Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Дэпутат Думы

Выбары дэпутатаў у III Дзяржаўную Думу адбыліся ў Віцебску 14 кастрычніка 1907 г. У вышэйшую законарадчую ўстанову Расійскай імперыі 106 выбаршчыкаў Віцебскай губерні абралі 6 дэпутатаў: сялянаў Васіля Амасёнка і Міхаіла Ермалаева, сябра «губернского присутствия» Парфірыя Дапельмайера, сельскага гаспадара Мікалая Яўрэінава, настаяцеля Люцынскага гарадскога сабора протаіерэя Фёдара Нікановіча і сакратара губернскага статыстычнага камітэта Аляксея Сапунова.

21 кастрычніка 1907 г. загадам віцебскага губернатара Сапуноў па ўласным прашэнні быў звольнены ад абавязкаў сакратара статкамітэта, бо трэба было збірацца ў Пецярбург — новая Дума мусіла пачаць сваю працу ўжо 1 лістапада. «Дзень адкрыцця 3–й Думы, хмурны, шэры дзень,— пісаў відавочца.— Па вуліцах штодзённая мітусня. Нічога святочнага, важнага. Не відаць нават сцягоў — гэтых нязменных знакаў казённай урачыстасці. «Ажыўленне» прыкметнае толькі на вуліцах, што прылягаюць да Таўрычаскага палаца. Тут яшчэ з ранку снуюць узад і ўперад чароды паліцэйскіх. Чым бліжэй да палаца, тым гусцейшы становіцца шэраг паліцэйскіх. Месцамі яны стаяць адзін ад аднаго ў дзесяці кроках. Надта многа паліцэйскіх афіцэраў усіх разрадаў. З 10–й гадзіны дня нікога не пускаюць ісці і ехаць каля Таўрычаскага палаца. Пачынаюць збірацца дэпутаты»[1].

Самай шматлікай партыяй III Дзяржаўнай Думы была партыя акцябрыстаў («Союз 17 октября»). Менавіта да яе па сваіх палітычных перакананнях належаў Аляксей Сапуноў. Прычым, самі акцябрысты падзяляліся на правых, цэнтрыстаў і левых. Сапуноў далучаўся да правага крыла[2]. Жыў ён у Пецябургу спачатку на вуліцы Таўрычаскай (у дамах № 27 і 33), а ў 1911 г. — на Кавалергардскай, дом 12[3].

Пра сваю дзейнасць у Думе віцебскі краязнаўца пісаў С.Венгераву ў 1913 г.: «Чатыры гады працаваў я ў Дзяржаўнай Думе. Два пытанні асабліва цікавілі мяне: чыншавае, або арэнднае пытанне і ўвядзенне земства ў Заходнім краі. Я — не аратар, аднак давялося гаварыць разоў 6. Да вялікага майго і маіх выбаршчыкаў задавальнення, Дзяржаўная Дума абодва вышэйзгаданыя законы правяла паспяхова да канца, і менавіта так, як хацелі мае выбаршчыкі і я. Праўда, Дзяржаўны Савет значна змяніў гэтыя законапраекты, змяніў, з нашага пункту гледжання, не да лепшага; аднак і ў цяперашнім іх выглядзе яны, бясспрэчна, карысныя»[4]. Паколькі тэксты прамоў Сапунова ў Дзярждуме захаваліся да нашага часу (а надрукаваны яны былі не толькі ў стэнаграмах пасяджэнняў, але і ў «Віцебскіх Губернскіх Ведамасцях», а таксама ў выглядзе асобных брашур), паспрабуем разгледзець іх больш падрабязна.

