Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Універсітэцкія гады

У другой палове ХIХ ст. дзеці так званых разначынцаў — «людзей рознага чыну і звання», да ліку якіх належалі выхадцы з розных саслоўяў (купецтва, духавенства, мяшчанства, дробнага чынавенства і г.д.), ехалі па вышэйшую навуку пераважна ў больш дэмакратычны Маскоўскі універсітэт, на розных факультэтах якога працавалі і выкладчыкі–разначынцы. Найбольшай прыхільнасцю ў разначынцаў карысталіся медыцынскі, матэматычны і філалагічны факультэты. У моду пачала ўваходзіць рэальная адукацыя, а вывучэнне старажытных моваў (лацінскай і грэцкай) лічылася ўжо з’явай рэтраграднай.

Нягледзячы на найноўшыя павевы часу, у 1869 г. Аляксей Сапуноў паехаў паступаць ва універсітэт Пецярбургскі, дзе вучыліся пераважна дзеці дваранаў, і падаў дакументы на малапапулярны гістарычна–філалагічны факультэт. У сярэдзіне мінулага стагоддзя выпускнікі класічных гімназій мелі права паступаць ва універсітэты без экзаменаў, але 18 ліпеня 1869 г., якраз напярэдадні паступлення Аляксея, выйшла «Высочайшее повеление» для ўсіх выпускнікоў гімназій праводзіць «праверачныя іспыты».

У канцы 1860–х г. ва ўсім Пецярбургскім універсітэце было не больш за 1000 студэнтаў, а на гістарычна–філалагічным факультэце на курсах займалася ўсяго толькі каля 40 чалавек. Вядомы рускі гісторык Ф.І.Успенскі паступіў у гэтую навучальную ўстанову на два гады раней за Сапунова і ў сваіх нататках згадваў, што «аўдыторыю філолагаў <…> паўтара дзесятка слухачоў рабілі <…> ужо надзвычай поўнай»[1]. Аднак Аляксея, відаць, мода на адукацыю цікавіла значна меней, чым сама адукацыя, набыць якую ён мог цяпер толькі дзякуючы стыпендыі, атрыманай ад міністэрства народнай асветы.

Паводле статута 1863 г. у Пецярбургскім універсітэце гістарычна–філалагічны факультэт складаўся з 11 кафедраў. Сярод выкладчыкаў зоркай першай велічыні лічыўся Ізмаіл Іванавіч Сразнеўскі, загадчык кафедры славяназнаўства, які апублікаваў шмат невядомых раней старажытнарускіх і старажытна–славянскіх пісьмовых помнікаў. І.Сразнеўскі быў адным з заснавальнікаў пецярбургскай школы славістаў, галоўную ролю ў якой адыгралі ягоныя вучні Ў.І.Ламанскі, І.В.Ягіч і інш. Пад час вучобы Аляксея Сапунова ва універсітэце Ў.І.Ламанскі стаў кіраўніком ягонай навуковай працы.

Пра гады вучобы ў Пецярбургу Сапуноў пазней успамінаў: «Ва універсітэце разумовы кругагляд наш значна пашырыўся. Мы чыталі ўжо і газеты, і часопісы, нават розныя забароненыя выданні чыталі. На гістарычна–філалагічным факультэце, на які я паступіў, выдатных прафесараў — за выключэннем В.Р.Васілеўскага[2], К.М.Бястужава–Руміна[3], У.І.Ламанскага — не было.Вядомы славіст І.І.Сразнеўскі быў ужо стары і на лекцыі прыходзіў толькі хвілінаў на дзесяць. Пра класікаў <…> і філосафаў лепш не казаць… У наш час можна было зусім вольна паслухаць лекцыі прафесараў і іншых факультэтаў. Карыстаючыся гэтым цудоўным звычаем, мы ахвотна наведвалі лекцыі праф. Градоўскага, Рэдкіна, Таганцава, Андрэеўскага, заходзілі нават у матэматычную аўдыторыю паслухаць знакамітага матэматыка П.Л.Чэбышава, заходзілі і да прыродазнаўцаў паслухаць Дз.І.Мендзялеева. Лекцыі гэтых свяцілаў зачароўвалі нас»[4].

