуры грамадства шляхам павелічэння колькасці рабочага класа за кошт зненавіджванага камуністамі сялянскага асяроддзя. На працягу дзесяці гадоў індустрыялізацыі колькасць рабочых у Беларусі павялічылася ў тры разы. У 1939 г. рабочыя разам з сем’ямі складалі 22 працэнты жыхароў рэспублікі. Былі гэта перш за ўсё сяляне, якіх з вёсак выгнала палітыка калектывізацыі.
Становішча рабочага класа ў СССР у перыяд індустрыялізацыі — адна з найменш вывучаных тэмаў гісторыі гэтай краіны. За вялікім прапагандысцкім матэрыялам амаль не відаць праўды. Нізкія заработныя платы рабочых у БССР прымушалі жанчын таксама паступаць на працу. Прапанаваліся ім перш за ўсё месцы ў галіне машынабудавання і металаапрацоўкі. Камуністычная прапаганда стварыла асаблівую мадэль раўнапраўя і эмансіпацыі савецкай жанчыны, якая працуе ў традыцыйна лічаных мужчынскімі прафесіях. Жанчына з кавальскім молатам або за рулём калгаснага трактара мела сімвалізаваць роўнасць савецкіх грамадзян у доступе да ўсіх прафесій. У такі спосаб рыхтаваліся таксама кадры для прамысловасці ў выпадку аб’яўлення ўсеагульнай мабілізацыі.
Раптоўны наплыў вясковага насельніцтва ў гарады ў трыццатых гадах выклікаў узнікненне вялікіх жыллёвых праблем. Новых рабочых пасялялі ў бараках, дзе ў адным памяшканні найчасцей кватараваліся па дзве сям’і. Пры разбудаванай сістэме пастаяннага нагляду за грамадзянамі забяспечвала гэта органам НКУС поўны кантроль рабочага асяроддзя.
У трыццатых гадах, у перыяд сталінскай мадэрнізацыі савецкай гаспадаркі, найбольш пацярпела сялянства. Калектывізацыя стала другім этапам грамадзянскай вайны, якая ў гэтым выпадку вялася супраць самай вялікай групы ўладальнікаў. У Беларусі калектывізацыя пачалася напрыканцы 1929 г. Большасць беларускіх камуністаў, у тым ліку народны камісар сельскай гаспадаркі Дзмітрый Прышчэпаў, не была прыхільнікамі сталінскай сельскагаспадарчай рэформы. Па гэтай прычыне калектывізацыя дасягнула тэмпаў толькі пасля іх арышту і прыгавору за добразычлівасць да “нацыяналдэмакратызму”. У палове 1929 г. толькі 1,4% сельскагаспадарчых угоддзяў належала калгасам і саўгасам. Да канца года гэты паказчык павялічыўся да 10% — у выніку добраахвотнай перадачы сялянамі зямлі ў саўгасы, якім мадэрную інфраструктуру прыдбала дзяржава. На працягу некалькіх месяцаў савецкая прапаганда пераканала частку сялян у тым, што праца ў саўгасах будзе лягчэйшай і больш прыбытковай чым на сваіх уласных гаспадарках.
Ад пачатку 1930 г. новыя камісары БССР, якімі былі прысланыя з Масквы дзеячы або павышаныя правінцыйныя партыйныя актывісты, шчыра выконвалі найбольш абсурдныя дырэктывы Крамля. У лютым 1930 г. Бюро ЦК КП(б)Б вырашыла калектывізаваць да веснавой сяўбы 80% сялянскіх гаспадарак. Быў гэта адказ правячых Беларуссю бальшавікоў на пастанову ЦК ВКП(б) “Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”. Новыя ўлады БССР намерваліся за месяц поўнасцю змяніць структуру зямельнай уласнасці на тэрыторыі рэспублікі і дасягнуць такія тэмпы калектывізацыі, якіх нават не чакаў маскоўскі цэнтр. Шляхам насілля і тэрору да сакавіка 1930 г. канфіскавана было 58% сялянскай зямлі. Разам з зямлёй канфіскаваўся ўвесь інвентар — коні, каровы, свінні, а нават свойскія птушкі. Натуральнай рэакцыяй сялян сталі масавы зарэз жывёлы і хаванне запасаў мяса. Улады неўзабаве такія паводзіны прызналі праявай кулацкай контррэвалюцыі, што пацягнула за сабой усе паслядоўнасці, якія вынікалі з прынятых уладамі надзвычайных мер.
