Пакаленне вайны

Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў перыяд вайны і акупацыі (1939-1944)


Уступ

У выніку пагаднення, падпісанага 23 жніўня 1939 г. Нямеччынай і Савецкім Саюзам, вядомага пад назвай пакта Рыбентроп-Молатаў, межы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе фундаментальна змяніліся. Нямецка-савецкі трактат аб дружбе і межах ад 28 верасня 1939 г. вызначаў супольную мяжу абедзвюх дзяржаў. Згодна трактату паўночная частка мяжы СССР праходзіла па рэках Пісе, Нарве і Бугу. На савецкім баку апынулася амаль усё даваеннае Беластоцкае ваяводства.

1 верасня пачалася вайна — пачатак кашмару, які беларускае насельніцтва Беласточчыны трывала амаль 10 гадоў. Разам з заканчэннем вайны ў 1944 г. не спыніліся на гэтай зямлі злачынствы. Гарэлі беларускія вёскі, а да мірных людзей у некаторых мясцовасцях стралялі часцей, чым падчас нямецкай акупацыі.

17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія пачала паход на захад, займаючы ўсю тэрыторыю, на якой пражывала беларускае насельніцтва. Уступленне саветаў на тэрыторыю Польшчы адбылося пад лозунгамі ўз’яднання беларускіх і ўкраінскіх зямель. Савецкая армія без вялікіх перашкод заняла раней вызначаную тэрыторыю. У некаторых мясцовасцях Беласточчыны ў першай палове верасня некалькі дзён прабывалі нямецкія войскі. Большасць нашых рэспандэнтаў звяртае ўвагу на карэктныя паводзіны нямецкіх салдат у 1939 г. Раздавалі яны дзецям шакалад і цукеркі, гаспадароў частавалі салдацкім супам. Былі акуратна апранутыя, памытыя, перамяшчаліся механічнымі сродкамі транспарту.

22 верасня Чырвоная Армія ўвайшла ў Беласток і Брэст. Савецкія салдаты выклікалі нядобрае ўражанне, асабліва ў параўнанні з немцамі, якія тут былі раней. Савецкія вайскоўцы былі брудныя, апранутыя ў моцна паднішчаныя салдацкія уніформы, гарматы цягнулі худыя коні, а салдаты ішлі найчасцей пяшком. 25 верасня ў Брэсце адбыўся супольны парад савецкіх і нямецкіх падраздзяленняў.

Уваход Чырвонай Арміі па-рознаму ўспрымаўся беларускім насельніцтвам Беласточчыны. З выказвання большасці рэспандэнтаў вынікае, што саветаў чакалі як „сваіх”, „рускіх”. Палітыка санацыйных улад прывяла да вялікіх расчараванняў. Роспачнае эканамічнае становішча большасці беларускага насельніцтва ў ІІ Рэчы Паспалітай, праслед больш актыўных прадстаўнікоў грамадскасці, брутальнасць паліцыі і іншых дзяржаўных службаў выклікалі чаканне якіх-небудзь змен. У польскай літаратуры сфармаваўся даволі адназначны вобраз беларуса гэтага перыяду, які ставіў трыумфальныя аркі для прывітання савецкага войска. Процілегласцю беларуса найчасцей быў паляк-патрыёт, які перажываў трагедыю радзімы і сваю ўласную, паколькі сам стаў першай ахвярай савецкага рэпрэсіўнага апарату. Тым часам рэчаіснасць была больш складаная, а палітычнае стаўленне грамадства да новай улады не адлюстроўвала нацыянальных падзелаў. Ва ўспамінах, найчасцей тады маладых вяскоўцаў, што змяшчаюцца ў кніжцы, сапраўды паказваецца вобраз беларускага насельніцтва, якое з надзеяй чакае станоўчых змен разам з прыходам савецкай улады. Мала відаць тых, што змагаліся на заходнім і ўсходнім фронтах у радах польскай арміі ў верасні 1939 г. Не відаць таксама беларусаў, якія належным чынам падтрымалі савецкую ўладу, выступаючы супраць устаноў і людзей, звязаных з польскай дзяржавай. Не відаць тут таксама палякаў, якія пасля 1940 г. масава супрацоўнічалі з органамі савецкай улады, прымаючы працу ў яе радах.

