Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Вытокi

Аляксей Парфенавіч Сапуноў нарадзіўся 15 сакавіка 1852 г.[1] у мястэчку Ўсвяты, якое паводле тагачаснага адміністрацыйнага дзялення належала да Суражскага павета Віцебскай губерні і з’яўлялася прыватнай уласнасцю сапраўднага стацкага саветніка і кавалера Аляксандра Міхайлавіча Пацёмкіна. Адно з самых старажытных паселішчаў Віцебскай губерні, вядомае па летапісных крыніцах з 1020 г., мястэчка маляўніча раскінулася на берагах возера Ўсвята і рэчкі Ўсвячы. Знаходзілася яно на паштовым тракце, які злучаў Віцебск з Вялікімі Лукамі. У 1772 г. імператрыцай Кацярынай II мястэчка было «пожаловано» генерал–пракурору князю Аляксандру Вяземскаму і з таго часу шмат разоў пераходзіла з рук у рукі саноўных расійскіх вяльможаў.

Найбольш распаўсюджаным заняткам мужчынскага насельніцтва Ўсвятаў быў старадаўні рачны промысел — сплаў вялікіх лодак з ільном, ільняным семем і хлебам, а таксама веснавы гон ракой Усвячай плытоў з бярвеннм і дрывамі да Суража. Яшчэ з канца ХVIII ст. у мястэчку дзейнічала палатняная фабрыка генерал–маёршы Праскоўі Зубавай — прадпрыемства па тых часах досыць вялікае і заможнае (у 1823 г. на ім працавала 62 прыгонных селяніна)[2]. Як адзначаў у сваіх нататках сярэдзіны ХIХ ст. генерал–маёр генеральнага штаба расійскай арміі Міхаіл Без–Карніловіч, ва Ўсвятах жылі таксама і гарбары, што займаліся вырабам скур, якія потым прадавалі пад час мясцовых кірмашоў (кірмашы ў мястэчку ладзіліся тры разы на год: на Купалле, Спаса і 26 верасня ў дзень Св.Івана)[3].

Аляксей Сапуноў нарадзіўся ў сям’і небагатага купца і сялянкі. «Бацька мой — купец 3–й гільдыі, маці — сялянка м.Усвяты Наталля Казлова. Продкі мае — і па бацьку, і па маці — сяляне і толькі дзед (па бацьку) выкупіўся на волю ў канцы 50–х гадоў. Выдатных людзей у родзе не было», — пісаў Сапуноў наконт свайго паходжання ў лісце, накіраваным ім у Пецярбург 25 лютага 1913 г. у адказ на запыт вядомага гісторыка літаратуры Сямёна Афанасьевіча Венгерава, укладальніка шматтомавага «Крытыка–біяграфічнага слоўніка рускіх пісьменнікаў і вучоных»[4]. Магчыма, менавіта гэты запыт славутага расійскага бібліёграфа падштурхнуў віцебскага гісторыка больш шчыльна прыступіцца да вывучэння гісторыі свайго роду, да складання ўласнага радаводнага дрэва. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, Аляксею Парфенавічу не ўдалося тады сабраць шмат звестак пра сваіх продкаў. Архіў Усвяцкай эканоміі, куды гісторык звярнуўся праз свайго родзіча жыхара Ўсвятаў Міхаіла Сапегіна і дзе спадзяваўся знайсці дакументы пра прыгонных сялянаў мястэчка, да пачатку ХХ ст. быў ужо амаль цалкам знішчаны некалькімі папярэднімі пажарамі[5]. Таму аднавіць свой радавод «па мячы» Сапунову ўдалося толькі да асобы прадзеда Івана Сапунова, а «па кудзелі» яшчэ менш — да дзеда Трафіма Казлова. Грунтуючыся на звестках сямейнага падання, Сапуноў у запісах свайго прыватнага архіва адзначыў, што сапраўднае прозвішча ягонага прадзеда з боку бацькі было не Сапуноў, а Палякоў, і што быў ён не карэнным насельнікам Усвятаў, а прыхаднем з Духаўшчыны — павятовага места суседняй Смаленскай губерні. Чалавек гэты ўвесь час соп, за што атрымаў ад сучаснікаў мянушку Сапун, якая пазней стала прозвішчам ягоных нашчадкаў.

