Стыпендыя міністэрства народнай асветы абавязвала Аляксея Сапунова адпрацаваць пэўны тэрмін у навучальных установах Віленскай навучальнай акругі. Займаючыся ва універсітэце, ён разлічваў у далейшым стаць настаўнікам гісторыі, аднак лёс распарадзіўся інакш. На час вяртання Аляксея з Пецярбурга ў Віцебскай гімназіі, адкуль яго накіравалі на вучобу ў сталіцу, была вакансія толькі выкладчыка старажытных моваў, якую ён і заняў згодна з распараджэннем папячыцеля Віленскай навучальнай акругі ад 31 жніўня 1873 г. з гадавым выпрабавальным тэрмінам. 10 ліпеня 1874 г. Пецярбургская навучальная акруга выдала Аляксею Сапунову пасведчанне за №4122 аб наданні яму звання настаўніка гімназіі з правам выкладаць гісторыю[1]. Аднак на працягу ўсяго тэрміну сваёй гімназічнай службы — амаль цэлую чвэрць стагоддзя — Сапунову так і давялося працаваць выкладчыкам класічных (лацінскай і грэцкай) моваў, толькі час ад часу чытаючы асобныя гадзіны па гісторыі. Такая праца маральнага задавальнення не прыносіла. Ва ўжо цытаваным лісце С.А.Венгераву Сапуноў пісаў: «Залішне дадаваць, што я далёка не захапляўся класіцызмам <…> у тым выглядзе, як гэта патрабавалася рознымі прадпісаннямі. Прадпісвалася ж зусім не чытанне класікаў, не вывучэнне іх вялікіх твораў, не — патрабавалася выключна „веданне“ граматыкі. Гэта неабходна было для перакладаў з рускай мовы на старажытныя, што і складала ўсю сутнасць школьнага класіцызму»[2].
Нягледзячы на першыя расчараванні, якія прынесла з сабой вяртанне ў губернскі Віцебск, даводзілася, тым не менш, думаць пра ўладкаванне свайго жыцця. Прыблізна праз год працы ў гімназіі малады настаўнік узяў шлюб з Юліяй Садокіеўнай Валковіч, дачкой колішняга гарадскога галавы. Юлія была крыху маладзейшая за Аляксея (яна нарадзілася 21 снежня 1855 г. у Віцебску)[3] і паходзіла з заможнай купецкай сям’і. Яе дзед, купец 1–й гільдыі Рыгор Валковіч удала гандляваў з Рыгай тытунём. Чалавек ён быў набожны, і калі ў 1858 г. у горадзе было прынята рашэнне ператварыць зачынены яшчэ на пачатку 1830–х г. трынітарскі касцёл у праваслаўную Пакроўскую царкву, усе неабходныя на гэтую справу выдаткі ён узяў на сябе[4]. Ягоны сын, Садокій Рыгоравіч, выхаваны ў мясцовым базыльянскім вучылішчы, карыстаўся вялікай павагай сярод віцяблянаў, сведчаннем чаго было ягонае неаднаразовае абранне на грамадскую пасаду гарадскога галавы[5]. Прозвішча Валковіч было досыць вядомае ў горадзе, нават адна з віцебскіх вуліц, размешчаная побач з Магілёўскай гандлёвай плошчай, насіла найменне Валковічава завулка.
Садокій Валковіч памёр у сярэдзіне 1860–х г., пакінуўшы ў спадчыну жонцы Варвары Паўлаўне і чатыром дочкам (Ганне, Кацярыне, Агаф’і і Юліі) досыць багатую спадчыну ў выглядзе нерухомай маёмасці, якая знаходзілася ў Віцебску і Полацку. Так, у Віцебску жанчынам належалі 13 лавак з зямлёй на Смаленскай гандлёвай плошчы, 6 мураваных лавак побач з будынкам гарадской думы, а таксама двухпавярховы мураваны дом на рагу Афіцэрскай вуліцы і Біржавай плошчы (сёння вуліцы Суворава і Маякоўскага)[6]. Ганна Валковіч выйшла замуж за надворнага саветніка Пейкера, Кацярына — за патомнага ганаровага грамадзяніна Гільберта, Агаф’я — за губернскага сакратара Іосіфа Канюшэўскага, Юлія — за калежскага асэсара Аляксея Сапунова, які на той час па сацыяльнай лесвіцы ўзняўся ўжо на восьмую прыступку «Табелі аб рангах», што давала яму магчымасць мець асабістае дваранства. З Юліяй Садокіеўнай Валковіч Сапуноў пражыў многія гады, ад самага пачатку атрымаўшы з боку жонкі і яе сям’і істотную падтрымку ў сваіх навуковых пачынаннях.
Першыя гады працы ў Віцебскай гімназіі прымусілі Аляксея Сапунова расчаравацца не толькі ў сваёй настаўніцкай дзейнасці, але і ў якасці той падрыхтоўкі, якую ён атрымаў ва універсітэце. Вялізны пласт гісторыі — гісторыі Беларусі, зямлі, на якой жыў ён і ягоныя продкі, паўстаў у свядомасці маладога настаўніка суцэльнай terra іncognіta. З крыўдай і смуткам Сапуноў пазней пісаў: «Ва універсітэце па агульнай гісторыі цэлыя два гады слухалі мы праф. Баўэра пра Шмалькальдэнскую вайну ў Германіі, пра якую цяпер у мяне, апроч пустога гуку, не засталося ў галаве нічога. Але пра Беларусь <…> не чуў я ні слова за ўсе чатыры гады знаходжання ва універсітэце. Нават знакаміты акадэмік Васіль Рыгоравіч Васілеўскі, які на спецыяльных лекцыях па гісторыі прымушаў нас заглыбляцца ў гісторыю крыжовых паходаў па грэцкіх і лацінскіх крыніцах, і ён пра Беларусь не сказаў нам ні слова. А між тым, ён, які напісаў цудоўную гісторыю г.Вільні, ён, вядома ж, мог паведаміць слухачам нямала каштоўных звестак пра Беларусь. Але гэтага не здарылася. Чаму не здарылася — не ведаю»[7].
