Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


З навуковай архіўнай камісіяй

Прыехаў Сапуноў ужо зусім не ў той горад, які пакінуў пяць гадоў назад. 31 траўня 1909 г. тут было створана, зрэшты, аб’яднанне мясцовых аматараў даўніны — Віцебская навуковая архіўная камісія (ВНАК). Яе арганізатарамі былі выкладчык Віцебскай духоўнай семінарыі М.М.Багародзкі і саветнік губернскага праўлення В.С.Арсенеў, абраны старшынёй камісіі. Мэты стварэння ВНАК акрэсліваліся трыма пунктамі: 1) разгляд вопісаў спраў, прызначаных рознымі ўстановамі да знішчэння; 2) разгляд і вывучэнне старажытных рукапісаў і дакументаў; 3) вывучэнне і збіранне прадметаў старажытнасці. Ужо ў 1910 г. камісія выпусціла ў свет першы зборнік сваіх «Прац». З 1911 г. было прынята рашэнне друкаваць матэрыялы не толькі па гісторыі, але і адлюстроўваць бягучыя падзеі, дзеля чаго палічылі неабходным змяніць назву выдання на «Полацка–Віцебскую даўніну», якую меркавалася выдаваць па 2—3 зборнікі на год.

Мясцовыя ўлады прыхільна ставіліся да дзейнасці камісіі і па меры магчымасці падтрымлівалі яе. ВНАК мела свой архіў, захавальнікам якога была Марыя Мельнікава, бібліятэку і стварыла музей, якім кіраваў Канстанцін Змігродскі. На пасяджэннях камісіі чыталіся шматлікія гістарычныя даклады, большая частка з якіх потым друкавалася.

Вялікай заслугай ВНАК можна лічыць адкрыццё 27 кастрычніка 1911 г. Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута (ВАМАІ) — першай пасля ліквідацыі Віленскага універсітэта вышэйшай навучальнай установы на Беларусі. Маскоўскі археалагічны інстытут быў заснаваны ў 1907 г., і ягонае Віцебскае аддзяленне было трэцім пасля Смаленскага і Калужскага правінцыйным філіялам.

Ужо пад час стварэння Віцебскай навуковай архіўнай камісіі Сапуноў быў абраны яе ганаровым сябрам. Нягледзячы на тое, што Аляксей Парфенавіч ніколі не адыгрываў у гісторыі стварэння і існавання ВНАК нейкай выключнай ролі, ён ніколі не стаяў і ў баку ад яе дзейнасці і тых праблем, што яна вырашала. Яшчэ жывучы ў Пецярбургу, мэтр мясцовай гісторыі імкнуўся тым ці іншым чынам прыняць удзел у рабоце ВНАК. Так, у 1910 г. на адным з пасяджэнняў камісіі, якое адбылося 26 верасня, ён прачытаў даклад «Беларусь і беларусы», правёў экскурсію па Віцебску, ахвяраваў вітрыну з прадметамі, знойдзенымі пад час раскопак Люцынскага могільніка, падрыхтаваў да друку матэрыялы, якія пазней былі выдадзены ў «Працах Віцебскай Навуковай Архіўнай Камісіі» і «Полацка–Віцебскай даўніне» (усяго ў гэтых выданнях было надрукавана 7 прац Сапунова).

Прачытаны на пасяджэнні ВНАК даклад «Беларусь і беларусы» пазней быў выдадзены ў выглядзе асобнай брашуры, і ягоны аналіз дае падставы зрабіць нам некаторыя высновы наконт далейшай эвалюцыі поглядаў Сапунова на праблему самавызначэння беларусаў. Як ужо адзначалася, найбольшы ўплыў на пачатковым этапе дзейнасці на яго аказалі працы гісторыкаў «заходне–рускай» школы К.Гаворскага і М.Каяловіча. Нават у 1910–я г. Сапуноў не пагаджаўся з той рэзка адмоўнай адзнакай дзейнасці Ксефонта Гаворскага, якую даў гэтаму даследчыку А.Пыпін у сваёй «Гісторыі рускай этнаграфіі». Аляксей Сапуноў хацеў абяліць яго перад гісторыяй і напісаць біяграфію Гаворскага для друку ў «Працах» Віцебскай навуковай архіўнай камісіі, а таксама перавыдаць ягоную «Гісторыю Полацкай епархіі»[1]. «На працягу доўгага часу гаварыць пра Беларусь, а тым больш займацца распрацоўкай якіх–небудзь пытанняў аб Беларусі,— пісаў Аляксей Сапуноў у 1924 г.,— азначала наклікаць на сябе падазрэнне ў «сепаратызме», а гэта было далёка не небяспечна; зведалі гэта і іншыя, зведаў гэта і я. Калі я, займаючы пасаду сакратара Віцебскага Губернскага Статыстычнага Камітэта, пры дакладзе сваім аднаму з губернатараў узгадаў неяк пра Беларусь, то ён неяк злосна заўважыў: «Якая там Беларусь? Дзе яна?» А з’яўляючыся на працягу 25 гадоў настаўнікам гімназіі, я не карыстаўся некаторымі ільготамі, якімі карысталіся ўсе іншыя выкладчыкі, менавіта таму, што быў мясцовым ураджэнцам, беларусам, а не «абрусіцелем»[2].