Іван Сапуноў (Палякоў) меў чатырох сыноў — Данілу, Уласа, Барыса і Фрола, больш падрабязныя звесткі пра якіх мне пашчасціла адшукаць у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў інвентары маёнтка Ўсвяты за 1846 г.[6]. Маёнтак Усвяты апроч аднайменнага мястэчка ўключаў у сябе тады яшчэ 8 фальваркаў і 69 вёсак, і ў згаданы архіўны дакумент былі ўпісаны пасямейныя спісы прыгонных сялянаў памешчыка А.Пацёмкіна з паказаннем узросту кожнай асобы. Апрацоўка гэтай надзвычай важнай архіўнай крыніцы дала магчымасць значна пашырыць асабовы склад укладзенага Сапуновым уласнага радаводнага дрэва, а таксама ўдакладніць або вызначыць увогуле не вядомыя раней даты нараджэння асобных персаналіяў.

Аднак дакумент гэты не толькі ліквідаваў старыя пытанні, але і прымусіў паставіць новыя. У спісе сялянаў мястэчка Ўсвяты знаходзім звесткі пра вялікія патрыярхальныя сем’і (што ўключалі ў свой склад і сем’і ўжо дарослых дзяцей) толькі трох сыноў Івана Сапунова: Уласа, Барыса ды Фрола. Дамы ўсіх трох братоў стаялі недалёка адзін ад аднаго на «вуліцы каля рынку»[7]. Аднак ніякіх звестак пра чацвёртага брата — Данілу Іванавіча Сапунова, дзеда Аляксея Парфенавіча, інвентар Усвятаў не ўтрымлівае. Магчыма, Даніла Сапуноў не трапіў у спіс прыгонных сялянаў мястэчка таму, што ў той час ужо выкупіўся на волю. Праўда, гэтыя звесткі не надта стасуюцца з дадзенымі самога А.П.Сапунова («дзед <…> выкупіўся на волю ў канцы 50–х гадоў»), аднак архіўныя дакументы — рэч упартая, і ў дадзеным выпадку, відаць, больш веры выпадае даць усё ж ім.

Як бы тое ні было, Даніла Сапуноў меў трох сыноў — Парфена, Васіля і Сцяпана — і дзвюх дачок — Наталлю і Марфу. Прафесійным заняткам гэтага пакалення роду стаў гарбарны промысел. У «Ведамасці заводам і фабрыкам Віцебскай губерні» за 1866 г. сустракаем звесткі пра гарбарныя заводы, адчыненыя ў мястэчку Ўсвяты купцамі 2–й гільдыі братамі Сапуновымі «Парфенціем і Васілём», а таксама селянінам–уласнікам Захарам Сапуновым (сынам Уласа)[8].

Прадпрыемства бацькі Аляксея Парфенавіча было невялікае (разлічанае толькі на двух рабочых) і размяшчалася, хутчэй за ўсё, у тым жа доме, дзе жыла сям’я. Уражанні дзяцінства пакінулі глыбокі след у душы Аляксея. Паводле ўспамінаў Мікалая Багародзкага, Сапуноў на працягу ўсяго свайго далейшага жыцця любіў пасыпаць дарожкі ў сваім садзе пахучай дубовай карой (якая, як вядома, выкарыстоўваецца ў працэсе вырабу скур). Пры гэтым ён заўсёды казаў сваім гасцям, што гэты пах яму родны і надта для яго здаровы[9].

Пра сваю маці Наталлю Трафімаўну Сапуноў захаваў самыя цёплыя ўспаміны. Да канца жыцця ён зберагаў у сваім працоўным кабінеце два яе партрэты[10]. Маці Аляксея Парфенавіча паходзіла з роду ўсвяцкіх сялянаў Казловых. Пра яе бацьку вядома няшмат. Трафім Ціханавіч Казлоў памёр, пакінуўшы пяцёра дзяцей, рана, у жніўні 1831 г. на 35–м годзе жыцця пад час першай у Расійскай імперыі эпідэміі халеры, якая яшчэ ў траўні месяцы пачала сваё смяротнае шэсце па паселішчах Віцебскай губерні. Жонка Трафіма Ксенія Сцяпанаўна памерла ў сакавіку 1866 г. ва ўзросце 66–ці гадоў[11].

Вялікай заможнасцю сям’я ўсвяцкага купца Парфена Сапунова не вылучалася. Аднак бацька будучага гісторыка, па трапнай адзнацы Ў.К.Стукаліча, быў чалавекам, які цаніў «карысць адукацыі» і змог даць сваім дзецям добрае выхаванне[12]. Пра лёс дзвюх дачок Парфена Сапунова — Агаф’і і Феадоры — цяпер не вядома нічога. Няшмат звестак захавалася і пра ягонага старэйшага сына Івана, які загінуў на Каўказе, трапіўшы ў правал пры ўзыходжанні на гару Машук[13]. Затое малодшы сын Пётр (прынамсі, як і сярэдні Аляксей) атрымаў універсітэцкую адукацыю, пасля чаго пэўны час працаваў выкладчыкам геаграфіі і прыродазнаўства ў Віцебскай жаночай Марыінскай гімназіі[14].

