Вярнуўшыся ў Віцебск, гісторык зноў пасяліўся на Духаўской вуліцы, аднак ужо не ва ўласным доме, які ён, відаць, прадаў, а ў доме Цяпкіна. Па звестках «Памятных кніжак Віцебскай губерні», тут жа размяшчаўся і губернскі статкамітэт[1], дзе з 24 кастрычніка 1901 г. да 25 кастрычніка 1907 г. Аляксей Сапуноў працаваў на пасадзе сакратара.
Паводле «Палажэння», статкамітэты ствараліся ва ўсіх губернскіх гарадах пад старшынствам губернатараў і складаліся з памочніка старшыні, неадменных, сапраўдных і ганаровых сяброў, а таксама сакратара. Іх асноўным абавязкам быў збор «дакладных статыстычных звестак пра колькасць і якасць земляў, народанасельніцтва і вытворчыя сілы губерні і праверка і апрацоўка гэтых звестак па аднастайных формах, вызначаных міністэрствам унутраных спраў»[2]. Пад кіраўніцтвам Цэнтральнага статыстычнага камітэта быў праведзены перапіс насельніцтва 1897 г. і штогод выдаваліся звесткі пра землеўладанні, перамяшчэнні насельніцтва, размеркаванне пасяўных плошчаў, разлікі на ўраджай, колькасць жывёлы ў сельскай гаспадарцы, пажары і г.д. Неадменнымі сябрамі статкамітэтаў лічыліся губернскі маршалак, віцэ–губернатар, гарадскі галава, кіраўнікі розных казённых ведамстваў, дырэктар губернскай гімназіі, прадстаўнікі духоўных кансісторый праваслаўнага і каталіцкага веравызнанняў, а таксама іншыя афіцыйныя асобы, ад якіх залежала своечасовая і дакладная падача неабходных для далейшай апрацоўкі зыходных статыстычных звестак. Сапраўднымі сябрамі абіраліся тыя, хто сваімі ведамі і кругаглядам мог быць карысны камітэту. Ганаровымі ж сябрамі станавіліся, як правіла, асобы, якія падтрымлівалі развіццё губернскай статыстыкі грашыма. Па сутнасці, асноўнай асобай, ад якой шмат у чым залежаў поспех рэальнага ходу спраў, быў сакратар статкамітэта, які прызначаўся губернатарам і за выкананне сваіх абавязкаў атрымліваў «оклад жалованья» ў памеры 750 рублёў. У § 616 «Палажэння пра губернскія статыстычныя камітэты» акрэсліваліся патрабаванні, якім павінен быў адпавядаць сакратар. У прыватнасці, адзначалася, што перавага аддаецца «асобам, якія маюць вучоныя ступені або, па меншай меры, скончылі поўны курс навук у вышэйшых навучальных установах»[3].
Аляксей Сапуноў з імпэтам узяўся за новую працу. «Сапуноў ужо ў Віцебску і будзе шмат працаваць», — пісаў у сваім лісце да Яўхіма Карскага ад 15 снежня 1901 г. Еўдакім Раманаў. І дадаваў далей: «Запрашаю яго выдаць спісы населеных месцаў і ўрочышчаў Віцебскай губерні. Яны ў мяне ёсць, а ён — сакратар статыстычнага камітэта і справа як–небудзь зладзіцца»[4]. Сапраўды, Сапуноў прыняў гэтую ідэю свайго даўняга сябра і стаў рэдактарам грунтоўнага даведніка «Спіс населеных месцаў Віцебскай губерні», які выйшаў у свет у 1906 г. і ў які ўвайшлі 24 734 назвы населеных пунктаў з указаннем імёнаў і веравызнання іх уладальнікаў, колькасці зямлі і насельнікаў, а таксама адлегласці ад губернскага горада, цэнтра павета і валаснога праўлення. У сувязі з тым, што значная колькасць аб’ектаў, апісаных у «Спісе», не дайшла да нашага часу (маёнткі, двары, фальваркі, засценкі і г.д.), гэтая праца мае надзвычайную каштоўнасць для сучасных даследчыкаў гісторыі краю.