У дакладзе ж «Беларусь і беларусы» Аляксей Сапуноў змог ужо публічна і ў Віцебску выказаць свае досыць ліберальныя па тых часах погляды. Ён адзначаў самабытнасць развіцця беларускага народа і ягонай культуры і казаў наступнае: «Асаблівасці мовы беларусаў, іх норавы і звычаі, багатая народная літаратура і г.д. відавочна даказваюць існаванне асобнага беларускага племя»[3]. Насуперак меркаванню многіх сваіх сучаснікаў пра забітасць, прыгнечанасць і рабскую псіхалогію беларуса, пазбаўленага нацыянальнага аблічча, Сапуноў пісаў пра яго з вялікай замілаванасцю і верай у глыбінныя сілы народа: «Якія багатыя духоўныя сілы тояцца ў душы беларуса; капітальныя працы памянёных этнографаў (Е.Раманава, П.Гільтэбрандта, П.Бяссонава, П.Шэйна, М.Нікіфароўскага — Л.Х.) абверглі ходкае меркаванне пра кволасць і млявасць натуры нашчадкаў „гэтых грозных палачанаў“, як называе іх пясняр „Слова пра паход Ігараў“»[4].

Вызначаючы тэрыторыю рассялення беларусаў і іх колькасць, Сапуноў схіляўся да неабходнасці ацэньваць іх на падставе найноўшых этнаграфічных даследаванняў, якія ўносілі істотныя карэктывы ў статыстычныя звесткі «Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г.». Асабліва высока ён ставіў працы Яўхіма Карскага і пісаў, што праца апошняга «Беларусы» (Варшава, 1903) «павінна быць настольнай кнігай для ўсіх, хто цікавіцца Беларуссю». Пры вызначэнні колькасці беларусаў вялікую праблему віцебскі гісторык бачыў у адсутнасці ў народным асяроддзі саманазвы беларусаў, а таксама ў дапушчальным часам атаясамленні веравызнання з нацыянальнасцю. «Асабліва прыкра і важна па сваіх наступствах, — пісаў Сапуноў, — змешванне слоў паляк і каталік. Гэта ж бязглуздзіца: не ўсе ж палякі — каталікі, а тым больш не ўсе каталікі — палякі <…> Дробная шляхта і сяляне–каталікі ў хатнім ужытку гавораць, звычайна, па–беларуску і амаль нічым не адрозніваюцца ад сваіх сабратоў — праваслаўных беларусаў. Залічваць да палякаў гэтых беларусаў толькі таму, што яны каталікі, гэта ж проста этнаграфічны рабунак, калі можна так сказаць»[5].

Сапуноў адзначаў, што беларусы жывуць у 72 паветах 14 губерняў Расійскай імперыі і «на ўсёй азначанай прасторы <…> пануе беларуская мова». Называючы ў сваіх працах беларускую мову то «беларускім дыялектам», то «беларускай гаворкай», Сапуноў лічыў яе, спасылаючыся на аўтарытэт І.І.Сразнеўскага, адным з «самых важных мясцовых відазмяненняў рускай народнай мовы», неаднаразова гаварыў пра яе як пра «прамы носьбіт агульнарускіх рысаў»[6]. Падтрымліваючы такім чынам вялікадзяржаўны тэзіс пра паходжанне беларускай мовы ад рускай, Сапуноў, тым не менш, дастаткова дакладна акрэсліў яе ролю і значэнне ў гісторыі і культуры беларусаў. З гэтай нагоды ён пісаў: «Найважнейшыя асаблівасці сучасных беларускіх гаворак у большай або меншай ступені склаліся не пазней XIII ст. <…> Беларускі дыялект быў некалі мовай мясцовых дзелавых актаў і грамат. Пасля заваявання заходняга краю Літвой ён застаўся дзяржаўнай мовай літоўска–рускага Вялікага княства. Мовай дзелавога афіцыйнага жыцця беларускі дыялект заставаўся з XIV ажно да XVIII стагоддзя. Так, гэтай мове належыць такі цудоўны помнік, як Літоўскі Статут (дакладней — Беларускі, бо ён — плён генія беларускага народа), надрукаваны ў Вільні ў 1588 г.»[7].