На пачатку 1908 г. Аляксей Парфенавіч Сапуноў выступіў ініцыятарам праекта закона аб урэгуляванні арэнднага пытання, маючы на ўвазе даўнюю праблему гарадоў і мястэчак так званых Заходніх губерняў — трансфармацыю старадаўняга чыншавага права (вечнай фіксаванай арэнды) у арэнднае, што прыводзіла да драпежнага рабавання арандатараў землеўласнікамі, якое расло з году ў год, і крайняга абвастрэння адносін паміж імі. У законе прадугледжваўся выкуп дзяржавай усіх земляў чыншавікоў, якія потым на працягу 30 гадоў павінны былі часткамі выплочваць грошы за зямлю ў казённую скарбніцу. Свой праект закона «Аб ліквідацыі ў Беларусі рэштак чыншавага ўладання і спароджанага ім гарадскога арэнднага ўладання» Сапуноў павінен быў унесці ў Думу на яе 20–м пасяджэнні 15 студзеня 1908 г. Вось што пісаў пра гэта ў сваім дзённіку дэпутат ад Віцебскай губерні айцец Фёдар Нікановіч: «У сённяшняе 20–е пасяджэнне Думы меркаваў выступіць з думскай трыбуны з прамовай з нагоды законапраекта аб чыншавым праве, складзенага нашым віцебскім дэпутатам Думы А.П.Сапуновым. Толькі за некалькі гадзінаў да пасяджэння атрымаў наказ з Віцебска неадменна выступіць з прамовай па гэтым прадмеце ў абарону інтарэсаў духоўнага ведамства. Спешна і напружана давялося рыхтавацца, вывучаць чыншавае пытанне і дасланы з Віцебска некаторы матэрыял. З п.Сапуновым абмяняліся ветлівасцямі і абяцаннем нікога ў прамовах не чапаць, а толькі зводзіць справу да перадачы законапраекта ў камісію. Аднак за недахопам часу даклад чыншавага законапраекта адкладзены да наступнага пасяджэння Думы»[5].

Наступнае, 21–е пасяджэнне прайшло 17 студзеня, і на ім Сапуноў выступіў з вялікай прамовай, якую падмацаваў канкрэтнымі прыкладамі са спраў, што разглядаліся ў Віцебскім акруговым судзе. Ён адзначыў, што ў Беларусі пасля скасавання спрадвечнага чыншавага права ўладальнікі зямельных надзелаў цяпер у любы час могуць перапыніць дагавор арэнды і прымусіць знішчыць усе пабудовы, узведзеныя на зямлі колішнім чыншавіком. Прычым, напрыклад, у Віцебску з 6070 усіх домаўладанняў 5305 (або 87%) размяшчаліся на чужой зямлі. «З усяго вышэйсказанага, мяркую, зразумела, што стан арандатараў–чыншавікоў і былых чыншавікоў, што сёння воляю лёсу ператварыліся ў простых арандатараў,— казаў Сапуноў, — горш сумнай памяці прыгоннага права: прыгонныя тут людзі ўсіх званняў і станаў, усіх нацыянальнасцяў, усіх веравызнанняў»[6].

Пасля выступлення Сапунова пачаліся спрэчкі, і дзеля выпрацоўкі канчатковага рашэння па гэтым пытанні была створана спецыяльная камісія, пра якую айцец Нікановіч у сваім дзённіку пісаў наступнае: «8 сакавіка (1908 г. — Л.Х.), субота. Сёння ж адбылося першае пасяджэнне зноў сфармаванай чыншавай камісіі. Давялося трапіць у сябры гэтай малацікавай для мяне камісіі… Пасяджэнне камісіі на гэты раз абмежавалася выбарам старшыні і сакратара. На пасаду старшыні абраны Шыдлоўскі і сакратара Чэрэванскі, абодва знаўцы чыншавага пытання. Увайшоў у склад камісіі і ініцыятар чыншавага пытання А.П.Сапуноў»[7]. Варта адзначыць, што да самага канца чэрвеня, калі ў дэпутатаў пачаліся летнія вакацыі да сярэдзіны кастрычніка, камісія так і не здолела сабрацца больш ні на адно пасяджэнне[8]. Тым не менш, прэса ўзняла кампанію па абмеркаванні чыншавага пытання. Як праз некалькі гадоў Сапуноў згадваў у сваёй прамове ў Думе 2 красавіка 1911 г., «адны ўгледзелі ў ім прыхаванае прымусовае адчужэнне, іншыя — экспрапрыяцыю, а адна з польскіх газет проста назвала яго дэмагагічным»[9].