Рэквізаваная сялянская жывёла ў саўгасах і калгасах таксама падвяргалася масаваму зарэзу па прычыне адсутнасці корму і адпаведных будынкаў. У першых трох месяцах 1930 г. БССР страціла чвэрць усяго пагалоўя коней, кароў і свіней. Шэсць тысяч сялян, якія пратэставалі супраць калектывізацыі, былі сасланы ў Сібір. Далейшае фарсіраванне палітыкі калектывізацыі ў намечаным тэмпе пагражала развалам савецкай гаспадаркі і таму на пачатку красавіка 1930 г. у маскоўскай “Праўдзе” з’явіўся артыкул Сталіна, у якім партыйныя актывісты абвінавачваліся ў “здрадзе бальшавіцкім прынцыпам па аграрным пытанні”. Сталін асуджаў прымус і адсутнасць усведамлення сялян у мэтазгоднасці калектывізацыі. Крыху пазней, спасылаючыся на павучэнні Сталіна, да памылак і перагібаў прызнаўся Цэнтральны Камітэт ВКП(б). Кампанія асуджэння метадаў і людзей, якія нанеслі ўрон сельскай гаспадарцы на пачатку 1930 г., выклікала чарговую, непрадугледжаную бальшавікамі з’яву. Сяляне і партыйны апарат у глыбінцы ўспрынялі яе як згоду на выхад з калгасаў і саўгасаў. У красавіку і маі больш за 370 тыс. раней калектывізаваных гаспадарак вярнулася ва ўладанне сялян. У чэрвені дзяржаве або сельскагаспадарчым камунам належала толькі 11% угоддзяў у Беларусі. Аднак немагчыма было ў хуткім часе аднавіць пагалоўе свойскай жывёлы.
Савецкія ўлады аднак не адмовіліся ад калектывізацыі і рашылі яе ажыццявіць метадамі, якія не руйнавалі ўсёй гаспадаркі. Летам зноў сталі заганяць сялян у калгасы. Спачатку састаўляўся спіс інвентара, які потым рэквізаваўся разам з зямлёй. У снежні 1930 г. працэнт калектывізаванай зямлі павялічыўся да 15%, галоўным чынам за кошт найбольшых і самых прадукцыйных гаспадарак, а ў наступным годзе — да 50%. У ліпені 1931 г. ЦК КП(б)Б назначыў канчатковы тэрмін завяршэння калектывізацыі беларускай вёскі на снежань 1932 г. IV З’езд партыі бальшавікоў Беларусі назваў калгаснікаў галоўнай апорай савецкай улады.
Разам з ходам калектывізацыі нарастала супраціўленне сялян, якія стараліся абараніць сваю маёмасць. Многія земляробы мелі ўжо нагоду спазнаць умовы жыцця і працы калгаснікаў. Таму бараніліся яны ад лёсу, да якога прыгаварыла іх савецкая ўлада. У 1932 г., нягледзячы на безупынны націск улад, плошчы калгаснай і саўгаснай зямлі не павялічыліся. Для ажыццяўлення планаў бальшавіцкай партыі былі патрэбны іншыя меры. З 1933 года пачаліся праследаванні аднаасобнікаў. Падвяргаліся яны штрафаванням па розных выдуманых прычынах, вобыскам кватэр, арыштам без прад’яўляння прычын. Гэтыя метады, праўду кажучы, прымусілі частку сялян уступіць у калгасы або ўцячы ў горад, але былі заслабым стымулам каб гэтыя з’явы ўчыніць масавымі.