Праблемы беларускай мовы займалі Сапунова не толькі ў аспекце рэтраспектывы яе гістарычных лёсаў. Цікавіў гісторыка і яе сучасны стан, а таксама адносіны да мовы ў розных слаях грамадства. Забягаючы крыху наперад, працытуем фрагмент ягонай лекцыі «Беларускі дыялект. Сучасны» з курса беларусазнаўства, які Сапуноў чытаў у Віцебскім педінстытуце ў 1923—1924 г.: «Няма чаго шматслоўна гаварыць аб тым, як пажадана і важна, каб тыя, хто лічаць сябе носьбітамі культуры, навучыліся цалкам разумець той народ, які яны закліканы весці да маральнай і інтэлектуальнай культуры. Навучыўшыся разумець народ, ягоную мову, казкі, паданні, мы навучымся любіць яго, навучымся бачыць у ім чалавека. Першы крок у вывучэнні народа — гэта збіранне твораў народнай славеснасці і вывучэнне народнай мовы»[8].

Сам Аляксей Сапуноў добра ведаў і любіў беларускую мову. Сярод эпіграфаў ягоных лекцый, чытаных у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута, побач з лацінскімі выказваннямі сустракаем наступнае: «Хто гардзіць старыной, таго трэба дубіной». «Беларуская мова валодае дастатковым багаццем і гнуткасцю для выказвання агульначалавечых пачуццяў і высокіх думак», — напісаў гісторык у курсе беларусазнаўства і пераканаўча даказаў гэта, цытуючы студэнтам вялікія ўрыўкі з «Энеіды навыварат», «Гапона» В.Дуніна–Марцінкевіча, ягонага ж перакладу «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, «Панскага ігрышча» Ф.Тапчэўскага, верша «У судзе» Мацея Бурачка[9]. Свой даклад 1910 г. у Віцебскай навуковай архіўнай камісіі Сапуноў закончыў вядомымі вершаванымі радкамі Янкі Лучыны:

«Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашаю ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй — доляй шчасліваю!..»

Вярнуўшыся з Пецярбурга ў Віцебск, краязнаўца літаральна адразу ж далучыўся да дзейнасці навуковай архіўнай камісіі. Яшчэ ў 1911 г. ВНАК выступіла ініцыятарам узвядзення ў горадзе помніка героям вайны 1812 г. Праз Пецярбургскае таварыства архітэктараў быў абвешчаны конкурс на лепшы праект. Пераможцам выйшаў архітэктар Іван Фамін (1872—1936), які прапанаваў праект помніка, які быў амаль што дакладнай копіяй Румянцаўскага абеліска, узведзенага ў Пецярбургу ў 1798—1799 г. на загад Паўла I архітэктарам Брэнам[10]. Абмяркоўваліся розныя месцы ўстаноўкі помніка ў Віцебску. Так, на пасяджэнні гарадской думы 16 траўня 1912 г. быў заслуханы даклад Віцебскай губернскай управы, у якім прагучала аргументацыя створанай са спецыялістаў камісіі наконт таго, што побач з Успенскім саборам помнік не можа быць узведзены, бо глеба тут з неадпаведнымі параметрамі; на Гімназічным бульвары мацярык знаходзіцца на глыбіні толькі 5 сажняў, а гэта запатрабуе значных выдаткаў на ўзвядзенне падмуркаў помніка; Саборная плошча прарэзана трамвайнымі шляхамі ды загрувашчана слупамі і правадамі; а ў скверы «Ліпкі» (паміж сучасным краязнаўчым музеем і вуліцай Маякоўскага) «не гарманічнае з сэнсам помніка атачэнне ў выглядзе магазінаў, лавак і г.д.»[11]. «Усіх гэтых недахопаў пазбаўлены Губернатарскі бульвар»,— адзначалася ў заключэнні камісіі. Менавіта тут і вырашылі ўзводзіць помнік.