Яшчэ адзін зборнік — «Землеўладанне і землеўладальнікі Віцебскай губерні ў 1905 годзе» — быў складзены па ініцыятыве Цэнтральнага статыстычнага камітэта і выйшаў у свет пад рэдакцыяй Сапунова ў 1907 г. У даведніку прыводзіліся дадзеныя, сабраныя ў выніку запытаў, разасланых па ўсіх паветах і валасцях у чэрвені 1905 г. з просьбай «сабраць дакладныя сучасныя звесткі аб размеркаванні землеўладання ў Віцебскай губерні», а таксама аб землеўладальніках і велічыні зямельных надзелаў.
Адным з кірункаў дзейнасці губернскіх статкамітэтаў быў яшчэ «абавязак клапаціцца пра складанне, па меры магчымасцяў, <…> падрабязных апісанняў губерняў, гэтаксама, як і частак іх, таксама гарадоў і асабліва чым–небудзь выдатных у губерні мясцовасцяў, у адносінах тапаграфічных, гістарычных, прамысловых, гандлёвых, сельскагаспадарчых і інш., і пра выданне прац сваіх у свет»[5]. Дзеля гэтага друкаваная плошча давалася на старонках афіцыйнага органа кожнай губерні — газеты «Губернскія Ведамасці», а таксама статкамітэтам дазвалялася выпускаць уласныя выданні — «Памятныя кніжкі» і разнастайныя брашуры. Віцебскі губернскі статкамітэт у канцы XIX ст. вельмі часта меў праблемы з наяўнасцю навуковых прац, прыдатных да друку, у сувязі з чым не аднойчы звяртаўся да сваіх сапраўдных і неадменных сяброў з просьбай прыняць актыўны ўдзел у гэтай справе[6].
Аляксей Сапуноў і раней неаднаразова друкаваў свае творы на старонках «Памятных кніжак Віцебскай губерні». Заняўшы пасаду сакратара камітэта, ён стаў рэдактарам–складальнікам усіх «Кніжак», што выйшлі за гэты час (у 1902, 1903, 1904, 1905 і 1908 г.), а таксама практычна адзіным аўтарам іх так званай неафіцыйнай часткі. Пакінуўшы на пэўны час у баку свае гістарычныя зацікаўленні, Сапуноў напісаў серыю аглядных артыкулаў, якія тычыліся сучаснага яму стану губерні: «Кустарная прамысловасць у Віцебскай губерні» (1903), «План г.Віцебска і тлумачэнні да плана» (1904), «Перыядычны друк Віцебскай губерні» (1904), «Агульныя звесткі па Віцебскай губерні» (1907).
Аднак найбольшую цікавасць для самога навукоўцы мела, трэба меркаваць, праца над выданнем «Помнікі часоў найстаражытнейшых і найноўшых у Віцебскай губерні», якім Сапунову давялося займацца адразу ж пасля прызначэння на пасаду сакратара статкамітэта. Справа ў тым, што 6 верасня 1901 г. міністр унутраных спраў накіраваў «губернатарам, граданачальнікам і обер–паліцмайстарам» цыркуляр, у якім прасіў падаць поўныя спісы ўсіх помнікаў даўніны, што меліся ў губерні і павінны былі ахоўвацца дзяржавай. «Паводле дзейнага заканадаўства», у Расійскай імперыі забаранялася «разбураць рэшткі старажытных замкаў, крэпасцяў, помнікаў і іншых будынкаў старажытнасці»[7], аднак бяда была ў тым, што нават да пачатку ХХ ст. не склалі адпаведнага рэестру помнікаў, якія падлягалі ахове. Першыя захады па зборы звестак пра помнікі даўніны адносяцца яшчэ да першай трэці XIX ст., аднак выкананне справы тады даручалася «знаўцам» ад мясцовых паліцэйскіх уладаў, таму сур’ёзных вынікаў такой працы чакаць не даводзілася. Наадварот, прыцягненне ўвагі да старадаўніх помнікаў, большасць з якіх знаходзілася ў дрэнным фізічным стане, часта прыводзіла проста да іх знішчэння.