Большасць беларускіх дзеячаў, ад нацыяналістаў да камуністаў, з задавальненнем успрыняла факт далучэння паўночна-ўсходніх тэрыторый польскай дзяржавы да Савецкай Беларусі. Кожная беларуская партыя ў ІІ Рэчы Паспалітай у рознай форме ставіла сабе за мэту імкненне да аб’яднання беларускіх зямель. Палітыка польскіх урадаў у канцы трыццатых гадоў была для большасці беларускіх дзеячаў найбольш пераканаўчым аргументам, каб падтрымаць якія-небудзь змены. Сітуацыя, якая склалася, многімі беларускімі палітыкамі ўспрымалася як пераходная. Разлічвалі яны — не беспадстаўна — на хуткі нямецка-савецкі канфлікт і дапамогу Нямеччыны ў будаўніцтве беларускай дзяржаўнасці.

Са змешчаных у кніжцы ўспамінаў вынікае таксама, што вялікая колькасць беларусаў змену палітычнай сітуацыі ўспрымала з вялікай насцярожанасцю. Даверу не выклікала практыка савецкага панавання. Прыйшоўшае войска, па прычыне свайго выгляду і паводзін, замест энтузіязму, выклікала хутчэй здзіўленне чым пашану.

Разам са зменай улады паўсюдна чакалася радыкальная перабудова палітычных і грамадскіх адносін з улікам асноўных інтарэсаў беларускага насельніцтва. Таму часта ў вёсках і ў гарадскіх пасёлках хутка ствараліся сялянскія камітэты, якія ўзначальвалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва і пераймалі ролю гаспадароў дадзенай тэрыторыі.

Па загаду камандзіра войск Беларускага фронту Міхаіла Кавалёва ад 21 верасня 1939 г. была створана народная міліцыя і рабочая гвардыя, у рады якой трапіла пару соцень беларусаў Беласточчыны. Гэта былі першыя структуры ўлады, у радах якой апынуліся прадстаўнікі мясцовага насельніцтва. Раней улада бачылася як чужая, якой людзі баяліся і ненавідзелі. „Руская” ўлада неўзабаве сваімі паводзінамі таксама пачала выклікаць страх, таму людзі перасталі яе шанаваць. Спачатку ў радах лакальных структур улады дамінавалі яўрэі і беларусы, пасля беларусаў пачалі выцясняць палякі.

Cтановішча, якое склалася на занятых пасля 17 верасня 1939 г. Чырвонай Арміяй землях, патрабавала прынамсі фармальнага юрыдычнага афармлення. Савецкія ўлады вырашылі паказаць свету, што іхняя палітыка з’яўляецца ажыццяўленнем волі народаў Заходняй Беларусі. 5 кастрычніка 1939 г. Часовае кіраўніцтва горада Беластока звярнулася да кіраўніцтваў астатніх гарадоў склікаць Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў „вырашыць” дзяржаўную будучыню гэтага краю і яго грамадска-палітычны лад. Выбары ў Народны сход адбыліся 22 кастрычніка. Спадарожнічала ім вялікая эйфарыя на арганізаваных уладамі мітынгах і дэманстрацыях. Паводле афіцыйных савецкіх даных, у выбарах удзельнічалі 2 672 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі — 96,7% выбаршчыкаў. Звыш 90% галасуючых аддалі свае галасы за кандыдатаў прапанаваных органамі савецкай улады. Паводле гэтых жа крыніц, выбрана было 926 дэпутатаў, у тым ліку 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 43 рускіх, 53 украінцаў і 10 прадстаўнікоў іншых нацый. Народны сход, які адбыўся ў Беластоку, выказаўся за ўстанаўленне савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, а дзень пазней аднагалосна прыняў дэкларацыю аб далучэнні гэтых зямель да БССР.

Напрыканцы верасня 1939 г. рэвалюцыйныя сельскія камітэты аб’яўлялі ў некаторых раёнах перыяд вольніцы — неабмежаванага доступу да лясоў. Спрыяла гэта забеспячэнню сялян у недаступную ім да гэтай пары драўніну, якая выкарыстоўвалася ў якасці будаўнічага матэрыялу і апалу. І хаця новыя адміністрацыйныя структуры ў выглядзе выканаўчых камітэтаў адмянілі вольніцу, нелегальны гандаль драўнінай на выгадных для мясцовага насельніцтва ўмовах не спыняўся і займаліся ім і савецкія афіцэры, і цывільныя службоўцы. У якасці плацёжных сродкаў найчасцей прымянялася гарэлка.