Вольны ад пасяджэнняў Думы і працы ў камісіях час Аляксей Сапуноў праводзіў у Пецярбургу як чалавек свецкі: не менш за два разы (13 лютага 1908 г. і 2 траўня 1909 г.) меў магчымасць з’явіцца перад «Ягонай імператарскай вялікасцю» ў Царскасельскім палацы, 10 снежня 1907 г. быў запрошаны на вечар да старшыні Савета міністраў Пятра Аркадзевіча Сталыпіна і ягонай жонкі Вольгі Барысаўны, наведваў сходы розных палітычных клубаў і партый[10]. Што тычыцца апошніх, то сярод іх варта адзначыць, безумоўна, «Саюз 17 кастрычніка», Клуб грамадскіх дзеячаў, а таксама «Клуб памяркоўных і правых», пра які айцец Нікановіч пісаў наступнае: «Яшчэ ў Віцебску, пасля выбараў, мною і іншымі сябрамі ад нашай губерні было атрымана запрашэнне ад „Клуба памяркоўных і правых“ прыбыць у Пецярбург дзён за 5—6 да адкрыцця Думы і наведаць гэты клуб (Мохавая, №6) <…> Клуб мэтаю сваёй мае „аб’яднаць дзейнасць правых і памяркоўных фракцый Думы і Дзяржаўнага Савета і грамадскіх дзеячаў, аблягчаць ім магчымасць абмеркавання пытанняў, якія ўзнікаюць у дзяржаўным і грамадскім жыцці“ і г.д.»[11]. Пад час працы ў Думе віцебскі гісторык не адмяжоўваўся і ад розных грамадскіх акцый: у ліку 50 дэпутатаў падпісаў заяву «Пра пенсіі настаўнікам і настаўніцам прыходскіх паводле статута 1828 г. вучылішчаў», а ў 1908 г. — зварот 75 дэпутатаў да літоўскага епіскапа Нікандра з просьбай прыняць на сябе пачын у справе ўзвядзення помніка князю Канстанціну Астрожскаму з нагоды ягонага 300–гадовага юбілею[12].

Аднак найбольшую значнасць і цікавасць для нас мае прамова, якую Аляксей Сапуноў прачытаў з трыбуны III Дзяржаўнай Думы 30 траўня 1909 г. Фармальна яна тычылася неабходнасці змянення парадку выбараў дэпутатаў Дзяржаўнага Савета ад 9 губерняў Заходняга краю, а па сваёй сутнасці стала сапраўдным маніфестам у абарону самавызначэння беларусаў. Справа ж заключалася ў тым, што 33 правыя дэпутаты Дзяржсавета ўнеслі заканадаўчую прапанову, каб змяніць закон аб выбарах у 9 губернях Заходняга краю, у якіх не было земскага самакіравання. Паводле тагачаснага закона, выбары праводзіліся губернскім з’ездам землеўладальнікаў, якія мелі неабходны зямельны цэнз. А паколькі буйнымі землеўласнікамі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы былі пераважна палякі, то ўсе 9 дэпутатаў Дзяржсавета таксама аказваліся палякамі, хоць агульны працэнт польскага насельніцтва ў гэтых губернях быў нязначны. Праект правых спадабаўся ўраду і ён унёс яго на разгляд Думы. Пасля абмеркавання Дума пагадзілася на гэтую перамену, аднак з умоваю, што не пазней як праз год у Заходніх губернях будзе ўведзена земскае самакіраванне, якое ў іншых губернях імперыі існавала ўжо больш за 40 гадоў.

На пасяджэнні Думы 30 траўня 1909 г. з прамовай па гэтым пытанні выступіў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Сутнасць ягонай прамовы зводзілася галоўным чынам да доказаў справядлівасці, своечасовасці і законнасці вырашэння ўзнятага пытання[13]. У сваім дакладзе ўсё няпольскае насельніцтва Заходніх губерняў ён прынцыпова называў «рускімі», як гэта было тады шырока прынята, паставіўшы тым самым па–за законам словы «беларусы» і «ўкраінцы».

