Кара за службу народу

Абразкі ссыльнага жыцця

Пецюкевіч Мар'ян


Успаміны Мар'яна Пецюкевіча

Пачатак Кальварыі

27 сакавіка 1949 году. Нядзеля была сонечная, пагодная, хаця сакавіцкія ўсходнія вятры стараліся пранікаць пад сарочку і выклікаць дрыжыкі, калі чалавек знаходзіўся хвілін 15 у стане нерухомасьці. Нядзеля гэтая была трывожнай і неспакойнай па ўсім сельсавеце, па ўсёй воласьці і нават павеце. У пятніцу і суботу адбыліся вывазкі замажнейшых сялян і засьцянкоўцаў, млынароў ды іншых замажнейшых жыхараў вёсак. Я не разумеў, чаму апэратыўнікі па вывазцы не паклікалі гаспадара сельсавету да гэтай дзяржаўнай апэрацыі. Я толькі ад суседзяў даведаўся, што з майго сельсавету вывезьлі сям’ю Яна Пашкоўскага, Шырвінскага, Радзевіча і іншых. У суботу я пайшоў на сядзібу бліжэйшага суседа — Яна Пашкоўскага. Там быў назначаны камісар, які супольна з сакратаром сельсавету Язэпам Нарушэвічам ліквідаваў „кулацкую” маёмасьць. Суседзі расьцягвалі, каму што падабалася з дробнага інвэнтара, а асноўнае што было сьпісана пры вывазцы гаспадара, забіралі сагнаныя суседзі у саўхоз і ў распараджэньне валасной управы ў Калін.

Прыкра было глядзець на гэту драматычную сцэну і цяжка было зразумець „праступленьне” гэтай сям’і перад савецкай дзяржавай. Да прыходу савецкай улады, спакон вякоў, на гэтым абшары зямной кулі кожны меў сваё гняздо, сваю ўласнасьць, кожны працаваў ад цямна да цямна чэсна, нікога ня крыўдзіўшы; як папрыклад, гэты Ян Пашкоўскі — каб мець свой кавалак хлеба і выпаўніць абавязкі перад існуючай у гэтым краі ўладай. А тут раптам прыязджаюць людзі няведама скуль і няведама за што ноччу акружаюць хату, гвалтоўна будзяць спрацаваную сям’ю, загадваюць за гадзіну быць гатовымі пакінуць сваё гняздо, выяжджаць няведама куды. У адзін момант з чэснага і працавітага чалавека стаецца страшны праступнік, і ходзяць за ім зь вінтоўкамі сьлед у сьлед, каб ня ўцёк, як за бандытам, які, маўляў, мае на сумленьні забойствы ды рабункі.

Усё, што тварылася, не магло знайсьці вытлумачэньня нават па нормах элемэнтарнай лёгікі. Не было чалавека, які сказаў бы: „Так і трэба яму, крыўдзіў людзей, вось і атрымаў па заслугах”. Наадварот, кожны сусед суседу казаў: „Шкада Яна, ён быў добры чалавек, добры сусед. Ён першы падаў руку, каму яна была патрэбна”.

Падчас гэтай „рэвалюцыі” ў гнязьдзе Яна Пашкоўскага я хадзіў па двары, як гаспадар на пажарышчы. Будынкі ўжо так былі „ахопленыя полымем”, што не было ніякай магчымасьці пагасіць „гэты пажар” і ўратаваць ад зьнішчэньня тое дабро, якое ў цяжкай штодзённай працы нажылі дзяды, бацькі і Ян са сваёй працавітай сямейкай.

Знаходзіліся і такія прагныя гінучага чужога дабра суседзі, якія жадалі павыдзіраць вокны, дзьверы і падлогу ў сьвірне (Ян ня меў падлогі ў сваёй хаце). Усё, што засталося, сталася грамадзкім дабром і таму я, як гаспадар сельсавету забарніў нішчыць і раскрадаць.

Вызначыўшы стоража на сялібу Яна, я вярнуўся дамоў пазнавата ў суботу.

Вечарам прыйшло крыху суседзяў, каб пагаварыць аб справах, якія творацца на сельсавеце і параіцца, як наогул маем паступаць у новай сытуацыі. Я быў перакананы, што гэтым разам апэрацыя па вывазцы „ненадёжных элементов” будзе закончана. Шчыра раіў суседзям дабравольна прыступіць да арганізацыі калгасу. Лепш ісьці ў калгас дабравольна, пакуль рознымі эканамічнымі прымусамі не аскубуць селяніна, як курыцу на шабаш. Горшы прымус быў бы „палітычны”, калі кожнага неахвочага і ўпорыстага селяніна ці бедняка зробяць „контрреволюционером”, а такіх чакала вывазка ў Сібір, або і турма.

Сяляне-суседзі слухалі мяне ўважна, але амаль усе мелі сваю думку наконт калгасу. Некаторыя казалі: „Пачакаем, можа ўспакоіцца з калхозамі, гэта ж не Расея, а Польшча”. Іншыя, больш „падкаваныя” палітычна казалі: „Яны хутка вернуцца на „старыя” граніцы і на халеру нам разараць гаспадарку і рабіць гэтыя чортавы калхозы”. Найбольш адмоўна ставіліся да арганізацыі калхоза бяднейшыя сяляне. У іх былі найбольш агрэсіўныя жонкі, якія і слухаць не хацелі пра калгасы. Яны проста казалі: „Калі ж наша жыцьцё паправіцца! Дасюль жылі бедна, а як пойдзем у калхоз, то з торбаю пойдзем жабраваць. Але хто ж табе дасьць, калі ўсе будуць жабракамі”.

Нашая суседзкая гутарка ў суботу да позьняй ночы не дала ніякіх прагнозаў наконт арганізацыі калгасу. У сувязі з заахвочваньнем у калгас хутка пайшлі пагалоскі: „Ён намаўляе ў калгас, бо яму хочацца быць начальнікам. Мы будзем працаваць, а ён панаваць, бо ён граматны, то яго і назначаць над намі начальнікам”.

Калі суседзі разышліся, я доўга яшчэ размаўляў са сваім сябрам Іванам Сурмай (украінцам) пра тое, як урэшце залажыць ядро будучага калгасу. Мы добра разумелі, што ўлады хутка прыступяць да прымусовага арганізаваньня калгасаў і будзе лепш, калі яны паўстануць на дабравольны пачатках, тады будзе менш эканамічнага разбурэньня сялянскіх гаспадарак і такім чынам паўстаўшыя калгасы будуць мацнейшымі эканамічна і маральна. Пастанавілі мы яшчэ папрацаваць, паўсьведамляць разумнейшых суседзяў. Нават намецілі плян акцыі і прыблізна абмеркавалі тактыку ды мэтады агітацыі сярод суседзяў. На беднякоў, пакуль што, не было ніякай надзеі. Яны проста казалі: „Голы расколу не баіцца”. Не баяліся ніякіх санкцыяў і рэпрэсіяў з боку ўладаў.

На другі дзень, у нядзелю пасьля абеду, я запрог свайго аднавокага каштанчыка і паехаў на хутар Яна Пашкоўскага, каб пераканацца, ці там не раскрадаюць ужо ад суботы грамадзкае дабро. Было там пару „шакаляў”, якія падбіралі то касу з гумна, то граблі, то які стары абруч ад бочкі, а адзін зь іх перакопваў віламі стог саломы — шукаў апарату да самагонкі. Стораж, разам з пляменьнікам Яна седзячы на ганку расьпіваў літар самагонкі знойдзенай у падпольлі.

У гэты момант я заўважыў, як каршак куляю кінуўся на вільчак* хаты і ў лёце схапіў малую птушку. Яна так закрычала трывожна, просячы ратунку, што ўсе мы гатовы былі выратаваць яе з кіпцюроў драпежніка. Але апрача нашага спачуваньня нешчасьлівае птушанё нічога больш ад нас не атрымала. Каршак панёс яго ў ляшчынавы зарасьнік.

Калі падвечар вярталіся дамоў, я і мой каштанчык былі нейкія сумныя. Каштанчык не сьпяшаўся, ляніва перастаўляў ногі ды задумліва апускаў галаву. Не рэагаваў, калі я пакляпаў яго па шыі або ласкава да яго прамовіў. Вушамі ня стрыг, калі чуў які шолах у зарасьніку, калі прабягаў нам сьцежку заяц. Ён захоўваўся так, як звычайна паводзіць сябе конь везучы гаспадара на могілкі.

Калі мы даяжджалі да сядзібы Пятра Лавінскага, нам перабег дарогу чорны кот, але і на яго Каштанчык не зьвярнуў большай увагі. Мне ў гэты момант прыпомніўся дзядзька Гаспар. Ён калісь казаў: „Калі кот перабяжыць дарогу, ды яшчэ і чорны, то не чакай дабра, наварожыць ён табе бяды або і няшчасьця”.

Якіхсь асноў матэматычна вылічаных да бяды і няшчасьця спэцыяльна не чакаў. Праступленьня за сабой ня чуў і таму не чакаў кары ды не баяўся нікога, апрача гітлераўцаў. Хутчэй мог спадзявацца чагосьці дрэннага ад капіталістаў, бо быў адным з бацыляў*, які падточваў іх арганізм. Ад бальшавікоў я не чакаў для сябе нічога благога, бо на іхнюю „мельніцу падліваў ваду”. Я энтузіястычна сустрэў савецкую ўладу ў Літве ў верасьні 1939 г. і ўсёй сваёй істотай рынуўся ў паток будаўніцтва сацыялізму.

Сонца было на качаргу ад зямлі, пачынала ў паветры дыхаць прымаразкамі. Жонка загадала мне знайсьці і загнаць у хлеў сьвіньню з падсьвінкамі, зь якіх адзін, запаршывелы, называўся „Катапузя”. Знайшоў я іх ажно на полі суседа Яна Сямашкі. Чамусьці яны неахвотна вярталіся дамоў. Адбягалі ад мяне і паадзіночку кожны ў іншым напрамку стараліся адбягаць ад нашай сядзібы. Пасьля доўгай мітусьні са сьвіньнямі ўсё ж я іх прыгнаў дамоў.

Ідучы ад хлява, калі сонейка ўжо зусім прыбліжалася да бульбянішча Хаткевіча, я заўважыў, як нейкія дзьве постаці перабягалі ад гумна на ўскрай саду. Пасьля ўжо бліжэй мяне вынырнуў з за тоўстага ствала клёну яшчэ трэці чалавек, з за другога дрэва — чацьвёрты. Цені іх у праменьнях заходзячага сонца былі так доўгія, як на роўным полі гоні. За хвіліну я заўважыў, як адна зь невядомых мне асоб ужо зусім блізка крочыла проста на мяне размахваючы поламі расшпіленага шыняля. З адлегласьці некалькіх крокаў ад мяне я пазнаў у гэтым незнаёмым майго знаёмага па валасных сходах капітана Гарынчука — начальніка НКВД на нашу воласьць. Прыбліжыўшыся да мяне, з выразнай разгубленасьцю тыцнуў руку на прывітаньне і засопшыся, запытаў: „Ну, что у тебя слышно? Как живёшь?” Гутарка зусім ня клеілася. „Ну, как у тебя обстоит дело с организацией колхоза?” Коратка адказаў я яму, што гэтай справай займаюся, гутару, пакуль што паадзіночна, зь сялянамі і думаю, што ў хуткім часе на сельсавет арганізуем пару калгасаў. Справа ідзе цяжка, але не безнадзейна. Але я пачынаю цяміць, што яго цікавіць не калгасная справа. Аднак ён стараецца да канца разыграць вырэжысэраваную камэдыю. Загадвае сабраць на сход усіх сялян з нашага сельсавету. Я адразу заявіў, што па захадзе сонца пакуль павядоміш, то і да раніцы не зьбярэш. Хто там ноччу пойдзе за 5-6 кілямэтраў да Лавінскага? Але загад начальства трэба выконваць, хаця б ён быў зусім недарэчны. І я выказаў гатоўнасьць садзіцца вярхом на свайго Каштанчыка і гойсаць па хутарах і вёсках. Бачачы маю рашучасьць выканаць загад, ён раптам яго адмяняе: „Давай сначала зайдем к тебе на квартиру”. Калі мы заходзілі ў хату, я заўважыў тых, якія перабягалі раней ад гумна ў сад у шынялях. Яны ў гэты час занялі пасты вакол хаты. Ну, усё, справа выясьнілася, — падумаў я. Значыцца, прыбылі па мяне. У хаце капітан Гарынчук адчуваў сябе цалкам бясьпечна, бо ахоўвалі яго хлопцы.

Спачатку спытаў, дзе мая жонка, дзе дзеці. Я адказаў, што ўсе дома. Загадаў паклікаць жонку, але мне не дазволіў ісьці за ёй, а паслаў Івана Сурму. Калі ўся сям’я была ў камплекце, тады Гарынчук выцягнуў з за пазухі паперу. Урачыста і сур’ёзна прачытаў тэкст аддрукаваны на машынцы, прыблізна такога зьместу: „Решением правительства Верховного Совета Литовской ССР гражданин М. И. П. проживающий в Неменчинке переселяется со своим семейством в отдалённые места СССР. Имущество движимое и недвижимое подлежит конфискации в пользу государства. Подпісы...”

Прачытаўшы, запытаў: „Всё понятно?” І дадаў: „Даю вам один час времени собрать необходный ручной багаж и быть готовыми к отъезду”.

Пасьля гэтага ў мяне вырвалася падсьвядомае пытаньне: „Скажыце, за што мяне вывозяць?” Наступіў кароткі адказ: „Ты хотел строить Незалежную Белоруссию, вот за это тебя переселяют”. У гэты момант мая жонка запратэставала: „Я ж — полька, а за што ж мяне высяляеце?” Зноў быў кароткі адказ: „Где муж, там и жена. Поедете, а там разберутся”.

Мне не дазволілі крануцца зь месца. Жонка пры дапамозе суседак пакавала ў мяшкі і чамаданы, што траплялася пад руку; у першую чаргу старалася браць адзеньне і абутак, перад усім для дзяцей.

Сьпіс маёмасьці састаўляў сам Гарынчук пад маю дыктоўку. У гэты час суседзі, нягледзячы на ахоўнікаў-міліцыянераў, хто што мог хапалі з хаты, са сьвірна і пераносілі дамоў. А „істрэбкі”, якія ахоўвалі ў хаце нас і Гарынчука, таксама шарылі ў шафе, кладоўцы, у буфэце і што лепшае ды партатыўнае* стараліся паглыбей палажыць у кішэні сваіх шынялёў і сумак.

На другі дзень уся маёмасьць была вывезена і перададзена па назначэньні. Напрыклад, піяніна паехала ў саўгасны клюб у Вэркі, пчолы, кароўка, авечкі, сьвіньні і мой любімец аднавокі ў калгас Гератанішкі.

У апошні момант перад пагрузкай маёй сям’і ў расклякатаны грузавічок Чырвонадворскага МТС**, Гарынчук загадаў сабірацца старой, недалужнай цешчы і швагерцы, якія ўжо ня мелі часу забраць і самага неабходнага асабістага багажу.

Добрыя суседзі пры пагрузцы нас у машыну падкінулі харчоў і, самае важнае для перасяленцаў — пілу і тапор, якія так прыдаліся на „новай гаспадарцы”.

Сэрца камянела і сьціскалася ад болю і пачуцьця нясправядлівасьці, калі мы пакідалі гняздо і ўсё здабытае цяжкай фізычнай працай і ад’яжджаді на поўнае гора, на цярпеньні фізычныя і маральныя, на паняверку. Гэтую бездань маральнага цярпеньня яшчэ вярэдзіла і распальвала раны душы назойлівае пытаньне: „За што?!”

Разьвітаньне з гэтым часовым месцам жыхарства, дзе я пражыў падчас нямецкай акупацыі і некалькі гадоў пры савецкай уладзе ў якасьці селяніна-земляроба, не было для мяне цяжкім. Не шкадаваў я нават таго скромнага дабра, якое мы нажылі з жонкай сваёй сумленнай працай у горадзе і на вёсцы. Гэта быў „пажар”, які зьнішчае за адну-дзьве гадзіны ўсё тое, што пакаленьнямі нажываецца. Для мяне было найбольшым цярпеньнем, болем душы і сэрца разьвітацца зь сястрой, якая адпраўляла нас у невядомы і беспаваротны шлях. Яна павісла мне на шыі і ўтапілася ў палючых нутро гарачых сьлязах. Умомант бязладна апалі яе рукі і яна спаўзла мне пад ногі самлеўшая. Яшчэ больш цяжка было мне разьвітацца з маёй гаротнай мамай, якая знаходзілася на хутары ў швагра. Яна не магла зьявіцца на разьвітаньне, бо яе таксама змусілі б ехаць з намі на высылку. Яна, бедная, усю гэту ноч прастаяла на ганку і ўсёй сваёй істотай услухоўвалася ў той шквал, які даносіўся з нашай хаты. Яна траціла чацьвёртага сына ў гэтай ваеннай і паваеннай завірусе; сына, які хаця крыху зьменшваў ейнае гора, ейны сум па тых сынах, якія загінулі ад гітлераўскіх куляў.

Я кожны амаль вечар, пасьля працы бег хаця на гадзінку да мамы, каб зь ёй правесьці вечар у сардэчнай шчырай размове, поўнай бязьмернай любові. Я ў сваёй маме бачыў нешта большае чым сьвятасьць. Яна была бальзамам на мае духоўныя раны, на мае маральныя цярпеньні. Яна была для мяне неабходным для жыцьця сонцам, паветрам і вадой. Але калі праязджаючы насупраць хутара я ўглядаўся праз начную цемру ў туманныя абрысы хаты, дзе на ганку стаяла мая мама і чула гудзеньне правозячай нас машыны, я ня думаў пра сябе і сваю сям’ю, пра нашу няведамую будучыню. Я думаў аб маме і ведаў, што яна тоне ў сьлязах, а я ёй ніяк не магу дапамагчы. Не магу яе суцешыць, не магу яе ўспакоіць. Хутка за ўзгоркамі схавалася Хмізютка, дзе застаўся мой найдаражэйшы скарб, мой шчыры прыяцель — мая мама. Чым далей мы ад’яжджалі, тым больш я прыбліжаўся ў Хмізютку і там душой і сэрцам застаўся да канца жыцьця маёй мамы.

Канваіравалі нас капітан Гарынчук, старшы лейтэнант (прозьвішча невядомае) і два „істрэбкі” — дабравольцы стараверы з пад Мэйшаголы. Вельмі ўважна сачылі за мной, каб ня выскачыў з машыны і ня ўцёк. Калі капітан перайшоў у „шафёрку”, тады старэйшы лейтэнант паціху пачаў з намі размаўляць. Пацяшаў, што нам ня будзе блага, што і ў Сібіры людзі жывуць і мы таксама сярод людзей ня згінем: „Хто ўмее і хоча працаваць, той нідзе ня згіне”. Быў ён, як відаць, людзкі чалавек. Можна было вычуваць, што ён нават спагадае нам у нашым горы.

Прыехалі мы ў Вільню, калі ўжо пачалося сьвітаньне. Правезьлі нас вуліцай Кальварыйскай, Віленскай, Завальнай і пасьля машына павярнула ўправа ў напрамку таварнай станцыі. Там стаялі таварныя цягнікі, г.зв. „цяплушкі”, у якія пагружалі перасяленцаў. Сярод „ворагаў народу” каля 90% складалі сяляне з падвіленскіх ваколіц. Дзе-нідзе відаць было гараджан, інтэлігенцыю. Доступ „вольным” людзям сюды быў забаронены — апрача падвозчыкаў, якія прывозілі сваіх суседзяў на ссылку. Шмат тут снавалася „дзелавых” людзей у мундзірах і па-цывільным. Вакзал і паасобныя эшалёны ахоўвалі жаўнеры НКВД („краснопогонники”).

Пагрузка ў „цяплушкі” адбывалася вельмі энэргічна. Што хвіліна чулася там і сям каманда: „Давай, давай побыстрее!”

Гарынчук таксама хутка нас пазбыўся, сам нават памагаў перакінуць нашы вузлы ў „цяплушку”. На разьвітаньне сказаў мне „пацяшальныя” словы: „Счастливого пути! Не горчай, всё будет благополучно. Может ты и не виноват, но где дрова рубят, там и трески летят!”

У нашым вагоне ў адной палове былі ўжо дзьве сям’і: Размысловіча (4 асобы) і Вацлава Андрыеўскага (5 асоб), сялян з пад Тургель. Сядзелі на вузлах і прыглядаліся новым пасажырам. Іх роспач, сум як быццам меншалі, калі яны бачылі, што ня толькі іх вязуць. Праз хвіліну пагрузілі ў наш вагон сям’ю нашага блізкага суседа Запольскага (5 чалавек). Празь нейкі час падвезьлі сям’ю Мечанца — цырульніка зь Немэнчына, потым аптэкара зь Вільні — Шапіру з жонкай, жыдоў. Шапіру ўзялі за тое, што яго Немцы не расстралялі. Ён да вызваленьня працаваў на хімічнай фабрыцы ў Нямеччыне. Пасьля вызваленьня з амэрыканскага сэктара вярнуўся ў Вільню на раней займаную пасаду кіраўніка аптэкі на Кальварыйскай вуліцы. Яму проста сказалі: „Ты, видно, служил немцам, и поэтому тебя не расстрэляли, вот за это мы тебя репрессируем”. Урэшце прывезьлі адзінокую дзяўчыну-літвінку, якая ня мела пры сабе ніякага асабістага багажу, проста ўзялі яе як стаяла і прывезьлі на станцыю. Была яна з Пасэйненскага павету, звалі яе Броня, прозьвішча не запамяталася. Сымпатычная дзяўчына і дзіўна вяла сябе, зусім бестурботна, як дзіцё. Усім яна падабалася, хутка зжылася з пасажырамі. Кожны ёй прапанаваў харчы, бо яна, як ужо сказана, ня мела нават і кавалка хлеба. Празь нейкі час — у падарожжы — крыху зьнелюбіў яе Запольскі. Прычына гэтаму была зусім простая, а ёй незразумелая. Броня разьлякавалася на палацях вагона разам з нашай сям’ёй і заняла месца пры самым закратаваным ваконцы „цяплушкі”. Калі цягнік дзе спыняўся або праяжджаў празь які горад ці пасёлак, Броня старалася ўбачыць тое, што было па за нашым вагонам. Яна тады прынікала тварам да ваконца, зразумела, лежачы на палацях, і зусім ня ведала, што дзеецца зь яе цэлым корпусам. Калі яна натужвалася да ваконца, у гэты момант яе даволі кароценькая спаднічка сьцягвалася таксама ў напрамку акенца, у выніку чаго зусім агольваліся ейныя пульхныя прыгожыя маладыя ножкі ажно да таго месца, дзе яны пачыналіся. Ніхто з пасажыраў не зьвяртаў на гэта спэцыяльнай увагі, а калі і зьвяртаў, то не рэагаваў. Адно Запольскі — 50-гадовы селянін не сьцярпеў і паўголасам зьвярнуўся да мяне і з абурэньнем сказаў: „A żeb ona skisіa, ta dziewczyna! Nu na czysto zdurniawszy! Jakża tak można pokazywać goła dupa. Taka młoda i już zepsuwszysie!”

Праз гадзіну-дзьве пасьля таго, як улякаваўся ў нашым вагоне Шапіра, пачалася „працэсія” жыдоў, якія ўрываліся паадзіночцы, па двое, па трое на пэрон і дапытваліся: „В каком вагоне товарищ Шапиро?” На пэроне падымаўся такі істэрычны вэрхал, што і ахова не патрабавала шукаць вагона з Шапірам, ён сам або жонка адзываліся. Тады да нашага вагона падбягалі прыйшоўшыя жыды і падавалі нашаму спадарожніку чамаданы, вузлы, харчы, фрукты, грошы й г.д. Гэтыя падаркі на дарогу давалі Шапіру, пакуль мы ня рушылі ў дарогу. У нашым вагоне было так цесна, што гэтыя чамаданы сустракаліся варожа, бо не было дзе іх паставіць. І Запольскі ўжо ня вытрываў і запытаў Шапіру: „Pan, czego oni jak oszalawszy latają? Czemu to mnie nicht nie przynosi? Wot u was u Żydów to taka wielka drużba, cały kahał zleciałsia, jak dowiedzielisia, że pana zabrali”.

Я таксама пацікавіўся гэтымі падаркамі і спытаў у Шапіры, ці гэтыя дабрадзеі — гэта яго сваякі? Ён скромна адказаў, што ўсе яго і жонкі родныя ды сваякі, а нават знаёмыя расстраляныя, а гэтая дапамога ў постаці лякарства (якім ён у Сібіры гандляваў), адзеньне, яда, грошы й г.д. ад зусім незнаёмых. Гэта была дэманстрацыя нацыянальнай і — мо рэлігійнай — салідарнасьці.

І тут Броня-літвінка зьяўляецца вострым кантрастам. Яе прывялі салдаты ў наш вагон нават без кавалка хлеба ў так далёкую дарогу і ніхто са сталіцы Літвы, Вільнюса, не паклапаціўся аб лёсе гэтай адзінокай дзяўчыны. Ніхто ёй не прынёс ні вопраткі, ні яды і ніхто не памахаў хаця б здалёку рукой ці хустачкай на развітаньне, як рушыў эшалён у нязьведаную даль.

Разьвітаньне зь Вільняй

На другі дзень, калі эшалён быў скамплектаваны, а гэта было 29 сакавіка 1949 г. раніцай, з усходам сонца рушыў цягнік на ўсход у напрамку Новай Вілейкі. Усе жыхары нашага вагона спаважнелі, перажагналіся, і Шапіра з жонкай таксама, відаць, хаця бяз культавых форм, але ў духу маліўся па-свояму, свайму Богу.

Калі цягнік прасоўваўся ўздоўж Каляёвай вуліцы, насупраць Вострай Брамы, у якой знаходзіцца капліца цудоўнага абраза Божай Маці, мне стала страшэнна сумна, боль нутраны сьціснуў сэрца як жалезнымі абцугамі. Я пачаў імправізаваць глыбокую малітву. Але яе ніхто ня чуў апрача мяне і Той, да каго яна была скіравана. Мне было невыносна цяжка разьвітвацца з горадам, дзе я пражыў 27 гадоў, дзе правёў найлепшыя гады свайго жыцьця — маладосьць, дзе я спазнаў шмат гора і радасьці. Горад, які мяне навучыў кахаць усёй маёй істотай, усімі фібрамі маёй душы маю дарагую Бацькаўшчыну — Беларусь, мой многапакутны беларускі народ. Горад, які для мяне стаўся кузьняй, у якой загартавалі мяне на моцную ніколі нержавеючую сталь мае настаўнікі і ідэалягічныя правадыры: Максім Гарэцкі*, Браніслаў Тарашкевіч**, а найбольш — ніколі не забыты, найдаражэйшы сын нашага народу — ксёндз Адам Станкевіч***.

Туга і боль душы цёмнымі хмарамі завалаклі маю сьвядомасьць, мой здаровы рассудак, вочы затуманіліся, а ў сэрцы разгарэлася крыўда і нянавісьць да тых, хто чыніць глум, хто сее на сьвеце зло ды крыўду. Міналі мы падвіленскія ўзгоркі, якія здаваліся глядзець на нас апошні раз і я разьвітваўся зь імі з глыбокім сумам у вачах, зь вялікай тугой у сэрцы. А цягнік з кожнай хвілінай набіраў усё большага разгону, сьпяшаючыся як найхутчэй вырваць з каранямі тых, якія глыбока ўрасьлі ад няпамятных часоў у сваю беларуска-літоўскую зямлю, вывезьці іх адсюль і выкінуць на чужыну, каб там загінулі і фізычна, і духоўна. Колы цягніка манатонна і злавесна паўтаралі адно: „В Сибирь, в Сибирь”, або „В колхоз, в колхоз...”

Паступова пачынала агортваць усіх нас рэзыгнацыя, бязвольнасьць, пасыўнае падпарадкаваньне невядомай будучыні, няведамаму лёсу.

Перад вачыма ў кожнага быў неадступны знак запытаньня: Куды вязуць і што з намі зробяць?..

Першы ліст родным

Прыбліжаючыся да Ашмяны, я прыгадаў, што на станцыі ў вадакачцы працуе дзядзька жонкі, Антон Лабаноўскі — стары чыгуначнік, які ўсё сваё жыцьцё пампаваў ваду цягнікам пры ўсіх пануючых уладах у нашай краіне. Пампаваў ён ваду разам з праклёнамі і гітлераўскім акупантам, бо ў партызанку ён быў ужо стараваты. Пастанавіў я пры дапамозе дзядзькі паведаміць маму і сястру, у якім напрамку мы едзем. Хуценька адарваў шматок белай тканіны і хімічным алоўкам напісаў некалькі слоў: „Жывы, здаровы, праяжджаем праз Ашмяну ў напрамку Менска”. Скруціў у трубачку гэты ліст і праз акенца выкінула яго на пэрон літвінка Броня. На пэроне былі толькі чыгуначнікі абслужваючыя станцыю Ашмяна. Пастароньніх асоб, звычайных пасажыраў не было. Відаць на час праходу эшалёну праз станцыю, на якой цягнік з „ворагамі народу” не спыніўся, не дапушчаліся пасажыры і агулам „лішнія сьведкі”, каб ня бачыць „гуманнага дзяржаўнага мерапрыемства Справядлівага Савецкага Саюзу”.

Праўду кажучы, ня меў я ніякай надзеі на даручэньне майго ліста дзядзьку Антону Лабаноўскаму. Бо ці ж маглі яго перадаць дзяжурнаму на пэроне жалезнадарожніку міліцыянты або чыгуначнікі? Калі б і заўважылі выкінуты „ліст”, то прачытаўшы яго зьнішчылі б.

Аднак бліснула малая надзея на даручэньне, калі Броня сказала, што „трубачка” ўпала пад самыя ногі чыгуначніка, які заўважыў і неспасьцярожна кіўнуў галавой, гледзячы ў ваконца нашай „цяплушкі”.

Аказалася, як пазьней, паведамілі нас у Сібіры, што дзядзьку Лабаноўскаму мой „ліст” быў даручаны ў той самы дзень. У першы выхадны дзень дзядзька завёз яго маім родным у Хмізютку. Гэты ліст зарыентаваў маіх родных, што вязуць нас на ўсход, у Сібір, або ў Казахстан. Калі б эшалён з Новай Вілейкі ўзяў напрамак на Бэзданы — Сьвянцяны — Даўгаўпілс — азначала б, што праз Ленінград вязуць нас у Комі АССР, дзесь у тайгу ў Котлас, а можа і ў тундру пад самую Варкуту — што было б значна горш, чым Сібір або Казахстан. Ігнат — муж маёй сястры і сябра Іван Сурма — людзі „граматныя” і „з галавой”, павесялелі і ўспакойвалі маму і сястру, што не павезьлі нас на пэўную гібель. „Сибирь — ведь тоже русская земля” і там таксама жывуць спакон вякоў людзі і мы сярод людзей неяк будзем жыць. Найбольш трывожыла мяне і маіх родных, якія засталіся на месцы, што ў нашай 6-асабовай сям’і толькі двое працаздольных — я і жонка. Ці зможам мы здабыць неабходныя варункі да існаваньня для шасьці чалавек?

Але я верыў у сваю „мужыцкую” выносьлівасьць, у загартаванасьць да ўсякіх фізычных і маральных цяжкасьцяў. Я верыў у свае рукі і часткова ў галаву. Ня падаў духам і падбадзёрваў сваіх спадарожнікаў. Пераконваў усіх, што вязуць нас як рабочую сілу ў калгасы і саўгасы, што ані я, ані мая жонка, ані таксама Шапіра з жонкай працаваць на новым месцы жыхарства па спэцыяльнасьці ня будзем, што чакае нас цяжкая фізычная праца. І гэта добра, бо на выпадак вайны, працуючы на земляробстве з голаду не пагінем. Калі б нават не было хлеба, то трава будзе, будзе гародніна — вітаміны. Тут Шапіра балюча ўсьміхнуўся і сказаў: „Калі будуць вітаміны, то чалавек будзе жыць...”

Я змог нарысаваць такую аптымістычную карціну нашай будучыні ў Сібіры ці ў Казахстане, што ўсе нашы спадарожнікі-сяляне і нават цырульнік Мечанец ажывіліся, павесялелі і пачалі кожны па-свойму крэсьліць пляны будучага жыцьця. Нават Запольскі, безнадзейны пэсыміст, пачаў верыць у тое, што не вязуць нас, як немцы жыдоў, на расстрэл. Калі мы пакідалі Вільню, то ён мне з поўным перакананьнем сказаў: „Panie, te niedowiarki wywiozą nas w cudza strona i tam wszystkim zrobio chaіemus jak Niemcy Żydom”. Пасьля маіх меркаваньняў аб будучыні, прыгарнуўся да мяне і аптэкар Шапіра. Пачаў да мяне адносіцца з поўнай пашанай і даверам. Аднойчы сказаў: „Я желал бы поселиться вместе с вами. Вы неплохо разбираетесь в создавшемся обстоятельстве”. Я запэўніў яго ў маёй зычлівасьці да іх, і сказаў, што ягоная спэцыяльнасьць хіміка напэўна знойдзе прымяненьне ў сельскай гаспадарцы. Ён узрадаваўся і яшчэ раз падкрэсьліў, што жадаў бы разам са мною працаваць. Крэсьлячы пляны працы і быту на новым, яшчэ няведамым месцы мы і не заўважылі, як ужо пад’яжджалі да Менску — сталіцы маёй роднай Беларусі, для якой я заўсёды быў гатоў і прысьвяціць сваё жыцьцё.

Менск

Першы раз у жыцьці давялося мне быць у Менску позьняй восеньню 1941 г. на ўсеагульнай Канфэрэнцыі школьных інспэктараў Беларусі. Я рэпрэзэнтаваў Ашмянскі школьны інспэктарат. Менск ляжаў у развалінах. Я бачыў толькі цэнтральную вуліцу горада. Стаялі шкілеты спаленых і кучы цэглы з зусім разбураных дамоў. Горад рабіў уражаньне могільніка, на якім рыскалі гітлераўскія гіены, шакалы і груганьнё з эмблемамі сьмерці — чэрапамі на шапках. Горад для мяне паказаўся чужым. Сустракаліся тут акупанты і няўцёкшыя мяшчане, якія зусім не размаўлялі па-беларуску. Хаця мне, няраз, і не было патрэбы чагосьці папытаць у сустрэчных мянчан, але я спрабаваў нешта запытаць, каб пераканацца, ці гэта беларусы. Усе яны на мае пытаньні адказвалі па-расейску і непрыязна глядзелі на мяне. Відаць, беларусаў, як і немцаў, яны залічалі да „акупантаў” ісьцінна „русского города”.

Нейкім цудам чамусьці ацалеў ад разбурэньня „Дом ураду”, у якім разьлякаваліся акупанты.

Канфэрэнцыя інспэктараў адбывалася ў якімсьці памяшканьні пры вуліцы Алеся Гаруна, якая да акупацыі называлася — здаецца — Пралетарская. Канфэрэнцыю праводзіў галоўны школьны інспэктар ксёндз Вінцук Гадлеўскі*. Выступаў ён у штацкай вопратцы. Стараўся са сваім менскім асьветным актывам надаць канфэрэнцыі беларускі патрыятычны дух. Стараўся ў сваіх прамовах укінуць у кожную душу ўдзельнікаў канфэрэнцыі іскру любові да свайго народу і да яго культуры. Кіданыя ім зярняты знаходзілі добрую глебу толькі ў прадстаўнікоў былой Заходняй Беларусі. Усходнікі мала рэагавалі. Яны захоўваліся, як на паншчыне. Падчас перапынкаў яны гуртаваліся „свае са сваімі” і вялі гутарку між сабой на „общепонятном языке”. Гэтая зьява рабіла дрэннае ўражаньне на тых заходнікаў, якія за сваю культуру, за сваю мову цярпелі прасьлед з боку польскіх акупацыйных уладаў. І мы — заходнікі — на свае вочы ўбачылі „перадавую беларускую інтэлігенцыю” і горка расчараваліся. Калі вясковы настаўнік адрокся ад сваёй мовы і культуры, то хто ж тады прышчэпіць любоў да яе і ўзгадуе прышлых беларускіх сыноў, якія могуць рэпрэзэнтаваць беларускі народ?

Дапоўнілася чара маёй горычы ў Менску яшчэ адной кашмарнай карцінай. Я бачыў на вуліцы гораду вялікія калёны ваеннапалонных, якіх немцы гналі на нейкія работы. Гэта не былі людзі, а цені людзей, якія ледзь пасоўваліся, абарваныя, паўбосыя шоргалі па абледзянелай вуліцы. Жыхары горада не маглі іх ратаваць ад голаду, бо самі былі паўгалодныя. На маіх вачах адзін палонны падтрымліваны пад рукі двума сябрамі сунуўся з гэтай лявінай ценяў. Ногі яго ўжо не пераступалі, але валакліся скрабучы абледзянелы асфальт. Неўзабаве ўварваліся ў калёну два канваіры-немцы, выцягнулі яго на правы бок вуліцы. Пад шкілетам дома двума стрэламі прыкончылі няшчаснага чалавека і пабеглі на сваё месца да калёны. Калі калёна мінула, я падыйшоў да трупа. Ён ляжаў наўзнак, з прастрэленай галавой, зь якой выплывалі акрываўленыя мазгі. Рукі і ногі сутаргава яшчэ падрыгвалі. „Пракляцьце вам і вашым пакаленьням, людаеды! Сьцёрці вас з аблічча зямлі. Выпаліць ваш плод ва ўлоньні вашых жонак, каб не нараджалася на сьвет праклятае насеньне!” — так я сказаў сам сабе, стоячы над трупам, які напэўна асіраціў дзетак і затапіў у моры сьлёз жонку, маці і ўсіх родзічаў. Не, ня можа быць прабачэньня і літасьці для тых, хто ўтапіў маю бацькаўшчыну ў крыві нявінных людзей, у моры сьлёз, гора і пакут мацярок, жонак, дзетак.

Такім я пабачыў наш родны Менск у восені 1941 г.

У сакавіку 1949 г. я ўжо пабачыў іншы Менск. Я бачыў яго з „цяплушкі” праз маленькае закратаванае акенца.

Цяпер сустрэла мяне сталіца Роднай Беларусі, як свайго дарагога госьця — „хлебам і сольлю”. Павольна праз прадмесьце ўсоўваўся наш эшалён у горад у напрамку вакзалу. Але зараз жа запыніў нас усеўладны таварыш сэмафор — відаць, шлях быў яшчэ заняты. Затрымаўся наш цягнік на хвілін 7-10. Хто быў бліжэй акенцаў нашых „салёнак”, стараўся пабачыць горад, людзей. Я таксама прынік да вакенца, каб хаця праз гэту маленькую шчылінку пабачыць вызвалены і адбудоўваючыся Менск ды ў душы назаўсёды разьвітацца з сэрцам маёй дарагой Бацькаўшчыны.

Убачыў я яшчэ сьцены дамоў, абшарпаныя і пакалечаныя кулямі і снарадамі, праходзячых „вольных” людзей, якія бачачы праз закратаваныя акенцы „цяплушак” твары — жанчын і мужчын, не выглядаючых на буржуяў і ворагаў працоўнага чалавецтва, зразумелі ў чым справа, пачалі спыняцца і ўзірацца. Але тут пачуліся істэрычныя сказы — каманда канваіраў: „Давай, давай проходи! Чего тут не видели?!” Цягнік зь вялікім напружаньнем крануўся і пасунуў да сваёй найбліжэйшай мэты. Не праехалі мы хіба і 50 мэтраў, як я заўважыў школьную дзятву, якая высыпалася роем з за школьнага будынка, наблізілася да цягніка і абкідала яго каменьнем, кавалкамі цэглы і грудкамі зямлі.

Для мяне стала зразумела ўсё. Школьная дзятва была ўжо падрыхтавана і выдрэсіравана да выкананьня „патрыятычнага чыну”. Ясна, перад акцыяй і пасьля акцыі былі праведзены адпаведныя „бяседы” на тэму патрыятычнага ўзгадаваньня маладых грамадзян перадавога і гуманнага савецкага грамадзянства, выхоўванага ў духу „коммунистической морали”.

Што ж, дзеткі выканалі на 100% тое заданьне, да якога інсьпіравалі „духовные вожди”, якія з за вугла школьнага будынка выглядалі і ацанялі „свои воспитательные достижения”!

Уехаўшы „глыбей” у горад сапхнулі наш эшалён на заржавелую лінію, далей ад людзкіх вачэй і акружылі канваірамі. Празь некаторы час выклікалі з кожнай „цяплушкі” па трох чалавек зь вёдрамі і павялі на абед. Вакзальная кухня падрыхтавалася на наш прыезд. На кожнага „ворага народу” выдалі па каўшы супу (капусты зь мясам) і па порцыі хлеба, а для немаўлят нават малака. Абед смакаваў, хаця суп быў засолены і заперчаны. Запольскі зьеў сваю порцыю, перажагнаўся і сказаў: „Panie, po takiej kapuście będzisz trzy dni szczekać na broda. Ona wszystkie kiszki spali. Moża oni podsypali jakiego myszniaku? Oniż nie poszkodują nas, te niedowiarki!”

Пасьля абеду пачулася каманда канваіраў пры адсоўваньні дзьвярэй у „цяплушках”: „А ну, давай, выходи оправляться!” За выняткам маёй сям’і і Шапіры ніхто з нашых падарожнікаў не зразумеў гэтай каманды. І тут Запольскі запытаў: „Co, dalej nas nie powiozą, tu już wypuszczają? Toż za trzy dni ja do chaty dojda, uciekszy!”

„Апраўляцца” загадана было пад вагонамі свайго цягніка і нікому не дазволілі перайсьці на другую лінію. Усе гуртам, мужчыны і жанчыны. Моладзь абодвух полаў захоўвалася вельмі сарамліва, але ж выхаду іншага не было. Хутка зноў пачулася каманда: „Давай быстрее по вагонам!”

Забразгаталі дзьверы „цяплушак”, зашчоўкалі замкі і цягнік рушыў у далейшы шлях у „абяцаную краіну шчасьця і радасьці”.

Менск — Ужур

Да Смаленску везьлі нас галоўнай артэрыяй, якая злучае Прыбалтыку і Беларусь з сэрцам краіны шчасьця ўсіх народаў Савецкага Саюзу і сьвету — Масквой.

Ад Смаленcку эшалён узяў курс на паўднёвы ўсход. Відаць, не былі мы дастойныя, каб нас правозіць праз Мэкку сусьветнага камунізму, Маскву. Думаецца, што працаўнікі НКВД кіраваліся яшчэ і іншымі меркаваньнямі. Везьці праз Маскву „небясьпечна” — падгледзіць які працаўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва Захаду ў Маскве і з гэтага можа атрымацца непатрэбная брахня ў замежных радыёвяшчаньнях. Маўляў, аўтэнтычныя факты, што той ці іншы бачыў на ўласныя вочы, як тысячы людзей у заплямбаваных вагонах вывозяць з Прыбалтыкі і Беларусі. Каго вывозяць? Сялян і працоўную інтэлігенцыю, якія за гады вайны выпілі перапоўненую чару ўсіх цярпеньняў і гора. Цяпер вязуць іх на нялюдзкую эксплюатацыю і маральную паняверку, а іхняе дабро расьцягнуць і раздадуць прадстаўнікам вялікага і наймудрэйшага на сьвеце народу, якія прыйдуць на апусьцелыя гаспадаркі-хаты і стануцца „полноправными хозяинами!”

Са Смаленску цягнік накіраваўся на Казельск — Плоўск — Мічурынск — Тамбоў — Пензу — Саранск — Ульянаўск — Уфу —Чалябінск — Петрапаўлаўск — Омск — Новасібірск — Ачынск. З Ачынска павезьлі нас у паўднёвым напрамку па лініі Ачынск — Абакан. К вечару мы былі на рампе пасёлка Ужур — 16 красавіка 1949 году.

Цягнік з рабамі другой паловы ХХ стагодзьдзя павольна ўпоўз на вакзал пасёлка Ужур*. Затрымаўся, як і на іншых дасюль праеханых станцыях. Ніхто не спадзяваўся, што тут апошні прыпынак нашай кальварыі. Спакойна сядзелі і чакалі, калі цягнік рушыць у далейшы шлях. Аднак заўважылася на вакзале сумятня жалезнадарожнікаў і відаць было выняткова многа розных чыноў НКВД, якія праяўлялі вельмі актыўную зацікаўленасьць нашым эшалёнам. Пасьля некалькіх хвілін бегатні, пакрыкваньня, сумятні, наш цягнік крануўся зь месца, але не наперад, толькі назад. Гэта ракавідная язда трывала коратка. Каля кілямэтра ад станцыі ён спыніўся ў полі на прадмесьці пасёлка. І мы пабачылі праз акенцы вельмі многа салдатні ды афіцэраў з чырвонымі аколышамі на шапках. Яны далучыліся на станцыі да нашага канвою і тут, на рампе, у полі станавіліся гаспадарамі эшалёну. Пасьля правядзеньня неабходнай фармальнасьці з нашым канвоем, пачуўся лязгат і стукатня адкрываных вагонаў і каманда: „Давай выгружаться с вагонов!” Тут ужо стала ўсім ясна, што далей не паедзем.

Ужур

Ужур гэта гарадзкі пасёлак з жалезнадарожнай станцыяй, раённы цэнтар Краснаярскага краю. Знаходзіцца ён на чыгуначным шляху, які злучае Краснаярск — Ачынск — Абакан з Мінусінскам. Насельніцтва ў тым годзе было ўва Ужуры каля 20 тысяч. Пасёлак амаль што не меў ніякай прамысловасьці, за выняткам цагельні, мясакамбінату ды іншых дробных прадпрыемстваў і міжраённага збожжавага элеватара. Меў ён фактычна земляробчы характар. Не было хіба сям’і, якая ня мела б агарода або зямельнага ўчастка ад прадпрыемства. Многія з жыхароў трымалі жывёлу: кароў (у тым і маладняк на мяса), козаў, сьвіней, птушак. Нават самыя высокія раённыя начальнікі гадавалі жывёлу, садзілі бульбу і гародніну агулам, рабілі загатоўку пашы на ўвесь стойлавы пэрыяд. Земляробчы характар Ужуру надавалі перад усім два калгасы: імя Жданава і Сібпартызан, якіх угодзьдзі*, установы і калгасьнікі займалі супрацьлеглыя бакі пасёлка. Калгас імя Жданава быў з паўночна-ўсходняга боку, а Сібпартызан з паўднёва-заходняга. Кожны з калгасаў меў каля 7 тысяч гектараў угодзьдзяў. Калгасы хаця абшарам былі даволі вялікія, але пры тым бязьлюдныя. Мелі яны зусім зьнікомую колькасьць рабочай сілы, і таму папросту не было каму працаваць у гаспадарстве і пры жывёлагадоўлі. Як у адным, так і ў другім было па некалькі сем’яў, у якіх працавалі ў калгасе падстарэлыя, старыя і падлеткі. Большасьць жанчыны. Мужчын працаздольных было вельмі мала, ды і тыя займалі кіруючыя пасады ў калгасах: былі яны брыгадзірамі, жывёлаводамі, загадчыкамі фэрмаў, трактарыстамі і канцылістамі, кладаўшчыкамі.

„Чорную” работу выконвалі пераважна жанчыны-ўдовы (па загінуўшых на вайне мужах і іх дзеці-падлеткі ды старэчы). Працаздольная моладзь, як хлопцы, мужчыны і дзяўчаты, усімі магчымымі спосабамі вырываліся з калгасу і ішлі на працу ў прадпрыемствы, на чыгунку, у розныя мясцовыя і замясцовыя ўстановы. Дэмабілізаваным хлопцам прыслугоўвала права выбару месца працы. Таксама выхад давала сярэдняя або рамесьніцкая школа. Скончыўшы гэтыя школы моладзь або шукала працу па спэцыяльнасьці па за калгасам. Дзяўчаты ўцякалі з калгасу пры дапамозе замужжа. Такім чынам кожная дзяўчына-калгасьніца старалася выйсьці замуж за праізводчыка, служачага ці вайсковага-звышсрочнага. Бывалі нярэдкія выпадкі, што маладая, прыгожая калгасьніца выходзіла за намнога за сябе старэйшага мужчыну або якога недарэку ці нават разводніка, зусім ігнаруючы любоў і прывязанасьць да будучага мужа. Таму вельмі часта былі разводы такіх недабраных сужонстваў.

Дзяўчына зусім сьвядома кіравалася тым, каб толькі вырвацца з калгасу, а пасьля — Бог-бацька. Знойдзецца лепшы, маладзейшы мужчына, тады гэту „саломінку”, якая выратавала, са спакойным сумленьнем пакідала.

Паўстае пытаньне, чаму працаздольныя і моладзь панічна ўцякалі з калгасаў. Адказ вельмі просты. У пасьляваенны пэрыяд калгасная запушчаная гаспадарка не стварала для калгасьнікаў нават мінімальнага матэрыяльнага забесьпячэньня. Калгасьнікі працавалі за дарма. За працадзень амаль нічога не атрымлівалі ні грашыма, ні сельгаспрадуктамі. Прысядзібныя ўчасткі не маглі запэўніць ім нават скромнага харчаваньня і неабходнай капейкі на іншыя патрэбы не было скуль узяць. Прытым праца ў калгасах была папросту катаржнай. Працавалі ад цямна да цямна, без выхадных і сьвяточных дзён, не карысталіся нават лекарскімі бюлетэнямі, хіба толькі ў тых выпадках, калі хто ня змог варухнуцца з пасьцелі.

Абавязковыя даставы сельгаспрадуктаў, вызначаныя дзяржавай, былі вельмі высокія, папросту непасільныя, нерэальныя. Прытым кожны калгас быў задоўжаны дзяржаве яшчэ з ваенных гадоў, напрыклад за пазычкі насеньня. З атрыманых сельгаспрадуктаў калгасы не маглі нават выканаць дзяржаўных абавязацельстваў і сплачваць даўгі. Падрад некалькі гадоў усё пад мяцёлку вывозілі ў дзяржаўныя элеватары, не пакідаючы нават дастатковай колькасьці насеньня. Адсюль ясна, што калгасьнік ня мог атрымаць за сваю працу ні грама збожжа, ні капейкі грашыма. Нават горшых гатункаў збожжа-адходаў не давалі калгасьнікам, бо калгас мусіў чымсь забясьпечваць жывёлу: коней, сьвіней, птушак. Зразумела, што такое палажэньне змушала калгасьнікаў асьцярожна красьці калгаснае збожжа і прыносіць дамоў ідучы з працы ў кішэнях прышытых пад спадніцай. Калі каго злавілі на такім крадзяжу, то публічна судзілі і каралі лягерамі, або кароткатэрміновым арыштам, які адбываўся на месцы ўва Ужуры, а часам і ў ачынскай турме. У той час палажэньне калгасьнікаў было горшае, чым на катарзе. На катарзе „кармілі”, адзявалі і барак абагравалі, а ў калгасе нічога не давалі апрача пэрманэнтнай цяжкай працы і страшэнных лаянак калгаснай адміністрацыі. Палажэньне людзей у калгасе было больш чым роспачнае. Хто ж працаваў у калгасе да нашага прыезду?

Хаця да нашага перасяленьня былі ўжо прывезены ўва Ужур перасяленцы ваенных гадоў — прывалжанскія немцы і калмыкі, але ім удалося хутка пакінуць калгасы і перайсьці на прадпрыемствы. Амаль усе яны змаглі ўжо пабудаваць свае ўласныя „ізбушкі”. Немцы пабудавалі сабе драўляныя хаткі, а калмыкі, як і ў сябе на радзіме, парабілі глінабіткі, з плоскімі дзярновымі дахамі і з маленькімі адным-двума акенцамі. Інтэр’ер нямецкіх хатак быў абсталяваны культурна, а калмыцкіх напаўняў чалавека жахам: прымітыўна, брудна і смуродна. Немцы займаліся пераважна рамяством на прадпрыемствах і прыватна. Калмыкі — цяжэйшымі і горшымі працамі, найчасьцей — доглядам коней, падвозкай апалу і раскраданьнем калгаснага дабра.

Такім чынам у калгасе працавалі пераважна мясцовыя сібіракі-старажылы. Было іх замала, каб калгас мог вэгетаваць.

Такое палажэньне калгасаў змусіла партыйныя і дзяржаўныя ўлады пашукаць выхад з труднай сытуацыі. Ясна, выхад знайшоўся. Далі загад у прыбалтыйскія рэспублікі, Беларусь і Украіну, каб мясцовая савецкая адміністрацыя пашукала „ворагаў народу”. Загадана — значыцца, зроблена. „Ворагаў” знайшлі, колькі было патрэбна.