У першыя месяцы савецкай улады значна палепшылася матэрыяльнае становішча вясковага насельніцтва. Паўплывала на гэта галоўным чынам змяншэнне павіннасцей у карысць дзяржавы і зніжэнне цэн на прамысловыя тавары. Даступнасць да танных тавараў аказалася, аднак, кароткатрывалай. Пасля некалькіх месяцаў, калі вычарпаліся запасы ў польскіх складах, якія былі пераняты савецкімі ўладамі, і калі былі абмежаваны пастаўкі прамысловых тавараў з глыбі СССР, з’явіліся невядомыя тут чэргі. У 1940 г. лёгка можна было зарабіць грошы, але цяжка было за іх нешта купіць.

Вялікая колькасць войска, якая дыслацыравалася ў пагранічных раёнах, выклікала павышаны попыт на харчовыя прадукты і гэтым самым стварала сялянам магчымасць заробку. Аднак плацілі ім грашыма, якія не гарантавалі куплі патрэбных для гаспадаркі тавараў. У палове 1940 г. у найдалей высунутых на захад абласцях пачаліся абарончыя інвестыцыі — будова аэрадромаў, мастоў, віядукаў, пад’язных дарог. У якасці рабочай сілы выкарыстоўвалася мясцовае насельніцтва. Пэўную частку работы пры гэтых аб’ектах выконвалі яны ў рамках шарваркаў, за што атрымлівалі невялікія грошы. Ваеннае будаўніцтва з аднаго боку спрыяла змякчэнню перанаселенасці сельскіх гаспадарак, а з другога — не стварала пастаянных месцаў работы.

У першых месяцах савецкай улады невыноснай была не велічыня падатку або шарварку, але спосаб іх экзекуцыі. Шарваркі часта ладзіліся ў перыяды самых важных царкоўных святкаванняў, калі людзі ішлі на багаслужбы. Тым, хто выконваў назначаны план, часта вызначалі дадатковыя работы і налогі. У многіх раёнах збожжанарыхтоўчыя планы загадвалі выканаць яшчэ ў ходзе жніва. Абсурдныя рашэнні засланых сюды савецкіх чыноўнікаў прымушалі задумацца нават найбольш верных новай уладзе беларусаў.

Вельмі жахлівай аказалася барацьба з кулацтвам, якая з асаблівым размахам пачалася ў канцы 1940 г. Кулаком мог стаць кожны, у каго было за дзесяць гектараў зямлі, некалькі коней і кароў, або чарапіца замест страхі. Патэнцыяльна ў гэтую групу можна было аднесці большасць сялян. Змаганне з кулацтвам з’яўлялася адным з этапаў на шляху да калектывізацыі. Бальшавікі ў гэтай галіне былі ўжо ў пэўнай меры спрактыкаваныя і таму стваранне калгасаў у заходніх абласцях Беларусі хацелі правесці больш плаўна, каб не выклікаць такіх як на ўсходзе грамадскіх і эканамічных хваляванняў. У Беластоцкай вобласці калектывізацыя праводзілася самымі павольнымі тэмпамі. Тут калгасы арганізаваліся выключна на землях населеных беларусамі і ўзніклі толькі 18 калектыўных гаспадарак.

Са зместу надрукаваных успамінаў вынікае, што нідзе сяляне не былі зацікаўлены пабудовай калгасаў. Уступалі толькі прымусова, пад ціскам улад. У калектыўных гаспадарках Беласточчыны большасць палявых прац выконвалі жанчыны. Найчасцей сельскагаспадарчымі кааператывамі кіравалі камсамольскія актывісты, якія прыехалі з СССР. Іх агратэхнічныя веды і спосаб кіравання сталі пародыяй гаспадарання. Нягледзячы на эскалацыю запалохвання сялян шляхам чарговых вывазак багацейшых сем’яў у глыб Расіі, павелічэння падаткаў і іншых павіннасцей у карысць дзяржавы, тэмпы калектывізацыі не паскорыліся.