Варта адзначыць, што праблемы «іншародцаў» — польскай, яўрэйскай і татарскай меншасцяў — час ад часу абмяркоўваліся на пасяджэннях Дзяржаўнай Думы. Аднак прапанова ўраўняць у правах усе нацыі, што жылі ў Расійскай імперыі, ніколі не знаходзіла там прынцыповага ўхвалення. Правыя дэпутаты звычайна сустракалі яе крыкамі, шумам, смехам, а Сталыпін на адным з пасяджэнняў сказаў, што трэба, «каб іншародцы перш палюбілі Расію, прызналі яе сваёй айчынай, а тады ім будуць дадзены правы, роўныя з рускімі»[14]. Першая беларуская газета «Наша Ніва» ўважліва сачыла за падзеямі, што адбываліся ў Думе ўвогуле, а ў сферы вырашэння нацыянальнага пытання — асабліва, і займала ў гэтай справе, як вядома, радыкальную пазіцыю. Пасля аднаго з чарговых абмеркаванняў пытання пра патрэбы «іншародцаў» на пачатку лета 1908 г. яна з’едліва і з роспаччу пісала: «Нашы беларускія дэпутаты, як адзін, маўчалі: ніхто і слова не сказаў пра беларускую нацыянальную справу. Ды ў гэтым няма ніякага дзіва: трэба ведаць, што нядаўна запанавала небывалая згода між „истинно–русскими“ і „истинно–польскими“ людзьмі. Яны зыйшліся ў думках сваіх на адным: ня трэба даваць беларусам прабудзіцца і пазнаць, што яны — беларусы, асобная нацыя, роўная другім, каторая мае свае ўласныя культурна–нацыянальныя патрэбы і жаданні. А як нашы дэпутаты–мужыкі належаць ўсе да „правых“, дык вось ні адзін прадставіцель Беларусі — ані мужык, ані памешчык, ані чыноўнік — не памыкаўся гаварыць у Думе пра беларускую нацыю»[15].

Пасля гэтага роспачнага выступлення «Нашай Нівы» прайшло менш за год, і 30 траўня 1909 г. з трыбуны Дзяржаўнай Думы прагучалі палымяныя словы: «Усе, нават самыя нязначныя народнасці, імкнуцца да „самавызначэння“; за імі ўсе прызнаюць права на гэта. Толькі адна народнасць, народнасць беларуская, не смее і думаць пра гэта». І сказаны яны былі не «дэпутатам–мужыком», а «чыноўнікам» Аляксеем Сапуновым[16], які на сваёй дарэвалюцыйнай біяграфіі яшчэ і да нашага часу мае ярлык адно толькі вернападданага манархіста і ярага прыхільніка праваслаўя.

Тут мы вымушаны вярнуцца крыху назад і ўзгадаць тыя факты з біяграфіі віцебскага гісторыка, што папярэднічалі ягонаму прыезду ў Пецярбург. Варта адзначыць, што яшчэ з маладосці Аляксей Сапуноў вызначаўся глыбокай і шчырай верай і прыхільнасцю да рэлігіі. Аднак ці варта гэта лічыць вялікай заганай выхавання чалавека, здаецца, вельмі пераканаўча даказалі дзесяцігоддзі панавання ў нашай краіне ваяўнічага атэізму. Тое ж, што артадаксальнае праваслаўе аказвала моцны ўплыў на ягоныя прафесійныя погляды — справа іншая. Сапраўды, яшчэ ў 1888 г. ва ўступным артыкуле да пятага тома «Віцебскай даўніны» Сапуноў разглядаў гісторыю Полацкай епархіі з выразна вызначаных тэндэнцыйна–клерыкальных пазіцый, што прыйшлося вельмі да густу вышэйшым царкоўным і ўрадавым колам дзяржавы (артыкул быў ахвотна перадрукаваны афіцыйнымі перыёдыкамі — «Віцебскімі Губернскімі» і «Полацкімі Епархіяльнымі Ведамасцямі», а таксама ажно двойчы выдадзены асобнай брашурай — у 1888 і 1889 г.).