На выкананне цыркуляра 1901 г. міністр унутраных спраў адводзіў адказным за тое асобам паўгода. Віцебскі губернатар Іван Чэпелеўскі пераадрасаваў справу сакратару статкамітэта Аляксею Сапунову і не памыліўся ў сваім выбары. З характэрнай для яго руплівасцю навуковец не толькі склаў спіс найбольш адметных помнікаў губерні ў адпаведнасці з рознымі катэгорыямі (найбольш старажытныя храмы, храмы–помнікі, уласна помнікі, Барысавы камяні, рэшткі замкаў, капліцы найноўшага часу), але і зрабіў падрабязныя іх апісанні, прывёў звесткі з гісторыі, а таксама змясціў іх фатаграфічныя выявы ці чарцяжы. Па сутнасці, гэтая праца Сапунова стала першым грунтоўным выданнем, разлічаным на шырокага чытача, якое прыцягвала б увагу да тых помнікаў старасветчыны Віцебшчыны, якія патрабавалі да сябе больш ашчадных адносінаў і фіксаваліся б у масавай свядомасці менавіта як помнікі даўніны[8].
Напрыканцы 1905 г. у №134—141 «Віцебскіх Губернскіх Ведамасцяў» быў змешчаны артыкул Уладзіміра Казіміравіча Стукаліча пад назваю «А.П.Сапуноў. Да 25–годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці», а ў №148 — бібліяграфічны паказальнік прац віцебскага краязнаўцы. Так неўпрыкмет за інтэнсіўнай даследчай працай і будзённымі клопатамі прайшла большая частка жыцця і чвэрць стагоддзя навуковай дзейнасці, якія прынеслі некалі простаму гімназічнаму настаўніку класічных моў шырокае прызнанне ў навуковым свеце, а таксама вядомасць і аўтарытэт сярод мясцовага грамадства. «Жыццё А.П.Сапунова не багатае на знешнія падзеі,— пісаў у сваім артыкуле Стукаліч, — але поўнае ўнутранага зместу, бескарыслівай любові да навукі і радзімы і нястомнай разумовай дзейнасці, якая суправаджалася багатымі вынікамі для навукі і, быць можа, для росту мясцовай самасвядомасці <…> Калі цяпер Віцебск вылучаецца сярод губернскіх гарадоў параўнальна ажыўленай навуковай і літаратурнай дзейнасцю, немалая частка заслуг у гэтым прыпадае на долю А.П.Сапунова, які з няўхільнай настойлівасцю развіваў думку пра неабходнасць мясцовых вывучэнняў, мясцовай літаратурнай і навуковай творчасці і служыў гэтаму прынцыпу словам і справай»[9].
Адзначыўшы такую праблему, як усё ж недастатковае знаёмства шырокіх колаў мясцовага грамадства з шматграннай творчасцю гісторыка, далей у сваім артыкуле Стукаліч прывёў кароткую характарыстыку ягоных асноўных твораў, якую завяршыў наступным падсумаваннем: «З прыведзенага нарыса чытачы нашы бачаць, якая шырокая і разнастайная навуковая і літаратурная дзейнасць А.П.Сапунова. Ад ягонага дапытлівага позірку не схавалася ніводная важная з’ява, ніводны буйны бок гістарычнага жыцця віцебска–полацкага краю. Гісторыя палітычная; гісторыя рэлігійнай барацьбы і рэлігійнага жыцця; гісторыя і сучасны стан адукацыі; старажытныя святыні, рэшткі мінулых стагоддзяў і помнікі найноўшых часоў; зрэшты, рачныя шляхі краю, іх эканамічнае значэнне ў мінулыя часы, іх сучасны стан і іх верагодная будучыня, — нішто не забытае, усё распрацавана з неаслабным цярпеннем і руплівасцю, паўсюль адчуваецца адна ўладарная думка, адно пануючае пачуццё, паўсюль бачны сляды розуму праніклівага і вострага, асцярожнага і ўважлівага, які заўсёды лічыцца з патрабаваннямі самай строгай крытыкі»[10].