27 чэрвеня 1912 г. адбылося пасяджэнне Савета ВНАК, на якім была створана асобная камісія для выпрацоўкі праекта надпіса на помніку героям вайны 1812 г. У склад камісіі абралі У.К.Стукаліча, М.Ю.Кенігсфеста, Я.М.Нікалаева і А.П.Сапунова[12]. Урачыстасці, што прайшлі ў Віцебску 5—6 снежня 1912 г. з нагоды адкрыцця і асвячэння помніка, узведзенага на сродкі «казны, горада і ахвяраванні вайсковых частак, грамадскіх устаноў і прыватных асобаў», ператварыліся ў сапраўднае агульнагарадское свята. Будынак ратушы, дзе размяшчалася гарадская ўправа, у гонар тэзаімянінаў імператара Мікалая II у гэтыя дні быў упрыгожаны яловымі лапкамі, а на вежы ўладкаваны вензель вялікіх памераў, ілюмінаваны 250 электрычнымі лямпачкамі, з ініцыяламі «А» і «Н», лічбамі «1812—1912» і каронай наверсе[13].

З 28 верасня Аляксей Сапуноў ужо рэгулярна наведваў пасяджэнні ВНАК у якасці сябры яе Савета. 14 кастрычніка 1912 г. на агульным сходзе камісіі ён прачытаў даклад «Пра Фларыяна Грабніцкага, полацкага архіепіскапа»[14], сведкам ускрыцця пахавання якога ў нішы Полацкага Сафійскага сабора ён быў яшчэ ў жніўні месяцы.

На пачатку 1913 г. Уладзімір Казіміравіч Стукаліч, які ў ВНАК быў таварышам старшыні (паводле сучаснай тэрміналогіі, ягоным намеснікам), адмовіўся ад сваёй пасады, матывуючы заяву недахопам часу на заняткі справамі камісіі. На пасяджэнні Савета ВНАК 10 студзеня была разгледжана гэтая справа, Стукалічу выказана падзяка за карысную і сумленную дзейнасць, а таксама вызначаны тры кандыдатуры на займанне вакантнай пасады. Тайнае галасаванне прынесла наступныя вынікі: па 6 галасоў атрымалі Сапуноў і губернскі маршалак П.А.Рэнгартэн (які ад далейшага ўдзелу ў выбарах адмовіўся), 2 галасы атрымаў У.Г.Краснянскі і адзін — М.Ю.Кенігсфест[15]. У хуткім часе таварышам старшыні быў абраны Сапуноў. Як можна прасачыць па дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, гэтыя абавязкі ён выконваў, прынамсі, да вясны 1917 г.

1913 год у Расійскай імперыі быў адзначаны такой урачыстай падзеяй, як святкаванне 300–годдзя царавання дома Раманавых. Па ўсёй краіне прайшлі вялікія ўрачыстасці, і кожная афіцыйная ўстанова лічыла сваім абавязкам нейкім чынам адгукнуцца на гэтую падзею. Савет ВНАК на сваім пасяджэнні 10 студзеня 1913 г. абраў спецыяльную дэпутацыю для паднясення гасудару імператару віншаванняў і ўласных прац, у склад якой увайшлі старшыня ВНАК Клаўдзій Ціхаміраў, Аляксей Сапуноў і Ўладзімір Краснянскі. Па сваіх палітычных перакананнях Сапуноў быў, як вядома, заўзятым манархістам, таму не здзіўляе тое, што 21 лютага таго ж года Аляксей Парфенавіч на ўрачыстым сходзе, які адбыўся ў зале Віцебскай жаночай Аляксееўскай гімназіі і на якім прысутнічалі віцебскі губернатар, епіскап Полацкі і Віцебскі Нікадзім, «шталмейстар Найвышэйшага двара М.У.Арцымовіч» і іншыя высокія асобы, прачытаў даклад «Адносіны царскага дома Раманавых да Беларусі».

«На пачатку 1913 г. дырэктар Маскоўскага археалагічнага інстытута імя імператара Мікалая II А.І.Успенскі, — пісаў Сапуноў Сямёну Венгераву,— прапанаваў мне чытаць у Віцебскім аддзяленні археалагічнага інстытута лекцыі па гісторыі і старажытнасцях Паўночна–Заходняга краю»[16]. 3 лютага таго ж года гісторык быў зацверджаны на пасадзе выкладчыка інстытута па кафедры старажытнасцяў Паўночна–Заходняга краю і ў той жа дзень абраны прафесарам МАІ, а таксама ганаровым сябрам інстытута[17].