На працягу некалькіх наступных гадоў жаданне Сапунова разглядаць «лёсы рускай народнасці ў Заходнім краі» праз прызму артадаксальнага праваслаўя па–ранейшаму неадменна прыводзіла яго да адлюстравання гістарычнага жыцця Беларусі ў «ягоным пастаянным імкненні да Вялікаросіі»[17]. Гэткае ж сцвярджэнне гісторыка прагучала і ў ягонай лекцыі, прачытанай 25 красавіка 1893 г. у зале Віцебскай гарадской думы, і ў артыкуле «Стагоддзе ўз’яднання Русі Белай з Вялікай» (1893), і ў брашуры «Гістарычныя адносіны Русі Белай і Вялікай» (1898).

Сапуноў лічыў М.В.Каяловіча Калумбам, які адкрыў рускаму грамадству Беларусь[18], і доўгі час знаходзіўся пад уплывам ягоных ідэй вялікадзяржаўнасці і манархізму як падставы для тлумачэння многіх момантаў феадальнай гісторыі Беларусі. У 1896 г. у духу традыцыйнай дваранскай гістарыяграфічнай традыцыі ім былі напісаны дзве брашуры — «Значэнне царавання імператрыцы Кацярыны II для Заходняга краю ўвогуле і Віцебскай губерні ў прыватнасці» і «Граф Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў–Віленскі» — адны назвы якіх гавораць ужо самі за сябе.

Аднак шматлікія паездкі ў Маскву, Пецярбург і Вільню, а таксама асабістае знаёмства з выдатнымі гісторыкамі і дзеячамі культуры свайго часу (Мітрафанам Доўнар–Запольскім[19], Браніславам Эпімахам–Шыпілам і інш.) значна паўплывалі на лібералізацыю поглядаў Сапунова. Пра эвалюцыю поглядаў віцебскага краязнаўцы на гістарычнае мінулае Беларусі як пра факт, які ўжо адбыўся, мы можам казаць на падставе тэкстаў ягоных прац, напісаных у другой палове 1900–х г. Менавіта да гэтага часу склаліся тыя перакананні гісторыка, якіх ён трымаўся ўжо практычна да канца свайго жыцця.

Упершыню заклік да самавызначэння беларусаў прагучаў з вуснаў Сапунова з трыбуны III Дзяржаўнай Думы. Сваю прамову, прачытаную 30 траўня 1909 г., ён склаў як адказ на ліст колішняга дэпутата Дзяржсавета ад Віленскай губерні Корвіна–Мілеўскага, знанага дзеяча польскага кола. Паступова, пункт за пунктам, Сапуноў развенчваў міф пра тое, што палякі–каталікі былі асноўнай і спрадвечнай народнасцю Заходняга краю і заўсёды добра ставіліся да беларусаў. «Не больш за тры стагоддзі таму ўсё насельніцтва Беларусі было спрэс беларускім, спрэс праваслаўным»,— сцвярджаў гісторык. Залічэнне да палякаў беларусаў–каталікаў ён лічыў несправядлівым «змяшэннем двух слоў, двух паняццяў», «проста этнаграфічным рабункам», а выкладанне закона Божага рыма–каталіцкага веравызнання ў навучальных установах на польскай мове — не надта прыкметнай, але сапраўднай паланізацыяй беларусаў–каталікаў. Падсумоўваючы сказанае, Сапуноў сказаў: «У нас, у Заходнім краі, стан спраў сёння такі: на адным баку стаіць моцнае сваім уплывам наша найвышэйшае апалячанае дваранства і побач з ім багатае яўрэйства, якое заціснула некалі трывалае гарадское саслоўе наша; а на другім баку стаіць бедная, цёмная, хоць і агромністая маса народная»[20]. (У дужках варта заўважыць, што праявы антысемітызму адзначаліся не толькі асабіста ў Сапунова, але і былі пэўным стылем працы ўвогуле ўрада і парламента. Абвінавачванне чарнасоценнымі газетамі таго ці іншага міністра ў заступніцтве за яўрэяў іншым разам было роўнае канцу ягонай палітычнай кар’еры. Сам імператар быў ярым і актыўным антысемітам.)