Трэба яшчэ сказаць пару слоў пра кітайцаў, якіх мы засталі ў калгасах імя Жданава і Сібпартызане. Было іх па некалькі сем’яў у кожным калгасе. Прыбылі яны з Манджурыі ў міжваенны пэрыяд, як уцекачы і шукальнікі лепшай долі па за межамі сваёй радзімы. Сярод іх не было ніводнай жанчыны-кітайкі. Такім чынам асеўшы на стала на новым месцы жыхарства засталося ім жаніцца зь мясцовымі жанчынамі, дзякуючы чаму тварыліся мешаныя расава і этнічна сем’і. Напрыклад, кітаец Ван-Фу ажаніўся з украінкай, маладой і вельмі прыгожай дзяўчынай. Сам быў намнога старэйшы за жонку ды страшэнна брыдкі. Сплодзілі яны, здаецца, шасьцёра дзяцей і за выняткам адной дзяўчынкі, усе яны былі расавымі кітайчанятамі. Так было і зь іншымі мужчынамі-кітайцамі. Яны таксама пажаніліся са славянкамі. У гэтых кітайскіх сем’ях панавала „руская” мова, якую разумелі толькі іхнія жонкі ды дзеці. Пастароньнім з гэтымі кітайцамі цяжка было згаварыцца. Аднойчы я быў у канторы на калгасным сходзе, на якім брыгадзір ад агародніцтва, той жа Ван-Фу і пару іншых выступілі з прамовамі ў справе работы на агародах. Што яны крычалі, што казалі, думаю, мала хто разумеў. Я зразумеў толькі іхнюю лаянку з рускага багатага лексыкону, якая перапляталася словамі: агульці, мальхоўка, кэпусьта, маць і г.д.

Усе кітайцы са сваімі сем’ямі працавалі толькі ў агародніцтве і гэта была для іх добрая матэрыяльная база. Яны кралі без пардону агародніцкую прадукцыю індывідуальна на 100% карысьці для сябе супольна з калгасным начальствам, з чаго начальству ад збыту прадукцыі выплачвалі акрэсьлены працэнт па дагаворанасьці. З калгаснага начальства найбольш на гэтым „гандлі” карысталі прадсядацель і кладаўшчык. Прадукцыя прадавалася на месцы ў агародах, з кладовак і вывозілася на рынак. Высылаючы прадукцыю на рынак часамі ехаў хтосьці з рэвізійнай камісіі ў якасьці кантралёра, які мусіў назіраць, як кітайцы прадаюць і колькі варочаюць. Але ў такіх выпадках яны дасканала давалі сабе рады. Зь першай выручкі ад продажу прадуктаў куплялі гарэлку і частавалі „кантралёра”, а калі той сп’янеўлы засынаў на „цялезе”, тады кітайцы рабілі свае інтарэсы. Хутка стараліся апаражніць адзін воз і хуценька ехаць на агароды, каб прывезьці нязважаную кладаўшчыком прадукцыю. Скажам, прадалі з рознымі выгаднымі для сябе камбінацыямі два вазы сьвежай гародніны, зь якой разьлічваліся ў канторы, а з продажу трэцяга воза грошыкі палажылі сабе ў кішэню, як свае ўласныя. Калі пад канец базару прачынаўся Сяргей Ігнатавіч Вінакураў, то вазы ўжо былі пустыя і кітайцы ахвотна беглі ў магазын па літровачку, каб пахмяліць „кантралёра”.

Агулам трэба сказаць, што кітайцы трымаліся даволі адасоблена ад калгаснага й пастароньняга асяродкаў. „Дружылі” толькі з тымі асобамі, празь якія яшчэ маглі мець матэрыяльную карысьць. Агулам праз асяродзьдзе кваліфікаваліся як вырафінаваныя злодзеі, дзяльцы, хітруны, няшчырыя людзі, зь якімі нельга было падружыць і ўтрымліваць суседзкія кантакты. Да шпіку касьці фальшывыя, здрадлівыя, страшэнныя злосьнікі, мсьціўцы, тупа ўпартыя, настойлівыя.

Рампа

Зараз вернемся на рампу, дзе нас разгрузіла канваюючае НКВД. Увесь эшалён перасяленцаў быў пад вечар разгружаны на рампе перад пасёлкам Ужур і акружаны ўзброенымі вартаўнікамі НКВД з сабакамі-аўчаркамі.

Пасьля захаду сонца насунуўся з Саянскіх гор страшэнны усходні холад, які пранікаў аж да косьці нават цяплей апранутых перасяленцаў. Людзі мітусіліся, хадзілі па вызначанай зоне, шукалі знаёмых, стараліся здабыць дровы, каб распаліць вогнішчы, зварыць вады, сагрэць сябе, дзяцей і старцаў. Аднак вартавыя не дазвалялі выходзіць за зону. Тады пачалося разьвязваньне вузлоў з адзеньнем, з пасьцелямі, каб такім чынам ратавацца ад холаду. Людзі мітусіліся, хадзілі сумныя, панурыя, бо ня ведалі, што з намі зробяць заўтра. Паўставалі розныя, самыя страшныя домыслы і дагадкі.

Пэсымісты і панікёры распускалі весткі, што заўтра вывязуць нас усіх у тайгу і там пакінуць на пэўную гібель ад голаду і холаду. Напрыклад, Запольскі быў перакананы, што заўтра раніцай тут жа на рампе ўсіх нас расстраляюць з кулямёта, як немцы жыдоў. Калі штораз больш чутны быў плач дзяцей, стогны старух і старэчаў, нараканьні ўсіх і лаянку адважнейшых пад адрасам канвою-аховы, тады пасьля поўначы салдаты неафіцыяльна дазволілі ісьці ламаць на апал штыкеты непадалёкай агароджы. Тады жыцьцё павесялела, рампа асьвятлілася вогнішчамі, каля якіх людзі-цені варылі ваду і разагравалі ахаладзелае нутро.

Так дачакаліся раніцы і новых нязнаных падзей. З узыходзячым сонцам яшчэ мацней паціснуў мароз, вогнішчы пагасьлі, бо платы за ноч былі спалены. Людзі грэліся беганінай, топаньнем на месцы, забіваньнем рук, а дзеці і старэчы захутаныя ў лахманы ўсё ж ад холаду енчылі ды стагналі. Дзесьці каля 8-9 гадзіны пачало паяўляцца мясцовае начальства, падафіцэрскі і афіцэрскі састаў канвою. Адначасна пачалі пад’яжджаць пад рампу грузавікі і падводы калгасаў і саўгасаў. Распачалася страшэнная мітусьня на рампе. Начальства бегала і крычала трымаючы ў руках папкі; перасяленцы зьбянтэжаныя абступалі свае вузлы — прывезеную маёмасьць.

Ніхто пакуль што ня ведаў, што з намі зробяць. Вартавыя больш пільна спаўнялі свае абавязкі, нікому не дазвалялі швэндацца па рампе і аддзяляцца ад сваіх сем’яў. Цяпер адбывалася цырымонія перадачы прывезеных праз канвой мясцоваму НКВД. Па сьпісах правяралі пэрсаналіі прывезеных, лічылі па некалькі разоў, сартавалі, расьпісваліся і ўрэшце прыступілі да „акцыі” пакупнікі жывога тавару — рабоў. Сярод гэтых пакупнікоў былі прадсядацелі калгасаў і саўгасаў Ужурскага раёну. Амаль усе яны чырвонымі адкормленымі мордамі і моцнымі тушамі адрозьніваліся ад тых рабочых валоў-калгасьнікаў, якія прыехалі па нас. Тыя фурманы былі худыя, змучаныя, аброслыя мохам і бародамі, брудныя ды вельмі кепска апранутыя, а іхнія „цялегі” і коні выглядалі жахліва — іх выгляд цалкам гарманізаваў з калгасьніцкім.

Кожны з прадсядацеляў калгасу ці саўгасу стараўся выбіраць для сябе сем’і такія, у якіх было больш працаздольных асоб. У гэтых абставінах мае „кваліфікацыі” былі даволі нізкія і попыт на маю сям’ю ня мог быць добры, таму што было нас працаздольных двое — я і жонка, а чатыры асобы — нахлебнікі: двое малых дзяцей, хворая цешча гадоў 77 і сястра жонкі — інвалідка. За час гэтай „мабілізацыі” я змог скантактавацца з фурманамі і тое-сёе пранюхаць пра нашу будучыню.

Я даведаўся, між іншым, што ў гэтым раёне ёсьць вёскі ў тайзе, якія па 60-70 км знаходзяцца ад іншых сяліб і што яны асабліва зімой цалкам ізаляваныя ад сьвету, куды раз у год прывозіцца пошта і тавары неабходнай патрэбы. Маючы на ўвазе перад усім будучыню дзяцей, я рашыў за ўсякую цану не аддаляцца ад раённага цэнтру — Ужуру. Многія перасяленцы заатакавалі саўгасных пакупнікоў; маўляў, там усё ж будзе нейкая зарплата грашыма і з голаду не дадуць памерці. Іншыя стараліся папасьці на прадпрыемствы ў самым Ужуры, але сюды шмат ня бралі і шукалі перад усім рамесьнікаў: столяраў, кавалёў, пры тым маладзейшых.

Я цьвёрда рашыў заставацца ўва Ужуры і то ў адным з калгасаў. Працаваць у земляробстве магу на любой рабоце. А хто сее, зьбірае і малоціць — той ня можа з голаду памерці. А прыкавала мяне да Ужуру найважнейшая вестка, што тут ёсьць сярэдняя школа, куды з часам можа пападуць і мае дачушкі. Прытым жывучы ў раённым цэнтры і газэціну ды кніжку пачытаеш і тое-сёе даведаесься, што тварыцца на шырокім сьвеце, ды часьцей атрымаеш весткі з радзімы ад сястры і брата. Так, усё прамаўляла за тым, каб з Ужуру за ніякую цану не выяжджаць. І я пачаў энэгрічна дзейнічаць у гэтым напрамку.

Кінуўся мне ў вочы адзін тоўсты малады „дзядзя” ў вавёрчынай вушанцы, які толькі што пад’ехаў да рампы на прыгожым і тоўстым карым жарабцы запрэжаным у брычку. Я хутка падбег да яго і спытаў, зь якога ён калгасу ці саўгасу і колькі будзе браць сем’яў. Ён зьмераў мяне ад ног да галавы і адказаў: „Я председатель колхоза имя Жданова с Ужура и возьму не больше 15 семейств. А ты кто по специальности, как видно, белоручка, мне такие не нужны, я буду брать только хлеборобов”, — абарваў гутарку са мной і зайшоў у натоўп людзей. Але я не адступаў і ішоў за ім, тлумачачы, што і я, хоць і „образованный”, але на сельскай гаспадарцы магу ня горш працаваць за іншых сялян. Прытым я добра знаёмы тэарэтычна і практычна з жывёлагадоўляй, вэтэрынарыяй, а найлепш з пчолаводзтвам. Пасьля гэтага апошняга слова ён адразу спыніўся, уважліва паглядзеў на мяне і сказаў: „Ты на самом деле знаком с пчеловодством?” Я зь цьвёрдай рашучасьцю пацьвердзіў сваё добрае знаёмства з пчалярскаю справай. Тады ён з поўным даверам сказаў: „Тогда ладно, я тебя возьму. Моя пасека осталась без пчеловода. Мерзавец Камар-украинец пасеку угробил и сбежал чёрт его знает куда! А как твое семейство, сколько трудоспособных?” Я крыху падманіў і сказаў, што тры. „Ну, что ж, маловато, но в крайнем случае старуха караулить будет пасеку хотя днём. Так, вот так, бери бумажку и подбери мне 15 семейств со своих знакомых, в которых будет побольше трудоспособных и хороших землеробов”.

Гэтае паручэньне я выканаў ахвотна і шпарка, ды паказаў гэтыя сем’і прадсядацелю, які, як пазьней мы даведаліся, называўся Фёдарам Баімавым. Але пры гэтым пераглядзе выбраных сем’яў нечакана паўстала малая непрыемнасьць. У іх ліку былі дзьве інтэлігенцкія сем’і жыдоў: віленскі фармацэўт Шапіра зь бярэменнай жонкай і Файнбэргі — клайпэдзкі купец з жонкаю. Баімаў паглядзеў на іх і злосна вульгарнымі словамі сказаў: „На какой х... они мне нужны, я беру только хлеборобов!” Але гэтыя жыды ўжо зараньня не адступалі ад мяне і я ім абяцаў, дзе я буду, там і яны са мною. А тут трэба было выканаць цяжкую „місію”: угаварыць Баімава, каб ён згадзіўся прыняць іх. Рознымі спосабамі я даказваў яму будучую прыдатнасьць жыдоў у калгасе і ўрэшце Баімаў згадзіўся: „Ну, ладно, посмотрим, если будут плохо работать, то погоню к е... матери из колхоза!”

Баімаў падаў каманду сваім калгасьнікам, якія зараз падалі падводы. Мы пагрузілі свае манаткі і накіраваліся за прадсядацелем у калгас імя Жданава.

Разгрузілі нас на калгасным падворышчы перад канторай. Паставілі калгасную варту з дзьвюх асоб, „узброеных” у дубальтоўкі з часоў цара Аляксандра ІІІ. Вартаўнікамі над „бандытамі” былі: рахункавод гадоў 60, Сяргей Ігнатавіч Вінакураў і ўборшчыца канторы — Іванова.

Давялося нам і начаваць на калгасным падворышчы, пад „узброенай вартай”. Але хутка „бандыты” аказаліся для вартаўнікоў і не такімі ўжо небясьпечнымі, як ім казала начальства, якое рыхтавалася само і рыхтавала калгасьнікаў да нашага прыезду. Гэтыя „бандыты” вечарам сарганізавалі на калгасным двары публічныя малітвы са сьпевамі. Усе ў паважным настроі паздымалі шапкі (нават і Шапіра з Фэйнбэргам удзельнічалі) і даволі даўгавата маліліся пад правадырствам селяніна Тарашкевіча — родам з Рэшы каля Вільні. Да гэтай рэлігійнай сцэны прыглядалася шмат мясцовых калгасьнікаў і агулам жыхароў Ужуру, якія прыйшлі паглядзець на „страшных і небясьпечных бандытаў”. Пасьля малітвы мясцовыя жыхары паадважнелі і пачалі навязваць з намі кантакты, распытваць пра ўсё, што іх цікавіла. Таяла ў прысутных мясцовых людзях варожасьць і насьцярожанасьць, як веснавы сьнег. Некаторыя пабеглі дамоў, але хутка зноў вярнуліся, прыносячы малако дзецям і яду.

Між нешчасьлівымі перасяленцамі і не нашмат шчасьлівейшымі беднымі калгасьнікамі калгасу імя Жданава хутка наступала збліжэньне і ўзаемнае спачуваньне. У час вячэры самаму „суроваму” нашаму вартаўніку я наліў поўны кубак моцнай самагонкі, якой пару літраў захапіў з дому і запрапанаваў выпіць. Ён зірнуў на мяне і спантанна спытаў: „Не насыпал атравы?” Калі самагонка кальнула яму ў мазгаўніцу, разагрэла нутро, то і язык разьвязаўся. Неўзабаве палез да мяне цалавацца, пачаў плакаць, „спачуваць” няшчасным і самымі брыдкімі словамі лаяў сваю ўладу, на чале якой стаяў „отец родного советского народа і гениальный вождь трудящихся всего мира!” (пра Сталіна).

Калі вартаўнікі пераканаліся, што „бандиты” не зьбіраюцца нікога мардаваць, то занесьлі ў сені канторы сваю зброю і там яе кінулі ў кут. Вінакураў ап’янелы ахвотна яшчэ частаваўся самагонкай іншых нашых перасяленцаў і без канца нешта плёў, перасыпаючы кожны сказ сакавітай рускай лаянкай. А Іванова пакінула „пост” і пайшла рыхтаваць дзецям вячэру. Я пайшоў усьлед за ёю, каб у ейнай цёплай нары (пры канторы) пагрэцца і тое-сёе даведацца пра быт у калгасе імя Жданава. Убачыў я ў ейным „палацы” трое ці чацьвёра паўголых дзяцей. Яна ўдава па загінуўшым на вайне мужы. Вячэра вельмі хутка рыхтавалася. Брала яна жалезную лапату, сыпала на яе размочаную пшаніцу і ўсунула ў печ на жар. Калі зярняткі пражанай пшаніцы пачыналі пшыкаць і падскокваць на распаленай лапаце, яна яе выцягвала, высыпала зярняткі на стол і гэтак паўтарала некалькі разоў. Дзеткі прагавіта падбіралі астаўшыеся зярняткі пражанай пшаніцы і зь вялікім апэтытам хрумсталі, запіваючы вадой. „Павячэраўшы” хуценька ўзабраліся на палаці насьцеленыя саломай і прыкрываліся лахмоцьцем. Іванова таксама ела на вячэру пражаную шнаніцу і піла ваду.

Праверка пэрсаналіяў і разьмяшчэньне па „кватэрах”

На раніцы наступнага дня зьявіліся ў кантору калгасу прадстаўнікі мясцовага НКВД — наша непасрэднае начальства і нашы „апекуны”, г.зн. „спэцкамэндатура”, на чале якой стаяў лейтэнант Уласік — з паходжаньня беларус ці ўкраінец. Ён са сваімі памочнікамі афармляў дакумэнты — рэгістраваў нас, а па іхняму „брал на учёт”. Кожнаму, асабліва мужчынам-інтэлігентам, бліжэй прыглядаўся, больш цікавіўся, ну і супольна з прадсядацелем Баімавым кожнай сям’і прызначаў кватэру. Пакуль што, дакватароўвалі па 1-2 сем’і мясцовым калгасьнікам, якія і самі жылі ў цеснаце. Іх хаткі — гэта кануры, пераважна аднапакаёўкі з халоднымі сенцамі. Хаткі малыя, нізкія, з плоскімі дахамі, стала засыпалася зямлёй і наверх прыкрывалася дзірваном. Празь нейкі час праўленьне калгаса абяцала камэндатуры і перасяленцам падрыхтаваць асобнае жыльлё, у якім разьмесьцяцца ня больш як дзьве сям’і ў кожнай „кватэры”.

У сапраўднасьці справа кватэраў амаль да канца заставалася нашай цяжэйшай праблемай, так для нас, як і для мясцовых калгасьнікаў, якія разам з намі зносілі ўсе нявыгады і цяжкасьці жыльлёвага характару. У такой цеснаце хутка разьвяліся вошы, блашчыцы, зь якімі немагчыма было змагацца. Штотыднёвая парная лазьня ды вашапрудка нічога не памагалі. Амаль што толькі праз год крыху разгрузілася цесната дзякуючы падрыхтоўцы некалькіх кватэр. Некалькім сем’ям удалося перайсьці на працу ў іншае месца. Напрыклад, жыды — Файнбэрг і Шапіра, знайшлі працу па спэцыяльнасьці.

Падчас рэгістрацыі я заявіў Уласіку, што магу быць „животноводом”, але ахвотна працаваў бы на пасецы ў якасьці пчаляра. Баімаў таксама падтрымаў маю кандыдатуру. Аднак раней зарэгістраваны селянін з пад Вільні, Андрыеўскі, таксама прасіўся на працу пчаляра. Упаў ён Уласіку ў вока, як кандыдат на сэксота, таму Уласік ужо неахвотна адносіўся да маёй просьбы. У канцы канцоў Баімаў практычна падыйшоў да гэтай праблемы і вырашыў. Мяне прызначыў на пасеку, бо на земляробства ў брыгаду „животноводов” і іншых працаёмкіх галін калгаснай гаспадаркі ён проста не хацеў браць інтэлігента „белоручку” і яго сям’ю, таксама маланадзейную на прадуктыўнасьць. А вось такі, як Андрыеўскі — давай куды хочаш, бо яны прыехалі проста ад сахі, ад гнаявых вілаў, проста ад сьвіней, кароў, коней. Такіх менавіта Баімаў хацеў набраць з рампы, але „ўкруцілася” разам з „работягами” і крыху „грамотных”, маць іх такую ды сякую! Дзякуючы такому падыходу Баімава да справы калгасных інтарэсаў, я перамог Андрыеўскага, які пасьля атрымаў клічку Сучка. Стаў я бесканкурэнтным кандыдатам на пасечніка.

Пасьля рэгістрацыі Уласік аб’явіў нам пастанову цэнтральных уладаў Савецкага Саюзу, што нас прывезьлі сюды на пастаяннае жыхарства, пазнаёміў нас з правамі і абавязкамі. Пражываць нам дазволена толькі на тэрыторыі калгасу. Зьмяніць месца працы без дазволу камэндатуры мы ня маем права. Фактычна маем права толькі да фізычнай працы. Хто б адважыўся без дазволу камэндатуры пераступіць межы вызначанай нам зоны, той будзе лічыцца за ўцекача і яму пагражае кара да 25 гадоў зьняволеньня. Пасьля гэтага „ўведамленьня” мы абавязаны былі падпісаць нейкі там дакумэнт, што ўсё нам ясна і абяцаем падпарадкавацца. Усе гэтыя забароны і абмежаваньні нікога не палохалі і не трывожылі. Найстрашнейшым пунктам аказаўся той, які гучаў, што пасялілі нас тут навечна. Адважнейшыя перасяленцы нават адмовіліся пад ім падпісацца. Я падпісаў, каб ня сьцягваць на сябе падазрэньне, што быццам я спадцішку агітую. Адмова падпісацца толькі павялічвала яшчэ лішнія клопаты; цягалі гэтых людзей у камэндатуру, аж пакуль змусілі падпісаць.

Адзін зь перасяленцаў аказаўся даволі адважны, а быў ім Ян Петрукевіч, селянін з ваколіц Вільні. Падпісваючы сказаў проста: „Падпісаць я вам магу хоць сто разоў, але я ведаю, што ніхто тут з нас навечна не застанецца, хіба толькі той, хто хутка памрэ. Прыйдзе час і ўсе мы вернемся дадому”.

Лазьня

Пасьля правядзеньня ўсіх гэтых фармальнасьцяў скамандавалі нас ўсіх у пасялковую лазьню, якую падрыхтавалі за кошт калгасу. Лазьня, як і кожная руская гарадзкая лазьня зь печкай, у якой напальваецца вялікая крушня каменьня. Хто жадае, кожны ідзе ў той „пякельны жар”, у гарачую пару, якая паўстае ад паліваньня камянёў вадою. У гэтай парнай тры-чатыры полкі, дзе аматары лежачы або седзячы хвошчуцца бярозавымі венікамі. Лысыя ахоўваюць галовы ад гарачыні старымі капелюшамі або якімі іншымі старымі ярмулкамі. Парнікі няраз даходзяць ажно да азарту падчас параньня, уступаючы ў свайго роду спаборніцтвы, хто каго пераможа, хто даўжэй вытрымае ў той гарачыні. Апрача „парной” ёсьць прыбіральня і агульны вялікі пакой для мыцьця — „баня”.

Ясна, што з такога падарожжа і страшэннага фізычнага ды псыхічнага перамучаньня лазьня была для нас чымсьці вельмі пажаданым. Але, калі мы прыйшлі ў разьбіральню, нечакана зьдзівіліся і дазналі прыкрага пачуцьця. Мы ўбачылі тут усю абслугу з даволі маладых жанчын. Касірка, дзяўчына 25-27 гадоў і дзьве жанчыны гадоў па 30, якія прымалі ад нас адзеньне і перадавалі ў пражарку (вашапрудку). Некаторыя з нас доўга не распраналіся, як быццам бы чакалі зьмены абслугі. Бачачы гэта жанчыны даволі ветліва прапанавалі распранацца: „Чего же вы стыдитесь? Разве мы святые и не знаем, что мужчины имеют. Если мы не стыдимся, то чего же вам?! Давай, раздевайся и иди мойся!”

Запольскі хаваючыся за мною падыйшоў да прылаўка і на палову адвярнуўшыся ад жанчыны шпурнуў ёй згорнуты клунак свайго адзеньня і хуценька падаўся ў лазьню. Прыблізіўшыся ў лазьні да мяне, выразіў абурэньне: „A-a-a, toż pomyśleć trzeba, do czego u jich doszło, toż sodoma. Takaj rospusty chiba niama na całym świecie. Stoi kobieta i patrzysie na gołego menszczyzna i nic nie stydzisie. Nu, jak ich ziemia święta nosi — tych bolszawików!”

Прыезд на пасеку

Пасека калгасу імя Жданава знаходзілася 7-8 км ад цэнтру калгасу, у стэпе, над ручаём (ключом), у нізіне між узгоркамі, якія называліся Крутуха і Чарноўка. Гэты ручай быў парослы густым чарамошнікам і ракітнікам. На правым беразе „ключа” знаходзіўся „тачок”, пляцоўка для разьмяшчэньня вульляў у сэзоне. На левым баку, куды прывёз нас на пару фурманках прадсядацель калгасу, знаходзілася г.зв. „ізбушка” — паўзямлянка, укапаная ў касагор, малая, з адным маленькім акенцам — сторажаўка для пільнуючай пасеку асобы. Сустрэў нас брэхам вялікі сабака-аўчарка клічкаю Дружок. Праз хвіліну зь „ізбушкі” выйшаў стораж высокага росту, але ад старасьці сутулаваты, з шэрай барадою і ў вушанцы, спакойны, зь мілай, лёгкай, шчырай, дзіцячай усьмешкай на добрым твары. Баімаў прадставіў нас дзеду, які называўся Пушной, і зьвяртаючыся да нас сказаў: „Вот в этой избушке будете жить и разживаться. Будет тут вам хорошо, так, что будут вам завидовать не только колхозники, а даже производчики и совхозники. Так вот, беритесь за дело, а ты, дед, расскажи им всё как и что. До свидания!” Сеў у брычку і віхрам панёсься на харошым карым рысаку*. Нашы клункі і дзеці з бабуляй, захутаны ў адзеньне, пакуль што ляжалі перад „ізбушкай”, а нам трэба было прыступаць „к дзелу”. Быў ужо падвячорак, сонейка пачало хавацца за Крутуху, доўгія цені клаліся ў напрамку тачка, дзе ўжо вульлі былі вынесены з амшаніка, расстаўлены на месца і прыкрытыя сенам ад замаразкаў і моцных парывістых вятроў. Пакуль жонка зь сястрой разгружалі падводы, я нябачна забег у „ізбушку” і зарыентаваўся ў нашай кватэрнай сытуацыі. Калі Баімаў казаў, што нам людзі будуць зайздросьціць, то для мяне гэта аказалася, як садыстычныя кпіны. Пасьля ад’езду Баімава жонка зь сястрой пайшлі ў „ізбушку”. Праз хвіліну я ўбачыў жонку, як выходзіць назад, схапіўшыся абедзьвюма рукамі за галаву. Але ўбачыўшы мой трагічны супакой апанавалася і пачала завіхацца зь сястрой каля ўнутранага ўпарадкаваньня нашага жыльля. Як тыя пчолкі пасьля першага веснавога аблёту пачалі ладзіць сваё жыльлё. Была гэта Вялікая Перадвелікодная субота. Жанчыны, каб ушанаваць традыцыю, пастанавілі падрыхтавацца да сустрэчы Вялікадня: выгортвалі сьмецце зь „ізбушкі”, мылі падлогу, рыхтавалі „сьвянцонку” з „Катапузі” (кабана), якога капітан Гарынчук дазволіў нам закалоць перад выездам у няведамы далёкі шлях. Я заняўся рыхтаваньнем палацей у „ізбушцы”, дзе можна было б арганізаваць пасьцель. Усё ішло хутка і складна, як у жанчын, так і ў мяне.

К позьняму вечару ў „ізбушцы” быў парадак (чыста), у печы варылася вячэра і „сьвянцонка” на Вялікдзень. Бабуля і дзеці ўжо ляжалі і адпачывалі ў пасьцелі, пасланай на палацях зробленых з сырых жэрдак чарамошніку. Ля маленькага стала атрыманага ў спадчыне па дзеду Пушным стаялі ўжо дзьве чуркі (тумбачкі) адпілаваныя з круглякоў.

Калі зварылася беленая зацірка (малака здабылі перад выездам на пасеку), уся наша сямейка ўзялася за вячэру. Гэта была першая вячэра ў цесным сямейным крузе ад часу выезду з дому, гэта значыць — больш за паўмесяца. Пры вячэры дзяліліся ўражаньнямі і пацяшалі сябе, што ссылка не такая ўжо і страшная, як думалася пэсымістамі панікёрамі ў стылі Запольскага, які быў падрыхтаваны на такую долю, якая сустрэла жыдоў ад гітлераўскіх варвараў. У нашай „ізбушцы” было цёпла і ўтульна, хаця і вельмі цесна.

Перад захадам сонца, удзяліўшы нам першых неабходных, практычных да жыцьця на новым месцы інфармацыяў, наш першы і шчыры прыяцель у Сібіры — дзед Пушной, пайшоў дамоў у пасёлак Ужур. Застаўся з намі ягоны сябра па службе — Дружок, які хутка пасябраваў з намі, бо ад нас даставаў косьці ад „Котапузі”, пакуль прывезеную тушку ня зьелі.

Па вячэры ўлягліся на заслужаны і даўгачаканы адпачынак у сямейнай атмасфэры. Былі мы ўсе так шчасьлівыя, што прыехалі на Абяцаную Зямлю здаровымі, дасталі „ізбушку”, працу, ізаляванасьць ад незнаёмага асяродзьдзя і неблагія пэрспэктывы на будучае жыцьцё. Шмат уліў нам добрай надзеі дзед Пушной. Ён проста абнадзейваў: „Будете, детки, жить лучше всех других, обзоведётесь со временем коровкой, кабаном, будут у вас куры и хлебом будете сыты, картошечка тоже родит хорошо, да работая на поселке, то и медком калача помажете. А чего же больше надо! Господь не оставит вас, то и жить будете”. Першая ноч мінула хутка ў спакойным і прыемным сьне, якога мы ня мелі ад выезду з дому.

Вялікдзень

Першым нашым госьцем, які павіншаваў нас зь Вялікаднем, было яркае раньняе сонейка. Выкацілася з за гары Чарноўкі і завітала да нас праз тое маленькае акенца, што выходзіла на тачок пасекі.

Неахвотна мы вылазілі з пасьцелі, хацелася яшчэ дэлектавацца той раскошай, якой столькі часу мы не адчувалі. Аднак велікодная традыцыя змушала нас разварушыцца і рыхтавацца да сьвяточнага сьнеданьня.

Як на тыя варункі, у якіх мы апынуліся, наш сьвяточны стол, дзякуючы энэргіі нашых гаспадынь, быў не зусім бедны. Мелі мы зь дзясятак фарбаваных цыбульнікам яечак, гатаваны кумпяк з „Катапузі”, булку сьпечаную вечарам у Вялікую Суботу, крыху масла і хіба яшчэ якія іншыя дадаткі. Была і самагонка (алюмініевая салдацкая пляшка), якая прыехала з намі на ссылку зь Немэнчына, выпрадукаваная выдатным самагоншчыкам Язэпам Мінцэвічам з Варанішак.

Другім нашым велікодным госьцем стаў дзед Пушной, які прыйшоў нас павіншаваць. Увайшоўшы ў „ізбушку”, прывітаў нас словамі „Христос Воскрес, деточки...” і пачаў нас абцалоўваць. У чыстай сурвэтцы прынёс нам некалькі яек, сьвежыя пшанічныя калачы, бутэльку сырадою і хіба яшчэ нешта.

A propos калачы. Нідзе мне не прыходзілася есьці такія смачныя булкі, абаранкі або іншае печыва, як сібірскія калачы. Сібірачкі робяць іх на натуральнай заквасцы. Ведаюць сакрэт, колькі часу трэба мясіць цеста, як доўга яно павінна падходзіць, калі распачынаць рабіць калачы ў форме аграмадных абаранкаў, калі іх садзіць у печ, як доўга трымаць іх за засланкай. Сьпечаныя калачы нанізваюць на жэрдку і завешваюць у хаце пад сталяваньнем.

Сьвежы калач, кажу вам, проста „объедение”. Смачны ён безь ніякіх дадаткаў, можна іх зьесьці пару штук нават без чаю ці малака. Прытым калачы вельмі сытныя.

Разгаўляліся мы, або, інакш кажучы, елі мы першую „сьвянцонку” ў Сібіры з нашым шчырым сябрам, дзедам Пушным, як з бацькам, які прыйшоў да нас у самую пару.

Пры чарцы і добрай закусцы з „Катапузі” дзед Пушной уводзіў нас у таямнічы сьвет няведамага для нас жыцьця-быцьця ў Сібіры перад рэвалюцыяй і зараз. Пра сваё жыцьцё на нашай радзіме мы таксама многа невядомага дзеду расказалі. Пакінуў нас дзед падвячоркам і зь песенькай пасунуў у свой Ужур.

Нашы будні на пасецы

Пасьля першай ночы на пасецы, якая была ўсё ж трывожная ды неспакойная на адлюдзьдзі, пачалі мы памаленьку абжывацца на новым месцы.

Зь першай ночы застаўся назаўсёды ў памяці наступны абразок. На самым зьмярканьні, калі выразьней пацягваў халодны вецер з поўначы, да нас штораз больш пачаў даходзіць запах дыму. Каб пераканацца, скуль ён, ці прыпадкам ня здарыўся пажар у якім селішчы, я пабачыў на стэпавых раўнінах ня вельмі далёка вялікае полымя, якое кацілася па агромным стэпавым абшары ў напрамку пасекі. З гэтага я зразумеў, што гарыць няскошаная сенажаць, якая пасьля стаяньня сьнегу высахла і цяпер нехта яе падпаліў. Я ўжо ня столькі баяўся за пасеку, на якую можа прыкаціцца гэтае полымя, колькі за нашу „ізбушку” і наш дабытак, які яшчэ цалкам ня быў распакаваны. Але я яшчэ не пасьпеў вярнуцца ў „ізбушку”, каб расказаць сям’і аб набліжаючайся небясьпецы, як пачуў тупат коньнікаў па стэпавай дарозе, якая на чарназёме выглядала як асфальтаваная. Праз пару хвілін ля пасекі быў брыгадзір паляводнай брыгады Пятро Мікалаевіч Каржоў зь некалькімі калгасьнікамі. Прывязаўшы коней, яны вырубалі па некалькі доўгіх хварасьцін з чарамошніку і падаліся на сустрэчу полымю, якое з кожнай хвілінай усё бліжэй падкочвалася да пасекі. Да поўначы яны змагаліся з вогненнай стыхіяй і да пасекі не дапусьцілі агню. „Абсьцёбвалі” яго хворастам і так пасьлядоўна яго ліквідавалі на адрэзку пасекі.

На нас, якія ніколі ў жыцьці чагосьці падобнага ня бачылі, гэты абразок рабіў вельмі моцнае ўражаньне. Гэта ж толькі, як вокам зірнуць перад табою неабсяжныя раўнінныя абшары пакрытыя агнём, які коціцца, варушыцца як лявіна і набліжаецца беспардонна да цябе, бязраднага, бездапаможнага чалавека.

Абараніўшы пасеку ад пажару, калгасьнікі з брыгадзірам зайшлі да нас у „ізбушку”, каб крыху адпачыць і пакурыць. Калгасьнікі апавядалі нам, што стэп „гарыць” кожную вясну і для іх не навіна змагацца з агнём там, дзе ён можа зрабіцца небясьпечным. Як зыдзе сьнег, у пагодныя дні вецер і сонца хутка высушваюць траву і пшанічны ржэўнік, які пасьля камбайнаў бывае вышэй за паўмэтра. Выпальваць стэп трэба абавязкова, бо інакш немагчыма араць з травою і ржэўнікам.

У наступныя дні мае жанчыны былі занятыя арганізацыяй уласнай гаспадаркі. Я ўзяўся за сваё „праізводзтва”, г.зн. за пчалярства. Як крыху сонейка ў поўдзень прыгравала, то пчолкі пробавалі вылятаць з вульлёў; але хаця яны і сібірачкі, аднак хуценька вярталіся ў свае цёплыя гнёзды.

Дружок

Празь некалькі дзён наведалі нас на пасецы старшыня калгасу імя Жданава, Баімаў, і сакратар — горкі п’яніца —вечны яму пакой — Сяргей Ігнатавіч Вінакураў. Аб’явілі нам, што праўленьне калгасу зацьвердзіла маю кандыдатуру на загадчыка пасекі, а жонку на пасечнага стоража, а мілага дзеда Івана Пушнога пераводзяць у калгас на фэрму да рагатай жывёлы, на „бычатніка”. Шкада нам было пазбывацца прыяцеля ды дарадчыка ў гаспадарчых справах на новым месцы жыхарства. Ён усім нам зь першага знаёмства прыпаў да сэрца, нават нашы дзеткі палюбілі яго. І так дзед Пушной пакінуў нас. Разьвітаўся і пайшоў у пасёлак Ужур, а за ім пабег яго верны друг, зь якім ён у самоце на пасецы жыў як з чалавекам, зь ім размаўляў шчыра і сардэчна, як з прыяцелем. Дружок разумеў ня толькі гутарку дзеда, але яго настрой і позірк. Як дзед Пушной не прамаўляў да яго, як яго не пераконваў, усё ж Дружок не хацеў заставацца з намі-„бандытамі” і пабег за дзедам ува Ужур. Аднак дзед быў для яго суровы сёньня, хаця любіў яго і не хацеў зь ім расставацца. Ува Ужуры ня даў яму павячэраць, насварыўся і катэгарычна загадаў вяртацца на пасеку. Позьнім вечарам Дружок прыбег на пасеку і не стараючыся зайсьці ў „ізбушку”, сумна пайшоў на тачок, скруціўся ў калачык і лёг на сена каля вульля. Пачуўшы нешта трывожнае ў стэпе, забрахаў. Я выйшаў на тачок, каб зарыентавацца, ці хто не дабіраецца да пасекі. Падыйшоў да Дружка, але ён недаверліва аднёсься да мяне, крыху адышоў са свайго месца і залёг каля другога вульля. Прабаваў я яго запрасіць у „ізбушку” на вячэру, але ён не паслухаў мяне і ня зрушыўся зь месца. Я падзяляў сум Дружка па дзеду, мне таксама шкада было дзеда. Мне нічога не аставалася, як прынесьці вячэру Дружку на пасеку. Ён еў, яле неяк сарамліва і неадважна.

Нягледзячы на перажываньні, Дружок выпаўняў свае абавязкі сумленна ўсю ноч. Так памаленьку мусіў ён пагадзіцца зь лёсам і прывыкаць да нас. З часам вельмі падружыў з новымі гаспадарамі, толькі не праявіў здольнасцяў да чужых моваў, а можа быў ён рускім „нацыяналістам”? Дзякуючы гэтаму цяжка было яму паразумецца з нашымі дзеткамі, пакуль яны навучыліся рускай мовы.

Праз год нашай супольнай службы на пасецы аднойчы Дружок зьнік з пасекі на цэлыя суткі. Як пасьля аказалася, пабег ува Ужур да „дзевак” і стуль вярнуўся зьнявечаны нейкім нікчэмнікам. Меў пакалечаны пазваночнік і празь некалькі дзён скончыўся. Ніякая дапамога вэтэрынара не ўратавала яго ад сьмерці. Каб надоўга засталася добрая памяць пра Дружка, я „сашкудрыў” яго скуру і расьсьцілаў на сваёй пасьцелі.

На „вакантнае” месца па Дружку я набыў шчанюка, якога назвалі мы Азай, але ні інтэлігенцыяй, ні пачуцьцём у выконваньні сабачых абавязкаў Аза не дараўноўвала, вечнай памяці, Дружку.

Візыт лейтэнанта Уласіка на пасецы

Неяк у пачатку разгару сібірскай вясны, у нядзелю папаўдні, наведаў нас, зь нейкім энкавэдысцкім чыноўнікам у цывільнай вопратцы лейтэнант Уласік — наш камэндант. Прыехалі яны службовым матацыклем. Першы іх сустрэў Дружок, а на яго прывітальны брэх і я выйшаў з нашага „палацу”. Уласік ветліва прывітаўся, нават руку падаў і прадставіў свайго пасажыра — называючы яго сваім сябрам. Гэты сябра, як можна было пасьля зразумець, быў фігурай з краёвага НКВД у Краснаярску. Быў гэта афіцыяльны візыт сваіх падданых, але разыграны, як incognito і быццам сяброўскі. Перш утраіх абышлі мы тачок, паглядзелі як пчолкі энэргічна працуюць і носяць з расьцвіўшых тальнікаў багатую ношу пылку і нэктару. Пасьля запрасіў я „гасьцей” у „палац”. Да маёй сям’і яны былі ветлівыя і гаманлівыя. Выпытвалі пра жыцьцё на радзіме ў мінулым і пры савецкай уладзе, пра цяперашняе нашае жыцьцё і стараліся пацешыць нас добрымі пэрспэктывамі ў Сібіры. Хутка мае жанчыны зразумелі, што госьці не сьпяшаюцца ад нас выяжджаць — значыцца, чакаюць пачастунку. Жонка пачала завіхацца каля прыпечку. На гарачай скаварадзе запішчала сала і каўбаса, засквірчэлі ў гарачым сале спушчаныя на скаварадзе яйкі. Я выбег у амшанік і прынёс поўную талерку прошлагодняга мёду, які пакінуў на веснавую падкормку пчолак. Але найважнейшага мы ня мелі, — не было ў нас гарэлкі, а ў рускіх людзей, асабліва ў сібіракоў, пачастунак без гарэлкі нічога ня варты. З гэтага клопату выручыў нас менавіта камэндант Уласік. Ён расшпіліў свой партфэль і дастаў паўлітроўку „Маскоўскай”. Пілі мы гарэлку ўтрох, бо мае жанчыны адмовіліся. Нашы „госьці” прыехалі да нас пад хмяльком, але расьпіўшы гэту паўлітроўку ўсе павесялелі ды яшчэ больш сталі гаманлівымі. Мяне чамусьці „хмель” ня браў, можа было малавата?

Гэта таксама зразумеў і Уласік. Пакінуўшы свайго сябра ў нас, сам нябачна зьнік з хаты. Праз хвіліну матор затарахцеў і ўздагон за ім пабег брэшучы Дружок. Я запытаў „сябра”, куды паехаў Уласік. Адказ быў кароткі: „Он скоро вернётся”. І сапраўды, праз 10-15 хвілін Уласік зьявіўся з паўлітроўкай. Пасьля гэтай крыху зашумела і ў маёй галаве. „Госьці” запрапанавалі мне выйсьці з „ізбушкі” на прагулку, „праветрыцца”. Пайшлі мы ўздоўж даліны „ключа” ў напрамку „Каржошыхі” (тапаграфічная назва ўгодзьдзяў калгасу). Пачаткова гаворка была хаатычная, „няпутная”, на розныя тэмы, але госьці хутка сказалі, у якой справе прыехалі. Уласік пачаў: „Вы человек образованный, умный, опытный в жизни, при том вы белорусс — значит наш человек и только по ошибке вас переселили в Сибирь вместе с враждебными элементами... Мы всё это поняли и направили вас на самую лучшую работу — на колхозную пасеку. И вы это должны понять и оценить лояльное отношение советских властей к вам...” У мяне хутка пачынае выпароўваць хмялёк і праясьняцца ў мазгавешцы. Пачынаю разумець, куды паварочваецца дышаль гэтай гаворкі. Урэшце перабівае Уласіка ягоны „друг” і кажа: „Вам, Мариан Иосифович (думайце, як феадал зварочваецца да свайго прыгоньніка, а канкрэтна да „бандыта”!), осталось оценить наши дружеские и лояльные отношения местных советских властей к вам и быть с товарищем Власиком в близких сношениях, конкретно — помогать ему в его работе с переселенцами”. Я маўчаў і глядзеў на зялёны дыван траўкі, які прыкрываў сібірскі чарназём. А яны гаманілі і гаманілі, перабіваючы адзін аднаму, малюючы мне і маёй сям’і райскае жыцьцё ў Сібіры, калі я толькі не адмоўлюся быць іхнім „другам” і памагаць ім у цяжкай працы. Каторысьці зь іх сказаў: „Вы будете иметь хорошую работу, лёгкую и материально полезную”. У гэты час я глядзеў на сонечнага колеру цьвітучыя кусты тальніка і бачыў на іх многа працавітых пчолак. Мне было да болю цяжка і крыўдна, што нявіннага мяне зрабілі праступнікам, забралі нашу скромную, але цяжка прыдбаную маёмасьць, вывезьлі ў незнаёмы край, пасадзілі ў сырую зямлянку на бязьлюдзьдзі і яшчэ тут зьдзекуюцца, маральна забіваюць, топчуць чалавечую годнасьць і робяць сабакам. Згадзіўся б быць такім вартавым сабакам як Дружок, але яны хочуць зрабіць сабакам-правакатарам, які павінен брахаць на сваіх нешчасьлівых людзей, якім, як і нам, усё забралі і вывезьлі на пакутную паняверку.

Я маўчаў і быў сумны — думка працавала зь незвычайнай хуткасьцю. Яны таксама на хвіліну змоўклі. Урэшце гэта цяжкае маўчаньне перапыніў Уласік пытаньнем: „Ну, то как, Мариан Иосифович, согласен помогать нам?!” І абодва ўляпілі свой халодны і суровы позірк у мой твар. Я выцягнуўся, як радавы салдат перад камандзірамі і адказаў коратка і катэгарычна: „Не, пакіньце чыніць зьдзекі над паняволеным чалавекам! Самі вы спраўляйцеся са сваёй „работай”. Прыняць сабачай службы я не магу і не хачу. Правакатарам ніколі ня быў і ня буду. Дайце мне чын афіцэра НКВД і мундзір, тады я падумаю, ці такая праца адпавядае мне”. Яны саркастычна зарагаталі і Уласік сказаў: „Ты должен знать, кому советская власть даёт звание офицера НКВД — лучшим людям, преданным советской власти, но никогда таким, как вы — враждебным элементам”. „А чаму ж тады прапануеце нам сабачую службу, значыцца, мы дастойны толькі такой службы?” — адказаў я ім. Закончылася наша гутарка адназначным і пагрозьлівым сказам Уласіка: „Ну, ладно, поехали”. І не сказаўшы нават „до свидания”, селі на матацыкал і зьніклі за пасечным чарамошнікам. Праводзіў іх заўзятым і злосным брэхам Дружок, бегучы ўсьлед мэтраў сотню. Вярнуўшыся на пасеку Дружок з агідай падняў нагу, сікнуў на чарамшыну ды злосна падрапаў лапамі залёную травіцу.

Пасьля гэтага візыту я чакаў адпаведных санкцыяў з боку Уласіка. І праўда, доўга не прыйшлося чакаць. Празь якія два тыдні я атрымаў павестку „срочна” явіцца ў камэндатуру для спэцперасяленцаў, куды кожныя дзесяць дзён абавязыны былі хадзіць асабіста на „отметку”.

Прыняў мяне Уласік вельмі халодна і афіцыяльна. Першае пытаньне было такое: „Ну что, может, набрался ума и передумал свою судьбу? Может, согласен ли с нашим предложением?”

„Так, я перадумаў і рады зь сябе, што тады так паступіў і маральна не спадлеў. Не чакаю ад вас нічога добрага для сябе і сям’і, таму што вы ня маеце права рабіць нічога добрага для нас. Мы рабы, а з рабамі вядома, як паступаць. Лепш згінуць маючы чыстае сумленьне ў адносінах да блізкіх, прытым такіх жа рабоў, як і я, чым выслужвацца рабаўладальніку, які і так ня лічыць цябе за чалавека!” — я спакойна адказаў Уласіку.

Ён раптоўна падарваўся са свайго фатэля і крыкнуў: „Как ты смеешь так говорить! В советском государстве нет рабов и рабовладельцев, есть только враги, которые получают по заслугам!” Пасьля гэтага прыняў ён позу сьледчага, разгарнуў папку, выбраў мае паперы і распачаў: „Имя, отчество, фамилия, год рождения” і г.д. Гэта мела быць споведзь з усяго жыцьця ня толькі майго, але маіх бацькоў і дзядоў.

У тым, штучна разыграным, „сьледзтве” стараўся змусіць мяне да паказаньняў, што я нацыяналіст, вораг савецкай улады і супрацоўнік з акупантам. Адным словам, прабаваў нагнаць на мяне сполах, маральна зламаць і прадставіць перада мною візію астрогу. Кончылася тым, што я не прызнаўся да ніводнага „праступленьня”, прачытаў ягоны пратакол і падпісаў яго ў некалькіх месцах.

Як потым лёгка ўдалося мне расшыфраваць, змусіў ён, ці можа звабіў абяцанкамі пару чалавек зь перасяленцаў на сабачую службу, якім даў заданьне сачыць за мною, правакаваць. Адным зь іх быў цёмны селянін з пад Вільні, якога я назваў „Сучкай”, і гэтая клічка хутка прынялася ўва ўсім асяродзьдзі перасяленцаў, другім „інжынер-аграном”, віленскі мешчанін, горкі п’янчуга і лайдак. Гэтыя тыпы пад рознымі прэтэкстамі вельмі часта наведвалі нас на пасецы, заўсёды стараліся побач сядзець на калгасных сходах і пры сустрэчах у пасёлку заўсёды затрымліваліся, каб пагаварыць, задаць некалькі пытаньняў палітычнага ці гаспадарчага характару. Гутарка заўсёды пачыналася стэрэатыповымі пытаньнямі: „Co słychać na świecie, czy będzie wojna, a co mówi radio angielskie?” і г.д.

Маё падазрэньне, што былі пастаўлены за мной сачыць „Сучка” і Струпаў, пацьвердзілася на маім сьледзтве ў Вільні.

На медазбор пад тайгу

Галоўны ўзятак у тых геаграфічных варунках, дзе мы пражывалі, звычайна пачынаўся на дзікарастучых меданосах каля 10 ліпеня і працягваўся да канца жніўня. Пчолкі на „качоўцы” ў асноўным працавалі на кіпрэю, які таксама меў народную назву Иван-чай і коневник.

Да выезду на „качоўку” (вандроўку) пасека калгасу імя Жданава разьмяшчалася на тачку там, дзе мы жылі.

Першы год працы на пасецы ў невядомых дасюль прыродных варунках быў для мяне і цікавым, і павучальным, і загадкавым. Трэба было штодзённа вывучаць прыроду, мэтэаралёгію, звычаі людзей, пазнаваць наровы сібірскіх пчол і агулам усё жыцьцё і працу ў невядомых дасюль умовах.

Пакуль здабыў я савецкую пчалярскую літаратуру, карыстаўся вельмі добрым на беларускія варункі падручнікам Яна Пачопкі „Пчалярства”, які выйшаў у Вільні пасьля першай вайны на беларускай мове. Апрача гэтага меў я яшчэ і польскі падручнік, які даслаў мне Ясь Сурма зь Немэнчынка. У асноўным на пачатак была гэта добрая літаратура. Пасьля ўдалося закупіць пчалярскую літаратуру выдадзеную ў Савецкім Саюзе: падручнікі і месячнік „Пчеловодство”.

Мая тэарэтычная падрыхтоўка па пчалярстве праходзіла адначасова з практычнай. Гэтакі мэтад павышэньня кваліфікацыяў аказаўся вельмі добрым. Кожная праца зьвязаная з сэзоннымі функцыямі пчаляра ўгрунтоўвалася адначасова тэарэтычна і практычна. Таму здабываныя веды вельмі трывала замацоўваліся ў памяці.

Ад вясны — гэта значыць ад квітненьня тальніка (вербалозаў) і ажно да канца чэрвеня пчолкі працавалі на тых меданосах, якія знаходзіліся ў стэпе і ў кустарніках на розных шматлікіх ярах, ручаях і „ключах”. Пры спрыяльным надвор’і за месяц-паўтара на мясцовых дзікіх меданосах нармальна пчолкі добра разьвіваюцца, набіраюць сілы і могуць быць поўнасьцю падрыхтаваныя да галоўнага ўзятку. Хаця пасека, як казаў „прадсядацель” Баімаў — была Камаром „угроблена”. (Камар гэта пчаляр, мой папярэднік, які ад няўдачы на пасецы кудысьці бясьсьледна зьнік — уцёк, а пасеку пакінуў восеньню на божую ласку), то ўсё ж я яе празь вясну „падрамантаваў” і каля 80% пчаліных сем’яў было поўнасьцю падрыхтаваных да медазбору.

Набліжалася пара вывазкі пасекі на вандроўку, на кіпрэй. У гэтай справе раённы аграном па пчалаводзтве, Арсень Бацагін, паклікаў мяне у райземаддзел і даў мне вусную падрабязную інструкцыю, як падрыхтаваць пасеку на вывазку пад тайгу. Месца на „качоўку” я мусіў сам выбраць пад тайгою ва ўгодзьдзях нашага калгасу або лясьніцтва. Выбіраць месца я паехаў з брыгадзірам Пятром Каржовым, бо сам ня ведаў, дзе знаходзіцца адпаведнае месца для пастаноўкі пасекі.