У адпаведнасці з пастановай Савета Народных Камісараў БССР „Аб метадах арганізацыі асветы ў заходніх абласцях Беларускай Рэспублікі” ад снежня 1939 г. раённыя ўлады былі абавязаны ствараць школы з такой мовай выкладання, якая адпавядала б нацыянальнаму складу дадзенай тэрыторыі і спадзяванням насельніцтва. У Беластоцкай вобласці, дзе большасць насельніцтва складалі палякі, пры канцы 1939 г. 58,7% школ працавала на польскай мове, на беларускай — 33,8%, ідыш — 4,5%, рускай — 1,7% і літоўскай — 1,3%. Для беларускамоўных католікаў Сакольскага раёна і некаторых раёнаў Гродзеншчыны былі створаны польскія школы, зыходзячы, так як калісьці польская адміністрацыя, з пункту гледжання, што аб нацыянальнасці на гэтай тэрыторыі вырашае веравызнанне.

Большасць аўтараў успамінаў падкрэслівае, што ўпершыню ў жыцці пачалі вучыцца на роднай мове. Такое прынамсі атрымалася ўражанне, таму што часта ў беларускай школе навучанне вялося на рускай мове. Асабліва ў 1940/1941 навучальным годзе сістэматычна скарачалася колькасць школ з беларускай мовай, якая замянялася рускай. Толькі ў 1939 і на пачатку 1940 г. ува ўсіх нацыянальных школах абавязкова выкладалася беларуская мова, а з восені 1940 г. — руская.

У адпаведнасці з пастановай Камісарыята асветы БССР адукацыя ў памеры сямі класаў на тэрыторыі ўсёй рэспублікі была бясплатнай і абавязковай. Улады дбалі, каб апошняе патрабаванне выконвалася бацькамі. У сувязі з гэтым савецкія школы наведвалі на 25% дзяцей больш, чым польскія ўстановы да 1939 г. З мэтай ліквідацыі непісьменнасці арганізаваліся курсы чытання і пісання для старэйшай моладзі і дарослых.

Да кастрычніка 1940 г. яшчэ 30 працэнтаў падручнікаў друкавалася на беларускай мове. Пасля гэты адсотак паменшыўся амаль да нуля. Рыхтаваліся падручнікі ў асноўным на рускай і польскай мовах. Сістэма падрыхтоўкі настаўнікаў на рускай мове, выдавецкая і кадравая палітыка ў школах паказвалі, што савецкія ўлады імкнуліся так арганізаваць сістэму навучання, каб хутка правесці русіфікацыю маладога пакалення беларусаў. Савецкая адукацыйная сістэма мела аднак канкрэтную мэту: перш за ўсё фарміраваць перакананне ў вышэйшасці камуністычных стандартаў жыцця над рознымі формамі, якія існуюць у капіталістычных краінах.

Савецкія ўлады многа ўвагі адводзілі культурнай актывізацыі грамадства. Перавагу аддавалі яны самадзейнасці. У кожнай вялікай вёсцы арганізоўваліся гурткі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, дэкламатарскія конкурсы і фестывалі рэвалюцыйнай песні. Для абслугі святкаванняў, якія значыліся ў савецкім календары, прыцягваліся лепшыя музыканты, танцоры і спевакі.

Вясною 1940 г. бальшавікі таксама і ў галіне веравызнанняў пачалі праводзіць палітыку падобную на тую, якую дзесяцігоддзямі ўкаранялі ў Савецкім Саюзе. Зыходзілі яны з пункту гледжання, што інтэграцыя краіны патрабавала ліквідацыі канкурэнтных светапоглядаў і ідэалогій. У сакавіку 1940 г. забаронена было выкладаць рэлігію ў школах. Неўзабаве многія святары ўсіх веравызнанняў былі арыштаваны і абвінавачаны ў супрацоўніцтве з польскімі ўладамі да 1939 г. Найбольшым рэпрэсіям падвяргаўся праваслаўны клір, паколькі беларусы, якія складалі большасць вернікаў гэтага веравызнання, былі прызнаны найбольш падатлівымі светапогляднай пераарыентацыі. Большасць святароў мела, аднак, магчымасць весці па меры нармальную душпастырскую дзейнасць. Улады ўвялі толькі пэўныя абмежаванні ў выконванні рэлігійных паслуг. Рашуча была забаронена розная рэлігійная дзейнасць па за агароджай храма. Забаронена таксама было, каб клір па за царквой паказваўся публічна ў рызе ці аблачэнні. Забаронена таксама было ўжываць царкоўныя званы падчас рэлігійных урачыстасцей.