Нельга, канечне, кваліфікаваць дэпутата Дзярждумы Аляксея Сапунова як аднаго з лідэраў беларускага адраджэнскага руху пачатку ХХ ст. Аднак ягоная пазіцыя была ўсё ж дастаткова смелай для свайго часу і таго сацыяльнага становішча, якое ён займаў. Адна справа — знаходзіцца, так бы мовіць, у афіцыйнай апазіцыі да ўрада, і зусім іншая — мець магчымасць з’явіцца перад «Ягонай імператарскай вялікасцю» і быць прынятым старшынёй Савета міністраў, і знайсці грамадзянскую смеласць з самай высокай трыбуны краіны публічна выказваць не зусім пажаданыя для афіцыёза ўласныя думкі.

Па цытаваных выказваннях гісторыка мы бачым, што ён выразна разумеў небяспеку, якая зыходзіла ад захадаў па паланізацыі беларускага насельніцтва. «Сапуноў у сваіх працах даказаў, што беларусы — гэта не палякі, а далей упэўніўся, што Беларусь — гэта і не Маскоўшчына», — адзначаў у сваім дакладзе на 1–й акруговай канферэнцыі Краязнаўчага таварыства, што адбылася ў красавіку 1925 г., Даніла Васілеўскі[21].

Яшчэ адна прамова, якую Сапуноў прачытаў з трыбуны Дзяржаўнай Думы 11 траўня 1910 г., тычылася ўвядзення земстваў у Віцебскай, Валынскай, Кіеўскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай губернях. Даўняе пытанне пра неабходнасць увядзення земстваў у Заходнім краі да вясны 1910 г. вылілася ў рашэнне ўвесці іх толькі ў шасці з дзевяці губерняў (у Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губернях «рускае памешчыцкае землеўладанне» лічылася вельмі слабым, што пагражала «рускім» стратай дамінавальных пазіцый у розных сферах грамадскага жыцця). У сувязі з гэтым выбары павінны былі ажыццяўляцца па іншым прынцыпе: знішчаліся саслоўныя і ўводзіліся выбары па нацыянальных курыях. Такім чынам, рэакцыйны па сваёй сутнасці законапраект меў выгляд буйнога ліберальнага пачынання — уводзіў бессаслоўныя выбары ў земствы і крыху павялічваў прадстаўніцтва сялянаў.

У траўні 1910 г. гэты законапраект быў прыняты Думай, аднак у сакавіку 1911 г. адхілены Дзяржаўным Саветам. П.А.Сталыпін пасля гэтага падаў у адстаўку, якая не была прынята. Па сутнасці, гэты крок стаў актам палітычнага самазабойства старшыні Савета міністраў. У пошуках прыстойнага выйсця з’явілася ідэя ўвесці для Сталыпіна пасаду намесніка Сібіры або накіраваць яго на пасаду намесніка Каўказа ці пасла. Зрэшты, рашэнне ўзяла на сябе «охранка», адправіўшы свайго ўласнага шэфа туды, адкуль ужо не вяртаюцца — 1 верасня 1911 г. у Кіеве адбылося пакушэнне на Сталыпіна, у выніку якога ён атрымаў смяротнае раненне.