Афіцыйнае святкаванне юбілею гісторыка было прызначана на 15 студзеня 1906 г. Аднак Аляксей Сапуноў, як пра гэта паведамлялі «Віцебскія Губернскія Ведамасці», каб пазбегнуць пышнага ўшанавання, з’ехаў на гэты дзень з Віцебска. Прыхільнікі, сябры і знаёмыя наведалі кватэру гісторыка, прынеслі свае віншаванні, аднак не знайшлі яго дома. На імя Сапунова ў той дзень прыйшло шмат тэлеграм ад прыватных асобаў і розных устаноў: князя Мяшчэрскага, баранесы Лепель, Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, Віленскай публічнай бібліятэкі і інш. «Радзіміцкая Беларусь б’е чалом беларускаму Нестару за доблесную 25–гадовую службу абяздоленай радзіме»,— так пранікнёна павіншаваў сябра Еўдакім Раманаў, што жыў тады ў Магілёве. Князь Цеханавецкі даслаў з Бачэйкава наступную тэлеграму: «Шлю шчырыя віншаванні паважанаму нашаму гісторыку з пажаданнем доўгіх гадоў для прадаўжэння ягонай карыснай працы»[11].
Напярэдадні юбілею Уладзімір Стукаліч звярнуўся да тагачаснага прафесара Кіеўскага універсітэта Мітрафана Доўнар–Запольскага, з якім Сапуноў быў знаёмы яшчэ па Маскве (з 1896 г. Доўнар–Запольскі быў сакратаром археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, а з 1899 г. — прыват–дацэнтам гістарычна–філалагічнага факультэта Маскоўскага універсітэта), з просьбай выказаць свае думкі пра дзейнасць юбіляра. Доўнар–Запольскі з задавальненнем адгукнуўся і даслаў свой ліст, змешчаны Стукалічам у юбілейным нарысе і варты таго, каб працытаваць ягоную значную частку: «Навуковую дзейнасць А.П.Сапунова трэба разглядаць, па–першае, у дачыненні да таго часу, калі яна пачалася, па–другое, трэба ўзважыць агульныя яе вынікі. Дваццацігадовая навуковая дзейнасць Аляксея Парфенавіча — гэта ёсць праца вучонага, жыццё якога прайшло ў глухой правінцыі; гэта дзейнасць suo motu, якая вынікала выключна з жадання ўнесці сваю пасільную лепту ў навуковую скарбніцу; пры ўсім тым праца Аляксея Парфенавіча працякала без усялякай надзеі на матэрыяльны або які–небудзь іншы поспех прыватнага характару. Гэтыя знешнія ўмовы нельга не цаніць; правінцыйны горад дваццаць — трыццаць гадоў таму ўтрымліваў для маладога чалавека надта шмат спакусаў і не лёгка было ўтрымацца, каб не загразнуць у правінцыйнай ціне. Цяпер у правінцыйных гарадах завяліся музеі, навуковыя таварыствы, напрыклад, навуковыя архіўныя камісіі і інш. Аднак увесь гэты рух вельмі новы і малады; А.П.Сапуноў стаў піянерам правінцыйнай навукі. Трэба і яшчэ дадаць: дваццаць гадоў назад чыноўнік нашага краю, які займаўся навукай ды яшчэ служыў у міністэрстве народнай асветы, быў на дрэнным уліку, яму пагражала паніжэнне па службе, або нават звальненне… Працаваць на навуковай ніве пры такіх умовах ужо з’яўляецца заслугай, і немалой.