Разам з ходам калектывізацыі хутка падала прадукцыйнасць сельскагаспадарчай вытворчасці як у галіне вырошчвання збожжавых культур, так і ў жывёлагадоўлі. Дзяржава, ажыццяўляючы план развіцця машынабудаўнічай прамысловасці, патрабавала дарэмных харчоў. Часта з калгасаў забіралі нават тое зерне, якое было прызначана на пасяўны матэрыял. Зарплата калгаснікаў, якая пераважна выдавалася натурай, не дазваляла нават на біялагічнае праіснаванне сялянскай сям’і, пазбаўленай кавалка сваёй зямлі. Таму крадзеж харчоў стаў масавай з’явай. Каб прадухіліць празмернае змяншэнне нацыяналізаванай маёмасці, 7 жніўня 1932 г. Савет Народных Камісараў СССР прыняў пастанову “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці”, якую падпісаў Сталін. Згодна з пастановай савецкага ўрада, за крадзеж калгаснай уласнасці суды павінны былі абвінавачаных прыгаворваць да расстрэлу з канфіскацыяй усёй маёмасці. У паасобных выпадках кара магла быць змякчана, але мінімальны прысуд не павінен быў быць ніжэй за 10 гадоў турэмнага зняволення. Паколькі прыгаворы да вышэйшай меры пакарання выносіліся за крадзеж некалькіх каласкоў збожжа на дзяржаўным полі, пастанова бальшавіцкіх камісараў паўсюдна называлася “законам пяці каласкоў”. У адпаведнасці з гэтым законам у Беларусі ў 1933—1934 гадах засуджаных было амаль 11 тыс. чалавек.
Паралельна з уступленнем у сілу “закона пяці каласкоў” павялічаны былі кантынгенты харчоў з калгасаў і ад аднаасобнікаў. Грамадскі кошт сталінскай аграрнай рэформы ў Беларусі быў папраўдзе меншы чым у Расіі і Украіне, дзе ад голаду памерла некалькі мільёнаў людзей, аднак і тут пацярпела некалькі тысяч ахвяр, а метады калектывізацыі шматлікіх яшчэ ўпорных сялянскіх аднаасобных гаспадарак сталі больш жорсткімі. Згодна з указаннямі бальшавіцкага кіраўніцтва, для паскарэння калектывізацыі ў вёскі былі накіраваны найбольш фанатычныя партыйныя работнікі і камсамольцы — прадстаўнікі рабочага класа. Прызначаліся яны на кіраўнічыя пасады ў калгасах і саўгасах і карысталіся шырокімі кампетэнцыямі, уключна з правам накіроўваць у суд іскавыя заявы з патрабаваннем пакараць абвінавачаных у парушэнні савецкага заканадаўства. Іх агратэхнічныя веды былі надта сціплыя, а рашэнні часта супярэчылі прынцыпам рацыянальнага гаспадарання.
Дзеля ўдасканалення калектывізацыйных працэсаў на раённым узроўні былі створаны палітычныя аддзелы КП(б)Б, якія мелі наглядаць за ўсімі ўстановамі, абавязанымі садзейнічаць паўставанню калгасаў. У снежні 1934 г. больш за 72% зямлі належала калгасам, а год пазней — 85%. У выніку ўведзеных рэформаў ураджайнасць збожжа з аднаго гектара на калгасным полі ўпала ў 1936 г. да 4,5 цэнтнера. Масавыя рэпрэсіі ахапілі самых багатых і найбольш прадпрымальных сялян. Іх ссылка ў канцэнтрацыйныя лагеры толькі адмоўна паўплывала на харчовы баланс краіны. У 1939 г. усё яшчэ 10% сельскагаспадарчых угоддзяў знаходзілася ва ўладанні аднаасобных сялянскіх гаспадарак.
У 1937—1938 гадах калгаснікам былі выдзелены невялікія зямельныя ўчасткі для вырошчвання бульбы і гародніны. Ураджай з гэтых участкаў не раз дазваляў праіснаваць сялянскім сем’ям. Зарплата калгаснікаў у 1928 г. складала 12 рублёў і была ўтрая ніжэйшая за аклад рабочых у прамысловасці.
Калектывізацыя давяла да таго, што юрыдычнае становішча сялян нагадвала сітуацыю да адмены прыгонніцтва ў Расійскай імперыі ў 1861 г. Бальшавікі напрыканцы трыццатых гадоў вярнулі амаль усе элементы расійскага феадальнага права. Сяляне былі пазбаўлены права на зямлю, пашпартоў, права на свабодную змену месцажыхарства. Тысячамі вывозілі іх у назначаныя месцы прымусовай работы. Розніца заключалася толькі ў тым, што распарадчыкамі іхнага лёсу былі не феадалы, а толькі партыйныя суды, якія аб’яўлялі прыгаворы “ад імя працоўнага народа гарадоў і вёсак”.