Усё ж, думаецца, дзівіцца на адметны навуковы досвед і педагагічны талент Чэбышава ды Мендзялеева студэнту Аляксею Сапунову даводзілася не часта. Шмат часу займала падрыхтоўка да заняткаў, а на старэйшых курсах — і ўласная навуковая праца, якую ён праводзіў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Іванавіча Ламанскага (1833—1914). Адчуваецца, што малады прафесар, які на той час ужо зрабіў сабе бліскучую кар’еру, аказаў значны ўплыў на свайго выхаванца, і таму пра яго варта сказаць асобна.

Прызнанне Ў.І.Ламанскага ў навуковым свеце адбылося вельмі рана. Ужо ў 1860 г. за сваю выпускную студэнцкую або, як тады яе называлі, магістарскую працу «Пра славянаў у Малай Азіі, Афрыцы і ў Іспаніі» ён атрымаў палавінную Дзямідаўскую прэмію — адну з найбольш прэстыжных навуковых узнагарод, якую прысуджала Пецярбургская Акадэмія навук[5]. Такому поспеху ў значнай ступені садзейнічалі тыя выказаныя ў працы ідэі, якія пазней зрабілі Ламанскага буйнейшым апалагетам славянафільства і панславізму. У 1862—1864 г. ён зрабіў падарожжа па славянскіх землях, пасля чаго надрукаваў серыю нарысаў, у якіх выказаў думку пра адметнасць славянскага племя і ягонай асветы, а таксама неабходнасць аб’яднання ўсіх славянаў на падставе рускай мовы, якую лічыў агульнай для ўсяго славянства літаратурнай мовай. У 1865 г. ён атрымаў кафедру ў Пецярбургскім універсітэце і стаў настойліва даводзіць неабходнасць вывучэння славянаў у мэтах развіцця рускай самасвядомасці. Ягоныя паслядоўнікі ў навуцы стварылі цэлую школу славістаў і пазней кіравалі кафедрамі ў розных універсітэтах і духоўных акадэміях Расійскай імперыі[6].

Пад кіраўніцтвам У.І.Ламанскага Сапуноў заняўся складаннем каментароў да хронікі ХI ст. пра балтыйскіх славянаў, напісанай Адамам Брэменскім. Гэта была дастаткова сур’ёзная праца, бо хроніка была на лацінскай мове і студэнту Сапунову давялося карпатліва працаваць і над яе перакладам. Выказаўшы відавочныя поспехі, цалкам апрацаваць хроніку да часу заканчэння універсітэта Аляксей не паспеў. Перашкодзіла нечакана выяўленая хвароба вачэй, якая пазней ператварылася ў памутненне крышталіка — катаракту.

У 1873 г. вучоба ў Пецярбургу была завершана. Аляксей Сапуноў разам са званнем кандыдата універсітэта атрымаў ад прафесара Ламанскага прапанову застацца для працы на кафедры. Аднак хвароба вачэй і абавязак адпрацаваць міністэрскую стыпендыю прымушалі вяртацца ў Віцебск. У небагатай валізцы новаспечаны кандыдат адвозіў з Пецярбурга рукапіс хронікі Адама Брэменскага з заўвагамі свайго настаўніка, а ў галаве — запазычаныя ў яго ідэі, з якімі потым аказалася не так проста развітацца.

[1] Каган Ю.М. И.В.Цветаев. Жизнь, деятельность, личность. Москва, 1987. С.16.

[2] Васілеўскі Васіль Рыгоравіч — заснавальнік навуковага візантыязнаўства. Пра яго гісторык Ф.І.Успенскі пісаў: «Я не ведаю нікога ні да Васілеўскага, ні пасля яго, хто б валодаў такімі магчымасцямі папулярызаваць сваю навуку».

[3] Бястужаў–Румін Канстанцін Мікалаевіч — займаўся распрацоўкай пытанняў крыніцазнаўства, што ў пэўнай ступені вызначыла твар пецярбургскай школы гісторыкаў, якая склалася пад ягоным уплывам. На першы план ставіў патрабаванне вызначэння канкрэтных гістарычных фактаў на падставе іх крыніцазнаўчай праверкі. У 1865—1882 гг. выкладаў на кафедры рускай гісторыі.

[4] ВАКМ, КП 7285/1.

[5] Мезенин Н.А. Лауреаты Демидовских премий. Ленин­град, 1987. С.122.

[6] Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Т.ХVII. С.–Петербург, 1896. С.288.