Як адзначаў А.П.Сапуноў у сваім ужо згаданым лісце да С.А.Венгерава, пачатковую адукацыю ён атрымаў «ва ўсвяцкай сельскай школе». Хутчэй за ўсё, пад назовам «сельская школа» ён меў на ўвазе народнае вучылішча, што існавала ва Ўсвятах з 1845 г. Прыходскі свяшчэннік навучаў у ім сялянскіх хлопчыкаў пісьму і закону Божаму, іншыя ж навукі выкладаліся асобным настаўнікам, што ўтрымліваўся за кошт Усвяцкай эканоміі[15]. Як успамінаў А.Сапуноў, навучанне ў вучылішчы «ішло ў царкоўным духу, аднак апроч закона Божага і чытання царкоўна–славянскіх кніг мы дастаткова добра ведалі і арыфметыку, якую талкова выкладаў дыякан»[16].

Пройдзе паўстагоддзя, і спецыяльным рашэннем Сената, датаваным 31 сакавіка 1911 г., унук прыгонных сялянаў мястэчка ўсвяты Аляксей Сапуноў будзе прызнаны ў патомнай дваранскай годнасці з правам унясення ў трэцюю частку дваранскай радаводнай кнігі Віцебскай губерні[17]. Талент і працавітасць вучонага, яго актыўная грамадская пазіцыя будуць належным чынам адзначаны. Аднак усё гэта прыйдзе значна пазней. А пакуль што, сабраўшы нешматлікія рэчы хлопчыка, бацька павёз Лёшу па навуку ў губернскі Віцебск, у мясцовую мужчынскую Аляксандраўскую гімназію. Ішоў 1862 год.

[1] У літаратуры пра Сапунова даволі распаўсюджаны іншы год ягонага нараджэння — 1851. Аднак я схільная прытрымлівацца 1852 г., на карысць чаго сведчаць як некаторыя архіўныя дакументы (напрыклад, уласнаручныя анкеты А.П.Сапунова з фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці (ф.204, воп.1, спр.205, арк.22, 23)), так і ўскосныя дадзеныя (напрыклад, тое, што пад час вучобы ў трэцім класе гімназіі яму было 13 гадоў, а ў 1914 г. Е.Р.Раманаў віншаваў яго з 62–годдзем (Перапіска А.П.Сапунова з Е.Р.Раманавым // Віцебскі сшытак. 2000. №4. С.65)).

[2] Ведомость Департамента мануфактур и внутренней торговли о фабриках и заводах Белоруссии. 1823 г. // Белоруссия в эпоху феодализма. Т.3. Мінск, 1961. С.342.

[3] Военно–статистическое обозрение Российской империи. Т.VIII. Часть 1. Витебская губерния. С.–Петербург, 1852. С.222.

[4] Віцебскі абласны краязнаўчы музей (далей — ВАКМ), КП 7285(1).

[5] ВАКМ, КП 7285(1)/7.

[6] НГАБ, ф.2635, воп.1, спр.1638.

[7] НГАБ, ф.2635, воп.1, спр.1638, арк.239—240.

[8] Памятная книжка Витебской губернии на 1866 год. С.–Петербург, 1866. С.124.

[9] Багародзкі М. А.П.Сапуноў і значэньне яго прац па дасьледаваньню Віцебшчыны // Віцебшчына. Пад рэд. М.І. Касьпяровіча. Т.1. Віцебск, 1925. C.76.

[10] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці (далей — ДАВВ), ф.1947, воп.1, спр.11, арк.71.

[11] ВАКМ, КП 7285(1)/7.

[12] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. К 25–летию его ученой и литературной деятельности. Витебск, 1905. С.1.

[13] Звесткі прыводзяцца паводле ўспамінаў Ефрасінні Міхайлаўны Плясковай (народжанай Сапуновай), якія былі запісаны аўтарам гэтага матэрыялу ў м.Усвяты 5 чэрвеня 1986 г.

[14] Памятная книжка Витебской губернии на 1889 г. Витебск, 1889.

[15] НГАБ, ф.2635, воп.1, спр.1638, арк.9.

[16] ВАКМ, КП 7285(1)/7.

[17] У трэцюю частку радаводных кніг уносілася выслужанае на грамадзянскай службе дваранства. Асабістае дваранства ў Расійскай імперыі надавалася пры дасягненні 9–га класа «Табелі аб рангах», патомнае — 4–га класа (сапраўдны стацкі саветнік). Арыгінал пасведчання аб наданні А.П.Сапунову патомнага дваранства захоўваецца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея (КП 7285/3).