У сваёй прамове 11 траўня 1910 г. Сапуноў выступіў у абарону толькі аднаго тэзіса законапраекта аб земствах: «У сябры радаў вучылішчаў ад земства і гарадоў земствам і гарадскім грамадскім упраўленнем могуць быць абраны толькі асобы рускага паходжання». Адзначаючы ў большасці сваёй пагардлівае стаўленне палякаў да беларускага народа, Сапуноў прывёў, праўда, не зусім аб’ектыўную, гістарычную даведку пра недастатковую ступень развітасці асветы на Беларусі да самага часу далучэння яе да Расійскай імперыі. Пры гэтым, робячы нацыянальную самаідэнтыфікацыю, ён адзначаў наступнае: «Дазвольце мне, як беларусу, які выйшаў з самых нетраў народа, звярнуць вашую ўвагу на адзін бок гэтага пытання. Са спрэчак высветлілася, што пытанне засяроджваецца, галоўным чынам, на культурнасці польскага элемента і малакультурнасці рускага насельніцтва Заходняга краю. (Тут прыгадаем сабе ўжо зробленую намі вышэй заўвагу, што слова «рускі» ў лексіконе думскіх дэпутатаў уключала ў сябе назоў і беларусаў, і ўкраінцаў — Л.Х.) <…> Пагардлівыя адносіны палякаў да беларускага народа перайшлі і да іх сяброў. Між тым, беларусы далі палякам і іх найвялікшага паэта, і іх найвялікшага героя: і Міцкевіч, і Касцюшка, па паходжанні, беларусы. Так было ў мінулым; ёсць, значыць, падстава, што ў будучым беларусы і для сябе вылучаць з нетраў сваіх гэткіх жа вялікіх людзей»[22].

У дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваўся ліст Сапунова да рэдактара «Віцебскіх Губернскіх Ведамасцяў», дзе друкаваліся тэксты ўсіх ягоных выступленняў у Думе. Гісторык, у прыватнасці, пісаў: «Ваша міласць, пан Рэдактар! Пакорліва прашу даць месца ў „Віцебскіх Губернскіх Ведамасцях“ наступным радкам. Пад час прамаўлення мною ў Дзяржаўнай Думе 11 траўня прамовы з нагоды ўвядзення земства ў Заходніх губернях, калі я сказаў, што А.Міцкевіч і Т.Касцюшка па паходжанні беларусы — з левага боку пачуліся галасы: „Адкуль гэта?“ Я зараз жа задаволіў цікавасць сяброў Дзяржаўнай Думы. Мяркую, што і пры чытанні гэтай маёй прамовы, надрукаванай у №107 „ВГВ“, у чытачоў можа ўзнікнуць жаданне праверыць згаданыя мной цытаты, я і раблю гэтае паведамленне. Тое, што Міцкевіч з паходжання беларус, можна бачыць, між іншым, з сачынення А.Пыпіна „Гісторыя рускай этнаграфіі“, т.IV, с.144. Словы самога Міцкевіча з „Пана Тадэвуша“ „Lіtwo, ojczyzna moja“ etc. указваюць толькі, што паэт меў тут на ўвазе гістарычную прыкмету, аднак зусім не этнаграфічную: Мінская губерня, дзе нарадзіўся А.Міцкевіч, спрадвеку беларуская, а не літоўская. Відаць, так гэта разумее і А.Пыпін, бо слова „ліцвін“ на с.60 пастаўлена ў яго ў двукоссе. Можна дадаць яшчэ, што ўвогуле беларусаў называюць іншым разам „ліцвінамі“ менавіта ў гэтым сэнсе, гэта значыць, гістарычным»[23].

Газета «Наша Ніва» вельмі ўважліва сачыла за працай Думы, увесь час друкуючы на сваіх старонках рэпартажы з яе пасяджэнняў і каментуючы тыя пытанні, што на іх абмяркоўваліся. Адзін з карэспандэнтаў газеты зрабіў нават падрабязнае апісанне аднаго з такіх пасяджэнняў: «Нядаўна давялося мне быць у Гасударственнай Думе. Дастаўшы білет ад знаёмага дэпутата, я рана пайшоў на Таўрычаскую вуліцу. Публіка ў Думу праходзіць зусім асобным ганкам, не туды, куды дэпутаты. Зняўшы пальто, падняўся і я па шырокіх мармуровых сходах на хоры для народу, што ідуць кругом вялізнай думскай залы. Калі глядзець у ніз, то відаць лаўкі, як бы ў школі, яны ідуць кругам. Па сярэдзіне вышэй трохі, стол прадседацеля Думы; перад прадседацелем як–бы амбона, з каторай гавораць дэпутаты.