Ехалі мы даволі доўга стэпавымі і падтайговымі сьцяжынкамі, калі мінаючы раўніны, ручаі і ўзгоркі, кусты і сенажаці, урэшце апынуліся пад тайгою, зьехаўшы далёка на бок ад галоўнай „магістралі”, якая вяла ў тайгу.

Каржоў празь нейкі час затрымаў жарабца і сьмеючыся сказаў: „Вот, як вокам сягнуць, кругом нашы ўгодзьдзі, выбірай любое месца на пасечны тачок”.

Туды-сюды па зарасьлях мы праехалі і ўрэшце аблюбавалі харошую паляначку пад тачок. Ад поўначы і захаду шчыльнаю сцяной засланяў палянку малады бярэзьнік і лістоўніца, ад усходу журчаў „ключ” з празрыстаю вадой, а на поўдзень, паўднёвы ўсход і паўднёвы захад паляна была адкрытая на вялізныя абшары падтайговых лугоў, наўсьцяж парослых кіпрэем і крыху кустарнікам. Вось — падумалася мне — дзе праўдзівы рай для пчолак! Значыцца, месца аблюбаванае, толькі трэба падрыхтаваць тачок для расстаноўкі вульляў.

На наступны дзень вельмі рана, забраўшы неабходныя прылады, тапор, ручную пілку і харчы на цэлы дзень, я паехаў падрыхтаваць тачок.

Сьвядомасць, што ты, чалавеча, адзінокі знаходзісься на сотні квадратных кілямэтраў, выклікала нейкае дзіўнае пачуцьцё, хіба падобнае як у касманаўта падчас лёту кругом Зямлі. Калі б сустрэла якое няшчасьце, то не было б каго прасіць, клікаць на ратунак. Блізкімі для мяне істотамі былі птушкі і конь Сімафор, які яшчэ памятаў пачатак калектывізацыі ў Сібіры.

Дарэчы будзе сказаць пару слоў пра Сімафора. Быў гэта выключна разумны і фізычна выносьлівы конь. Аддалі мне яго на пасеку, як казалі брыгадзіры, „к пасечнику на курорт”, таму што быў цяжкай працай і благім доглядам даведзены да ручкі. На масыўных касьцях была толькі разьвешана скамечаная сівая скура.

На пасецы сапраўды быў курорт для коней — працы амаль ніякай. Часамі выезд у калгас (кантору), у райземаддзел і час ад часу па дровы для пасекі. Бедныя „дахадзягі” даволі хутка папраўляліся, адпасваліся, але нядоўга прыходзілася баляваць — зноў забіралі іх на катаржныя работы ў калгас.

Я доўга стараўся „браніраваць” Сімафора на пасецы, але ўрэшце ўсё ж забралі яго, і то беспаваротна. Сімафор меў ужо больш за 30 гадоў. Быў ён арганізатарам калгасаў у Сібіры і добра памятаў аднаасобніцкае жыцьцё. Старасьць і бяздушная эксплюатацыя ў калгасе звалілі яго канчаткова з ног.

Калгасны вэтэрынар Гошка выдаў загад зарэзаць яго і перарабіць на каўбасы. Так і зрабілі. Мне было шкада Сімафора, а мае дачушкі нават паплаквалі па ім, бо ён быў такі лагодны і добры да дзяцей.

Ясна, што мы ад каўбас адмовіліся.

Калі тачок на качоўцы быў падрыхтаваны, прыступіў я да вывазкі пчолак. Усе вульлі змацаваў, падрыхтаваў да транспарту і зажадаў аўтамашыны з канторы на вызначаную дату і гадзіну. Перавозка адбывалася ноччу. Калі закончыўся лёт і пчолкі з прылётных дошак сышлі ў вулей, я залажыў рашоткі і прыступілі да пагрузкі вульляў. Перавозіліся пчолкі дзьвюма машынамі. Да сьвітаньня ўся пасека знаходзілася пад тайгою.

Расставіўшы кожную сямейку на сваё месца, калгасьнікі, якія памагалі пры перавозцы, заладаваліся на аўтамашыны і ад’ехалі. Я застаўся адзінокі. Нахлынула на мяне нейкае дзіўнае пачуцьцё сіроцтва і суму. Думкамі сягнуў я ў юнацкія гады ў роднай старонцы, калі бываў на начлезе. Але не было тут ніякага параўнаньня. На начлезе ўсю ночаньку ня спалі юнакі, было весела, хаця і бяссонна ночка праходзіла. Тут я адзін, змораны працай і бяз сну. Быў прыдушаны невыноснай тугой за родным краем, за людзьмі. Аднак гэта хандра хутка мінала, нікла як туман у пагодную раніцу. А такая раніца прадказвалася. Пасьля халаднаватай сібірскай ночы хутка наступала сьвітаньне.

З-за гары выкацілася чыстае-празрыстае сонейка, цёпла ўсьміхнулася ўсёй прыродзе і поўнай жменяй рассыпала дыямэнты на падтайговыя лугі ды тальнікі.

Сонейка пасеяла таксама цяпло і радасьць у маё сэрца. Мне зрабілася прыемна, а нават шчасьліва, што я ўбачыў такія цуды, такія дзівы, якія не сустракаюцца ў іншых мясцовасьцях, а толькі ў пагодную ліпеньскую раніцу пад тайгою. Я хутка ажыў, напіўся нейкай энэргіі ды жаданьня жыць і працаваць. Я ўсьвядоміў, што тут я не адзінокі. Са мной мільёны маіх сябровак — працавітых пчолак і кругом чароўная, прыгожая прыязная мне прырода з тым ручайком, які дзень і ноч безупынна журчыць, палошча каменьчыкі сваёй халоднай празрыстай вадзіцай, якую тут у сьпякотныя дні п’юць карэньчыкі чорных сакавітых парэчак і маліньніку.

Сонейка разбудзіла ўсю прыроду. Усё купалася ў дыямэнтавай расе.

Трэба было ўжо хутка выпускаць і пчолак, якім у закрытых вульлях было душна. Яны шумелі і жадалі вылецець на свабоду. Каб не стварылася бязладная завіруха пчолак на раптоўным аблёце, трэба было выпускаць іх па чарзе, ня ўсіх адначасова, бо не распазнаўшы сваіх „кватэр” маглі блудзіць і патрапляць не ў свае.

Усё было зроблена, як вымагала інструкцыя і практычная неабходнасьць. На новым месцы пчолкі распачалі нармальнае жыцьцё і прадуктыўную працу.

Надвор’е першыя 9-10 дзён на „качоўцы” было надзвычай спрыяльнае для працы пчолак. Пчолкі працавалі, можна сказаць, ад усходу сонца да позьняга вечара так інтэнсіўна, што я такой працы на пасецы — прызнаюся, дасюль ніколі ня бачыў. Пару дзён, асабліва надвячоркамі, калі не было ветру, уся пасека і блізкае навакольле проста купалася ў прыемным паху нэктару. Здавалася, што ўсе падтайговыя абшары заліты нэктарам. Дзень за днём праходзілі весела і бестурботна на ўлоньні цудоўнай сібірскай прыроды, пры тым сумесна з маімі безгранічна любімымі сяброўкамі-пчолкамі. Няраз нават забываўся падрыхтаваць сабе яду за цэлы дзень. І толькі вечарам, калі сабіраўся да сну, страўнік прыпамінаў, што ён не атрымаў свайго рацыёну.

Пакуль трактар прыцягнуў мне вагонік-памяшчэньне да жыльля, пасечнага інвэнтару і да працы, я жыў у будане, зробленым на хуткую руку з хворасту.

Пасьля 10 дзён ад самай раніцы не распагодзілася, сонца не паказалася, воблакі згушчаліся і здалёку пагрымлівала. Сьнеданьню лінуў дождж, пачаткова з грымотамі і перунамі. З кожнай хвілінай лівень мацнеў. Будан не даваў мне ніякай аховы ад дажджу. Нічым я ня мог ратавацца ад вады зь верху і зь нізу; прамок да ніткі, холад пачаў пранікаць аж да шпіку косьцяў, трасло мяне як у ліхаманцы. Іншага ратунку ня бачыў, як выйсьці з будана і заняцца фізкультурай — вайсковай цяжкай гімнастыкай. Праз хвілін 15-20 я крыху разагрэўся, пара зь мяне валілася як зь перагнанага зімою каня. А лівень усьцяж узмацняўся. Пераваліла ўжо на другую палавіну дня, а дождж не спыняўся і не было ніякіх прызнакаў, што ён да канца сьвету кончыцца. Так трывала некалькі дзён, а я прасядзеў у спэцыяльным сховішчы, якое дадумаўся зрабіць з падставак і зьверху прыкрыць яго дошкамі ад пустых запасных вульляў.

Праз пару дзён зноў распагодзілася, зноў пацяплела і пчолкі дружна рухнулі да працы. Пасьля гэтага ліўня мой сусед ручаёк вельмі гучна гаманіў і дзень, і ноч.

Ужурскі „Yeti”

Тыдзень часу прайшоў на назіраньні за працай пчолак і прывыканьні да адзіноты на ўлоньні бязьмежнай прыроды. Размаўляў толькі са сваімі думкамі, з Дружком і з пчолкамі. Дзень праводзіў добра, але вечарамі агартаў мяне невымоўны смутак, туга за радзімай, туга за роднымі, жаданьне быць разам зь сям’ёю.

Некалькі дзён жыў са мною на „качоўцы” Дружок. Але калі нашы харчавыя запасы пачалі зьмяншацца і я яму вызначыў скромны рацыён, то ён на знак незадавальненьня адной прыгожай раніцы чмыхнуў да маіх гаспадынь на пасеку, дзе яго лепш кармілі. Прытым на пасецы было на каго пабрахаць — там ад часу да часу нехта праяжджаў на бычку ці на карове ў тайгу па дровы ці па сена, або прыходзіў па чарамшу, а тут — на бязьлюднай „качоўцы” ён мог бы зусім анямець. І гэтага хіба найбольш ён збаяўся, бо страціў бы свае сабачыя атрыбуты.

Пасьля дэзэртырства Дружка мне стала яшчэ больш сумна, асабліва начамі, ня свойска, чагосьці страшнавата. У Дружку я адчуваў як бы моцнага і надзейнага вартавога салдата са зброяй.

Аднойчы ціхім надвячоркам, яшчэ перад расьсьціланьнем туманнай посьцілкі па над тайговыя лугі і зарасьнікі, ідучы ў „ключ” па ваду, на даволі вялікай адлегласьці ад мяне я заўважыў як быццам дымок, які сінім слупком цягнуўся ўгару. Я прыслухаўся й прыгледзеўся ў гэтым напрамку, але нічога больш не заўважыў апрача гэтага дыму. Гэтая зьява мяне заінтрыгавала. Ноччу нават відаць хліпаючы агеньчык і той жа дым. Стала ясным, што там можа быць нейкая людзкая душа. Раніцай я рашыў сачыць за тым месцам, дзе быў відочны дым і агеньчык. Хацеў я нават туды падысьці. Але зрабіўшы некалькі крокаў я змок у буйнай расе аж па самую шыю. Раса была вельмі буйная, сакавітая, пад якой ажно ўгіналіся больш кволыя расьліны багатай падтайговай флёры.

Незадоўга я ўбачыў там зноў слупок дыму і пачуў прыглушанае кляпаньне касы. Усё! Трэба абавязкова схадзіць туды. Няма ніякага сумненьня, што там чалавек. Але хто ён і чаму так далёка забраўся ў падтайговую ваколіцу? Цікавасьць не давала супакою і змусіла туды падацца. Збліжыўшыся я ўбачыў нейкую дзівосную постаць у чалавечай форме. Корпалася гэтая чалавекападобная постаць каля свайго будана, пакрытага карою лістоўніцы ці елкі. Заўважыўшы мяне гэты „Yeti” выпрастаўся і адвярнуўся тварам да мяне. Быў гэты чалавек-Yeti ўбраны ў доўгую як быццам брэзэнтавую сарочку і з такога ж матэрыялу нагавіцы, у ботах з высокімі галянішчамі, картуз зь цёмным бліскучым верхам на галаве. Твар яго зарослы шчаціньнем пакрывала тоўстая абалочка зь нейкай масы, такія ж былі і рукі.

Зьдзівіўся і зьбянтэжыўся ўбачыўшы мяне. Імпульсіўна правая рука яго сягнула да галавы і даткнуўшыся да брыля картуза, ён першы прывітаў мяне словам „здравствуй”. Пранікліва гледзячы на мяне сваімі глыбока схаванымі пад густымі бровамі вачыма запытаў: „Чего ищешь, добрый человече?”

Я выясьніў яму, хто я, як тут апынуўся і што змусіла мяне збліжыцца да гэтага месца дакучлівая адзінота і звычайная людзкая цікавасьць. У гэты момант, калі мы знаёміліся, закіпеў чайнік пастаўлены ў вогнішча, распаленае каля будана, шугнула пара і забразгатала вечка.

Сібіракі, як мы добра пераканаліся, вельмі гасьцінныя людзі. Тут ужо мовы не магло быць, каб я адышоў адсюль не пачаставаны чаем.

Пілі мы чай запраўлены сібірскім варэньнем з чорных парэчак, якія тут растуць дзіка па ключах. Варта сказаць пару слоў пра гэтую „чорную смародзіну”. Гэты выдатны кустарнік сплятае ўсе падтайговыя і тайговыя „ключы”, сьцелецца галінкамі над самай крынічнай вадой, а калі ў цяпло дасьпеюць гронкі буйных чорных ягадаў, тады галінкі не вытрымліваюць цяжару і кладуцца на празрыстую гаманлівую вадзіцу сібірскіх ключоў, палошчуцца ў ёй, аж пакуль ня прыйдуць жанчыны і падлеткі ды не пазрываюць іх у свае вялікія кошыкі ці іншы посуд. Вось з гэтых буйных і сакавітых ягад, з багатым запасам вітаміну „С” (ц) сібірачкі робяць вялікія запасы варэньня, зя якім папівацюь чай амаль увесь год. П’ючы чай зь дзедам „Yeti” мы яшчэ больш у гутарцы адзін пра аднаго даведаліся. Чай яго паказаўся мне надзвычай смачным, прыемным і араматычным. Зь вялікім апэтытам мы елі самаробныя калачы, якіх ніхто хіба на сьвеце ня зможа так сьпячы як сібірачкі. Да калача непатрэбная ніякая прыкраса, ні масла, ні сала. Ён такі смачны, што зусім посны есца зь вялікім апэтытам. Сібірачкі адна перад адной сапернічалі ў выпяканьні смачных калачоў. У нашым калгасе імя Жданава лічыліся найлепшымі калачніцамі ўдовы Сычова і Пікурыніха.

Нашы перасяленкі нават за некалькі гадоў ня выкрылі тайніцы выпяканьня смачных калачоў. Пяклі з тутэйшай пшанічнай мукі вельмі няўдачны хлеб паводле сваёй беларускай-літоўскай традыцыі. Нашыя некаторыя жанчыны былі майстрыхамі выпяканьня хлеба з жытняй мукі. Тут такой мукі не было.

Калі „Yeti” даведаўся, што я ссыльны і потым упэўніўшыся, што я веруючы, адкрыў сваю цікавую і багатую душу. Быў ён ва ўзросьце каля 70 гадоў. Добра памятаў даўнейшае, перадрэвалюцыйнае жыцьцё ў Сібіры. Знаёмства зь ім для мяне было надзвычай карыснае. Я меў такім чынам ува Ужуры двух чэсных, крыштальных старэчаў, якія давалі мне цікавыя інфармацыі пра быт сібіракоў.

Крыху пра жыцьцё дзеда „Yeti”. Бацька яго яшчэ перад японскай вайною быў сасланы ў Сібір за нейкае бытавое праступленьне. Сёньняшні дзед радзіўся ў „Расеі” ў Пэнзэнскай губэрні. Калі бацька сарганізаваў матэрыяльяную базу тут у ваколіцы Ужуру, тады яго маці з двума малымі хлапчукамі прыехала дабравольна ў Сібір і тут засталіся жыць назаўсёды. Да рэвалюцыі, як цьвердзіў дзед, „зажили мы здесь по-барски! Скота, хлеба, мяса и денег было сколько нужно для честного человека. Ну вот пришла революция, установилась советская власть, коммуна, и всё пошло по-иному. Начали уничтожать хороших, зажиточных людей. Забрали их имущество, а их зимой грузили с семьями на сани, везли в тайгу и там выбрасывали, на гибель. Почти все погибли, погибли и мои родители с братом и сестрёнками, а я сбежал к знакомым в соседнее село и потому астался жив”.

„Подрос, возмужал, женился, появились детки. Жил в Ужуре, Ильинске, Петропавловске, а войной как переселилась семья в Ужур, так и живём доныне. Сыновья погибли на войне, дочь выйшла замуж и мы со старухой остались вдвоём. Я уже стар, не работаю ни на производстве, ни в колхозе. В колхозе неважно было работать, потому что после войны колхозники за работу с колхоза ничего не получали”.

Пытаю, з чаго ж жывуць старэчы, калі не працуюць? Паясьніў, што па загінуўшых на вайне сынах бацькі атрымліваюць нейкую сьціплую грашовую дапамогу ад дзяржавы. Асноўная іхняя матэрыяльная база гэта агарод і падрыхтаванае за лета сена. Дзед „Yeti” ад канца вясны да пачатку верасьня пільна заняты загатоўкай сена. Мае ён карову і ад яе прыплод, якія патрабуюць сена на 8 месяцаў. З каровы падвойная карысьць: малако, масла, тварог і яна выкарыстоўваецца як цяглавая сіла пры звозцы сена з тайгі, паездках у млын і г.д. Прыплод дае мяса, або ад продажу грошы. Апрача гэтага дзед гадуе авечку з прыплодам, кабанчыка і курэй. Але дзед робіць загатоўку сена ня толькі для сваёй жывёлы. Колькі сіл хапае, ён увесь сэзон робіць вялікія запасы сена, якое да зімы застаецца ў стагах пад тайгой. Выкошвае ён „бяспанскія лугі”, як дзед кажа — „ничии луги, Божьи”. За ўсю зімку ён на сваёй кароўцы звозіць сена дамоў, складвае ў стагі і чакае добрай цаны пад вясну. Пакуль глыбокія сьнягі ня выпадуць, дзед пільнуе, каб шафёры прадпрыемстваў ня вывезьлі яго машынамі. Трэба дзівавацца ўмеласьці складаньня сена сібірскімі шафёрамі. Яны, напрыклад, на трохтонку могуць злажыць аграмадныя два або тры стагі, якія сібіракі называюць, „зарадамі”.

Ці аплочваецца дзеду гандаль сенам? Аказваецца, вельмі аплочваецца. Ён, як кажуць, „гуляючы” за дзень накосіць воз альбо і два сена і высушыць. А ў сакавіку-красавіку праізводчыкі плацяць за воз сена 170-200 рублёў на старыя грошы. Такі даход зь сена поўнасьцю забясьпечвае ўсе матэрыяльныя патрэбы дзеда. Апрача таго ён, як вельмі артадаксійны праваслаўны, царкоўны камітэтчык і стараста. Калі кажа праўду, дык шмат дае грошай на патрэбы ўтрыманьня царквы і сьвяшчэньніка ўва Ужуры.

Дружба мая зь дзедам „Yeti” з кожным днём мацнела і пратрывала аж да майго арышту і вывазкі ў Вільню на сьледзтва і суд.

Дзед меў адпаведую вопратку і „бальзамаваньне” твару і рук на ўсё лета ад камарыльлі ды мошкі.

Загатоўка сена на зіму

Калі я рыхтаваўся выяжджаць пад тайгу з пчолкамі на медазбор (качоўку), то той наш зычлівы, маральны апякун дзед Іван Пушной сказаў: „Смотри, сынок, ты там время не теряй. В свободное время от работы на пасеке ты коси, делай заготовку сена. Чем более накосишь, тем будешь богаче. Не только прокормишь свою коровку, но продашь сено под весну”.

Як пазьней аказалася, была гэта своечасовая, добрая, практычная рада нашага сымпатычнага Дзядзі Вані.

Калі мы з брыгадзірам Пятром Міхайлавічам Каржовым выбіралі месца на качоўку для разьмяшчэньня пасекі, то той мне таксама намякаў: „Ты подбирай место не только для пасеки, но такое, чтобы одновременно было полезно для тебя. Ты сделай большую заготовку сена, то будешь барином и тебе наплевать будет на трудодни. С трудодней ты жить не будешь. Коси сено, но не вези на пасеку, потому что под весну, когда в колхозе не станет кормов, твое сено заберут в колхоз, а тебе только трудодни посчитают. Коси и складывай здесь в заряды”.

Але я ня ведаў, чые гэта ўгодзьдзі і дзе можна касіць. Каржоў мне тады сказаў: „Коси где хочешь, чисто получшую траву. Тут я хозяин. Конечно, я буду молчать, если ты будешь молчать”. Спачатку гэты сказ я не зусім добра зразумеў. Чаму я меў маўчаць? Глыбокі зьмест гэтага таямнічага сказу выясьніўся. Каржоў чамусьці бяз дай патрэбы пачаў даволі часта наведваць мяне на качоўцы. Кожны раз ён быў пад хмяльком, а з кішэняў тырчэлі яшчэ галоўкі паўлітровак, якія расьпіваліся пры маім будане, а пасьля пры вагончыку пры маім удзеле, але кожны раз зь іншымі асобамі.

Расьпіўшы гарэлку Пётр Мікалаевіч у вясёлым настроі адсунуўшы шапку-вушанку на патыліцу, садзіўся ў брычку і напяваючы ад’яжджаў у напрамку Ужуру, куды было каля 15 кілямэтраў.

Пасьля кожнай візыты брыгадзіра на качоўку паяўляліся ўсё новыя людзі з косамі, граблямі і з запасам харчоў. Арганізавалі сабе жыльлё ў буданах, выбіралі самі сабе дзялянкі сакавітай травы і касілі колькі каму было патрэбна, а пад восень на кароўках і бычках цэлыя абозы сунулі з пахучым сенцам у напрамку гарадзкога пасёлку Ужур. Былі гэтымі касцамі так званыя „праізводчыкі”, служачыя, інтэлігенцыя (напрыклад настаўнікі ), але не калгасьнікі, бо яшчэ ня мелі часу рабіць прыватныя загатоўкі сена, ды і не было дазволена касіць, дзе хто захоча.

Я карыстаўся з многіх прывілеяў, як і „праізводчык”. Таму калгасьнікі зайздросьцілі пасечніку.

Пакуль пчолкі рабілі запасы мёду ў вульлях, я ў вольных гадзінах працы касіў і сушыў сена. Загатоўка сена ішла даволі спраўна, бо я меў на пасецы — тут на качоўцы — каня і цялегу. Высушанае сена я звозіў і складаў у стагі. З пастаронніх ніхто ня ведаў, нават Каржоў, дзе маё сена, а дзе іншых людзей, і таму не было падставы да завісьці. Калі паявіліся копкі і стагі сена, тады ноччу часьцей было чутна вурчэньне аўтамашын. Значыцца, распачалася вывазка сена ў пасёлак. Але вывазка ня толькі свайго сена. Шафёры без пардону ладавалі чужыя стагі ў аграмадныя машыны і вывозілі сабе і на продаж. Адна асоба не магла перашкодзіць ім у рабунку, бо яны звычайна былі „пад хмяльком” і таму безь ніякай цырымоніі маглі віламі „ахрысьціць” прэтэндэнта на сена.

Хаця шафёры ўкралі адзін стог майго сена, але дзед Пушной і брыгадзір Каржоў мелі рацыю, што раілі касіць, не марнаваць часу. Сенца вельмі памагло матэрыяльна маёй сям’і.

У касавіцу на раней бязьлюднай качоўцы было людна і весела. Да мяне ад дажджу прыходзілі хавацца гладкія маладзіцы і дзяўчаты. Яны часамі ад сьпякоты і ў поўдзень таксама прыходзілі ў будан ці ў вагончык, а вечарком хаваліся ад камарыльлі. Пакідалі ў маёй „сялібе” харчы, і таму прыходзілі падсілкавацца пасьля працы. Найдаўжэй са мною дружыла, або, лепш сказаць, суседавала, лоўкая і беспасярэдняя дзяўчына гадоў 24-25, якая назывался Надзя. Яна ў маёй „сялібе” адчувала сябе як дома. Так прывыкла да мяне, што празь некалькі дзён стала загадчыцай нашага супольнага „гаспадарства”, г.зн. харчоў. Варыла абед і вячэру, супольную на нас дваіх. Калі яна зрабіла загатоўку сена і была вымушана вяртацца ўва Ужур, нам неяк нялёгка было расставацца. Падружылі ды ўсё. Надзя вельмі любіла мёд з падтайговых кветак. Мы супольна складалі стагі для яе і для мяне, бо адзін жа стогу ня зложыш.

Я, пакуль не апынуўся ў Сібіры, ня бачыў, каб у нармальных абставінах касілі жанчыны. Бывалі выпадкі, што жанчына хопіць за касу, каб дзе абкасіць пустазельле для жывёлы, але каб станавілася ў пракос і плячо ў плячо ішла з мужчынамі, або ўмела касу пакляпаць, або яе наладзіць, дапасаваць — гэтага не сустракалася. Удовы звычайна прасілі суседзяў касіць, і найчасьцей жнівам ці іншай працай адраблялі таму, хто скосіць усе ейныя пожні.

У сібіракоў і іншых расейцаў іншыя звычаі. На сенакос ідуць з хаты ўсе дарослыя асобы — на раўні: мужчыны і жанчыны. Я прыглядаўся касьбе сібірскіх жанчын. Яны так ёмка косяць, так наступаюць на пяткі мужчынам, што тым ажно вочы на лоб вылазяць. Яны — жанчыны, інтэнсіўна, без перакураў працуюць і не стамляюцца, як мужчыны. Ох, якія выносьлівыя сібірачкі! Яны хвацкія і да работы, і да гульні. А якіх моцных дзяцей плодзяць! Мужчын любяць моцных, сільных фізычна і псыхічна, любяць „как душу”, але калі зойдзе патрэба, то і трасуць як грушу. Яны — сібірачкі — таксама ўмеюць добра „магляваць роженцы своим мужикам”.

Пры гэтай аказіі трэба яшчэ падкрэсьліць, што каб касіць сібірскую траву, трэба мець шмат сілы. На тоўстых пластах чарназёмнай глебы расьце вельмі буйная расьліннасьць. Ці то на вечных аблогах ці запушчаных пад дзірваны ўгодзьдзях расьце густая і высокая расьліннасьць (трава і кветкі) аднагодняя і шматгадовая. У той падтайговай мясцовасьці, дзе я быў на мёдазборы і дзе рабіў загатоўку сена, трава разам з рознымі кветкамі вырастала ўстань чалавека. На палях і дзірванах звычайна парастаў густы, як заседны пырнік. Вышынёй даходзіў месцамі да мэтра. Вось каб уручную зшыбаць такую траву, трэба сілы, добра насаджанай касы і моцнага касавілы.

Як кажуць, прыскокамі, раніцай і вечарам, пакуль камарыльля цалкам не заатакуе, я звычайна не сьпяшаючы накошваў добрых пару сібірскіх вазоў салодкага сена. Кажу салодкага, бо на гэтай глебе не было заквашанай травы.

Гэтае сена было вельмі карыснае для жывёлы. Пасьля такога сена карова ці конь выпівалі па некалькі вёдзер ключавой вады.

Лазьбіны

Ня ведаю, дзе так людзі любяць мёд, як у Сібіры. Тут за пачастунак мёдам можна прыдбаць сабе найлепшых сяброў, падкупіць любога чыноўніка і ўсю старшызну калгасу. Дзіўна, тут мёд высока цэніцца зь першай крыніцы, г. зн. ад пчаляра, непасрэдна ад „пасечніка”. На той мёд, таксама вельмі добры, які прадаецца ў крамах, глядзяць як на звычайны тавар, які не выклікае эмоцыяў.

Мёдам пасекі ўсе цікавяцца і цэняць яго круглы год, але „пік” зацікаўленьня мёдам прыпадае на канец ліпеня і першую палову жніўня, калі пачынаецца на пасеках „откачка мёда”.

Аднойчы дзед Іван Пушной кажа мне: „Если хочешь долго работать на пасеке, так, братец, подмазывай мёдом всё колхозное начальство, и районное тоже”. Я гэтую параду заматаў сабе на вус. Пры першай веснавой рэвізіі пасекі я нямала выбракаваў сотаў (старых і пашкоджаных), у якіх дзе-нідзе было крыху скрышталізаванага мёду. Зразумела, што гэтыя соты трэба было ператапіць і воск здаць у кладовую калгасу.

Што з гэтай салодкай вадой зрабіць, у якой варыўся воск, я — праўду кажучы — ня ведаў. Прабавалі піць, як сок, чай ці квас. Але і ў гэтай справе прыйшоў з добрай радай дзед Пушной. „Ты, сынок, делай медовуху. Угощай начальство, да и сами попивайте, она очень здоровая”. І даў мне рэцэпт, як з гэтай салодкай вады зрабіць медавуху. Аказалася, зусім звычайна. Заліць цёплую жыжку ў бідон ад малака, распусьціць адпаведную колькасьць дрожджаў, уліць вывар з хмелю, гермэтычна зачыніць бідон і паставіць на некалькі дзён у цёплым месцы (блізка печы). Гэтая бражка перабушуе, састаіцца, тады працадзіць, зьліць у драўляны бачоначак або разьліць у бутэлькі ды моцна закаркаваць. За гадзіну-дзьве перад піцьцём крыху цукрам падсаладзіць і можна піць, моц яе будзе каля 17-20°, а калі перад медавухай даць гасьцям па 50 грам гарэлкі, то па першай шклянцы госьці стануць вельмі гаманлівыя, па другой — будуць сьпяваць, а па трэцяй зьедуць пад стол. Я гэта спрактыкаваў на раённым начальстве, якое быццам пры аказіі заехала на пасеку, каб спытаць, „как идут дела в пасечном хозяйстве”.

Мая медавуха сталася вельмі папулярнай сярод начальства і назойлівых калгасьнікаў, якія без цырымоніі заходзілі на пасеку і прасілі „стаканчик медовухи, Мариан Иосифович”. Медавуха так сябе добра зарэкамэндавала, што ў цёплыя выхадныя дні „начальства” заяжджала на пасеку з гарэлкай і закускай і тут ладзіліся маёўкі, а па-іхняму — „сабантуи”.

Каля паловы жніўня ўсё штораз больш дакучлівае і назойлівае начальства ды радавыя калгасьнікі зварочваліся да мяне з такім штамповым пытаньнем: „Когда будешь мёд качать?”

Работа, як вядома, пры адкачцы мёду, асабліва вялікай пасекі, патрабуе шмат рабочай сілы, шмат памочнікаў. У сувязі з гэтым паўставала пытаньне, скуль узяць гэтых памагатых. З калгасу ня возьмеш — ні жывой душы, бо ўсе ж, як кажуць — „жывыя і мёртвыя” мабілізаваныя на сенакос. Пра гэты свой клопат я сказаў Каржову. Ён усьміхнуўся, шлёпнуў мяне па плячы і сказаў: „Ты про это молчи, а то уборку сена сорвёшь. Я подумаю, как организовать тебе помощь”. Праз пару дзён зьявіўся Каржоў на „качоўку”, каб удакладніць дзень „адкачкі мёду”.

У вызначаны дзень у абеднія гадзіны прыяжджае на пасеку амаль усёй сваёй брыгадай, якая працавала на сенакосе недалёка ад пасекі. Было тут крыху мужчын, але найбольш энэргічных, дзелавых жанчын і дзевак-сібірачак.

Трэба было „абслужыць” дзьве медагонкі. Усім прысутным даў я адпаведныя функцыі, кожны ведаў, што мае рабіць. Сабе і Каржову забясьпечыў твары маскамі, ды прыступілі мы да здыманьня надставак запоўненых свежанькім, духмяным мядком, сабраным у асноўным з кіпрэю, які тут сібіракі называлі „коневник” альбо „иван-чай”. Я здымаў надстаўкі і абмятаў з рамак пчолак, а Каржоў трымаў напагатове дымар. Дзьве пары мужчын на насілках насілі ў вагончык надстаўкі з рамкамі, жанчыны там адпячатвалі, устаўлялі ў медагонкі, а другія жанчыны круцілі медагонкі, трэція — напоўнены посуд пад кранам пералівалі ў бідоны ад малака. Работа ішла спраўна і хутка, ледзь спраўляліся мы перасылаць надстаўкі ў вагончык на „адкачку”.

Калі сонца ад зямлі было на качаргу, работа ў асноўным дабягала да канца. Але пры канцы гэтай талакі я заўважыў, што сярод маіх памагатых амаль усе мужчыны і жанчыны былі пад лёгенькім хмяльком, таксама як і прадстаўнікі рэвізійнай камісіі калгасу, якія мелі заданьне кантролю.

Пры канцы нашай талакі я зірнуў на запісаны лік зьнятых надставак і посуду зь мёдам, і кінулася мне ў вочы непрапарцыянальнасьць прыблізных кіляграмаў мёду запісаных у журнале з тымі, што былі ў бідонах.

Калі заходзіла сонейка, пчолкі растрывожаныя нашым „рабункам” абсядалі ў вульлі і асноўная работа пры адкачцы закончылася. Каржоў падаў каманду: „Давайте, товарищи угостим нашего пасечника вином” (па-руску віно — гарэлка), „а он нас медком” і сам першы выцягнуў паўлітроўку, усьлед за ім хто раней яшчэ не дапіў, пачалі зносіць у вагончык гарэлку і на закуску калачы. На мёд памагатыя ня вельмі ўжо і кідаліся, таму што падчас працы яны елі, хто колькі мог.

Неўзабаве, бо як пачалі ад’яжджаць з пасекі мае памагатыя, выявілася прычына недакладнасьці ў маёй мёднай бухгалтэрыі. Усе са мной сардэчна разьвітваліся, жадалі яшчэ другога добрага мёдазбору і дэкляравалі сваю дапамогу на будучыню. Пад хмяльком ня вельмі ўжо асьцярожна зьбіралі свае манаткі, параскіданыя па кустах і падбіралі кожны свой посуд напоўнены сьвежанькім кіпрэевым мядком, які, сцукраваўшыся, мае выгляд сібірскага сонейка ў зэніце і цудоўны пах падтайговай расьліннасьці. Быў там посуд рознай аб’ёмістасьці, ад 2-3-літровых канак, у якіх прыносілі на працу прастаквашу, аж да вядра, якое нехта па загадзе брыгадзіра Каржова напоўніў яму і пасьля паставіў у яго брычку, даючы перасьцярогу падп’янеламу брыгадзіру: „Пётр Николаевич, смотрите, чтобы не опрокинуть это ведро. Вы его поставьте между колен”.

Талака закончылася вясёлымі жартамі, песьнямі ад’яжджаючых калгасьнікаў, якія я чуў, аж пакуль яны ня скрыліся за шматлікімі ўзгоркамі і далінамі, едучы ў напрамку пасёлку Ужур. Закончылася гэтая „ахвярная”, грамадзкая праца вялікім недахопам таварнага мёду ў кладоўцы калгасу імя Жданава.

Песьні і вясёлы гоман калгасьнікаў заціхлі, замоўкла шчоўканьне капытаў калгасных коней на сібірскіх чарназёмных дарогах, якія пры сухім надвор’і хутка становяцца як асфальтныя. Кругом майго царства настала цішыня, самотнасьць, адзінота, бязьлюдзьдзе, якога душа людзкая надоўга ня зносіць. На сьветла-блакітным небе засьвяціліся зоры і пачалі міргаць. Можа, з гэтай вышыні, дзе яны завісьлі, я і быў ім бачны і ў падтайговых зарасьлях? Зноў вярнуліся да мяне мае штодзённыя абставіны. Ручаёк аднагучна ўвесь час на той самай гаме выконваў сваю мэлёдыю. Часамі дзесьці ў зарасьніках адзывалася спрасонку падтайговая птушка, і безупынна трывала ўсю ноч сымфонія камарыльлі, сярод якой паасобныя салісты стараліся заняць месца — сцэну бліжэй вуха, а дробная машкара хмараю атакавала чалавека, жывёлу і лезла ўсюды. Даставалася нават праз халявы ажно да ступняў.

Ліквідаваў я сьляды „талакі” і наводзіў парадак у сваім гаспадарстве дзесьці аж да поўначы. Сабраўся я на адпачынак ужо тады, калі на паўночным усходзе пачало ружавець неба.

Пчолкі зьвісаючы вялікімі бародамі на прылётных дошках гулі ды праяўлялі незадавальненьне з таго, што тварылася ўчора на пасецы. А ўся пасека купалася ў прыемным нэктаравым паху.

Брыгадзір Каржоў крыху працьверазеўшы на вячэрнім халадку усьвядоміў сабе, што трэба кампанію, зь якой быў на адкачцы мёду, перасьцерагчы, каб маўчала. Даехаўшы непадалёк ад Ужуру, затрымаў абоз „памагатых” і па-камандзірску сказаў: „Бабы и мужики, смотрите, ничего не болтайте, где были и что везёте домой. Работали на сенокосе, вот и всё. Конечно, трудодень будет малый потому, что мало сена сметали. Понятно? Ну, смотрите — молчёк!”

Усе хорам адказалі: „Правильно! Точно, Пётр Николаевич!” І паехалі кожны да свае хаты.

Праверка пасекі

Паводле абавязваючай калгаснай інструкцыі, пасеку мусіць правяраць рэвізійная камісія звычайна два разы ў год — пасьля выстаўкі з амшаніка (вясною) і пры заканчэньні сэзону (пад восень). У першы год маёй працы на пасецы правяралі становішчы пасекі члены рэвізійнае камісіі — дзьве жанчыны, якія запыталіся ў мяне пра пчаліныя сем’і і папрасілі, каб я саставіў пратакол агляду, які яны падпісалі і забралі ў кантору калгасу. Каб не сьпяшыць ехаць назад, яны некалькі гадзін прасядзелі са мной у „ізбушцы” і прабалталі на розныя бабскія тэмы з маімі жанчынамі, я іх частаваў мёдам, а мае гаспадыні абедам. Наступны раз — гэта было пад восень пасьля заканчэньня медазбору — прыехаў лічыць пчаліныя сем’і і іх „сілу-якасьць” сам старшыня рэвізійнай камісіі Сяргей Ігнатавіч Вінакураў — чалавек добры, які бяз чарачкі кепска чуўся. Тачыў ягонае нутро нейкі хранічны чарвяк, якога трэба было кожны дзень „румачкай” заспакоіць!

У мяне ў амшаніку заўсёды стаяў бідончык зь медавухай, а недалёка да яго, у самым цёмным куточку запасная, аварыйная паўлітровачка з мацнейшай вадкасьцю.

Вінакураў, праўду кажучы, крыху пабойваўся пчол, але разыгрываў адважнага. Узяў ён шчыток, а я дымакур і налажыўшы маскі падаліся на тачок, разьмешчаны на паляначцы між чарамошніку. Тачок аддзяляўся ад нашага панадворка перад „ізбушкай” усьцяж актыўным ручаём (ключом), на якім была перакінута даволі шырокая кладка ў тым месцы, дзе пераходзілася на пасеку (на тачок).

Праверылі мы амаль палову пасекі, ацэньвалі сілу пчол і запасы харчоў на зіму. Гэтая работа і непатрэбнае трывожаньне пчолак мне надаела. Пры тым Сяргей Ігнатавіч пачаў тут мудрагеліць, удаваць знатака і часамі беспадстаўна заніжаць сілу сем’яў і запасы харчоў. Мне проста тут жа нарадзілася думка спыніць „работу” рэвізійнай камісіі. На чарзе да праверкі была якраз вельмі злосная сям’я. Падыходзячы да яе я сказаў Вінакураву, што тут ня трэба дыміць і дражніць пчол, бо яны вельмі злосныя. Тут Вінакураў крыху струсіў. Бачу як у яго крыху рукі дрыжаць. Нічога! Вулей адкрываю і пачынаю вельмі рэзкімі рухамі гаспадарыць у гнязьдзе, нечакана пару разоў таўхануў у сьцяну вульля. Бачу, пчолкі пачынаюць ужо нэрвова хадзіць ходырам і хапаць за пальцы, і тут раптоўна, знарок ці выпадкова — не памятаю —вырываецца з маіх рук цяжкая мёдная рамка абседжаная пчолкамі і з гукам падае на гняздо. Гэтага толькі і трэба было. Роем кінуліся яны на нас і пачалі нас страшэнна, зь вялікім імпэтам атакаваць. Я крычу Вінакураву: „Падкурвай, защищайся!”, але яму не да падкурваньня было. Ён, магчыма, зь перапалоху пусьціў свой натуральны газ і гэты непрыемны для іх пах прывёў пчол у шал. Секлі яны мяне, але Вінакурава абсела асноўная маса з гэтага вульля і далучыліся цэлай хмарай зь іншых. Спачатку душыў ён агрэсарак на твары, на руках і адначасова ругаўся ўсімі магчымымі лаянкамі, якія толькі былі ў ягоным слоўніку, але як пчолы сотнямі абселі яго на адзеньні, на ботах і пачалі дабірацца да цела праз усе магчымыя адтуліны і дзюрачкі, то Вінакураў перастаў расьціраць пчол пранікнуўшых пад маску, кінуў на зямлю дымакур і ўжо толькі мармычучы качаўся. А пчолкі бесьперапынна, як кулі з разгону ляпіліся на сваю ахвяру. Гледзячы на гэтую сцэну ня мог устаяць ад спазматычнага сьмеху. Урэшце я апамятаўся. Бачачы, што гэтая сцэна можа трагічна закончыцца для Вінакурава, я крыкнуў яму: „Беги скорее в избушку!”, а сам хуценька прыкрыў вулей. Вінакураў рэшткамі сілы падхапіўся і бягом з тачка. Прабягаючы па кладцы, пахіснуўся і ўвесь — як стаяў — рынуўся ў ваду. Выбраўшыся з вады, падаўся ў „ізбушку”, але жанчыны затрымалі яго ў сенях, дзе ён распраўляўся з рэшткаю пчолак, якія вельмі гасьцінна праводзілі яго з пасекі. На пасецы бушавалі растрывожаныя і раздражненыя пчолы. Я ўцёк у густы чарамошнік і там абараняўся ад злосьніц. Непадалёк ад пасекі Станіслаў Андрыеўскі, які меў клічку Сучка, пасьвіў маладых коней. Калі ашалелыя пчолы даляцелі да табуна гэтага маладняка, пачалі яго там шпіляць, то ўвесь гэты табун, не аглядаючыся на Андрыеўскага, задраў хвасты і памчаўся ў напрамку Чарноўкі, толькі зямля застагнала і пыл за імі падняўся.

У гэты момант нейкі дзед праяжджаў ля пасекі на бычку ў тайгу. І яго пчолкі таксама заатакавалі (вядома, у меншай колькасьці, як мяне зь Вінакуравым). Тут бычок сам дагадаўся, як ратавацца ад нападу. Раптоўна павярнуў ды галёпам папёр дзеда зь цялежкаю ў гушчу чарамошніку. Дык так залез і закрыпаўся, што мы зь дзедам ледзь выцягнулі цялежку і вывелі бычка.

Шчасьце, што наша карова зь цёлкай, авечкамі і кабанчыкамі сышла далёка ў сьпелую калгасную пшаніцу. Каля дому былі куры і сучка Аза. Аза хутка дала сабе раду. Папрабавала некалькі пчолак, што ўпіліся ў ейную поўсьць, сьцямкаць мармычучы, а калі пачало іх прыбываць, то яна з такога спосабу абароны зрэзыгнавала і промецьцю кінулася ў стог зь сенам, дзе мела даволі глыбокую нару, і там схавалася.

Куры паднялі такі крык і алярм, што, здавалася, атакуюць іх прынамсі дзесяць каршуноў. Ані курыны, ані петушыны крык ня мог пчолак адпужаць. Яны так іх атакавалі, што куры, ратуючыся, кінуліся ў чарамошнік, пахаваліся ў густой траве. Двое сутак мы не маглі звабіць курэй з чарамошніку. А дзьве нават не перанесьлі пчалінага яду і падохлі.

Праз паўгадзіны я вярнуўся ў „ізбушку” і Вінакурава не пазнаў. Выгляд ён меў пачварны. Увесь твар апухлы, вачэй не было відаць, нос як аграмадны турэцкі перац, вусны як дзьве разам зложаныя каўбасы. Сядзеў ён і зьнясіленым голасам час ад часу сыпаў мацюжкі ў адрас пчолак, а каб не абражаць гэтым лексыконам, ён казаў перад кожнай лаянкай: „Извиняя вас”. Больш ужо лічыць пчол не хадзіў.

Зіма ў Сібіры

Вясна ў Сібіры прыходзіць каля 1 травеня і тады дружна ды раптоўна распраўляецца зь зімою. Прыблізна ад першых дзён лістапада як пачнецца зіма, адразу з маразамі, то і трывае без адлігі аж да канца красавіка. Маразы ўтрымліваюцца ў сярэднім каля 37-38° С. Калі мароз крыху ападзе, да 20-25° С; тады такое надвор’е сібіракі называюць адлігай (оттепель). Чым большы мароз, тым надвор’е робіцца зусім бязьветраным. Неба чыстае, сьветла-сіняе, паветра празрыстае, звонкае. Раніцай, калі глядзіш на пасёлак Ужур, калі з комінаў ідзе дым, то бачыш як дым бясконца доўгімі і стромкімі слупамі ідзе ўгару, і як быццам падпірае гарызонт неба. Калі ў такі пагодны вечар ці ноч, бывала, забрэша Дружок, я браў дапатопную дубальтоўку, якую далі мне з канторы калгасу дзеля аховы калгаснай пасекі, то нічога ня бачыў і ня чуў у блізкасьці нашай адзінокай паўзямлянкі-„ізбушкі”. Але Дружок глядзеў у напрамку тайгі і ўсё штораз ахвотней брахаў. Пачакаўшы 15-20 хвілін, я ўспакоіў Дружка, услухаўся і ўглядаўся ў зорную, марозную ноч. З паўночна-ўсходняга боку пачулася зусім ціхая, як па радыёпрыёмніку, яшчэ невыразная музыка. Напружваў слух і зрок у той бок і стараўся зразумець тую музыку. Але ж неўзабаве тайніца ночы выясьнілася. Нехта ад той дарогі ехаў на санях, а палозьзе ад моцнага марозу рыпела выконваючы сваю манатонную сымфонію, якая выразна не падабалася Дружку. Калі прыблізілася тая „філярмонія”, то Дружка нельга было ўтрымаць пры сабе. Ён кінуўся да дарогі і заўзята аббрэхваў праяжджаючага.

Чым большы мароз, тым менш ён адчуваецца на твары ці на руках. Раптоўна схопіць і пакрые белай скуркай твар. Аднойчы я раніцаю, завёзшы дачку Мірусю ў школу, вяртаўся на пасеку. Марозік паціскваў добра, бо бярвеньне і жэрдзі ў платах „стралялі”, у каня хутка тварыліся ледзяныя затычкі ў ноздрах. Значыцца, марозік быў каля 45-48° С. Я меў вушанку, настаўлены каўнер кажуха, але сам твар ня быў забясьпечаны „шлемам”. Насустрач мяне бегла дзетвара ў школу. Раптам дзяўчаты глянуўшы на мяне кінуліся да саней і коратка сказалі: „Дядя, твое лицо обмерзло”. Я спалохаўся, сцягнуў рукавіцу і даткнуў далонямі да свайго твару. Атрымалася ўражаньне, што я даткнуўся да лёду. У такім выпадку адзіны спосаб гэта зараз жа абмёрзлае месца расьцерці снегам.

Так гэтая прыгожая, здаровая сібірская зіма трывае роўна паўгоду. А дзеля таго, што не бывае за ўсю зіму ні аднае адлігі, то сьняжок — лёгкі, пушысты, ляжыць на адкрытым месцы, а перад усім на ўзгорках, пакуль ня дзьмухне вецярок. Тады гэты белы „пух” безупыннымі хвалямі сплывае ў даліны, у ручаі, ключы, у зарасьнікі чарамшы і там ужо спакойна ляжыць аж да вясны. Праз такія сьнегавыя сумёты вельмі цяжка і зусім немагчыма прабрацца ані пешшу, ані тым больш на санях. Таўшчына сьнегу мясцамі даходзіць да 2,5-3 м., а на гэтым пульхным сьнезе не ўтрымаецца ані чалавек, ані конь з санямі; праваліцца з галавою. Таму калі летам бываеш у тайзе ці пад тайгою, то бачыш высокія ўстань чалавека пні дрэў зрубаных зімою.

Едучы ў тайгу па дровы ці будматэрыял сібіракі не карыстаюцца пілой. Забіраюць з сабою вельмі вострую сякеру з нятоўстым лязом. Дрэвы пушчаюць з пня з кірункам ветру. Пару разоў рубане з аднаго боку і з другога і як толькі вецярок ледзь рушыцца ў кронах дрэў, то гэтае падрубанае стрымкне са звонам і адскочыць ад пня (дрэвы намярзаюць як косць і таму такія крохкія). Зрубанае дрэва бабахне на сьнежны пух і ты не знайшоў бы ствала, каб ня бачыў, куды яно ўпала. Нагой і сякерай лёгка разгорнеш сьнег на ствале і адмераўшы тапарышчам кавалак патрэбнай даўжыні, рубанеш з аднаго і другога боку, націнаючы канец, і кавалак адломіцца.

Такім чынам сібірак запрагае двое, а часамі трое коней, кожнага ў асобныя сані, паставіць іх на дарозе гуськом, сам сядае на першую фурманку, а заднія прывязаныя повадам да пярэдніх саней і едзе ў тайгу зь сякерай без напарніка. Апранае „доху”, вушанку і рукавіцы з сабачай скуры поўсьцю наверх, нацягвае на твар зроблены з ваўняных нітак „шлем”, кладзецца ў сані і едзе падпяваючы, пакуль коні не пачнуць сланяцца і душыцца ад непраходу паветра праз замёрзлыя ноздры. Тады ўстане, выдзярэ з ноздраў ледзяныя затычкі ў форме бурака ці морквы і зноў кладзецца ды далей едзе напяваючы свае старыя народныя мэлёдыі.

Каб цёпла было ў хатах, сібіракі паляць у печах ад раніцы да позьняй ночы. Дзеля гэтага патрабуецца шмат дроў, бо прыватным жыхарам дзяржава вугалю не прадавала, даставалі яго, і то скупа, толькі ўстановы, школы, прадпрыемствы. У сувязі зь вялікім запатрабаваньнем на апал не было такога жыхара ўва Ужуры, які меў бы запасы дроў зробленыя летам. Калі каму былі патрэбныя дровы, тады іх і здабываў. У лясьніцтве прадаваліся дзялянкі лесу, дзе кожны мог купляць дровы. Вывазка адбывалася ўласнымі сродкамі. Калгасьнікі вывозілі апал сабе і калгасу на конях, праізводчыкі і служачыя на каровах, быках, а ўстановы аўтамабілямі і коньмі, калі іх мелі. Зімою машынамі ў тайгу не заедзеш, таму з тайгі вывозілі на конях да шырэйшай ды ўежджанай дарогі і адсюль ужо машынамі.

Кожны паліць у печы сырымі дрывамі. Перасяленцы пачаткова ў гэта ня верылі, але хутка пераканаліся, што гэта зусім магчыма. Першую зіму разам з калгасьнікамі паехаў і я ў тайгу і прывёз даволі вялікі воз харошых гонкіх бярозавых круглякоў. Дзеля таго, што не было ні паленца дроў у жалезную печ, якая агравала нашу кватэру, то трэба было зараз жа вечарам падрыхтаваць апал. Выйшлі мы да гэтай працы з жонкай, як звычайна, зь пілою і сякерай. Паклалі на казёл кругляк і пачалі пілаваць. Піла адбівалася ад скасьцянелага кругляка і ніяк не магла ўрэзацца зубамі ў драўніну. Зыграе, скача піла, з пад зубоў сыплюцца іскры, а мы яшчэ не ўсьведамляем сабе ў чым тут справа. Нашай рабоце прыглядалася абапершыся на плот суседка Зося Ганчарова і, калі мы спынілі работу, яна гучна зарагатала і сказала: „А хто ж у Сібіры зімою дровы пілуе?! Ніякая піла не бярэ. Трэба ўвесь кругляк ўздоўж расшчапіць і кожную чвэртку ці васьмёрку ламаць на палены такой даўжыні, якая патрэбна”. Усё было зроблена хутка і добра паводле „інструктажу” Ганчаровай. Прамерзлыя дровы кладзеш у печ, а яны сухія, бо ў іх уся вада і сокі вымерзьлі.