У сацыялізм цераз Курапаты
Рэпрэсіі і генацыд трыццатых гадоў у Беларусі, так як і на тэрыторыі ўсяго СССР, мелі дактрынёрскі характар і былі вынікам самой сутнасці марксісцкаленінскай тэорыі класавай барацьбы. Беларусь, у якой амаль 90% насельніцтва складалі сяляне, мусіла стацца аб’ектам бальшавіцкага насілля. Пазбаўленне ўласнасці так вялікай колькасці ўладальнікаў не магло абысціся без ахвяр. На XVII З’ездзе ВКП(б) у лютым 1943 г. Сталін зрэшты не скрываў, што рэпрэсіі і насілле могуць быць істотным элементам сацыялістычнага будаўніцтва. Больш таго, ні індустрыялізацыя, ні калектывізацыя не маглі б здзейсніцца без папярэдняга збудавання таталітарнай сістэмы.
У снежні 1934 г. рашэннем Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР уведзены былі новыя прынцыпы следства супраць абвінавачаных у тэрарызме. Аб тым, хто быў тэрарыстам і які ўчынак лічыць тэрактам, вырашалі функцыянеры Народнага камісарыята ўнутраных спраў. “Тэрарыстаў” судзіла спецыяльная камісія ў структурах НКУС. Час следства быў скарочаны да 10 дзён, а прыгавор меў быць неадкладна выкананы. У 1937 г. такія ж прынцыпы прымяняліся да асоб, абінавачаных у дыверсіі і шкодніцтве савецкай уладзе. Узрост асуджаных, якіх можна было пакараць смерцю, зніжаўся да 12 гадоў. Функцыянеры НКУС атрымалі права катаваць падазроных у шкодніцтве. Данос пра антысавецкія сімпатыі быў дастатковай прычынай для таго, каб прыгаварыць чалавека да пакарання смерцю.
Беларусь была толькі адной з многіх рэспублік, праз якую пракацілася хваля ірацыянальнага насілля і злачынстваў, якім падвяргаліся часта выпадковыя ахвяры. У 1937—1938 гадах работнікі НКУС узнагароджваліся ордэнамі і павышэннямі па службе за колькасць выяўленых “ворагаў народа”. Аддзяленні НКУС спаборнічалі паміж сабою ў забойствах людзей, якіх пазбаўлялі жыцця без судовага разбору і зачытання ім абвінаваўчага заключэння. У лесе каля вёскі Курапаты пад Мінскам у 1937—1941 гадах, паводле розных ацэнак, было забітых ад 100 да 250 тыс. чалавек. Ахвярамі ў большасці сталі сяляне Міншчыны і зняволеныя з усёй Беларусі, якія трапілі ў кіпцюры мінскага НКУС. Людзей забіралі з дамоў ноччу і пасля занясення ў спісак “ворагаў народа” завозілі іх у курапацкі лес.
У 1937—1938 гадах расстрэльвалі амаль усіх, якія мелі якоенебудзь дачыненне да беларускага нацыянальнага руху, асветы, навукі, культуры. Загінулі ўсе раней абвінавачаныя ў прыналежнасці да Саюза вызвалення Беларусі. Гэтым разам абінавацілі іх у шпіянажы на карысць Польшчы. Страцілі жыццё 90% работнікаў Беларускай Акадэміі навук, большасць выкладчыкаў Дзяржаўнага універсітэта ў Мінску, работнікаў Тэатра оперы і балета, Дзяржаўнай філармоніі. Загінулі амаль усе арганізатары беларускага палітычнага, навуковага і культурнага жыцця дваццатых гадоў. З ліку 238 беларускіх літаратараў эпоху Сталіна пражыло толькі 20 тварцоў. З бібліятэк была выключана большасць літаратурных твораў на беларускай мове.
Ад тэрору не ўсцерагліся таксама галоўныя каты і арганізатары масавых рэпрэсій у Беларусі. У красавіку 1939 г. ваенны суд НКУС Беларускай акругі прыгаварыў да пакарання смерцю кіраўнікоў гэтага ведамства на тэрыторыі Беларусі — Стаяноўскага, Каўфмана, Ягодзіна і кіраўнікоў Аддзела Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР — Бермана, Закоўскага, Наседкіна, якія стваралі ідэалагічную і прапагандысцкую падставу для бальшавіцкага тэрору.
Невядома колькі жыхароў БССР страціла жыццё ў 1937—1941 гг., колькі магіл, такіх, як у Курапатах, узнікла тады на тэрыторыі рэспублікі. Невядома колькі людзей пражывала на гэтым абшары ў чэрвені 1941 г., калі пачалася нямецка—савецкая вайна.