Лекцыі ў інстытуце чыталіся па вечарах пераважна прафесарамі, якія прыязджалі з Масквы. ВАМАІ прызначалася для «падрыхтоўкі спецыялістаў для пасадаў у архівах, музеях і бібліятэках урадавых, грамадскіх і прыватных». Навучанне тут доўжылася тры гады, а плата за навучанне складала 80 рублёў на год. Выпускнікі інстытута мелі права насіць на грудзях з правага боку спецыяльны знак. Як адзначалася ў афішы аб прыёме ў ВАМАІ, слухачы «віцебскай аўдыторыі інстытута карысталіся аднолькавымі правамі са слухачамі маскоўскай аўдыторыі»[18].

30 жніўня 1913 г. вызвалілася пасада сакратара Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, якую займаў да гэтага часу выхаванец Дрысенскага павятовага вучылішча Сцяпан Нікіфараў. Вакансію было прапанавана заняць Сапунову, які даў на тое сваю згоду, стаўшы, такім чынам, сакратаром камітэта другі раз. У верасні таго ж года губернская статыстыка святкавала юбілей — 50–годдзе дзейнасці статкамітэта, і Аляксей Сапуноў падрыхтаваў да яго грунтоўную брашуру, прысвечаную гісторыі гэтай установы.

Галоўнай падзеяй, якую святкаваў расійскі афіцыёз у Паўночна–Заходнім краі ў 1914 г., было 75–годдзе так званага «ўз’яднання» уніятаў з праваслаўнай царквой. Урачыстасці павінны былі адбыцца 25 сакавіка. Сапуноў, як вядома, меў добры досвед у гэтай тэме. За месяц да юбілею, на пасяджэнні Савета ВНАК 27 лютага 1914 г., абмяркоўвалася справа, звязаная са святкаваннем падзеі ў Віцебску. Было вырашана правесці сумесны ўрачысты сход сяброў камісіі, Віцебскага праваслаўнага Свята–Ўладзімірскага брацтва і аддзела Угра–Рускага таварыства. З дакладамі на гэтым сходзе прасілі выступіць Сапунова і Нікалаева[19].

На пачатку 1914 г. у Расійскай імперыі дзейнічала 31 губернская навуковая архіўная камісія і 3 архіўныя таварыствы, якія час ад часу збіраліся на сумесныя з’езды[20]. Справамі архіўных камісій актыўна займалася ўжо добра вядомая нам графіня Праскоўя Сяргееўна Ўварава, старшыня Маскоўскага археалагічнага таварыства. Яна была арганізатарам некалькіх археалагічных з’ездаў, апошні з якіх, пятнаццаты па ліку, адбыўся ў 1911 г. у Ноўгарадзе. Графіня Ўварава шукала розныя магчымасці для правядзення наступнага. 23 красавіка 1914 г. яна збіралася прыехаць на пасяджэнне Савета ВНАК, каб абмеркаваць магчымасць правядзення чарговага археалагічнага з’езда ў Віцебску[21]. Аднак ці прыязджала на самай справе вядомая грамадская дзяячка ў Віцебск, а калі прыязджала, то што перашкодзіла выкананню яе шляхетнай задумы, па архіўных дакументах высветліць пакуль што не ўдалося.

У 1915 г. навуковая архіўная камісія атрымала магчымасць ўладкаваць свой архіў, бібліятэку і музей у двух пакоях ніжняга паверха будынка архіва Віцебскага губернскага праўлення. З гэтай нагоды стварылі спецыяльную будаўнічую камісію, якая павінна была заняцца прыстасаваннем памяшканняў. У яе склад увайшлі старшыня ВНАК Ціхаміраў, а таксама Рэнгартэн, Сапуноў і Лебедзеў[22].

Найбольшую вядомасць як сярод сталічных навукоўцаў, так і сярод мясцовай інтэлігенцыі Аляксей Сапуноў меў як знаўца і актыўны збіральнік архіўных звестак і першакрыніц. Шмат дакументаў было ім надрукавана, аднак вялікая частка сабраных матэрыялаў захоўвалася ў прыватным архіве даследчыка і толькі яшчэ чакала часу свайго выдання. Несумненную дапамогу ў гэтай справе гісторыку магла аказаць ВНАК, якая мела свае друкаваныя перыядычныя выданні. Пытанне закупкі ў Сапунова рукапісаў разглядалася на пасяджэнні Савета архіўнай камісіі 20 красавіка 1917 г., пасля чаго было прынята наступнае рашэнне: „1. Набыць ад Сапунова «Пісцовыя кнігі», здымкі з пісцовых кніг, дакументы і здымкі з планаў, якія захоўваюцца ў Шведскім дзяржаўным архіве па вопісу для надрукавання ў сваіх «Працах», і заплаціць Сапунову ў лік выкарыстаных ім грошай на перапіску і закупку ўсяго згаданага матэрыялу 500 рублёў з крэдыту ў 2 тысячы рублёў, што адпушчаны Гістарычным таварыствам на патрэбы Камісіі.