Так жыхары Ужуру жылі ў найбольшыя маразы ў цёплых хатах, але іх жывёла, як калгасная, а перад усім прыватная, амаль зусім не забясьпечаная ад вятроў і холаду, днём і ноччу жыла пад адкрытым небам. Днём свабодна ходзіць па горадзе і ваколіцах шукаючы сена, а ноччу стаіць замкнутая ў высокіх бяз даху плятнях.

У першы год нашай ссылкі ў Сібіры на мяне цяжкае ўражаньне рабілі пакуты жывёлы, якая ня мела нармальнага догляду, кармоў і зацішных, калі ня цёплых, хлявоў.

Аднойчы ў вельмі марозны надвячорак прыляцеў на жарабцы старшыня калгасу Баімаў. Запрасіў я яго ў нашы апартамэнты, а сам узяў свой стары кажух і накрыў варанога жарабца, зь якога валілася пара і зараз замярзаючы асядала шэраньню на поўсьць, робячы сівым карага жарабца, якому Баімаў ланцугом высока задраў галаву, каб ня мог дастаць сьнегу. Пры ад’езьдзе старшыня ўбачыў на жарабцы кажух і адразу на мяне накрычаў: „Ты что! Хочешь жеребца испортить? Не надо с ним нежничать, пусть закаляется, согревшись на морозе!” Калгасныя жарабцы і атары авечак, а таксама дойныя і цельныя каровы мелі хлявы і кашары на зіму. Авечкам гэта было неабходна таксама ў сувязі з забесьпячэньнем пагалоўя ад ваўкоў. Рабочыя коні і маладняк зімавалі пад адкрытым небам. Маладняк коней і скопцаў, як правіла, зімою выганялі на падсьнежны корм на ўзьлескі, скуль вецер зьмёў сьнег.

Мне было вельмі шкада коней. Прыехаўшы з тайгі ці з падвозкі пашару на фэрму, змучаных і спацелых коней вечарком выпрагалі й адразу пушчалі ў выгарадню на г.зв. конным двары. Калі ўсе коні вярнуліся з работы, тады конюхі падвозілі на санях сена, найчасьцей сапрэлае, сплясьнелае ў загарадах. Едучы кругом выгарадні кідалі яго пад ногі коням. Праз гадзіну тая порцыя гнілога сена зьнікала. Тады, ці коні хочуць, ці не, конюх гоніць іх да вадапою. Пасьля цэлую, доўгую ноч яны ўжо нічога ня могуць есьці, ходзяць па гэтай выгарадні і выціраюцца адзін аб аднаго, каб не замерзнуць. На раніцы глянеш у выгарадню, то нідзе ня знойдзеш конскага гною. Апраўляюцца і зараз зьядаюць кал. Ад холаду забясьпечвае ў рознай ступені сібірскіх коней доўгая поўсьць, якою яны парастаюць на зіму.

Раніцай конюхі зноў закідваюць у выгарадню такое ж сена, якое яны далі вечарам. Але каб крыху падсіліць рабочых коней, рассыпаюць ім у выгарадню адходы збожжа. Пасьля такога „дэсэрту” зноў яны ідуць да вадапою, а з вадапою ў хамут — аж да вечара. І так кожны дзень.

Вясна ў Сібіры

Вясна ўва Ужуры пачынаецца прыблізна пры канцы красавіка. Раптоўна насоўваюцца з захаду і з паўднёвага захаду нізкія, цёмныя хмары. Цяплее з кожнай гадзінай, сьнег стаецца цяжкі й асядае, туманна днём і ноччу, і так бывае пару дзён, а пасьля днём пачынае прыграваць, а ў зацішных месцах нават „прыпякаць”, а стоўбік ртуці ў градусьніку можа падняцца да +10° С (на сонцы). Між іншым гэта добры момант для аблёту пчаліных сямеек, якія дрэнна зімавалі і неспакойна паводзілі сябе чакаючы ачышчэньня страўніка, або выгнаць мышэй, калі да якіх сямеек дабраліся.

Аб прыходзе вясны папярэдзіў нас дзед Пушной. Сказаў, каб абявязкова на тыдзень часу забясьпечыцца ва ўсё неабходнае ў нашым штодзённым жыцьці як соль, нафта, харчы і г.п., бо напэўна, як і кожны год бывае, пасека на некалькі дзён адрэзана будзе ад сьвету. Каб хто іншы казаў нам пра гэта, мы не паверылі б, бо няма тут каля пасекі ані ракі, ані азёраў, і здавалася, няма падстаў баяцца паводкі. Дзеду Пушному мы верылі, бо гэты чалавек быў вельмі зычлівы да нас і перасьцерагаў перад няшчасьцямі і лічыў сваім абавязкам вучыць нас жыцьця ў новых няведамых для нас абставінах.

Пасьля сонечных дзён былі туманныя і цёплыя ночы. Сьнег растапіўся мамэнтальна, вада пачала сплываць з палёў і зарасьнікоў у ручайкі, ручайкі пабеглі ў ключы, а ключы разьліліся ў шырокія рэкі, якія гучна несьлі падтайговую і тайговую воды ў напрамку Ужуру і ажно ва Учум.

Пасека апынулася на востраве. Тут жа ля самых вокнаў нашай „ізбушкі” вада імкліва ляцела і несла сьнег і лёд, сена, вырваныя кусты, розныя бярвеньні і балотныя кімсы. Вада пагрозьліва гучала пераліваючыся праз кусты і дрэвы чарамошніку. Гэтак працягвалася некалькі дзён, аж урэшце воднае акружэньне пачало слабець і вада паплыла ключом, а дасюль затопленыя абшары пачалі ўвальняца ад вады. У дні акружэньня мы ня мелі ніякага кантакту са сьветам, з Ужурам, зь людзьмі. Калі б была патрэбная лекарская дапамога, то нельга было б яе выклікаць. Мы адсюль нікуды не маглі выехаць і ніхто да нас ня мог прыехаць.

У Сібіры, канкрэтна, у пасёлку Ужур, як я ўжо казаў, жывёла за цэлы дзень бадзяецца па задворках, стараючыся ўзламацца да стога зь сенам, або проста ідзе па дарогах ад пасёлка ўва ўсіх напрамках і зьядае растрэсенае сена. Перад паводкай прыблукалася аж да пасекі чыясь карова з Ужуру. Яна тут валачылася амаль да вечара. У гэты час рухнула вада і гэтая карова ўжо не магла вярнуцца дамоў. Пахадзіла яна каля пасекі і потым зьнікла. Я нават дапускаў, што праз гэтую імклівую ваду і трапіла ў пасёлак. Аказалася, што яна дзесьці начавала на полі на нашым востраве. Пад поўдзень яна зноў прыйшла на пасеку і гэтым разам падыйшла да нашай „ізбушкі”, стала ды мычыць. А ў яе аграмаднае вымя расьперла як туга набіты збожам мяшок, а з сосак капае малако. Зараз я загадаў сваім гаспадыням вызваліць бедную карову ад пакуты.

Надаілі амаль два вёдры малака. Кароўка павесялела. Пакуль не сьцякла вада й не прыйшоў па яе гаспадар, яна жыла ў нас.

Так прыйшла дружная вясна, сьнег сагнала, вада сплыла, поле і зарасьнікі стаялі голыя і чорныя. Хіба з паўмесяца нідзе не паказвалася ніякая траўка, толькі падсьнежнікі зацьвілі. Начамі былі прымаразкі, днём хаця й пагодна ды сонечна, але халаднавата, бо падзьмухвалі з за Чарноўкі. Саянскія вятры, якія на падсохлых вуліцах Ужуру часам падымалі цёмныя хмары чарназёму. Памятаю, як на першамайскім паходзе ў 1949 г. паднялася такая чарназёмная завіруха, што ўдзельнікі дэманстрацыі выглядалі як нэгры.

Флёра не сьпяшалася распачынаць сваёй вэгетацыі, бо да гэтага не спрыяла ані надвор’е, ані тэмпэратура глебы, якая глыбока прамярзае.

Па прыказе зямельных і партыйных уладаў сельскагаспадарчыя машыны выведзены на калгасныя і саўгасныя палі, але работа яшчэ нармальна на разгортвалася. Толькі пасьля 15 траўня пачала ажываць прырода і распачаліся палявыя работы ды сяўба адпаведных да часу культур.

Але калі пачнецца праўдзівая, поўная вясна, тады прырода хутка надрабляе свае залегласьці, мамэнтальна зелянеюць лугі, дзірваны і неўзаранае поле, пучкі на кустарніках і дрэвах набрыняюць, тальнікі расьцьвітуць і залатымі „коцікамі” ўпрыгожацца, выдзяляючы шмат пыльцу і нэктару, які вельмі энэргічна зьбіраюць пчолкі. Памятаю, у другі год маёй працы на пасецы, каля 25 траўня пчолкі амаль усе гнездавыя рамкі запоўнілі мёдам сабраным з тальніку.

У гэтым жа годзе 26 ці 27 траўня з начы выпаў сьнег на 10-15 сантымэтраў і мароз паціснуў да 14-15° С. Гэты выбрык сібірскага клімату найбольш відочны быў на зацьвіўшым чарамошніку. На лістах і квецені ляжаў замарожаны сьнег і калі на другі дзень сонейка сагнала сьнег і ўступіў мароз, то ўвесь чарамошнік зьвяў і пачарнеў. У канцы чэрвеня паявіліся новыя лісты і атожыльле, але дрэвы не зацьвілі. Каб не замарудзіць расплоду ў пчаліных сем’ях я забраў на ацяпленьне гнёздаў ўсё адзеньне і пасьцель сям’і і агулам усе вульлі прыкрыў сенам.

У Сібіры я сустрэў такіх птушак, якіх у нас у Белаурсі не прыходзілася бачыць і чуць іхнія галасы. Я хачу расказаць, пра вельмі мілую птушку, якую мы празывалі „Дзядзя Ваня”.

Гэты „Дзядзя Ваня” вельмі падобны сваёй будовай да салаўя, толькі значна большы і жаўтавата-зеленаватай масьці. Як крыху пацяплее, зацьвітуць тальнікі, то яны — гэтыя „Вані” ад самай раніцы сядзяць у тальніках і сьпяваюць. Іхняя песьня вельмі аднатонная, складаецца толькі з чатырох складоў: „дзя-дзя, Ва-ня”, і ўсё яны паўтараюцца. Дзіўна, што гэтая манатоннасьць не дакучае чалавеку. Слухаецца гэта зь вялікай прыемнасьцю ўсю вясну, кожны сонечны цёплы дзень. Магчыма, што гэта птушка па-польску называецца „вільга” (Oriolus oriolus), а па-беларуску івалга. Нашы беларускія івалгі, жаўтабрушкі — як мы іх называлі ў Цяцерках, не такія шыкоўна прыгожыя як сібірачкі, ды і ня так хораша сьпяваюць. У сібірачак багацейшая гама й больш мастацкае выкананьне гэтых нудных слоў „дзя-дзя Ва-ня”, якія заўсёды для маёй сям’і асацыяваліся зь імем высакароднай асобы, простага з харошаю душой сібірскага калгасьніка, дзеда Івана Пушнога.

Пасяўная кампанія

На пасяўную і ўборачную кампанію ў калгасе, як правіла, мабілізуюцца ўсе жывыя і „мёртвыя”, як кажа калгасная прымаўка. Я і мая жонка таксама былі мабілізаваны на пасяўную. Жонка ў калгасных сьвірнах разам з мноствам іншых жанчын чысьцілі і атручвалі насеньне пшаніцы, а мяне брыгадзір Пятро Каржоў накіраваў на сеялку. Трэба сказаць, што амаль усю калгасную гаспадарку, у галіне жывёлагадоўлі, так і пчалаводзтва абслужвалі нашыя ссыльныя зь Літвы, таму што свае сібіракі, як хто мог і куды мог паўцякалі з калгасу. Калгас у паваенныя гады амаль нічога не даваў на працадзень, працавалі калгасьнікі толькі за прысядзібныя ўчасткі. Яны і складалі для іх матэрыяльную базу. Зразумела, што амаль усе калгасьнікі былі прымушаны красьці калгаснае зерне і пашар. Калгаснае начальства афіцыяльна граміла зладзейства, а фактычна глядзела праз пальцы, бо і само крала.

Кожны працуючы пры пасяўной кішэнямі выносіў насеньне, нават атручанае, якое дарма нэйтралізавалі рознымі спосабамі, пасьля сушылі і малолі. Найбольшы попыт у калгасьнікаў меў насенны гарох. На гэту спакусу кожны квапіўся. І тут была добрая аказія брыгадзіру ці іншым асобам помсьціць „сваім ворагам”. За ўсімі сачылі хто меў дачыненьне з пасяўным гарохам. Вось у гэту пастку трапіў і адзін з нашых ссыльных — Янка Петрусевіч, сьветлы селянін з пад Вільні. Ён увесь час падвозіў насеньне пшаніцы і іншых культур на поле. Аднойчы загадалі яму пад’ехаць да сьвірна і наладаваць воз мяшкамі гароху. Янка з падвозкі такога спакусьлівага насеньня вельмі ўцешыўся. Мамэнтальна зрадзіўся ў яго плян, як узяць гарох, дзе яго схаваць, каб вечарам прынесьці дамоў і варыць вельмі пажыўную страву для цяжка працуючай фізычна сям’і.

Каржоў быў вельмі злы на сям’ю Петрусевіча за тое, што яго жонка не хацела хадзіць на работу ў калгас. Калі Каржоў заходзіў да Петрусевіча і вызначаў месца працы для Петрусевічыхі, то яна яму адказвала: „А халерачкі ты ня хочаш? Скарэй ты папаўзеш на той сьвет, як я на вашу работу. Я не прыехала да цябе на заработкі. У мяне свая добрая гаспадарка засталася, вашая власьць забрала, абрабавала нас і вывезла паказаць сваіх савецкіх жабракоў”. Калі Каржоў стараўся яе пераконваць ці палохаць камэндантам, то яна адказвала: „Скажы свайму камэнданту, няхай ён мяне ў сраку пацалуе, а ты, ганчак, выхадзі з хаты, бо дастанеш качаргой па хрыбеціне”. Каржоў выходзіў злы ад Петрусевіча і ў душы абяцаў сабе пры адпаведнай нагодзе: „Я цябе, міленькі, навучу, як служыць савецкай уладзе”. Каржоў скардзіўся лейтэнанту Уласіку на Петрусевічыху і камэндант некалькі разоў выклікаў яе да працы ў калгасе. Нават палохаў, што будзе караць яе судом. Але яна, каб вылажыць свае аргумэнты на апраўданьне, чаму не ідзе працаваць, падымала такі вэрхал у памяшканьні раённай міліцыі, што ўсё начальства выбягала са сваіх кабінэтаў, прыслухоўвалася прыгожаму падвіленскаму дыялекту і вельмі квяцістым лаянкам. Аўдыенцыя Петрусевічыхі закончылася ў камэндатуры такім сказам: „Хутчэй вы ўсе пойдзеце пад Генэраліху, чым я на вашы буракі” (Генэраліха гэта могільнік). І ніякая сіла ня змусіла Петрусевічыхі выходзіць на калгасную работу. Яна ўсё цьвердзіла, што для гэтай „бальшавіцкай пошасьці хопіць ад нас таго дабра, што ад нас забралі. А яшчэ хацелі б, каб я і працавала для іх?”

Зрабіўшы хатнюю работу, яна сядзела ў хаце і глядзела праз акно, як ссыльныя кабеты, нават старушкі, пад прымусам ішлі палоць, а пасьля вырываць і чысьціць цукровыя буракі на холадзе і на слоце. Яна казала ім усьлед: „Дурні дык і працуюць задарма гэтай нечысьці, гэтым бязбожнікам!”

За ўсё гэта ў Каржова накіпела на душы. І ён пастанавіў помсьціць сям’і Петрусевіча.

Па дарозе на гарохавае поле на адхоне расьлі бярозкі і тальнік усыпаны залацістымі коцікамі. Тут, у гэтых кусьціках, Ян Петрусевіч і пастанавіў насыпаць зь мяшка вядро гароху ды тут схаваць. Каржоў сам добра ўмеў красьці, таму ён добра ведаў, дзе Петрусевіч будзе хаваць вядро калгаснага гароху. Калі Янка паставіўшы ў куст тальніку і прыцерушыўшы сенцам вядро гароху адыходзіў да сваёй фурманкі, на якой нагружаны былі мяшкі з гарохам, з за кустоў, як з пад зямлі выйшаў Пятро Каржоў са сьведкай.

Справа кончылася тым, што Янку Петрусевіча судзіла Малчанава — судзьдзя ужурскага раённага суда, якая адзначалася страшэннай нянавісьцю да ссыльных „бандитов с Литвы”. Яна зь вялікай прыемнасьцю прачытала Янку Петрусевічу прыгавор, у якім сказана, што „за растаскивание колхозного имущества” пазбаўляецца волі на тэрмін трох гадоў. Гэтае няшчасьце для сям’і Петрусевіча не зламала Петрусевічыхі і не перамяніла ейнай пазыцыі адносна працы ў калгасе: „Што?! Вы гады, зладзеі, бандыты, вы майго мужа ў вастрог забралі й думаеце, што я буду вам працаваць?! А скулы вы ня хочаце?! З голаду памру, але нечысьці не пакланюся. Ці вам яшчэ мала ад нас? Усё зрабавалі, усё заробленае, нажытае дзядамі, бацькамі і нашай мазольнай працай, а нас вывезьлі ў Сібір, каб вас так і з вашым Сталінам на могілкі павывозілі!” — так галасіла і прымаўляла ў сваёй хаце разбушаваўшыся Петрусевічыха. У камэндатуру сышчыкі даносілі на яе, але там былі бязрадныя і казалі: „Она сумашедшая и всё”.

Калі брыгадзір вызначыў мяне на сеялку, я прабаваў адмовіцца, што маю працу на восень каля пчол. На гэта адказаў мне брыгадзір: „Гавно твои пчёлы. Пусть они все подохнут, то от этого никому голова не заболит. Посевная — вот важнейшее государственное мероприятие. Пшеница нужна государству, а не мёд”.

Набраў я сабе харчоў і пайшоў на вызначанае месца на сеялку, дзе я павінен быў зьмяніць папярэдняга сейбіта. Аказалася, што былі тры спалучаныя сеялкі, якія цягаў трактар. Адзін сейбіт мусіў абслугоўваць усе тры сеялкі, таму што не было людзей, не хапала рабочай сілы.

Да самай сеялкі збожжа падвозлі фурманкі, зь якіх трэба было браць 50-60-кіляграмавыя мяшкі, несьці па пульхнай чарназемнай глебе і засыпаць у сеялкі ды яшчэ набраць запас зерня, каб у выпадку патрэбы, не чакаючы фурманкі можна было безупынна напаўняць зярном сеялкі. Працаваў я дзень і ноч безупынна. Трактарысты мяняліся, а за мяне не было каго паслаць. Пасьля сутак цяжкай безупыннай працы я зусім выбіўся зь сілы. Хацелася есьці, адпачыць, але я ня мог сысьці зь сеялак, бо гэта азначала б „зрыў” пасяўной кампаніі.

Другі дзень цэлы працую, ледзь трымаючыся на нагах, вочы страшэнна баляць ад пылу і бяссоньніцы. Фактычна працаваў я ўжо амаль вошчупам. Урэшце пад вечар другога дня я ўжо зусім не памятаю як гэта сталася, але на гонях я зваліўся на ральлю і, як непрытомны, заснуў. Поле, якое мы цяпер абсявалі з трактарыстам Яноўскім (перасяленец з пад Рэшы каля Вільні) цягнулася ў даўжыню 3,5-4 кілямэтраў. Яноўскі заехаў у канец поля й пасунуўся разварочваючыся. Не заўважыўшы мяне пры сеялках, гукнуў. Але не пачуў майго голасу. Падумаў, што я кінуў сеялкі ды ўцёк. Праехаўшы мэтраў 200-300 убачыў мяне ляжачага на ральлі. Ня мог мяне ніяк разбудзіць. Падняў і паставіў мяне на ногі, але я быў зусім непрытомны. Урэшце расчухаўся, закурылі мы, высыпылі зь мяшкоў пшаніцу ў сеялкі і паехалі на другі канец поля. Там брыгадзір меў мне на замену дзьве здаравенныя ссыльныя дзяўчыны.

Ад гэтага пшанічнага поля нацянькі да пасекі было кілямэтраў каля 4-5. Я аднак не дайшоў дамоў. Праходзячы праз зарасьнікі тальніку, прысеў крыху адпачыць і закурыць. Што са мною было, я ня ведаю. Праспаў у гэтым тальніку ад падвячорка да поўдня наступнага дня і прачнуўся хіба ад гарачыні сонца, якое прыпякала і сьвяціла проста ў загарэлы твар.

Рэгулярна празь дзень я хадзіў на сеялкі, пакуль не закончылася пасяўная кампанія. Але ў далейшым брыгадзір прымаў зьмену і трактарысту і сейбіту. За гэтую працу сабралася даволі многа працадзён, за якія на шчасьце я сам сабе плаціў з аграмаднага мяха пшаніцы, які аж да паўзімы ляжаў недалёка ад пасекі і я быў ягоным сторажам.

„Сабантуй” на пасецы

Сібіракі кожную калектыўную бяседу, гуляньне, „маёўкі” па-нашаму, радаснае заканчэньне сяўбы і ўборкі збожжа называюць „сабантуй”. Гэтае цюрска-татарскае слова прынялося ад аўтахтонаў празь сібірскіх каляністаў і ранейшых г.зв. чалдонаў, пазьнейшых рускіх і апошніх — розных нацыянальнасьцяў Савецкага Саюзу, якія сюды прыбываюць „дабравольна” і прымусова.

Гэты „сабантуй” адбыўся на пасецы пасьля заканчэньня сяўбы ў першай палове чэрвеня 1950 году. Загадзя за некалькі дзён да „сабантуя” старшыня калгасу паклікаў мяне ў кантору і сказаў: „Пасечник, подготовся к сабантую, который состоится на пасеке” — і назваў дату. Калі я запытаў, у чым заключаецца мая падрыхтоўка к сабантую, пачуў кароткі адказ: „Что, не знаешь? Делай медовуху, и, конечно, угостишь медком”.

Сказана, загадана — зроблена. Наварыў я медавухі некалькі 50-літровых бідонаў і чакаў гэтага таямнічага для мяне „сабантуя”.

У вызначаны дзень, а была гэта нядзеля, ад самай раніцы было прыгожае, цёплае, сонечнае надвор’е. А „Дзя-дзі Ва-ні” ў тальніку і чарамошніку аж захліпваліся сваімі песьнямі. Гэта было найлепшым прагнозам цудоўнай пагоды на цэлы дзень.

Каля гадзіны 11 пачалі прыяжджаць удзельнікі „сабантуя” на пасеку, распрагалі коней і навязвалі іх на сакавітай маладой траве ў распалажэньні пасекі. Сярод прыяжджаючых на „сабантуй” былі людзі розных слаёў ужурскага грамадзтва. Пераважалі калгасьнікі са сваім „начальствам”, але былі і запрошаныя калгасам прадстаўнікі раённых зямельных і іншых уладаў, іншыя госьці, а таксама лейтэнант Уласік — камэндант над ссыльнымі.

На пасецы ажно раілася ад гасьцей. На кожным кроку — гаманлівасьць і весялосьць.

Каля 12 гадзіны пачаўся „сабантуй”-лібацыя. Кожны прыехаўшы прывёз алкагольныя напоі і шмат рознай закускі. Госьці з харчамі разлажыліся групамі на траўцы пад чарамошнікам, каб ня пражыла сонца ў зэніце.

Калі выпілі па чарцы-дзьве, госьці яшчэ больш ажывіліся. Пачаліся сьпевы, музыка на акардэонах і баянах, танцы, жарты, дасьціпныя апавяданьні, анэкдоты. Калі сонейка выразна направілася к захаду (каля гадзіны 15), я выкаціў з амшаніка два бідоны (100 літраў) медавухі. Трэба сказаць, што яна вельмі хутка глушыць і валіць з ног тых, хто добра хлабыснуў гарэлкі, а такіх тут было ня мала. Мяне падкінулі і крыкнулі „ура!” і ўзяліся за медавуху. Брыгадзір Пятро Каржоў назначыў сябе шынкаром. А помачнікам быў Сяргей Вінакураў — бухгальтар калгасу. Дзялілі медавуху гасьцям і пра сябе не забывалі. Бражка так пачала калоць у мазгі некаторым, што шалу дасталі і сьпявалі да непрытомнасьці, а слабейшыя, у тым ліку і Каржоў зь Вінакуравым, ня вытрывалі, ногі ім адмовілі паслухмянасьці і яны дзесьці ў кустах зарылі насамі.

Жартаўнікі вычваралі розныя нябыліцы, няраз нават вульгарныя і дзікія. Вось жа некаторыя зваленыя, а перад усім Каржоў, сталі іх ахвярамі.

Каржоў так моцна спаў і быў такі безуладны ад алкаголю, што ня чуў, як сьцягнулі яму порткі і кальсоны ды пачалі лавіць пчол і джаліць абнажанае цела. Пры кожным уджаленьні дрыгне і сьпіць далей. Калі пачалі прысаджваць пчолак да ягоных геніталіяў, тады Каржоў крыху апрытомнеў. Прабудзіўся і схапіўшы порткі ў жменю выбег з кустоў у тое месца, дзе госьці маглі яго бачыць у той позе, у якой ён перад намі прэзэнтаваўся. Усе рагаталі за жываты трымаючыся, а калгасныя бабы асабліва зьдзекваліся над брыгадзірам.

Згледзеў у публіцы мяне і зараз кінуўся сюды: „Пасечник, что делать? Я не подохну от уджалений?!” Крычу яму: „Не! Але хутчэй бяжы ў ключ і рынься ў ваду і гразь. Ляжы, аж пакуль пухліна адыдзе!”

На вачах гасьцей гэта сцэна рызыгрывалася. Ня ведаю, колькі часу ён ляжаў у халодным ключы, але калі вылез, то ад холаду барабаніў зубамі, а калгасныя бабы, якія ім апекаваліся, пусьцілі пагалоску, што ўсё цела ў брыгадзіра, асабліва тыя стыдлівыя месцы так разьнесла, спухлі, што ў дзесяць разоў сталі большыя, як звычайна бываюць.

Каржоў і сьмяяўся, і ругаўся ды ўсьцяж званіў зубамі, бо хмель праходзіў. З вымаўленых сказаў было ясна і зразумела толькі адно слова „мать”. Такім вясёлым актам закончыўся калгасны „сабантуй” на пасецы 1950 году.

Уборка калгасных культур

У нашым калгасе летняй пшаніцы была абсалютная перавага над усімі культурамі (зімовая ня сеялася, таму што вымярзала). Калгас меў угодзьдзяў каля 14 тысяч гектараў. Сеялася тут, дзякуючы сельскагаспадарчым машынам МТС, вялікі абшар пшаніцы. Трэба таксама тут падкрэсьліць, што адчувалася вялікі недахоп рабочых рук на ўсе патрэбы калгасу. Калі б здаць уборку дасьпелых культур (у асноўным пшаніцы) толькі на сваю рабочую сілу, то ня ўбралі б гэтай пшаніцы і да Каляд. Камбайны, агулам тэхніка таксама не працуе безь людзей. Адзін камбайнёр са сваім камбайнам і паўгадзіны ня будзе працаваць, патрэбная ўсебаковая абслуга. Дзеля гэтага ня толькі ў калгасе імя Жданава, але хіба ў цэлым Краснаярскім краі мабілізавалася і вербавалася вялікая колькасць пастароньніх людзей на час уборачнай. На ўборку прыяжджалі таксама вайсковыя часьці. Гэтым апошнім асабліва былі вельмі рады калгасныя дзяўчаты, зь якіх не адна пасьля 9 месяцаў ад уборачнай ставалася мамай. Трыццацігадовыя маладзіцы і салдаткі-ўдовы таксама вельмі цікавіліся салдатамі і ахвотна станавіліся напарніцамі пры рабоце.

Каб збожжа не зазімавала няскошанае, то праца пры ўборцы трывала дзень і ноч, і нават у непагоднае надвор’е. Збожжа — першае зерне, па загадзе партыйных і адмінстрацыйных уладаў павінна безадкладна здавацца дзяржаве. І тут відочны ёсьць шал і гісторыя спаборніцтва між паасобнымі сакратарамі КПСС краёвымі, абласнымі, раённымі й калгаснымі. Хто лепш выканае плян загатоўкі ды яшчэ і перавыканае, таго вывешваюць на „почетную доску” (дошку гонару).

Добра, калі служыць добрае надвор’е, тады крыху прапусьціўшы праз мэханічныя сушылкі зерне можна везьці на элеватар. А калі зерне зусім сырое, мокрае, што можна ў пальцах расьціснуць, тады чыстая бяда, але як казалі начальнікі: „Кровь с носа, а косить, сушить и сдавать государству это обязанность № 1”. Што ж было рабіць у такіх выпадках? Аставалася выконваць загад начальства.

Нягледзячы на надвор’е касілі, звозілі ў сушылкі. Там зьдзекваліся над зернем: сушылі, пражылі, палілі аж да цёмнага колеру, веялі, насыпалі ў мяшкі або проста ў кузава машын і везьлі на элеватар. Яго дырэктарам быў жыд-пралетар, які спачуваючы ссыльнаму крупнаму капіталісту зь Літвы — суродзічу па крыві і расе — Файнбэргу, прыняў яго на весаўшчыка (вагавага), а яго жонку ў бухгальтэрыю элеватара.

Я таксама кінуў працу на пасецы і ўдзельнічаў ва ўборачнай. Выконваў розныя паручэньні: то езьдзіў па дровы ў сушылку, то вазіў пшаніцу з поля, то памагаў бабам ачышчаць (арфаваць) пшаніцу. Аднойчы кліча мяне старшыня калгасу Баімаў у кантору і кажа: „Сегодня и завтра будешь возить хлеб в элеватор” і сунуў мне некалькі старублёвак. „На элеваторе девки (лябаранткі, якія вызначалі якасьць зерня) работают в три змены. Каждой сменившейся дашь по сторублёвке и наш хлеб пойдёт в первый сорт”. Так і было. Пшаніцу, прывезеную проста з камбайна, не сушылі, а толькі правявалі, сыпалі ў кузава машын і ў падводы, на версе насьцілалі тонкі пласт падсушанай і везьлі на элеватар. Дзеўка выходзіла з лябараторыі, брала пробку зерня і сто рублёў. Празь некалькі хвілін выходзіла й давала каманду везьці на весы (вагу). Там „добра” адважыў (за рублі) Файнбэрг і пшаніца паплыла ў шырокія і глыбокія засекі міжраённага элеватара ўва Ужуры. Такім разумным старшынёю калгасу быў ня толькі адзін наш Баімаў. За гэтыя 4 ці 5 соцень рублёў Баімаў вывеў наш калгас па здачы хлеба дзяржаве на добрае месца і адначасова зэканоміў сотні працадзён, якія затрачваюцца пры сушэньні зерня. Ці ведаў пра гэтыя штучкі сакратар партыйнай ячэйкі нашага калгасу, таварыш Чэрнічэнка? Думаецца, што так, бо Баімаў — камуніст, не рабіў гэтых махінацый у сакрэце перад камуністам калгасу, а тым больш перад Чэрнічэнкам. Норму трэба было абавязкова здаць дзяржаве. Збожжа везьлі з поля, сушылі штучна і чым хутчэй адвозілі ў элеватар. Рэшта збожжа па скашэньні пакідалася на полі засыпаная ў аграмадную кучу (вороха) вагой да 200-300 тон. Гэтае пакінутае на полі збожжа, калі было кошанае пры неадпаведным надвор’і, найлепш перахоўвалася, не трэба было над ім зьдзеквацца ў сушыльнях. Зьверху вороха можа адсырэць ад дажджу, а нават прарасьці-зазелянець, а пад гэтай скарупай добра захоўваецца. Калі было сырое ссыпана ў такія кучы, тады прыходзілася „лапаціць” (мяшаць), каб не згарэла.

Бывалі і такія гады, што да сьнегу ня справіліся ўбраць пшаніцу, тады камбайны скошвалі калосьсе выступаючае паверсе пушыстага сухога сьнегу. Вось з гэтай засьнежанай пшаніцы, якая доўга выстаялася ў саломе на полі бывае найлепшае якасьці зерне. Яго разважны, гаспадарны старшыня калгасу і пакідае на насеньне ды дасьць калгасьнікам на працадзень.

Ставіцца, а лепш кажучы, выплывае лягічнае пытаньне, што станецца з пшаніцаю на элеватары, якая праз ашуканства зь недазволенай вогкасьцю была прынята ў засекі элеватара? Прыблізна праз пару тыдняў ад зданьня пшаніца пачынае гарэць (грэцца). Тады ўлады арганізуюць прымусовы „гвалт”. Установы, прадпрыемствы, школы прыходзяць на помач „государству”. Ідуць з лапатамі, а хто ня мае, то там дастане і перасыпаюць, перамешваюць гарачае і нават сплясьнелае збожжа. Прапускаюць яго праз арфы (веялкі), сартуюць, гнілое склеенае ў пласты адсыпаюць у асобныя кучы і элеватар можа прадаваць жадаючым па нізкай цане, але ніхто не купляе, бо гнілога і куры ды свінні, ані жывёла не ядуць, толькі калгасныя коні зімою з голаду пакрысе зьядаюць. Некаторыя калгасы, у тым ліку і наш, адкупляў у дзяржавы сваю згноеную пшаніцу для калгаснай жывёлы. Калі ж няма ніякага ратунку, пшаніца сотнямі і тысячамі тон гніе, гарыць, тады ствараецца аварыя электрычнай інсталяцыі ў элеватары ды выбухае страшэнны пажар, які гасяць усе акалічныя пажарныя каманды на працягу некалькіх дзён. За „недагляд” начному сторажу суд дае 10 год лягера, а прыяцель нашага Файнбэрга — дырэктар рамантуе элеватар і зноў прымае сібірскую пшаніцу, якую дзяўчаты-лябаранткі кваліфікуюць як сухую.

Колькі згніло і згарэла ў пажары пшаніцы, статыстыка ня кажа. А колькі здалі дзяржаве, Мікіта Хрушчоў пахваліўся перад цэлым сьветам. Хаця ў зводках было многа пшаніцы, аднак на ўсякі „случай” кожны год ён купляў пшаніцу „в голодной Канаде”.

Уборка цукровых буракоў

Калгас на аснове даведзенага пляну кожны год сеяў цукровыя буракі на пару дзясятках найлепшай зямлі.

Як вядома, буракі патрабуюць шмат рабочых рук і ў час вэгетацыі пры ўборцы, і здачы іх на цукроўні. Што ў кагласе не хапала рабочай сілы на самыя найпільнейшыя работы пры жывёлагадоўлі і на паляводзтве — гэта зусім не цікавіла райземаддзел ці крайземаддзел, якія спускалі плян калгасам.

Загад сеяць цукровыя буракі для калгасу імя Жданава, а для ніжэйпадпісанага таксама — гэта папросту быў эканамічны сабатаж — і шкоднасьць з боку зямельных уладаў. Калгас аддаваў пад буракі найлепшую зямлю, купляў шмат дарагога насеньня, плаціў за затрачаныя працадні, а карысьці з буракоў не было абсалютна ніякай. З надахопу рабочай сілы ўсе плянтацыі буракоў марнаваліся. Тое, што празь дзень старыя жанчыны (недабіткі) вырвуць і ачысьцяць, усё праз ноч зьядуць праізводчыцкія каровы або раскрадуць іх і свае, і чужыя. Я таксама едучы з Ужуру на пасеку з пустым возам не вяртаўся.

Кавуны

У тым годзе, калі ў нас атабарылі ўлады ў калгасе імя Жданава быў адведзены плян засадзіць некалькі гектараў плошчы кавуноў. Загадана было закупіць насеньне і падрыхтаваць зямлю.

Раённыя і калгасныя аграномы сумесна з калгасным начальствам аблюбавалі адпаведнае месца пад кавуны на касагоры нахіленым на поўдзень на прыслон, каб гэтая культура мела падобныя кліматычныя варункі, як у Сярэдняй Азіі, на Каўказе ці на поўдні Украіны. Гэтае выбранае месца было якраз блізка пасекі, таму ўвесь працэс разьвядзеньня кавуноў мы бачылі.

Аднойчы прыехалі трактарысты са сваёй тэхнікай і культывавалі восеньскую ральлю. Сапраўды падрыхтавалі зямлю як мае быць. На другі дзень прыляцеў брыгадзір на некалькіх фурманках з насеньнем кавуноў і зь дзясяткам кабет.

Разьмерылі зямлю, пазначылі і пасадзілі, здаецца, 4 гектары добрай зямлі на прыслоне. Некалькі кіляграмаў насеньня жанчыны разьдзялілі між сабой і шчолкаючы, як кедравыя арэхі паехалі дамоў.

Гледзячы на гэтую задуму зямельных уладаў, старажылы-сібіракі спачувальна ківалі галовамі і казалі: „Скорей у нас вырастет шчетина на ладони, чем в Ужурском районе кавуны. Если у этих агрономов своего ума не хватает, пусть у нас запытают”.

Мы, ссыльныя, яшчэ добра ня ведалі кліматычных варункаў гэтага краю, але вельмі крытычна аднесьліся да гэтага экспэрымэнту райземаддзелу.

Прайшоў тыдзень, два, тры ад пасадкі кавуноў, пырнічак пачаў прыкрываць пульхную зямельку, а кавуны ўсё яшчэ ня мелі адвагі паказвацца зь зямлі. Калі пырнік і іншае пустазельле ўзяло сілу і пачало буйна разьвівацца, калгаснае кіраўніцтва прыслала зь дзясятак жанчын для правядзеньня праполкі. Жанчыны працавалі пару дзён і з большага ачысьцілі плянтацыі кавуноў ад пустазельля. Пайшоў я паглядзець, як выглядаюць маладыя ўсходы кавуноў, якіх я ніколі ў жыцьці ня бачыў. Дзе-нідзе паказаліся над зямлёй два бледныя, пажоўклыя лісточкі. Так яны і асталіся прыліплыя да зямлі аж да канца лета. Пустазельле буйна разраслося на кавунах і „забясьпечыла іх ад прымаразкаў”. За насеньне калгас заплаціў вялікія грошы і за працу налічыў шмат працадзён.

Перавозка пчол з „качоўкі”

На вяршынях высокага кіпрэю дацьвіталі дробныя і ўжо нейкія бледнавата-ружовыя кветкі. Дзе-нідзе яшчэ квітнеў балотны асот і іншыя падвосеньскія расьліны, кветкі якіх ужо зусім мала выдзялялі нэктару. Пчолкі выляталі ў цёплыя сонечныя дні на пошукі нэктару, але ўжо мала яго прыносілі. Што прынесьлі, то расходавалі на палёт, як „гаручае”. У асноўным пчолкі былі занятыя падрыхтоўкай да зімы. Выконвалі ўсе неабходныя работы ў нутры вульлёў: з маламёдных рам пераносілі мёд у цэнтар гнязда, пячаталі ячэйкі, прыносілі праполіс і заклейвалі шчылінкі, прымацоўвалі гнездавыя рамы.

Падтайговыя мясьціны і былыя пакосы абязьлюдзелі. Толькі час ад часу хто прыедзе на бычку ці на карове па сена. Уся дасюль пульсуючая расьліннасьць пачала як быццам старэць, мяняць свой выгляд зь вясёлага на нейкі сумны, і гэты сум зачаў закрадацца ў душу. Не хацелася далей тут заставацца. Ночы пачалі даўжэць і халаднець, пачалі часьцей наведваць дажджы й раніцай халодныя туманы. Быў ужо пачатак верасьня.

Медазбор скончыўся і далей тут стаяць не было ўжо ніякага сэнсу. Трэба перавозіць пчол на стацыянарную пасеку. Загадзя падрыхтаваў сем’і да перавозкі: змацаваў рамкі і папрасіў у праўленьня калгасу змэханізаваны транспарт для перавозкі пчол. Там з маёй просьбы насьмяяліся і ўрэшце паважна сказалі: „Ці пасечнік з глузду зьехаў? Цяпер жа ўборачная, і трактары, і машыны заняты. Мае замацаванага за пасекай Карчыка, то хай на ім і перавозіць”. На сібірскую аднаконную цялегу зьмяшчаліся толькі тры вульлі сыстэмы Шалагіна (гэта сыстэма Дадана-Блата, толькі Шалагіным дапасавана да сібірскага клімату). Пчаліных сем’яў на качоўцы было каля сотні.

Перавозіць у пагоднае надвор’е, як вядома, нельга, бо пчолы вылятаюць на работу. Так лавіў я адпаведны момант да перавозкі, то чуць сьвет, то ноччу, то вечарам. Перавозка трывала каля паўмесяца.

Без прыгоды, аднак не абышлося. Аднаго дня надвор’е не было спрыяльнае для вылёту пчол, таму я перавозіў іх ад раніцы да вечара. Пчол, якія перавозіцца, звычайна вельмі дакладна забясьпечваецца, каб яны падчас язды не маглі выляцець. Здавалася, усё было зроблена як належыць, як падае інструкцыя. На шляху ад качоўкі да стацыянарнай пасекі была адна даволі крутая гара. Каб спакойна зьехаць з гэтай гары, трэба было закладаць прымітыўныя тормазы, г. зн. кол у сьпіцы. Пры зьездзе на палавіне касагору паламаўся кол у сьпіцах і воз пачаў сваім грузам напіраць на каня. Карчык сам добра тармазіў асядаючы задам на перад цялегі. Аднак ня мог павольна спускаць яе па дарозе. Бачу, што конь ня ўтрымае воза, я бяру за вуздэчку Карчыка і вяду на кусты, якія былі з правага боку дарогі. У гэты момант ад патрэсеных вульлёў адцягнулася засаўка лёткі ў адным, пчолы пачалі высыпацца і атакаваць Карчыка ды мяне. Хаця была ў запасе гліна на замацаваньне адтулін, то не было часу шукаць таго вульля, зь якога выкучваліся пчолы. Я хутка скінуў зь сябе целагрэйку і накрыў галаву Карчыка. Каб іншы конь, то ашалеўшы ад нападу пчол разбіў бы воз, вывернуў вульлі і паляцеў бы як непрытомны. Карчык стаяў у касагоры, дзе воз затрымаўся і толькі хвастом круціў ды тупаў ад уджаленьняў. Каб хутчэй ратаваць каня, я выцягнуў з кішэні складаны нож і перарэзаў збрую, павёў Карчыка ў густы кустарнік, далей ад разбушаваных пчол.

Увесь корпус, асабліва задняя палавіна каня была страшэнна сашпілена пчоламі. На чорнай поўсьці вельмі выразна былі відочныя джалы тырчэўшыя ў скуры беднага разумнага Карчыка. Гэта шчасьце, што я хутка забясьпечыў галаву каня.

Хачу яго яшчэ далей схаваць у густыя кусты, але бачу, што ён ідучы моцна сланяецца і ногі яго заплятаюцца адна за адну. Значыць, кепская справа. Можа ня вытрываць язду. Да вэтэрынара далёка. Ды конь кілямэтраў 10-12 ува Ужур ня зможа дайсьці. Заставалася адно выйсьце: ратаваць яго сваім спосабам, што я зараз і зрабіў. Завёў у глыбокую лужыну, якая ад месца выпадку была недалёка, увёў у ваду і абліў яго, намачыў целагрэйку і абвінуў яму галаву, потым прынёс посьцілку, намачыў яе і накрыў корпус ды ўвесь час прыгаршчамі ліў ваду на Карчыка. Пакінуў яго ў вадзе, а сам пайшоў успакоіць пчол. Яны ўжо амаль усе вярнуліся ў свой вулей, які я замазаў глінай. Позьнім вечарам Карчык пачаў есьці асаку і хвошч у лужыне. Гэта азначала, што ён адчувае сябе лепш. Тады я запрог яго і прыехалі, нага за нагой, на пасеку вельмі позна. Карчык хварэў яшчэ пару дзён.

Я аб’ежчыкам над збожжам

У гэтым годзе палі пшаніцы знаходзіліся на паўночны ўсход ад Ужуру, там дзе стацыянарная пасека, там дзе і нашае сталае жыльлё, там дзе знаходзілася наша на палавіну земляная „ізбушка”.

Працы на пасецы былі фактычна закончаны, пчолкі былі падрыхтаваны да зімы і толькі чакалася адпаведнай пары, калі іх зьнесьці ў амшанік на бесьпечнае ад сібірскіх маразоў зімаваньне.

Кіраўніцтва калгасу зь недахопу рабочай сілы старалася выкарыстаць кожнага чалавека, які знаходзіўся ў іх распараджэньні.

Аднойчы Баімаў выклікае мяне ў кантору ды кажа: „Ну вот, ты теперь без работы, потому что твои пчёлы спят, значит, надо браться за другое дело. Назначаю тебя объездчиком над пшеницей, которая осталась на поле. Твоё дело смортеть, чтобы не растаскивали пшеницу ни свои, ни посторонние воры. Посторонние воры — шофера, они в основном орудуют по ночам. Вот так. Имеешь лошадь, седло, ружьё и собаку. За хлеб ты отвечаешь. За уворованную пшеницу будешь ты отвечать — будем судить”. На кавалку паперы сьпісаў мне ворахі і пшаніцу ды выясьніў месца іх знаходжаньня. Было там каля 7-8 ворахаў зь вялікай колькасьцю цэнтнэраў добрай дасьпелай на пні пшаніцы, распаложаныя адзін ад аднаго даволі далёка, некаторыя нават у 7-8 кілямэтраў ад пасекі.

Што ж, загад старшыні я мусіў прыняць, прыняць абавязак і прыняць адказнасьць, бо адмовы ад прыняцьця гэтай „ганаровай” функцыі не магло быць.

У выкананьні маіх абавязкаў для мяне асабіста найбольш небясьпечнай была ноч, бо зладзеі дзейнічалі перад усім ноччу. Мне было ведама, што сібірскія зладзеі амаль кожны ўзброены ў паляўнічую зброю навейшага тыпу: дубальтоўкі-двухстволкі і флёвары, а таксама мелі зброю на большага зьвяра. Апрача таго маюць нажы, сякеры, жалезныя ламы, паскі. Прытым сібірскія зладзеі адважныя, рашучыя і агрэсіўныя. Іх ахвяра гіне бясьсьледна і ніхто ніколі яе ня знойдзе, а калі з часам і знойдуць, то забойцы міліцыя ня выкрые. Сібір вялікі і шырокі!

Пасьля майго назначэньня на аб’ежчыка мяне зычлівыя старажылы-сібіракі перасьцерагалі, каб я ня ўходзіў у канфлікты са зладзеямі, каб не перашкаджаў ім у выконваньні злачыннай ролі, бо можна заплаціць душой. Дзед Іван Пушной і Пётр Пікурын — загадчык авечай фэрмы казалі: „Ты лучше сбей с ними руку. Конечно, если не хочешь — не веруй, но с ними договорись, чтобы нашего хлеба не брали, а ехали в соседний колхоз”.

Ясна, я ўсе павучэньні ды зычлівыя парады матаў на вус, і калі заходзіла патрэба, стасаваў іх.

Аднойчы ў месячную восеньскую ноч, калі ўжо выступалі замаразкі, я, узброены ў дапатопную дубальтоўку, да якой, між іншым, не было нават і боепрыпасаў, нацянькі ад пасекі паехаў скантраляваць тры велізарныя ворахі пшаніцы, якія знаходзіліся на полі ў напрамку пасёлка Ільінкі.

Недаяжджаючы хіба з кілямэтар ад вораха, сучка Аза прыпынілася, а пасьля кінулася наперад і забрахала. Кабыла таксама падняла галаву і пачала стрыгчы вушамі. Я таксама падрыхтаваўся і пачаў набіраць адвагі, але хуткасьці язды не павялічыў. Чым больш скарочвалася адлегласьць да вораха, тым больш заядла кідалася туды Аза і сярдзіта брахала. Ясна было, што крадуць пшаніцу. Трэба было толькі ўгледзець, ці набіраюць у аўтамашыну, ці на фурманку. Прыбліжыўшыся мэтраў каля 100 да вораха, я распазнаў, што стаіць цялега, у якую запрэжана карова ці мо бык і каля пшаніцы корпаюцца дзьве людзкія постаці. Яны ўжо таксама ўпэўніліся, што нехта збліжаецца да вораха і затрымаўшыся глядзелі ў маім напрамку. Мэтраў 60-70 я не даехаў да вораха і спыніўся, высоўваючы наперад маю „кацюшу”, каб зладзеі згледзелі, што я „ўзброены”. Успакоіўшы Азу, я першы гучна прамовіў: „Ну, что делаем?” Адказ быў даволі зьбянтэжаны, але нахабны: „А что, не видишь, чем занимаемся? Делаем хлебозаготовку, вот всё”.

Я далей пытаю, крыху прыгледзеўшыся да іх:

— Ружьё имеешь, топор, вилы или какое железо? Если есть, то бросайте и руки вверх. А если смеете броситься на меня — застрелю.

Мужчына і жанчына выпусьцілі з рук мяшок і вядро ды паднялі рукі. Прамовіла жанчына:

— У нас нет ничего, кроме мешков и ведра. Мы приехали взять пшенички на хлеб.

Упэўніўшыся, што фактычна яны ня маюць ніякіх прыладаў, зь якімі можна кінуцца на чалавека, я пад’ехаў да іх зусім блізка. Мужчына быў з барадою, узросту каля 50 гадоў, а жанчына каля 40-45, абое моцныя. Але перада мною яны струсілі. Мужчына запытаўся вінаватым голасам: „Ну, что будет с нами? Погонишь в контору колхоза?” А жанчычна дадала просячым голасам: „Не делай нам вреда, помилуешь нас, Бог тебя и твоих деточек промилует”.

Мне не аставалася нічога іншага, як справу зьліквідаваць так, каб выйшла, як у прымаўцы „каб і воўк быў сыты, і каза ацалела”. З размовы вынікала, што людзі бедныя, адзіны іх сын загінуў на вайне, дочкі павыходзілі замуж, а яны працуюць у мясцовай цагельні, няшмат там зарабляючы. Яны далі мне слова, што больш ня будуць красьці пшаніцу калгасу імя Жданава, а я за гэта дазволіў ім узяць на хлеб два мяшкі пшаніцы, каля 100-120 кіляграмаў, рэшту мяшкоў высыпаць у ворах, а таксама абяцаў, што ў кантору даносу на іх ня будзе. Абое яны і я былі задаволены з вырашэньня ці, лепш кажучы, са зьліквідаваньня непрыемнай і небясьпечнай для іх і для мяне справы.

На разьвітаньне баба перахрысьцілася і сказала: „Пусть тебя, добрый человек, Бог хранит от несчастья. До свидания!” Селі на мяшкі з пшанічкаю і патарапілі свайго бычка, які выехаўшы на сухую сібірскую чарназёмную дарогу, зашлопаў капытамі як па асфальце. А я паехаў скантраляваць іншыя ворахі залацістай пшанічкі, якая чакала сваёй чаргі на перавозку яе ў калгасныя сьвірны. Некаторыя ворахі дачакаліся сваёй чаргі аж каля Новага Году. Доказам, ці наяўнымі сьлядамі, адкуль вязуць пшаніцу, была ўсыпаная снежная дарога зярном, месцамі слаямі на пару сантымэтраў. З гэтага карыстаў калгасны маладняк коней і праізводчыцкія каровы, якія валачыліся па дарогах.

Зладзеі сена

Ува Ужуры былі тры катэгорыі зладзеяў. Да першай належалі калгасьнікі. Дзеля таго, што яны амаль зусім ня мелі часу накасіць сена для сваёй прыватнай жывёлы, у пару сенакосу яшчэ былі так загружаны загатоўкай сена для калгасу днём і ноччу, ды і тады не бывае зусім ніякіх выхадных дзён, ані нават „лекарскіх бюлетэняў”, а калгас гатовага сена не даваў радавым калгасьнікам, то калгасьнікі былі прымушаны неяк „прымышляць”, каб за зіму пракарміць сваю жывёлу. Дазвалялася ім за асаблівыя „заслугі” для калгасу, за „хорошую работу” браць пшанічную або аўсяную салому. Шчасьцем было, калі траплялася салома з травой, тады жывёла добра яе церабіла. Асноўнай масе калгасьнікаў прыходзілася, аднак, хаця нехаця, але цягаць пашар з калгасу. Лягчэй гэта прыходзілася тым, якія працавалі пры фэрмах жывёлы і тым, што падвозілі пашар з поля праз ўсю зіму. Іншыя рызыкавалі красьці сена з загарадаў, якія знаходзіліся на калгасных угодзьдзях. Тут ужо трэба было мець транспарт і месца, дзе злажыць сена, каб не падгледзелі суседзі і не данесьлі ў кантору.