Засяданне яшчэ не пачалося. Праз дзверы ўходзяць дэпутаты, ідуць на свае мейсцы, вітаюцца адзін з адным. Ад гутаркі ідзе гул. Палавіна лавак пустая: дэпутаты яшчэ шпацыруюць па карыдоры і па Екацярыненскай зале; людзі аднэй партыі перагаворваюцца, збіраюцца грамадкай. Надта многа духоўных праваслаўных. Вось, ідуць колькі барадатых расейскіх мужыкоў у армяках; і сяляне, і духоўныя садзяцца найбольш на права. Пачаў шукаць я вокам нашых беларусаў, мужыцкіх дэпутатаў: сядзяць радком у самым задзі правых! Зазваніў прадседацель у званок. Засяданне адкрылася, але мест пустых шмат. Некаторыя дэпутаты заходзяць у залу, калі што цікавае гаворыцца, а іншыя саўсім не бываюць; за гэта іх штрафуюць»[24].

Напружаная праца ў Думе адмоўна адбілася на здароўі Аляксея Парфенавіча. «Нязвыклы расклад жыцця ў Дзяржаўнай Думе, — пісаў Сапуноў Венгераву,— актыўныя заняткі (па шчырасці, ніколі ў жыцці не працаваў я так актыўна), жыццё нервамі — усё гэта падтачыла мне здароўе і амаль два гады прахварэў я базедавай хваробай»[25]. Хвароба не давала магчымасці віцебскаму гісторыку ўдзельнічаць у звычайнай працы Думы. Ён падаваў даведкі дактароў, часта манкіраваў, а з 22 траўня 1912 г. перастаў ездзіць на пасяджэнні Думы[26].

9 чэрвеня 1912 г. III Дзяржаўная Дума скончыла сваё існаванне. Аляксей Сапуноў зноў вярнуўся ў Віцебск.

[1] Наша Ніва. 1907. №33. 10 (23) лістапада. С.2.

[2] Русская мысль. 1912. №8. С.23.

[3] Весь Петербург. С.–Петербург, 1910. С.790; 1911. С.790; 1912. С.798.

[4] ВАКМ, КП 7285/1.

[5] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1908. №12. С.258.

[6] Сапунов А.П. Речи в Государственной Думе 3–го созыва (по стенографическим отчетам). С.–Петербург, 1912. С.25.

[7] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1908. №18. С.388.

[8] Наша Ніва. 1908. №15. 18 (31) ліпеня. С.2.

[9] Сапунов А.П. Речи в Государственной Думе 3–го созыва. С.27.

[10] Гл. дакументы з прыватнага альбома А.П.Сапунова (ВАКМ, КП 7285).

[11] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1907. №38.

[12] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1908. №7. С.158.

[13] Столыпин П.А. Нам нужна великая Россия… Москва, 1991. С.220—226.

[14] Наша Ніва. 1907. №35. 7 (20) грудня. С.4.

[15] Наша Ніва. 1908. №13. 20 чэрвеня. С.3.

[16] Сапунов А.П. Речи в Государственной Думе 3–го созыва. С.37.

[17] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1893. №11. С.487.

[18] Сапунов А.П. Белоруссия и белоруссы. Витебск, 1910. С.4.

[19] А.П.Сапуноў фінансаваў выданне першага тома «Исследований и статей» М.В.Доўнар–Запольскага, які выйшаў у Кіеве ў 1909 г. Гл.: Магілёўшчына. Пад кіраўніцтвам і рэдакцыяй А.М.Беларусава. Т.1. Магілёў, 1927. С.162.

[20] Сапунов А.П. Речи в Государственной Думе 3–го созыва. С.38—39.

[21] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.14, арк.299—300.

[22] Сапунов А.П. Речи в Государственной Думе 3–го созыва. С.42—43.

[23] НГАБ, ф.1416, воп.6, спр.891, арк.507—509.

[24] Наша Ніва. 1909. №48. 26 (9) наябра. С.699—700.

[25] ВАКМ, КП 7285/1.

[26] Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси. С.154.