2. Савет прасіў Сапунова саступіць яму права выдання «Віцебскай даўніны», якая ўжо даўно стала <…> рэдкасцю, і ў рознічным продажы яе кошт узняўся з цаны ад 3 да 75 рублёў за экзэмпляр. А.П.Сапуноў перадаў Камісіі права выдання «Віцебскай даўніны», пра што і адзначана (тут — Л.Х.) да натарыяльнай дарчай ад А.П.Сапунова на права гэтага перавыдання“[23].

Аднак, на жаль, ніводзін з пунктаў гэтай пастановы не быў выкананы. На грамадства імкліва насоўваліся бурлівыя падзеі, а на Аляксея Сапунова — цяжкая старасць, якая прыпала на «акаянныя дні».

[1] Сапунов А. Исторический очерк 50–летия Витебского Губернского Статистического Комитета. С.26. А.Цвікевічам былі знойдзены падрыхтаваныя да выдання Сапуновым абодва гэтыя рукапісы. На выданне нават быў ужо атрыманы цэнзурны дазвол (6 сакавіка 1917 г.), які не быў выкарыстаны з–за пачатку рэвалюцыі. Як адзначае Цвікевіч, біяграфію Гаворскага Сапуноў напісаў на падставе досыць цікавых крыніц: архіва Віцебскай духоўнай семінарыі, спраў Віленскай дваранскай апекі, запісак мітрапаліта Сямашкі, а таксама ўспамінаў ягонага былога вучня М.Шніпоўскага і роднай сястры жонкі Гаворскага 100–гадовай Ю.Ф.Рыдзеўскай (Цьвікевіч А. «Западно–русизм». К.Гаворскі і «Вестник Западной России» // Спадчына. 1991. №2. С.34).

[2] ВАКМ, КП 7285/1.

[3] Сапунов А. Белоруссия и белоруссы. С.4.

[4] Тамсама. С.19—20.

[5] Сапунов А. Белоруссия и белоруссы. С.12—14.

[6] Сапунов А. Белоруссия и белоруссы. С.15—16.

[7] Тамсама.

[8] ВАКМ, КП 7294(2)/10, арк.4—5.

[9] Кнігу Мацея Бурачка Сапуноў атрымаў ад Б.І.Эпімаха–Шыпілы. У сваім лісце з Пецярбурга ад 12 верасня 1894 г. апошні пісаў: «Цяпер карыстаючыся знаходжаннем тут Вячаслава Пятровіча, дасылаю Вам гэтую кнігу разам з прасімай Вамі «Dudkoj Bіalaruskaj», якую, прынамсі, як забароненую тут, прасіў бы Вас захоўваць пад замком, не паказваць каму б тое ні было, ні тым больш даваць» (ВАКМ, КП 7289/5).

[10] Гл.: Известия Императорской Археологической Комиссии. Вып.61. Петроград, 1916. С.157—159.

[11] НГАБ, ф.2508, воп.1, спр.5235, арк.196—197.

[12] НГАБ, ф.2771, воп.1, спр.157, арк.28—29.

[13] НГАБ, ф.2508, воп.1, спр.5235, арк.777.

[14] Тамсама, арк.32.

[15] НГАБ, ф.2508, воп.1, спр.5235, арк.33—34.

[16] ВАКМ, КП 7285/1.

[17] ВАКМ, КП 7285/3.

[18] ВАКМ, КП 7285; ДАВВ, ф.204, воп.1, спр.205, арк.23.

[19] Тамсама, арк.43—44.

[20] ВАКМ, КП 7285; ДАВВ, ф.204, воп.1, спр.205, арк. 43—44.

[21] Тамсама, спр.151, арк. 82.

[22] Тамсама, спр.159, арк.68—69.

[23] ВАКМ, КП 7285; ДАВВ, ф.204, воп.1, спр.157, арк.66.