Другую катэгорыю складалі зладзеі, якія кралі сена толькі для сваёй жывёлы — былі гэта пераважна местачковыя праізводчыкі, якім не ўдалося поўнасьцю забясьпечыць сваю жывёлу пошарам. Гэтая катэгорыя зладзеяў магла ўкрасьці воз, два і на гэтым канчалася злачынства.

Трэцюю катэгорыю складалі „кваліфікаваныя” зладзеі, якія кралі сена ад восені да вясны на продаж, на збыт, чэрпаючы з гэтага даход, які быў сродкам іх матэрыяльнага забесьпячэньня.

Адзін год мне прыйшлося быць „аб’ежчыкам па кармах”. Гэтыя абавязкі я выконваў прыблізна ад паловы кастрычніка пакуль ня вывезьлі і не скармілі ўсяго сена. Гэтая функцыя была так небясьпечная і цяжкая, як і пільнаваньне пшаніцы. Небясьпечная тым, што калі б увайшоў у канфлікт з прафэсіянальнымі зладзеямі, маглі б забіць або акалечыць. Але пазбавіцца гэтых абавязкаў не было ніякай магчымасьці. Хаця ў нармальных варунках пчаляр зімою мае займацца рамонтам вульляў, загатоўкай рамак, ператопкай воску, а апрача таго сачыць за пчоламі, каб зімаваньне адбывалася нармальна. У канторы калгасу імя Жданава гэтага не разумелі. Там казалі так: „Пчела зимою спит, пасечнику нечего делать, значит, давай на колхозную работу”.

Свае абавязкі аб’ежчыка я выконваў сумленна, але вельмі асьцярожна, каб непатрэбна не налезьці на ражон. Прафэсіянальныя зладзеі асабліва добра ведаюць, калі бясьпечней выяжджаць на „гастролі”, у якія дні і гадзіны, калі можна спадзявацца на сустрэчу з калгасным аб’ежчыкам-сторажам.

Мне таксама падказалі старажылы-сібіракі, у якія дні і гадзіны трэба спадзявацца кражы сена.

Зладзеі едуць кросамі ў дні царкоўных і дзяржаўных сьвятаў, калі калгасьнікі, аб’ежчыкі і калгасныя сторажы-вартаўнікі сьвяткуюць, гуляюць і адпачываюць.

Недалёка, можа пару кілямэтраў ад пасекі былі зложаныя вялікія зарады сена. Пакрысе вывозілі іх, на фэрму. Да кастрычніцкіх сьвятаў не заўважыў я, каб была дзе большая пакража сена. Часамі едучы хто з дрывамі з тайгі возьме сабе ахапак сена над сядзеньне, то гэта ж ня ўрон і не пакража.

Калгасьнікі кастрычніцкае сьвята вельмі ўрачыста сьвяткавалі арганізаваным прадстаўленьнем, у калгасе і ў сямейным ды суседзкім крузе. Быў і я з жонкаю на гэтым святкаваньні. Каля поўначы мы вярнуліся на пасеку й пайшлі спаць. Але пад раніцу не дала супакою Аза. Зьвягала і зьвягала без перапынку. Выйшаў я зь „ізбушкі”, абышоў кругом наш „замак”, нікога не было ні відаць, ні чуваць. Аза аднак не ўспакойвалася, брахала і кідалася за чарамошнік у напрамку групы зарадаў. Падумаў я, што можа хто на дарозе праяжджае ў тайгу ці з тайгі, і пайшоў зноў у цёплую пасьцель. Але Аза не пераставала зьвягаць, што і змусіла мяне апрануцца, узяць „кацюшу”, сесьці на кабылу й ехаць да зарадаў.

Пад’яжджаючы да зарадаў, я заўважыў, як адбываецца пагрузка сена на аграмадны воз. Аза туды кінулася, але я не збліжаўся. Відаць было, што двух мужчыны складваюць сена і зусім не зьвяртаюць увагу, што да іх нехта пад’яжджае. Я зразумеў іх рашучасьць і небясьпеку для сябе, тым больш, што пры сьвяце зладзеі могуць быць пад хмяльком.

Калі я здалёку крыкнуў, што гэта сена калгаснае, што яны ня маюць права яго браць. У адказ я пачуў рогат, а пасьля словы: „Мы знаем, что сено колхозное, мы тоже колхозники. А ты лучше уезжай спать, а если не уедешь, то мы тебя положим под пернат”. Што мне было рабіць? Ехаць у калгас, арганізаваць аблаву на зладзеяў? Але каго ж падымеш у такую пару! Усе паваліўшыся сьпяць, як пшаніцу прадаўшы. Міліцыю павядоміць таксама неадпаведная пара. А прытым аддаць іх у рукі міліцыі — раўназначна з тым, што напісаць сабе прыгавор на сьмерць ад помсты шайкі зладзеяў.

Я пастанавіў справу гэту ўладзіць інакш, без калгаснай аблавы і без умяшальніцтва міліцыі ды суду.

Ужо пачынала крыху сьвітаць, калі зладзеі злажылі вялікі воз сена і ўмацавалі яго жэрдзю-рублём, селі на воз і паехалі ў напрамку Ужуру. Я з далёкай адлегласьці, сочачы за імі, ехаў павольна, але каб ня страціць іх з вока. Пад’яжджаючы да Ужуру, каб ня ехаць цераз цэнтар калгасу, павярнулі яшчэ налева і паехалі ад „Генэраліхі” заднімі вуліцамі. Калі яны ўяжджалі ў пасёлак, тады я ўжо адважней прыблізіўся да іх і сачыў, у які падворак зьвернуць.

Пачакаўшы каля паўгадзіны я празь весьнічкі зайшоў у падворак, бачыў стаячы воз зь сенам, каня, які хрупаў духмянае сенца прызначанае для котных калгасных авечак. Зайшоўшы ў хату, я ўбачыў двух маладых мужчын сядзячых за сталом, на якім стаяла паўлітра „Маскоўскае” і закуска. Твары ў мужчын і гаспадыні былі радасныя і вясёлыя, з маім уваходам спаважнелі і гутарка спынілася. Наступіў момант маўклівага пытаньня, чаканьня, што я скажу.

Я сказаў, што прыйшоў сьледам за імі, і што сена калгасу імя Жданава, а вы, на аснове раней сказанага, праступнікі. І як яны думаюць уладзіць гэтую справу?

Абодва выйшлі з за стала і супольна з гаспадыняю пачалі запрашаць мяне на сьняданак. Я быў галодны і крыху прастуджаны, а ў носе казытаў пах смажанай на сале яечні, то ўсё ж такі я не паддаўся спакусе і ня сеў за стол. Гэтым яшчэ зрабілі б мяне саўдзельнікам злачынства. Перакупілі б. Бачачы, што я не паддаюся, яны спаважнелі і запыталі: „Что думаешь с нами сделать?” Я адказаў даволі коратка. „Я вас не выдам ни милиции, ни правлению колхоза имя Жданова, если вы мне обещаете и дадите честное слово, что не будете воровать нашего сена и товарищам не разрешите”. Абодва кінуліся да мяне і з радасьцю сказалі: „Давай, пасечник, руку, клянёмся тебе, что не только мы, но никто из ужурских воров не возьмёт ни клочка сена колхоза имя Жданова. Мы найдём сена кроме нашего”.

Значыцца, дамовіліся. І сапраўды за ўвесь час майго жыхарства ўва Ужуры і працы ў калгасе імя Жданава не было кражы сена прафэсіянальнымі зладзеямі. Адзін з гэтых зладзеяў наступнай зімы ўвесь час краў сена з ужурскага ці якогась іншага лясьніцтва і вазіў яго каля пасекі 2-3 разы ў тыдзень. Праяжджаючы каля пасекі заўсёды збочваў да нас, як да сваіх добрых знаёмых пагрэцца і крыху счасаваць, каб за сьвятла не праяжджаць праз Ужур. Мы яго адрозьнівалі ад усіх іншых, што сена вазілі з пад тайгі, па чырвоным шаліку, якім ён абвязваў каўнер „тулупа” або „дохі”.

Мы ведалі, што ён замест нашага возіць сена надлясьніцтва, зрэшты, гэтага перад намі ён не таіў.

Аднойчы заяжджае да нас нейкі служачы лясьніцтва і выпытвае, ці тут каля пасекі не праяжджае чалавек з чырвоным шалікам. Нашы жанчыны, аднак, нічога канкрэтнага не сказалі лясьнічаму пра чалавека з чырвоным шалікам. Навошта маем даносіць і лезьці ў няшчасьце. Самі пільнуйце свайго сена ды лавіце зладзеяў!

Неяк летам ідзем мы з жонкай па вуліцы Леніна ў пасёлку Ужур, раптам нейкі чалавек падбягае да мяне бярэ за руку і вядзе да сваёй двухколкі накрытай белым абрусом. Хуткім, рашучым рухам адхіляе абрус. Хапае за вялікі нож, які ляжыць на сьвежай ялавічыне і пытае: „Ну, какой тебе отрезать кусок?” Я зьбянтэжыўся і ня ведаў, што сказаць. Урэшце, апамятаўшыся, кажу: „Мяса мы маем, ня буду купляць”. Тады ён адразае вялікі кавалак добрага мяса, загортвае ў паперу, падае мне і кажа: „Бери, дружище, ты хороший мужик. Кушай на здоровье”. Накрыў абрусом сваю двухколку і пакаціў яе на рынак.

Паляваньне на лісіц

У навакольлі Ужуру, а асабліва ў паўночным напрамку, г.зн. у напрамку тайгі і больш хвалістага рэльефу, было шмат лісіц. У пошуках спажывы, яны летам, а асабліва зімою, калі наверне шмат сьнегу, прыбліжаліся да пасяленьняў, каб нейкім чынам дабірацца да курак. Наведвалі яны і нашу зямлянку, а асабліва зімою. Летам лавілі курак свабодна шпацыруючых кругом нашага „забудаваньня”, а зімою стараліся прадзерці дол на хлявушку і выцягнуць курку.

Калі наш вартаўнік, Аза, хавалася ад сівернага марозу ў нару зробленую ў стозе сена і ленавалася адтуль вылазіць, тады адважная лісічка бегала па даху хлявушка і нашага „палаца” шукаючы такога месца, дзе можна было б усунуць свой востранькі носік і сказаць „добрай ночы, курачкі”. Пачуўшы лісічыныя танцы на даху, браў дапатопнае ружжо і выходзіў зь зямлянкі. Лісічка, адчуўшы небясьпеку, хуценька саскоквала з даху і ўцякала ў стэп. Калі гаспадар, не баючыся холаду, выходзіў на мароз, то Азе было няёмка ляжаць у цёплай нары і хвастом не варухнуць. Вылазіла і яна, падыходзіла да мяне і давала зразумець, што брахаць і палохаць лісіцы не было патрэбы, бо яна і так не падзерла б тоўстага землянога даху, пры чым мёрзлага і засьнежанага. Так бязьдзейна мы пастаім і вяртаемся ў свае цёплыя норы са спакойным перакананьнем, што страляць „Богу ў акно” няма сэнсу, бо лісіца ўжо ажно за гарой Чарноўкай, а Аза таксама не хацела быць пустабрэхам, бо ў навакольлі і жывой душы не было.

Аднойчы ехаў я ўдзень з Ужуру на пасеку. Сані ад страшэннага марозу гралі сваю манатонную гаму. Ляжаў на санях, але мароз і гэтая палозная музычка пачалі мяне кланіць да сну. А гэта ўжо вялікая небясьпека. Можна, як кажуць, у тры мігі задрамаць на вякі вечныя. Трэба было сесьці, працерці вочы і „ўзяць сябе ў рукі”.

Праехаўшы яшчэ якіх 150-200 мэтраў мой конь павярнуў галаву ўправа, вушы наставіў, пачаў стрыгчы і доўга ўглядацца. І я ў той бок паглядзеў. Убачыў я недалёка ад нас нешта такое, чаго ніколі ў жыцьці не ўдалося бачыць. Лісіца тэпала па сьнезе, апусьціўшы свой востры носік уніз і вушамі стрыгла. Пасьля на момант спынілася, адбілася на задніх лапках, скочыла ўверх, пасьля мамэнтальна ў паветры перакулілася і стацьма нырнула ў сьнег так глыбока, што бачным быў толькі хвост і заднія лапкі. Крыху пакапаўшыся ў сьнезе, вылезла зь яго трымаючы, як аказалася, падсьнежную мышку пяструшку. Гэтая сцэна, як мне выясьнілі сібіракі, называецца „мышкаваньне”.

Які ідэальны слых у гэтых зьвяркоў! Яны чуюць, як мышы жыруюць пад тоўстым сьнежным пластом часамі таўшчынёй каля 1 мэтра! Неаднаразова праяжджаючы праз стэп у тайгу па дровы ці як аб’ежчык, аглядаючы стагі калгаснага сена, прыходзілася бачыць лісіц шпацыруючых на волі або мышкуючых. Але ані мая стрэльба не была прыгодная да паляваньня, ані я сам ня меў жаданьня забіваць зьвяроў такім ці іншым спосабам. Нават дамашняй жывёлы, адмыслова гадаванай на ўбой, я ня мог спакойна без хваляваньня і пачуцьця жалю пазбавіць жыцьця.

Пачаў да мяне заяжджаць нейкі чыноўнік з ужурскага пішчапрому. Ён меў добрыя, сучасныя паляўнічыя стрэльбы на зьвяроў і на птушак. Здаецца, на лісіц была яшчэ асобная стрэльба з дробнакалібэрнымі кулямі, каб не сапсаваць скуру.

Ясна, што ён мог абысьціся і без такога паляўнічага, як я, але яму быў патрэбны конь, якога я трымаў на пасецы, каб выконваць абавязкі аб’ежчыка і ў патрэбе даехаць да канторы калгасу, якая памяшчалася ў пасёлку Ужур.

Бывала, гэты паляўнічы (паходзіў ён з Украіны), як толькі меў выхадны дзень у сваёй установе, заўсёды паяўляўся на пасецы. Прывык да нас і стаўся як быццам старым і добрым знаёмым. Любіў асабліва пабалакаць з маёй цешчай Марыяй Цэзараўнай Зялінскай, якая паходзіла з Украіны і там правяла шмат гадоў свайго жыцьця. Яна была так насякнута ўкраінскай народнай культурай, што я, жартуючы, называў яе „зборнікам” альбо „энцыкляпэдыяй” украінскага фальклёру. Вось гэты паляўнічы, здаецца, браканьер, і прыгарнуўся душой да нашай сям’і і адчуваў сябе як у сваім доме. Асабліва бабулька Марыя Цэзараўна сталася для яго роднай і блізкай.

Бывала, прыпляцецца на пасеку з Ужуру, кілямэтраў хіба 5-6 або пад’едзе на запрэжанай па-конску карове зь якім сібіраком, што суне ў тайгу па дровы, ну і едзь зь ім у стэп ці пад тайгу на лісіц.

Лісіц ён страляў і гэтае паляваньне яму ўдавалася; з пустымі рукамі ён не вяртаўся на пасеку. Адну-дзьве штукі амаль заўсёды прывозілі на пасеку. Але ён ня толькі страляў, але і жыўцом лавіў. На лісіных сьцежках, а ён ведаў гэтыя сьцежкі, расстаўляў г.зв. капканы (жалезныя пасткі) і бедныя лісічкі, хаця яны і хітрыя ды асьцерагаюцца, усё ж даволі часта траплялі ў пастку. Пасткі былі рознай велічыні і яны хапалі лісіц за нагу. Браканьеры ставілі пасткі на лісіных сьцежках і прыцярушвалі сьнегам. З малой пасткай лісіца няраз адыдзе далей, а калі трапіць у зарасьнік, то там зачэпіцца пастка і ахвяра стаіць, аж пакуль прыйдзе і заб’е яе браканьер. Папаўшы ў большую пастку чакае сьмерці на месцы. Але здараюцца выпадкі, так мне казаў наш украінец, што ратуючы жыцьцё лісічка можа перагрызці сваю ножку, што трапіла ў пастку, і ўцячы. Сьлед забрызганы крывёю дае надзею паляўнічаму, што ахвяра загінула ад уплыву крыві і ён ідзе яе шукаць. Часта сапраўды знойдзе яе нежывую або зьняможаную і аслабелую ад раны.

Сібіракі палююць на лісіц толькі зімою, бо тады найлепшая скура, асабліва ў дні страшэннай сьнежнай завірухі. Тады лісіцы адважней выходзяць жыраваць. Вось паляўнічыя ў такое надвор’е залягаюць на лісіных сьцежках замаскаваныя белым халатом і паставіўшы перад сабою шчыт зь белага палатна. Да так замаскаванага паляўнічага ахвяра прыбліжаецца на такую адлегласьць, якая дае магчымасьць выстраліць бяз промаху. Упаляваных лісіц мы прывозілі на пасеку і тут наш украінец ашкурваў іх (здымаў скуру), пакаваў у сваю торбу і вечарком вяртаўся ў пасёлак Ужур, каб зь непатрэбным чалавекам не сустрэцца.

Прадаваў ён скуры не ў Заготсыр’ё, бо там маглі зажадаць дазволу на паляваньне. Мабыць, меў спэцыяліста, які выпраўляў скуры. Выпраўленыя няцяжка было прадаць з пад палы ў Ачынску ці нават у Краснаярску спэкулянтам або непасрэдна ў рукі жанчынам на каўнеры.

Наш украінец паляваў ня толькі на лісіц. Не прапускаў ён ніводнага зьвяра, які быў сустрэты. Часта былі яго ахвярамі цудоўныя сарны. Мясам упаляванай сарны дзяліўся са мною. Скуру забіраў сабе і таксама недзе збываў.

Сарны

Сарнаў прыходзілася мне бачыць ува Ужурскім раёне часта ўлетку і зімой, паадзіночку і „сем’ямі”, нават цэлыя „атары”.

Няраз шукаючы коней Сімафора або Серка ці іншага курортніка, які сюды пападаў на адпачынак зусім да ручкі дабіты ў калгасе, я натыкаўся ў тальніку на жыруючую (абшчыпваючаю лісьце) сарначку. Так часамі занята яна ядой, схаваўшыся ў кустах ад камароў і мошкі, ня чуе, як да яе прыбліжышся. Адзін раз зусім неспадзявана падышоў да яе так блізка, што зьнянацку штурхнуў яе ў прыгожы беленькі азадачак. Абое мы спалохаліся. Яна скочыла ад мяне наперад, а я імпульсіўна назад.

Зімою сарны прыходзілі ня толькі ўночы, але і ў дзень на пасеку да стогу зь сенам. Калі Аза палянуецца вылезьці са сваёй нары і спалохаць „гасьцей”, то яны спакойна сабе наядаюцца пахучага сенца й аддаляюцца за гару Крутуху ў напрамку тайгі.

Каб я быў „душагубам”, як некаторыя іншыя лакомыя на смачную сарнінку, то мог не адну зімою злавіць паставіўшы петляў ля пасекі. Сібірскія сарны здаваліся мне такімі прыгожымі з лагодным, нявінным позіркам, што людзкое сумленьне не дазваляла мне адбіраць жыцьцё гэтаму цудоўнаму стварэньню, якое і так найчасьцей ставалася ахвярай ваўкоў, якія пераважна жывіліся сарнінай. Адна вялікая сарна, відаць, немаладая, адну зіму так прызвычаілася да пасекі, што шпацыравала сабе па тачку між вульляў і зусім не зварочвала ўвагі на брахню Азы. Толькі тады крыху адбегла ад пасекі, калі ўжо Аза хацела хапіць яе за лытку. Так, пакуль не адбілася трава ў тайзе і ў стэпе, гэтая сарна прыходзіла на пасеку пачаставацца духмяным мурожным сенам, якім па выстаўцы з амшаніка былі накрыты вульлі, каб веснавыя халады не спынілі разьвіцьця пчаліных сем’яў.

Аднойчы зімою на сьвітаньні я выбраўся на аб’езд калгаснага пашару, які на зіму быў зложаны ў зарады там, дзе быў скошаны.

Мароз быў страшэнны, хіба каля 40° С. Трэба было цёпла апранацца і абувацца ды забясьпечыць твар, асабліва нос. На гэта я меў прысланы братам Баляславам, зроблены з воўны, гэтак званы „шлем”. Была гэта ў форме торбы адзежына зь дзюркамі на вочы, на нос і рот, так каб можна было глядзець і дыхаць.

Аза пайшла наперад, калі спанатрыла, у якім напрамку ляціць мой шлях. Я залёг у сані адвярнуўшыся тварам ад ветру. Дарога была замеценая і „Сяруга” (так называлася ад свае масьці сівая кабыла) памаленьку, ляніва сунулася, стараючыся не сысьці набок з утаптанай, хоць нябачнай дарогі.

Праехаўшы некалькі гоняў ад пасекі, пачуў я брэх выперадзіўшай нас Азы. Ужо добра пачало сьвітаць. Я крыху прыпадняўся на санях і бачу, што стаіць на дарозе ўтаропіўшыся Аза, то брахне і аглядаецца на нас, то глядзіць кудысь направа. Сяруга сваім мерным крокам падаецца наперад, але таксама падняла вышэй галаву і глядзіць управа. Давай і я лепш прыглядацца праз свой шлем і бачу нейкае дрэва. На тым схіле Крутухі, дзе зусім не было лесу, цяпер бачу шмат пнёў, але пні тыя рухаюцца. Калі мы бліжэй пад’ехалі да гэтых пнёў, яны як бы на каманду выскачылі са сьнегу, ператварыліся ў момант у атару сарнаў ды паскакалі ў напрамку тайгі. Аза за імі памчала, але, западаючы ў глыбокі пушысты сьнег, змучылася, засталася ад сарнаў і легла крыху адпачыць, пакуль я над’еду. А сарны так па-мастацку скакалі па сьнезе, што па іх і сьлед прастыў.

Як яны скачуць, давялося мне бачыць зусім зблізку.

Аднойчы паехаў я па гонкі тайговы бярэзьнічак на дровы. Нарубаў і злажыў адзін раз, пачаў спушчаць бярозкі на другі воз. Раптам страпянуліся коні, паднялі галовы. У гэты момант бачу: з пагорка проста скача на нас 8-10 штук сарнаў. Яны рабілі такія доўгія скокі, што сьлед ад сьледу было ня менш, чым 15 мэтраў. Сарны праскакалі амаль цераз нас і далей паскакалі як апантаныя. Праз хвіліну коні яшчэ больш насьцярожыліся, страпянуліся і захрыпелі. І тут жа ж я пабачыў, як ўсьлед за імі гналіся два вялікія ваўкі-жарабятнікі, глыбока западаючы ў сьнег і таму ўжо даволі далёка адставалі ад жаданай спажывы. Я ўзяў сякеру і пачаў крычаць „цю-га, цю-га” ды вымахваць сякерай. Ваўкі спыніліся, крыху пастаялі, а пасьля пахамылялі направа ў малады лістоўнік.

Той самай зімы, здаецца, у лютым, ехаў я з аграномам пчалярства Сяргеем Бацаліным у адну зь вёсак Ужурскага раёну па службовай справе. Прыблізна 20 кілямэтраў ад Ужуру я заўважыў на ўзгорачку, на якім ветрам сьнег быў зьмецены ў даліну, пасьвілася атара авец, прыблізна каля сотні штук. Каб паказаць гэта Бацаліну, я сказаў яму:

— Глядзіце, Сяргей Арсеневіч, калгас, відаць, сена зьберагае для котных авец (па іхняму „овцематок”), а маладняк і скапцоў выгнаў на падсьнежны корм.

Такія факты тады ў Краснаярскім раёне былі паўсюдныя. Бацалін глянуў на тых „авец” і зарагатаў:

— Чудак ты, гэта ж не авечкі, а дзікія козы.

Калі мы пад’ехалі бліжэй, то ўсе гэтыя сарны, як на каманду, падхапіліся, зірнулі на нас і пабеглі падскокваючы ў процілеглым напрамку. Пасьля зноў вярнуліся на гэты ўзгорачак, працягваць свой абед з сухой стэпавай травы.

Аза палюе на сусьлікаў

За пэрыяд маёй працы на калгаснай пасецы імя Жданава давялося „зжыць” толькі двух грамадзян сабачага роду. Першым быў Дружок, калгасны сабака, перададзены мне пасечным сторажам дзедам Іванам Пушным. Адыходзячы з пасекі на іншую работу ў калгас, дзед Пушной сказаў:

— Сынок, береги и смотри за Дружком. Это очень умная собака и настоящий верный дружок человека. Не привязывай его на цепь потому, что для умной, хорошей собаки это истинная каторга. Но не разрешай ему отдаляться от пасеки потому, что волки приманят и унесут.

Загад нашага мілага дзеда Пушнога ў адносінах да Дружка ўся наша сям’я сумленна выконвала, бо Дружок на гэта заслужыў. Але бывае і ў сабакі такі моцны ўнутраны інстынктыўны прымус, што ніякая сіла яго ня ўтрымае, асабліва калі ён не на прывязі. Так было і з Дружком. Ён ня меў сілы перамагчы цягі да сваіх сабачых „дзяўчат” і „ўдовак”. Аднойчы як пабег ува Ужур, то прывалокся з гулянкі празь некалькі дзён ледзь жывы, скантужаны ці нейкім нелюдзем перабіты. Усёй сям’ёй мы яго даглядалі, лячылі чым маглі, і ўсё ж не ўдалося уратаваць яму жыцьця. Застаўся па Дружку толькі добры ўспамін.

Аднойчы „паляўнічыя” на сусьлікаў — некалькі ўжурскіх хлапцоў (у школьным узросьце) зайшлі на пасеку, каб з крыніцы зачэрпнуць вядро вады для заліваньня ў сусьлікавыя норы. Каля іх круціўся вясёлы шчанюк, якога яны называлі „Дамка”. Кажу: „Ребята, эта Дамка вам нужна в охоте на сусликов?” — „Да нет! Она к нам так привыкла, всё время играет с нами дома, вот и на сусликов пошла с нами”. — „Аддайце яе мне, бо я жыву на адлюдзьдзі і без сабакі нельга”.

Пераглянуліся хлопцы адзін на аднаго, некаторыя сарамліва і нерашуча ўсьміхнуліся. Пасьля аднаму зь іх некаторыя шапнулі штосьці на вуха ўсьміхаючыся і той стаў перада мною і кажа: „Вот так, дядя, угости нас медком и Дамка — твоя”. — „Добра, сядайце на прызьбе нашай ізбушкі і чакайце”.

Прынёс я паўлітра мёду і некалькі акрайкоў хлеба. Хлопцы зь вялікім задавальненьнем хутка зласавалі мёд з хлебам, разьвіталіся з Дамкай і пайшлі да сваёй работы.

Дамка амаль суткі скавытала, енчыла як дзіця і есьці не хацела, пакуль не забыла сваіх сяброў-сусьліковічаў.

Цешча сказала, што даваць сучцы жаночую назву ды яшчэ жанчыны высокага званьня не выпадае, гэта ўжо кашчунства і тады перайменавалі яе на Азу. З гэтай клічкай яна разьвіталася са мною, калі чэкісты мяне арыштавалі і вывезьлі ў Вільню, пасьля з маёй сям’ёй, якая празь некалькі гадоў рэпатрыявалася зь сібірскай ссылкі ў Народную Польшчу.

Але яшчэ да Азы вернемся, як да заўзятага паляўнічага на сусьлікаў.

Праўда, яна сама не пакідала пасекі, нікуды не адыходзіла нават і сусьлікаў лавіць у кагласную пшаніцу, якая мурам стаяла навокал пасекі. Мабыць, асьцерагалася ваўкоў. Але ўжо ніколі не засталася на пасецы, калі я куды ішоў ці ехаў. Трэба было ёй толькі даведацца, які напрамак я вазьму. Пакуль я выеду ці выйду з пасечнага чарамошніка на выежджаную палявую дарожку, у Азы ўжо ў поўным разгары паляваньне на сусьлікаў. А ведала яна толькі адзін спосаб лавіць і душыць. Сусьлікі, як вядома, стараюцца рабіць на зіму запасы харчоў. У свае норы заносяць шмат збожжа. Норы робяць блізка збожжавых угодзьдзяў. На калгасных угодзьдзях было вельмі многа сусьлікаў. Тады размножваюцца таксама хутка, хіба як і мышы. Яны прычыняюць вялікія шкоды калгасу і агулам — дзяржаве. Таму ўсім, хто прычыняецца да вынішчаньня гэтага гаспадарскага шкодніка, давалася прэмія.

У вялікім радыюсе ад пасекі ўва ўсе кірункі былі ўгодзьдзі калгаса імя Жданава, на якіх у асноўным сеяліся збожжавыя культуры, між іншым, Лысенкаўская пшаніца. А калі так, то тут была процьма сусьлікаў, якія і чынілі вялікае спусташэньне ў дасьпяваючай і сьпелай пшаніцы.

Сярод ворагаў сусьлікаў была, між іншым, наша сучка. Яна за кожнай выправай зьнішчала дзясяткі шкоднікаў. Цікава было назіраць, як Аза скрадалася да іх. Калі сусьлікі „здольныя да працы” ці яшчэ маладыя выходзяць з нары, то вартавым застаецца адзін пры нары. Увесь час ён стаіць на задніх лапках, падпершыся сваім шырокім хвастом, глядзіць ва ўсе бакі, сочыць, ці няма небясьпекі для тых, што выйшлі з нары. Як звочыць небясьпеку, на ўсю сваю моц робіць трывогу, што сілы чычыкае, дае сігнал уцякаць у нару.

Аза, як аказалася, гэтую „тайную інструкцыю” сусьлікаў пазнала. Яна мела свае сусьлікавыя норы ад самае пасекі да Ужуру. Знаходзіліся яны перад усім пры дарозе. Каб пералавіць тых, што выйшлі з нары, Аза прынікала аж да зямлі і на цыпачках ціхенька падбягала да нары. Сусьлік-вартавы рабіў трывогу і ўсе сусьлікі як апантаныя беглі да нары каб схавацца ад ворага. А вораг ужо стаяў пры нары, шпарка хапаў сусьліка, сьціскаў у зяпе і біў аб зямлю, а рабіў гэта з такой ашаламляльнай хуткасцю, што ніводзін не ратаваўся ўцёкамі ў нару. І так ад нары да нары перабягала і душыла Аза калгасных ворагаў, але ані праўленьне калгасу, ані райземаддзел ніколі не давалі ёй ніякай прэміі.

Аза мардавала сусьлікаў, але, мабыць, гідзілася імі, бо нават не скаштавала і маладзенькай сусьлічыны. Забівала і пакідала на месцы сваю ахвяру. Трупаў найчасьцей падбіралі і зараз жа „сашкурвалі” хлопцы з Ужуру, якія за здачу скурак у заготсыр’ё атрымлівалі па 30 капеек за скурку, і калі іх за сэзон набралася многа, то прэмію атрымлівалі з калгасу або з райземаддзелу.

Чарамша (Мядзьвяны часнок; Allaria officinalis)

Двухгадовая расьліна зь сям’і крыжовых; цьвет белы. Расьце ў лясах і цяністых зарасьніках, пахне часнаком.

Што сучасным вучоным не ад сёньня вядома пра багацьце вітаміну С (ц) у расьлінах цыбулявата-часнаковых, гэта нікога ня дзівіць. Але вось скуль ведама старым, непісьменным сібіракам і сібірачкам, што чарамша вельмі карысная для людзкога арганізму, вось тут чалавек зьдзіўляецца і задумваецца. Беларус, украінец, расеец і крыху іншых, якія насяляюць Сібір, у якіх на радзіме чарамшу, як такую, ня елі, ад каго яны навучыліся цаніць і зьбіраць гэтую расьліну? Не інакш, ад чалдонаў, якімі называюць старажылаў, даўно тут аселых, можа ад Ермака і Сьценькі Разіна. А іх, мабыць, навучылі есьці чарамшу праўдзівыя сібіракі-чакасы?

Так ці інакш, а мы, ссыльныя, якія апынуліся ў краіне чарамшы, дзякуючы „Решению Правительства Литовской ССР”, як „неблагонадежный элемент”, пазнаёміліся з гэтым карысным зельлем і пачалі яго еьсці дзякуючы нашым папярэднікам, якія пры цары-бацюшку прыбылі сюды як „праступнікі” — зладзеі, канякрады, разбойнікі, крамольнікі. Элемэнты, а таксама і шукаючыя хлеба, якога на радзіме не хапала, і такія, якія ўсё кінулі-рынулі ўцякаючы ад калгаснага багацьця, да якога ніяк не маглі прызвычаіцца. Былі тут і нашы суродзічы, і суседзі.

Але калі гэтае зельле такое цікавае і карыснае для чалавека, то трэба сказаць больш пра яго.

Пасека, на якой я царстваваў зь сям’ёй і калгасным памочнікам-Дружком, была на „крыжовых дарогах”, на шляху з Ужуру ў неабдымную тайгу. Па гэтай „найважнейшай аўтастрадзе” прасоўваліся на каровах і бычках ужурцы ў тайгу па дровы, у падтайговыя сенажаці да стагоў па сваё і чужое сена, ноччу праяжджалі „хлебаробы”, праізводчыкі і шафёры на аўтамабілях да ворахаў калгаснай пшаніцы. Па гэтым шляху праходзілі ужурскія жанчыны з кошыкамі ў канцыя траўня і пачатку чэрвеня ў тайгу за чарамшой, а пад канец лета па белыя грузды.

Як вядома, пасьля апошняй вынішчальнай вайны, асабліва шмат загінула мужчын на франтах, у лягерах для палонных, у партызанах, у выніку чаго засталася шмат удоў, сірот. Шмат было маладзіц у поўнай сіле да нармальнага жыцьця. За гады вайны узрос вялікі працэнт „дасьпелых” да замужжа дзяўчат.

Прырода свайго дамагалася, інстынкт часта авалодваў розумам, таксама і развагай. Шмат удовак і дасьпелых дзяўчат у адносінах да мужчынскага полу было агрэсіўнымі. Няраз немалады і смаркаценькі „паршывенькі мужычок” быў у цане.

Належаў і я да тых паваенных недабіткаў, на якіх маладзіцы-ўдовачкі і нават дасьпелыя дзяўчаты зьвярталі ўвагу.

А пра чарамшу ўсё яшчэ не казаў.

Аднойчы праз пасеку праходзіў „караван” жанчын і дзевак, якія несьлі поўныя карзіны нейкай зеляніны.

У той час я, як лекар, у белым халаце, пераносіў у амшанік выбраныя з вульлёў старыя соты для ператопкі. Жанчыны ўбачыўшы мяне спыніліся, паставілі кашы, прывіталіся і навязалі нейкую, здаецца, жартаўлівую гаворку.

Трэба ведаць, што сібіракі, асабліва жанчыны-сібірачкі, вельмі вясёлыя, гаварлівыя, жартаўлівыя. Гэта языкасты „народ”. Жанчыны няраз як раскруцяць свае языкі, што мужчынам хоць вушы затыкай і пунсавей. Так і са мною пачалі падшпільваць двузначна і жартаваць.

Чаго толькі яны не плялі! Рагаталі як адпачыўшыя кабылы. Урэшце пытаю:

— Што гэта, дзеўкі (так агульна сібіракі зьвяртаюцца да жанчын), несяце ў кашах, што гэта за зельле?

Усе засьмяяліся і на адказ ня трэба было доўга чакаць. Адна чырвануха кажа:

— Ня ведаеш што? Гэта ж любчык.

Выбрала з каша цэлы жмут, падала мне і сказала сьмеючыся:

— Вось зьеш гэтага зельля, то ня ўтрымаеш сябе, пабяжыш ажно ў пасёлак Ужур да ўдовак.

І ўсе паднялі рогат, вэрхал. А мне і няёмка агрызацца з гэтымі языкастымі бабамі. Адна зь іх, таксама жартуючы:

— А ты чаму апрануў белае плацьцё, ты хірурга, ці што?

— Хірург, — кажу — бачыце, які велізарны маю нож! (Я ім вырэзваў соты з рамак).

Усе зноў у рогат. Тады яшчэ якаясь языкатка вырвалася:

— Калі ты „хірург”, то палечыў бы мяне, я вельмі хварэю, але не такім нажом трэба рэзаць...

Зноў, халеры, узялі мяне на сьмех. І плялі бясконца, што на язык прыходзіла. Калі крыху ўціхамірыліся і пачалі ісьці з пасекі, я запытаў:

— Жарты жартамі, дзеўкі, а ўсё-такі, скажыце толкам, што гэта за трава і чаму вы так многа яе назьбіралі?

І тады сур’ёзна расказалі, што трава называецца чарамша і як яе прыправіць, каб атрымалася смачнейшай і здаровай стравай.

Ядуць яе сібіракі з хлебам або з цульбаю заправіўшы сьмятанай.

Думаецца мне, што і я ды мая сям’я паехала б ахвотна хаця на пару дзён на пасеку калгасу імя Жданава, каб пачаставацца тайговай чарамшой, добра запраўленай сьмятанай і пшанічным калачом, якія пякла Пікурыніха ці Сычова.

Гледзячы ўсьлед адыходзячым сібірачкам я падумаў: мабыць, гэтая „сібірская чарамша” дае столькі энэргіі, духовай і фізычнай сілы, а таксама гумару, гарэзьлівасьці, жыцьцярадасьці, нават і ў тых сытуацыях, дзе іншыя хныкалі б ды плакалі.

Сібірскія грыбы

Нам, прывыклым да таго, што грыбы паяўляюцца яшчэ раньняю вясной, як толькі згоніць сьнег, пачынаючы ад смаршчкоў і канчаючы восеньскімі грыбамі, дзіўна здавалася, чаму ў Сібіры ня бачылі мы грыбоў аж да канца ліпеня, а нават і пачатку жніўня. Безумоўна, зьвязана гэта з тамашнім кліматам. Там зямля доўга халодная, а ночы нават і ў сьпякотныя дні халаднаватыя. У такіх варунках не чакай нашых сыраежак, абабкаў, падасінавікаў, баравічкоў, масьлякоў, нават мухамораў. „Сабачыя грыбы” там-сям на прыслоне прыходзілася бачыць. У іх ліку бачыў я пару сартоў атрутных. Апрача нас, найнавейшых ссыльных, Сібір і тыя мясьціны, дзе нас пасялілі, былі населены старымі „ссыльнымі” і рознага роду перасяленцамі з той геаграфічнай паласы, дзе спакон вякоў былі розныя грыбы ад вясны ажно да восені. Таму і „старыя”, і „новыя” жыхары Ужурскага раёну любілі і цанілі грыбы, чакалі іх, і калі паяўляліся, то ўсё кідалі, хапалі кошыкі ды ішлі па грыбы. За маёй бытнасьцю ўва Ужурскім раёне я бачыў толькі два сарты ядальных грыбоў (больш іх не было). Пры канцы лета паяўляліся, у адпаведнае надвор’е, грузды — белыя грыбы, якія расьлі і ў тайзе, на выганах і ў зарасьніках. Іх варылі і салілі на зіму. У другой палове жніўня паяўляліся ў тайзе зялёнкі, якіх — калі цёплы быў жнівень — было многа, што бабы валаклі аграмадныя кашы, а нават вазілі на бычках. Зялёнкі салілі на зіму бочкамі, а лішкі прадавалі на мясцовым рынку. Мне прыходзілася есьці салёныя (марынаваныя) зялёнкі і грузды. „Старыя” сібірачкі лепш умеюць падрыхтаваць грыбы, чым нашыя „маладыя” сібірачкі. Ядуць грыбы вараныя, таксама ўмела зробленыя, і смачныя грыбовыя стравы. Зялёнкі добра пасуюць як закуска да гарэлкі, а сібіракі не адмаўляюцца ад нагоды выпіць не адну чарачку на меру шклянкі.

Аднойчы вяртаючыся з пад тайгі, некалькі жанчын зайшлі да нас на пасеку напіцца халоднай крынічнай вадзіцы. Было гэта ў першае лета нашае ссылкі ў Сібір. Мелі яны паліваныя збанкі, у якіх відаць было буйныя „суніцы”. Уся наша сям’я зацікавілася такімі буйнымі сакавітыші ягадамі. Мы пачалі выпытваць, дзе растуць — па-нашаму называныя — пазёмкі. Жанчыны запярэчылі, што гэта не суніцы, а клубніка (трускалкі). Аказалася, што там, на Ужуршчыне, ёсьць і суніцы, але шмат буйнейшыя, саладзейшыя за нашыя беларускія.

Загатоўка апалу

Існуе старая прымаўка: „Каваль арэ няспраўным плугам, шавец ходзіць у непалатаных ботах, а кравец — у сьвітцы бяз гузікаў”. Хаця Ужуршчына багатая лясамі, а нават бязьмежная тайга пачынаецца на яе тэрыторыі, жыхары маюць нямала клопату з апалам. Вугаль атрымліваюць толькі дзяржаўныя і грамадзкія ўстановы. Прыватныя кватэры карыстаюцца дрывамі. Такім чынам калгасьнікі, рабочыя, чыноўнікі, і агулам мяшчане пасёлка Ужуру мусілі самі задбаць пра апал. Здабывалася апал рознымі спосабамі — купляй і кражай. Куплялі ў лясьніцтве і на рынках, ужо напілаваныя і пашчапаныя дровы, якія прывозілі з далёкіх падтайговых і тайговых вёсак калгасьнікі і рабочыя саўгасаў. Кралі — хто хацеў і хто мог, дзе хацеў і колькі хацеў, аж пакуль не папаўся ў лапы лясным сторажам. Рыск ня быў вялікі. Вельмі адважных лесьнікоў было мала.

Найбольш кралі лес на апал і на будоўлі шафёры. Яны не заўсёды нават фатыгаваліся спускаць дрэвы з пня. Ахвотней кралі гатовы лес, зложаны ў штабелі, або апал — у кубы. Крадзены лес і дровы не вывозілі на базар, а „па заказе” адвозілі пакуніку на месца. Калі б пакупнік папаўся міліцыі ці лясьніцтву за крадзены лес, ён па дамове не павінен выдаць прадаўца-шафёра. Усю віну бярэ на сябе, бо інакш галавой адказвае перад шафёрам. У пратаколе пакупнік пакажа: „купіў у няведамага мне шафёра, а нумар аўтамашыны забыўся запісаць”. Карыстаючыся з паслугаў дабрадзейных шафёраў, не адзін жыхар Ужуру пабудаваў зусім добрую хату з патрэбнымі гаспадарчымі дабудоўкамі.

Ужурскія сібіракі, перад усім калгасьнікі, а ў тым ліку і мы, не рабілі загадзя запасу дроў. Ехалі ў тайгу па дровы, калі яны былі патрэбныя. Наш калгас меў закупленую дзялянку гонкага бярэзьніку. Але ў якім месцы тайгі знаходзіцца тая дзялянка, ведалі тыя калгасьнікі, якія ездзілі па дровы для калгасу. Усе іншыя рубалі бярозы там, дзе было зручней вывезьці на ўтоптаную тайговую дарогу. Перасяленцы, покуль усё распазналі, дзівіліся і пыталіся ў сібіракоў, чаму яны ня робяць запасу дроў загадзя, каб мець сухія, асабліва на пэрыяд зімы, то яны сьмяяліся з нас. Казалі нам, што сыры бярэзьнік таксама як і сухі, зімою аднолькава добра гарыць. Пра гэта мы пераканаліся ў першую зіму ў Сібіры.

Млыны

Ці ў цэлым Савецкім Саюзе людзі мелі клопат зь мелівам збожжа, ня ведаю, але з устанаўленьнем савецкай улады ў Літве, у Віленска-Троцкім павеце быў вялікі клопат. З гэтай цяжкай праблемай сустрэліся мы і на ссылцы ў Сібіры. У нашым Ужурскім раёне, як мне стала вядома, былі млыны вадзяныя, электрычныя і прыводжаныя ў дзеяньне трактарам. Гэтыя апошнія былі амаль у кожным калгасе, і яны малолі выключна на патрэбы калгасных фэрмаў для жывёлы. Электрычныя, вялікія млыны перапрацоўвалі збожжа дзяржаўнае і калгасьнік са сваімі працаднямі ня мог і носу падсунуць.

Ды дзе ж мог змалоць калгасьнік? Калгасьнікі Ужурскага раёну, мабыць, і іншых, малолі ў вадзяных млынах, якія або належалі калгасу (калі яны былі малыя і даволі прымітыўныя) або промкамбінату раёну. Ветракоў не прыходзілася бачыць, мабыць, іх і не было ў гэтай частцы Сібіру. Маглі таксама змалоць на абсыпку сьвіньням у калгасным млыне ноччу, неафіцыйна, але трэба было даць паўлітра гарэлкі мельніку і столькі ж брыгадзіру, калі ён „накрыў” на праступленьні. Часамі аплочвалася выпіць траім літар гарэлкі, бо пад добры гумар мог сказаць мельнік або брыгадзір: „Забіраючы сваю абспыпку, можам прыхваціць сабе праз памылку і „куль” (мяшок) калгаснай”.

Каб змалоць пшаніцу на хлеб і калачы, трэба было шукаць млына за 40-50, або і больш кілямэтраў ад Ужуру. Бывалі і бліжэй вадзяныя калгасныя млынкі, напрыклад, у сяле Кулун ці ў Ільінцы, але яны і зімой, і ўлетку былі завалены збожжам калгасным і сваіх калгасьнікаў. Заставалася нам, калгасьнікам імя Жданава, ехаць наўгад, ці там зьмелеш, ажно ў Андронава, каля 40 кілямэтраў ад Ужуру. За два гады майго жыхарства ў Сібіры давялося езьдзіць мне ў той млын два разы; першы раз па пасяўной кампаніі, другі — зімою. Паадзіночку ніхто туды ня езьдзіць, а па некалькі фурманак. З нашага калгасу першы раз ехала 5 ці 6 фурманак наладаваных збожжам і запасам харчоў для сябе і каня. Помню, ня раз мой дзед Марцін казаў: „Едучы на млын і да каваля, ніколі няведама, калі вернешся, а дзеля гэтага набірай харчоў для сябе і пашару для каня”. І гэтая народная праўда некалькі разоў пацьвердзілася ў маім жыцьці. У Андронаве таксама, але не для мяне, а для некаторых маіх кампаніёнаў. Чакалі мы там свае чаргі тры дні, і не было яшчэ пэўнасьці, што яшчэ не адзін памольшчык-сьведка ці знаёмы млынара, ці які мясцовы начальнік ўсьлізьнецца перад намі і нас перасуне яшчэ далей.

Так яно і сталася. Нейкі трактарыст прывёз цэлы воз збожжа і за згодай млынара паставіў мяшкі ля каўша. Мы давай пратэставаць, а ён ня дбае і нават з намі не гаворыць. Кепку сваю зьбіў набікрэнь на правае вуха, закурыў і засунуўшы руку ў кішэні адвярнуўся ад нас і глядзіць у коўш, калі там выйдзе збожжа, каб зараз засыпаць сваё. Тут мы да яго з прэтэнзіямі, што тут наша чарга, што мы тры дні чакаем. Ён шпарка адвярнуўся да нас з азьвярэлымі вачыма і крыкнуў з усяе моцы: „Разойдитесь, а то всех вас по леснице спущу вниз, что вы и костей не соберёте!” Нам нічога не аставалася, як выканаць загад нейкага, добра падхмеленага трактарыста.

У мяне было найбольш харчоў, і тыя ўжо канчаліся. А малоць мы яшчэ і не пачалі. З коньмі клопату не было. Выводзілі на дзірван, і яны спутаныя пасьвіліся. Горш прадстаўлялася справа з харчаваньнем для нас. У краме былі толькі промтавары і культтавары. Але адзін з нашай капманіі, сібірак Каржоў, знайшоў выхад. У млынарыхі папрасіў жменю солі і нейкую пасудзіну, у млыне набраў са скрыні — можа і таго буяна-трактарыста — мукі сколькі хацеў, расчыніў цеста і напёк на нейкай блясе, падсыпаючы муку, многа падрумяненых ляпёшак, якія ён назваў коржыкамі, і запрасіў пасілкавацца. На чацьвёрты дзень мы вярнуліся з млына добра змалоўшы сваю пшанічку, цяжка запрацаваную ў калгасе імя Жданава. А што мы вярнуліся з млына, то кожны спатыкаўшы нас не сумняваўся — былі мы выпудраваныя ад галавы да ног. Пры млыне ў Андронаве была асобная будыніна, як быццам бы такая пачакальня ці карчма, дзе памольшчыкі, чакаючы сваёй чаргі, жылі валяючыся на падлозе як на вакзале, бо з „мэблі” быў там толькі вялікі стол з негабляваных аполкаў, на крыжаках, і адна лава. За гэтыя тры дні побыту ў млыне каго я там толькі ня бачыў! Былі там людзі — патомкі ссыльных з царскіх часоў, былі і дабравольныя перасяленцы з Украіны, Беларусі й Расіі, якія ўцяклі ад калгасаў, было крыху і такіх „врагов народа”, або „социально-опасных элементов”, як мы. Чаго толькі не наслухаўся! Не хапала магнітафона, каб усё чутае запісаць на плёнцы. Вось гэта была праўдзівая аповесьць. Гэта была б хроніка людзкіх перажываньняў, думак. Увесь гэты гурт людзкі першы і апошні раз сустрэўся ў гэтай карчме. Сустрэліся незнаёмымі, і разьехаліся незнаёмымі, але расказвалі сабе пра мінулае і сучаснае, шчырую праўду, не баючыся ні сэксотаў, ні іншых юдаў. Апавяданьні былі сумныя, і горкія, а ў тым былі, ноткі гумару, якія выклікалі агульны сьмех. Вяртаючыся з млына праз манатонны стэпавы краявід, на якім стужкаю вілася як зьмейка цёмная ад заскарупелага чарназёму дарога, я разважаў над тым, што пачуў ад выпадковых інфарматараў пра мінулае і сучаснае жыхароў Сібіру, што яны не праклінаюць мінулага і ня хваляць сучаснага. У некаторых вырываліся і такія сказы: „Вот раньше, при царе, это была жизнь в Сибире, а теперь житуха, и больше ничего!”

Другая паездка, зімовая, у млын, таксама ў Андронава, мела яшчэ свае дадатковыя зімовыя „сцэны”. Туды мы заехалі, як кажуць, зь бядой напалову. Хаця дарогі і сьледу не было, то ўсё ж коні вошчупам трымаліся былога сьледу, толькі час ад часу крыху зьбіваліся направа ці налева. А для нас арыентырам былі толькі тэлеграфныя слупы, яны к вечару пайшлі ня ў нашым напрамку. Усё ж так-сяк, хаця ж і позна, але запхаліся ў тое Андронава. На трэці ці на чацьверты дзень, змалоўшы ў поўдзень, мы адправіліся ў свой Ужур. Мароз быў хіба пад 40° С, дзень сонечны. Трэба было спадзявацца зорна-месячнай ночы. Такім чынам можна ехаць. А ехаць трэба было хаця б і дзеля таго, што не было ўжо чым коней карміць. Паехалі. Праехаўшы можа 15 кілямэтраў, пачало зьмяркацца. Ад усходу пацягнуў халодны ды моцны вецер. Разам зь мяцеліцай і завірухай пацямнела неба і пачало ўзмацняцца праўдзівае пекла на зямлі, як у чортава вясельле ці на паховінах вісельніка. Коні прагаладалыя на такой бяспуціцы пачалі ўтамляцца і губляць замеценую дарогу ды часта затрымлівацца. Ад Андронава да Ужуру, пры дарозе, нават і далей не было ні сяла, ні якога населенага пункту. У неабсяжным стэпе белае мора гуляючага сьнегу, які засыпае і вочы, і нос, і рот, а холад пранікае да косьцяў, і прабегчы няма як, бо вецер зьбівае з ног, а сьнег сьлепіць. Коні пройдуць пару мэтраў, і спыняюцца, пырскаюць, галовамі круцяць, таксама за пургой ня могуць нічога бачыць. Ад стомы ня могуць ісьці і вычуваць пад нагамі стары сьлед дарогі. Спачатку мы наракалі адзін на аднаго, шукаючы вінаватага за тое, чаму перад ноччу выбраліся ў дарогу. Але чым страшнейшае ставалася нашае палажэньне, усе памоўклі і хіба думалі тое, што і я: „Няма для нас ратунку, згінем мы ад ходаду ў гэтай пустэчы, і нашы бедныя конікі, мяккія ўжо зусім, прысталі, а падкарміць ня маем чым, ды самі ня маем харчоў, а на холадзе хочацца есьці, арганізм ратуючыся жадае калёрыяў”.