Нешматлікія аўтары расказваюць у сваіх успамінах пра прымусовыя перасяленні насельніцтва на ўсход Савецкага Саюза. Перасяленні краналі перш за ўсё грамадскія даваенныя эліты і людзей, звязаных з польскай дзяржаўнай адміністрацыяй. Сярод беларусаў не было паліцыянтаў, чыноўнікаў, леснікоў, памешчыкаў. Таму праблема ў гэтым асяроддзі так не адчувалася як з палякамі. Пагроза для беларусаў з’явілася ў 1941 г., калі прыйшла чарга на кулакоў. Пачатак калектывізацыі абазначаў з’яўленне чарговай групы асоб, прыгавораных на дэпартацыю. Датычыла гэта галоўным чынам сялян, якіх маёмасны статус або, напрыклад, выгляд дома вылучаўся ад іншых. На 22 чэрвеня планавалася дэпартацыя некалькіх дзесяткаў кулакоў і іх сем’яў, але выбух нямецка-савецкай вайны перашкодзіў ажыццяўленню гэтай дэпартацыі.

Пачатак нямецка-савецкай вайны запомніўся беларусам Беласточчыны як бліскучая перамога нямецкіх войскаў. Рускія не адступалі, але ўцякалі панічна і без ніякага ладу. Шмат хто не паспеў выехаць на ўсход, а застаўся ў зоне акупаванай немцамі. Частка марадзёраў стала пасля арганізатарамі савецкага падполля, большасць была вывезена немцамі на захад.

Немцы, якія прыйшлі на Беласточчыну ў чэрвені 1941 г., нічым не напаміналі тых, якіх людзі памяталі з восенні 1939 г. Два гады пасля, замест акуратных рыцараў, з’явіліся забойцы, з мэтай знішчаць усіх, каго толькі можна было падазраваць у дзейнасці шкоднай Нямеччыне. Сітуацыя, апісаная Аляксандрам Баравіком са Старога Корніна, найлепш адлюстроўвае якасць зменаў. Беларускамоўны люд перастаў быць саюзнікам, стаў часткай варожай супольнасці.

У ходзе падрыхтоўкі да вайны, на пачатку 1941 г. нямецкае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва распрацавала планы дзейнасці вайсковых і паліцыйных фарміраванняў на захопленай тэрыторыі Савецкага Саюза. Са структур СС былі выдзелены спецыяльныя падраздзяленні — Эйнзатцгрупы, якія ставілі задачу „ачышчаць” абшары, захопленыя Вермахтам, ад людзей, якія былі звязаны з савецкай сістэмай улады. Камандзіры гэтых атрадаў былі звольнены з усялякай адказнасці за злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Маглі згодна з нямецкім законам фізічна ліквідаваць усіх падазроных. У некалькіх месцовасцях Беласточчыны Эйнзатцгрупы правялі акцыю расстрэлаў беларускага насельніцтва. Усё адбывалася паводле падобнага сцэнарыя. Немцы ладзілі сход жыхароў мясцовасці, пасля аб’яўлялі спісак людзей, якія павінны застацца, а на другі дзень іх расстрэльвалі. Так было, напрыклад, у Рахвалаўцы, што ў Заблудаўскай гміне, дзе немцы пры канцы чэрвеня 1941 г. расстралялі 19 беларусаў. Ніхто не ведае, чаму немцы пазбавілі жыцця менавіта тых людзей. Людзі толькі здагадваюцца, што ўсё было звязана са справай мясцовых жыхароў, якія далі акупантам аргументы, дазваляючыя забіць зусім невінаватых суседзяў. Пасля віноўнікі забойства жылі побач з сем’ямі расстраляных, можа нават і ў хаты сваіх ахвяр заходзілі.

Войта Нарвы, які каля 40 беларусаў паслаў на смерць, абвінаваціўшы іх у камуністычнай дзейнасці, немцы ў канцы самі расстралялі, калі даведаліся, што той даваенны чыноўнік хацеў толькі працягваць сваю нацыянальную місію.