Абуджэнне ў Сапунова цікавасці да гісторыі роднага краю не было выпадковым. Гэта была ўжо, хутчэй, адзнака часу, калі многія прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі пачалі вывучаць пытанні тутэйшай даўніны. Міхаіл Кусцінскі ўжо праводзіў на Віцебшчыне свае археалагічныя доследы помнікаў старажытнасці і пачаў збіраць так шырока вядомую пазней калекцыю. Ксенафонт Гаворскі таксама ўжо раскапаў курганы ля Полацка і пачаў друкаваць дакументы па гісторыі Беларусі ў перыядычных выданнях. Сакратар Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта Аляксей Семянтоўскі звярнуўся да вывучэння статыстыкі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі краю. Этнаграфічнымі доследамі зацікавіўся настаўнік Віцебскай гімназіі Павел Шэйн, да якога пазней далучыліся Мікалай Нікіфароўскі і Еўдакім Раманаў. З 1871 г. Аляксандр Сазонаў, архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, пачаў выдаваць дакументы свайго архіва ў зборніках пад агульнай назвай «Гістарычна–юрыдычныя матэрыялы». Як бачым, на цаліку мясцовай гісторыі пакрысе пачалі з’яўляцца аратыя.
Да сур’ёзных самастойных заняткаў Аляксей Сапуноў падступіўся пасля таго, як на выпадковым факце пераканаўся, што універсітэт не даў яму не толькі дастатковых ведаў, але нават і належнай фармальнай падрыхтоўкі. Малады настаўнік быў уведзены ў сорам, калі не змог прачытаць старадаўні дакумент, напісаны скорапісам, які прынёс таварыш па службе ў настаўніцкі пакой гімназіі. Відаць, гэты выпадак стаў своеасаблівым Рубіконам, перайшоўшы які Аляксей ужо не мог задаволіцца існуючым станам рэчаў і ўзроўнем сваёй адукацыі.
«Калі я пачаў заняткі па гісторыі роднага краю, то папросту апынуўся ў безвыходным становішчы: з чаго пачаць? Якія ж крыніцы? Якія дапаможнікі? І нямала часу згублена было дарэмна ў пошуках, так бы мовіць, навобмацак таго, што было патрэбна»,— узгадваў Сапуноў крыху пазней[8]. На шчасце, адказ на пытанне «З чаго пачаць?» малады настаўнік знайшоў правільны — пачынаць трэба было з вывучэння дакументаў–першакрыніц. Тут нельга ўстрымацца ад цытавання вельмі вобразнага параўнання, якое зрабіў у сувязі з гэтым паплечнік Сапунова Мікалай Багародзкі. Ён пісаў, што малады даследчык «пачаў заняткі з чарнавое працы, з збірання й разбору матар’ялаў; лічачы, што не падрыхтаваўшы бярвенняў, нечага рабіць мастаку й вучонаму архітэктару, калі няма матар’ялу, да чаго яны маглі б прылажыць свае веды, дослед і штукарства»[9].
Так быў пакладзены пачатак рупліваму збіранню дакументаў па гісторыі Віцебшчыны, якія выяўляліся пад час бясконцых паездак у вольны ад службы ў гімназіі час у архіўныя ды бібліятэчныя сховішчы Масквы, Пецярбурга, Вільні, разбору архіўных папер розных казённых устаноў Віцебска. Так пачалося фармаванне ўласнай бібліятэкі, а таксама перапіска з архіварыусамі, навукоўцамі ці проста прыхільнымі людзьмі, якіх можна было папрасіць зняць копію з патрэбнага архіўнага дакумента тады, калі ў самога даследчыка не было магчымасці ад’ехаць з Віцебска. Так пакрысе пачалі закладвацца цаглінкі ў падмурак яго будучай славы ў навуковым свеце і адначасова незадаволенасці гэтай дзейнасцю чынавенства ад асветы, якое такі занятак лічыла для настаўніка «посторонним» і расцэньвала не інакш, як «крадзеж казённага часу», называючы самога гісторыка небяспечным для таго часу словам «сепаратыст»[10].
Аднак усе лаўры і церні яшчэ чакаюць даследчыка наперадзе. Пакуль жа Аляксей Сапуноў, аглядаючы стосы ўласных рукапісаў з копіямі архіўных скарбаў, якія па аркушы год за годам збіраюцца на пісьмовым стале, думае, што ж можна зрабіць з усім гэтым.
[1] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.782, арк.77—85.
[2] ВАКМ, КП7285/1.
[3] Тамсама
[4] Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. С.–Петербург, 1865. С.10, 253—255.
[5] Памятная книжка Витебской губернии на 1864 год. С.–Петербург, 1864. С. 275, 304.
[6] НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.4926, арк.494—502; спр.4951, арк.149—150; ф.3209, воп.1, спр.1252, арк.77—80, 88—89.
[7] ВАКМ, КП7295/14, арк.23—24.
[8] ВАКМ, КП7295/14, арк.25—26.
[9] Багародзкі М. Аляксей Парфенавіч Сапуноў і значэньне яго прац па дасьледаваньню Віцебшчыны // Віцебшчына. Т.1. С.76.
[10] ВАКМ, КП7295/11, арк.33—35.