Прапхнуўшыся яшчэ пару дзясяткаў мэтраў, мы ў гэтай сьнежнай муці ўгледзелі нейкі невыразны контур ці то ўзгорка, ці то вялікай будыніны. Больш прыбліжыўшыся, мы распазналі, што гэта стог саломы або сена. І вельмі абрадаваліся, ажывіліся, павесялелі і загаманілі, як быццам спаткала нас такое шчасьце ў жыцьці, аб якім мы і ня сьнілі. Сані з мукой пакінулі мы на завеянай дарозе, а коней забралі з сабой да зараду. Аказалася, што быў гэта аграмадны зарад пшанічнай саломы, але радасьць наша ня зьменшылася і не наракалі, чаму, маўляў, ня сена. Конікі нашыя накінуліся на салому і пачалі яе рубаць, не раўнуючы, як канюшыну.

Павесялелі і мы, і нашы коні. Але калі чалавеку добра, то хочацца яшчэ лепш. І мы пастанавілі павялічыць нашу роскаш. Каля стога пачалі мы паліць салому. Сагрэліся і коням было цёпла. З абсьнежанай і абледзянелай поўсьці пакаціліся пацеркі вады і пара пайшла ад цёплага конскага цела. Да сьвітаньня, мабыць, паўстога саломы мы спалілі. Конікі, пахрупаўшы саломы, разагрэўшыся, пачалі стоячы драмаць, нават і добра спаць. Але ніхто з нас не адважыўся ўздрамнуць, нават і седзячы пад стогам. Пад дзень завіруха крыху ўціхамірылася, але дарогі і сьледу не было. Аднак ехаць трэба. Не сядзець жа без харчоў пад гэтым стогам да вясны! На золак мы адправіліся ў далейшы шлях. Праехаўшы можа з 10 кілямэтраў, мы спачатку пачулі, а пасьля і пабачылі трактар з дарожным плугам, які змагаўся са сьнегам. „Ну, цяпер мы ажылі!” — крыкнуў нехта з нашай кампаніі. Але зараз жа мы пераканаліся, што наша радасьць была дарэмная. Хаця і не было вялікай завірухі, як папярэдняга дня, але быў такі міленькі, нізенькі вецярок, што за пару хвілін і не відаць было, што па дарозе прасунуўся трактар з плугам. На зьмярканьне мы былі ўва Ужуры і заадно сьнедаючы, абедаючы і вячэраючы, расказвалі сваім сем’ям пра перажытыя эмоцыі.

Пажар ужурскага элеватара

Ува Ужуры знаходзіўся агарамадны драўляны будынак, у які ссыпалі збожжа зь некалькіх раёнаў Краснаярскага краю. Называўся ён міжраённы элеватар. Загадчыкам яго быў заўсёды жыд (так цьвердзяць мясцовыя сібіракі).

За пэрыяд нашага прабываньня ў Сібіры, ужурскі элеватар гарэў два разы. Як з графіка, што трэці год быў плянавы пажар. А чаму такія пажары арганізаваліся кіраўніцтвам элеватара, справа вельмі проста і ясная: збожжа прэла, „гарэла”, дык віну трэба было зваліць на невінаватага.

Крыху выясьненьня, чаму прэла збожжа на элеватары. Як вядома, пасяўная і ўборачная кампаніі гэта шалёная гарачка ў Савецкім Саюзе. На пасяўную, калі не хапае сваёй калгаснай ці саўгаснай рабочай сілы, тады мясцовыя ўлады мабілізуюць да гэтай працы і рабочых, і служачых, і інтэлігенцыю, і шаўцоў, і краўцоў, і цырульнікаў і г.д. Да найбольшага шалу даходзіць уборачная кампанія. Розным сакратарам райкомаў партыі ідзе пра так званае „соревнование”, г.зн. у якога сакратара хутчэй пасеялі ці ўбралі, таму гонар і пашана, узнагароды і павышэньні ў чыне, і публічна пра яго напішуць у зводках і фота будзе на дошцы гонару. Каб гэтага дасянуць, гэтыя нахабныя занялы стануць на галаве, каб раней чым трэба пасеялі ў раёне і ўбралі збожжа яшчэ цалкам нясьпелае. Асабліва, як я вышэй сказаў, шал пераходзіць граніцу падчас уборачнай: „Давай, давай, касі, ці сырое, ці сьпелае, ці мокрае ад дажджу, але касі і вязі на сушылку ў калгас, дзе мэханічным спосабам дзень і ноч бабы пражаць недасьпелую і мокрую пшанічку, якая, выйшаўшы з сушылкі, прыдатная толькі на каву, у лепшым выпадку на фэрмы для жывёлы. Але якасьць пшаніцы сакратара райкому партыі зусім не цікавіць. Яго цікавіць, колькі цэнтнэраў накасілі і колькі вывезьлі ў дзяржаўны элеватар. Яму патрэбныя „зводкі”. Дождж ліе ў запар некалькі дзён. Камбайнеры і абслуга ня хочуць ехаць у поле зьбіраць пшаніцу. Ня слухаюць ані прадсядацеля, ані брыгадзіраў, ані нават сакратара партыйнае ячэйкі калгасу, ані нават упаўнаважанага з райкому партыі таварыша Чэрнічэнкі, а з райкому безупынна звоняць, ці выйшлі на работу. Баімаў ці Шкабнёў (прадсядацель калгасу) жаляцца, што нельга людзей выгнаць на поле ў такую непагадзь. У адказ сакратар райкому раве штосілы ў трубку: „Я тебя сниму с председателя и в тюрьму посажу за срыв уборочной. Гони в шею всех на работу! Государству нужен хлеб, а они, видишь их, дождя испугались! Немедленно выходите на работу. Давай трубку Черниченке! А ты тоже напугался дождя? Тебя партия на что послала в колхоз имени Жданова? Гони всю сволочь на работу! А ты, дружище, получишь по заслугам!”

Ясна, у такую непагадзь з крыкам, лаянкай выгналі на поле. Мокрую пшаніцу, колькі маглі, везьлі на сушылку, а рэшту сыпалі ў кучу на голую зямлю. А дождж мыў пшанічку ў каласах і ў кучы. Некалькі фурманак, покуль ня скончылася ўборачная, вазілі дровы на сушылку, пры якой працавалі жанчыны, і дзень і ноч выпускаючы спаленую пшанічку. А мы коньмі, і аўтамашынамі з прадпрыемства вазілі „высушаную” пшаніцу, а для колеру дадавалі 50% нясушанай. Аднаго разу прадсядацель паклікаў мяне ў кантору і сказаў: „Ты, мужик, немножко грамотен, будешь руководить перевозкой пшеницы на элеватор”. Зразумела, я згадзіўся, бо лепш „руководить”, чым цэлы дзень цягаць мяшкі з пшаніцаю. Першы транспарт быў з добрай і добра падсушанай пшаніцы. Яго прынялі на элеватары без засьцярог. Але наступныя былі з дрэнна высушанай і нават намяшана нясушанай. Лябаранткі возьмуць пробкі, правераць вільготнасьць, засьмечанасьць і агулам якасьць пшаніцы, выходзяць са сваёй лябараторыі ды аб’яўляюць: „Везите назад, принять не можем, плохое качество пшеницы, засорено и завышэная влажность”. Ну, што ж, вязем назад забракаваную пшаніцу. Гэтак падрад некалькі дзён не бяруць на элеватар нашае пшаніцы. А сакратар райкому партыі аж на сьцену лезе ад злосьці і крычыць, ругае прадсядацеля і ўпаўнамочанага Чэрнічэнку, чаму калгас не здае хлеб дзяржаве.

Незадоўга прыйшла разумная думка ў галаву нашаму прадсядацелю калгасу Баімаву. Загадаў нагрузіць машыны і фурманкі абы-якой пшаніцай, а на верхні пласт пасыпалі добрай і добра падсушанай. Усю гэту махінацыю я бачыў ды думаў: дарэмна, іх не абманеш, яны ж пробку бяруць зь сярэдзіны. Але я памыліўся. Аказалася, што ўсё пайшло як найлепш. Прадсядацель даў мне 300 рублёў і сказаў: кожнай лябарантцы, якая будзе браць пробку, асьцярожна ўсунеш у кішэню соценную бумажку. Я так і зрабіў. Пасьля гэтага дзяўчаты зрабіліся вельмі ветлівыя і якую мы толькі прывозілі пшаніцу, уся была „добрая” і ішла за першы сорт. Дзеўкі толькі для вока выходзілі зь лябараторыі, патопалі зь лябаранцкімі „кіямі” па пшаніцы і загадвалі: „Везите и разгружайте машины в амбаре номер N.” Думаецца, што так рабіў ня толькі калгас імя Жданава, але і іншыя. Таму ўжо ад лістапада, сьнежня ўзьнімаўся гвалт у пасёлку Ужур, што „хлеб преет, горит” і ганялі на элеватар усіх, хто толькі жыў у пасёлку, нават і міліцыю „лопатить” хлеб, значыцца, перамешваць лапатамі пшаніцу, зь якой валіла пара.

Прэла пшаніца і іншае збожжа ў засеках і ў кучах на падворышчы элеватара. Лапачаньне мала тут памагала. Збожжа было ўжо папсаванае, сплясьнелае і спрасаванае ў тоўстыя пласты. Кіраўніцтва прабавала прадаваць папсаванае збожжа. Але ніхто з грамадзян не купляў, бо не было прыдатнае ані курам, ані жывёле. Тады ўхітрыліся „прадаваць” прымусова калгасам для жывёлагадоўчых фэрмаў, але па цане шмат даражэйшай, чым плаліці калгасам за гэтае збожжа здадзенае ў элеватар. Значыць, дзяржава грошай ня траціла. Хлеб быў у статыстычных зводках, але не было яго ў дзяржаўных сьвірнах. Прыдзірлівая пракуратура Краснаярскага краю пачала цікавіцца, чаму прэе хлеб, дык кіраўніцтву трэба было ратавацца і шукаць выхаду. А выхад — людзі кажуць — можна знайсьці зь цяжкай сытуацыі. Знайшоў яго і дырэктар ужурскага элеватара. Як толькі пачынала выходзіць цёпленькая пара са збожжа зьвезенага зь некалькіх раёнаў Краснаярскага краю ва ўжурскі элеватар, дырэктар арганізаваў пажар элеватара, які зьяжджалася гасіць некалькі пажарных каманд. Яны два-тры дні гасілі, а пшанічка гарэла і прэла. За ўсё гэта, за несумленнае выконваньне абавязкаў, начны стораж элеватара даставаў ад судзьдзі Малчанавай 10 гадоў працы ў лягеры. Судзілі таксама электрыка, які дрэнна правёў электрычную інсталяцыю ў элеватары, што прычынілася да пажару. А дырэктару што! Вымова з „предупреждением за недостаточную бдительность”. І ён зноў прымаў збожжа, каб праз 3 гады спаліць у элеватары.

Кітайцы на сходах калгасу

Кітайцы, якія працавалі, а фактычна вялі калгасныя агароды, вельмі неахвотна, рэдка прыходзілі на скліканыя праўленьнем сходы. Калі была якая патрэба ў справе агародаў ці асабістая, яны індывідуальна заходзілі ў кантору да прадсядацеля ці сакратара або да рахункавода ці кладаўшчыка. Але быў нейкі вельмі важны сход, на які абавязкова зганялі ўсіх калгасьнікаў. Тады прыйшлі і ўсе кітайцы на чале са сваім старшым агароднікам Ван-Фу. Быў ён жанаты — як ужо пісаў — з гладкай як ланя, прыгожай брунэткай украінскага паходжаньня (з даўніх перасяленцаў). Сам стары і агідна выглядаў, як абгарэлы корч, у якога з рота тырчэла некалькі абгнілых зубоў. Хаця ён і даўно атабарыўся ў Сібіры, жыў сярод расейцаў, і з гэтай украінкай наплодзіў, здаецца, шасьцёра дзяцей. У сям’і карысталіся расейскім жаргонам, але іхняй мовы расейскай, ані мовы Ван-Фу, ані іншых кітайцаў ніхто ня мог зразумець, апрача найбліжэйшых ім асоб і сталых работнікаў на іх агародах. Крыху разумелі іх прадсядацель Баімаў і працаўнікі канторы, рэшта дагадвалася, а мы, ссыльныя, якісь час, пакуль абслухаліся, нічога не разумелі зь іхняй гутаркі. Нейкія пісклівыя гукі і склады выкрыкваныя кітайцамі не давалі ніякай асацыяцыі да зразуменьня таго зьместу, які яны выказвалі сваімі, а нам зусім чужымі гукамі. Пачуў я гэтую першую гутарку з вуснаў Ван-Фу і іншых кітайцаў на тым важным сходзе, на які ўсе калгасьнікі былі сагнаныя ў кантору. З нэрвовага выступленьня кітайцаў я зразумеў, што нешта нядобрае дзеецца на агародах і чуў пісклівае выкрыкваньне скаверканай формы расейскай нацыянальнай лаянкі. Напрыклад, адрозьніваліся ў іхных сказах такія словы, як „маць, агульці, мальхоўка, капусьта, калёва, маць, маць, маць, овці, маць, маць, волы”.

Кітайцы ў сваім выступленьні скардзіліся на тое, што праізводчыкі пускаюць без дагляду сваіх кароў, якія ломяць платы і лезуць у агароды, нішчаць моркву, агуркі, капусту, топчуць цыбулю (люк). Аднойчы бачыў я сцэну, калі кітаец, якога звалі Ся-Ро-Жа, з жардзінай гнаўся за праізводчыцкай каровай, і калі б дагнаў, то напэўна скалечыў бы карову, або і забіў.

Кітайцы страшэнныя злосьнікі і мсьціўцы, хітрыя і фальшывыя. Займаліся яны выключна агародніцтвам. Разам са сваімі сем’ямі выконвалі работы вышэй аплачваныя, а фактычна былі старшымі работнікамі, брыгадзірамі і зьвеньнявымі. Жылося ім у параўнаньні зь іншымі калгасьнікамі без параўнаньня лепш. Былі яны заможнейшымі, мелі грошы на свае патрэбы, жылі як на калгасныя варункі ў поўным дастатку. Мелі нават аварыйны грош і амаль усе пабудавалі свае ўласныя хаты. Мелі яны, як здаецца, клёк у галаве, і таму рускія дзяўчаты і паваенныя маладыя ўдоўкі ахвотна выходзілі замуж за „чертей сопливых и косоглазых”.

Цэнтральнай постацьцю ў іхным гармідары быў вопытны агароднік-брыгадзір Ван-Фу. Прадукцыю агародаў кітайцы мелі прадаваць на месцы ў агародах, напрыклад капусту і агуркі здавалі ў кладовую калгасу. У рынкавы дзень прывозілі гародніну пад кладовую, тут яе зважылі і адразу везьлі на рынак. Калі Кітайцы вельмі ўжо яўна, адкрыта ашуквалі калгасную касу, пра што ўжо ведаў кожны калгасьнік і гаварылася публічна, то калгаснае кіраўніцтва і кладаўшчыца, якія атрымлівалі ад Кітайцаў сваю долю грошай налева, было прымушана хаця для людзкога вока пасылаць разам з гароднінай на рынак кантралёраў, адну або дзьве асобы. Давялося адзін раз быць і мне кантралёрам разам з калгасным бухгальтарам Сяргеем Ігнатавічам Вінакуравым, горкім п’яніцам, а пры тым і душа-чалавекам, калі ня ўлезеш яму за скуру. Вывезьлі мы з кітайцамі агароднай прадукцыі ажно на чатырох фурманках. Тавар хутка пайшоў. За паўгадзіны ў кітайцаў былі поўныя кішэні грошай. Празь нядоўгі час Ван-Фу, нявінна ўсьміхаючыся, шчырачы свае доўгія зубы парудзелыя, як у старога каня, прапануе зайсьці ў рынкавы кабачок на сьнеданьне. Я маўчу, бо рашаюць у гэтай справе Ван-Фу і Сяргей Ігнатавіч — Ну, что ж, пошли, уже пора позавтракать — кажа Вінакураў. Пайшоў і я зь імі як лішні член „кантроля”. Паўлітра „маскоўскай” мігам асушылі, закусваючы селядцом з цыбуляй і чорным, хоць пшанічным хлебам. Ван-Фу, жалячыся на катар страўніка, сваю долю гарэлкі пераліваў у шклянку Сяргея Ігнатавіча, а той без асаблівага супраціву, пачаткова нават цырымонячыся, выпіваў і рабіўся вельмі гаваркі. У кожным сказе ён, як рытуальнае слова, устаўляў папулярныя рускія „матушкі” і „блядзі”, зусім не зважаючы на тое, што тут былі жанчыны афіцыянткі і іншыя, што зайшлі перакусіць піва і „сітро”. Я асаблівага імпэту да „маскоўскай” ня меў, але сваю порцыю выпіваў, моршчачыся, і чамусьці не ахмялеў так. Затое Сяргею Ігнатавічу падвойная порцыя дала штурхача ў мазгаўню. Пачаў сьпяваць за столікам. А Ван-Фу не вароніў. Ён яшчэ яму паднёс стаграмовую чарачку. Сяргей Ігнатавіч асавеў, зьвяў, рукі шырока разлажыў на стале і на іх палажыўшы безуладную галаву, яшчэ барматаў нешта, з чаго было магчыма распазнаць толькі „мацюжкі”. Калі „кліент” кабачка пачаў засынаць, Ван-Фу зьвярнуўся да мяне: Давай мы он павёль спаль на мальхоўка.

Узялі мы пад рукі зусім безуладнага Сяргея Ігнатавіча і выцягнулі з кабака ды палажылі на цялегу з гароднінай.

Пакуль мы „сьнедалі” ды слухалі розных апавяданьняў а пасьля і песьняў Сяргея Ігнатавіча, то кітайцы за гэты час, які працягнуўся добрых пару гадзін, пасьпелі зьвезьці калгасную гародніну проста з агародаў і прадаць яе няважаную кладаўшчыцай і не кантраляваную тут на рынку калгаснымі кантралёрамі. Распрадаўшы тавар, кітайцы не сьпяшаліся ехаць з рынку. Яны чакалі, пакуль прасьпіцца і працьверазіцца галоўны кантралёр Сяргей Ігнатавіч. Вярнуўшыся з рынку даволі позна, скардзіліся, што сёньня не было ходу на тавар і ледзь распрадалі да вечара.

Слаўны агароднік Ван-Фу з праданай гародніны, якую выдала яму кладаўшчыца на рынак, разьлічыўся „сумленна” што да граша. І так заўсёды было як у прымаўцы: „Быў вельмі сыты воўк і худзенькая козачка жыла”.

Купля парасёнка ў калгасе

Я дакладна ня ведаю, ці то паводле звычаёвага калгаснага права, ці па ўставе сельгасарцельнага закону, але добрыя калгасьнікі, значыцца, працавітыя і ненаракаючыя на калгаснае начальства, маглі купіць, „выпісаць” у калгасе парасёнка, асірочанага ягнёнка, падхаваных інкубатарскіх куранят, якія адзін аднаму кішкі выдзёўбвалі, каўбас са старой каніны з тых коней, што памяталі царскія часы і ад старасьці выздыхалі, а таксама гародніны. Мая сям’я была працавітая, асабліва мая жонка Альдона Баляславаўна, але нас калгаснае начальства недалюблівала, таму што мы ў калгасе былі „больно уж грамотные”, і таму надзеі на атрыманьне ў калгасе неабходнага нам парасёначка мы ня мелі. Трэба было імкнуцца да дасягненьня сваёй мэты іншымі шляхамі.

І вось, здаецца, падказаў мне той „спосаб” кітаец Ся-Ро-Жа. Трэба было пазнаёміцца з загадчыкам сьвінафэрмы Чарамісіным. Высокі, сівы, аднавокі, худы чалавек гадоў шасьцідзесяці. Сваім выглядам ён нагадваў царскага фэльдфэбэля ў адстаўцы. Аднойчы ён заехаў да мяне на пасеку па нейкай справе. Лепшай аказіі не было да навязаньня бліжэйшай сувязі. Пачаставалі мы яго гарэлкай, яечняй і чаем зь мёдам, а мёд ён любіў быццам мядзьведзь. Вось пры гэтай аказіі я „абцясаў” справу куплі парасёнка. Я выказаў сумненьне, што кантора ня выпіша для нас парасёнка, але Чэрэмісін з абсалютнай пэўнасьцю сказаў: „В этом уже моя голова. Поросёнка получишь”. Жонка, як вельмі добрая работніца на цукровых бараках, а ноччу сумленная пасечная старажыха, дастала квіт на двух-трохтыднёвага парасёначка.

На другі дзень з гэтым квітом еду на прыватную кватэру да Чэрэмісіна з бутэлькай мёду і зь мяшком на парасёначка. Чэрэмісін вельмі „радушно” мяне прыняў, нават жонку паслаў па „Маскоўскую”. Угасьціліся мы, нагаварыліся пра мінулае і сучаснае, што вельмі ахвотна параўноўваюць старажылы-сібіракі, і пайшлі на сьвінафэрму. Сьвінаркі вельмі завіхаліся каля вечаровай кармёжкі сваіх гадунцоў. Паказаў ён мне ўсю сьвінафэрму і нарэшце я спыніўся каля загарадак з парасяткамі, якія тузалі ляжачых матак за соскі. Кажу Чэрэмісіну, што калі можна, хацеў бы мець парасёначка вось з гэтага гнязда, такія тут файныя парасяткі. А Чэрэмісін утарапіўся ў мяне і сур’ёзна кажа: „Ты что, с ума сошёл?! С этого отделения не получишь!” Я спахмурнеў і падумаў, відаць, укіне мне ў мяшок нейкую двухкіляграмовую здыхляціну ды ўсё. Дарэмна толькі мёд яму раздаваў. Павёў ён далей мяне па гэтым сьмярдзючым сьвінячым бараку. Урэшце спыніўся, паглядзеў на падсьвінкаў і пытае мяне: „Смотри и облюбуй себе которого, только быстро”. Што ён, жартуе ці кпінкі робіць? Гэтыя падсьвінкі вагай каля 35-40 кіляграмаў, а ў маім квіце напісана „двухтыднёвы парасёначак”. Кажу яму, што такога вялікага не магу браць, бо за яго мяне пракурор Катляроў пасадзіць у турму. „Я на председателя колхоза и контролёра х... положил. Я тут начальник и отвечаю за свою работу!”

Хапіў найлепшага падсьвінка за нагу і вывалак з загарадкі. Зьвязалі ногі і вынесьлі на цялегу, прыкрылі сенам і мяшком, і я са страхам і з радасьцю падаўся назад у стэп на пасеку.

За гэтага „парасёначка” нам ня вылічылі пару пасечных працадзён, а ён да Вялікадня вырас на добрага вепрука. Людзі кажуць, што рука руку мые, а я Чэрэмісіну толькі мёдам язык памазаў.

Геалягічныя пошукі

Аднойчы, здаецца, у 1950 годзе, ні стуль ні зьсюль ува Ужуры паявіліся невядомыя людзі і нарабілі сэнсацыі ў навакольлі. Былі гэта мужчыны і жанчыны, моладзь ва ўзросьце каля 22-26 гадоў. Ня так апранутыя, як мясцовае і перасяленчае насельніцтва. Хадзілі яны ў адзіночку, па дзьве, а нават па тры асобы, насілі з сабою нейкія прылады, малаткі і г.д. Вандравалі яны па палях, узгорках і далінах, набіралі ваду ў бутэлечкі з ручаёў і крыніц ды нешта запісвалі ў свае сшыткі. Капалі ямачкі ў зямлі адмысловымі малымі лапатачкамі, па жменьцы-дзьве бралі гэтай зямлі ў малыя мяшочкі, завязвалі іх і нешта надпісвалі на іх.

А там, дзе ўзялі зямлю ці вадзіцу, затыкалі кіёчкі і на іх пісалі нейкія нумары. Дзяўчаты і хлопцы, гэтыя разьведчыкі, у саламяных капелюшах зь вялікімі брылямі, езьдзілі вярхом на калгасных конях аж у тайгу і там таксама тое самае рабілі. Усё гэта, гэтыя людзі і іхняя работа, рабіла немалую сэнсацыю ўва Ужуры і навакольлі. Калі хто прабаваў зь цікавасьці запытаць у каго з гэтых людзей, што яны тут робяць, то яны адказвалі: „Мы не знаем, что делаем”. Дзякуючы такому адказу зацікаўленасьць расла непамерна, што стварала грунт да розных здагадак, камэнтароў ды нават паўставалі легенды.

На наступны год здагадкі выясьніліся, а легенды пастарэлі і пачалі новыя нараджацца. Тыя людзі, якія капалі ямкі і набіралі вадзіцу ў бутэлечкі ды ставілі панумараваныя тычкі, зьніклі. Узамен зьніклых паявіліся новыя людзі, з адмысловым снасьцем. Пачалі капаць глыбокія чатырохкутныя ямы і паставіўшы над імі драўляныя стажкі, пачалі круціць дзіркі ў нутро зямлі. На розных глыбінях бралі пробкі зямлі, сыпалі яе ў мяшочкі, нешта падпісвалі, плямбавалі і адсылалі ў кантору геалягічнай разьведкі, якая часова памяшчалася ўва Ужуры. Кантора з адпаведнай дакумэнтацыяй адсылала пробкі ў краёвую кантору ў Краснаярск, а адтуль самалётам у Маскву ў адпаведны інстытут у лябараторыю.

Так людзі зразумелі, што праводзяцца пошукі натуральных выкапняў. Але ці знайшлі і ў якім месцы, ніхто ня ведаў і ня мог дагадацца. Зноў пачалі нараджацца легенды, здагадкі і нават абсалютна пэўныя сьцьвярджэньні, што, маўляў, за гарой Генэраліхай знойдзена золата, за Чарноўкай пацеркі дыямэнтаў, на Крутусе знойдзена руда да „атамнай энэргіі”. І чаго толькі не выдумвалі людзі ня толькі мясцовыя, але і нашы ссыльныя!

Калі я аднойчы пачаставаўшы мёдам інжынера-геоляга, які блізка пасекі прабіраўся сьвідрамі ў нутро зямлі, запытаў: „Чаго вы шукаеце і што знайшлі?”, то ён мне коратка адказаў: „Чего мы ищем, я не знаю, и что нашли, тоже не знаю. А впрочем, это государственная тайна”.

Збыт сена на рынку

Няглядзячы на тое, што трава добрая, салодкая, пераважна пырнік, расла ў стэпе на цаліне і на дзірванах, у стан чалавека, а пад тайгою, гледзячы на гонку бярэзіны і лістоўніцы, то праблема пашару (сена) для жывёлы на стойлавы пэрыяд, была вельмі важнай. Дык паўстае пытаньне, чаму ж чалавек з такіх шчодрых дараў прыроды не карыстае, чаму ён ня робіць запасаў на зіму? Прычынаю гэтага не зьяўляецца гультайства людзей. Справа ў тым, што ў часе касавіцы калгасьнікі вельмі пільна заняты працаю пры падрыхтоўцы пашару для калгаснай жывёлы. Калі б пакосы, прызначаныя для прыватнай жывёлы, былі блізка, то калгасьнікі напэўна касілі б ноччу, пасьля калгаснай працы. А калі ён мог касіць сабе 10-20 кілямэтраў ад свайго жыльля, то гэта ставалася немагчымым, бо ён ня змог бы на пару вярнуцца да калгаснай працы. Яшчэ ня скончыцца касавіца сена, як пачынаецца ўборка зернавых культур. Так без канца, круглы год, калгасьнік ня можа адарвацца ад калгаснай працы і зрабіць сваю работу, а перад усім нарыхтаваць пашару для сваёй жывёлы. Рабілася гэтая работа ўкрадкам, прыскакам, і таму заўсёды не хапала пашару і прыходзілася камбінаваць або красьці зімою калгасны пашар пры падвозцы яго на фэрмы. Праізводчыкі, зь якіх амаль кожны трымаў карову з прыплодам, таксама не маглі нарыхтаваць столькі пашару, колькі патрэбна. Уласныя запасы ў праізводчыкаў звычайна заканчваліся ў пачатку сакавіка, а нават і раней. Пакуль згоніць сьнег ды паявіцца травіца, карову трэба карміць яшчэ пару месяцаў, бо ад прошлагодняй падсьнежнай сухой травы, на якую выпускаюць, як толькі згоніць сьнег, кароўка ня толькі ня дасьць малака, але зь недахопу вітамінаў ды розных мінэральных рэчываў, ня зможа нават уставаць. Каб да такой сытуацыі не дайшло, трэба купляць сена на рынку па веснавой даволі высокай цане. У мяне сена заўсёды былі лішкі, калі не раскрадуць шафёры. Выяжджаючы з пчоламі пад тайгу на медазбор, у вольныя ад працы хвіліны пры пчолах я касіў і касіў колькі хацеў і дзе хацеў, колькі сілы хапала. А там такая трава — што за дзень можна накасіць некалькі вазоў сена. Я касіў ад усходу сонца да сьнеданьня, у поўдзень варочаў, а вечарам, калі было сухое, складаў у копкі. І вось такім чынам, хаця праклятая камарыльля заядала падчас нарыхтоўкі сена, але за пэрыяд качоўкі я змог мець некалькі стагоў сена, зь якіх 7-8 вазоў мог прадаць у сакавіку.

Колькасьці нарыхтаванага сена я ня мог выяўляць ані перад калгасьнікамі, ані перад калгасным начальствам. Калгасу з году ў год вясною не хапала сена і ён купляў. Такім чынам праўленьне калгасу магло маё сена „нацыяналізаваць”, а мне за працу ў найлепшым выпадку маглі налічыць працадні, якім цаной быў „пшык”. Каб да гэтага не дайшло, я ўсяго сена ня звозіў з пад тайгі на пасеку. Сена прызначанае на збыт я дакуль толькі можна было трымаў на месцы пакосу. І тут быў рыск прымусовы. Там можа і не раскрадуць, асабліва як сьнегу наверне, то шафёры не даедуць, а праізводчыкі на бычках усяго ня вывезуць, магу падпільнаваць. А калі б зьвёз на пасеку, тут пайшло б у калгас. Прадаваў я лішкі сена пераважна на пасецы (сюды я прывозіў з пад тайгі), або там на месцы, але вывозіў таксама і на рынак, але так, каб ніхто з „нашых” не заўважыў мяне на рынку. Мусіў маскавацца. Апранаў адпаведнае адзеньне і башлык нацягваў так на галаву, каб з пад яго відаць было толькі нос і шчаціньне на твары.

Збыт пшаніцы на ўжурскім рынку

Можа камусьці здавацца дзіўным, што я, ссыльны, а прадаваў сваю запрацаваную пшаніцу на ўжурскім рынку. Я працаваў на калгаснай пасецы, а жонка то на фэрме авец, то на якой іншай фэрме жывёлагадоўлі, то ў брыгадзе паляводзтва ў час гвалту, сястра жонкі была сталай старажыхай на пасецы. Такім чынам працуючы прымусова нават і ў сьвяточныя (выхадныя) дні, мы хочаш ня хочаш мелі шмат працадзён, за якія, калі нават і па кіляграме зерня калгас плаціў за дзень працы, то за год працы гэтых кіляграмаў накаплялася даволі многа. Іншая справа, што не заўсёды калгас меў права разьлічвацца з калгасьнікам дабраякасным зернем. Прыблізна каля 50% запрацаванага зерня калгас даваў горшым гатункам пшаніцы, так званай кармавой. Дабраякаснае зерне мы пакідалі на харчаваньне для сябе, а азадкі скормлівалі ўласнай жывёлай, а лішкі вывозіў я на рынак, дзе праізводчыкі, якія не накралі калгаснага зерня, куплялі для сваёй жывёлы, а перад усім для курэй.

Неяк у калядную пару, калі была найбольш строгая зіма, з маразамі і мяцеліцай, давялося паехаць мне ў такую ненасную пагоду з пшаніцаю на рынак. У такое надвор’е на рынку прыежджых заўжурскіх людзей амаль не было. Хадзілі захутаныя па рынку ўжурскія жыхары і кожны чалавек шукаў для сябе чагосьці, заглядаючы на кожныя сані. Для прадаючых у такое надвор’е найлепш ехаць на рынак. Прадаючых мала, а пакупнікоў многа, дык кожны тавар пойдзе па добрай цане і пакупнікі ня будуць круціць носам ды ганіць тавар.

Калі я заняў адпаведнае месца на рынку і адкрыў на санях мяшкі з азадкамі пшаніцы, то бабы і мужчыны абступілі мае сані ды давай таргавацца маім таварам. Пшанічка мая ўмомант пачала расходзіцца за мілую душу. Бачачы, як пшанічка нікне зь мяшкоў, бо я прадаваў на меру вядра, некаторыя пакупнікі пачалі між сабой вадзіцца і спрачацца, вырываючы вядро адзін аднаму з рук. Падыходзячы адна жанчына ззаду, гледзячы на рэшткі пшанічных азадкаў запытала: „Дед, почем твоя пшеница?” Я фактычна выглядаў па-дзедаўску — у доўгім кажусе, у шапцы-вушанцы. А бабы акружыўшы мае сані ў сьмех, адна зь іх крыкнула жартаўліва і з дакорам: „Да ты посмотри, какой это дед! Любая из нас этого деда взяла бы за миленького! Это мужик, хоть куда! Ему давай вдовушку лет тридцать, и он с ней за милую душу справится! Ого! Этот дед, да ты подай да посмотри ему в лицо, то ты забудешь про курей, и про пшеницу!” За гэтай і другія бабы, пасьмяяўшыся, распусьцілі языкі, а скромнаму мужчыну трэба чырванець. Такія тлустыя жарты пускалі, ну, проста вушы вянулі.

Па вядзерцы, па вядзерцы, і ўсіх гэтых жанчын абдзяліў, адзін з пакупнікоў маёй пшаніцы, нейкі чыгуначнік ужурскай станцыі сказаў: „Неудивительно, что они так языки распустили. Это же почти все вдовушки ярые, в полной силе они, на каждого мужчину бросаются как мухи на мёд. И жалко их, несчастных. Война испортила их жизнь. Эта проклятая война. Мужья их погибли на войне, а они страдают, взявши все тяжести жизни на свою спину”.

Жыды на ссылцы

Памятаю, як у перадваеннай санацыйнай Польшчы рэакцыйныя і цёмна-клерыкальныя элемэнты тарнавалі такую тэорыю, што бальшавізм-камунізм нарадзілі жыды, стварылі і замацавалі крывава ў Расеі ды жыдаўня накіне яго ўсяму сьвету. Між бальшавізмам (камунізмам) а жыдоўствам ставіўся знак раўнаньня. Адсюль выплываў просты вывад: ня хочаш бальшавізму, то змагайся з жыдоўствам. А ці жыд пралетар, ці буржуй, адна халера. Усе яны ворагі хрысьціянства, у першу чаргу каталіцтва і ўсё ў адну руку імкнуцца накінуць сьвету пачварны, крыважэрны камунізм. Вось у такім сьветапоглядзе знаходзілася веруючае і маласьвядомае насельніцтва Заходняй Беларусі, і хіба ўсёй Польшчы. І ня дзіва тады было назіраць недаўменьне, вялікае зьдзіўленьне падвіленскага селяніна Запольскага і іншых „пасажыраў” нашай цяплушкі рыхтаванай у Сібір, калі да нас канваіры ўсадзілі літоўскага жыда Шапіру з жонкай — абое па спэцыяльнасці хімікі, якія да арышту працавалі ў адной зь віленскіх аптэкаў.

Калі ў далейшым падарожжы Запольскі асвоіўся з панам Шапірам, якога ён тытулаваў праз „пан”, задаў яму няскромнае пытаньне:

— To jak to jest, panie Szapira. Pana — swojego balszewika wzieli i wiozo na Sibir. To jakża tak można. Ci pan odkazawszy sia od jich, ci cości naświnił im? Teraz ża wasza żydowska właść, a oni wiozo pana razam z nami chrześcijanami. Ci może pan okściwszysia przy Niemcach, żeby oni nie zastrzelili?

Праўда, у нашым вялікім эшалёне, які каціўся ў няведамую нам Сібір аказаліся толькі дзьве жыдоўскія сем’і — ахвяры нейкай нялоўкасьці, няўменьня выкруціцца — гэта Шапіра з жонкаю зь Вільні і Файнбэрг з жонкаю і сынам — буржуй з Клайпэды. Прыехаўшы на месца пасяленьня ўва Ужур, пачаткова яны аказаліся зусім разгубленымі, бяздарнымі, адданымі ў рукі лёсу.

На працягу доўгай дарогі мы з Шапірам добра пазнаёміліся і як быццам падружылі. Ён набраў да мяне поўнага даверу. І прыбліжаючыся да мэты нашага падарожжа, безупынна ўсе былі заняты думкамі і гутаркай пра сваю будучыню ў новых геаграфічных умовах.

Амаль ніхто ня таіў сваіх думак і плянаў. У нашым вагоне за выняткам маёй сям’і, Шапіры і Мечанца (цырульнік) былі сяляне забраныя з гаспадарак. Яны толькі і марылі пра тое, каб атабарыцца бліжэй зямелькі, зь якой яны ад нараджэньня зрасьліся целам і душою. Між імі была мова пра калгас, бо індывідуальныя сялянскія гаспадаркі ў Савецкім Саюзе нідзе не існавалі і нашы „кулакі” пра гэта ведалі.

Былі ўсе зьдзіўлены, нават Шапіра з жонкаю, калі я таксама выказаў жаданьне працаваць у галіне земляробства і як мага ўнікаць пасяленьня ў горадзе.

Сытуацыя ў сьвеце была такая неўстабілізаваная, асабліва пасьля Фультанаўскага выступленьня Уінстана Чэрчыля ў 1946 г., што ўсім хатнім палітыкам здавалася непазьбежнай вайна нават у хуткім часе. Я ўсім сваім спадарожнікам прадставіў эвэнтуальную візію ссыльных у выпадку вайны, калі б мы апынуліся ў горадзе і працавалі на прадпрыемстве. Голад немінучы і ўсё, бо Савецкі Саюз праз вайну вычарпаў запасы харчаваньня, а новых зрабіць яшчэ ня змог, бо сельская эканоміка ляжала на лапатках.

Добра зразумелі маё меркаванне субяседнікі, але не маглі зразумець, што: „Pan jestasz uczony i pуjdziesz na ziemie pracowaж. Chiba tylko nami kierować?”

Шапіра за ўсе гады акупацыі прайшоў усе жахі жыцьця, сытуацыі небясьпекі для жыцьця, калі фактычна за ўсе гады вісеў над ім меч сьмерці для яго візія другой вайны ставалася раўназначнай зь фізычным зьнішчэньнем для яго і ягонай маладой, прыгожай жонкі Фані, якую ён кахаў усёй сваёй істотай і гатовы быў для яе ісьці на ўсе ахвяры.

Калі наш эшалён прыступіў да разгрузкі на рампе ў гарадзкім пасёлку Ужур, Шапіра з поўным даверам да мяне, але крыху неадважна сказаў, прытым рашуча:

— Пане Петюкевич, я от вас не отстану, где вы будете, там и я. Если вы пойдёте в колхоз, я тоже, хотя на сельском хозяйстве я никогда не работал, но у меня есть руки и голова.

Калі на рампу на другі дзень прыехаліся розныя дырэктары і прадсядацелі набіраць нявольнікаў ХХ стагодзьдзя, то я шукаў такога „хлебадаўцу”, які ня вывезе нас у якую глухамань аддаленую ад раённых цэнтраў, ад жалезнай дарогі. Хацелася мець бліжэйшыя кантакты са сьветам, зь лекарам, з поштай, са школай і г.д.

Мне хутка ўдалося знайсьці — як ужо пісаў — старшыню мясцовага калгасу Фёдара Баімава, якому, відаць, я спадабаўся, бо ён даручыў мне падабраць 15-16 сямей-хлебаробаў. У гэты сьпісак падаў я Шапіру і ягонага сябру Файнбэрга. У душы я і сам сьмяяўся, якая будзе зь іх карысьць у калгасе. Але просяць, дык запісаў. На другі ці на трэці дзень, калі закончылася разьмяшчэньне на кватэры і ўсе фармальнасьці зь мясцовымі ўладамі (камэндатурай), пачалі нас прызначаць на працу. І тут выявілася, што трапілі ў калгас дзьве жыдоўскія сям’і, якія ні шыша ня ведаюць, як працаваць на сельскай гаспадарцы, яны не маглі нават адрозьніць аўса ад бульбы, барана ад авечкі, бычка ад каровы, а касы то і ўвогуле ня бачылі. І за паданьне іх у сьпіс Баімаў брыдка мяне вылаяў і сказаў:

— Ладно, х... с ними, пошлём мы их в бригаду Ван-Фу, он устроит на соответствующую работу по специальности.

У брыгадзе агароднікаў працавалі яны з тыдзень часу, разносілі на насілках кампост, штучнае ўгнаеньне, але калі прыйшлося рассаджваць флянсы гародніны і сеяць адпаведнае насеньне, то тут пайшла сучка баразной, рабілі яны не па інструкцыі Ван-Фу і ягоных памочнікаў-кітайцаў. Ван-Фу ругаў сваіх новых работнікаў апошнімі і найгоршымі рускімі лаянкамі, але на шчасьце жыды нічога з гэтых лаянак не разумелі, апрача аднаго слова — выкрыкванага фальцэтам „мать”. Ван-Фу нарэшце ня вытрываў, прыйшоў у кантору калгасу, крычаў, рукамі махаў, пеніўся ад злосьці, з чаго зразумела праўленьне, што ён незадаволены жыдамі і дамагаецца іх забраць ад яго, а даць іншых рабацяг.

З гэтага часу распачынаецца новы этап у жыцьці ссыльных жыдоў. Не патрабавалася шмат часу, каб разгледзецца ў сытуацыі. Нашы сябры няшчасьця — жыды пачалі пранюхваць, ці ў пасёлку або ў навакольлі няма дзе жыдоў на адпаведных пасадах. Ясна, што такія знайшліся (хаця вельмі мала). І так Файнбэрг даведаўся, што дырэктарам міжраённага элеватара ўва Ужуры — жыд. А дырэктар са свайго боку пранюхваў, ці сярод ссыльных няма жыдоў. Усё добра склалася: Файнбэрг хутка пакінуў кітайцаў ды „пракляты” калгас і перайшоў на работу па „спэцыяльнасьці” вагавым на міжраённы элеватар. І там працаваў да канца свайго пражываньня ў Сібіры. А жонка нідзе не працавала, бо па ейнай „спэцыяльнасьці” — „жена крупного клайпедского купца и владельца нескольких домов” у Краснаярскім краі працы не знайшлося.

Шапіра менш апэратыўны, больш субтэльны, далікатны і замала вопытны, пра яго лёс і будучыню мусілі паклапаціцца дырэктар элеватара і Файнбэрг. Дзякуючы ім і некалькім валізкам лякарстваў прывезеным зь Вільні неўзабаве і гэты пачцівіна Шапіра пакінуў калгас імя Жданава. Пераехаў на пасаду аптэкара ў адно зь вялікіх сёлаў Ужурскага раёну, у якім быў шпіталік.

І ўсё кончылася памысна. Думаю, што Шапіра і Файнбэрг вярнуліся ў Літву ды працуюць па спэцыяльнасьці і сьняць сны пра выезд у Ізраіль.

Калмыкі на ссылцы

Калмыкі значна раней былі пераселены ў Сібір, чым мы, бо падчас вайны. Спроба іхняга „праступленьня” заключалася ў тым, што падчас вайны многія немцы і калмыкі, якія з савецкімі войскамі трапілі ў гітлераўскі палон, каб ратаваць сваё жыцьцё ад галоднай сьмерці і эпідэмічных хвароб, як брушны тыф, пайшлі на супрацоўніцтва да немцаў.

Гітлераўцы, як вядома, стараліся стварыць дапаможныя падразьдзяленьні, г.зв. Hilfs-ы з палонных розных нацыянальнасьцяў Савецкага Саюзу. Немцы (савецкія) у асноўным, як ведаючыя нямецкую мову, выкарыстоўваліся як перакладчыкі (Dolmetscher-ы) у дзеючай арміі і пры розных палявых жандармэрыях (Feld Gendarmerie) і ў гаспадарчых установах (Wirtschaft-ах).

З палонных калмыкоў былі створаныя вайсковыя падразьдзяленьні, якія былі падпарадкаваныя нямецкаму камандаваньню і выконвалі дапаможныя функцыі. Насілі яны нямецкую форму, мелі сваіх афіцэраў і падафіцэраў, над якімі заўсёды быў старшым гітлераўскі вайсковец. Адрозьніваліся гэтыя нацыянальныя злучэньні нейкім там калмыцкім гербам, нашытым на рукаве і сваім мангольскім абліччам.

Савецкая ўлада за гэтых здраднікаў пакарала ўвесь калмыцкі народ. Аднойчы было загадана ім узяць неабходныя рэчы і заладавацца на аўтамашыны, якія звозілі іх на станцыі да цягнікоў.

Пагрузка працягвалася пару дзён і пасьля вялікія эшалёны перасяленцаў рухнулі ў Краснаярскі край.

Ува Ужурскім раёне было даволі многа расьсеяных калмыкоў па калгасах. Былі яны і ў нашым калгасе. Але як скончылася вайна, было дазволена жадаючым пакінуць працу ў калгасе і шукаць другой паводле свайго жаданьня.

Калмыкі ў час вайны і ў першых гадах па вайне шмат нагараваліся працуючы ў калгасах толькі за ўкрадзеную жменьку зерня і жывучы ў асноўным з прадукцыі прысядзібных участкаў, зь вялікай радасьцю пакідалі калгасы. Ішлі на першую лепшую работу на прадпрыемстве. Калі нас прывезьлі ў калгас імя Жданава, то тут ужо не было аніводнага калмыка. Яны талакой набудавалі глінянак і пасяліліся ў іх. Адчувалі сябе добра ў гэтых цесных, але цёплых гліняных скрыначках (з плоскім дахам, таксама гліняных, а верхні пласт быў зь дзярна, такі тоўсты, што вада працякала дзе-нідзе толькі пры праліўных дажджах. Яны ім напаміналі пакінутыя хаткі ў роднай старонцы.

Жылі калмыкі між сабою дружна, узаемна памагалі, калі каму была патрэбная дапамога, вельмі салідарна. Шанавалі сваю мову і свае нацыянальныя абычаі. Бруд і задуха панавалі ў іхніх хатах. Самі яны былі ня ў згодзе з гігіенай.

Немцы-перасяленцы

Немцы былі пераселеныя з Паволжа ў Краснаярскі край падчас вайны за віну тых немцаў, якія звольніўшыся зь нямецкага палону пайшлі на службу перакладчыкамі ў гітлераўскія вайсковыя і цывільныя ўстановы.

Перасялілі і дазволілі ім працаваць дзе яны знойдуць працу па сваёй спэцыяльнасьці, зразумела, што толькі не на кіруючых пасадах, як грамадзяне нейкай горшай катэгорыі.

Перасяленцы немцы атабарыліся ў гарадзкіх пасёлках, напрыклад ува Ужуры і іншых, знайшлі сабе працу на прадпрыемствах як кваліфікаваныя спэцыялісты, рамесьнікі, настаўнікі, служачыя, аграномы, у рамесьніцкіх арцелях. І яны, як здаецца, хутка ўзялі клей. Апрача аднаго агранома, Андрэя Гейма, ні адзін немец не працаваў у калгасе задарма.

За кароткі час пабудавалі яны свае ўласныя домікі, гаспадарскія забудовы, добра ўпарадкавалі прысядзібныя ўчасткі, агародчыкі. Культурны вягляд мелі іх сялібы, інтэр’еры хат і падворышчаў, як і самі гаспадары гэтых хат.

Немцы былі найлепшымі рамесьнікамі. У вольныя хвіліны ад працы на прадпрыемстве яны прыватна выконвалі розныя работы, гэтым чынам узбагачалі сваю эканоміку. Яны лепш харчаваліся ад іншых жыхароў Ужуру, багацей апраналіся, лепш і культурней абсталёўвалі кватэры, мелі гародніну лепшага сорту (бульбу, моркву, капусту), прыгажэйшыя кветкі расьлі ў іхніх агародчыках, іхнія каровы былі чысьцейшыя, сыцейшыя і давалі больш малака чым іншыя, бо яны кожны дзень былі чышчаныя грэбламі і шчоткамі, вымя ім мылі цёплай вадой з мылам, лепшыя даставалі харчы і калі ішлі з поля, то здавалася, што яны, як баранэсы, згары паглядаюць на іншых, нэндзных рускіх каровак. Так і немкі выглядалі, як тыя іхнія каровы, і з пагардай спазіралі на рускіх замучаных працай калгасьніц, засівернулых ад сібірскага клімату.

Немцы ня вельмі дружылі з рускімі. Яны вялі жыцьцё замкнутае ў сваіх сем’ях, у сваім нямецкім асяродзьдзі. Хутчэй былі схільныя падружыць з намі, але былі пераборлівыя і асьцярожныя.

Здараліся выпадкі, што жаніліся з рускімі дзяўчатамі, як, напрыклад, настаўнік нямецкае мовы Ужурскай сярэдняй школы Гергардт Карлявіч Кох. Пазнаёміўшыся з гэтым настаўнікам на бацькоўскім сходзе ў школе, мы сустракаліся ўлетку ў падтайговых калгасных угодзьдзях. Ён рабіў загатоўку сена для сваёй жывёлы (касіў і сушыў) з жонкаю, а я быў там з калгаснай пасекай на медазборы, і таксама ў вольныя гадзіны ад пчалярскай працы касіў і сушыў сена для сваёй жывёлы і на продаж. Там, бязь лішніх сьведкаў, якіх Кох унікаў, баяўся як кожны савецкі грамадзянін, мы прыблізіліся адзін да аднаго і як быццам „падружылі”. Шмат мы размаўлялі на розныя тэмы. Кох мяне ўсьведамляў у марксізьме-сталінізьме, даказваў, што гэта адзіная ў гісторыі чалавецтва слушная філязафічная сыстэма. У гэтых справах ён быў падкаваны на ўсе „чатыры нагі”, як і кожны савецкі грамадзянін, які кончыў сярэднюю школу, а тым больш вышэйшую, ды яшчэ пэдагагічную. Кожны савецкі настаўнік мусіў ведаць марксізм-сталінізм лепш, чым свае пяць пальцаў, лепш, чым сваё і сваіх бацькоў імя, бо ён гэту мудрасьць абавязаны перадаваць школьнікам, выхоўваць савецкіх грамадзян на асновах гэтай адзінай мудрасьці, якая мае рацыю існаваць і ўкараняцца сярод чалавецтва ва ўсім сьвеце сёньня і назаўсёды.

Калі Кох натужваўся „перевоспитать” мяне, то мне здавалася, што робіць ён гэту „работу” няшчыра, на выпадак, ці я калі-колечы і дзе-колечы не скажу, што ён не артадаксальны марксіст. Што ён гэтым усьведамленьнем мяне сам сябе застрахоўвае, на ўсякі выпадак. Цяжка яму давалася перамагаць мае аргумэнты адносна ідэальнасьці і неамыльнасьці марксізму-сталінізму. Я яму казаў, што ніхто іншы, як найбольшыя вызнаўцы і прапаведнікі марксізму-сталінізму ды савецкай законнасьці ламаюць і нарушаюць гэтую адзінаслушную філязафічную і сваю законнасьць. Паводле агульналюдзкага права, а таксама і савецкага, пакараны павінен быць толькі той, хто зрабіў праступленьне сам. А марксісты караюць і мсьцяць зусім невінаватых людзей за нейкія „праступкі” дзядоў і прадзедаў, за бацькоў і сваякоў. За што вас, немцаў, пакаралі? За што і мая сям’я церпіць? Я і мае малыя дачушкі ніякай крыўды не ўчынілі бальшавікам ні ўчора, ні сягоньня. А завошта нас аграбілі, абрабавалі? Зашто забралі ад нас нашу цяжка запрацаваную маёмасьць, а нас як стаім схапілі і пад моцнай аховай салдат-энкавэдыстаў з сабакамі вывезьлі ў Сібір і выкінулі на паняверку розным цівунам — Баімавым і Шкабнёвым, на гора і нэндзу? За што? Кажу яму, у чым вы вінаваты, што якісь немец з Паволжа, ратуючыся ад галоднай сьмерці, пайшоў на перакладчыка ў зондэрфюрэра па гаспадарчых справах? Няхай ловяць таго перакладчыка і яго караюць, а ня вас і вашых дзяцей і старых бацькоў ды дзядоў.