Гісторыя, якую расказала Галена Альховік з Сакалды аб трагедыі жыхароў Лазняў таксама паказвае, як у выніку даносу гестапаўцы забілі ў гэтай вёсцы пару дзесяткаў людзей з наваколля. Даносчыка, відаць, мучыла сумленне, калі пасля гаварыў: „Jak dochodzк do tego domu (дзе жылі ахвяры) i spojrzк, i wspomnк te dziewczynki (забітыя), to pіaczк...”. Гэта, аднак, была рэдкасць у час акупацыі. Пасля вайны часта тыя самыя людзі імкнуліся знішчыць тых, якіх падазравалі, што маглі быць сведкамі іх злачынстваў. Сотні людзей, як тыя ў Копнай Гары, пахаваныя цішком без малітвы. А вінаватым у іх смерці часта жылося багата і спакойна, у славе добрых грамадзян і патрыётаў. Усяе праўды пра той жахлівы час ніколі не даведаемся.

Перыяд нямецкай акупацыі несумненна спрыяў замацаванню канфлікту паміж беларусамі і палякамі. Гэтыя апошія запоўнілі хутка рады нямецкай дапаможнай паліцыі і адміністрацыі, выкарыстоўвалі сваю пазіцыю ў змаганні з рознымі праявамі беларускага жыцця. На службу немцы прымалі таксама беларусаў, але складалі яны невялікую колькасць сярод чыноўнікаў і паліцыянтаў у параўнанні з палякамі. Беларусам не хапала вопыту і адукацыі да працы ў дзяржаўных структурах. Немцы бралі перш за ўсё былых санацыйных чыноўнікаў і паліцыянтаў. На беларускім баку не было людзей з такой мінуўшчынай. Не было таксама іншай групавай матывіроўкі да супрацоўніцтва з немцамі.

Многія аўтары ўспамінаў у час нямецкай акупацыі былі маладымі людзьмі. Такіх перш за ўсё немцы бралі на прымусовыя работы. Некаторыя ў ролі нявольнікаў працавалі на тэрыторыі Акругі Беласток, іншых вывозілі ва Усходнюю Прусію. Шмат хто спрабаваў уцякаць, хавацца ў сваякоў, якія пражывалі ў іншых мясцовасцях. Лёсы людзей таго пакалення былі аднак вельмі да сябе падобныя. Амаль усе выступалі ў ролі зацкаванай звярыны. Уцякалі, хаваліся, былі бітымі, сталі сведкамі забойстваў ці прыніжэння найбліжэйшых ім людзей. Гісторыя Надзеі Белаказовіч з Бельска-Падляшскага паказвае як зверствы немцаў паўплывалі на лёсы маладых тады дзяўчат, якія былі мімавольнымі сведкамі здзекаў над іх старэйшай сястрой. Хаця мінулі дзесяткі гадоў, пажылыя ўжо людзі не гавораць з сабой аб гэтым, таму што кожны ўспамін адкрывае свежыя раны ў душы. У амаль кожнай вёсцы здараліся падобныя гісторыі, у кожнай сям’і засталіся ахвяры нямецкай акупацыйнай палітыкі.

На фоне акупацыйнага кашмару звычайныя людзі не заўважалі фактаў, якія ахвотна прыводзяцца гісторыкамі наконт таго, што былі беларускія школы, газеты, праводзілася нейкая культурная дзейнасць, будаваліся дарогі, вуліцы, якія засталіся пасля адыходу немцаў. Праз тры гады акупацыі амаль у кожнай вёсцы ўзнікла каменная дарога. Праўда, большасць прац выконвалі мясцовыя людзі, дзе галоўнай матывіроўкай быў страх перад праследамі ў выпадку невыканання назначаных загадаў, але гаспадарчая палітыка акупантаў адмяніла існуючую дарожную інфраструктуру. Немцы ўключылі моцна цывілізацыйна адсталую Беласточчыну ў межы Усходняй Прусіі. Пачалі гэту акругу інтэграваць з правінцыяй Рэйха. Чалавечы кошт для іх быў мала важны. Дарэчы, мясцовага насельніцтва не лічылі паўнацэнным чалавечым гатункам, таму колькасць ахвяр іх палітыкі была вялікая.