Пераходжу цяпер непасрэдна да прац А.П.Сапунова. На першым плане стаіць «Віцебская даўніна». Яна яшчэ не скончана, але важнае навуковае значэнне гэтага выдання па–за сумненнем <…> Не буду спыняцца на іншых працах А.П.Сапунова. Скажу толькі, што той, хто вывучае гісторыю нашага краю, не можа абысціся без гэтых прац: ён знойдзе тут шмат важнага матэрыялу і нямала думак, якія робяць гонар іх аўтару.
Успамінаючы факты, што тычацца дзейнасці А.П.Сапунова, я не магу адагнаць ад сябе думку, якой і хачу падзяліцца. Наш край можа ганарыцца шэрагам паважаных навуковых імёнаў, як імёны пп.Сапунова, Спрогіса, Раманава, Нікіфароўскага і інш. Аднак, на жаль, дзейнасць усіх гэтых працаўнікоў не аб’яднаная. Час ужо падумаць пра заснаванне мясцовага навуковага гістарычна–этнаграфічнага таварыства. Такому таварыству належыць быць у Віцебску, дзе больш навуковых сілаў»[12].
Сапраўды, ідэя стварэння навуковай гістарычна–краязнаўчай арганізацыі ў Віцебску, што называецца, насілася ў паветры. Аднак 3 чэрвеня 1907 г. выйшаў царскі маніфест аб роспуску II Дзяржаўнай Думы і абвяшчэнні ўвосень новых выбараў. Сапуноў стаяў на парозе чарговага этапу свайго жыцця.
[1] Цікава, што ў 1903 г. Сапуноў падаў заяву ў Віцебскую гарадскую думу, у якой хадайнічаў аб перадачы яму ў арэнду кавалка гарадской зямлі, «размешчанага на працягу Пушкінскай вуліцы і спуску да Віцьбенскага драўлянага маста» для будаўніцтва на ім жылога дома. Дэпутаты думы далі сваю згоду на перадачу зямлі ў арэнду тэрмінам на 6 гадоў, аднак з падпісаннем кантракта ўстрымаліся «да канчатковага вырашэння пытання пра асвятленне горада, таму што кавалак зямлі, які просіць Сапуноў, вызначаны ў ліку іншых месцаў для пабудовы на ім электрастанцыі» (НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.612, арк.951—952).
[2] Сапунов А. Исторический очерк 50–летия Витебскаго Губернскаго Статистическаго Комитета (22 сентября 1863 — 22 сентября 1913 г.). Витебск, 1913. С.31.
[3] Сапунов А. Исторический очерк… С.33.
[4] Цыт. па: Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси. С.154.
[5] Сапунов А. Исторический очерк 50–летия Витебскаго Губернскаго Статистическаго Комитета (22 сентября 1863 — 22 сентября 1913 г.). С.31.
[6] Гл., напрыклад: Отчет о действиях и занятиях Витебскаго губернскаго статистическаго комитета за 1895 г. Витебск, 1896. С.12.
[7] Сапунов А.П. Памятники времен древнейших и новейших в Витебской губернии. Витебск, 1903. С.1.
[8] Наконт тагачасных стэрэатыпаў свядомасці варта прыгадаць хоць бы словы А.М.Семянтоўскага, які пра Віцебск сярэдзіны мінулага стагоддзя пісаў: «Ні ў самім горадзе, ні ў ваколіцах яго мы не знаходзім колькі–небудзь выдатных помнікаў даўніны; нават знешнасць горада ніколькі не нагадвае пра ягоны дзевяцівяковы ўзрост <…> Разглядаючы чароўную панараму Віцебска, мы не знаходзім ні руінаў замкаў, ні слядоў умацаванняў, ні помнікаў старадаўняга дойлідства і архітэктуры» (Сементовский А.М. Витебск. Исторический очерк // Памятная книжка Витебской губернии на 1864 год. С.–Петербург, 1864. С. 43—44)
[9] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. С.1—2.
[10] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. С.26.
[11] ВАКМ, КП 7285/3.
[12] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. С.28—29.