Кох яшчэ больш спалохаўся мяне пасьля такой гутаркі і разглядаючыся на ўсе бакі сказаў „акляпанымі” словамі: „Видите ли, где дрова рубят, там и трески летят!” Але празь нейкі час Кох, пераканаўшыся, што я не зрабіў на яго ніякага даносу ў спэцкамэндатуру пры НКВД, набраў да мяне даверу і пашаны. Пры сустрэчах не хацеў размаўляць на тэму марксізму-ленінізму-сталінізму. Размаўлялі мы на розныя тэмы, толькі не закраналі гэтай небясьпечнай, каб прыпадкам ня ўпасьці ў ерась і пазьбегнуць інквізыцыі.

Бываў я на кватэры Коха ў якасьці госьця. Пазнаёміўся зь ягонай сям’ёй, з бацькамі — тыповымі немцамі, вельмі працавітымі, гаспадарлівымі, памяркоўнымі, афіцыяльнымі ў быце. Да мяне аднесьліся з павагаю. Выпытвалі пра нашае жыцьцё да перасяленьня, былі гасьціннымі. Пазнаёміўся і з жонкай настаўніка Коха. Была гэта простая, малапісьменная, маладая руская жанчына. Вычувалася, а нават было відаць, што яна ў гэтай нямецкай сям’і выступае ў ролі служанкі. На яе плечы была ўзложана найцяжэйшая праца. Бацькі Коха інакш да яе і не адносіліся, як да служанкі. Скардзіліся мне, што, маўляў, яна руская, цёмная дзяўчына, ня ўмее культурна жыць, што цяжка ёй прывыкнуць да звычаяў і быту немцаў, людзей культурных, працавітых і талковых. Скардзіліся, што іх нявестка не захацела навучыцца нямецкае мовы, што ўводзіць дысананс у іхнюю сям’ю, што дзеля гэтага іх унучак ня будзе ведаць нямецкае мовы, што нявестка дала яму рускае імя Барыс, а ня Карль, як дзядуля і бабуля хацелі.

Калі я быў з Кохавай жонкай сам на сам, то яна скардзілася на мужа і ягоных бацькоў ды думала пра развод. „Заберу с собой сынка Борьку і уйду от них, этих проклятых немцев. Они меня замучили, они мою душу вымотают. Они меня человеком не считают равным им. Они мне частенько упрекают, мол, ты тёмная русская баба и ничего не сумеешь делать по-культурному. А муж тоже заодно с родителями против меня идёт”. Заплакала і празь слёзы сказала: „Не выдержу, всё равно уйду от них!”

Пасьля майго арышту ўсе немцы вельмі спачувалі маёй пакінутай без мужчыны сям’і, асабліва настаўнік Кох і аграном Андрэй Гейм, але выказаць гэта публічна вельмі баяліся, каб наша няшчасьце рыкашэтам не адбілася на іх асобах. Асабліва Кох страшэнна баяўся нашай былой дружбы.

Сібірак „безупынна” жуе

Ці то кліматычны варункі Сібіру, ці то нейкая прычына іншая змушаюць сібірака безупынна штосьці есьці, жаваць. Я сабе тлумачыў тое зьявішча тым, што суровы клімат змушае сібірака даваць „сыравіну” для агранізму, каб ён меў з чаго вытвараць неабходныя калёрыі. Бо і сапраўды сібірак „заўсёды” нешта жуе, як быццам амэрыканскую гуму. Едзе ён зімою ў тайгу па дровы ці ў стэп або пад тайгу за пашарам, заўсёды жуе калача, хаця з дому выехаў пасьнедаўшы ці паабедаўшы. Улетку ды ўвосень, калі не жуе калача, дык жуе што папала. Зрывае каласы пшаніцы, расьцірае ў далонях, мякіну здзьмухне і чыстыя зярняткі бярэ па адным і кідае сабе ў губу, як бы сланэчнікавыя семачкі. Часам яшчэ больш бавіцца коласам пшаніцы, выбіраючы зь яго па зернейку і кожнае расьцірае на зубах. Адначасова бармоча сабе пад нос нейкую мэлёдыю. Няма пры дарозе пшаніцы, гароху, а стаяць як гай сасновы дасьпяваючыя каноплі, то саскочыць зь цялегі і нажне галовак канапель і едучы далей „вымалочвае” з галовак адчышчаныя ад мякіны зярняткі, сыпле ў губу і перажоўвае. Вельмі ахвотна карыстае з галовак капусты, з кораня пладоў такіх, як бручка, морква, цукровыя буракі, кармавая рэпа-турнэпс.

Пра фрукты тут мовы ня можа быць таму, што іх няма. Трапляліся адважныя „мічурынцы” і прабавалі садзіць у агародчыках спэцыяльную марозаўстойлівую яблыню, якая галінамі расьсьцілалася на зямлі. Але нічога з гэтага не выходзіла. Зімою пад сьнегам вытрымлівала яна сібірскія маразы, але падчас квітненьня і фармаваньня завязкаў бываюць амаль заўсёды моцныя замаразкі, якія нішчаць цьвет і завязь. Але калі нават яны не загінуць ад марозу, то такія дробныя, як галубіныя яйка, і прытым кіслыя. Няма фруктаў, дык сібірак жуе іншыя вітаміны.

Сям’я Струпавых

Пра гэтую сям’ю мне ведама зь яе быту на ссылцы ў Краснаярскім краі і тое-сёе зь іх жыцьця да перасяленьня ў Сібір на аснове інфармацыяў, якія паходзілі ад іх саміх. Аляксандар Струпаў — мужчына гадоў 45; як можна было судзіць, быў выхадцам з рускай інтэлігенцкай, белагвардзейскай сям’і, стала пражываючай у Вільні ў міжваенны пэрыяд. Сам Аляксандар Струпаў напэўна скончыў рускую прыватную гімназію Русского Общества, якая ня мела дзяржаўных правоў і таму абітурыенты гэтай гімназіі імя Пушкіна, як і жаночай рускай Пасьпелавай, не маглі быць звычайнымі студэнтамі польскіх вышэйшых устаноў. Шмат абітурыентаў жадаючых здабыць вышэйшую асьвету стараліся „здабываць” польскую матуру пры спэцыяльнай камісіі, арганізаванай Кураторыяй Віленскай Школьнай Акругі. Гэтая камісія фактычна была „вушкам іголкі”, празь якое мусіў „праціснуцца вярблюд”. Многія рэзыгнавалі з вышэйшай асьветы і шукалі працы ў краіне. Больш настойлівыя і адважныя легальна ці нелегальна пакідалі Польшчу і эмігравалі за мяжу, перад усім у капіталістычныя краіны, найбольш у Чэхаславаччыну, якая прыймала да сябе і давала дзяржаўныя стыпэндыі эмігрантам. Выпускнікі рускіх віленскіх гімназіяў траплялі нават і ў Францыю, дзе і матэрыяльна ім дапамагалі, падтрымлівалі іх рускія белагвардзейскія арганізацыі. Былі і такія абітурыенты, напрыклад Аляксандар Струпаў, якія сядзелі ў Вільні, агулам у Польшчы, а вучыліся карэспандэнцыйна (завочна) у нейкіх там прыватных „інстытутах” францускіх, ці бэльгійскіх, якія праз 4-5 гадоў перапіскі „канчалі” і атрымлівалі дыплёмы „інжынераў”, „дахтароў”, „аграномаў”.

Аляксандар Струпаў шмат не фатыгуючыся „прастудыяваў” аграномію ў нейкім бэльгійскім „каледжы” і атрымаў тытул „інжынера аграноміі”. З гэтым тытулам інжынера ён і ажаніўся з паняй Надзеждай (дзявочага прозьвішча ня ведаю), якая таксама была дачкой рускай інтэлігенцкай сям’і (белагвардзейцаў), меўшай блізка Вільні маёмасьць (нерухомасьць). Вось гэтае па нацыянальнасьці, веравызнаньні і ідэалягічна „дабранае” і зладжанае сужонства дачакалася ўстанаўленьня савецкай улады ў Літве і ссылкі ў Сібір, у калгас імя Жданава.

Аляксандар Струпаў ня быў такі бязрадны і наіўны як ягоная Надзежда, якая ўмела толькі іграць на фартэпіяна. Ён хутка зразумеў, што трэба сьляды „змыліць”. Струпавы з прыходам савецкіх войск пакінулі маёнтачак і забраўшы што было каштоўнейшае з партатыўнай маёмасьці, перасяліліся ў пакінутую жыдамі вялікую кватэру. Струпаў, як добра ведаючы расейскую мову, хутка ўладкаваўся на пасаду добра аплачванага савецкага чыноўніка. На гэта ён меў усе козыры: „пролетарское” паходжаньне, „інжынер аграноміі”, „прасьледаваны” польскімі санацыйнымі ўладамі і нямецкімі акупантамі, ад якіх за свае „коммунистические убеждения и подпольную деятельность” быў змушаны хавацца ў маёнтачку Надзежды. Можа Аляксандар Струпаў і доўга быў бы на пасадзе „інжынера агранома” і ішоў бы, як па лесьвіцы, у высокія чыны савецкіх устаноў, каб не людзкія языкі, не вялікая кватэра ў цэнтры Вільні, добра мэбляваная і ўпрыгожаная мастацкімі карцінамі, каб сам Аляксандар „не получил головокружения от успехов”.

Савецкія людзі, якія прыяжджалі на працу на вызваленыя ад нямецкіх захопнікоў землі ў першую чаргу, вядома, шукалі кватэр і прытым добрых кватэр, нават мэбляваных. Вось Аляксандар Струпаў пазнаёміўся і нават падружыў з адным высокім працаўніком Віленскага МВД (Міністэрства Унутраных Спраў), які, між іншым, шукаў добрай кватэры, каб сваю горшую замяніць. Бываючы ў Струпавых у гасьцях, ён так аблюбаваў іхную кватэру з усім інтэр’ерам, што пачала яго мучыць спакуса, каб якім чынам „друга Сашу с семейством сплавить” адсюль. І ён гэтай „грэшнай” спакусы не пазбыўся. Сабраў такія-сякія „даныя” пра „контррэвалюцыйнасьць” Струпавых і дачакаўшыся — а гэта было незадоўга да вывазкі „контрреволюцийных элементов” зь Літвы ў Сібір на ссылку і падаў Струпава ў сьпісак „врагов народа”. Гэтага хапіла, каб адной сакавіцкай ночы 1949 г., калі Струпавы спакойна спалі, пазванілі ў іхную кватэру работнікі МВД і прачыталі „Решение правительства ЛССР о переселении в отдалённые места СССР”. Дазволілі на працягу гадзіны часу ўзяць неабходныя, асабістыя прадметы, адзеньне і ежу. Струпавых вывелі ў грузавік, які чакаў каля дому, кватэру зачынілі і апячаталі ды праз 15 хвілін Струпавы былі на таварнай станцыі, дзе арганізаваўся эшалён з „врагами народа”. Струпавым „краснопогонники” паказалі быдлячы вагон, у які яны ўладкаваліся, і за шаснаццаць сутак „кур’ерам” прыкацілі на станцыю пасёлку Ужур Краснаярскага краю. „Аграном” Струпаў зь сям’ей „па спэцыяльнасьці” трапіў у калгас імя Жданава, а ягоны „друг” падпалкоўнік МВД пераехаў зь сям’ей з горшай кватэры ў лепшую. Каму, як каму, але Струпавым зь ліку перасяленцаў асабліва ня шэнціла на ссылцы. Пачаткова ён прабаваў бліснуць сваёй постацьцю, сваім „аграномствам”, але не ўдавалася яму „очки втирать”, „пыль в глаза” пускаць. Хутка яго „розоблачили” і вызначылі „аграному” работу па спэцыяльнасьці — загадалі падвозіць трактарам ваду ў бочках, працуючым на калгасных палях. Прабаваў ён перад гэтым нейкі час працаваць як „аграном” на калгасных агародах пад камандаю кітайцаў, канкрэтна ў старшага (брыгадзіра) Ван-Фу. Але хутка пераканаліся гэтыя маньчжурцы, што „аграном” Струпаў не адрозьнівае капусты ад аўса, агуркоў ад морквы. Змацерылі яго на чым сьвет стаіць і на калгасным сходзе ў канторы зьмяшалі Сашу з балотам, облаялі брыдкімі словамі, зь якіх мы — перасяленцы, разумелі толькі пісклівыя словы: „Маць-маць, агульцы, мальхоўка, кэпусьта... Стлупаў...”

Нядоўга Струпаў падвозіў трактарам ваду. Пастанавіў за ўсякую цану працаваць „па спэцыяльнасьці” — быць аграномам, ці нават „животноводом”. Гэтыя галны неразлучныя. І дапяў свайго. Пакнуў калгас імя Жданава і перайшоў на пасаду „жывотновода” ў саўгас Учум, які спэцыялізаваўся ў гадоўлі авец. Гэты саўгас, казалі людзі, меў каля 20 тысяч авечак. Дык вось Саша пастанавіў павялічыць пагалоўе авец Учуманскага саўгасу. Папрацаваў ён там тыдзень ці два і начальства саўгасу і аўцаводы пераканаліся, што прысланы з Ужуру „животновод” Аляксандар Струпаў не адрозьнівае казы ад барана, а тым больш полу авец. Няраз барана браў за аўцу-матку, а самку зь вялікім вымем за барана-самца — „производителя”. Кіраўніцтва саўгасу звольніла новага „животновода” і ён вярнуўся зноў у калгас імя Жданава, дзе вымушаны быў выконваць працу па розных „спэцыяльнасьцях”, толькі не па аграноміі ды жывёлагадоўлі.

Быў ён чалавекам зь бедненькімі маральнымі вартасьцямі. Здаецца, што быў ён і сэксотам (секретным сотрудником) камэндатуры для перасяленцаў.

Жонка яго, культурная, салідная жанчына, але зусім не прыстасаваная да цяжкіх варункаў жыцьця. Крыху яна ачунела, калі за нейкую марную заплату грала на піяніна ў дзіцячым садку па некалькі гадзін у дзень. У 1956 г. Струпавыя вярнуліся зь Сібіру ў Вільню.

Агнія-пчалярка

Агнія — гэта дзяўчына гадоў 19-20, дачка аднаго з уцекачоў з Расеі, які не хацеў ісьці ў калгас і прыехаў у Сібір. Тут ён мог хутка знайсьці працу на заводзе, скажам, у прымітыўнай цагельні. Так і было. Агнін бацька, па сваёй хваравітасьці ўжо не працаваў, меў сваю хаціну і агарод. Жонка займалася сваім агародчыкам, працавала прыбіральшчыцай. Матэрыяльныя варункі не былі б лёгкія, калі б старшая дачка не была замужам за шафёрам. Значыцца сястра і швагер Агніі працавалі на прадпрыемстве, маці корпалася на градках і на пару гадзін хадзіла на заробкі, а бацька сядзеў на лавачцы каля хаткі, цяжка дыхаў ад астмы, крыху пакурваў і зацягнуўшыся „корешками” працягла заходзіўся ад кашлю.

Агнія, якая скончыла няпоўную сярэднюю школу ўва Ужуры далей вучыцца не жадала. Мела яна ўжо, як я сказаў вышэй, каля 19 гадоў, добра збудаваная фізычна, усе ейныя фізычныя жаночыя атрыбуты поўнасьцю дасьпелыя і спакусьліва адзначаліся. Яна вельмі адчувала патрэбу выйсьці замуж. Жадала ўжо мець мужа і дзяцей, а калі не, то хаця часовага мужчыну, зь якім яна без сумніву згадзілася б сэксуальна жыць.

Яна шукала мужчыну і не была пераборлівая ў іхнай якасьці, але, на жаль, не магла знайсьці, незалежна ад таго, што яна дзяўчына, як кажуць, дарэчы. Магла не аднаго спакусіць, але каго? За час вайны шмат дзяўчат нарасло, а колькі ж засталося разбуджаных удоваў! Як дзяўчаты, так і ўдовы зусім сябе не цанілі ў першыя паваенныя гады. Гатовыя былі выйсьці замуж за любога мужчыну, а калі ня зьвязвацца шлюбам, то і так згаджаліся сыходзіцца ды жыць. Прыходзілася бачыць такіх фізычных пакракаў і разумовых недарэкаў, якіх і на вайну ня бралі, збракавалі. А якіх яны мелі жонак! Проста дзіву даешся, як такая маладая, як кажуць, гладкая і ёмкая жанчына можа збліжацца з мужчынам, да якога кожны можа адчуваць адразу, агіду.

Але для Агніі і такі жаніх не знаходзіўся. Ня мела шчасьця. Маці Агніі мела пару вульляў пчол, але правільна даглядаць іх ня ўмела. Аднойчы ў чэрвені ці ў ліпені вярталяся яна са сваёй дасьпелай дачушкай Агніяй зь ягадаў; несьлі вельмі сьпелыя, сьвежыя, пунсовыя і духмяныя суніцы, назьбіраныя на падтайговых ягадніках. Сказалі, што захацелася ім піць і яны зайшлі на калгасную пасеку, на якой я працаваў. Тачок пасекі знаходзіўся пры крынічным ручайку, які зімою не замярзаў. Напаіў я ягадніц крынічнай, халодненькай вадзіцай і ўсеўшыся ў цяньку пад чарамшынай павялі мы гутарку de omne et de nihil, а пасьля сышлі і на пчалярскую тэму. Тады маці Агніі расказала пра свае пчолкі і папрасіла наведаць іх у пасёлку і пры нагодзе перагледзець ейныя пчолкі, ці ўсё там ідзе ладам. У нашую размову ўмешвалася і Агнія, калі забрала голас, то размову скіроўвала на мяне і так уляпляла свае вогністыя позіркі на мяне, што ў мяне ажно мурашкі бегалі пад скурай. Так я абяцаў наведаць іх і перагледзець пчаліныя сямейкі. У самы разгар пчалінага сэзону адцягваньне з рэвізіі „пасекі” Агніі магло некарысна адбіцца на медазборы гэтых пару сямей. Хутка надарылася нагода і я паехаў ува Ужур.

Сям’я Агніі вельмі ветліва ды гасьцінна прыняла мяне ў сваёй хаце. Быў добры сібірскі пачастунак з гарэлкай. Выпіўшы па адной, другой чарцы вытварылася вясёлая, неафіцыйная свойская атмасфэра. Агнія старалася больш за ўсіх быць ветлівай, гасьціннай, сказаў бы, надскакваючай нада мною. Хутка неяк яна прысела каля мяне, замяніўшыся месцам з маці ці зь сястрою, і запрашала выпіваць і закусваць вельмі смачнай, тушанай цяляцінай з гадавога падцёлка. Пасьля кожнай выпітай чаркі яна набірала адвагі і жаданьня шчыльней да мяне датыкацца сваім тугім гарачым целам. Я задаваў сабе ў думках пытаньне: няўжо 45-гадовы мужчына можа падабацца дзяўчыне такой як Агнія. Але на гэта быў пазытыўны адказ самымі паводзінамі Агніі пры стале. Для мяне сталася ясна, што я ёй падабаюся.

Пасьля пачастунку пайшлі мы зь ёй у садочак перагледзець пчолкі. Пры нагодзе варта дадаць, што пчолы вельмі ня любяць паху алкаголю, раздражняюцца і атакуюць. Як мы не стараліся іх спацыфікаваць добрым дымам з сушанага кізяку, нічога не памагала. Я ня вельмі рэагую на пчаліны яд, запячэ і зараз перастае і цела ня пухне. Агнію таксама пачалі добра шпіліць там, дзе знаходзілі голае цела. Калі не маглі дабрацца да твару, да рук, то пайшлі ёй па пульхных лытках. Як пчаліна яе ўджаліць, то яна імпульсіўна страсянецца ды далей чмыхае па рамках дымакурам.

І сьмех мяне агартаў, шкада было дзяўчыны, што разьюшаныя пчолкі палезьлі ёй далёка пад спадніцу. Я загадаў аддаць мне дымакур, а ёй уцякаць у хату: „Уцякай, Агнія, бо яны цябе зьядуць!”

— Ничего, не съедят, я сибирячка, надо закалятся! — адказала Агнія.

— Калі хочаш — „закаляйся”, але ня душы пчол, бо кожная раздушаная пчала яшчэ больш разьярвае пчол, — кажу ёй.

— Ну, как мне их не тискать, если они уже добрались до живота и там ползают и джалят — адказвае, сьмеючыся Агнія.

Гэта была пчалярская ініцыяцыя Агніі. Яна вытрывала да канца перагляду пчол і здала экзамен на выдатна ў кандыдаты на будучую пчалярку. Я пахваліў яе перад сям’ёй і сказаў, што мае ўсе дадзеныя, каб стаць выдатнай пчаляркай і параіў ісьці на пчалярскія курсы, якія арганізаваў райземаддзел у пасёлку Ужур. Я пераканаў Агнію і яе бацькоў, што гэта добрая спэцыяльнасьць, патрэбная на калгасных і саўгасных пасеках.

Агнія запісалася і хадзіла на пчалярскія курсы. Мы зь ёй сябравалі як „старыя знаёмыя”, як школьныя сябры. Сядзелі за адной партай, на перапынках абмяркоўвалі праслуханыя ўрокі-лекцыі раённага інструктара па пчалярстве Сяргея Бацыгіна. Адводзіў я яе аж да хаты і агулам з кожным днём мы ставаліся бліжэйшымі сябрамі. Магчыма гэтая нявінная дружба працягвалася б доўга, каб Агнія ня сталася ў адносінах да мяне вельмі адважнай і свойскай, непасрэднай і нават агрэсіўнай. Аднойчы, на разьвітаньне ля ейнай хаты, яна азірнулася на бакі, адгарнула каўнер майго кажуха, прыціснулася да мяне, страсна ўпілася вуснамі ў мае вусны і праз хвіліну адарваўшыся сказала: „Я тебя крепко люблю и без тебя мне жизни нет”.

Каб гонару мужчынскага не падарваць, я ўсьміхнуўся і сказаў: „І я цябе, Агнія, люблю, але як дачку, як урэшце мілую дзяўчыну, адважную пчалярку. І да гэтага нашая любоў абмяжуецца. Я маю 45 гадоў, жонку і дочак. Я іх люблю, і разам зь імі цябе. Ты крыху пачакай, а твой доляю прызначаны жаніх 25-26-гадовы знойдзе цябе”. Так доўга замацавалася ў маёй памяці высокая цана мужчынам і вельмі нізкая жанчынам. Такая ненармальная зьява, выкліканая вайною, працягвалася хіба гадоў 25, пакуль састарэлі ўдовы-салдаткі і нарасло мужчын гатовых да жанімства.

Красуня-фэльчарка

Хіба ўсюды, па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюзу, у сельскіх мясцовасьцях, пры кожным сельсавеце існуе, і мабыць існавалі да вайны, мэдыцынскія пункты абслужваньня вясковага насельніцтва. Мабыць зараз на пунктах працуюць лекары з вышэйшай мэдыцынскай адукацыяй, але ў час вайны і ў першыя пасьля вайны дзесяцігодзьдзі, абслугоўвалі іх фэльчары, маючыя толькі сярэднюю падрыхтоўку. Падрыхтоўка была кароткатэрміновая, скарочаная, таму што не хапала мэдыцынскіх кадраў так з вышэйшай, як і зь сярэдняй адукацыяй. Нярэдка дэмабілізаваныя ваенныя санітары займалі пасады на мэдпунктах. Зразумела, што з за недахопу мужчын, на сельскіх мэдпунктах працавалі перад усім жанчыны. Веды гэтых „скарасьпелак” у галіне мэдыцыны былі вельмі слабенькія. Так што нельга было верыць пастаўленаму імі дыягназу, а тым больш небясьпечна было прымаць прыпісаныя імі лякарствы. У цяжкіх выпадках накіроўвалі яны пацыента ў раённую паліклініку, а ў раптоўных выпадках, калі была патрэбная хірургічная дапамога, накіроўвалі хворых у шпіталь. Красуня-фэльчарка, пра якую я хачу напісаць некалькі сказаў, працавала ў мэдпункце пры Сасноўскім сельсавеце. Была яна вельмі маладая, прыгожая, кучаравая бляндзіначка, якой залацістыя лёкі, быццам бурлівымі хвалямі, сплывалі на шыю і сьпіну.

Я ў яе не лячыўся і таму маё знаёмства зь ёю было зусім выпадковае і выпадкова прычынілася да іншай выпадковай сустрэчы. Як ужо раней было напісана, я быў загадчыкам калгаснай пасекі, разьмешчанай на двух тачках. Тачок пад Чарноўкай, 8 кілямэтраў ад Ужуру — гэта былая пасека калгасу імя Жданава, і другі — 12-14 кілямэтраў ад Ужуру ў супрацьлеглым напрамку, былога калгасу Сібпартызан. Пасьля злучэньня гэтых двух калгасаў у адзін, пасека падлягала аднаму загадчыку. На адным тачку я працаваў зь сям’ёй, а на другім, былым Сібпартызанскім, жыў стораж, дзед Малай — татарын. На перагляд, на кантроль і на пасечныя работы я даяжджаў на пасеку да дзеда Малая. З майго тачка да дзеда Малая было каля 20 кілямэтраў. Ехалася туды праз пасёлак Ужур.

Было гэта пры канцы травеня 1951 году, калі ў адзін цёплы, сонечны дзень сабраўся я ехаць на пасеку былога калгасу Сібпартызан выканаць неабходныя пчалярскія працы. Праехаўшы ад Ужуру кілямэтраў 3-4, нагнаў ідучую з партфэлем бляндзіначку. Мінаючы яе, я зірнуў у ейны бок, а яна ў мой. Нашы позіркі сустрэліся. Я зразумеў, што хацела б, каб яе падвезьці, але сароміцца папрасіць. Прытрымаўшы каня, я запрапанаваў ёй свае паслугі. Яна прыблізілася да цялегі і запытала, куды я еду, ці выпадкова не ў Сасноўку. Я ёй адказаў, што недалёка ад Сасноўкі павярну ўправа і паеду на пасеку калгасу Сібпартызан. — Ну, дык нам па дарозе, вы амаль на месца мяне прывезяце — сказала, лёгенька ўскочыўшы на цялегу. Каня я не падганяў, каб было больш часу прыгледзецца і пагаварыць з гэтай выпадкова сустрэтай красуняй. Пакуль мы прыблізіліся да таго адгалінаваньня дарогі, якое пойдзе ўправа на пасеку і мы разьвітаемся, то конь, сунучы нага за нагой, добра выспаўся.

Пагаварылі мы зь ёю шмат аб чым. Яе цікавіла тая Літва, адкуль нас вывезьлі ў Сібір, Беларусь і даваенная Польшча, у якой нічога, паводле яе, не было апрача вісельніц, якія стаялі, скрыпелі ды чакалі, калі зловяць камуніста ці любога рэвалюцыянера і павесяць. Вось столькі яна ведала пра Польшчу. Ад яе я даведаўся, што яшчэ перад нашым перасяленьнем на ссылку, улады распусьцілі тут весткі, што, маўляў, хутка прывязуць зь Літвы бандытаў, буржуяў і горшых ворагаў народу і савецкай улады, што нас трэба асьцерагацца і не ўваходзіць у ніякія кантакты, што мы будзем пад наглядам міліцыі, гэта значыць, НКВД. На сваім прыкладзе я расказаў, што гэта вельмі крыўдны паклёп на чэсных людзей, якіх абрабавалі з сумленна нажытай маёмасьці, нявінных абвінавацілі ў неўчынёных праступленьнях і вывезьлі як рабоў на прымусовыя работы. Інтэлігенцыю таксама змусілі да цяжкіх фізычных работ. Я расказаў пра сябе і жонку, што мы з вышэйшай адукацыяй і не дазваляецца нам працаваць па сваёй спэцыяльнасьці. Яна ўважна слухала маё апавяданьне пра жыцьцё ў Польшчы і пра нашае праўнае, эканамічнае і маральнае палажэньне тут на ссылцы. Пачаткова мне здавалася, што яна мае інфармацыі прымае зь недаверам, з засьцярогай. У ейнай душы і розуме адбывалася нейкае змаганьне дзьвюх праўдаў. Адна тая, якую яна чула на камсамольскіх сходах і дакладах, у савецкай літаратуры, прэсе, пра краіны капіталістычнага сьвету. Тыя інфармацыі афіцыяльных органаў пра нас — бандытаў зь Літвы, у якіх рукі ў крыві аж да самых локцяў, што мы паразыты, эксплюататары, якія ад няпамятных часоў жылі з чужой працы, крыўдзілі батракоў, эксплюатавалі гарадзкі пралетарыят, што мы выступалі са зброяй у руках супраць савецкай улады, якая вызваліла ад гітлераўскай навалы ды вызваліла працоўных Літвы ад нялюдзкай эксплюатацыі капіталістаў, памешчыкаў, кулакоў. З другога боку, ёй расказваў „страшны бандыт” зь Літвы, што ўсё чутае і чытанае ёю — гэта пустая і нічым не абаснаваная прапаганда, чыстая хлусьня. Праўда, былі ў капіталістычнай Літве заможныя клясы: буржуазія, кулакі, але яны загадзя падаліся на захад і сёньня жывуць спакойна ў ЗША, у Канадзе ці ў іншых краінах. А названыя тут бандытамі, буржуямі і капіталістамі прывезенымі зь Літвы, гэта ж пераважна сярэднякі, людзі чэсныя, працавітыя і разумныя — і дзякуючы гэтым якасьцям, яны са сваёй працы жылі ў матэрыяльным дастатку. Сярод гэтых „бандытаў і ворагаў народу” была і жменька, некалькі сем’яў, творчай інтэлігенцыі; менавіта: мая жонка — настаўніца, я — этнограф, Шапіра (жыд) — аптэкар, яго жонка — студэнтка хімічнага інстытуту, два лекары — літоўцы, Аляксандар Струпаў — „аграном”, яго жонка — піяністка. Толькі адна жыдоўская сям’я Файнбэргаў з Клайпэды належала клясава да буржуазіі.

Урэшце пры другой (выпадковай) сустрэчы, калі я яе падвёз з самога Ужуру ў Сасноўку, пазнаёміў яе са сваёй біяграфіяй. Яна набрала да мяне поўнага даверу, спачуваньня і сымпатыі. На разьвітаньне яна сказала мне: „Я бы хотела с вами встречаться, и часто, но это, пожалуй, невозможно. Всё таки власти считают вас врагами народа, а я советская служащая и при том комсомолка, и наше знакомство, а ещё и дружба безусловно повредило бы моему положению и отрицательно отразилось бы на моей жизни”.

Так, я прызнаў ёй рацыю. Апошні раз зірнуў я ёй у добрыя, разумныя, васільковага колеру вочы, на кірпаты носік, крыху веснушчаты, на ейны „кужалёк”, які сплываў на прыгожую, як з мармуру выцягнутую шыю і сьпіну, ды мы рассталіся назаўсёды. Яна, як козачка, лёгенька саскочыла зь цялегі, забрала свой пакунак з мэдыкамэнтамі, якія атрымала на свой мэдпункт з ужурскай аптэкі, разьвіталася са мною падаючы сваю пульхную ручку і сказала: „Желаю вам счастья в жизни и скорого возвращения на родину” і зьнікла беспаваротна, як час у вечнасьць, а я зь нейкай дзіўнай думкай, зь незразумелым пачуцьцём у душы павярнуў „Карчыка” (так называўся мой конь) управа і паехаў на пасеку былога калгасу Сібпартызан да дзеда Малая, які чамусьці называў мяне „барынам”, любіў мяне і шанаваў, хаця я быў „ворагам народу”.

„Вяленая” бараніна

У нас у Беларусі сэзон на бараніну, як ведама, распачынаўся восеньню, пасьля Усіх Сьвятых, калі пачынаўся для жывёлы зімовы пэрыяд. Калі замярзала рунь, тады ня толькі пасьвіліся на ёй авечкі, але ўся дамашняя жывёла, у тым ліку і коні.

На руні жывёла хутка папраўлялася, набірала сілы перад цяжкай зімоваю парой, а авечкі асабліва добра папраўляліся і прыбывалі на вазе. І як толькі сьнег прыкрываў рунь, тады жывёлу ставілі ў хлеў аж да вясны. Лішнюю збывалі, прадавалі, а авечак амаль усіх, якія ня мелі ісьці на зіму, рэзалі для сваіх патрэб на мяса і на аўчынкі. На зіму пакідалі толькі пакрытых самак („якія пабегалі”) у такой колькасьці, на колькі магло хапіць пашару (мурожнага сена). Сярэдняй заможнасьці гаспадар пускаў на зіму 4-5 штук авечак. Скапцоў, барана і ялавак (маладых) і старых (якія не пакрыліся) рэзалі для сябе, а калі былі патрэбныя грошы, то пару штук прадавалі на рынках. Авечыя, як казалася, рогі ды ногі і нутранасьці адразу падрыхтоўвалі да спажываньня, тушу завешвалі на гарышчы (на хаце). Яна, калі ўжо пачаліся маразы, вісела датуль, пакуль яе адразаючы па кавалку ня зьелі. Калі было зарэзана некалькі штук авечага пагалоўя, то часамі мяса дацягнулася (у ашчаднай гаспадыні) аж да Вялікадня. Даўжэй не, бо пры цёплым надвор’і пачало б псавацца, засьмярдзела б.

Каляды амаль у кожнага гаспадара сустракаліся з кабанчыкам і баранінай. У cібіракоў было інакш, чым у беларусаў на радзіме. Сібіракі за бацюшкі-цара, як яны апавядалі, мелі столькі авец, што і „ліку іх ня зналі”. Рэзалі іх, калі толькі захацелася бараніны, летам таксама. Зразумела, што найбольш рэзалі ўвосені і зь мяса рабілі запасы на доўгі час. Перахоўвалі бараніну двума спосабамі: рубалі тушу барана на кавалкі, складалі ў скрыню і ў сенях нясоленае мяса замарожвалі. Яно ў такім стане добра захоўвалася ажно да наступленьня цяпла, прыблізна да канца траўня. Альбо, другім спосабам — тушу салілі (цэлую), а пасьля выносілі на гарышча, або ў якую хабуньку і там вешалі. Яна зіму, вясну ды лета вісела на сьвежым паветры, прасыхала, кансэрвавалася. У такім стане гэтую, так званую „вяленую”, бараніну cібіракі спажываюць на працягу вясны і лета. Яна, казалі, не псуецца.

Вяленую бараніну вараць у супе, і, як казаў мне дзед Малай, можна яе есьці таксама ня вараную. Тады, калі я быў у Сібіры, то бараніны ўжо не „вялілі”, бо было яе мала і запасаў не рабілі.

Усяночная ў царкве ўва Ужуры

Ня ведаючым бліжэй справы, нясьведамым, можа здавацца, што ў Савецкім Саюзе барацьба з рэлігіяй, з рэлігійнымі традыцыямі цалкам выйграная ды канчаткова прыпячатаная. Але такі погляд быў бы нязгодны з рэчаіснасьцю. Вернікі ўсіх веравызнаньняў ня мелі права і дасюль ня могуць весьці няроўную барацьбу зь бязбожнікамі, якіх узначальвае ўвесь дзяржаўны і партыйны апарат. Бязбожнікі ў сваіх руках маюць усю зброю, усе дзяржаўныя сродкі на барацьбу з рэлігіяй, якую іхні бог-Ленін назваў „опіюмам для народу”.

Каталіцкае веравызнаньне, як наймацнейшае сваёй маральнай, этычнай і арганізацыйнай асновай у параўнаньні зь іншымі веравызнаньнямі ў Савецкім Саюзе, за выняткам Літвы і ў нейкай ступені Латвіі, афіцыяльна ўжо не існуе. Старое духавенства ўжо вымерла і рэшткі дагараюць. Духоўных сэмінарыяў няма. Папаўненьняў няма. Калі памірае сьвятар, бязбожніцкія дзеячы зганяюць веруючых на сход, на якім ухваляецца падрыхтаваная пастанова аб перадачы сьвятыні на клюб або на калгасны сьвіран, або зусім зачыняюць на неакрэсьлены час. Стойкім веруючым, асабліва старэйшаму пакаленьню застаецца ісьці ў „катакумбы”.

З Праваслаўнаю Царквой бязбожнікам значна лягчэй змагацца. Там менш стойкае духавенства, і як сьцьвярджаюць самі праваслаўныя вернікі, немалая колькасьць сярод сьвятароў ёсьць безбожнікамі, якія накіраваныя на гэтую правакацыйную работу бязбожніцкім апаратам, каб сачыць за дзейнасьцю Праваслаўнай Царквы і развальваць яе знутры. З мусульманскай рэлігіяй і іншымі нехрысьціянскімі, а таксама з хрысьціянскімі сэктамі вельмі цяжка бязбожнікам асягнуць сваю мэту. Асабліва цяжка зьліквідаваць традыцыйныя гадавыя і сямейныя сьвяты ды абычаі.

На гэтым полі за 35 гадоў бязьлітаснай барацьбы бязбожнікаў з рэлігіяй і рэлігійнымі звычаямі, з культам Бога, вельмі мала зроблена. Так хрысьціяне, як і не-хрысьціяне сьвяткуюць свае традыцыйныя сьвяты: Каляды, Новы Год, Вадохрышча, Вялікдзень, Тройцу. Асабліва мусульмане ўрачыста адзначаюць свае культавыя сьвяты. Каб ня быць галаслоўным, мне хочацца коратка расказаць, як сьвяткавалі Вялікдзень веруючыя і „няверуючыя” жыхары пасёлку Ужур.

Старая закаранелая традыцыя няраз бывае мацнейшая за рознага роду загады, прымусы ды ўсялякія судовыя пакараньні за парушэньне іх. Маю на ўвазе ашалелую барацьбу савецкага атэізму з рэлігіяй і рэлігійнымі звычаямі, сьвятамі ды наогул з хрысьціянствам у першую чаргу. Барацьба з рэлігіяй і веруючымі ўсіх веравызнаньняў адразу пасьля стварэньня савецкай дзяржавы распачалася ў жорсткай форме. Яшчэ страшнейшыя формы прыняла пасьля прыняцьця афіцыйнага „дагмату” Леніна, які казаў: „рэлігія — гэта опіюм для народу”. Перш за ўсё арыштоўвалі духавенства, зачынялі сьвятыні і перараблялі іх на розныя клюбы, сьвірны, склады, у гарадах найчасьцей перараблялі на кіно. Да канца вайны ўжурская царква была зачыненая і мела нейкае гаспадарчае ці культурнае прызначэньне. У вайну і пасьля заканчэньня клімат крыху зьмякчэў. Пры моцным і настойлівым дамаганьні вернікаў, дзе-нідзе вярталі сьвятыні для выконваньня рэлігійнага культу. Дзякуючы настойлівасьці старэйшага пакаленьня праваслаўных ужурцаў, царква была перададзена ім у карыстаньне.

Вернікі сабралі неабходныя сродкі і адрамантавалі спанявераную, паднішчаную царкву. Папрасілі ў духоўных уладаў (здаецца, у Барнаўле) сьвятара — настаяцеля царквы. Духоўныя ўлады якраз мелі пад рукамі нейкага „грэшнага” падстарэлага бацюшку, які на некалькі год быў сасланы з Масквы ў Сібір. Гэты, як пазьней аказалася, даволі высокаадукаваны сьвятар, хутка разгарнуў ува Ужуры i ваколіцы хрысьціянскую і душпастырскую работу. Сам быў музыкальны, і яго дачка таксама — абое гралі на піяніна. Хутка арганізавалі царкоўны хор. Адным словам, гэты сьвятар стаў тут ня толькі жаданым, але і неабходным апосталам. Хрысьціў немаўлят і дарослых, вянчаў, хаваў, спавядаў, царкоўныя навукі казаў у простай і даступнай усім форме з багаслоўскага і філязафічнага бакоў. Слава пра яго душпастырскую работу з кожным днём усё шырэй і шырэй разыходзілася ня толькі па Ужурскім раёне, але і далёка за яго межамі.

Гэтая апостальская дзейнасьць сьвятара, мабыць, прычынілася да скарачэньня тэрміну ссылкі. Каб ня сеяў „опіюму для народу”, аднойчы мясцовыя ўлады паведамілі яму, каб хуценька пакінуў Ужур і вярнуўся ў Маскву. Але ці сапраўды дазволілі яму вярнуцца ў Маскву, шмат хто зь вернікаў сумняваўся. У найлепшым выпадку маглі яго накіраваць у нейкую Пензу, Вялікія Лукі, Курск ці Валагду, але не ў Маскву. Пасьля нейкага часу, дзякуючы стараньням вернікаў, барнаўлскі епіскап прыслаў ужурцам яшчэ даволі маладога сьвятара. У справах царкоўных быў ён даволі „граматны”, мабыць і камсамольскі статут ён таксама добра ведаў і хіба яго не парушаў. Свае духоўныя і душпастырскія абавязкі ён выконваў нядрэнна, але артадаксійныя вернікі, добра яго „абнюхаўшы”, пераканаліся, што гэты бацюшка не такі, якога яны жадалі б мець і зьвярнуліся да епіскапа, каб яго забраў з Ужуру. Якія „грахі” меў гэты бацюшка, цяжка сказаць. Адзін яго „грэх” я бачыў сваімі ўласнымі вачыма. Яго часта можна было сустрэць у рэстаране і на вуліцы п’янага, хістаючагася. Я раз нават бачыў, як ён выйшаў з рэстарана і на сярэдзіне вуліцы паваліўся ў гразь.

Але, нягледзячы на якасьць сьвятароў, ужурцы і навакольныя калгасьнікі хадзілі ў царкву, карысталіся ў патрэбе сьвятарскімі паслугамі. Такіх старых, традыцыйных гадавых сьвятаў, як Каляды, Вадохрышча, і асабліва Вялікдзень за 30 гадоў з гакам сваёй актыўнай дзейнасьці атэісты не маглі выкараніць са сьвядомасьці і практыкаваньня гэтых сьвятаў у народзе.

Быў гэта, здаецца, 1950 год, пры канцы сакавіка. Я ехаў марозным суботнім адвячоркам з калгаснай пасекі за нейкай патрэбай у кантору калгасу. Перада мною і за мною ішлі людзі, найбольш жанчын у сьвяточным адзеньні, несьлі пакуначкі ў белых сурвэтках. Усе яны ішлі ў цэнтар пасёлку, дзе пры рынкавым пляцы стаяла царква, памаляваная на белы колер, зь зялёнымі вежамі, завершанымі пазалочанымі крыжамі.

Ішлі ў царкву на ўсяночную і на сьвячэньне велікодных яек, пасхі ды іншых страў. Ішлі і тыя, што нікога не баяліся, і тыя, што маглі баяцца, як напрыклад Пятро Мікалаевіч Каржоў — сакратар партыйнай ячэйкі калгасу імя Жданава.

Калі пацямнела, праз выламаны паркан, якім была абгароджаная царква, ішлі настаўнікі і вучні. Настаўніцы мелі закутаныя ад „холаду” твары вялікімі, цёплымі хусткамі. Мужчыны-настаўнікі прыйшлі, каб „пераканацца”, ці няма ў царкве вучняў — іхніх выхаванкаў, якім некалькі дзён перад Вялікаднем „разьясьнялі” шкоднасьць „рэлигиозных предроссудков”. Сярод ідучых у царкву я ўбачыў згаданага Каржова, які крочыў па тратуары перад жонкаю — Марусяй. Параўняўшыся зь ім, я запытаў: „А это куда вы шагаете, Пётр Николаевич?” Ён зірнуў на мяне і весела павітаўся: „Здоров, Мариан Иосифович! Я, значит, как видишь, под конвоем Маруси шагаю в церковь на Всеночную, а она и пасху несёт свентить. Заходи завтра, Осипович, к нам в гости на пасху, выпьем и закусим”.

Я не адмовіўся ад запрашэньня ў госьці. На велікодным стале была добрая ежа, мяса, каўбасы, пірагі і пасха — здобнае салодкае печыва на яйках і дражджах. Гарэлкі было — хоць купайся ў ёй. Настрой быў вясёлы, сьвяточны. Пілі, елі, шмат гаварылі пра мінулае і сучаснае, сьпявалі розныя песьні даўнейшыя і сучасныя і, як заўсёды і ўсюды пры кожнай нагодзе, дзе п’ецца гарэліца-весялушка, сьпявалі „абавязковую” ўкраінскую песьню „Запрагайце хлопцы коні...” Госьці прыходзілі і адыходзілі, а гаспадар з гаспадыняй так былі шчодрыя ў сваёй рускай традыцыйнай гасьціннасьці, што пакінуць іх дом было б балючай крыўдай для іх. Усяму гэтаму сьведкам быў сьвяты Мікола, апраўлены ў пазалочаную рамку, які вісеў на покуце. Перад іконай хліпала лампадка.

Хрышчэньне дзяцей на Сёмуху

Сёмуха па царкоўнаму называецца Тройцай. Сібіракі, як усе расейцы гэтае сьвята называюць таксама Тройцай. Беларусы называюць Сёмухай, Сёмкай, Сяміцай; беларусы-каталікі, пад уплывам польскага касьцёлу найчасьцей называлі: „Зялёныя сьвёнткі”. Абруселыя беларусы, асабліва малодшае пакаленьне, яшчэ перад ІІ сусьветнай вайною, таксама называлі Тройцай.

Мая сям’я была і засталася веруючай да сёньня. Ува Ужуры не было каталіцкай сьвятыні, і я з жонкаю ў большыя хрысьціянскія сьвяты, калі не былі вельмі занятыя, хадзілі ў праваслаўную царкву і там шчыра маліліся. Для мяне тыя дагматычныя ці іншыя прычыны, якія пасварылі і падзялілі хрысьціян не былі і ня ёсьць істотнымі. Усе хрысьціяне вераць у сьвятую Тройцу, у Хрыста ды гэта ўсё найважнейшае яднае нас у адну хрысьціянскую сям’ю.

У 1949 годзе стаяла цудоўная сібірская вясна. Уся прырода красавала, жыла, перамогшы цяжкую зіму. Нам з пасекі да царквы было каля 8 кілямэтраў. Пасьнедаўшы накіраваліся мы са стэпу ў пасёлак Ужур. Прырода дыхала поўнымі грудзьмі. Раса залівала мільярдамі брыльянтаў сакавітую травіцу і ўсю расьліннасьць; сьпеў птушак, асабліва з гатунку „Дзядзі Вані” напаўняў лязурную прастору, водар цьвітучага буйнога квецьця, якое чэрпала жыцьцядайныя сокі з тоўстага слою чарназёму, карміў цела і душу. Усё гэта чаравала і пераконвала, што існуе Прамудры Творца.

У царкве, як вядома, багаслужэньне, асабліва ў вялікія сьвяты, цягнецца вельмі доўга. Я, усходні славянін, якога прадзеды былі уніятамі і маліліся ў царкоўнаславянскай мове, заўсёды, неяк падсьвядома глыбей перажываю божую службу і малітвы ў царкве, чым у лацінскім касьцёле, хаця ад дзіцяці прызвычаены да касьцёлу. Для нас багаслужэньне не здалося доўгім, падчас якога там і сям у царкве падавалі знаць аб сабе немаўляты. Пасьля аказалася, што гэтыя савецкія грамадзяне былі прызваныя ў царкву на тое, каб іх абазначыць Хрыстовым сымбалем — крыжам і запісаць у вечныя кнігі Хрыстовай атары. Як закончылася сьвятая літургія, кумы, а іх было каля сотні, пачалі падносіць у бэціках немаўлят да вялікай драўлянай бочкі, стаяўшай з вадою пры сьцяне царквы. Ссыльны сінявокі бацюшка браў пад паху немаўлятка і над кублам паліваў на яго галоўку вадзіцу, вымаўляў тэксты хрышчэньня і выконваў іншыя зьвязаныя з абрадам хрышчэньня цырымоніі.

Сярод кумоў былі ня толькі калгасьнікі і рабочыя — местачкоўцы і пасялкоўцы з Ужуру, але і савецкая інтэлігенцыя, служачыя і, мабыць, настаўнікі. І не адзін тут кум ці кума, напэўна, былі партыйнымі. Мне кінуўся ў вочы адзін кум у форме высокага жалезнадарожнага чыну і я запытаў кагосьці з багамолаў, хто гэта. А той адказаў: „Это железнодорожный инженер”.

Па закончаным абрадзе хрышчэньня, кумы хутка ў радасным настроі ад’яжджалі на харошых рысаках ува ўсе бакі ад Ужуру, каб там дома па народным звычаі адзначыць хрэсьбіны.

Гасьцяваньне ў cібіракоў на Каляды

У 1950 годзе некаторыя зь сібіракоў сьвяткавалі Каляды, Вялікдзень і іншыя хрысьціянскія сьвяты падвойна: сьпярша каталіцкія, якія адзначалі каталікі — ссыльныя, і мясцовыя — праваслаўныя.

На нашыя каталіцкія сьвяты ссыльнікі запрашалі ў госьці сваіх добрых знаёмых сібіракоў — калгасьнікаў, зь якімі блізка супрацоўнічалі на калгасных работах, а яны запрашалі нашых на свае сьвяты. Такім чынам многія сьвяткавалі падвойна. Мая сям’я таксама запрашала на нашы сьвяты сібіракоў, перад усім вельмі мілага прастадушнага сібірака — дзеда Івана Пушнога, даўнейшага перасяленца з Курскай губэрні, і майго „начальніка” — інструктара райземаддзелу па пчалярстве — Сяргея Бацагіна ды іншых.

На праваслаўныя Каляды запрасіў мяне ня толькі Бацагін, але і іншыя сібіракі. Але, каб не пакрыўдзіўся мой начальнік, я пастанавіў перш яго наведаць і павіншаваць, а пасьля ўжо іншых — ніжэйпастаўленых.

Так распачаў я візыты. Віншуючы жонку Бацагіна, Зою Васільеўну, з Калядамі ды адначасна з Новым Годам, я пацалаваў ейную руку. Яна страпянулася і зьдзівілася з гэтага майго, як пазьней аказалася, „нахабства”. Заўважыў гэта і ейны муж Сяргей, але сумеўся, не зарэагаваў. Зоя прынесла на стол усё, чым хата багатая, а гэтая хата не была бедная. Былі ў іх бацька Сяргея і брат Зоі. Гаспадар заахвочваў да яды і піцьця. І мы, так сказаць, за пару гадзін бяседы мелі добра ў чубах. Сяргей ад ваеннай кантузiі меў вельмі патрывожаную нэрвовую сыстэму. І хапала яму маленькай іскрынкі, каб ён мог узьняць вялікі пажар. Пра гэта добра ведалі ягоныя блізкія, асабліва Зоя і абыходзілася зь ім, як са шклом. Асабліва хутка ён выбухаў, нават з прычыны зусім мала значнай, калі ўжыў алкаголю. На гэтай бяседзе Сяргей запрашаючы гасьцей, сам даваў добры прыклад і таму было блізка да выбуху вулькана.

Прыпомніўшы, што маю яшчэ ў іншых месцах візыты, я падзякаваў гаспадарам і ўстаў ад стала. На разьвітаньне я зноў заходнім француска-польскім звычаем хацеў пацалаваць руку Зоі. Я заўважыў, што ёй падабалася такая форма адносін да жанчын, але ў гэты момант Сяргей, як ашалелы, кінуўся да Зоі з крыкам: „Ты, что себе позволяешь, блядь!”. Ад яе кінуўся з кулакамі да мяне: „Ты что её соблазняешь, ты думаешь, что каждая русская женщина блядь!” Крычаў і лаяў мяне з апошніх слоў, толькі не хапала яшчэ, каб ударыў. Каб успакоіць сябе ён пачаў дэмаляваць стол, сталовы посуд кідаў на падлогу і аб печ, але хутка мы яго „спацыфікавалі”, схапілі за рукі. Зоя дала яму валяр’янкі і праз 15-20 хвілін буралом прайшоў. Сяргей устаў, выпіў шклянку „сітро”, перапрасіў Зою і папрасіў у мяне прабачэньня: „Прости мне, Осипович, ведь я действительно жид!” Пацалаваў мяне і мы разам зь ім паехалі маім калгасным „Карчыкам” віншаваць ужурцаў, якія чакалі на наш візыт.