На фоне лёсаў паасобных людзей відаць фрагменты вялікай гісторыі. Жыццё горада Беластока, лёс беластоцкіх яўрэяў, апісаныя Аленай Анішэўскай гэта амаль фатаграфічны рэпартаж з падзей таго трагічнага перыяду. Сваю акупацыйную гісторыю Ян Жак з Каўпакоў завяршае апісаннем вызвалення Чырвонай Арміяй на Памор’і. Там быў ён таксама сведкам як нямецкі народ пачынаў плаціць за зверствы сваіх салдат, паліцыянтаў і палітыкаў. Савецкія салдаты паказалі немцам, як выглядае справядлівасць пераможцаў, якія, у выніку дзейнасці іх войска і паліцыі, патрацілі сваіх дзяцей, бацькоў, братоў, сяброў.

Найбольш складанае пытанне мясцоваму насельніцтву стварала яўрэйская праблема. Гэтая грамадскасць жыла побач з беларусамі і палякамі сотні гадоў. Раптам прыйшлі немцы і захацелі гэтых суседзяў, усіх, па незразумелых прычынах, пазбавіць жыцця. За якую-небудзь дапамогу жыдам з хрысціянскага боку пагражала знішчэнне ўсяе сям’і. У 1943 г. яўрэяў ужо не было на Беласточчыне. Тых, якіх немцы не пазбавілі жыцця на месцы, адвезлі ў канцлагеры Генеральнага Губернатарства. Толькі Кастусь Масальскі з Фальваркаў-Тыльвіцкіх расказвае пра суседа Трахімчука, які скрываў двое яўрэяў у сябе на панадворку. Астатнія прызнаюцца, што самі, ці іх бацькі, адмовіліся дапамагчы ахвярам са страху за сваё жыццё і за лёс сваёй сям’і. У Кленіках солтыс выратаваў трое жыдоў з рук мясцовага антысеміта. Уладзімір Семянюк з Козлік успамінае і пра тых найбольш нікчэмных, якія знаходзілі нагоду беспакарана рабаваць людзей пазбаўленых якіх-небудзь правоў. Жыды адышлі з гісторыі Беласточчыны незаўважна для мясцовага насельніцтва, якое ў той час змагалася перш за ўсё за сваё існаванне. Няшмат было такіх, што рашаліся дапамагаць яўрэям, рызыкуючы жыццём свае сям’і. Хаця кашмар жыдоў быў вынікам нямецкага шаленства і шавінізму, аднак дзесьці ў выказваннях аўтараў успамінаў хаваецца тое пытанне, на якое няма адказу: ці можна было яшчэ нешта зрабіць для выратавання ад смерці людзей, якіх віна заключалася ў тым, што нарадзіліся ў сям’і Майсеевага веравызнання?

Час нямецкай акупацыі для шматлікіх рэспандэнтаў неяк асацыіруецца з існаваннем партызанскага руху. Са змешчаных выказванняў не надта выразна можна акрэсліць яго характар. Часта, як сказала Валянціна Саевіч са Старога Ляўкова, партызаны нічым не адрозніваліся ад звычайнай банды. Дзесьці аднак былі тыя партызаны, нехта іх карміў, нехта быў іх інфарматарам, але часцей людзі цярпелі за само існаванне ў найбліжэйшым лесе ўзброенай групоўкі. Партызанскі рух, як вынікае нават з выказванняў жыхароў Беласточчыны, стваралі ў асноўным былыя савецкія вайскоўцы, якія не паспелі ўцячы на ўсход летам 1941 г. У лесе апынуліся таксама тыя, якія апынуліся ў бязвыхадным становішчы. Недзе ў Белавежкай пушчы хаваліся польскія падпольныя групоўкі. Усе жылі за кошт мясцовага сялянства, найчасцей рабуючы харчы, вопратку і ўсё астатняе. Немцы каралі нават за такую прымусовую дапамогу. Амаль ва ўсіх кутках Беласточчыны акупанты выкарыстоўвалі рускамоўных правакатараў, якія прыкідваліся прадстаўнікамі падпольнага руху, а пасля ў нямецкіх уніформах расстрэльвалі даверлівых дабрадзеяў.

Уваход савецкіх войскаў летам 1944 г. большасць беларусаў Беласточчыны лічыла вызваленнем. Хаця жыццё не стала больш бяспечным, але з’явілася надзея дачакацца лепшага і спакойнага жыцця. Неўзабаве аказалася, што не ўсе яго дачакаліся.