Усюды нас „радушно” і гасьцінна прыймалі, некаторыя нават зь вялікім гонарам. У адной сям’і, знаёмай Бацагіну, ён прадставіў мяне, як „доктара”. І я сам ня ведаў, якім я маю быць „доктарам” — мэдыцыны ці гуманітарных навук. Запярэчыць гэтай „намінацыі” я ня меў адвагі, бо мой „прамотар” меў добра ў чубе і ў такім стане нельга было яму супраціўляцца. Значыць, у гэтым чыноўніцкім доме я мусіў разыгрываць ролю „доктара”. Пачаткова я апавядаў розныя „мудрасьці” на навуковыя тэмы. Усе ўважна слухалі і захапляліся. Мне думалася, што гэтай ролі мне хопіць да канца нашага гасьцяваньня ў знаёмых Бацагіна. Раптам з суседняга пакою падвялі да стала маладую, але бедную, зьнясіленую хваробай жанчыну. Гаспадар расказаў усю гісторыю хваробы, пра лячэньне ў амбуляторыях і нават у шпіталі. Калі дактары не маглі вылечыць хворай, тады пачалі шукаць ратунку ў шаптуноў, у народнай мэдыцыне. Дасюль не змаглі даць палёгку хворай і перамагчы ейную хваробу. І тут са словамі поўнымі даверу да мяне зьвярнуўся гаспадар: „Наши врачи не могут спасти мою любімую дочь. Может Вы, доктор, заграничный врач, сможете её вылечить. Я вам за вашу помощь отвечу, ничего не пожалею”. Від стаячай перада мною маладой, павольна паміраючай жанчыны і роспачная просьба бацькоў прыйсьці ёй на ратунак, вырваць яе з кіпцюроў сьмерці, хутка мяне зусім ацьверазілі. Хмель зьнік, як і не было яго ў галаве. Я глыбока ўчуўся ў трагізм гэтых бездапаможных людзей, якія ніяк ня могуць пагадзіцца з тым, што сталася, і чым яно закончыцца. Я ня мог граць ролі шарлятана і прызнаўся, што з мэдыцынай ня маю нічога супольнага. У іх вачах і ў сьвядомасьці надзея на ратунак пырснула, як той прыгожы пузырок выдзьмуханы з мыла.

Працавітая „пчолка”

Такую мянушку атрымала ў калгасе імя Жданава ўва Ужуры старая Андрыеўская, вывезеная ў Сібір за тое, што яе сям’я мела даволі моцную гаспадарку недалёка ад мястэчка Тургелі, кілямэтраў 30 ад Вільні.

Кажуць людзі, што калі чалавек пападзе ў звычку, то часам і да яе сьмерці не пазбудзецца. Так і Андрыеўская. Яна ўцягнулася ў працу на сваёй гаспадарцы, што і ў ссылцы ў калгасе не магла пазбыцца гэтай працавітасьці.

Некаторыя ссыльныя адмаўляліся ад калгаснай працы, выкручваліся, як толькі маглі рознымі спосабамі, як напрыклад Петрусевічыха. Андрыеўскай ня трэба было заганяць ці прымушаць выходзіць на работу. Яна сама хадзіла да брыгадзіра, каб той накіраваў яе да нейкай калгаснай работы. За гэту працавітасьць і шчырасьць да працы калгасьнікі і калгаснае „начальства” празвалі яе „трудолюбивой пчелой”, а ссыльныя называлі яе па-польску „pracowita pszczуіka”.

За гэтую працавітасьць і шчырасьць калгас плаціў ёй як і ўсім калгасьнікам паводле сваіх нормаў — горшым гатункам збожжа (азадкамі). Андрыеўская ведала, што дзеецца ёй крыўда і яна пастанавіла за сваю працу даплачваць сабе лепшым збожжам і большымі нормамі. Каб гэта ажыцьцявіць, яна старалася працаваць пры збожжы. Перад пасяўной яна хадзіла ў калгасныя сьвірны атручваць насенную пшаніцу. Усю ўборачную кампанію, аж да позьняй зімы, яна таксама дзень у дзень выходзіла да працы пры пшаніцы: працавала пры сушылцы, дзе рыхтавалі збожжа (пшаніцу) на „пастаўку” дзяржаве, а пасьля ачышчалі пасяўны фонд.

Афіцыяльна „даплачваць” сабе за цяжкую працу Андрыеўская не магла, бо ведала, што за такую шчодрасьць раённы суд дае скіраваньне на „адпачынак” у лягер ад 3 да 5 гадоў. Адпачываць, як ведала яна — „працавітая пчолка” не любіла і таму знайшла выхад. Пашыла сабе шырокую спадніцу з прывезенага саматканага паўсукеньніку, прышыла з моцнага, кужальнага палатна кішэню ёмістасьцю на 3-4 кіляграмы пшаніцы, і з гэтай спадніцай ніколі не расставалася, калі хадзіла на работу ў калгас. Гэтая кішэня служыла ёй за г.зв. „авоську”.

Калі працавала ў калгасных агародах, то гэтай „авоськай” прыносіла агуркі, моркву ды іншую дробную гародніну. З пустой кішэняй яна з працы да хаты не прыходзіла. А прыходзіла яна два разы ў дзень — на абед і вечарам.

Брыгадзір Каржоў ці Рабушкін добра ведалі, што „пчолка” кішэняй выносіць збожжа, але не перашкаджалі ёй, бо самі не кішэнямі выносілі пшаніцу, а вывозілі мяшкамі на кірмаш, або ў млын, а пасьля прадавалі мукою. „Пчолка” ўсе гэтыя „штучкі” брыгадзіраў і кладаўшчыцы бачыла і маўчала, як вады набраўшы. Дыпляматка! Працавіты чалавек нідзе не прападзе. Не прападалі і „пчолкі” ў пасьляваенных сібірскіх калгасах, дзе нават і азадкаў не хапала, каб даць на працадні калгасьнікам. Беручы прыклад з „пчолкі”, прабавалі іншыя калгасьнікі-ссыльныя так зьбіраць „нэктар”, але некаторым вельмі ж не аплацілася, напрыклад Янку Петрусевічу. Ён за вядро пасяўнога гароху заплаціў савецкай уладзе трыма гадамі працы ў лягеры.

Самагон

Расейцы маюць такую прымаўку: „Голь на выдумки хитра”. Галыш, бедны, які нічога ня мае, называецца адным словам — пралетар. Значыць, пралетар здольны на ўсе хітрыкі, бо ён нічога ня мае да страты. Вось і Ян Тарашкевіч, селянін з Рэшы, што блізка Вільні, якога бальшавікі пазбавілі цяжка запрацаванага дабра, усёй маёмасьці і як „ворага народу” саслалі ў Сібір. Будучы ўжо пралетарам, пастанавіў кінуцца ў хітрыкі. Працуючы калгасным столярам ён ня мог зарабіць столькі сродкаў, каб жыць у такім дастатку, у якім ён жыў раней. Дзьве дачкі і жонка — адным словам, уся сям’я працавала ў калгасе імя Жданава, але без пасылак ад сына цяжкавата было пражыць. Каб ня красьці калгаснага дабра, якога было вельмі мала, ён пастанавіў дадаткова „зарабатывать честным трудом”. Зладзіў усю апаратуру да вінакурэньня і прыступіў да „производства” самагону. Дзеля таго, што ён у гэтай справе меў добра „набітую руку” яшчэ ў Рэшы, то тут, у Сібіры, канкрэтна ўва Ужуры, дзе ўмелі сібіракі рабіць „сьмярдзюху” толькі з цукравых буракоў, ад якой толькі ў мазгі калола і кішкі рвала, Тарашкевічавы „вырабы” з жытняй мукі хутка заслылі ды здабылі шмат кліянтэлі нават сярод высокапастаўленых асабістасьцяў калгасу і ўсяго пасёлку Ужур.

Тарашкевічаў „завод” быў зарэгістраваны ў міліцыі і ў камэндатуры МВД, якая апекавалася ссыльнымі, каб яны не пагубляліся ў такім бязьмежным Сібіры. „Апекуны” не перашкаджалі яму перарабляць звычайную муку на такі цудоўны эліксір як самагонка на 40-45%. Для начальства, залежна ад іх становішча, рабілася і мацнейшая, напрыклад лейтэнанту Уласіку — нашаму камэнданту, Янка даваў і „першачок”.

Дзякуючы гэтай „чэснай” і дадатковай працы, сям’я Яна Тарашкевіча пачала хутка, як кажуць, набіраць клею. Каб не звальненьня з ссылкі ды ня выезд у Польшчу, савецкай уладзе давялося б і другі раз раскулачваць сям’ю Тарашкевіча.

„Хто мае галаву на карку, той і ў Савецкім Саюзе не прападзе” — так расказваў Янка Тарашкевіч сваім знаёмым і сваякам прыехаўшы ў Народную Польшчу.

Дом за кедравыя арэхі

Пасяліўшыся ў калгасе імя Жданава, мы, між іншымі, пазнаёміліся зь сям’ёй Цэхмістэра. Была гэта хіба найбяднейшая сям’я ў калгасе, шмат бяднейшая чым абрабаваныя ссыльныя зь Літоўскай ССР.

Нейкі час Цэхмістэр, украінізаваны немец, працаваў з жонкай (хваравітай украінкай) у калгасе. Але пераканаўшыся, што працуючы ў калгасе не заробяць для сям’і ні на ежу, ні на адзежу, пакінулі калгас, а гэта было пад восень, і пачалі хадзіць у тайгу зьбіраць кедравыя арэхі. Часамі празь некалькі дзён не вярталіся з тайгі. Тыя арэхі, якіх не маглі прывалачы дахаты, перахоўвалі ў тайзе. Так Цэхмістэр з жонкай назьбірвалі некалькі мяхоў арэхаў і падсушвалі іх дома. Праз усю зіму, вясну і лета прадавалі на ўжурскім рынку мерачкай (шклянкай або банкай ад кансэрваў). За мерку бралі па рублю, па два. За ўтаргаваныя грошы пражывалі, адзяваліся і яшчэ заставалася столькі, што за ашчаджаныя рублі купілі сабе скромную „ізбушку” зь земляным дахам, на якую летам скакалі козы, каб там пасілкавацца травіцай і пасьля спакойна лежачы перажоўваць яе. Як набыў уласную хаціну, то знайшоў і лепшую працу, чым у калгасе імя Жданава.

Вечарынкі ў ссыльных

Моладзь Ужуру, і двух ужурскіх калгасаў: Сібпартызана і імя Жданава танцавала вельмі рэдка. Не было да гэтага ані добрай нагоды, ані месца. Ня ведаю, ці дзейнічаў які пасялковы клюб, дзе магла б зьбірацца моладзь у вольны ад працы час дзеля неабходнага для арганізму адпачынку. Былі вольныя гадзіны ад працы ў дзяржаўныя сьвяты: 1 Мая, кастрычніцкай рэвалюцыі і Новы Год. Але калгасная моладзь працуючая пры жывёлагадоўлі і іншых неабходных працах у гэтыя дні ня мела часу на адпачынак і забаву. Вось, напрыклад, сьвята 1 Мая. Найчасьцей калгасьнікі „ўхваляюць ушанаваць” гэтае міжнароднае сьвята працоўных натужанай працай у полі, пры падрыхтоўцы глебы да сяўбы або і распачынаюць сяўбу. А ў гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі таксама няма часу сьвяткаваць, бо як жа часта яшчэ ў гэтую пару ня ўся пшаніца скошана. Дзякуючы такім акалічнасьцям калгасная моладзь сьвяткуе працуючы ў полі, на сьвінарніках, цялятніках і на іншых фэрмах жывёлагадоўлі. Гуляюць, танцуюць сола, у дуэце або і ўся кампанія, добра падпіўшы, ў прыватных кватэрах. Але наш ссыльны народ з такімі звычаямі ня мог пагадзіцца, асабліва зімою і ў дзяржаўныя, царкоўныя і сямейныя сьвяты. Крыху абжыўшыся ў мясцовых абставінах, наша ссыльная моладзь — ды ня толькі моладзь — пачала ў восеньскія і зімовыя доўгія вечары (пасьля працы) амаль кожную нядзелю зьбірацца ў большых кватэрах, дзе арганізавалі сяброўскія гульні і танцы. Прыглядаючыся да гэтых сяброўскіх „разрывак” сібірская калгасная моладзь папрасіла дазволу далучыцца да нашай моладзі. Ня толькі праца, але і супольныя сяброўскія гульні пачалі збліжаць моладзь двух варожых лягероў. Кажу „варожых” таму, што мясцовыя ўлады намякалі мясцоваму насельніцтву, што ссыльныя — гэта ворагі савецкай улады, бандыты, і, як такія, зьяўляюцца небясьпечнымі.

У Сібіры Бэня „выйшла ў людзі”

Калі везьлі нас з прыгаворам у Сібір на вечна, то многія меркавалі, што згінем тут з голаду ды холаду, як у старой апушчанай хаце прусакі (тараканы). Былі яшчэ і большыя, безнадзейныя пэсымісты, як напрыклад наш добры сусед і агулам мілы чалавек — Запольскі з хутара Падпікелішкі, што ў Рэшанскай воласьці. Ён пераконваў доўга, што вязуць нас на зьнішчэньне. Ён казаў адкрыта: „Panie Piciukiewicz, czego Pan taki wesoły i ze wszystkiego kpi i żartuje? Ta paszkudztwa biezbożna zawiezie nas do głuchiego lasu i postrzela wszystkich jak Niemcy Żydów. Oni-ż nie wierzą w Boga, ani w diabła. Im wszystko jedno — aby strzelać. Ci mało już zagubili ludzi i na tamty świat odprawili. Wiadomo — pogań i nic więcej. Trzeba robić rachunek sumienia i wszystko. Przyszed nam koniec”. Але даволі хутка гэтыя чорныя прагнозы разьвеяліся тут на месцы.

Калі пераканаліся, што ніхто не зьбіраецца нас расстрэльваць і голадам замарыць, пачалі людзі паволі асвойвацца зь мясцовымі ўмовамі жыцьця. Пачалі ахвотней працаваць і зарабляць, хаця працадні былі танныя. Паступова вучыліся красьці калгаснае дабро. Баязьліўцы асьцерагаліся, адважнейшыя — і працавалі, і дзе можна, дзе ўдавалася, адначасна кралі. Адны працай, іншыя працай і дыпляматыяй, спрытам і здольнасьцямі пачалі заваёўваць калгасныя „пасады”. Не адзін з нашых хлопцаў і мужчын навучыўся на трактарыста, камбайнёра, шафёра, а спрытнейшыя дзяўчаты таксама пачалі здабываць сабе спэцыяльнасьць.

У гэтым абразку мае быць мова пра Бэню Яноўскую з Рэшы. Яна распачала сваю кар’еру ў калгасе імя Жданава ад чорнарабочай у калгасных агародах пад камандаю брыгадзіра-кітайца Ван-Фу. Пасьля перайшла праз усе іншыя палявыя работы ды нарэшце стала даяркай і акапалася да канца побыту ў Сібіры на каровячай фэрме. Бэня успомніла народную прымаўку, што „рука руку мые” і пастанавіла ажыцьцявіць яе, выбраўшы руку жывёлавода Любіна. Гэтая нашая Бэня не была брыдкая і Любін — таксама мужчына нічога сабе. Яны зьнюхаліся і падружылі. Жонка Любіна, яшчэ маладая і даволі гладкая жанчына была, незадаволена зь сяброўства мужа з даяркай, але пратэставаць баялася, каб Іван загневаўшыся ня кінуў яе ды не ажаніўся з Бэняй. Жонка Івана добра арыентавалася ў нізкай цане жанчын, а вельмі высокай мужчын пасьля вайны. На раманс Івана глядзела яна зь вялікай дозай талерантнасьці. Маўляў — хай сабе Ваня нацешыцца дзьвюма жанчынамі, бо празь пяць гадоў вайны ня меў ніводнай. І так даволі доўга цягнулася гэтае „двухжонства”: адна была дома, другая на фэрме. Дзякуючы дружбе з жывёлаводам Бэня хутка авансавала на старшую даярку, а неўзабаве назначылі яе загадчыцай над малаком і канцэнтратамі.

Мала таго, што яна мела высокія працадні, але таксама распаражалася малаком і канцэнтратамі. На фэрме сталася важнейшым начальнікам, чым животнавод Любін. Даяркі яе баяліся і асьцерагаліся больш чым жывёлавода, нават больш, чым старшыні калгасу. Малака і сьмятаны мела яна колькі хацела на фэрме, і дамоў прывозіла. Прывозіла таксама абсыпку і канцэнтраты. Таму ейныя кабанчыкі хутка расьлі ды таўсьцелі. Выглядалі яны як вылітыя з парцаляны. Бэня сталася калгаснай кулачкай, як і ўсё калгаснае начальства. Знаёмыя кажуць, што прыехаўшы зь Сібіру ў Польшчу хутка ўладкавалася на загадчыцу рэстарану — таксама „добрая пасада”. Значыць — ссылка вывела яе ў людзі.

„Школа крадзяжу”

Ссыльныя, якія ў 95% былі сялянамі, не былі азнаёмленыя з крадзяжом усяго, што папала пад рукі, за выняткам дроў з панскага ці казённага лесу, што ў народзе не лічылася ані грэхам, ані праступленьнем. Але тут, у новых абставінах жыцьця, адчуваючы вялікі недахоп матэрыяльных сродкаў і прыгледзеўшыся да мясцовых калгасьнікаў, пачалі і нашы людзі красьці. Пачаткова рабілі гэта вельмі асьцярожна, неадважна, рэдка і ў малых колькасьцях. Напрыклад, возячы сена калгаснай жывёле, часамі клаў ахапачку пад сядзеньне і прывозіў сваёй кароўцы ці авечцы. Возячы пшаніцу з поля ці працуючы на сушылцы, прабавалі ўсыпаць які кіляграмчык у сваю кішэню, для сваіх курачак ці для кабанчыка. Працуючы ў агародзе адважнейшыя жанчыны прабавалі прыносіць якіх пару агурочкаў ці моркаўку. Такі быў пачатак. Пражыўшы ў калгасе год ці больш нагледзеліся, як бесцырымонна і амаль у адкрытую расьцягваюць калгаснае дабро мясцовыя калгасьнікі. Набраліся і яны спрыту ды адвагі. Некаторыя нават перагналі, перавысілі спрытам сваіх „настаўнікаў”. Так пачалі хіба ўсе красьці, што некаторыя нават, як казалася „разбагацелі, абкулачыліся”.

Да гэтых калгасных „кулакоў” са ссыльных залічыць трэба перад усім Вацлава Андрыеўскага зь сям’ёю. У ягоны кубал капала зь некалькіх латакоў. Ён сам, трактарыст, меў у сваім распараджэньні каня для падвозкі „гаручага” і вады. Мяшкамі краў пшаніцу з „ворахаў”, краў сена, канюшыну ня толькі для сваёй жывёлы, але і на продаж „праізводчыкам”. Жонка працавала на фэрме даяркаю і цялятніцай. Вазіла збожжа малоць для жывёлы ў калгасны млын. Вяртаючыся з млына на фэрму перш заяжджала дамоў паабедаць і пакінуць тут адзін мяшок мукі для сваёй жывёлы або нават на продаж. Калгаснага малака з „вяршком” піла колькі хацела і дамоў насіла кожны дзень 1-2 літры. Цешча Вацлава Андрыеўскага, згаданая раней як „пчолка”, заўсёды старалася працаваць там, адкуль можна было прыносіць „даплату” ў кішэні шырокай спадніцы. Гэтая працавітая „пчаліная” сямейка так хутка і ўмела разбагацела, што выяжджаючы ў Польшчу павезьлі з сабою немалыя матэрыяльныя каштоўнасьці.

Былі і іншыя сем’і, якія няшмат уступалі Вацлаву Андрыеўскаму. Да такіх належала сям’я Яноўскіх, якая складалася толькі з трох асоб. Тут маю на ўвазе Бэню Яноўскую, якую ўспамінаў раней. Калі шчыра прызнацца, то не без граху і я. Мне, фактычна, красьці ды і вучыцца гэтага рамяства не было патрэбы. У маіх абставінах само калгаснае дабро лезла ў рукі, як і кожнаму калгаснаму брыгадзіру, кладаўшчыку ды іншаму начальству. Напрыклад, мая карова, сьвіньні, авечкі, куры круглы год безь мяне „кралі” пшаніцу, якой былі кучы насыпаныя тут пры самой пасецы. Мёд мы елі ўдоваль, бо які гэта пчаляр, што ня будзе есьці сам мёду ды частаваць ім сваёй сям’і.

Думаецца мне, што ўсё ж такі я чысты. Злодзеем не магу сябе назваць. Калгаснай пшаніцы на продаж ня краў, хапала за працадні. А мая жывёла сама адпакутавала за свае „грахі”.

Пабудовы для жывёлы

Мне здаецца, ва ўсёй Эўропе кожны, хто трымае жывёлу, забясьпечвае яе адпаведнымі пабудовамі; асабліва на стойлавы пэрыяд — на зіму. Але ў Сібіры, там дзе нас пасялілі, у пасёлку Ужур, хаця маразы даходзяць да 40° C і больш, для жывёлы цёплых хлявоў ніхто не будаваў. Жывёла зімавала ў плятні або ў хляве зложаным няшчыльна з бярвеньняў, не ацепленых, як у нас у Беларусі мохам або пакульлем. Дахі сібірскіх хлявоў дзіравыя як рэшата. Ад холаду забясьпечвае жывёлу сьнег. У час мяцеліцы каровам найцяплей. Яны кладуцца на сьнег, а праз плецень ці праз шчыліны між бярвеньняў сьнег хутка прыкрывае ўсё цела каровы так, што толькі рогі тырчаць з пад яго. Сьнежная коўдра абляпляе карову. Адчуўшы цяпло кароўка павесялее і пачынае жаваць жвачку. Не падымаюцца са сваёй цёпленькай пасьцелі аж да раніцы. Раніцай гаспадар, калі мае сена, падкіне ахапачку, а пасьля выпускае на волю. А там, дзе няма сена, выпушчаныя кароўкі самі шукаюць харчоў пад сьнегам, рассоўваючы яго пысамі, або стараюцца пераламаць агароджу да чужога стогу зь сенам. Часамі некалькі кілямэтраў ідуць у стэп у пошуках стагоў, або падбіраюць сена на дарогах, нацярушанае пры перавозках са стэпу, з пад тайгі.

Апісаныя вышэй умовы адносяцца да жывёлы індывідуальных уласьнікаў. Калгасная жывёла забясьпечваецца цёплымі хлявамі, з выняткам коней, якія зімуюць у выгараднях пад адкрытым небам. Прывілеямі карыстаюцца толькі жарабцы. Для іх ствараюцца вельмі добрыя ўмовы: стайні і добры харч.

Рабочыя коні найбольш пакутуюць зімой. Амаль заўсёды іх проста з хамута, сагрэтых упускаюць у выгарадню, дзе зьеўшы дадзены корм, топчуць, грэюцца ды паядаюць свой кал.

Калі ня конь, дык карова

Сібіракі аўтахтоны расказваюць, што „при царе” кожны сібірак гадаваў столькі коней, колькі хацеў. У гэтай колькасьці заўсёды быў адзін-два рысакі — жарабцы для легкавых выездаў. Адзін перад другім ганарыліся сваімі жарабцамі. Трымалі іх у канюшнях, добра іх кармілі найлепшым сенам і аўсом. Агулам карысталіся яны сярод жывёлы асобнымі прывілеямі. Даглядалі іх сібіракі, кожны дзень чысьцілі грэблам і шчоткай, трымалі „пад гунькай”, каб поўсьць была гладкая, блішчэла. За тое рабочыя коні, асабліва маладняк, як пры цары, так і пры „камуне”, можна сказаць, і ўзімку бытаваў на падножным корме, „капыціў” сабе корм з пад сьнегу. Але цяпер нельга трымаць коней, апрача калгасаў і „праізводзтваў”, розных грамадзкіх установаў ды арганізацыяў. Такім чынам паўстала пытаньне перад „единоличниками”, на чым прывезьці з тайгі дровы і пашар з падтайговых сенажацяў для прыватнай жывёлы?

Ня трэба было доўга чакаць, каб знайсьці выхад зь цяжкага становішча. Конскія хамуты перарабілі на „каровячыя” і пачалі вучыць каровак хадзіць у аглоблях. Найлягчэй было прывучаць да гэтай работы кастрыраваных бычкоў. Пачаткова яны ідуць на павадку, прывязаныя да аглоблі калёс, у якія запрэжаная карова. Як навучацца хадзіць у „легцы”, тады надзяваюць ім хамуток і прыпрагаюць да калёс. І так паволі ўцягваюцца ў работу.

Такі бычок, а нярэдка і цёлачка, як разьвінецца фізычна і асягне прыблізна паўтара году, тады запрагаюць „індывідуальна” ў калёсы ці зімою ў сані і едуць па дровы ці сена.

Сібіракі не крыўдуюць на сваю ўладу за тое, што не дазволіла прыватным асобам трымаць коней. Кажуць, што ажно выгадней, карысьней карыстацца як цяглавай сілай рагатай жывёлай, чым канём. Конь больш патрабавальны — ён вымагае лепшага догляду, чым бычок, ці кароўка. Урэшце бычка празь нейкі час рэжуць на мяса, а на яго месца прывучаюць другога да работы.

Крадзеж сена ў лесьнічоўцы

Паводле савецкага закону, лясы, лясныя паляны, падтайговыя і тайговыя сенажаці, належаць лясной адміністрацыі. Лясная адміністрацыя карыстаецца перад усім цяглавой конскай сілай таму, што самаходным транспартам не паедзеш па падтайговых і тайговых сьцежках-дарожках. Лясная служба трымае адпаведную колькасьць коней, якім улетку робіць загатоўку кармоў. Сена загатаўляецца на ўгодзьдзях, якія падлягаюць лясной адміністрацыі. Скошанае і высушанае сена звычайна складаюць у так званыя „зарады” на месцы і да звозкі прыступаюць толькі зімою, як установіцца санная дарога, бо летнім транспартам з такіх месцаў вывезьці немагчыма.

Нярэдка зарады сена знаходзяцца больш за 10 кілямэтраў ад лесьнічоўкі. Такім чынам аб’ежчыкі ці лясьнік ня маюць магчымасьці забясьпечыць сена ад начных, а нават і дзённых зладзеяў.

Само сабой напрошваецца пытаньне: хто ж тыя зладзеі, якія раскрадаюць чужое сена? Калгасьнікі абыходзяцца сваім і калгасным сенам для забесьпячэньня сваёй небагатай жывёлы. Коней жа сваіх уласных яны ня маюць. Можа крадуць „праізводчыкі” — людзі, якія працавалі ва ўстановах, прадпрыемствах і розных арганізацыях? Таксама не, бо яны стараюцца загатовіць свой пашар на стойлавы пэрыяд сваёй кароўкі. Установы, арганізацыі пасёлку Ужур, якія трымаюць коней, глядзяць, каб іхнія конюхі і рабочыя не выкарыстоўвалі транспарту і цяглавой сілы для зладзейскіх мэтаў. Здараліся выпадкі зладзейства і сярод гэтых людзей, але вельмі рэдка.

Ніжэй названыя ўстановы трымалі коней выключна на патрэбы вывазкі дроў з тайгі і на перавозку сена зь сенажацяў. Дык якая ж катэгорыя людзей займалася зладзействам сена лясьніцтва і калгасаў, і не пагарджала стагамі сена праізводчыкаў і калгасьнікаў? Зладзеямі былі пераважна шафёры і праізводчыкі, якія мелі каровы прывучаныя хадзіць у запражы і цягнуць вялікі груз.

Вось адзін з канкрэтных фактаў, які замацаваўся добра і выразна ў маёй памяці. Аднойчы ў вельмі сонечны і марозны дзень зайшоў у нашу „ізбушку” рослы мужчына, які мусіў прыгорбіцца, бо галава ягоная падпірала столь, і павітаўшыся прысеў на лавачцы каля акенца нашай „ізбушкі” і пачаў распытваць, ці мы ведаем тых людзей, якія тут возяць сена і чыё яны возяць — сваё ці крадзенае. Ці часамі не заходзіць да нас пагрэцца малады мужчына з чырвоным шалікам на шыі, што ён возіць сена не на кані, а на карове. Так, мы падазравалі ў зладзействе аднаго з вазакоў, які часта заходзіў пагрэцца і менавіта ён меў чырвоны шалік і вазіў сена на карове, каб ня мець небясьпечных ворагаў, асабліва жывучых, як мы, на адлюдзьдзі, у дзікім падтайговым стэпе. Мы катэгарычна адмовіліся ад знаёмства са зладзеямі, і таксама ад гэтага прафэсіянальнага злодзея з чырвоным шалікам.

Калі праз пару дзён гэты злодзей вёз сена лясьніцтва, мы яго перасьцераглі, каб больш ня краў і быў асьцярожны, бо за ім сочыць лясьнік. Злодзей падзякаваў і больш мы яго тут з крадзеным сенам ня бачылі. Падаўся, відаць, у іншым напрамку. Зладзеі прадавалі сена на базары або адвозілі заказчыкам на кватэру.

Але гэты злодзей „з чырвоным шалікам” не забыўся пра нас. З таго часу, калі „чырвоны шалік” вывозіў сена, прайшло каля паўгоду. Быў цёплы, прыгожы, прыемны канец чэрвеня, калі я з жонкай ішоў уздоўж вуліцы Леніна ў пасёлку Ужур. Ішлі мы ў раймаг (раённы магазін) купіць пімы (валёнкі), якія дзень раней прывезьлі з Краснаярску. Звычайна так бывала: валёнкі, шапкі-вушанкі і агулам зімовае адзеньне і абутак прадавалася ўлетку, а летняе — зімою.

На двухколцы чалавек нешта вёз, прыкрытае белым абрусам. Калі мы зь ім параўняліся, ён імпульсіўна зірнуў улева, у наш бок і мінуўшы пару крокаў наперад спыніўся і паклікаў мяне да сябе. Я сышоў з тратуару (з дошчачак) да яго і пазнаў адразу ў ягонай асобе таго ж члавека з чырвоным шалікам. Ён адхіліў абрус, схапіў нож і адрэзаў вялікі кавалак харошай сьвежай ялавічыны. Падаючы яго мне, сказаў: „Пасечник, ты хороший мужик, я тебя уважаю как честного человека, бери телятинку и кушай на здоровьечко. А если бы ты меня продал лесничему, то я с тобой расправился б по-сибирски — убил бы”.

Курапаткі

Жыцьцё нашых беларускіх курапатак круглы год мне добра вядомае, як і іншых нашых птушак. А вось пра курапаткі сібірскія, якія мусілі прынаровіцца да геаграфічных умоваў, асабліва на зімовы пэрыяд, мне не было ведама. Толькі знаходзячыся ў ссылцы я меў нагоду назіраць, як зімуюць у тых суровых кліматычных умовах вельмі дружныя сямейкі курапатак.

Усю зіму яны кормяцца цяжка здабытым харчом. Шукаюць патрухі ля стагоў сена, асабліва там, дзе быў зложаны зарад і нядаўна вывезены на корм жывёлы. На тых месцах звычайна бывае даволі тоўсты пласт пацярушаных рэштак сена і зярняткі розных траў. Нямала яны знаходзяць сабе корму і пры стагах саломы ў полі і блізка сялібаў. Карыстаюцца яны і так званым „падножным” кормам. Калі не знаходзяць чым пажывіцца пры засьнежаных стагах, тады змушаны праточваць сабе ў сьнезе норы і каналы, каб дабрацца да зямлі, дзе знаходзяць траву, розныя лісткі пустазельля, чым і кормяцца. Калі пры гэтай „шахцёрскай” рабоце застане іх ноч, то там і пераначуюць. Такое сховішча ад моцных маразоў для іх найлепшае, бо калі наверсе -35 ці -45° С, то пад сьнегам толькі -4, -6. Найчасьцей аднак начуюць напаверсе сьнегу, укапаўшыся ў яго на 15-20 сантымэтраў. Такі начлег таксама не пагражае іхняму жыцьцю.

Біркут на пасецы

Аднойчы зімою прыляцеў на пасеку невядомы мне вялікі птах і ўсеўся на чарамшыне. Аза ўбачыўшы яго забрахала і гэтым дала сыгнал, што нехта чужы паявіўся на пасецы. Я выйшаў зь „ізбушкі” і адразу заўважыў гэтага птаха цёмна-бурай масьці, велічынёй індыка. Я зразумеў, што гэта адзін з арліных сартоў і прыляцеў на пасеку ў пошуках якой-колечы мясной спажывы. Не палохаючы яго, вярнуўся я ў „ізбушку”, узяў дубальтоўку (з напалеонскіх часоў) і прыбліжыўся да птаха на мэтраў 20, прыцэліўся і націснуў язычок курка. Курок шчоўкнуў, але пораху не запаліў. Біркут іранічна паглядзеў на мяне, „усьміхнуўся”, распусьціў крылы, адбіўшыся нагамі ад чарамшыны і пашыбаваў у напрамку Саянскіх гор. Аза пабрахала яму ўсьлед і на гэтым кончылася прыгода ды знаёмства з так вялікай сібірскай птушкай. Сібіракі кажуць, што біркуты жывяцца пераважна падлінай, але ня грэбуюць і жывым харчом — калі ўдасца, то і сусьліка схопяць.

Карова-прыблуда

Там, дзе мы жылі ў ссылцы, вясна прыходзіла раптоўна. Рабілася пахмурна і цёпла. Сьнег-пух асядаў і пачынаў таяць. Праз пару дзён такога надвор’я распагоджвалася, сонейка прыгравала і сьнег проста на вачах таяў, ператвараўся ў ваду. На раўнінах і катлавінах ствараліся азёры і рознай велічыні вадаёмы, а на хвалістым рэльефе плыла ў нізіны, творачы вялікія рэкі з малых летніх ручайкоў, якія несьлі ўсё, што сустракалася на шляху. З тайгі і падтайговых абшараў несла вада дрэвы, гальлё, скалу, каменьні, нявывезенае зімой сена, а нават зьвяроў, напрыклад, сарнаў.

У 1950 г. асабліва быў вельмі стыхійны і раптоўны прыход вясны. Зіма дала вельмі многа сьнегу, а вясна — зь яго вады.

Як я ўжо пісаў у іншым „абразку”, каровы і маладняк рагатай жывёлы ўсю зіму, днём жыве на волі, бродзіць па дарогах і падбірае сена ці салому натрэсеныя ў часе перавозкі. Калгасная жывёла трымаецца ў хлявах і яе даглядаюць даяркі і цялятніцы. У стойлавы пэрыяд бродзячае жыцьцё праводзіць толькі жывёла калгасьнікаў і праізводчыкаў дзеля ашчаднасьці корму, якога звычайна не хапае на ўвесь стойлавы пэрыяд. Выпушчаная жывёла ад раніцы да вечара знаходзіцца ў руху і такім чынам яна грэецца і неяк пракорміцца „падножным” кормам. Вось такая бродзячая карова праізводчыка з пасёлку Ужур перад самым разводзьдзем раніцай забрыла далёка ў стэп і трапіла на пасеку да нашага стога зь сенам. Добра пасьнедаўшы пахучага падтайговага сена, яна недалёка ад стога залягла на прыслоне і дрэмлючы перажоўвала жвачку. Сонейка к поўдню так прыгрэла, што нават пчолкі дружна зрабілі першы веснавы аблёт, а на адвячорак рушыла сьнежная вада і разьлілася „морам” вакол пасекі. Мовы не было, каб хто жывы змог выратавацца з гэтай паводкі. Нашая „ізбушка” была даволі высока ўбудаваная ў касагор, стог таксама стаяў высока, хлявок для нашай кароўкі таксама быў дабудаваны да нашай „ізбушкі” і знаходзіўся на касагоры. Тачок для пчолак знаходзіўся нізка над „ключом” (ручаём). І шчасьце маё, што я паслухаў дзеда Пушнога, які параіў на ўсякі выпадак, пасьля аблёту зноў схаваць пчолкі ў амшанік, які знаходзіўся ў касагоры і да яго вада не магла дасягнуць.

Наша сяліба была з усіх бакоў акружаная расшалелай вадой, бурліва сплываючай у рэчку, што несла гэтыя воды ў Чулым.

Мае жанчыны (жонка і ейная сястра) заўважылі, што ў гэтай бродзячай каровы страшэнна набрыняла вымя. Пастанавілі даіць гэту кароўку, каб не перагарэла малако. Першы ўдой даў больш вядра малака. Наступныя таксама былі добрыя, бо карова была пасьля нядаўняга ацёлу. Самі гэтага малака мы не маглі скарыстаць, а перарабляць яго на масла і тварог „не выпадала”, бо чужая ж карова і ўласьнік можа мець прэтэнзіі, дык зьлівалі малако ў вялікі посуд — у бочку. На працягу трох дзён асноўная маса вады сплыла ў напрамку пасёлку Ужур, а адтуль рэчкамі і ручаямі ў Чулым. Спынілася і нашае ізаляцыйнае палажэньне ад Божага сьвету. Здаецца, на чацьверты дзень пасьля паводкі зьявіўся ў нас у пошуках каровы ейны гаспадар. Быў вельмі шчасьлівы, што знайшлася карова. За тое, што мы яе прыгарнулі, кармілі і даілі ня меў слоў падзякі. Быў гэта чарнарабочы нейкага ўжурскага праізводзтва. Пакуль мы жылі ў Сібіры ён быў нашым шчырым сябрам і пры нагодзе наведваў нас з паўлітроўкай „Маскоўскай”.

Вытворчы плян для калгаснай пасекі

Як вядома кожны год адпаведныя ўлады „спускаюць” вытворчы плян для ўсіх галін сельскай гаспадаркі калгасаў.

На пасеку „спускаў” гадавы плян вытворчасьці праз кантору калгасу раённы зямельны аддзел. У райземаддзеле на становішчы інструктара працаваў службіст Сяргей Бацагін. Добры па сваёй натуры чалавек, але вельмі нэрвовы па прычыне кантузіі, якую атрымаў на вайне. Апрача таго перахварэў бруцэльёзам.

У савецкіх плянах, як ведама, не бяруцца пад увагу ніякія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя перашкоды. Плян „спускаецца”. Быў ён дакладна выкананы, прынамсі фармальна, на паперы. Але я ня ведаў гэтай практыкі ў першы год на пасецы.

Прачытаў я гэты плян на пасеку і ўзрадаваўся, што тут у Сібіры такія высокія медазборы, што цудоўна павялічваецца прыплод пчаліных сем’яў, што гэтыя сібірскія пчолы вельмі многа за сэзон выпрацоўваюць воску, што тут, хіба, не існуюць благія мэтэаралягічныя перашкоды для пчалярства.

На працягу сэзону я пераканаўся, што ў Сібіры, як і ў нас у Беларусі, бываюць гады добрыя і вельмі дрэнныя. Вось якраз быў вельмі неспрыяльны год для пчалярства, калі я прыйшоў працаваць на пасеку.

У канцы сэзону я запоўніў анкету, якая была даручаная мне разам з плянам. У анкеце я напісаў так, як было ў сапраўднасьці: мёду ні шыша. Валавога збору мёду і воску няма, прыплоду замест 50 сем’яў, толькі 5, ды і тыя позьнія. Здаючы так запоўненую анкету ў кантору калгасу, я сказаў старшыні калгасу Баімаву, што на зімовую падкормку пасекі спатрэбіцца каля паўтары тоны цукру. Ён успыхнуў, пачырванеў, вылупіў вочы і пакрыў мяне мацюжком ды закрычаў: „Я тебя в тюрьму пасажу! Ты саботаж устраиваешь. Какой с тебя пчеловод, если ты меду не даешь”. Я прабаваў апраўдвацца і тлумачыць яму, што на ўсіх пасеках такая катастрофа, бо быў вельмі благі сэзон. Ён і слухаць не хацеў майго тлумачэньня. Пеніўся ад злосьці і ўрэшце сказаў: „Уходи з глаз!”

Я засмучаны вярнуўся на пасеку. Маю справаздачу з вытворчага пляну пасекі адаслалі ў райземаддзел. На другі дзень пад вечар забрахала Аза і я пачуў як нехта збліжаецца на пасеку. Праз хвіліну з за чарамошніку падкаціла пад нашу „ізбушку” на добра дагледжаным карчыку брычка райземаддзелу. Зь яе выскачыў Бацагін, прывязаў каня да чарамшыны і энэргічнымі крокамі падыйшоў да мяне. Не прывітаўшыся, пачаў крыць мацюжком: „Какой же ты отчёт прислал с работы на пасеке? Таким отчётам только жопу подтирать. Ты по-советски не умеешь работать. Я тебя прогоню с пасекі к такой-то матери. Вот тебе новая анкета и заполни ее так, как требуется в плане. Если я дам в Красноярск такое выполнение плана по району, какое ты дал с пасеки имя Жданова, то меня немедленно снимуть с работы, а даже могут судить за саботаж”.

Каб як палагодзіць і ўспакоіць Бацагіна ды зь ім па людзку пагаварыць пра гэту справу, я запрасіў яго ў „ізбушку” і зараз жа паставіў на стол „аварыйную” паўлітроўку гарэлкі. Знайшлася закуска таксама, хаця скромная. Калі мы ўжо ўспакоіліся і пачалі адзін аднаго называць культурна па імені і бацьку, тады запоўнілі новую анкету, так як трэба па-савецку. Бацагін мяне запэўніў, што гэтую справу ў канторы калгасу „ўладзіць” з Бaімавым, бо яму таксама залежыць на выкананьні пляну. А на выпадак якой камісіі з Краснаярску з „прыростам” сем’яў лёгка зрабіць. Бацагін паведаміў бы мяне, а я паразьдзяляў бы сем’і і зрабіў бы столькі, колькі пададзена ў справаздачы, а пасьля зноў злучыў бы.

Хамяк

Гэтага зьвярка, падобнага да ката, упершыню я пабачыў у натуры на ссылцы ў Сібіры.

Неяк, хіба ў палове зімы, я пайшоў у амшанік, каб праверыць, як зімуюць пчолкі, ці што-колечы іх не трывожыць. Увайшоў я ў амшанік ціхенька, стаў і пачаў прыслухоўвацца, ці спакойна зімуюць сямейкі. Добра прыслухаўшыся я пачуў пчаліны неспакой у канцы амшаніка на правым баку ў вугле. Засьвяціў я сваім чырвоным фанарыкам і пайшоў на цыпачках у той неспакойны кут. Прыбліжаючыся, я адчуў пад нагамі на цьвёрдым таку зямлю, пясок. Пасьвяціў. Пытаньне — адкуль тут зямля, пясок, калі перад пастаноўкай вульляў амшанік быў высушаны, прадэзынфэкаваны і чысьценька вымецены. Шукаю прычыны — можа дзе сьцяна абсунулася. Падышоўшы бліжэй у той кут амшаніка, я ўбачыў амаль цалкам засыпаныя два вульлі, стаячыя на ніжніх стэляжах. Шукаю ў памяці вінаватага гэтых беспарадкаў у амшаніку.

Добра пасьвяціўшы фанарыкам, я ўбачыў праступніка. Быў ім здаравенны, як кот, зьвярок, які недалёка ад засыпаных вульляў сядзеў на стэляжах і гледзячы на мяне сьвяціў сваімі вачамі, як самаходныя фары ўначы. Мільгнула мне праз галаву: „Калі гэты няведамы мне чорт не ўцякае ад мяне, значыць, ён небясьпечны”. Не палохаючы яго, я выйшаў з амшаніка. Тут жа я прыгадаў, як Бацагін, выкладаючы на пчалярскіх курсах пра пчаліных ворагаў расказваў, што хамякі часта на зіму забіраюцца ў амшанікі і сваімі паводзінамі непакояць і нават зьнішчаюць пчаліныя сем’і. А пазбывацца ворага з амшаніка трэба вельмі асьцярожна. Яго трэба забіць, але так яму выцяць па галаве, каб ён ня меў сілы кінуцца на чалавека.

Доўга не чакаючы, я зрабіў спрытную пабаешку з кавалка чарамшыны і пайшоў у амшанік з намерам зьнішчыць пчалінага ворага. Цяпер ён сядзеў на таку недалёка ад растрывожаных двух вульляў і спакойна сабе грыз вялікі бурак. У левай руцэ трымаў я фанарык, а ў правай прыладу, якой заданьнем было нанесьці сьмертаносны ўдар па галаве зьвярка. Правую руку з пабаешкай я трымаў за сабой. Некалькі хвілін прыглядаўся я хамяку і мне зрабілася шкада яго — кожнае стварэньне мае права на жыцьцё і жыве так, як кіруе ім інстынкт. Але ж тут я сабе ўсьвядоміў, што іншага спосабу спыніць яго шкодную дзейнасьць у амшаніку няма, як толькі забіць. Такі рэцэпт даваў і інструктар Бацагін на пчалярскіх курсах. Калі пакінуць хамяка жывым, то да вясны ён можа нарабіць многа шкоды ў амшаніку, зьнішчыць калгасную пасеку, за якую я адказваю матэрыяльна. Іншай альтэрнатывы я ня меў, як толькі зьнішчыць пчалінага ворага. Паглядзеўшы на мяне хамяк зноў узяўся за бурак. У гэты момант я зь вялікім імпэтам лупнуў яму па галаве чарамошным паленам і ён перакуліўшыся пару разоў сутаргава дрыгнуў лапкамі і сканаў.

„Лявоніха” на Акцябрскай вуліцы

Здаецца, у канцы верасьня 1950 г. прыехаў з Краснаярску кантралёр праверыць стан пчалярства ўва Ужурскім раёне. Спыніўся ён у райземаддзеле ў кабінэце раённага спэцыяліста па пчалярстве — Бацагіна. Праверыўшы некалькі калгасных пасек у раёне, Бацагін пастанавіў і да мяне прывесьці свайго начальніка. Пчолы ўжо былі падрыхтаваныя да пераносу з тачка ў амшанік, дык на пасеку я „камісіі” не павёз, а запрасіў на кватэру, каб правесьці „тэарэтычную бяседу” на тэму пчалярства і работы на пасецы.

Дзеля таго, што мая жонка працавала тады на фэрме цялятніцай, то ёй далі кватэру ў пасёлку. Я працаваў на пасецы і там у паўзямлянкавай „ізбушцы” жыў са сторажам пасекі. Часта наведваў жонку і дочак, якія ўжо хадзілі ў школу. Прывозіў ім дровы, малако і яйкі нашых курачак, якія гадаваліся на пасецы. Дамовіўшыся з жонкай, мы падрыхтаваліся прыняць пчалярскіх спэцыялістаў на кватэры жонкі — на Акцябрскай вуліцы. У дамоўлены дзень і гадзіну прыбылі да нас госьці: мой раённы начальнік Бацагін з жонкай Зояй і краёвы аграном Пятро Жарабенка. Як вядома, пры чарцы языкі хутка разьвязваюцца. Жарабенка даведаўся, што мы перасяленцы зь Віленшчыны і што я беларус. Гэта яшчэ хутчэй і бліжэй нас „зрадніла” і ён — нічога і нікога не баючыся — расказаў пра сябе. Яго бацькі былі родам з Магілёўшчыны — беларусы. Да рэвалюцыі былі даволі заможнымі сялянамі. Як распачалася калектывізацыя ў Беларусі, бацькам забралі ўсю маёмасьць у калгас, а ім пагражала немінучая вывазка ў такое месца, дзе людзі гінулі, як мухі. Каб пазбыцца найгоршага, яны дабравольна падаліся ў Сібір і там, як чарнарабочыя на розных прадпрыемствах жылі аж да сьмерці. Ён жа, старшы сын Жарабенкаў закончыў сельскагаспадарчы інстытут і вярнуўшыся з вайны працуе ў крайземаддзеле ў Краснаярску, як спэцыяліст у галіне пчалярства.

Апаражніўшы яшчэ паўлітроўку, мы адчувалі сябе даволі свабодна і шчыра. Пятро Жарабенка бачыў прычыну цяжкага эканамічнага палажэньня калгасаў, а пры тым і калгасьнікаў, якіх як працавітых, здольных, умеючых добра весьці гаспадарку сялян, бальшавікі вывезьлі на зьнішчэньне, а пакінулі гультаёў, п’яніцаў і ўсялякіх няздарных „мужыкоў”. Нашыя шчырыя і сур’ёзныя размовы перапляталіся беларускімі і рускімі песьнямі і нашая сяброўская бяседа закончылася заліхвацкай „Лявоніхай” і разьвітальнымі пацалункамі.

Паховіны ссыльнага Урбановіча

Сярод ссыльных сем’яў, ўзятых ў калгас імя Жданава была сям’я Урбановіча. Яна складалася з трох працаздольных асоб: бацькі — гадоў каля 60, маці — каля 53 і дачкі — гадоў 23-24. Ціхая, спакойная, працавітая сямейка, зь якой калгасная адміністрацыя, асабліва брыгадзіры ня мелі клопату. Гэтая простая, добрая сямейка паходзіла зь нейкай вёскі з пад Рудніцкай пушчы ў Віленска-Троцкім павеце. Калі хто запытаў у Урбановічаў за што прадстаўнікі Савецкай Літвы абрабавалі іх і саслалі ў Сібір, то яны паціскалі плячыма і адказвалі: „Хіба за тое, за што і ўсіх. Жылі мы на сваёй зямельцы, гаспадарылі нядрэнна, мелі хлеб і да хлеба. У палітыку ня ўмешваліся, бо яна не для нашай галавы. Газэт мы не чыталі, бо мы няграматныя. Умеем толькі Богу маліцца па ксёнжцы. Дык якое тут праступленьне?”

Самог Урбановіч атрымаў працу пры авечках, зімой і ўлетку. Далі яму каня на летні пэрыяд, на якім ён езьдзіў вярхом, і сабачку, які памагаў яму пасьвіць сотню авечак. Зімой авечкі знаходзіліся ў казамрах, пабудаваных 10 кілямэтраў ад Ужуру, дзе жыла і абслуга авец. Загадчык гэтай авечай фэрмы, кантужаны на вайне, вельмі нэрвовы чалавек — Пікурын, жыў у сваёй хатцы ўва Ужуры, і на працу на фэрму даяжджаў кожны дзень. Урбановіча хаця і ругаў з апошніх слоў (па прывычцы), але паважаў за працавітасьць і сумленнасьць. За час працы Урбановіча на авечай фэрме, ані зімой, ані ўлетку не ўдалося ваўкам схапіць ні адной авечкі.

Так, пару гадоў Урбановіч ня маючы ніякіх „выхадных” ні сьвятаў, ні бюлетэняў ад лекара, сьвету Божага ня бачыў за працай пры авечках. Улетку, да позьняй восені ня злазіў з каня пасучы агромністыя атары авечак, а зімою карміў іх і ўночы пільнаваў, каб ваўкі не прадзёрлі страхі казамраў і не дабраліся да калгаснай жывой маёмасьці.

Як я ўжо згадаў, Урбановіч ня мог хварэць і мець лекарскае звальненьне ад працы, бо не было на гэта часу для нявольнікаў. Ніхто з калгасных рабоў ня меў права хварэць. Калі выпадкова лекар і даваў звальненьне ад працы па хваробе, то калгасная адміністрацыя хворых выганяла на работу, бо трэба было і жывёлу даглядаць ды выконваць усе іншыя калгасныя працы. Урбановіч цяжка папрацаваўшы праз год пачаў сябе дрэнна адчуваць, але лекары хваробы не распазналі, ня ведалі як і чым лячыць. Каб пазбыцца „невыразнага” пацыента, хіба палічалі яго сымулянтам. Часамі запісалі яму дзень-два вольныя ад працы, але Пікурын пляваў на лекарскія бюлетэні і прыдзеленых яму рабоў змушаў да працы. Так і Урбановіч у цяжкай хваробе (рак страўніка і лёгкіх) працаваў амаль да апошніх дзён свайго жыцьця. Памёр дома. Закончыў ён сваё пакутнае жыцьцё позьняй восеньню. Пахаваньне адбылося паводле народных і каталіцкіх звычаяў, зразумела — безь сьвятара, бо праваслаўны ўжурскі сьвятар адмовіўся хаваць каталіка.

Правадыром пахавальнага абраду быў ссыльны, таксама зь Віленшчыны — Тарашкевіч. Па нябожчыку былі адсьпяваныя дома адпаведныя псальмы і хаўтурныя рэлігійныя песьні, на могілках таксама. Апошняй разьвітальнай песьняй быў „Anioі Paсski zwiastowaі”. Як труну зь нябожчыкам апусьцілі ў магілу, усе прысутныя, у асноўным ссыльныя, паводле нашага звычаю, разьвіталіся зь нябожчыкам, кідаючы па тры жменькі зямлі. Прысутныя на пахаваньні сібіракі зь вялікім зацікаўленьнем прыглядаліся нашым звычаям і пахвалялі іх. Сям’я памёрлага — жонка і дачка, там жа на могільніку запрасілі многіх удзелнікаў пахаваньня на „жалобны абед”, на якім быў і я з жонкай. „Жалобны абед”, ці інакш „жалобны стол” распачынаецца малітвамі і сьпевамі псальмаў за супакой душы пакойніка. Падчас гэтага жалобнага пачастунку (між іншым з гарэлкай) давялося мне прамовіць. Успамінаючы нябожчыка, я сказаў пра нашае палажэньне, пра тую крыўду, якую бальшавікі зрабілі нам, нявінным людзям. Прамова мая расчуліла ўсіх да сьлёз. За гэта мяне выклікала міліцыя ў камэндатуру на допыт. Ад кары ўдалося мне выкруціцца. Аказалася, што сярод прысутных на пахаваньні быў сэксот.